ПРАЕ́КТ (ад лац. projektus кінуты наперад) у архітэктуры і будаўніцтве, сістэма ўзаемазвязаных дакументаў, якія служаць асновай для буд-ва, рамонту, рэканструкцыі ці рэстаўрацыі аб’ектаў. Складаецца з абгрунтоўваючай і зацвярджаемай (абавязковая для выканання ўсімі фіз. і юрыд. асобамі) частак. Склад графічных, тэкставых і таблічных матэрыялаў П. (чарцяжы, схемы, разлікі, тлумачальныя запіскі, арх. макеты) вызначаецца спец. нарматыўнымі дакументамі. Для гарадоў і інш. нас. месцаў распрацоўваюцца П.: планіроўкі прыгарадных зон, генпланаў, дэталёвай планіроўкі асобных ч. горада, жылых, вытв., рэкрэацыйных і інш. функцыян. зон, асобных гар. вузлоў, вуліц і інш. Праектаванне ажыццяўляецца звычайна ў 2 стадыі: арх. П. (забяспечвае ўяўленне пра матэрыяльны вобраз аб’екта, яго размяшчэнне, фіз. параметры і маст.-тэхн. якасці, змяшчае тэхн.-эканам. паказчыкі); буд. П. (выконваецца на аснове зацверджанага арх. П., праведзеных інж. работ, навук.-тэхн. даследаванняў; забяспечвае непасрэдную рэалізацыю інвестыцый для буд-ва аб’ектаў). Нескладаныя П. распрацоўваюць у адну стадыю (рабочы П., які ўключае і зацверджаную арх. частку). Пры распрацоўцы дакументацыі на больш складаны і адказны аб’ект папярэдне распрацоўваюць эскізны П., тэхн.-эканам. абгрунтаванне, праводзяць конкурсы. Адрозніваюць П. тыпавы (для масавага буд-ва аднолькавых аб’ектаў) і індывід. (для буд-ва унікальных аб’ектаў).

Праектныя работы вядомы ў Стараж. Рыме, у эпоху Адраджэння. У 18 ст. ў Зах. Еўропе распрацоўваліся т.зв. П.-фантазіі. Часам нерэалізаваныя П. значна ўплывалі на развіццё архітэктуры (напр., П. горада на 3 млн. жыхароў, арх. Ле Карбюзье, Францыя, 1922).

На Беларусі пачатак праектнай дзейнасці адносіцца да канца 16 ст. (г. Нясвіж). З 2-й пал. 18 ст. пачалі выкарыстоўвацца тыпавыя (узорныя) П. пры буд-ве жылых і грамадскіх будынкаў (Гродна, Магілёў, Полацк, в. Варняны Астравецкага р-на Гродзенскай вобл.). Сучасныя П. распрацоўваюцца ў праектных арг-цыях: ін-тах «Беларускі праектны інстытут», «Белдзіпрадар», «Белдзіпралес», «Белдзіпрабудматэрыялы», «Мінскграмадзянпраект», «Мінскінжпраект», «Мінскграда» (з 1997) і інш., у персанальных творчых майстэрнях архітэктараў, якія маюць адпаведную ліцэнзію. Абавязкова праводзіцца дзярж. экспертыза П., яго зацвярджэнне ў адпаведных органах дзярж. кіравання, а ў асобных выпадках — грамадскае абмеркаванне П. на любой стадыі яго выканання.

С.​А.​Сергачоў.

т. 12, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁЛАКА́ЦЫЯ (ад радыё... + лакацыя),

знаходжанне і распазнаванне аб’ектаў, вызначэнне іх каардынат і інш. характарыстык з дапамогай радыёхваль; галіна навукі і тэхнікі. Сродкі і метады Р. выкарыстоўваюцца ў ваен. справе (у ППА і інш.), марской, паветр. і касм. навігацыі, метэаралогіі, астраноміі (Р. нябесных цел, у т. л. Сонца, Месяца, планет, метэораў), пры разведцы карысных выкапняў і інш.

