у цэнтральнай частцы Паўд. Азіі, на тэр.паўд.-ўсх. Індыі, Бангладэш, Непала, Бутана, часткова зах. Кітая і паўн. і ўсх. М’янмы. Пл. 1,86 млн.км². Размешчаны ў паўн.ч. Індастанскай платформы, уключае Перадгімалайскі і Перадараканскі краявыя прагіны; гал. ваданосныя гарызонты — чацвярцічныя пралювіяльныя адклады акумулятыўнай раўніны р. Ганг. Напорныя воды на глыб. да 15 м. Дэбіты свідравін ад 5—6 да 30 л/с. Мінералізацыя вады ніжэй за 1 г/л. Жыўленне басейна за кошт інфільтрацыі атм. ападкаў, рачных і расталых вод ледавікоў, кандэнсацыі вільгаці з паветра. Эксплуатацыйныя рэсурсы падземных вод для б.ч. басейна каля 7400 км³/год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАСАМАЛЁТ, гідраплан,
самалёт, прыстасаваны для ўзлёту з вады і пасадкі на яе. Адрозніваюць гідрасамалёты лодачныя (з корпусам у выглядзе лодкі), паплаўковыя (з адным або двума паплаўкамі) і самалёты-амфібіі (лодачныя або паплаўковыя з колавым шасі для ўзлёту з сушы і пасадкі на яе). Першы гідрасамалёт пабудаваны ў Францыі ў 1910 А.Фабрам, у Расіі ў 1911 Я.М.Гакелем. Найб. пашырэнне атрымалі гідрасамалёты канструкцыі Г.М.Берыева (на іх устаноўлены сусв. рэкорды, напр., скорасці палёту ў 912 км/гадз на вышыні каля 15 км).
Гідрасамалёты выкарыстоўваюцца для грузапасажырскіх перавозак, разведкі рыбы, выратавальных работ, у ваен. справе (вядзенне разведкі, пошук і знішчэнне падводных лодак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЦЫКЛО́Н (ад гідра... + грэч. kyklōn які аварочваецца),
апарат для раздзялення ў водным асяроддзі часцінак з рознай масай. Адрозніваюць гідрацыклоны: класіфікатары, сепаратары, згушчальнікі.
Пры вярчэнні гідрацыклона часцінкі гідрасумесі з вял. масай пад уздзеяннем цэнтрабежнай сілы трапляюць у перыферыйную частку апарата і па спіральнай траекторыі рухаюцца да разгрузачнай адтуліны. Часцінкі з меншай масай канцэнтруюцца ва ўнутр. патоку і выносяцца праз зліўную адтуліну. Гідрацыклон выкарыстоўваюць для абагачэння карысных выкапняў у вугальнай і горнай прам-сці, для асвятлення вадкасці, аддзялення часткі вады і інш.
Гідрацыклон: а — агульны выгляд; б — схема патокаў; 1 — конус; 2 — цыліндрычная частка; 3 — сілкавальны патрубак; 4, 5 — зліўная і разгрузачная адтуліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПСАТЭРМО́МЕТР (ад грэч. hypsos вышыня + тэрмометр),
гіпсаметр, тэрмабарометр, прылада для вымярэння атмасфернага ціску па т-ры кіпення вадкасці. Закіпанне вадкасці пачынаецца, калі пругкасць пары, якая ўтвараецца ў ёй, дасягае велічыні знешняга ціску. Кожнаму паказчыку атм. ціску адпавядае канкрэтная т-ра кіпення вадкасці. Гэта дазваляе па спец. табліцах па т-ры закіпання вады вызначаць атм. ціск. Гіпсатэрмометр складаецца са спец. тэрмометра, які дазваляе адлічваць т-ру з дакладнасцю да 0,01 °C, і метал. кіпяцільніка з дыстыляванай вадой. Існуюць таксама гіпсатэрмометры, у якіх дзяленні на шкале тэрмометра нанесены ў адзінках ціску (мм ртутнага слупка або мілібары). Выкарыстоўваецца ў экспедыцыйных умовах у гарах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НІСТЫЯ ГЛЕ́БЫ,
цяжкапранікальныя для вады і паветра глебы, што развіваюцца на пародах, якія маюць больш за 50% часцінак фіз. гліны (дыям. менш за 0,01 мм). Здольныя моцна набракаць пры ўвільгатненні і растрэсквацца пры высыханні. Багатыя гумусам і азотам, маюць вапну, фосфар, калій і інш. мікраэлементы. Ворныя гарызонты з трывалай дробнакамкаватай структурай, схільныя да забалочвання. На Беларусі гліністыя глебы пашыраны на азёрна-ледавіковых, радзей марэнных глінах і цяжкіх суглінках найбольш у Віцебскай (займаюць каля 76 тыс.га) і Гродзенскай (20 тыс.га) абласцях. Больш за 70% гліністых глебаў паўгідраморфныя (дзярнова-падзолістыя і дзярнова забалочаныя). Эфектыўная ўрадлівасць звязана са ступенню ўвільгатнення (бал ад 76 да 38).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́СЕР (франц. glisseur ад glisser слізгаць),
лёгкае быстраходнае судна. Мае днішча адмысловай формы (з папярочнымі ўступамі — рэданамі — для змяншэння плошчы сутыкнення з вадой). У час руху пры абцяканні такога днішча ўзнікае гідрадынамічная сіла, якая падымае насавую частку і выклікае агульнае ўсплыванне судна (яно быццам бы слізгае па паверхні вады — глісіруе).
