ІВАНО́Ў Восіп, бел. цаніннік і разьбяр па дрэве 2-й пал. 17 ст. Паходзіў са Шклова. Майстар беларускай рэзі, вучань Палубеса ў 1661—66. Працаваў у Маскоўскай дзяржаве. Прымаў удзел у вырабе кафлі для Васкрасенскага Нова-Іерусалімскага манастыра пад Масквой (1658—66). З 1666 працаваў у Аружэйнай палаце ў Маскве. Разам з К.Міхайлавым і інш. аздабляў разьбой дзверы, ліштвы, мэблю (?) для царскага палаца ў с. Каломенскае (1667—68), магчыма, вырабляў і кафлю для печаў.

т. 7, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАНЧА́ (цюрк., ад араб. крэпасць),

вежавая частка будынка супрацьпажарнай аховы ці асобнае вежавае збудаванне ў 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. Верхні ярус К. быў адкрыты для лепшага агляду мясцовасці, меў звон, сігнальную мачту. Будавалі К. з цэглы, дрэва, металічных рэек. Драўляная К. звычайна мела каркасную канструкцыю, якую абшывалі дошкамі ці пакідалі адкрытай. К. заўсёды была адметным элементам сілуэтнай кампазіцыі горада. З развіццём сродкаў сувязі і інфармавання роля К. зменшылася.

С.​А.​Сергачоў.

т. 7, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДРАЦЕ́НКА Раман Ісідаравіч (12.10.1857, Тбілісі — 15.12.1904),

расійскі ваен. дзеяч, герой абароны Порт-Артура. Ген.-лейт. (1904). Скончыў Мікалаеўскае інж. вучылішча (1877), Інж. акадэмію (1882) і Акадэмію Генштаба (1886). Камандаваў (з 1903) 7-й Усх.-Сібірскай стралк. брыгадай. У рус.-яп. вайну 1904—05 нач. абароны сухап. фронту крэпасці Порт-Артур, пад яго кіраўніцтвам нанава створана сістэма абароны крэпасці. Кіраваў стварэннем новых відаў узбраення (ручныя гранаты, мінамёты), прыдумаў электрызацыю драцяных загарод. Загінуў пры артыл. абстрэле.

т. 7, с. 578

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМАДЗЯМ’Я́НСКАЯ Зоя Анатолеўна (Таня; 13.9.1923, с. Асінавыя Гаі Гаўрылаўскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія — 29.11.1941),

Герой Сав. Саюза (1942). У кастр. 1941 вучаніца 10-га кл. 201-й маск. школы К. добраахвотна ўступіла ў знішчальны партыз. атрад. У ліст. 1941 у час выканання баявога задання ў варожым тыле схоплена гітлераўцамі ў в. Пятрышчава Верайскога р-на Маскоўскай вобл. і пасля жорсткіх катаванняў павешана.

Літ.:

Космодемьянская Л. Повесть о Зое и Шуре. М., 1966.

т. 8, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТУ́Й,

рака ў Краснаярскім краі Расіі, правая складаючая р. Хатанга. Даўж. 1409 км, пл. бас. 176 тыс. км². Бярэ пачатак на плато Путарана, цячэ на ПдУ па Сярэднесібірскім пласкагор’і, праходзіць цераз азёры Харпіча і Дзюпкун. Пасля ўпадзення справа р. Ваяволіхан паварочвае на ПнУ; нізоўі на Паўн.-Сібірскай нізіне. Парожыстая. Гал. прытокі: Маера, Катуйкан, Эрыечка (справа), Чангада, Тукалан (злева). Жыўленне мяшанае, з перавагай снегавога. Ледастаў з канца вер. — 1-й пал. кастр. да канца мая—чэрвеня.

т. 8, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАДРА́ТНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,

алгебраічнае ўраўненне 2-й ступені. Агульны выгляд К.ў.: ax​2 + bx + c = 0 пры a ≠ 0. Былі вядомыя стараж.-грэч. матэматыкам; Эўклід рашаў іх у геам. форме.

Мае 2 корані, якія вылічваюцца паводле формул x1,2 = ( −b ±D ) , дзе D = b2 − 4ac — дыскрымінант ураўнення. Калі a, b, c — сапраўдныя і D ≠ 0, то карані розныя і сапраўдныя, пры D = 0 — сапраўдныя аднолькавыя, пры D < 0 — камплексна спалучаныя.

т. 8, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРКІНІТЫ́ДА (грэч. Kerkinitis),

антычны горад, заснаваны грэкамі на рубяжы 6—5 ст. да н.э. на зах. узбярэжжы Крыма, на месцы сучаснай Еўпаторыі. У 4—2 ст. уваходзіла ў склад уладанняў Херсанеса. Праз К. вёўся гандлёвы абмен са скіфамі Крыма. У 2-й пал. 4 ст. і 3 ст. да н.э. К. чаканіла свае манеты. Заняпала ў выніку грэка-скіфскіх войнаў 2 ст. да н.э. У час раскопак выяўлены частка абарончых сцен і руіны жылых кварталаў.

т. 8, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РА (ад грэч. korē дзяўчына),

статуя дзяўчыны ў доўгай вопратцы, якая стаіць прама. Вядома з 2-й чвэрці 6 ст. да н. э. ў іанійскай пластыцы, характэрна для мастацтва стараж.-грэч. архаікі. Архаічная застыласць і абагульненасць форм спалучалася з тонкай дэкар. апрацоўкай паверхні мармуру, пераважна прычоскі і складак адзення. Асобныя дэталі (вочы, вопратка) часта таніраваліся фарбамі. Выкарыстоўваліся ў якасці ахвярных дароў, што прыносілі ў свяцілішча, а таксама выконвалі функцыю верт. апор у арх. канструкцыях.

т. 8, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУСТО́ДА [ад лац. custos (custodis) вартавы],

у рукапісных кнігах — абазначэнне парадкавага нумара сшытка на 1-й і апошняй яго старонках. У старадруках К. — 1-е слова (або частка слова) наступнай старонкі, якое змешчана ў ніжнім правым радку папярэдняй старонкі. К. выкарыстоўваліся, каб аблегчыць чытанне, а таксама забяспечыць правільнасць падбору аркушаў і сшыткаў у час пераплёту кнігі. У сучаснай кнізе К. называюць змешчаныя ў верхняй частцы старонак гранічныя тэрміны развароту энцыклапедыі або слоўніка.

т. 9, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́БЕДЗЬ (лац. Cygnus),

сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка Дэнеб (α Л.) 1-й зорнай велічыні; з зоркамі β, γ, δ і ε Л. яна ўтварае фігуру крыжа, доўгая вось якога выцягнута ўздоўж паласы Млечнага Шляху. У Л. выяўлены 2 крыніцы рэнтгенаўскага выпрамянення — Cyg X-1 i Cyg X-2, першая з якіх, магчыма, звязана з чорнай дзірой. З тэр. Беларусі Л. відаць вясной, летам і восенню. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Лебедзь.

т. 9, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)