ВАЛАЧО́БНІКІ,

група мужчын (радзей жанчын), якія ў першы дзень Вялікадня з вечара і ўсю ноч абходзілі двары і спявалі пад вокнамі валачобныя песні (асобна гаспадару, гаспадыні, іх дарослай дачцэ, нежанатаму сыну). Валачобны гурт складаўся з запявалы («пачынальніка»), падпявальнікаў, музыкі (звычайна скрыпача) і механошы, які збіраў дары («валачобнае» — фарбаваныя яйкі, велікодныя булкі, сыр, невял. грошы). Валачобны абрад, пашыраны пераважна на Пн Беларусі, цяпер страціў аграрна-магічны сэнс і бытуе як вясёлая святочная забава.

т. 3, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́НТАВЫ МОСТ,

мост, асноўнымі канструкцыйнымі элементамі якога з’яўляюцца ванты — гнуткія расцягнутыя стрыжні (стальныя тросы, канаты, круглы пракат). Вантавы мост звычайна мае пілон (апору), ванты, бэльку жорсткасці і праезную частку. Ванты робяць пераважна з высокатрывалай сталі, бэлькі жорсткасці і пілоны — са сталі і жалезабетону. Пралёт вантавага моста больш за 300 м (у Індыі пабудаваны вантавы мост з пралётам 457 м).

Схема вантавага моста: 1 — анкерная апора; 2 — пілон; 3 — ванты; 4 — бэлька жорсткасці.

т. 3, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НЕРН (Vänern),

возера на Пд Швецыі. Размешчана на выш. 44 м. Пл. 5,5 тыс. км². Даўж. каля 140 км, шыр. да 80 км, глыб. да 100 м. Шмат астравоў. Берагі пераважна нізкія, моцна расчлянёныя. У Венерн упадае больш за 30 рэк (найб. Кларэльвен). Выцякае р. Гёта-Эльв (сцёк у праліў Катэгат). Замярзае са снеж.студз. да канца красавіка, Венерн — частка ўнутр. суднаходнага воднага шляху Стакгольм—Гётэбарг. На Венерне гарады Карлстад, Марыестад, Венерсбарг.

т. 4, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАКРУ́С (Veracruz),

горад на У Мексікі, на ўзбярэжжы Мексіканскага заліва, у штаце Веракрус. Засн. ў 1519 Э.Картэсам. 327,5 тыс. ж. (1990). Гал. марскі (пераважна імпарт) порт краіны. Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр гал. нафтаздабыўнога раёна. Нафтаперапр. і нафтахім. прам-сць, каляровая (выплаўка алюмінію) і чорная металургія, металаапрацоўка, зборка аўтамабіляў. Развіты таксама суднабудаванне, трубапракатная, харчасмакавая (у т. л. тытунёвая), баваўняная, джутавая прам-сць. Рыбалоўства. Курорт і цэнтр замежнага турызму. Арх. помнікі 16—18 ст.

т. 4, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТРАЭНЕРГЕТЫ́ЧНАЯ ЎСТАНО́ЎКА,

комплекс тэхн. прыстасаванняў для пераўтварэння энергіі ветру ў іншыя віды энергіі. Складаецца з ветраагрэгата, прыстасавання, якое акумулюе энергію або рэзервуе магутнасць, часам рэзервовага (пераважна цеплавога) рухавіка, сістэм аўтам. рэгулявання работы ўстаноўкі. Бываюць спец. прызначэння (помпавыя, эл. зарадныя, млынавыя, апрасняльныя і інш.) і комплекснага выкарыстання (напр., ветраэлектрычныя станцыі). Магутнасць ветраэнергетычнай устаноўкі да некалькіх мегават.

Ветраэнергетычная ўстаноўка: 1 — ветраное кола; 2 — помпа; 3 — муфта; 4 — генератар; 5 — рэзервуар; 6 — турбіна; 7 — вентыль.

