сукупнасць мерапрыемстваў адпаведных органаў дзярж. улады і дзярж. кіравання ў галіне падаткаў і падаткаабкладання; частка агульнай фінансавай палітыкідзяржавы. П.п. вынікае з сутнасці і функцыі падатку і заключаецца ў спагнанні дзяржавай часткі сукупнага грамадскага прадукту на агульнадзярж. патрэбы, у мабілізацыі гэтых сродкаў і пераразмеркаванні іх праз бюджэт. П.п. рэалізуецца праз падатковы механізм, які ўяўляе сабой сукупнасць арганізац.-прававых норм, метадаў і форм дзярж. кіравання падаткаабкладаннем праз сістэму розных надбудовачных інструментаў (падатковыя стаўкі, падатковыя льготы, спосабы абкладання і інш.). Функцыянаванне падатковага механізму забяспечваецца праз арганізац. структуры, прававое рэгуляванне і рэгламентаванне, планаванне (прагназіраванне), рыначнае рэгуляванне, кіраванне. На Беларусі гал. суб’ектам П.п. з’яўляецца дзяржава, а яе асновай — адносіны паміж дзяржавай і гасп. суб’ектамі. Вылучаюць 3 тыпы П.п.: палітыка максімальных падаткаў, калі існуе верагоднасць таго, што іх павышэнне вядзе да зніжэння матывацыі дзейнасці і не суправаджаецца прыростам дзярж. даходаў; палітыка аптымальных падаткаў, якая садзейнічае развіццю прадпрымальніцтва і малога бізнесу, забяспечвае ім спрыяльны падатковы клімат; П.п., якая прадугледжвае даволі высокі ўзровень абкладання, але пры значнай дзярж.сац. абароне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯВО́Й (Мікалай Аляксеевіч) (3.7.1796, г. Іркуцк, Расія — 6.3.1846),
рускі пісьменнік, крытык, журналіст, гісторык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1831). Выдаваў час. «Московский телеграф» (1825—34, забаронены), у якім выступаў у абарону правоў купецтва, асуджаў дваранскую арыстакратыю за адсутнасць нац. пачуцця, асн. умовай прагрэсу краіны лічыў пашырэнне асветы. Аповесць «Сімяон Кірдзяпа. Руская быль XIV ст.» (1828, апубл. 1832), раман «Клятва каля труны Гасподняй» (1832), п’есы «Дзядуля рускага флоту» (1838), «Кастрамскія лясы» (1841, пра Івана Сусаніна) і інш. на гіст. тэматыку. У аснове аповесцей «Жывапісец», «Асалода вар’яцтва» (абедзве 1833), «Эма» (1834) і інш. канфлікт «мары» і «рэальнага жыцця» ў духу рамантызму. «Гісторыя рускага народа» (т. 1—6, 1829—33, незавершана) палемічна скіравана супраць «Гісторыі дзяржавы Расійскай» М.Карамзіна. Аўтар вершаў, рамана «Абаддона» (1834), празаічнага перакладу «Гамлета» У.Шэкспіра (1837), артыкулаў пра рус. і замежную л-ру, на сац.-эканам. тэмы і інш.
Тв.:
Избр. произв. и письма. Л., 1986;
Избр. историческая проза. М., 1990;
Клятва при Гробе Господнем. М., 1994;
История русского народа. Т. 1—3. М., 1997.
