МАЁР (ад лац. major большы, старшы),

воінскае званне старшых афіцэраў ва ўзбр. сілах многіх дзяржаў. Упершыню чын М. паявіўся ў 16 ст. ў Іспаніі і герм. дзяржавах; у рас. арміі існаваў у 17—19 ст. Да канца 18 ст. званне было ў арміі ВКЛ. У Сав. Арміі званне М. ўведзена ў 1935 і захавалася ва ўзбр. сілах Рэспублікі Беларусь і інш. дзяржаў. Гл. таксама Званні воінскія.

т. 9, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙСТРЭ́НКА Барыс Аляксандравіч (1.12.1924, г. Асіповічы Магілёўскай вобл. — 15.1.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Харкаўскае танк. вучылішча (1943). 3 ліп. 1943 на Ленінградскім фронце. Камандзір танка лейт. М. вызначыўся ў чэрв. 1944 у час прарыву абароны праціўніка на Карэльскім перашыйку: у час бою прыняў на сябе камандаванне ротай, экіпаж яго танка знішчыў 11 дотаў і 8 дзотаў, 15 гармат, 20 кулямётаў, 10 мінамётаў. Памёр ад ран.

Б.А.Майстрэнка.

т. 9, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАК-РО́БЕРТСАНА ЗЯМЛЯ́ (MacRobertson Land),

частка тэр. Антарктыды паміж 60 і 73° усх.д.; абмываецца на Пн морам Садружнасці. Магутнасць ледавіковага покрыва ў цэнтр. ч. больш за 2000 м. У прыбярэжнай паласе (бераг Моўсана) ёсць участкі, свабодныя ад лёду, на Пд — вялізны горны раён (горы Прынс-Чарлз). Аўстрал. навук. станцыя Моўсан. Адкрыта ў 1930 Брытанска-аўстрала-новазеландскай экспедыцыяй Д.Моўсана. Названа ў гонар аўстрал. прадпрымальніка, які фінансаваў экспедыцыю.

т. 9, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ СІ́ТЫ,

сарбенты, што выбіральна паглынаюць з навакольнага асяроддзя рэчывы, малекулы якіх не перавышаюць вызначаных памераў. Адрозніваюць М.с. мінер. (неарган.) і арганічныя. Неарганічныя — жорсткія крышт. структуры з поласцямі, якія злучаны паміж сабой вузкімі каналамі («порамі»). Арганічныя — гелепадобныя сарбенты, атрыманыя на аснове высокамалекулярных злучэнняў; уяўляюць сабой прасторавую сетку з ланцуговых макрамалекул, «сшытых» хім. сувязямі. Выкарыстоўваюць для ачысткі рэчываў ад прымесяў, храматаграфічнага раздзялення бялкоў, вугляводаў, гармонаў, антыбіётыкаў і інш.

т. 10, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НАР (англ. manor ад лац. maneo астаюся, пражываю),

назва феад. вотчыны ў сярэдневяковай Англіі. Сфарміраваўся ў 11—12 ст. Складаўся з дамена — зямлі, на якой уласную гаспадарку землеўладальніка-лорда вялі юрыд. падсудныя яму прыгонныя сяляне-віланы, зямлі трымальнікаў — віланаў і вольных сялян, а таксама абшчынных угоддзяў. З развіццём капіталіст. адносін і знікненнем катэгорыі віланаў (15—16 ст.). М. паступова перараджаўся і ў 18 ст. канчаткова знік.

т. 10, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НЕЦ,

возера ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сергуч (цячэ праз возера), за 42 км на ПдУ ад г. Докшыцы, на тэр. Бярэзінскага біясфернага запаведніка, сярод забалочанага лесу. Пл. 1,44 км², даўж. больш за 2,7 км, найб. шыр. 750 м, даўж. берагавой лініі 6,1 км. Пл. вадазбору 188 км². Схілы катлавіны невыразныя. Берагі нізкія, забалочаныя, пад хмызняком. Дно плоскае, сапрапелістае. Зарастае.

т. 10, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НЛІЙ КАПІТАЛІ́ЙСКІ Марк (Marcus Manlius Capitolinus; ? — 384 да н.э.),

старажытнарымскі палкаводзец, консул (392 да н.э.), патрыцый. Камандаваў рым. войскамі ў вайне з эквамі (392 да н.э.), выратаваў Капітолій ад галаў (387 да н.э., адсюль ганаровае імя Капіталійскі). У 385 да н.э. выступіў у абарону плебеяў, у т. л. супраць даўгавога рабства. У 384 да н.э. абвінавачаны патрыцыямі ў імкненні да тыраніі і скінуты з Тарпейскай скалы.

т. 10, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РНА (Marne),

рака на Пн Францыі, правы прыток р. Сена. Даўж. 525 км, пл. басейна 12,7 тыс. км². Пачынаецца на плато Лангр, цячэ ў межах Парыжскага бас., упадае ў р. Сена каля Парыжа. Сярэдні расход вады ў вусці больш за 100 м³/с. Суднаходная ад г. Эперне. Злучана каналамі з рэкамі бас. Рэйна і Соны. У час 1-й сусв. вайны на М. адбыліся Марнскія бітвы.

т. 10, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХАЙРО́ДЫ (Machairodus ад грэч. machaira кароткі крывы меч + odus зуб),

шаблязубыя тыгры, род вымерлых жывёл сям. кашэчых. Вядомы з міяцэнавых і пліяцэнавых адкладаў. Былі пашыраны ў паўд. ч. Еўропы, Азіі, Афрыцы. Блізкія роды (Smilodon і інш.) жылі ў Паўн. Амерыцы.

Большыя за сучасных тыграў. Мелі вял. (даўж. да 14 см) шаблепадобныя верхнія іклы з рэжучымі зазубленымі краямі, якімі забівалі буйных таўстаскурых жывёл (мастадонтаў, насарогаў і інш.).

Махайрод.

т. 10, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕГАСПО́РА (ад мега... + спора), макраспора,

вялікая гаплоідная клетка разнаспоравых вышэйшых раслін. Утвараецца ў выніку меёзу мацярынскай клеткі (мегаспарацыту). Дае пачатак жаночаму зарастку (гаметафіту) у папарацепадобных, першаснаму эндасперму ў голанасенных, зародкаваму мяшку ў пакрытанасенных. Першыя стадыі развіцця зарастка адбываюцца ў М., потым яе абалонкі раскрываюцца і ч. зарастка, што нясуць архегоніі, выступаюць наверх. У насенных раслін М. ўтвараюцца па 4 у нуцэлусе — цэнтр. ч. семязавязі.

т. 10, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)