ДЗУГА́ЕЎ (Дзугаты) Георгій Хасакоевіч

(28.3.1911, с. Дзугатыкау Джаўскага р-на, Паўд. Асеція — 1985),

асецінскі пісьменнік. Друкаваўся з 1935. Аўтар паэт. зб-каў «Прамень сонца» (1938), «Ключ сэрца» (1959), «Запявала» (1967), «Сонечныя блікі» (1979), раманаў «На вастрыі клінка» (1964), «Залатая крыніца» (1974, Літ. прэмія імя К.​Хетагурава 1976) і інш. Пераклаў на асецінскую мову кнігу выбр. лірыкі бел. паэтаў «Песня, апаленая вайной» (1976), асобныя творы Я.​Купалы, П.​Броўкі, М.​Калачынскага. На бел. мову творы Дз. перакладалі Калачынскі, Г.​Кляўко, Ю.​Свірка.

т. 6, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДМАХО́ЎСКІ (Уладзіслаў Вікенцьевіч) (1841, Вільня — ?),

бел. жывапісец. Сын мастака В.Дмахоўскага. Вучыўся ў бацькі і ў Варшаве. З 1875 выкладаў маляванне ў гімназіях (Чанстахова, Польшча). З канца 1870-х г. жыў і працаваў у маёнтку Нагародавічы (Дзятлаўскі р-н Гродзенскай вобл.). Сярод твораў жанравыя карціны («Рамізнік», «Паштовая станцыя», «На начлезе»), акварэлі («У Вільню на карнавал» і інш.), у якіх паказана жыццё дробнамаянтковай шляхты. Удзельнічаў у дэкар. афармленні Марыяцкага касцёла ў Кракаве.

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.

т. 6, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІІ́Л ЧО́РНЫ (каля 1360—1430),

рускі жывапісец. Разам са сваім сябрам А.Рублёвым і інш. майстрамі працаваў ва Уладзімірскім Успенскім саборы (1408) і Троіцкім саборы Троіца-Сергіевай лаўры ў Загорску (1420-я г.). Яму прыпісваецца ўдзел у выкананні часткі размалёвак і некат. абразоў для гэтых сабораў.

Літ.:

Грабарь И.Э. О древнерусском искусстве. М., 1966;

Лазарев В.Н. Андрей Рублев и его школа. М., 1966.

Данііл Чорны і А.​Рублёў. Апосталы Павел і Пётр з групай святых. Фрагмент фрэскі Успенскага сабора ва Уладзіміры. 1408.

т. 6, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ХЕЛЬ ((Kiechel) Самуэль) (1563, г. Ульм, Германія — 1619),

нямецкі падарожнік. У 1585—89 зрабіў вял. падарожжа па краінах Еўропы і Азіі. У 1586 праязджаў праз Беларусь, Літву, Інфлянты (Гродна—Вільня—Рыга). У сваёй справаздачы даў звесткі пра заняткі, лад жыцця, гандаль жыхароў ВКЛ, адзначыў іх верацярпімасць. Гэтая праца ўпершыню надрукавана ў 1820 у час. «Archiv zur Geografie, Historie, Staats- und Kriegskunst» («Архіў геаграфіі, гісторыі, дзяржаўнай палітыкі і ваеннага мастацтва»).

Літ.:

Грыцхевіч В., Мальдзіс А Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСІКА́ВА (Такубоку) (сапр. Хадзімэ Такубоку; 28.10.1885, Хінота, прэфектура Іватэ, Японія — 13.4.1912),

японскі пісьменнік. Уваходзіў у літ. т-ва «Новая паэзія». Вядомасць прынеслі зб-кі «Жменя пяску» (1910), «Свіст і свісток» (1911), «Самотная цацка» (1912). Пісаў у традыц. форме танка і свабодным белым вершам. Паэзія І. шматгранная — ад любоўнай і пейзажнай лірыкі да паліт. вершаў, ад матываў песімізму да твораў, прасякнутых верай у лепшае будучае. Аўтар раманаў «Лёс таленту» (1906), «Наша група і ён» (1912) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. лирика. М., 1971.