Літ.:
Шикло А.Е. Исторические взгляды Н.А.Полевого. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНТАГЕНЕ́ТЫ (Plantagenets),
Анжуйская дынастыя, каралеўская дынастыя ў Англіі ў 1154—1399. Заснавальнік — Генрых II, граф Анжуйскі. Назву дынастыя атрымала ад звычкі бацькі Генрыха II — Жафруа Прыгожага аздабляць свой шлем галінкай жаўтазелю (лац. planta genista). Пад уладай Генрыха II і яго пераемнікаў акрамя Англіі знаходзіліся шматлікія ўладанні ў Францыі, б.ч. якіх П. страцілі ў пач. 13 ст. Пры П. у Англіі адбывалася дзярж. цэнтралізацыя, утварылася саслоўная манархія з саслоўным прадстаўніцтвам-парламентам (упершыню скліканы ў 1265). П. вялі войны: у 2-й пал. 12 ст. пачалося заваяванне Ірландыі, у 1280-я г. заваяваны Уэльс, у 1296—1314 няўдала спрабавалі заваяваць Шатландыю. Пры П. Англія ўступіла ў Стогадовую вайну 1337—1453. У час праўлення Рычарда II б.ч.дзяржавы была ахоплена Уота Тайлера паўстаннем 1381. Прадстаўнікі дынастыі: Генрых II (1154—89), Рычард I Львінае Сэрца, Іаан Беззямельны, Генрых III (1216—72), Эдуард I (1272—1307), Эдуард II (1307—27), Эдуард III (1327—77), Рычард II (1377—99). Пасля звяржэння Рычарда II улада перайшла да бакавых адгалінаванняў П. — Ланкастэраў (1399—1461) і Йоркаў (1461—85).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКА АБАРО́НА 1563.
Адбылася ў час Лівонскай вайны 1558—83 супраць рас. войска. 31.1.1563 Полацк быў абложаны больш як 60-тысячнай арміяй цара Івана IV Грознага. Горад абараняў гарнізон (у т. л. некалькі польскіх і нанятых ням. рот), полацкая шляхта, гараджане на чале з ваяводам С.Давойнам. 5 лют. Іван IV зрабіў спробу захапіць умацаваны Вял. пасад, але быў выбіты з яго. 8 лют. ўмацаванні пасада былі разбураны артабстрэлам. Давойна адвёў свае сілы ў Верхні замак, а Вял. пасад загадаў падпаліць. 9 лют.рас. войскі захапілі пасад і пачалі артабстрэл замка з усіх бакоў. Абложаныя рабілі вылазкі, але яны не прынеслі рашучага поспеху. 15 лют. Давойна згадзіўся здаць замак і прыбыў у стаўку цара. Але і пасля гэтага некат. абаронцы працягвалі супраціўленне, ім было дазволена з маёмасцю і зброяй без перашкод пакінуць Полацк. Горад быў разрабаваны, шмат гараджан і шляхты выведзена ў палон. Захоп Полацка — буйнейшая перамога Маскоўскай дзяржавы ў вайне, якая значна пагаршала паліт. становішча ВКЛ, выклікала шырокі міжнар. рэзананс і прыспешыла заключэнне Люблінскай уніі 1569 паміж ВКЛ і Польшчай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУДАНІ́ЗМ,
кірунак грамадска-паліт. думкі, тэарэт. асновай якога з’яўляецца філас.-сацыялагічная канцэпцыя франц. філосафа П.Прудона. Для П. характэрны вульгарная інтэрпрэтацыя гегелеўскай дыялектыкі і звядзенне яе да тэзы аб наяўнасці ў кожным прадмеце ці з’яве добрага і дрэннага; тлумачэнне развіцця грамадства барацьбой ідэй; сцвярджэнне магчымасці вырашэння грамадскіх супярэчнасцей шляхам ураўнаважання дзеючых у грамадстве сац. сіл. Эканам. пасылкі П. ўключаюць; асуджэнне буйной капіталіст. уласнасці, абарону дробнай прыватнай уласнасці, адмаўленне грашовай сістэмы, ідэю аб арганізацыі «справядлівага абмену» паміж асобнымі таваравытворцамі. Для П. характэрны некат. анархісцкія тэндэнцыі: адмаўленне дэмакратыі, нігілістычныя адносіны да паліт. партый, пропаведзь ліквідацыі дзяржавы і замены яе федэрацыяй супольнасцей вытворцаў. Паліт. праграма П грунтавалася на палажэннях аб ажыццяўленні сацыяліст. рэвалюцыі мірным шляхам і паступовым рэфармаванні грамадства, неабходнасці рэалізацыі ідэі сац. справядлівасці і маральнага ўдасканалення асобы. Прадстаўнікі П. адмоўна ставіліся да ўдзелу жанчын у прамысл. працы і грамадскім жыцці. Некаторыя палажэнні П. выкарыстаны прадстаўнікамі анархізму (М.А.Бакунін), сацыял-дэмакратыі (Э.Бернштэйн), а яго антыдэмакр. ідэі знайшлі адбітак у ідэалогіі фаш. рухаў у Італіі, Францыі, Германіі, Іспаніі, Лац. Амерыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЕ́НА (Priēnē),
старажытнагрэчаскі горад на р. Меандр, на мысе Мікале ў М. Азіі. Засн. ў сярэдзіне 11 ст. да н.э.; уваходзіла ў саюз 12 іанійскіх гарадоў. У канцы 6 ст. да н.э. трапіла пад уладу Персіі. У 5 ст. да н.э. ў Складзе Дэлоскага саюза, потым — дзяржавы Аляксандра Македонскага. У 3—2 ст. да н.э. належала Селеўкідам, пазней увайшла ў Пергамскае царства, потым — правінцыяльны горад Рым. імперыі і Візантыі. Росквіту дасягнула ў 4—1 ст. да н.э., калі была буйным гандл. і рамесніцкім цэнтрам.