Засн. на здольнасці фіз. цел (аб’ектаў) адбіваць, выпраменьваць і перавыпраменьваць радыёхвалі. Іх можна зарэгістраваць прыёмнікам і атрымаць патрэбную інфармацыю. Ажыццяўляецца з дапамогай радыёлакацыйных станцый (РЛС), сістэм і комплексаў. Найб. пашырана актыўная Р. з зандзіруючымі сігналамі, якія выпраменьваюцца антэннай сістэмай перадатчыка РЛС, адбіваюцца ад аб’екта і часткова ўлоўліваюцца прыёмнікам гэтай жа РЛС. Адлегласць да аб’екта вызначаюць па часе праходжання радыёсігналу да аб’екта і назад, напрамак (пеленг) — па арыентацыі накіраванай антэны. Калі аб’ект рухаецца адносна РЛС, частата радыёхвалі, адбітай аб’ектам, у адпаведнасці з Доплера эфектам змяняецца адносна частаты зандзіруючай радыёхвалі. Па рознасці гэтых частот вызначаюць скорасць перамяшчэння аб’екта. Пры Р. з актыўным адказам сігналы, пасланыя РЛС, рэтрансліруюцца радыёпрыстасаваннем, размешчаным на аб’екце (прыёмна-перадавальнай радыёстанцыяй). Пры пасіўнай радыёлакацыі выкарыстоўваецца ўласнае (цеплавое) выпрамяненне аб’екта ў дыяпазоне радыёхваль або выпрамяненне радыёпрыстасавання (радыёперадатчыка), размешчанага на аб’екце. Пры многапазіцыйнай Р. (т. зв. разнесеная сістэма) радыёсігналы, пасланыя адной РЛС і адбітыя аб’ектам, прымаюцца другой РЛС, што знаходзіцца ў інш. зоне прасторы (адлегласць паміж перадавальнай і прыёмнай РЛС можа змяняцца). Прынцыпы работы і апаратура радыёлакацыйных сістэм падобныя, як у гідралакацыі і радыёнавігацыі. Р. выкарыстоўвае складаныя зандзіруючыя сігналы і лічбавыя метады апрацоўкі інфармацыі для траекторных і картаграфічных вымярэнняў, здымкі мясцовасці, радыёкіравання рухомымі аб’ектамі і інш.

Літ.:

Теоретические основы радиолокации. М., 1970;

Справочник по радиолокации: Пер. с англ. Т. 1—4. М., 1976—79.

В.​І.​Вараб’ёў.

Схема радыёлакацыі (вымярэння каардынат) самалёта наземнай радыёлакацыйнай станцыяй.
Схема актыўнай радыёлакацыі: а — з пасіўным адказам; б — з актыўным адказам; в — разнесенай сістэмы пры пераменнай адлегласці (d) паміж перадавальным і прыёмным устройствамі радыёлакацыйнай станцыі (РЛС); г — кругавога агляду зямной паверхні з дапамогай самалётнай РЛС; д — радыёлакацыйная карціна мясцовасці ў сектары агляду.

т. 13, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ВА ЗДАРО́ЎЯ ДЗЯЦЕ́Й І ПАДЛЕ́ТКАЎ,

састаўная частка сістэмы аховы здароўя, галоўная задача якой — захаванне і ўмацаванне здароўя падрастаючага пакалення. Агульныя для гэтай сістэмы прынцыпы і кірункі дзейнасці спалучаюцца са спецыфікай, абумоўленай асаблівасцямі фіз., псіхічнага, разумовага, сац. развіцця дзяцей і падлеткаў, падыходам да іх здароўя як да найважнейшай каштоўнасці і абавязковай перадумовы здароўя будучых пакаленняў. У развітых краінах заканадаўства аб ахове здароўя, як правіла, уключае спец. палажэнні па ахове здароўя дзяцей і падлеткаў, забяспечвае кваліфікаваны мед. нагляд ад нараджэння дзіцяці да завяршэння падлеткавага ўзросту, узаемасувязь і пераймальнасць у дзейнасці асн. звёнаў прафілакт. і лячэбнай дапамогі.

