гетэрацыклічнае арганічнае рэчыва, C4H4N2O3, мал. м. 128,10. Бясколерныя крышталі, tпл 248 °C (з раскладаннем). Кіслотныя ўласцівасці абумоўлены таўтамерыяй. Сінтэзуюць з мачавіны і малонавай кіслаты.
Вытворныя барбітуравай кіслаты, што маюць алкільныя, цыклаалкільныя, арыльныя замяшчальнікі, наз.барбітуратамі. Яны прыгнечваюць ц. н. с., выкарыстоўваюцца як снатворныя, процісутаргавыя і наркатычныя сродкі. Пры працяглым ужыванні барбітуратаў арганізм прывыкае да іх; вял. дозы — смяротныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКАЯ ФА́БРЫКА ПІЯНІ́НА.
Створана ў 1935 у г. Барысаў на базе лесазавода. У Вял.Айч. вайну разбурана, адноўлена ў 1944. У 1944—65 рэканструявана і расшырана (пабудаваны гал. вытворчы корпус, цэхі металадэталяў, лесапільны, сушыльны і інш.). З 1976 галаўное прадпрыемства ВА «Белмузпрам». Асн. прадукцыя (1995): піяніна, цымбалы, акустычныя гітары, электрагітары, дзіцячыя цацкі, шахматы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ МЭ́БЛЕВАЯ ФА́БРЫКА,
«Бабруйскмэбля». Створана ў г. Бабруйск у 1922 як сталярная майстэрня. У 1926 рэарганізавана ў мэблевую ф-ку імя С.М.Халтурына. У Вял.Айч. вайну разбурана, адноўлена ў 1944. У 1973 пабудаваны новы мэблевы цэх. У 1971—90 у ВА «Бабруйскдрэў». З 1992 нар. аб’яднанне «Бабруйскмэбля». Асн. прадукцыя (1995): мяккая мэбля, гасціныя і спальныя гарнітуры, мэбля для прыхожых і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУЛІ́НІН (Аркадзь Андрэевіч) (16.5.1909, с.Вял. Лазаўка Токараўскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія — 1986),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-рбіял.н. (1959), праф. (1960). Скончыў Варонежскі зоавет. ін-т (1932) і Ленінградскі вет.ін-т (1935). З 1947 у Віцебскім вет., з 1969 у Гродзенскім с.-г. ін-тах. Асн. працы па мікра- і макраскапічнай будове вегетатыўнай нерв. сістэмы свойскай жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЁХІН (Васіль Васілевіч) (16.1.1882, г. Курск — 3.4.1946),
савецкі геабатанік. Праф. (1918). Скончыў Маскоўскі ун-т (1907). Заснавальнік маскоўскай геабат. школы. З 1923 у Маскоўскім ун-це. Зрабіў вял. ўклад у вучэнне пра раслінныя згуртаванні — фітацэналогію. Прапанаваў класіфікацыю стэпаў, склаў аглядныя карты расліннасці розных раёнаў СССР.
Тв.:
География растений. 3 изд. М., 1950;
Растительность СССР в основных зонах. 2 изд. М., 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАЗО́ЎСКІ (Канстанцін Антонавіч) (1.10.1919, в. Абухава Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. — 26.10.1944),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1938), авіяц. вучылішча (1943). У Вял.Айч. вайну лётчык, удзельнік вызвалення Паўн. Каўказа, Крыма, Прыбалтыкі. Зрабіў 106 баявых вылетаў, знішчыў 16 самалётаў, 11 танкаў, 139 аўтамабіляў, 26 зенітных установак, 2 склады з боепрыпасамі. Загінуў у Прыбалтыцы. У г.п. Бешанковічы яму пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБВА́Л,
раптоўны адрыў і падзенне вял. масаў горных парод са стромкіх схілаў гор, рачных далін, абразійных марскіх берагоў. Здараюцца ад страты счаплення ці часовай апоры горных парод у выніку іх выветрывання, падмывання ці размыву, сейсмічных штуршкоў. Абрынутыя масы акумулююць як завал. У выніку буйнейшага Усойскага абвалу на р. Мургаб (аб’ём пароды 2,2 млрд.м³) утварылася Сарэзскае возера на Паміры (1911).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫ́БАЎ,
вёска ў Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., на р. Дняпро. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 21 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Рэчыца, 70 км ад Гомеля. 206 ж., 92 двары (1996). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Курган Славы на ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Каля вёскі комплекс археал. помнікаў Глыбаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ВАРД-ПЛАН (Howard Plan),
сістэма арганізацыі навуч.-выхаваўчай работы, заснаваная на прынцыпе індывідуальнага навучання. Упершыню выкарыстана ў 1920 у Говардскай жаночай сярэдняй школе ў Лондане (адсюль і назва). Паводле Говард-Плана расклад заняткаў і выбар навуч. курсаў прыстасаваны да «індывідуальных запытаў» вучняў пры захаванні абавязковага мінімуму навуч. прадметаў. З-за празмернай індывідуалізацыі навучання, арганізацыйнай складанасці і высокай платы вял. пашырэння не атрымала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ТЛАНД (Gotland),
самы вял. востраў у Балтыйскім м., тэр. Швецыі. Утварае самастойную адм. адзінку (лен). Пл. 2960 км². Нас. 57,6 тыс.чал. (1993). Паверхня — плато (выш. да 83 м), складзенае з вапнякоў і пясчанікаў; пашыраны карставыя формы рэльефу. Клімат умераны, марскі. Хвойныя і шыракалістыя лясы. Тарфянікі. Рэзерват Хал-Хангвар. Пасевы збожжавых, бульбы. Жывёлагадоўля. Распрацоўкі вапняку. Адм. цэнтр і гал. порт — г. Вісбю.