П. мела прамавугольную сетку вуліц (сістэма Гіпадама). Падоўжныя вуліцы ішлі ўступамі; іх перасякалі 16 папярочных вуліц-лесвіц, што вялі ад падэшвы да вяршыні г. Мікале і падзялялі П. на роўныя прамавугольныя кварталы. У час раскопак адкрыты руіны будынкаў 4—2 ст. да н.э., размешчаных на тэрасах і ўмацаваных падпорнымі сценамі, у т. л. храмы Афіны (4 ст. да н.э., арх. Піфей) і Зеўса, эклесіястэрый (зала пасяджэнняў нар. сходу), тэатр, стадыён, 2 гімнасіі, рынкі, жылыя дамы перыстыльнага тыпу.
Прыена. Калоны храма Афіны. 4 ст. да н.э.Арх. Піфей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЦІ́ЎЛЬ,
горад у Сумскай вобл., на Украіне, на р. Сейм (бас.р. Дняпро), за 24 км ад чыг. станцыі Пуціўль. 19,5 тыс.ж. (1991). Харч. прадпрыемствы. Краязнаўчы музей. Арх. помнікі 16—18 ст.: Малчанскі (16—19 ст.) і Спаскі (17 — пач. 18 ст.) манастыры, царква Міколы Казацкага (18 ст.).
Упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1146; крэпасць для абароны Кіеўскай Русі ад набегаў полаўцаў. У 2-й пал. 12 ст. цэнтр аднайм. княства. Апісаны ў «Слове аб палку Ігаравым». У 1240 разбураны мангола-татарамі. З 1356 у складзе ВКЛ. У 1500 вял.кн.Іван III Васілевіч далучыў П. да Рус.дзяржавы. У час польскай і шведскай інтэрвенцыі пачатку 17 стагоддзя заняты войскамі Рэчы Паспалітай. Паводле Дэулінскага перамір’я 1618 адышоў да Расіі. У 18 — пач. 20 ст. павятовы горад, з 1769 у Курскай губ. З 1926 у складзе Укр. ССР. З 1932 у Чарнігаўскай, з 1939 у Сумскай абл. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1941—43). Каля П. быў створаны Пуціўльскі партыз. атрад пад камандаваннем С.А.Каўпака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАЦЫ ФЕ́РЭНЦА II РУХ 1703—11, аўстра-венгерская вайна,
вызваленчая вайна ў Венг. каралеўстве пад кіраўніцтвам Ракацы Ферэнца II супраць панавання ў краіне аўстр.Габсбургаў. Пачаўся ў маі 1703 як працяг паўстання сялян на ПнУ Венгрыі (з 1697). Паўстанцы (куруцы; пераважна сяляне, збеглыя і дэмабілізаваныя салдаты, а таксама гараджане, дваране і асобныя прадстаўнікі родавай знаці; паводле нац. прыналежнасці — венгры, славакі, закарпацкія ўкраінцы, валахі) у пач. 1704 вызвалілі ад габсбургскіх войск амаль усе славацкія землі, у ліп. 1704 — Трансільванію, у снеж. 1705 — Задунайскі край. Ракацы выдаў дэкрэт аб вызваленні прыгонных сялян-паўстанцаў і членаў іх сем’яў ад феад. павіннасцей, стварыў структуры самаст.венг.дзяржавы (прыдворны савет, канцылярыя, рэгулярная армія і інш.), абапіраўся на фін., дыпламат. і ваен. дапамогу франц. караля Людовіка XIV. Пасля паражэнняў венг. войск у 1708 і 1710 у крас. 1711 у г. Сатмар (цяпер Сату-Марэ, Румынія) падпісаны мірны дагавор (куруцы канчаткова капітулявалі ў маі—чэрв. 1711), Венгрыя зноў страціла незалежнасць.