На Беларусі аснову аховы здароўя дзяцей і падлеткаў складае разгалінаваная сетка дзярж. устаноў — спец. дзіцячых ці ў складзе ўстаноў для дарослых. На пач. 1994 яна ўключала: 380 дзіцячых паліклінік, 185 кабінетаў і 13 паліклінічных аддз. для падлеткаў; больш за 300 пунктаў аховы здароўя ў ПТВ і сярэдніх спец. навуч. установах; 13 дамоў дзіцяці, шэраг дзіцячых і для бацькоў з дзецьмі санаторыяў, кансультацыйна-дыягнастычных цэнтраў для дзяцей. У стацыянарах, паліклініках і інш. мед. установах для дарослых функцыянуюць аддз. для бальнічнай і лячэбна-прафілакт. дапамогі дзецям, мед.-сан. абслугоўвання школ, дзіцячых садоў і ясляў, летніх лагераў і гэтак далей. Незалежна ад стану здароўя прадугледжаны 16-разовы паліклінічны агляд дзяцей 1-га года жыцця, 4-разовы агляд урачамі трох спецыяльнасцяў дзяцей дашкольных устаноў, першакласнікаў — урачамі сямі, астатніх школьнікаў — урачамі пяці спецыяльнасцяў; паглыблены мед. агляд падлеткаў пры пераводзе іх з дзіцячых паліклінік у дарослыя камісіямі з сямі спецыялістаў. Работнікі сістэмы аховы здароўя дзяцей і падлеткаў удзельнічаюць у прафесійнай арыентацыі моладзі з улікам мед. проціпаказанняў, у кантролі за арганізацыяй і якасцю харчавання, узроўнем фізкультурна-аздараўленчай работы, у выкананні патрабаванняў агульнай і школьнай гігіены, выяўленні ранніх адхіленняў у фіз. развіцці, дыспансерызацыі дзяцей і падлеткаў, накіраванні іх на абследаванне і лячэнне (у т. л. санаторна-курортнае), прапагандзе здаровага ладу жыцця. Прадугледжана льготная падтрымка дзяцей і падлеткаў: бясплатнае забеспячэнне медыкаментамі дзяцей да 3-гадовага, а тых, што жывуць на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях, дзяцей-інвалідаў і з асабліва цяжкімі захворваннямі — да 15-гадовага ўзросту, бясплатнае харчаванне да 2-гадовага ўзросту для дзяцей з мнагадзетных і маламаёмных сем’яў, сац. пенсіі дзецям-інвалідам да 16-гадовага ўзросту, ільготныя ўмовы адпачынку і аздараўлення, шэраг абмежаванняў на працу.

Э.​А.​Вальчук.

т. 2, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́Я, Гоя-і-Лусьентэс (Goya y Lucientes) Франсіска Хасэ дэ (30.3.1746, Фуэндэтодас, каля г. Сарагоса, Іспанія — 16.4.1828), іспанскі жывапісец, гравёр. З 1760 вучыўся ў Сарагосе ў мясц. мастака Х.​Лусана-і-Мартынеса. Каля 1769 наведаў Італію, у 1771 вярнуўся ў Сарагосу, дзе стварыў фрэскі ў духу італьян. барока (размалёўка бакавога нефа царквы Нуэстра Сеньёра дэль Пілар). З 1773 працаваў у Мадрыдзе, у 1776—80 і 1786—91 выканаў для каралеўскай мануфактуры больш за 60 кардонаў для шпалер, адметных насычаным каларытам і радасным светаадчуваннем. У 1790 абраны ў Мадрыдскую АМ (з 1785 віцэ-дырэктар, з 1795 дырэктар яе жывапіснага аддзялення), у 1786 прызначаны прыдворным жывапісцам, з 1799 «першы жывапісец караля». Адначасова ў творчасці Гоя ўзмацняюцца рысы трагізму, глыбіня крытычнага ўспрымання рэчаіснасці, непрыязнасць да феад.-клерыкальнай Іспаніі «старога парадку». Пачварнасць яе маральных, духоўных і паліт. асноў ён раскрываў у серыі з 80 афортаў «Капрычас» (з каментарыямі мастака, 1797—98), у якой спалучаны гратэск і рэальнасць, алегорыя і фантастыка. У 1790-я — пач. 1800-х г. росквіту дасягнула яго партрэтная творчасць, у якой адчуванне адзіноты (партрэт сеньёры Бермудэс), мужнае процістаянне і выклік усяму навакольнаму (партрэт Ф.​Гіймардэ, 1798), прыгажосць маладой жанчыны («Маха аголеная» і «Маха апранутая», каля 1802). Цудоўны па вастрыні і пераканальнасці характарыстык групавы партрэт «Сям’я караля Карла IV» (1800). Глыбокім гістарызмам, пратэстам напоўнены карціны Гоя, прысвечаныя барацьбе супраць франц. інтэрвенцыі («Расстрэл паўстанцаў у ноч 3 мая 1808 года», 1814), серыя афортаў «Бедствы вайны» (82 аркушы, 1810—20), якая па-філасофску асэнсоўвае лёс народа. Цяжкая хвароба прывяла мастака да частковай страты зроку і поўнай глухаты. У творах таго часу пераважаюць трагічная разгубленасць, кашмарная фантастычнасць вобразаў (фрэскі «Дома глухога», графічная серыя з 22 аркушаў «Дыспаратэс»; усе ў 1819—23). З 1824 Гоя жыў у Францыі, пісаў партрэты сяброў, асвойваў тэхніку літаграфіі. Уплыў яго творчасці на жывапіс і графіку меў і мае агульнаеўрап. характар.