т. 7, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ВЕНДЫШ ((Cavendish) Генры) (10.10.1731, г. Ніцца, Францыя — 24.2.1810),

англійскі фізік і хімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1760). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1753). Навук. працы па хіміі і эксперым. фізіцы. Атрымаў у чыстым выглядзе вадарод (1766), вызначыў колькасць кіслароду ў паветры (1781) і хім. састаў вады (1784). Пры вывучэнні ўзаемадзеяння эл. зарадаў практычна прадугадаў Кулона закон (1771). Вызначыў гравітацыйную пастаянную, масу і сярэднюю шчыльнасць Зямлі (1798). У гонар К. названа Кавендышская лабараторыя.

Літ.:

Льоции М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.

т. 7, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬЦАВЫ́ ЛА́ЗЕР,

квантавы генератар з кальцавым рэзанатарам у форме многавугольніка з адбівальнымі люстэркамі ў яго вяршынях. Выкарыстоўваецца ў якасці адчувальнага элемента квантавых гіраскопаў. К.л. адчувальны да вярчэння вакол восі, перпендыкулярнай да плоскасці рэзанатара; дазваляе вывучаць канкурэнцыю сустрэчных хваль, сінхранізацыю іх частот, параметрычны рэзананс, квантаванне частаты біццяў і інш. На Беларусі работы па стварэнні і даследаванні К.л. праводзяцца з 1965 у Ін-це фізікі Нац. АН, БДУ, БПА.

Літ.:

Круглик Г.С. Квантово-статистическая теория кольцевых ОКГ. Мн., 1978.

Г. С.​Круглік.

т. 7, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛО́Ў (Мікалай Мітрафанавіч) (29.11.1879, Пецярбург — 11.5.1955),

савецкі матэматык і механік, адзін з заснавальнікаў нелінейнай механікі. Акад. АН Украіны (1922), АН СССР (1929; чл.-кар. з 1928). Чл. многіх замежных навук. т-ваў. Скончыў Пецярбургскі горны ін-т (1902), дзе і працаваў з 1910. З 1917 праф. Крымскага ун-та, з 1922 у АН Украіны, адначасова з 1928 у АН СССР. Навук. працы па інтэрпаляцыі і набліжаным інтэграванні ўраўненняў матэм. фізікі, нелінейнай механіцы, гісторыі навукі.

Літ.:

Исакова О.В. Н.​М.​Крылов. М., 1945.

М.М.Крылоў.

т. 8, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬЧЫ́ЦКІ (Лявон Францавіч) (каля 1823, Аўгустоўская губ. — 17.4.1863),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Брат Б.Кульчыцкага. Служыў на тэр. Польшчы ў Кастрамскім пях. палку, выйшаў у адстаўку штабс-капітанам. Напярэдадні паўстання — нач. чыг. станцыі ў Гродне. Быў звязаны з «чырвонымі». Быў інструктарам і камандзірам стралкоў у паўстанцкім атрадзе, які дзейнічаў у літоўскім Занямонні (паўн. частка Аўгустоўскай губ.). 9 4.1863 цяжка паранены ў баі пад Сапяжышкамі (у літ. крыніцах — Лякечай) у Марыямпальскім пав., узяты ў палон, памёр у шпіталі ў Коўне.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 9, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУХА́ЛЬСКІ (Андрэй) (1767?, г. Паставы Віцебскай вобл. — ?),

бел. танцоўшчык. Прыгонны падскарбія надворнага літ. А.​Тызенгаўза. Вучыўся ў яго балетных школах у Гродне і Паставах. У жн. 1778 удзельнічаў у якасці саліста ў школьным спектаклі «Сялянскі балет» Г.​Петынеці на сцэне Гродзенскага т-ра Тызенгаўза. У 1785—90 у складзе трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве. Выступаў на каралеўскіх сцэнах, у т. л. ў замку ў балеце «Лукас і Калінета» (1785) і ў Нац. т-ры.

Г.​І.​Барышаў.

т. 9, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)