АПЕРО́Н (ад лац. operare працаваць, дзейнічаць),

участак генетычнага матэрыялу з аднаго, двух і больш счэпленых структурных генаў, якія кадзіруюць бялкі (ферменты), што ажыццяўляюць паслядоўныя этапы біясінтэзу якога-н. метабаліту. У аперон эўкарыёт уваходзіць, як правіла, адзін структурны ген. Рэгулятарныя элементы аперона складаюць таксама праматар (участак малекулы ДНК, з якім спецыфічна звязваецца фермент РНК-палімераза, што ажыццяўляе транскрыпцыю аперона) і аператар (участак ДНК, які нясе функцыю «ўключэння» або «выключэння» структурных генаў і рэгулюе функцыянальную актыўнасць аперона). Канцэпцыя аперона распрацавана франц. вучонымі Ф.​Жакобам і Ж.​Мано (1961) для тлумачэння механізму рэгуляцыі сінтэзу бялку ў бактэрыяльных клетках.

Рэгулятарная функцыя аперона адбываецца на стадыі транскрыпцыі і забяспечвае каардынацыю сінт. працэсаў і адпаведныя рэакцыі клеткі на ўплыў навакольнага асяроддзя. Кантралюе дзейнасць аперона ген-рэгулятар, які можа знаходзіцца ў розных участках храмасомы. Яго прадукт — бялок-рэгулятар — пастаянна сінтэзуецца ў клетцы ў невял. колькасці і здольны ўзаемадзейнічаць з двума рознымі субстратамі, з аператарам і эфектарам (нізкамалекулярным рэчывам). У рэпрэсібельных сістэмах комплекс бялку-рэгулятара з эфектарам набывае роднасць з аператарам і далучаецца да яго, у выніку адбываецца выключэнне генаў, якія кіруюцца гэтым аператарам. У індуцыбельных сістэмах эфектар, які далучаецца да бялку-рэгулятара, вызваляе аператар ад гэтага бялку. Такім чынам, запускаюцца ў работу гены, падпарадкаваныя дадзенаму аператару.

Да арт. Аперон. Асноўныя структуры і працэсы, якія ўдзельнічаюць у рэгуляцыі біясінтэзу бялкоў — ферментаў паводле гіпотэзы Жакоба—Мано. Лічбы паказваюць паслядоўнасць працэсаў.

т. 1, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМЕ́НЫ,

вобласці хімічна аднароднага асяроддзя, якія адрозніваюцца эл., магн., пругкімі ўласцівасцямі або ўпарадкаванасцю размеркавання часціц. Утварэнне Д. звязана з фазавым пераходам крышталёў у стан з больш нізкай сіметрыяй; аналіз з дапамогай тэорыі груп дазваляе выявіць усе магчымыя віды Д. пры любым фазавым пераходзе. Д. бываюць: ферамагн., сегнетаэл., пругкія, Гана, у вадкіх крышталях і інш.

Вобласць, у якой адбываецца паступовы пераход ад аднаго Д. да другога, наз. мяжой Д. (даменнай сценкай); яе характэрная таўшчыня залежыць ад тыпу фазавага пераходу — ад некалькіх міжатамных адлегласцей для Д., якія адрозніваюцца атамна-крышталічнай структурай, да соцень і тысяч міжатамных адлегласцей у ферамагн. Д. Ферамагнітныя Д. — вобласці самаадвольнай (спантаннай) намагнічанасці; намагнічаныя да насычэння часткі аб’ёму ферамагнетыка, на якія ён распадаецца пры т-рах, меншых за кюры пункт; звычайна маюць памеры да 0,1 мм. Сегнетаэлектрычныя Д. — вобласці аднароднай спантаннай палярызацыі ў сегнетаэлектрыках; маюць памеры да 0,01 мм. Пругкія Д. — вобласці з рознай спантаннай дэфармацыяй, што ўзнікаюць у цвёрдай фазе пры яе ўтварэнні ўнутры або на паверхні інш. цвёрдай фазы; выяўляюцца пры ўпарадкаванні цвёрдых раствораў, мех. двайнікаванні і інш. Д. Гана — вобласці паўправаднікоў з розным удзельным эл. супраціўленнем і рознай напружанасцю эл. поля; утвараюцца ў паўправадніках з N-падобнай вольтампернай характарыстыкай (гл. Гана эфект).