т. 4, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЙРАЛЬТ ((Viiralt) Эдуард Антонавіч) (20.3.1898, в. Губаніцы Ленінградскай вобл. — 8.1.1964),

эстонскі графік. Вучыўся ў Вышэйшай маст. школе «Палас» у Тарту (1919—24), Дрэздэнскай АМ (1922—23). Жыў і працаваў пераважна ў Парыжы. Пад уплывам экспрэсіянізму ствараў напружана-драм. гратэскавыя гравюры, у якіх адлюстраваны трагічныя гарадскія кантрасты («Кабарэ», 1931, «Прапаведнік», 1932), гармонія чалавека і прыроды («Дзяўчынка-берберка з вярблюдам», 1940, «Ваколіцы Вільяндзі», 1943). Аўтар партрэтаў (мастака К.​Раўда, «Эстонская дзяўчына» і інш.).

Э.Війральт. Эстонская дзяўчына. 1942.

т. 4, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНКІЛАСТАМО́З,

гельмінтозная хвароба чалавека і жывёл, пры якой пашкоджваецца тонкі кішэчнік. Узбуджальнік — нематоды з роду анкіластом (Ancylostoma). Сустракаецца пераважна ў раёнах з цёплым і вільготным кліматам, на Беларусі адзначаецца ўсюды. Прыкметы: ірвота, паносы з прымешкамі крыві ў фекаліях, схудненне. Яйцы паразіта з калам інвазіраваных чалавека і жывёл трапляюць у вонкавае асяроддзе, з іх развіваюцца рухомыя лічынкі, якія праз рот ці скуру пранікаюць у арганізм гаспадара і ператвараюцца ў кішэчніку ў палаваспелых анкіластом. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 1, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НЧЫКАЎ (Рыгор Аляксандравіч) (н. 27.1.1914, с. Верхнія Цімярсяны Цыльнінскага р-на Ульянаўскай вобл.),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1955). З 1939 у Сав. Арміі, з 1956 інструктар ЦК КПБ. У 1966—72 маст. кіраўнік Бел. філармоніі. Працуе пераважна ў галіне камернай і хар. музыкі. Аўтар санаты для скрыпкі і фп., прэлюдый і варыяцый для фп., хароў на словы бел. паэтаў (А.​Русака, М.​Алтухова), рамансаў, апрацовак чуваш. нар. песень.

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПІСТАРХО́З,

гельмінтозная прыроднаачаговая хвароба жывёл і чалавека; выклікаецца трэматодай апістархам кашэчым з сям. апістархідаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі. Ачагі апістархозу на Беларусі пераважна ў бас. рэк Дняпро, Прыпяць, Нёман, Зах. Буг, Браслаўскіх азёраў. Характарызуецца пашкоджаннем печані, жоўцевага пузыра, падстраўнікавай залозы, алергічнымі рэакцыямі. Заражэнне адбываецца пры спажыванні сырой, недастаткова праваранай і прасоленай рыбы. Развіццё ўзбуджальніка адбываецца з удзелам прамежкавага (малюск бітынія) і дадатковага (рыба) гаспадароў. Лячэнне тэрапеўтычнае.

Да арт. Апістархоз. Цыкл развіцця апістарха кашэчага.

т. 1, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́БСКА-АМЕРЫКА́НСКАЯ НА́ФТАВАЯ КАМПА́НІЯ (англ. Arabian-American Oil Company; АРАМКА),

заснавана ў 1933 у штаце Дэлавэр буйнейшымі нафтавымі манаполіямі ЗША для эксплуатацыі нафтавых радовішчаў Саудаўскай Аравіі (на ўмовах канцэсіі). У 1973 урад Саудаўскай Аравіі набыў 25%-ную долю ў здабычы нафты, у 1980 стаў адзіным уладальнікам АРАМКА. Здабывае каля 245 млн. т нафты за год (1983), а таксама прыродны газ. Нафта ў асноўным экспартуецца, пераважна ў краіны Зах. Еўропы, у ЗША, Японію.

т. 1, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)