Літ.:

Прокофьев В.Н. «Капричос» Гойи. М., 1970;

Фейхтвангер Л. Гойя, или Тяжкий путь познания: Пер. с нем. 2 изд. М., 1959;

Ортега-и-Гассет Х. Гойя // Ортега-и-Гассет Х. «Дегуманизация искусства» и другие работы: Пер. с исп. М., 1991.

Ф.Гоя. Аўтапартрэт.
Ф.Гоя. Тут нічога нельга было зрабіць. Афорт. З серыі «Капрычас». 1797—98.
Ф.Гоя. Махі на балконе. Каля 1802.

т. 5, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУК ПАДПО́ЛЬНЫ ў Вялікую Айчынную вайну,

выданні, якія выпускалі ЦК КП(б)Б, падп. абласныя, міжраённыя, раённыя, парт. і камсамольскія к-ты, партыз. фарміраванні на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі. Асвятляў становішча на франтах, працу і жыццё насельніцтва ў тыле ворага, міжнар. падзеі. Першымі падп. выданнямі былі лістоўкі і звароты да насельніцтва, машынапісныя газеты і бюлетэні. З канца 1941 у Мінску падп. група А.​А.​Маркевіча друкавала лістоўкі, у студз.—жн. 1942 — малафарматную газ. «Патриот Родины» (выйшла 8 нумароў). Першым нелегальным друкаваным выданнем быў «Вестник Родины» Мінскага падп. гаркома КП(б)Б. Значнай з’явай у Д.п. быў выхад у маі—вер. 1942 4 нумароў газ. «Звязда» тыражом больш за 10 тыс. экз. (адноўлены ў студз. 1943). На тэр. Віцебскай вобл. ў прыфрантавой паласе друкавалася газ. «Віцебскі рабочы». У 1942 друкарскім спосабам выдаваліся 6 раённых, 1 міжраённая газета — органы Клічаўскага, Рудзенскага, Бярэзінскага, Бабруйскага, Віцебскага, Чэрвеньскага падп. райкомаў КП(б)Б. Для ўзмацнення прапагандысцкай работы 15.12.1942 ЦК КП(б)Б прыняў рашэнне стварыць у снеж. 1942 — студз. 1943 10 абл. і 50 раённых падп. друкарняў. У 1943—44 пачалі выходзіць абл. камсамольска-маладзёжныя газеты «Молодой мститель» Баранавіцкага, «Молодой партизан» Беластоцкага і «Молодежная правда» Вілейскага падп. абкомаў ЛКСМБ. Паліторганы партыз. фарміраванняў, у т. л. партыз. брыгад «Разгром», «Народныя мсціўцы» імя В.​Т.​Варанянскага, 16-я Смаленская, выдавалі больш за 120 шматтыражных газет. Свае газеты выдавалі антыфашысцкія камітэты. У 1942—43 выходзілі 134 газеты. Усяго за перыяд акупацыі на тэр. Беларусі выдавалася больш за 160 газет. З-за цяжкасцей выпуску, недахопу паперы тыраж падп. газет вагаўся ад некалькіх соцень да тысячы і больш экз., розным быў і іх фармат. Падпольна друкаваліся і распаўсюджваліся звароты ЦК КП(б)Б і ўрада рэспублікі, паліторганаў Чырв. Арміі да насельніцтва, зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, у партыз. фарміраваннях — рукапісныя часопісы, насценныя газеты, баявыя лісткі; распаўсюджваліся і газеты, што выдаваліся ў сав. тыле «Савецкая Беларусь», «За Савецкую Беларусь», «За свабодную Беларусь», сатырычныя выданні «Раздавім фашысцкую гадзіну», «Партызанская дубінка», «Блокнот агитатора-партизана», час. «Беларусь». У падп. газетах часта друкаваліся надзённыя творы бел. пісьменнікаў.

Літ.:

Адамовіч В.С. Падпольныя перыядычныя выданні на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Бібліягр. паказ. Мн., 1975;

Друк Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941—1945) // Булацкі Р.В., Сачанка І.І., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979.

Т.​Л.​Напрэеў.