П.​С.​Габец, П.​А.​Пупкевіч.

Дамены: а — сегнетаэлектрычныя; б — ферамагнітныя (парашковыя фігуры на паверхні крышталя крамяністага жалеза). Стрэлкамі паказаны напрамак вектара палярызацыі (намагнічанасці).

т. 6, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫМЯРА́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

сродкі вымярэння, якія даюць магчымасць непасрэдна адлічваць (рэгістраваць) значэнне велічыні, што вымяраецца.

Паводле прызначэння падзяляюцца на электравымяральныя прылады, цеплатэхнічныя прылады, метэаралагічныя прылады, гідралагічныя прылады, актынаметрычныя (актынометры, піргеліёметры, альбедометры, балансамеры), астранамічныя інструменты і прылады, геадэзічныя прылады і інструменты, акустычныя (фазометры, шумамеры, акустычныя інтэрферометры і інш.), метралагічныя (эталонныя) прылады для градуіроўкі і праверкі рабочых вымяральных прылад (напр., квантавы гадзіннік, гл. таксама Метралогія), прылады для вымярэння часу (гадзіннік, гадзіннік астранамічны), вуглавых і лінейных скарасцей і паскарэнняў (акселерометры, тахометры, спідометры), радыётэхн. вымяральныя прылады (асцылограф, частатамер і інш.), спец. прылады (авіяцыйныя, карабельныя і інш., напр., вышынямер, гіракомпас). Пашыраны і камбінаваныя вымяральныя прылады, якія вымяраюць некалькі велічынь (ампервальтомметр і інш.). Паводле формы атрымання інфармацыі вымяральныя прылады бываюць аналагавыя (значэнне велічыні паказваецца на шкале) і лічбавыя (на спец. індыкатары), з візуальным адлічваннем і самапісныя (барографы, тэрмографы, індыкатары ціску, лічбавыя друкавальныя хранографы). Пашыраны інтэгральныя вымяральныя прылады, якія даюць сумарнае значэнне велічыні за пэўны час (напр., лічыльнікі электрычныя, расхадамеры). Адрозніваюць таксама вымяральныя прылады аўтаматычныя і ручнога кіравання. Найб. пашыраны вымяральныя прылады прамога дзеяння (прамога пераўтварэння) і прылады параўнання, у якіх велічыня, што вымяраецца, параўноўваецца з адпаведнай мерай (вагі, патэнцыёметры).

У.​М.​Сацута.

Вымяральныя прылады: 1 — прамога дзеяння (спружынныя вагі); 2 — параўнання (рычажныя вагі).
Да арт. Вымяральныя прылады. Вымяральны мікраскоп: 1 — асвятляльнік; 2 — акулярная галоўка; 3 — візірны мікраскоп; 4 — паваротны стол; 5, 6 — вінты перамяшчэння паваротнага стала.

т. 4, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕАЛО́ГІЯ (ад грэч. genealogia радаслоўная),