Глісер прыводзіцца ў рух грабнымі (часам паветранымі) вінтамі ад рухавікоў унутр. згарання (скорасць больш за 200 км/гадз). Бываюць з рэактыўнымі рухавікамі (скорасць больш за 300 км/гадз). Пашыраны ў спорце (гоначныя глісеры, напр.скутэр), ваенна-марскім (тарпедныя і ракетныя катэры) і пасажырскім флоце (паштова-пасажырскія катэры, аварыйна-выратавальныя судны і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБЕ́НЬЧЫКІ (Pectinidae),
сямейства двухстворкавых малюскаў. Некалькі дзесяткаў відаў. Пашыраны амаль ва ўсіх морах і акіянах на пясчаных і глеістых грунтах на розных глыбінях. Найб. вядомыя грабеньчык вялікі (Pecten maximus), грабеньчык ісландскі (Chlamys islandicus), грабеньчык чарнаморскі (Flexopecten ponticus) і інш.
Ракавіна дыям. да 20 см круглаватая, рабрыстая, ярка афарбаваная. У дарослых «нага» рэдукаваная. Добра плаваюць у тоўшчы вады, з сілай выштурхоўваючы ваду з ракавіны. За сезон самка ва ўзросце 5—6 гадоў дае да 30 млн. яец, якія апладняюцца ў вадзе. Дэтрытафагі. Корм марскіх зорак, васьміногаў і інш. Ядомыя. Аб’екты промыслу і аквакультуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРЫ́НПІС»
(англ. Greenpeace «Зялёны мір»),
незалежная міжнар. грамадская экалагічная арг-цыя. Засн. ў вер. 1971 у г. Ванкувер (Канада) актывістамі на чале з Д.Мактагартам. Да 1979 стала міжнар. арг-цыяй. Мае аддзяленні ў 32 краінах, каля 2 млн. правадзейных членаў (1995), а таксама транспарт, у т. л. марскі. Штаб-кватэра ў г. Амстэрдам (Нідэрланды). Выступае за спыненне ядз. выпрабаванняў у свеце, забруджвання атмасферы, глебы, вады, затаплення хім. і радыеактыўных адходаў у морах, у абарону жывёльнага свету (асабліва кітоў і цюленяў), лясоў, Антарктыкі і інш. Дамагаецца ад урадаў і прамысл. кампаній прыняцця рашэнняў па канкрэтных экалагічных праблемах. Старшыні: Мактагарт (з 1978), У.Беліян (Германія, з 1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯСНА́,
рака, левы прыток р. Дняпро, у Расіі і на Украіне. Даўж. 1130 км. Пл.бас. 88,9 тыс.км². Бярэ пачатак на Смаленска-Маскоўскім узв., упадае ў Дняпро вышэй Кіева. У верхнім цячэнні берагі пераважна нізінныя і забалочаныя, ніжэй г. Бранск правы бераг павышаецца. Пасля ўпадзення р. Сейм даліна расшыраецца, рака ўтварае шмат рукавоў і старыц. Рэчышча пясчанае, звілістае, няўстойлівае, шмат мелей. Гал. прытокі: Судасць, Сноў (справа), Болва, Наўля, Няруса, Сейм і Асцёр (злева). Ледастаў са снеж. да красавіка. Вясной у паводку шырока разліваецца. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 360 м³/с. Рэгулярнае суднаходства ад г. Ноўгарад-Северскі. Гал. прыстані: Ноўгарад-Северскі, Макошына, Чарнігаў, Асцёр, Жукін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЧО́РНАЕ ВО́ЗЕРА,
у Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Шэвінка, за 8 км на ПнУ ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,29 км², даўж. 1,8 км, найб.шыр. 240 м, найб.глыб. 7,9 м, даўж. берагавой лініі больш за 4 км. Пл. вадазбору 4,3 км². Схілы катлавіны выш. 5—8 м, пераважна разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі, каля ўрэзу вады параслі хмызняком, на У і З сплавінныя. У паўд.ч. востраў пл. 0,1 га. Дно да глыб. 2 м (вакол вострава да 4—5 м) пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Зарастае слаба. Упадаюць 2 ручаі, на У выцякае ручай у воз. Філіпенскае.