АТРЭ́К, Селяха, Суляха,

рака ў Іране і Туркменіі. Даўж. 669 км, пл. горнай часткі басейна 27,3 тыс. км². Пачынаецца з Туркмена-Харасанскіх гор, цячэ ў межах Ірана па вузкай даліне, у нізоўях — па нізіне. Упадае ў Каспійскае м., утвараючы забалочаную дэльту. Гал. Прыток — Сумбар (справа). Вада даходзіць да Каспійскага м. толькі ў паводку, у астатні час разбіраецца на арашэнне. Сярэдні расход вады 9,2 м³/с (каля г.п. Кізіл-Атрэк у Туркменіі).

т. 2, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛУШ (Міхаіл Андрэевіч) (1924, в. Руда Ліпічанская Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл. — 16.6.1944),

удзельнік партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. З мая 1943 радавы атрада «Кастрычнік» партыз. брыгады Першамайскай Баранавіцкай вобл., падарваў 8 варожых эшалонаў. У час бою пры разгроме фаш. гарнізона ў в. Купіск Навагрудскага р-на закрыў сваім целам станковы кулямёт. На радзіме, у в. Купіск і на месцы гібелі яму пастаўлены помнікі.

М.А.Белуш.

т. 3, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВШЧЫЖ,

старажытнарускі горад (11 — 13 ст.) Чарнігаўскай зямлі (цяпер вёска ў Жукоўскім р-не Бранскай вобл., Расія). Упершыню ўпамінаецца ў летапісе пад 1142. З 1156 цэнтр удзельнага княства. У 1238 разбураны ў час нашэсця хана Батыя. Гарадзішча на мысе берага Дзясны складалася з дзядзінца, вакольнага горада, неўмацаванага пасада. У выніку раскопак выяўлены рэшткі мураванай царквы 12 ст., 2 драўляных абарончых вежаў, княжацкага палаца, жытлаў гараджан, знойдзены творы стараж.-рус. прыкладнога мастацтва.

т. 4, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ДРЫЦКІ ЗАВО́Д СУХО́Й ПЕРАГО́НКІ ДРАЎНІ́НЫ.

Дзейнічаў на Беларусі ў 1900—16 ва ўрочышчы Выдрыца Аршанскага пав. Магілёўскай губ. Адно з буйных хім. прадпрыемстваў Рас. імперыі. Выпускаў драўняны і метылавы спірт, воцат, фармалін, воцатную кіслату, воцатнакіслы натрый, драўняны вугаль, смалу, ацэтон і інш. У 1913 меў 9 паравых рухавікоў, працавала 150 пастаянных і 300 часовых рабочых, выпушчана прадукцыі на 500 тыс. руб. У час 1-й сусв. вайны пастаўляў прадукцыю ваен. ведамству.

т. 4, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСАЧА́НСКАЯ ЛЁНАПРАДЗІ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала на Беларусі ў 1902—41 у в. Высачаны Аршанскага пав. (цяпер вёска ў Лёзненскім р-не Віцебскай вобл.). Вырабляла часаны лён, пражу, пакулле, панчохі, шкарпэткі. Мела лакамабілі (2 у 1908), вадзяныя рухавікі (4 у 1910). У 1913 працавалі 594 рабочыя, было 6 тыс. прадзільных верацён. У сав. час рэканструявана. У Вял. Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана ў г. Мелекес (Ульянаўская вобл. Расіі), карпусы ф-кі ўзарваны.

т. 4, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСО́ЦКІ ((Wysocki) Юзаф) (1809, каля г. Тульчын, Украіна — 31.12.1873),

польскі паліт. дзеяч, генерал. Удзельнік паўстання 1830—31, пасля яго паражэння ў эміграцыі. Адзін з кіраўнікоў Польскага дэмакратычнага таварыства. На чале легіёна палякаў-добраахвотнікаў у 1848—49 змагаўся ў венг. рэв. арміі супраць габсбургскіх войск. У час паўстання 1863—64 часовы кіраўнік Ваен. камісіі ў Кракаве, на чале ўзбр. атрада змагаўся на Валыні. Пасля паражэння паўстання эмігрыраваў у Францыю.

т. 4, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́СТРЫКТ (англ. district ад позналац. districtus),

1) адм.-тэр. адзінка ў складзе дэпартамента, створаная на тэр. былых паветаў Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ. і Беластоцкай вобл. ў час заняцця іх франц. войскамі ў вайну 1812. Тэрытарыяльна Д. супадаў з паветам. У Віленскім дэпартаменце было 11 Д., у Гродзенскім — 8, у Мінскім — 10, у Беластоцкім — 3.

2) У шэрагу краін (напр., у ЗША, Вялікабрытаніі) назва ніжэйшай адм. адзінкі суд. або выбарчай акругі.

т. 6, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ЛАВЭР (Delaware),

рака на У ЗША. Даўж. 660 км, пл. бас. 31,1 тыс. км². Пачынаецца ў Апалачах, цячэ па плато Підмант і Прыатлантычнай нізіне, упадае ў заліў Дэлавэр Атлантычнага ак., утварае эстуарый. Сярэдні гадавы расход вады 350 м³/с. Веснавое разводдзе, паводкі ў астатні час года. Суднаходная да г. Трэнтан, да г. Істан суднаходства па канале. Прылівы падымаюцца па рацэ на 210 км. На Д. — гарады Істан, Трэнтан, Філадэльфія, Уілмінгтан.

т. 6, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМУЛЕ́Н ((Desmoulins) Каміль) (2.3.1760, Гіз, каля г. Сен-Кантэн, Францыя — 5.4.1794),

дзеяч франц. рэвалюцыі канца 18 ст., адвакат і журналіст. Напярэдадні паўстання 14.7.1789 заклікаў народ да ўзбр. барацьбы супраць манархіі. Рэдагаваў шэраг дэмакр. газет. У Канвенце выступаў супраць жырандыстаў, прыхільнік Ж.Ж.Дантона. У канцы 1793 — пач. 1794 выдаваў час. «Le Vieux Cordelier» («Стары кардэльер»), у якім патрабаваў адмены закону аб максімуме, змякчэння рэв. тэрору, крытыкаваў палітыку М.Рабесп’ера. Паводле рашэння рэв. трыбунала гільяцінаваны.

т. 6, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МІЛЬТАН ((Hamilton) Александэр [11.1.1755) (1757?),

в. Невіс, Сент-Кітс і Невіс — 12.7.1804], дзяржаўны дзеяч ЗША. У час Вайны за незалежнасць 1775—83 карыстаўся папулярнасцю як аратар і публіцыст. У 1776—81 у арміі, сакратар Дж.Вашынгтона. Лідэр партыі федэралістаў з 1789. Прыхільнік канстытуцыйнай манархіі на англ. ўзор. У 1789—95 міністр фінансаў. Адстойваў неабходнасць цэнтралізаванай дзяржавы, якая спрыяе развіццю капіталіст. сістэмы гаспадаркі. Ініцыятар заключэння нявыгаднага для ЗША дагавора (1794) з Англіяй.

т. 5, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)