спецыяльная гістарычная навука, якая вывучае паходжанне, гісторыю, сац. становішча, сваяцкія сувязі родаў і асоб. Вытокі генеалогіі ў язычніцкім кульце продкаў. Як галіна ведаў існавала ў Стараж. Рыме. У эпоху пераходу да феадалізму звесткі пра генеалогію — састаўная частка вусна-паэт. творчасці. У сярэдневякоўі былі вельмі пашыраны генеалагічныя паданні пра паходжанне родаў і цэлых народаў. Шырока вядома сага 12 ст. «Кніга пра ісландцаў» А.​Торгільсана пра паходжанне і генеалогію насельнікаў Ісландыі. У ВКЛ у 15—16 ст. бытавала легенда, што мясц. шляхта паходзіць ад рымскага патрыцыя Палемона і яго паплечнікаў, якія перасяліліся ў Літву. У ВКЛ былі шырока распаўсюджаны гербоўнікі, якія спалучалі звесткі з генеалогіі і геральдыкі. Як гіст. навука генеалогія склалася ў 16—18 ст., калі сталі распрацоўвацца метады складання радаводных табліц і роспісаў, сістэмы нумарацыі сваяцтва. У 19 ст. ўзніклі генеалагічныя т-вы ў Вялікабрытаніі і Аўстрыі, якія займаліся даследаваннямі на навук. аснове. З часам падобныя т-вы ўтварыліся ва ўсіх краінах Еўропы, зараз яны існуюць і на правінцыяльным узроўні. У Рэспубліцы Беларусь пытанні генеалогіі распрацоўваюць Ін-т гісторыі Нац. АН, Згуртаванне бел. шляхты, Бел. генеалагічнае т-ва, Аддзел геральдыкі і генеалогіі К-та па архівах і справаводстве.

Літ.:

История и генеалогия. М., 1977;

Genealogia. Warszawa, 1959.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

Да арт. Генеалогія. Шляхецкі герб і радаводнае дрэва Лазоўскіх.

т. 5, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛО́НІІ (ад лац. colonia пасяленне) у біялогіі, сумесныя пасяленні груп аднаго, радзей некалькіх відаў, пастаянныя ці часовыя, абумоўленыя марфал., роднаснымі ці экалагічнымі ўзаемасувязямі, якія забяспечваюць асобінам лепшыя ўмовы існавання.

У раслін К. вядомы сярод водарасцяў; бываюць свабоднаплаваючыя і прымацаваныя, маюць разнастайную форму і памеры, ад 2 клетак (глеякапс) да многіх тысяч (вальвокс). У жывёл сапр. К. — сукупнасці асобін, арганічна звязаных паміж сабой, якія ўтварыліся ў выніку не даведзенага да канца дзялення ці пачкавання (гл. Каланіяльныя арганізмы), простыя тэр. намнажэнні адзінкавых форм (мідыі, марскія жалуды) або згуртаванні асобін аселых жывёл, якія маюць пастаянныя сховішчы (многія віды кажаноў, мурашкі і інш.); згуртаванні з больш складанымі ўзаемасувязямі паміж асобінамі, калі некат. функцыі ў пасяленнях выконваюцца супольна (напр., абарона ад ворагаў і папераджальная сігналізацыя на птушыных базарах, «дзіцячыя сады» ў пінгвінаў, пасяленні ластаногіх, суслікаў); К. грамадскіх насякомых (мурашак, пчол, тэрмітаў і інш.), у якіх асобіны сумесна выконваюць большасць функцый — размнажэння, абароны, забеспячэння кормам, будаўніцтва і інш. (з абавязковым размеркаваннем працы і спецыялізацыяй асобін або ўзроставых груп на выкананні вызначаных аперацый) і дзейнічаюць на аснове пастаяннага абмену інфармацыяй паміж сабой. К. мікраарганізмаў — сукупнасць клетак або міцэлію, якая ўтвараецца ў працэсе іх росту і размнажэння на штучным пажыўным асяроддзі, на паверхні прадуктаў харчавання або ў глебе, грунце вадаёмаў і інш.

Э.​Р.​Самусенка.

Калоніі: 1 — водарасць вальвокс, 2 — эпізаантус; 3 — паразаантус.

