БОЕГАЛО́ЎКА ракеты,
галаўная частка ракеты, прызначаная для непасрэднага паражэння цэляў. Складаецца з корпуса, баявога зараду, падрыўнога прыстасавання і засцерагальна-выканаўчага механізма. Баявы зарад у залежнасці ад прызначэння можа быць ядзерным або звычайным. У стратэгічных ракет бывае адна або некалькі боегаловак, якія аддзяляюцца ў пэўных пунктах траекторыі яе палёту.
т. 3, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬЦО́ВЫ СТАНО́К,
станок для здрабнення зерня (пшаніцы, жыта і інш. збожжавых культур), прамежкавых прадуктаў, а таксама солі, мінер. угнаенняў, какава-прадуктаў і інш. матэрыялаў. Мае пару або дзве пары вальцаў, якія верцяцца насустрач адзін аднаму. Вальцовыя станкі з наразнымі вальцамі выкарыстоўваюцца для грубага здрабнення, з гладкімі — для тонкага памолу.
т. 3, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРСАВА́НАЯ ТКАНІ́НА,
тканіна з ворсам (начосам). Ворс утвараюць канцы валокнаў, якія выцягваюцца на паверхню тканіны пры варсаванні. Варсаванне павышае цеплаахоўныя ўласцівасці і зносаўстойлівасць тканін. Найб. пашыраныя баваўняныя (мультан, фланель, байка, замша) і шарсцяныя (байка, бобрык). Да варсаваных тканін адносяцца многія віды коўдраў і некаторыя віды сукнаў і драпаў (велюр).
т. 4, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́КТАР-ФУ́НКЦЫЯ, вектарная функцыя,
функцыя, значэнні якой з’яўляюцца вектарамі. У трохмернай прасторы раўназначная заданню 3 скалярных функцый, якія адпавядаюць каардынатам вектара. Вектарамі-функцыямі з’яўляюцца, напр., радыус-вектар рухомага матэрыяльнага пункта, напружанасць эл. поля, магнітная індукцыя. Калі ўсе вектары маюць агульны пачатак, то канцы вектараў утвараюць гадограф вектар-функцыі.
т. 4, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАПЛАЦЭФАЛІДО́ЗЫ КО́НЕЙ,
гельмінтозныя хваробы, якія выклікаюцца ўзбуджальнікамі — стужачнымі чарвямі (цэстоды сям. Anoplocephalidae). Прамежкавыя гаспадары — панцырныя кляшчы. Жывёлы заражаюцца ў асноўным летам і восенню на пашы пры заглынанні з травой інвазійных кляшчоў. Хваробы характарызуюцца прыступамі колікаў, нерв. прыпадкамі, сутаргамі, паносамі, схудненнем, разрывам страўніка і перытанітам. Лячэнне тэрапеўтычнае. Праводзяць прафілактычныя дэгельмінтызацыі.
т. 1, с. 339
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫНЕЙТРЫ́НА ( або ),
антычасціца нейтрына, якая адрозніваецца ад яго знакам лептоннага зараду і спіральнасцю. Мае спін 1/2 і масу такую ж, як і маса нейтрына. Існуюць 3 тыпы антынейтрына: электроннае, мюоннае і таўоннае, якія ўдзельнічаюць у працэсах слабага ўзаемадзеяння разам з электронам, мюонам і цяжкім лептонам адпаведна.
т. 1, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́ЛЫ,
пяцічленныя гетэрацыклічныя злучэнні, якія маюць у цыкле атамы вугляроду і не менш як два гетэраатамы, адзін з іх азот. Да азолаў належаць аксазол, імідазол, піразол, тыязол і інш. Маюць араматычныя ўласцівасці. Уваходзяць у састаў прыродных злучэнняў і лекаў (вітаміны B1 і B12, амідапірын, анальгін, гістыдзін і інш.).
т. 1, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙМА́К,
1) у манг. і цюрк. народаў першапачаткова вялікая ці малая група роднасных сем’яў, якія вялі сваё паходжанне ад аднаго продка і качавалі на адной тэрыторыі; пазней (у манголаў) буйны феад. ўдзел, ханства.
2) Адм.-тэр. адзінка (раён) у Бураціі і на Алтаі.
3) Асн. адм.-тэр. адзінка Манголіі.
т. 1, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРО́ВІЧ Ян, бел. гравёр і разьбяр па шкле 18 ст. Пачынальнік дынастыі гутнікаў і гравёраў па шкле, якія працавалі на Урэцкай мануфактуры Радзівілаў (Любанскі р-н). У 1761—86 адзін з галоўных і найб. кваліфікаваных гравіроўшчыкаў і разьбяроў. Гравіраваў на сталовым посудзе і люстэрках партрэтныя выявы і фігуратыўныя сцэны.
т. 1, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬГІЦЫ́ДЫ [ад лац. alga марская трава, водарасць + ...цыд(ы)],
хімічныя рэчывы, якія знішчаюць водарасці. Найчасцей як альгіцыды выкарыстоўваюцца злучэнні з актыўным хлорам, хлорная вапна, чацвярцічныя солі амонію, многія солі і комплексы медзі. Прымяняюцца для ачысткі ў тэхн. сістэме, водазабеспячэння, прадухілення цвіцення вады і барацьбы з пашырэннем непажаданай альгафлоры.
т. 1, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)