ЛУКО́МСКАЕ ВО́ЗЕРА, Лукамль. У Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Ула, за 18 км на Пд ад г. Чашнікі, каля зах. ускраіны г. Новалукомль.
Пл. 36,7 км², даўж. 10,4 км, найб.шыр. 6,5 км, найб.глыб. 11,5 м, даўж. берагавой лініі 36,4 км. Пл. вадазбору 179 км². Схілы катлавіны выш. 4—5 м (на Пн і ПнЗ да 15 м), разараныя, на Пд і З параслі лесам, месцамі хмызняком. У паўн.ч. возера 2 вял. залівы. Берагі нізкія, месцамі пад хмызняком, на З і ПдЗ абразійныя, выш. 1—2 м. На Пн 5 астравоў агульнай пл. 0,7 км². Дно са шматлікімі мелямі, да глыб. 5—6 м выслана пясчанымі адкладамі, ніжэй — сапрапелем.
З 1969 возера выкарыстоўваецца як ахаладжальнік Лукомскай ДРЭС. Вада вяртаецца падагрэтай на 8—12 °C, што значна ўплывае на прыродныя працэсы; бязлёдавы перыяд павялічыўся на 2 месяцы. Ледастаў з 2-й пал.снеж. да сярэдзіны сак.. да 30% паўн.-ўсх.ч. возера не замярзае. Скідванне вады і ветравое яе перамешванне ў возеры павялічваюць аэрацыю. Багаты раслінны і жывёльны свет. На зах. беразе дзіцячы аздараўленчы лагер і прафілакторый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ННА,
вёска ў Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл., каля р. Нёман, на скрыжаванні аўтадарог на Гродна, Ваўкавыск, Скідзель. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 26 км на З ад г. Масты, 34 км ад Гродна, 8 км ад чыг. ст. Чарлёна. 1137 ж., 562 двары (1999).
Вядома з 16 ст. як вёска. З 1795 у Рас. імперыі, у Гродзенскім пав. Слонімскай, з 1797 — Літоўскай, з 1801 — Гродзенскай губ. У 1886 мястэчка, цэнтр Лунненскай вол., 1392 ж., касцёл, сінагога, 3 яўр. малітоўныя дамы, 20 крам, 3 шынкі, 2 харчэўні, праводзіліся кірмашы; у пач. 20 ст.царк.-прыходская школа, фельчарскі пункт, касцёл, паштовае аддзяленне. З 1921 у Польшчы, мястэчка, цэнтр гміны Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. У 1924—1884 ж., 307 двароў. З 1939 у БССР, з 12.1.1940 рабочы пасёлак Скідзельскага р-на. З 1955 вёска, цэнтр сельсавета Скідзельскага, з 1962 — Гродзенскага, з 1965 — Мастоўскага р-наў. У 1972—1475 ж, 473 двары.
Лясніцтва, хлебапякарня. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання. Царква. Помнікі сав. воінам 64-й стралк. дывізіі, землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — касцёл св. Ганны (1782).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧЫ́Н,
вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на правым беразе р. Дняпро, каля аўтадарогі Рагачоў—Жлобін. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на Пд ад г. Рагачоў, 113 км ад Гомеля, 5 км ад чыг. ст. Луцкае. 919 ж., 435 двароў (1999).