т. 7, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІТА́ЙСКАЯ МО́ВА,

адна з кітайска-тыбецкіх моў. Афіц. мова Кітая, адна з афіц. моў ААН. Пашырана таксама ў Камбоджы, Лаосе, В’етнаме, М’янме, Малайзіі, Тайландзе, Сінгапуры і інш. дзяржавах Паўд.-Усх. Азіі. Існуе ў 2 формах — пісьмовай і вуснай, якія не маюць адпаведнасцей. У пісьмовай К.м. выкарыстоўваюцца іерогліфы, якія забяспечваюць цэласнасць арэала распаўсюджання К.м. і часта з’яўляюцца адзіным сродкам міждыялектных зносін. Вылучаюць 7 асн. дыялектных груп: паўн., у, сян, гань, хакка, юэ, мінь. Літ. мова абапіраецца на паўн. дыялекты, у аснову літ. вымаўлення пакладзена пекінская гаворка. Галосныя і зычныя вуснай К.м. арганізаваны ў таніраваныя склады; усяго ў К.м. 4 тоны (узыходны, сыходны, высокі і нізкі). У безнаціскным становішчы тон страчваецца. У К.м. адсутнічае словазмяненне; у словаўтварэнні дамінуе коранескладанне. Часціны мовы прадстаўлены 2 вял. класамі слоў, якія абазначаюць прадмет або яго прыкмету. Сінтаксіс характарызуецца жорсткім парадкам членаў сказа.

Стараж.-кіт. мова (гувэнь) узнікла ў 1-м тыс. да н. э. У 4—3 ст. да н. э. склалася яе літ. норма (вэньянь), якая са зменамі выкарыстоўвалася як пісьмовая літ. норма да 20 ст. У 1-й пал. 20 ст. незразумелы на слых вэньянь быў выцеснены ў пісьмовых зносінах «агульназразумелай мовай» (путунхуа), якая стала нац. літ. мовай. К.м. карыстаецца кітайскім пісьмом. Стараж. літ. помнікі датуюцца 1-й пал. 1-га тыс. да н. э.

А.​М.​Гардзей.

т. 8, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІКА́ГА,

2-я дынастыя ваенна-феад. правіцеляў (сёгунаў) Японіі ў 1335 (1338)—1573. Улада Асікага была нетрывалая з-за ўзмацнення мясц. князёў (даймё). Міжусобныя войны, якія пачаліся з сярэдзіны 15 ст., прывялі краіну да распаду на асобныя незалежныя княствы. Апошні прадстаўнік дынастыі скінуты яп. палкаводцам Ода Набунага ў 1573.

т. 2, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЯРО́ДДЗЕ ў біялогіі,

сукупнасць абіятычных (нежывых) і біятычных (жывых) умоў існавання жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Адрозніваюць асяроддзі: знешняе — сукупнасць сіл і з’яў прыроды, якія не абавязкова кантактуюць з жывымі арганізмамі; навакольнае — маецца на ўвазе непасрэдны кантакт з арганізмамі; прыроднае — уключае абіятычныя, біятычныя і антрапагенныя фактары, што ўздзейнічаюць на арганізм.

т. 2, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІЗА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,

арганізацыя вытв. дзейнасці, якая зыходзіць з неабходнасці яе гарманічнага ўпісання ў прыродныя кругавароты рэчываў. Звычайна біялагізацыя вытворчасці дапускае прыбліжэнне вытв. дзейнасці да законаў біятычнага кругавароту, напр. пераход ад хімізацыі сельскай гаспадаркі да новых біяарган. с.-г. тэхналогій, стварэнне аграэкасістэм, якія арганічна спалучаюць антрапагенныя і прыродныя біяцэнозы.

т. 3, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯПАЛІМЕ́РЫ,

прыродныя высокамалекулярныя злучэнні, якія з’яўляюцца структурнай асновай усіх жывых арганізмаў. Забяспечваюць іх нармальную жыццядзейнасць, выконваюць розныя біял. функцыі. Да асноўных біяпалімераў належаць бялкі, нуклеінавыя кіслоты, поліцукрыды. Існуюць таксама змешаныя біяпалімеры: ліпапратэіды (комплексы бялкоў і ліпідаў), глікапратэіны (злучэнні, у якіх аліга- ці поліцукрыдныя ланцугі звязаны з пептыднымі), ліпаполіцукрыды.

т. 3, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)