МЕЗАФІ́ЛЫ [ад мез(а)... + філ(ы)],
жывёлы, якія жывуць пераважна ў месцах з сярэднім узроўнем увільготненасці. Патрабавальнасць да вільготнасці асяроддзя ў М. залежыць ад воднага балансу арганізма і рэгулюецца шэрагам марфал., фізіял. і экалагічных прыстасаванняў. Напр., тыповы М. у фауне Беларусі сярод насякомых — матыль соўка азімая, які насяляе палеткі папарныя або з прапашнымі культурамі і інш. месцы з оптымумам адноснай вільготнасці паветра 50—80%.
т. 10, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ДСЛІ ((Maudslay) Альфрэд Персіваль) (1850—22.1.1931),
англійскі археолаг, які даў навук. апісанне найбуйнейшых помнікаў майя. Да 1894 арганізаваў 7 экспедыцый, у час якіх даследаваў помнікі Кірыгуа, Паленке, Чычэн-Іца. Вынікі работ апублікаваў у серыі «Біялогія Цэнтральнай Амерыкі, ці Даследаванні флоры і фауны Мексікі і Цэнтральнай Амерыкі» (1892—1902). М. транскрыбіраваў тэксты майя, якія заклалі асновы даследавання іх іерагліфічнага пісьма.
т. 10, с. 511
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРАДЭРМІ́Т (ад нейра... + дэрма + ...іт),
хранічны дэрматоз, які суправаджаецца свербам і ліхенізацыяй (ушчыльненнем скуры, узмацненнем яе малюнка, парушэннем пігментацыі). Бывае алергічны, нейрагенны, спадчынны. Пры Н. ўзнікае прыступападобны сверб скуры, асабліва ноччу, пасля нерв. хваляванняў і інш. Часцей пашкоджваецца скура на патыліцы, шыі, локцевых, падкаленных згібах, перадплеччах. Лячэнне тэрапеўт., ванны з марской соллю, лек. травамі.
М.З.Ягоўдзік.
т. 11, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́СЦЕРКА,
герой бел. нар. казак. Разумны і спрытны бядняк, які ў любых сітуацыях знаходзіць выйсце, можа перахітрыць і паноў. Казкі з героямі, падобнымі да Н. (сюжэтны тып АТ * 847 «Залатое стрэмечка»), ёсць у рус., літ. і польск. фальклоры. На аснове бел. казак пра дасціпнага і знаходлівага бедняка В.Вольскі напісаў прасякнутую яркім нац. гумарам камедыю «Несцерка».
т. 11, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЗГО́ДНАСЦЬ у геалогіі, нязгоднае заляганне,
межаванне рознаўзроставых пластоў горных парод па паверхні размыву, які ўтварыўся ў выніку перарыву ў асадканамнажэнні. Фіксуе прасторавыя і гіст. суадносіны рознаўзроставых горных парод. Няпоўны стратыграфічны разрэз геал. адкладаў наз. стратыграфічнай Н. (яўнай, або схаванай). У залежнасці ад залягання кантактуючых тоўшчаў адрозніваюць Н.: паралельную, вуглавую, азімутальную, покрыўную, структурную, лакальную і інш.
І.В.Клімовіч.
т. 11, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ТСА БЕ́РАГ (Oates Coast),
частка паўн. ўзбярэжжа Зямлі Вікторыі (Усх. Антарктыда), які абмываецца морам Сомава, паміж 156 і 166° усх. д. Даўж. каля 600 км. Укрыты лёдам, ва ўсх. ч. групы гор, свабодныя ад лёду. Адкрыты ў 1911 англ. экспедыцыяй Р.Скота, названы ў гонар яе ўдзельніка капітана Л.Отса. У 1971 на О.Б. адкрыта сав. навук. станцыя Ленінградская.
т. 11, с. 458
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАРО́ЖЧЫНА,
від феад. павіннасці ў ВКЛ у 16—18 ст. Бралася феадалам з сялян як грашовы эквівалент падводнай павіннасці, паводле якой сяляне абавязаны былі даваць землеўладальнікам падводы для перавозкі прадукцыі да рачных прыстаней і ў горад. Памер вызначаўся паводле мясц. звычаю і фіксаваўся ў інвентарах. Часам П. — разнавіднасць грашовага чыншу, які плаціў кожны сял. двор (т.зв. падвароўшчына).
т. 11, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНА́МСКІ ЗАЛІ́Ў (Golfo de Panamá),
заліў у Ціхім акіяне, каля ўзбярэжжа Панамы. Уразаецца ў бераг Панамскага перашыйка на 140 км, пл. 37 тыс. км², шыр. каля ўвахода 185 км, глыб. да 3200 м. А-вы Жамчужныя. Прылівы паўсутачныя (да 6,4 м). На паўн. беразе П.з. пачынаецца Панамскі канал, пры ўваходзе ў які размешчаны парты Панама і Бальбоа.
т. 12, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЯРО́ВЫЯ ГРО́ШЫ,
грашовыя знакі, якім дзяржава надае ролю і сілу афіцыйных грошай. Па сутнасці з’яўляюцца дэкрэтнымі (умоўнымі) грашамі, бо іх сапраўдны кошт, які вымяраецца затратамі на выраб папяровых знакаў ці банкнот, значна ніжэйшы за паказаны на знаках наміналаў. Выкарыстоўваюцца з-за іх таннасці і зручнасці карыстання. Друкуюцца на спец. паперы, маюць некалькі ступеней аховы ад падробкі.
т. 12, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЛАМЕНТАРЫ́ЗМ,
сістэма дзярж. улады, пры якой выразна размяжоўваюцца функцыі яе заканадаўчых і выканаўчых органаў пры прызнанні прыярытэтнай ролі парламента як вышэйшага прадстаўнічага і заканад. органа. У рамках П. парламент фарміруе адказны перад ім урад, які ён кантралюе і можа адправіць у адстаўку. Менавіта парламенту належаць функцыі заканатворчасці. Пры П. паўнамоцтвы манарха або прэзідэнта звычайна носяць пратакольна-прадстаўнічы характар.
т. 12, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)