Літ.:
Краткая история Венгрии: С древнейших времен до наших дней. М., 1991. С. 135—141.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1859—60 У ІТА́ЛІІ,
адзін з гал. этапаў Рысарджымента; прывяла да ліквідацыі феад.-абсалютысцкіх рэжымаў і стварэння адзінай нац.італьян.дзяржавы. Разгарнулася пасля паражэння Аўстрыі ў аўстра-італа-французскай вайне 1859 і вызвалення Ламбардыі ад аўстр. няволі. Асн. звёны рэвалюцыі: нар. паўстанні 1859 у Цэнтр. Італіі, у выніку якіх скінуты феад.-абсалютысцкія рэжымы ў Модэне, Парме, Таскане і Раманьі, і гэтыя тэрыторыі разам з Ламбардыяй далучаны да Сардзінскага каралеўства ў 1860; рэв. паход «Тысячы» Дж. Гарыбальдзі на Пд Італіі, вынікам якога стала далучэнне тэр.Сіцылій абедзвюх каралеўства да Сардзінскага каралеўства (паводле рэферэндуму 21.10.1860). 17.3.1861 абвешчана адзіная італьян. дзяржава (астатнія тэрыторыі злучыліся з Італіяй: Венецыя ў 1866, Рым з Папскай вобласцю ў 1870). Асн. масу ўдзельнікаў рэвалюцыі складалі гар. нізы, сяляне і дэмакр. інтэлігенцыя. Аднак кіраўніцтва ёю, з прычыны слабасці дэмакратаў-рэспубліканцаў, належала лібералам-манархістам; гэта прадвызначыла незавершанасць распачатых у час рэвалюцыі сац. пераўтварэнняў, аб’яднанне Італіі ў форме канстытуцыйнай манархіі, а не рэспублікі.
Літ.:
Объединение Италии. 100 лет борьбы за независимость и демократию: Сб. ст.М., 1963;
Серова О.В. Горчаков, Кавур и объединение Италии. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБО́РНАЕ ЎЛАЖЭ́ННЕ 1649,
першы друкаваны помнік заканадаўства Рас.дзяржавы, які адлюстраваў эвалюцыю сац.-паліт. ладу краіны ад саслоўна-прадстаўнічай манархіі да абсалютызму. Распрацавана камісіяй на чале з кн. М.І.Адоеўскім, прынята 8.2.1649 Земскім саборам 1648—49. Складаецца з 25 глаў і 967 артыкулаў. Рэгламентавала пытанні дзярж., маёмаснага і крымін. (асабліва цяжкія пакаранні за злачынствы супраць цара і баяр) права, судаводства. Стварала ўмовы для сцірання межаў паміж памеснай і вотчыннай формамі зямельнай уласнасці.
Пасадскае насельніцтва, у т. л. са свабодных раней ад цягла «белых» слабод, вылучалася ў асобны стан пасадскіх людзей і прымацоўвалася да пасадаў. С.ў. канчаткова аформіла прыгоннае права праз увядзенне бестэрміновага вышуку збеглых сялян. Крыніцы С.ў.: Кормчыя кнігі, Судзебнік 1550, Указныя кнігі прыказаў, Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 і інш. С.ў. ідзе ўслед за Статутам ВКЛ у структуры і падборы казусаў, часам дае даслоўныя вытрымкі з яго. Дзейнічала да 1830-х г.