т. 6, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАРА́ЦЫЯ (позналац. decoratio літар. ўпрыгожанне) у тэатры і кіно, афармленне трохмернай прасторы, у межах якой адбываецца дзеянне спектакля або фільма. Існуе для вобразнай характарыстыкі гіст. абставін, умоў і атмасферы спектакля або фільма — асяроддзя, у якім дзейнічае акцёр. Ствараецца з дапамогай архітэктуры, жывапісу, графікі, маст. планіроўкі месца дзеяння, спец. фактур, асвятлення і тэхнікі.

Сістэмы тэатр. Д.: кулісная перасоўная — мяккія навясныя кулісы або цвёрдыя на рухомых рамах, размешчаныя ад партала ўглыб сцэны (вядома з 1628); кулісна-арачная пад’ёмная — жывапісныя палотны, зробленыя з улікам перспектывы і сшытыя ў выглядзе арак (вядома з 17 ст.; разнавіднасць кулісна-арачнай Д. — ажурная, умацоўваецца на сетцы або апліцыруецца на цюлі); павільённая — сценкі-рамы, зацягнутыя маляваным палатном, перакрытыя столлю (з 1794); аб’ёмная — камбінацыя плоскіх сцен і аб’ёмных дэталей: станкоў, лесвіц, пандусаў і інш. (з 1870); для змены аб’ёмнай Д. ўжываюцца рухомыя пляцоўкі-фуркі, паваротны круг і інш.; праекцыйная Д. заснавана на праекцыі на экран статычных і дынамічных выяў — арх. і пейзажных матываў, дажджу, полымя і да т.п. (з 1908). Сярод прыёмаў — афармленне з ужываннем розных сістэм Д.: сімультантны (адначасовы паказ розных месцаў дзеяння), умоўны (афармленне ў нейтральных сукнах ці шырмах або ў іх спалучэнні з арх. і бытавымі дэталямі па рухомай устаноўцы), прасторавы (сцэна з Д. акружае гледача з усіх бакоў). Кінадэкарацыі робяцца трохмерныя з улікам умоў здымкі (план, ракурс, асвятленне), характару здымкі і стужкі. Ім дадаюць жывапісную і фактурную апрацоўку: умоўна-абагульненую для агульных і аддаленых планаў і ілюзорна-натуральную для буйных і сярэдніх планаў. Д. ў кіно робяцца ў натуральную велічыню аб’екта або ў выглядзе яго фрагмента (т.зв. «ігравой часткі»), Фрагмент Д. часам дапаўняецца макетамі і рознымі фонамі, якія ў кадры злучаюцца ў адно цэлае. Развіццё мастацтва Д. цесна звязана з развіццём тэатра, кіно, драматургіі, выяўл. мастацтва. Актыўным творчым пошукам адметныя работы мастакоў тэатра і кіно М.​Апіёка, М.​Блішча, Б.​Герлавана, А.​Грыгар’янца, Я.​Ждана, А.​Марыкса, П.​Масленікава, Дз.​Мохава, С. і Я.​Нікалаевых, Ю.​Тура, Я.​Чамадурава і інш. Гл. таксама Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва.

Літ.:

Козлинский В.И., Фрезе Э.П. Художник и театр. М., 1975;

Мастацтва беларускіх дэкаратараў. Мн., 1989.

Г.​І.​Барышаў.

Да арт. Дэкарацыя. М.​Апіёк. Эскіз дэкарацыі да спектакля «Варвары» М.​Горкага. 1966.
Да арт. Дэкарацыя. П.​Масленікаў. Эскіз дэкарацыі да оперы «Яснае світанне» А.​Туранкова. 1958.

т. 6, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНДРА́РЫЙ (ад грэч. dendron дрэва),

