ФТА́ЛЕВЫЯ КІСЛО́ТЫ, бензолдыкарбонавыя кіслоты,

карбонавыя кіслоты араматычнага раду, C6H4 (COOH)2. Адрозніваюць артафталевую (фталевая), метафталевую (ізафталевая) і парафталевую (тэрэфталевая) кіслоты.

Ф.к. — бясколерныя крышталі, нерастваральныя ў вадзе. Мал. м. 166,14, tпл 211 °C. Пры награванні або дзеянні дэгідратавальных агентаў лёгка ператвараецца ў фталевы ангідрыд. Пры т-ры 200 °C (каталізатары — солі цынку. нікелю, медзі) дэкарбаксіліруецца да бензойнай к-ты. З асновамі ўтварае солі па адной або 2 карбаксільных групах, са спіртамі — мона- і дыэфіры. Ёсць у зеляніне. Сыравіна ў вытв-сці поліэфіраў, фарбавальнікаў, лек. сродкаў.

т. 16, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЛЕСТЭРЫ́Н, халестэрол,

арганічнае злучэнне, важнейшы стэрын жывёл. Вылучаны з жоўцевых камянёў (адсюль назва: грэч. cholē жоўць). Прысутнічае ў жывых арганізмах, у т. л. бактэрыях і інш.

Бясколерныя крышталі, нерастваральныя ў вадзе. Здольныя да ўтварэння малекулярных комплексаў з солямі, к-тамі, бялкамі і інш. Усмоктваецца ў тонкім кішэчніку. У пазваночных жывёл вял. колькасць Х. ў ліпідах нерв. тканкі, печані, наднырачніках. Важнейшая біяхім. функцыя Х. ў пазваночных — ператварэнне ў прагестэрон у плацэнце, семянніках, наднырачніках. Лішак Х. ў арганізме садзейнічае развіццю атэрасклерозу. У прам-сці з Х. сінтэзуюць стэроідныя прэпараты.

т. 16, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́НСЕН (Hansen) Ханс Крысціян (8.11.1906, г. Орхус, Данія — 19.2.1960),

дацкі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1929 сакратар С.-д. саюза моладзі. у 1933—37 яго старшыня. У 1935—39 старшыня Сацыялістычнага інтэрнацыянала моладзі. З 1936 дэпутат фолькетынга ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Даніі (СДПД). У 1939—41, 1945—53 сакратар СДПД. У 2-ю сусв. вайну чл. міжпарт. к-та па сувязі з рухам Супраціўлення. У 1945 і 1947—50 міністр фінансаў, у 1953—58 міністр замежных спраў. У 1955—60 старшыня СДПД і прэм’ер-міністр Даніі.

т. 16, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРЧО́ВАЯ ДЫКТАТУ́РА ў Савецкай Расіі ў 1918—21,

сістэма надзвычайных захадаў сав. улады па арганізацыі харч. забеспячэння прамысл. цэнтраў і Чырв. Арміі. Выклікана харч. крызісам, які развіваўся ў Расіі з 1915. Уведзена дэкрэтамі ВЦВК і СНК РСФСР ад 13 і 27 мая 1918. Уключала цэнтралізацыю нарыхтоўкі і размеркавання харчавання, манаполію хлебнага гандлю, харчразвёрстку, была ч. палітыкі «ваеннага камунізму». Ажыццяўлялася Наркаматам харчавання і яго мясц. органамі — харч. к-тамі з дапамогай харчарміі і харчатрадаў, выклікала масавую незадаволенасць і выступленні сялянства. Адменена з увядзеннем новай эканамічнай палітыкі (1921).

т. 16, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕ́ЙМАНС, Гейманс (Heymans) Карней Джын Франсуа (28.3.1892, г. Гент, Бельгія — 18.6.1968), бельгійскі вучоны ў галіне фізіялогіі і фармакалогіі. Ганаровы чл. Лонданскага каралеўскага т-ва, АН Францыі. Скончыў ун-т Гента (1920). Вучыўся ў Парыжы, г. Лазана (Швейцарыя), Вене, Лондане. З 1922 ва ун-це Гента (рэктар). У 1930—63 ва ун-це Хейманса (дырэктар). Навук. працы па праблемах фізіялогіі і фармакалогіі дыхання, цыркуляцыі крыві, метабалізму. Адкрыў хемарэцэптары. Вызначыў ролю рэфлексагенных зон каратыдных сінусаў і аорты ў рэгуляцыі дыхання і кровазвароту. Нобелеўская прэмія 1938.

В.​Ф.​Ермакоў.

К.​Дж.Ф.Хейманс.

