АКСУ́МСКАЕ ЦА́РСТВА,

старажытная дзяржава на тэр. паўн. Эфіопіі з цэнтрам у г. Аксум. Першыя звесткі пра Аксумскае царства адносяцца да 1 ст. н.э. Зручнае геагр. становішча на гандл. шляхах з Індыі і Усх. Афрыкі ў Міжземнамор’е спрыяла эканам. і культ. росквіту Аксумскага царства. З канца 3 ст. дасягнула вял. магутнасці. У час праўлення цара Эзана (пач. 4 ст.) заваявана Нубія, ішла барацьба (4—6 ст.) з Хім’ярыцкім царствам за панаванне ў Паўд. Аравіі. У 4 ст. ў Аксумскае царства пранікла хрысціянства, якое ў барацьбе з іудзействам замацавала візант. ўплыў. Пасля захопу персамі Паўд. Аравіі (6 ст.) і арабамі Егіпта (7 ст.) пачаўся эканам. і паліт. заняпад, паступова Аксумскае царства распалася.

т. 1, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛКІВІЯ́Д (Alkibiadēs; каля 450—404 да н.э.),

старажытнаафінскі паліт. і ваен. дзеяч. Сваяк і выхаванец Перыкла, вучань Сакрата. Вызначаўся частай зменай паліт. арыентацыі. У час Пелапанескай вайны 431—404 неаднаразова выбіраўся стратэгам. У 415 адзін з арганізатараў і кіраўнікоў ваен. экспедыцыі супраць Сіракузаў. Абвінавачаны ў разбурэнні гермаў (статуй Гермеса), уцёк у Спарту (садзейнічаў ёй у барацьбе з Афінамі), адтуль у Персію. У 411 падтрымаў алігархічны, пазней дэмакр. ўрады ў Афінах. На чале афінскага флоту перамог спартанцаў каля Абідаса (411) і Кізіка (410). З трыумфам вярнуўся ў Афіны і абраны гегемонам. Пасля паражэння афінскага флоту ў баях са спартанцамі (408—407) уцёк у Фракію, потым ў Персію, дзе быў забіты.

т. 1, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЖЫ́ВІКА (санскр.),

адно з неартадаксальных стараж.-індыйскіх вучэнняў, якое адмаўляла існаванне душы. Заснавальнікам аджывікі па традыцыі лічаць мудраца Маркалідэка (6—5 ст. да н.э.). Паводле вучэння аджывікі, існуюць 4 разнавіднасці атамаў, з якіх пабудаваны 4 стыхіі прыроды: зямля, вада, агонь і паветра; «жыццё» ёсць тое, што ўспрымае і пазнае спалучэнні атамаў. Разнавіднасці атамаў і жыццё ўтвараюць 5 існасцяў, якімі вычэрпваецца ўсё існуючае. Свядомасць уяўляецца як асобны агрэгат звыштонкіх атамаў, што ўваходзяць у «канфігурацыю жыцця»; атамы вечныя, непадзельныя, нікім не створаныя і незнішчальныя. Аджывіка выступала пераважна як матэрыяліст. вучэнне, якое процістаяла стараж.-інд. рэлігіі і філасофіі брахманізму. У Паўн. Індыі аджывіка злілася з дагматызмам і вішнуізмам, у паўд. Індыі існавала да 14—15 ст.

т. 1, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБА́ШАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён бронзавага веку, якія ў 2—3-й чвэрці 2-га тыс. да н.э. насялялі лясныя і лесастэпавыя вобласці Сярэдняга Паволжа, Падоння і Паўд. Урал. Назва ад могільніка каля в. Абашава (Чувашыя). Насельніцтва займалася пераважна жывёлагадоўляй, жыло на адкрытых і ўмацаваных паселішчах у вялікіх (даўж. да 30—40 м) дамах. Пахавальны абрад — падкурганнае трупапалажэнне ў скурчаным ці выцягнутым (на спіне) становішчы. Характэрны керамічны посуд звона- і слоікападобнай формы з геам. арнаментам і дамешкамі ў гліне ракавінак. Плямёны Абашаўскай культуры першыя пачалі распрацоўку ўральскіх радовішчаў медзі, з імі звязваюць з’яўленне ў стэпах Еўразіі калясніц. Шмат даследчыкаў лічаць Абашаўскую культуру культ.-гіст. агульнасцю і вылучаюць у ёй шэраг археал. культур.

т. 1, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМЕ́ТРА,

у грэчаскай міфалогіі багіня ўрадлівасці і земляробства, дачка Кронаса і Рэі, сястра Зеўса. Дачку Д. Персефону пакахаў і ўкраў бог падземнага царства Аід. Пакуль Д. блукала ў пошуках дачкі, зямля перастала плоданасіць, засохлі дрэвы і травы, загінулі статкі, пачаўся голад. Зеўс загадаў вярнуць Персефону, каб летнія месяцы яна праводзіла на зямлі, зімовыя — у царстве Аіда. У г. Элеўсін быў узведзены храм Д., дзе 9 дзён у верасні спраўлялі містэрыі, у гонар Д. і Персефоны ладзілі святы Фесмафорыі. Свае творы Д. прысвяцілі Гамер, Калімах, Феакрыт, Г.​Сакс, Ф.​Шылер і інш. У рым. міфалогіі Д. адпавядае Цэрэра.

Л.​М.​Драбовіч.