дэндралагічны сад, калекцыі дрэвавых раслін адкрытага грунту, высаджаных паводле пэўнага прынцыпу (сістэматычнага, геаграфічнага, экалагічнага, дэкаратыўнага і інш.). Можа быць самастойным ці ўваходзіць у склад батанічнага сада. Займае пл. ад некалькіх да соцень га. Д. мае навуковае, вучэбнае, культ.-асветнае, доследна-вытв. значэнне: паказвае багацце і разнастайнасць дрэвавай сусв. ці рэгіянальнай флоры, з’яўляецца базай для н.-д. работы па інтрадукцыі, акліматызацыі і селекцыі дрэвава-кустовых раслін, спрыяе пашырэнню рэдкіх і гасп.-каштоўных відаў. Старэйшыя Д. на тэр. СНД у Грузіі ў Тбілісі (1625), у Расіі ў Маскве (1706) і Санкт-Пецярбургу (1714), на Украіне ва Умані (1714; «Сафіеўка»), Белай Царкве (1793—97; «Александрыя»), Харкаве (1804) і Ялце (1812; Нікіцкі батанічны сад), а таксама ў Эстоніі ў Тарту (1803) і інш. Буйны Д. — у Гал. бат. садзе АН Расіі (Масква). На Беларусі самы вял. Д. у Цэнтральным батанічным садзе Нац. АН Беларусі. Пл. 95,8 га. Закладзены ў 1932 паводле батаніка-геагр. прынцыпу: Беларусь, Д. Усход і Усх. Азія, Паўн. Амерыка, Еўропа і Сібір, Каўказ і Крым, Сярэдняя Азія. Складаецца з геагр. і лесапаркавай тэрыторый. У калекцыях каля 1500 відаў і форм дрэў, кустоў, павойных раслін. Другі па колькасці відаў Д. Бел. с.-г. акадэміі. Пл. каля 15 га. Закладзены ў 1884 як дрэвавы гадавальнік (з канца 1950-х г. дэндралагічны сад). У калекцыях каля 400 відаў дрэў і кустоў. Д. Жорнаўскай лясной доследнай станцыі (Асіповіцкі р-н) створаны ў пач. 20 ст. У калекцыі каля 200 відаў хвойных і лісцевых парод. Віцебскі Д. закладзены ў 1919 паводле геагр. прынцыпу. Збераглося каля 80 відаў. У калекцыях Д. Бел. ун-та (в. Шчомысліца Мінскага р-на), які закладзены ў 1933, каля 330 відаў і форм дрэвавых парод.

Д. Бел. тэхнал. ун-та (г.п. Негарэлае Дзяржынскага р-на) закладзены ў 1954 паводле геагр. прынцыпу. У калекцыях больш за 500 відаў і форм дрэвавых парод. Д. Глыбоцкага лясгаса закладзены ў 1968. Мае пл. 8,2 га і калекцыю з 530 відаў дрэвавых раслін. Школьныя Д. ў г.п. Ружаны Пружанскага і в. Валеўка Навагрудскага р-наў. У Д. вывучаецца відавы склад, біял. асаблівасці, развіццё, плоданашэнне, экалогія мясц. і інтрадукаваных парод, вызначаецца асартымент інтрадукаваных відаў для зялёнага буд-ва і лясной гаспадаркі.

т. 6, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ МА́ЙСТАР ПРАФЕСІ́ЙНА-ТЭХНІ́ЧНАЙ АДУКА́ЦЫІ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР,

ганаровае званне, якое прысвойвалася за выдатныя поспехі ў галіне прафес.-тэхн. адукацыі майстрам вытв. навучання тэхн., гар. і сельскіх прафес.-тэхн. вучылішчаў, інспектарам рэсп. і абл. упраўленняў прафес.-тэхн. адукацыі, якія маюць стаж работы ў сістэме не менш за 10 гадоў. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 30.8.1956, прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР 3 29.10.1971 устаноўлена званне заслужаны работнік прафесійна-тэхнічнай адукацыі Беларускай ССР.

Заслужаныя майстры прафесійна-тэхнічнай адукацыі Беларускай ССР

1957. В.​М.​Жукаў, М.​Г.​Карпасаў, М.​Р.​Клімкоў, Л.​А.​Плаксаў, Б.​А.​Рудой, І.​І.​Сіповіч, Р.​І.​Харытонаў.

1965. М.​М.​Агаркоў, Л.​М.​Балдоўскі, М.​П.​Бурносаў, І.​М.​Васючэнка, Я.​Н.​Гаўрыльчык, В.​А.​Глушчэня, К.​К.​Елачкін, П.​В.​Жаркевіч, А.​М.​Зубрыцкі, Б.​І.​Ігнатовіч, П.​В.​Казлоўскі, Ф.​М.​Канабяеўскіх, Дз.​В.​Каравацкі, М.​Дз.​Кісялёў, С.​І.​Клімковіч, І.​А.​Корзун, С.​А.​Кот, П.​А.​Кошаль, В.​І.​Малчанаў, М.​К.​Манулік, М.​П.​Молчан, І.​Р.​Нікіценка, З.​А.​Патапенка, І.​Я.​Перагуд, В.​Л.​Прусак, А.​С.​Прыгароў, В.​Ф.​Прэнз, С.​К.​Сініла, А.​П.​Туманаў-Сакалоў, А.​І.​Хадарэнка, М.​А.​Чура, У.​І.​Чысцілін, А.​Ц.​Чэпікаў, І.​Т.​Шайтур, М.​І.​Шыянок.