т. 17, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕ́РШЫ (Heishey) Алфрэд Дэй (4.12.1908, г. Авоса, ЗША — 1997),

амерыканскі вучоны ў галіне генетыкі і вірусалогіі. Чл. Нац. АН ЗША (1958), чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Скончыў Мічыганскі ун-т (1930). Д-р філасофіі (1934). З 1934 у Вашынгтонскім ун-це, з 1950 у Ін-це Карнегі (з 1962 дырэктар). Навук. працы па вывучэнні механізмаў перадачы генет. інфармацыі ў фагаў. Даказаў магчымасць рэкамбінацыі ў бактэрыяфагаў і гал. ролю нуклеінавай к-ты ў віруснай інфекцыі. Нобелеўская прэмія 1969 (з М.Дэльбрукам і С.Лурыя).

В.​Ф.​Ермакоў.

А.Д.Хершы.

т. 17, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЛАРЫ́ДЫ НЕАРГАНІ́ЧНЫЯ,

злучэнні хлору з менш электраадмоўнымі элементамі. Х.н. адна- і двухвалентных металаў — солі (многія раствараюцца ў вадзе); полівалентных металаў і неметалаў — пераважна кавалентныя злучэнні (многія раствараюцца ў арган. растваральніках і гідралізуюцца вадой). Х.н. неметалаў — звычайна вадкія або газападобныя злучэнні; некат. з іх — комплексныя злучэнні.

Атрымліваюць з простых рэчываў, узаемадзеяннем салянай к-ты з металамі, аксідамі, гідраксідамі, карбанатамі і гідракарбанатамі. У прыродзе ўтвараюць шматлікія мінералы, напр., бішафіт, галіт, карналіт, сільвініт. Знаходзяцца ў марской вадзе, саляных падземных расолах. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці хлору, шчолачаў, некат. металаў і інш. Гл. таксама Галагеніды.

т. 17, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ЛДЗІНГ-КО́МПАНІ, холдзінг (англ. holding company ад holding які валодае),

акцыянерная кампанія, якая выкарыстоўвае свой капітал для набыцця кантрольных пакетаў акцый інш. кампаній з мэтай кантролю і кіравання імі. Часам яна не валодае ўласным вытв. патэнцыялам і не займаецца вытв. або камерцыйнай дзейнасцю. Адрозніваюць холдзінгі чыстыя, якія не займаюцца вытв., гандл. або банкаўскай дзейнасцю, і змешаныя, якія і самі займаюцца прадпрымальніцтвам у розных сферах. Х.-к. ствараюцца буйнымі карпарацыямі для правядзення адзінай палітыкі і ажыццяўлення адзінага кантролю або для паскарэння працэсу дыверсіфікацыі, размеркавання капіталу паміж рознымі галінамі.

т. 17, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ФМАН, Гофман (Hoffmann) Іозеф (15.12.1870, Бртніцэ, Чэхія — 7.5.1956), аўстрыйскі архітэктар; прадстаўнік стылю мадэрн. Вучыўся ў Венскай маст.-прамысл. школе ў К.​Газенаўэра і О.Вагнера. Адзін са стваральнікаў аб’яднанняў «Венскі Сецэсіёп» (1897), «Венскія майстэрні» (1903), «Аўстрыйскі Веркбунд» (1912). Пошукамі рацыянальнай прастаты і яснасці форм спрыяў станаўленню архітэктуры функцыяналізму. Пабудовы: санаторый у Пуркерсдорфе каля Вены (1903—04), Палац Стокле ў Бруселі (1905—11), аўстр. павільёны на многіх выстаўках, у т. л. Веркбунда ў Кёльне (Германія, 1914), біенале ў Венецыі (Італія, 1934).

І.Хофман. Палац Стокле ў Бруселі. 1905—11.

т. 17, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІР СТРАЛКО́ВЫ (франц. tir),

закрытае ці паўзакрытае памяшканне для вучэбнай і трэніровачнай стральбы з ручной агнястрэльнай і пнеўматычнай зброі. Мае стралковы павільён з агнявой зонай і куляпрыёмнік. Памеры Ц. па далёкасці звычайна не перавышаюць 400 м для баявой, 100 м для малакалібернай і 25 м для пнеўматычнай зброі. На Беларусі 1 стралкова-спарт. стрэльбішча, 10 стралкова-спарт. комплексаў, 45 ціраў (25 і 50 м). Найбольшыя: спартыўна-стралковы комплекс імя С.​К.​Цімашэнкі (Мінск), ціры «Дынама» (Мінск, Гродна), спарт.-стралковы комплекс аб’яднання «Азот» (г. Гродна).

У.​Ф.​Чайка.

т. 17, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)