ПЕЛЕНГА́ЦЫЯ,

вызначэнне напрамку на які-н. аб’ект праз вуглавыя каардынаты. Адрозніваюць пасіўную П. на аснове натуральнай кантрастнасці аб’екта на навакольным фоне і актыўную П., калі аб’ект апрамяняецца эл.-магн. ці акустычнымі хвалямі. Праводзіцца з дапамогай аптычных (пры аптычнай лакацыі), радыётэхн. (пры радыёлакацыі), акустычных (пры гукавой лакацыі) ці інш. метадаў. У караблеваджэнні абмяжоўваюцца вызначэннем пеленга (працэс пеленгавання).

т. 12, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЛЁТАЧКА»,

бел. нар. гульня. Гульцы (ад 6 і болей) выбіраюць «першага» і «расплятальніка». «Расплятальнік» адыходзіць убок і адварочваецца. Гульцы становяцца ў кола тварам да цэнтра, пачынаючы з «першага», па чарзе заплятаюцца (пераступаюць праз рукі, пераносяць іх над галавой і інш.), не расчапляючы рук, у адзін клубок, пасля завуць «расплятальніка», які павінен іх расплесці.

Я.​Р.​Вількін.

т. 12, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЙНТЫНГА—РО́БЕРТСАНА З’Я́ВА,

паступовае памяншэнне моманту імпульсу часціцы пры яе руху ў полі прыцягнення зоркі з прычыны тармажэння, выкліканага паглынаннем і перавыпрамяненнем целам фатонаў поля выпрамянення зоркі. Названы па імю Дк.Г.Пойнтынга і амер. фізіка Г.​Робертсана, які даследаваў гэтую з’яву ў 1937. П.—Р.з. ўлічваецца ў тэорыі эвалюцыі метэорнага рэчыва Сонечнай сістэмы і касмалогіі планетарных сістэм.

т. 12, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІМЕРА́ЗЫ,

ферменты, якія каталізуюць утварэнне макрамалекул з нізкамалекулярных рэчываў. Найважн. з П. — нуклеатыдылтрансферазы, што каталізуюць сінтэз нуклеінавых кіслот з нуклеазідтрыфасфатаў (у якасці матрыцы выкарыстоўваецца ДНК або РНК). Пад уздзеяннем П. нуклеазідтрыфасфаты пераносяцца ў канец ланцуга, які сінтэзуецца, і адбываецца падаўжэнне ланцуга на адну нуклеатыдную адзінку. Сінтэз ДНК праходзіць адначасова на двух ланцугах папярэдне раскручанай (дэспіралізаванай) ДНК-матрыцы.

т. 12, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́МАС (лац. primas галоўная асоба ад primus першы),

1) у рымска-каталіцкай царкве тытул арцыбіскупа (мітрапаліта), які валодае ганаровым (часам і юрыдычным) першынством над астатнімі біскупамі і мітрапалітамі пэўнай краіны. На Беларусі рымска-каталіцкая царква мае свайго арцыбіскупа мітрапаліта і юрысдыкцыі П. ў Польшчы не падлягае.

2) Афіцыйны тытул архіепіскапа Кентэрберыйскага ў Англіі як першаіерарха англіканскай царквы.

т. 13, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫПА́Й,

нерухомы марскі лёд, што ўтвараецца ўздоўж узбярэжжа. Прымацаваны да берага ці ледзянога бар’ера, знаходзіцца паміж водмелямі або айсбергамі, што селі на водмель. Можа ўтварацца натуральным шляхам з марской вады або ў выніку прымярзання да берага дрэйфуючага лёду. Працягласць ад некалькіх метраў да соцень кіламетраў. П., які ўзвышаецца больш як на 2 м над узр. м., наз. шэльфавым лёдам.

т. 13, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУНКТ (ад лац. punctum кропка),

1) месца, якое прызначана для пэўных мэт, напр., населены П., камандны П. (гл. Пункт камандны).

2) Асобны раздзел, параграф якога-н. тэксту, які абазначаецца лічбай або літарай.

3) Момант, перыяд у развіцці падзей, дзеяння, напр., кульмінацыйны П.

4) Тэмпературная мяжа, пры якой рэчыва змяняе свой стан, напр., П. кіпення, П. плаўлення.

т. 13, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАПАІ́ТЫ,

у заходнесеміцкай міфалогіі насельнікі царства мёртвых. У міфалагічных паданнях Р. разам з багамі трапезнічаюць і дапамагаюць у рабоце вярх. богу Ілу, а на зямлі разам з жывымі людзьмі робяць ахвярапрынашэнні. Магчыма, Р. называлі таксама катэгорыю жывых людзей, што прайшлі спец. абрад пасвячэння (квазісмерць), які ўраўноўваў іх з насельнікамі царства мёртвых і дазваляў далучацца да тайнаў багоў.

т. 13, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ТНІК,

1) ратны (ваенны) чалавек, які ўваходзіў у склад раці; воін апалчэння ў стараж. усх.-слав. дзяржавах і княствах Русі (9—14 ст.). У адрозненне ад воінаў княжацкай дружыны Р. набіралі на перыяд вайны (паходу) з рамеснікаў і сялян.

2) У Рас. імперыі — салдат дзярж. апалчэння. Р. лічыліся ваеннаабавязанымі запасу 2-й і 3-й чаргі, існавалі да 1917.

т. 13, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РУНЬ ВЕСНАХО́ДУ»,

літаратурны альманах. Выдадзены ў 1928 у Вільні на бел. мове арг-цыяй маладых пісьменнікаў і мастакоў Зах. Беларусі «Веснаход». Ідэйна-маст. кірунак апубл. вершаў і апавяданняў супярэчлівы. Побач з эстэцкімі творамі (Я.​Бартуль і інш.) змешчаны верш П.​Пестрака (псеўд. Звястун) «Над намі віхры выюць», які палемізуе з містыцызмам рамант. паэзіі і натуралістычным бытаапісальніцтвам.

т. 13, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)