1967. А.​К.​Асмалоўскі, Т.​А.​Баркун, В.​І.​Валадзько, І.​А.​Германовіч, Л.​Я.​Жадан, Ф.​І.​Жышко, С.​В.​Кавалеўскі, У.​П.​Кавалёў, С.​В.​Карэлін, М.​І.​Красаўцаў, П.​І.​Кузміцкі, А.​А.​Лазічны, А.​Ф.​Ляшко, С.​У.​Міхайлец, П.​А.​Міцюль, Я.​М.​Оберман, В.​В.​Позняк, І.​А.​Рыжанкоў, П.​Ф.​Свістуноў, Л.​І.​Спіцэвіч, У.​М.​Тарасенка, М.​П.​Хальчыцкі, В.​К.​Цяўлоўскі, А.​М.​Шагінава, В.​Ф.​Шасцітка, М.​У.​Якуш.

1968. П.​А.​Кавалёў, Н.​М.​Качаноўская, І.​І.​Ляшчынскі, М.​М.​Полх, М.​С.​Тапырык, І.​А.​Ціханенка, С.​І.​Шэйн, В.​Дз.​Шчалухін.

1970. М.​П.​Аксючыц, В.​С.​Більдзюкевіч, Л.​Я.​Буцько, Г.​Ц.​Гуеўская, Г.​М.​Карпава, У.​С.​Лугоўскі, В.​І.​Пернікаў, І.​І.​Рудэнка, А.​А.​Сабалеўская, М.​Ц.​Смалякоў, У.​Я.​Старадуб, А.​І.​Юшкевіч.

т. 6, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РЫКС (Аскар Пятровіч) (20.12.1890, г. Львоў, Украіна — 24.6.1976),

бел. мастак тэатра, графік, педагог; адзін з заснавальнікаў бел. прафес. дэкарацыйнага мастацтва. Нар. мастак Беларусі (1961). Скончыў Пражскую акадэмію выяўл. мастацтваў (1912), вучыўся ў Варшаўскай школе прыгожых мастацтваў (1912—14), у Вене і Львове. З 1920 у Мінску. У 1921 мастак, у 1922—29 і 1934—39 гал. мастак БДТ-1, у 1929—34 мастак т-раў Смаленска, Ноўгарада, Ташкента, у 1940—46 — Бел. т-ра імя Я.​Коласа. Выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це (1949—62), афармляў спектаклі ў бел. т-рах. Дэкарацыі вызначаліся вобразнасцю, кампазіц. выразнасцю, стылёвай своеасаблівасцю, глыбокім веданнем эпохі, таленавітай інтэрпрэтацыяй бел. фалькл.-этнагр. матываў. Асн. работы: у БДТ-1 — «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы (1921), «Машэка», «Кастусь Каліноўскі» (абедзве 1923), «Мешчанін у дваранах» Мальера (1924), «Каваль-ваявода» (1925) Е.​Міровіча, «Мост» Я.​Рамановіча (1929), «Ваўкі і авечкі» А.​Астроўскага (1936), «Салавей» З.​Бядулі (1937); у Бел. т-ры юнага гледача імя Крупскай — «Цудоўная дудка» В.​Вольскага (1939); у т-ры імя Я.​Коласа — «Здані» Г.​Ібсена, «Лекар паняволі» Мальера (1940), «Проба агнём» К.​Крапівы і «Нашэсце» Л.​Лявонава (1943), «Заложнікі» А.​Кучара (1944, з Я.​Нікалаевым), «Каварства і каханне» Ф.​Шылера (1946), «Шторм» У.​Біль-Белацаркоўскага (1953); у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі — «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі (1940) і «Дзядзька Ваня» Чэхава (1949); у Пінскім абл. драм. т-ры — «Несцерка» Вольскага (1946); у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі — опера «Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага (1936), балет «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса (1947) і інш., эскізаў дэкарацый («Разбойнікі» Шылера, 1956, і інш.). Аўтар графічных серый «Помнікі дойлідства Беларусі» (1944—61), «Беларускае адзенне» (1950-я г.), «Беларусь старажытная» (1972—76), пано «Уладзімір Полацкі» (1944), «Пераправа Уладзіміра Полацкага цераз Дзвіну» (1945), вітражоў «Папараць-кветка», «Клён», Бярозка» (усе 1966), «Восень» (1967), чаканак «Лірнік», «Сказ пра Машэку» (абедзве 1967), «На Купалле», «Лясная песня» (абедзве 1970), дэкар. пано «Восень» (1968), «Макі», «Нацюрморт» (абодва 1970), вышытага пано «Лявоніха» (1940, з В.​Волкавым; не збераглося) і інш. Пісаў партрэты, пейзажы, нацюрморты.