На думку некат. даследчыкаў, тут размяшчаўся стараж. горад Лучын. Згадваецца як горад у «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (канец 14 — пач. 15 ст.), у 1480 у Грамаце караля Казіміра мінскаму купцу Церашковічу. У 14—18 ст. у Рагачоўскай воласці (старостве) ВКЛ, з 16 ст. вядомы як сяло. З 1793 у Рас. імперыі, у Рагачоўскім пав. Беларускай, з 1802 Магілёўскай, з 1919 Гомельскай губ. У 1886—672 ж., 114 двароў, царква, 2 ветракі. З 1924 цэнтр сельсавета ў Рагачоўскім р-не Бабруйскай акр. (да 1930), з 1938 у Гомельскай вобл. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі двойчы (у 1941 і 1944) часткова спальвалі Л. У 1972—1352 ж., 387 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Каля вёскі група археал. помнікаў Лучын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯВО́НПАЛБСКАЯ СЯДЗІ́БА помнік сядзібна-паркавай архітэктуры барока ў в. Лявонпаль Міёрскага р-на Віцебскай вобл. Створана ў 1750 на левым беразе Зах. Дзвіны на заказ брэсцкага ваяводы М.Лапацінскага. Арх. А.Гену
(магчыма, Т.Жаброўскі). У час паўстання 1831 пашкоджана. У 1919 сядзібны дом адрамантаваны і прыстасаваны пад касцёл (унутр. планіроўка зменена). Ансамбль мае сіметрычна-восевую кампазіцыю. На восі сядзібы пастаўлена брама з элементамі дарычнага ордэра. Сядзібны дом — мураваны 1-павярховы будынак з сіметрычнай аб’ёмна-прасторавай структурай і 2-павярховай цэнтр. часткай, накрытай 2-схільным дахам з фігурнымі франтонамі на тарцах. Бакавыя выцягнутыя крылы з 2-схільнымі дахамі выступаюць на гал. і дваровым фасадах глыбокімі рызалітамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі. У дэкар. аздобе выкарыстана ордэрная пластыка: канеліраваныя пілястры, прафіляваныя карнізы і абрамленні прамавугольных аконных праёмаў (мелі дэкор у стылі ракако),
рустоўка і інш.За домам і паўадкрытым дваром, які ўтваралі 2 мураваныя 2-павярховыя флігелі (захаваўся заходні), размешчаны прамавугольны фрагмент рэгулярнага тэраснага парку, абмежаванага каналамі; меліся лабірынты і звярынец, дэкар, скульптура. У 1791 у парку пастаўлена мемар. калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая. У 19 ст. паркавыя насаджэнні набылі пейзажную арг-цыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАБЛІ́ ((Mably) Габрыэль Бано дэ) (14.3.1709, г. Грэнобль, Францыя — 23.4.1785),
французскі паліт. мысліцель і гісторык. Брат Э.Кандыльяка. Вучыўся ў езуіцкім каледжы і семінарыі, пазней адмовіўся ад духоўнай кар’еры. З 1742 на дыпламат. службе, з 1746 прысвяціў сябе навук. заняткам. Асн. ідэі М. выкладзены ў працах «Сумненні, якія прапануюцца філосафам-эканамістам адносна прыроднага і неабходнага парадку палітычных грамадстваў» (1768) і «Аб заканадаўстве, або Прынцыпы законаў» (1776). У сац.-філас. разважаннях М. зыходзіў з уласнага паняцця аб чалавечай прыродзе, лічыў, што менавіта добрыя пачаткі (спачуванне, удзячнасць) аб’ядноўваюць людзей у грамадства, а розум дыктуе пэўныя законы дзеля агульнага дабрабыту і стрымання чалавечага эгаізму. Адзінай крыніцай і носьбітам усялякай улады лічыў народ; яму належыць права змены тыранічнай улады з дапамогай любых сродкаў, у т. л. рэвалюцыі. Як прыхільнік эгалітарызму патрабаваў адпаведных законаў з мэтай устанаўлення сістэмы кіравання, якая б абараняла грамадства ад разбурэнняў. Прапаноўваў прыняць законы супраць раскошы, дзярж. падтрымкі гандлю і купецтва; выказваўся за абмежаванне багаццяў прыватных асоб, у т. л. землеўладальнікаў, адмаўляў гіст. рэгрэс і магчымасць вяртання ў «залаты век» — да першабытнага камунізму.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. произв.М.; Л., 1950;