Дэметра («Дэметра Кнідская»). Скульптар Брыяксіс. 340—330 да н.э.

т. 6, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНА́РЫЙ (ад лац. denarius які складаецца з дзесяці),

1) сярэбраная манета Стараж. Рыма, чаканілася ў 269 да н.э. — 1-й пал. 3 ст. 2) Сярэбраная манета герм. дзяржаў у 5 — сярэдзіне 8 ст., якая імітавала рымскі Д.

3) Сярэбраная манета дзяржаў Зах. Еўропы ў сярэдзіне 8—1-й пал. 12 ст. У Беларусі абарачалася ў канцы 10 ст. — сярэдзіне 1060-х г. 4) Сярэбраная, потым білонная і медная разменная манета ў дзяржавах Зах. Еўропы ў 13—17 ст. 5) Сярэбраная манета ВКЛ у 14—15 ст., білонная — у 16 ст. У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. вядомы білонны двайны Д.

6) Сучасная назва разменнай манеты ў Іраку, Босніі і Герцагавіне, Македоніі, Югаславіі.

т. 6, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЗІ́ШЧА,

рэшткі стараж. ўмацаванага паселішча або горада. Найчасцей трохвугольная, прамавугольная ці круглая пляцоўка, зробленая з выкарыстаннем прыродных умацаванняў (рака, інш. вадаём, роў). Мае культурны пласт, дзе пры раскопках знаходзяць рэшткі жытлаў, майстэрняў, розныя рэчы. Узнікненне гарадзішча звязана з эпохай патрыярхату і пераходам насельніцтва да заняткаў жывёлагадоўляй і земляробствам. Самыя стараж. гарадзішчы вядомы з эпохі неаліту, на Беларусі — з позняга бронзавага веку, найб. пашыраны ў раннім жал. веку (з 9—8 ст. да н.э.), пазнейшыя — да 17 ст. Тэрмін «гарадзішча» сустракаецца з 12 ст. ў «Аповесці мінулых гадоў». У раннім сярэднявеччы на месцы б. гарадзішча часта ўзнікалі гарады, замкі, сядзібы феадалаў. На Беларусі вядома каля 1 тыс. гарадзішчаў розных часоў.

Гарадзішча каля в. Амосенкі (Расонскі раён).

т. 5, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІБЕ́ЛА, Ківева, Дындымена, Ідзейская маці,

Вялікая маці багоў, фрыгійская багіня, увасабленне прадукц. сіл прыроды, чый культ у старажытнасці быў пашыраны ў М. Азіі (тут знаходзілася вобласць Фрыгія, дзе ён нарадзіўся), Грэцыі, з 204 да н.э. ў Рыме. Першапачаткова лічылася суровай уладаркай гор, лясоў і звяроў, рэгулявала іх урадлівасць. У яе гонар жрацы наладжвалі містэрыі з абрадамі, у якіх важную ролю адыгрывалі самакатаванні, абмыванне ў крыві ахвяр і самалягчанне. У Рыме яе культ зліўся з мясц. культам багіні пасеваў і жніва Опс. К. шанавалі як апякунку дабрабыту дзяржавы, якая дорыць людзям усе плады зямлі. Яе ўяўлялі ў выглядзе жанчыны з зубчастай вежападобнай каронай на галаве. Вобраз К. адлюстраваны і развіты ў творах Авідзія і Лукрэцыя.

т. 8, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНЖА́Л (араб.),

клінковая халодная зброя блізкага бою, прызначаная для колючага ўдару. У старажытнасці выраблялі з крэменю, рогу, пазней з металу. Найб. пашыраны на Усходзе, дзе захаваўся да нашых дзён як парадная зброя. Папярэднікам К. на Беларусі быў вял. баявы нож. Атрымаў пашырэнне ў часы сярэдневякоўя, калі набыў форму 1-, 2-лязовага або штыкападобнага клінка. На Беларусі К. называўся пуйнал (ад італьян. pugnale). З 17 ст. ён паступова траціць баявое значэнне і выкарыстоўваецца ў асн. як парадная і дэкаратыўная зброя.

Літ.:

Трусаў А.А. Зброя Лідскага замка // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 2.

Ю.​М.​Бохан.

Кінжал з г. Бібл (цяпер г. Джубейль, Ліван, 2-е тысячагоддзе да н.э.).

т. 8, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ДЭКС (лац. codex першапачаткова — ствол, бервяно, потым — змацаваныя драўляныя таблічкі для пісьма, кніга),

1) адна з форм кнігі: змацаваныя з аднаго боку сшыткі з сагнутых папалам і прашытых па згібе аркушаў пергаменту ці папірусу, пазней — паперы. Упершыню з’явіліся ў стараж.-рымскіх усх. правінцыях у першыя вякі н.э., паступова выцеснілі таблічкі і скруткі і каля 6 ст. сталі асн. формай кнігі. З К. звязана з’яўленне пераплёту, старонкі і яе афармлення (старонкавая мініяцюра, застаўка і г.д.). Форму К. захоўваюць і сучасныя кнігі.

2) Адзіны заканад. акт, у якім сістэматызаваны прававыя нормы пэўнай галіны права (напр., крымін. К., цывільны К. і інш.). Прававыя нормы размяшчаюцца ў К. ў парадку, які адлюстроўвае сістэму адпаведнай галіны права.

т. 8, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)