Літ.:

Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва Савецкай Беларусі. Мн., 1958;

Мастацтва беларускіх дэкаратараў [Альбом]. Мн., 1989;

Часнова Р. Марыкс // Тэатр. Беларусь. 1992. № 6.

Л.​А.​Марыкс.

А.П.Марыкс.
А.Марыкс. Эскіз дэкарацыі да п’есы «Разбойнікі» Ф.​Шылера. 1956.

т. 10, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШЫ́ННА-ТРА́КТАРНЫЯ СТА́НЦЫІ (МТС),

у СССР у 1928—58 дзярж. форма арганізацыі тэхн. базы калгасаў і кіраўніцтва іх працай, вытв-сцю, размеркаваннем прыбытку, здачай (продажам) дзяржаве таварнай ч. прадукцыі. Былі сродкам сац. рэканструкцыі сельскай гаспадаркі, важнейшымі цэнтрамі разгортвання масавага калгаснага руху — аб’яднання сял. гаспадарак у калгасы (калектывізацыі, «бальшавізацыі» калгасаў, барацьбы з антысацыяліст. сіламі вёскі). З мэтай узмацнення гэтай ролі ў МТС ствараліся палітычныя аддзелы. У МТС былі сканцэнтраваны перадавыя на той час прылады с.-г. вытв-сці і працы (трактары, камбайны, складаныя малатарні, аўтамабілі, машыны з прычапным інвентаром і інш.), з дапамогай якіх яны выконвалі ў адпаведнасці з дагаворамі палявыя і стацыянарныя работы ва ўсіх галінах калгаснай гаспадаркі. Першая МТС у СССР (Шаўчэнкаўская) арганізавана ў Адэскай вобл. на Украіне ў канцы 1928.

1-я на Беларусі МТС — Койданаўская (з 1932 Дзяржынская), арганізавана ў лют. 1930 паводле рашэння ЦК КП(б)Б і СНК БССР, мела 33 трактары. Усяго на працягу 1929—32 у БССР створана 57 МТС з 1469 трактарамі і наборам інш. с-г. машын. У 1957 на Беларусі дзейнічала 343 МТС, якія мелі 33,8 тыс. трактароў (у пераліку на 15-сільныя). МТС з’яўляліся матэрыяльнай асновай пашырэння пераважна натуральнай (не рыначнай) формы эканам. адносін паміж калгаснай і дзярж. сістэмамі, дырэктыўнага планавання калгаснай вытв-сці. З часам МТС перасталі адпавядаць патрэбам развіцця прадукцыйных сіл сельскай гаспадаркі, стрымлівалі магчымасці ў эфектыўным выкарыстанні кваліфікаваных кадраў, зямельных угоддзяў, тэхнікі. Машынны парк у многіх МТС выкарыстоўваўся малапрадукцыйна, планы трактарных работ і дагаворныя абавязацельствы з калгасамі не заўсёды выконваліся. МТС матэрыяльна не былі зацікаўлены ў павелічэнні ўраджаяў, росце вытв-сці прадукцыі, бо асн. паказчыкам ацэнкі іх працы з’яўляўся аб’ём выкананых работ. Ва ўмовах, калі тэхнікай і механізатарамі, што яе абслугоўвалі, распараджаліся МТС, а зямлёй і пераважнай большасцю рабочай сілы — калгасы, пашырылася абязлічка і безадказнасць у арганізацыі вытв-сці, рацыянальным выкарыстанні зямлі і тэхнікі. Паводле пастановы лютаўскага (1958) пленума ЦК КПСС і адпаведнага рашэння Вярх. Савета СССР у 1958 парадак вытв.-тэхн. абслугоўвання калгасаў зменены: МТС рэарганізаваны ў рамонтна-тэхн. станцыі (РТС), а тэхніку пачалі прадаваць калгасам.

Літ.:

Арутюнян Ю.В., Вылцан М.А. Историческая роль МТС и их реорганизация. М., 1958;

Победа колхозного строя в Белорусской ССР. Мн., 1981.

А.​М.​Сарокін.

т. 10, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)