Об изучении истории. О том, как писать историю. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1606—10,
выступленні рамеснікаў і гар. беднаты Магілёва супраць магістрата. Прычынай выступлення 1606 сталі злоўжыванні ўладай і хабарніцтва магістрата, непасільныя падаткі і грашовыя паборы. Яго ўзначаліла група рамеснікаў пад кіраўніцтвам старасты цэха саладоўнікаў Стахора Мітковіча. 20 і 22.6.1606 некалькі соцень гараджан запатрабавалі спыніць злоўжыванні асобных членаў гар. рады, а 25.6.1606 выступілі супраць усяго магістрата і войта. 15 ліп. яны скінулі раду і абралі новы склад магістрата. Паводле скаргі скінутай рады ў войтаўскі суд войт Я.Валовіч 11.9.1606 адхіліў новы склад рады і прызначыў новыя выбары. Аднак рашэнне войта не было выканана. Жыгімонт III у лісце да гараджан вызначыў, што канфлікт павінен быць вырашаны ў каралеўскім судзе. 22.8.1608 у канцылярыі ВКЛ пры ўдзеле канцлера Л.Сапегі паміж упаўнаважанымі абодвух складаў магістрата была падпісана дамова, згодна з якой новая рада, за выключэннем бурмістра Ходкі Багдановіча, прыгаворанага каралеўскім дэкрэтам да смяротнага пакарання, павінна была «дабыць свой тэрмін» і перадаць уладу ранейшаму складу рады, што і было зроблена. Аднак барацьба ў горадзе працягвалася. У 1610 да судовай адказнасці былі прыцягнуты арганізатары новага выступлення, якія ўзначалілі напад на ратушу: 5 чал. былі пакараны смерцю, астатнія — турэмным зняволеннем, выгнаннем з горада і канфіскацыяй маёмасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКАВЕ́І, Хасманеі,
дынастыя першасвятароў іерусалімскага храма і цароў Іудзеі ў 2—1 ст. да н.э. Заснавальнік — свяшчэннаслужыцель з в. Модзін Матафія Хасманей (п. у 166 да н.э.). У 167 да н.э. ён узначаліў паўстанне супраць правіцеля дзяржавы Селеўкідаў — Антыёха IV, які намагаўся забараніць іудаізм. Матафія разбіў войскі Антыёха і вызваліў Іерусалім. Яго сыны: Іуда Макавей (адсюль назва дынастыі); Іанатан (з 153/152 першасвятар іерусалімскага храма, у 143 да н.э. паланёны і забіты сірыйцамі); Сімон (143—134 да н.э.), які дамогся поўнай незалежнасці Іудзеі. Сын апошняга Іаан Гіркан I (134—104 да н.э.) заваяваў Самарыю і прымусіў ідуміцян прыняць іудаізм, яго сын Арыстобул I быў абвешчаны царом Іудзеі [104—103 да н.э.]. Пры яго браце Александру Янаю [103—79 да н.э.] Іудзейскае царства дасягнула найб. росквіту і ўключала тэр. Палесціны і раёны зар. Іардан. У 63 рымскі палкаводзец Пампей умяшаўся ў дынастыйныя спрэчкі М., заняў Іерусалім і прымусіў іх прызнаць уладу Рыма. Б.ч. М. была ў 37 знішчана Ірадам I. М. прысвечаны «Кнігі Макавейскія» са Старога запавету, яны лічацца нац. героямі яўр. народа.
Літ.:
Иосиф Флавий. Иудейская война: Пер. с нем. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕДО́НСКАЯ МО́ВА,
адна са славянскіх моў (паўд.-слав. група); афіц. мова Македоніі. Асн. дыялектныя групы: зах., усх., паўночная. У фанетыцы — 5 галосных і 26 зычных фанем, складовае «р», зычныя ј, ќ, ѓ, љ, њ мяккія, астатнія зычныя цвёрдыя; націск сілавы, фанетычна рухомы, не далей за 3-і склад ад канца слова. Грамат. ладу ўласцівы т.зв. балканізмы — шэраг структурных рыс, якія аб’ядноўваюць яе з інш. мовамі балканскага моўнага саюза (балг., алб., рум., навагрэч. і арамунскай): адсутнасць інфінітыва і іменных склонавых форм, аналітычны спосаб утварэння форм будучага часу і ступеняў параўнання. У М.м. ўжываецца трайны постпазіцыйны артыкль («човекот — човеков — човекон»), падваенне займеннікаў («го видов него» — «я бачыў яго»), рэпрыза імя («го видов човеков» — «я бачыў гэтага чалавека»). Зараджэнне слав. пісьменнасці ў Македоніі звязана з асветніцкай дзейнасцю Кірылы і Мяфодзія, якія палажылі македонскі дыялект г. Салуні ў аснову стараслав. кніжнай мовы. У 10 ст. г. Охрыд стаў адным з цэнтраў пісьменнасці на стараслав. мове (т.зв. Охрыдская школа). З 16 ст. ў яе пранікаюць элементы нар. мовы. Літ. М.м. сфарміравалася ў сярэдзіне 1940-х г. на базе цэнтр. гаворак зах. дыялекту, блізкая да размоўнай. Графіка на аснове кірыліцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАКА́НЕ,
адна з плыней у духоўным хрысціянстве, якая сфарміравалася ў канцы 18 ст. ў Расіі. Падзяляюцца на шэраг асобных кірункаў. Заснавальнікам лічыцца селянін з Тамбоўшчыны Сямён Уклеін. М. адмаўляюць царк. іерархію, абразы, абрадавую сістэму, лічаць, што Бог-Бацька вышэй за Бога-Сына і Бога Духа-Святога. Ідэя ўратавання тлумачыцца ў агульнапратэстанцкім сэнсе, не з дапамогай царквы, а асабістай верай. Біблію М. ўспрымаюць адвольна, як «духоўнае млека». Крыніцай веравызнання з’яўляецца кніга «Догматы малакан», змест якой складаюць хіліястычнае вучэнне і прароцтвы аб другім прышэсці Хрыста. Часткай культу з’яўляюцца пасты; «духоўныя» пасты патрабуюць устрымання ад зла (курэння, п’янства, весялосці і інш.), а «цялесныя» — ад ежы і вадкасці. М.-суботнікі не ўжываюць мяса, хрышчэнне ў М. «духоўнае». Сац. асновай М. заўсёды былі сяляне (раней аднадворцы і адыходнікі), а кіраўнікамі выбіраліся заможныя вяскоўцы, гандляры, прамыслоўцы і рамеснікі. У цяперашні час засталіся невял. групы М. у Закаўказзі, на Украіне, Стаўрапольскім краі, Тамбоўскай вобл., куды яны былі высланы або перасяляліся ў час праследаванняў з боку ўрада Расіі ў 19 ст.
Літ.:
Клибанов А.И. История религиозного сектантства в России. М., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛА́НКА»,
заходнебеларускі сатырыка-гумарыстычны ілюстраваны часопіс. Выдаваўся ў Вільні на бел. мове з 15.1.1926 Беларускай сялянска-работніцкай грамадой (БСРГ), у 1927—28 яе паслядоўнікамі. Выходзіў раз у 2 тыдні. Рэдактарамі-выдаўцамі ў розны час былі Я.Касяк, М.Луцэвіч, І.Маразовіч (Я.Маланка). Выступаў у абарону інтарэсаў народа Зах. Беларусі, садзейнічаў фарміраванню яго нац. і паліт. свядомасці, асуджаў палітыку сац. і нац. прыгнёту польскімі ўладамі. Публікаваў маст. творы (вершы, байкі, апавяданні, фельетоны, эпіграмы, гумарэскі, жарты), публіцыстычныя артыкулы, допісы. Змясціў творы Міхася Касцевіча (Васілька), Маразовіча, М.Засіма, У.Паўлюкоўскага (У.Ініцкага), Г.Леўчыка, Макара Касцевіча (Звончыка), Я.Пачопкі (Башкіра), І.Дварчаніна, М.Краўцова, Я.Драздовіча (Народніка), сатыр. вершы Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа і інш. Карыкатуры і гумарыстычныя малюнкі Я.Горыда, Драздовіча, Маразовіча, В.Сідаровіча, М.Васілеўскага вызначаліся высокім прафесіяналізмам, вастрынёй і надзённасцю, паліт. падтэкстам. Асобныя нумары «М.» канфіскаваны, замест іх выйшлі аднадзёнкі «Пякучая маланка», «Новая маланка» (абедзве 1928). Выданне спынена з-за рэпрэсій польскіх улад. Усяго выйшла 43 нумары.
Вокладка часопіса «Маланка» 1927.
Літ.:
Говін С.В. Друк Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.). Мн., 1974;