1) купалападобны горны масіў на З Балгарыі. Даўж. (з ПнЗ на ПдУ) 25 км, шыр. 15 км. Выш. 2290 м (г. Чэрні-Врых). Схілы стромкія. Складзены з крышт. парод. Здабыча буд. каменю (віташскі сіеніт). Каля падножжа мінер. крыніцы. З Віташы бярэ пачатак р. Струма. Каля паўн. падножжа г. Сафія.
2) Нац. парк Балгарыі (засн. ў 1934, пл. 12,1 тыс.га). Схілы гор укрытыя дубам, букам, ясенем, елкай, ядлоўцам, белай балканскай і горнай нізкарослай хвояй, трапляецца і высакагорная расліннасць, эндэмічныя віды. Сярод жывёл высакародны алень, лань, сарна, ліс, заяц, вавёрка, вожык, дробныя пеўчыя птушкі і інш. На тэр. парку высакагорная навук.-доследная станцыя, 2 рэзерваты. Парк добраўпарадкаваны: ёсць гасцініцы, дамы адпачынку, турысцкія базы, гарналыжныя спускі, пад’ёмнікі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭЗ (Syringa),
род кветкавых раслін сям. маслінавых. Вядома 28 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі. На Беларусі інтрадукцыйную праверку прайшлі 19 відаў, з іх 4 рэкамендаваны для зялёнага буд-ва. Найб. шырока выкарыстоўваюцца ў дэкар. садоўніцтве бэз звычайны (S. vulgaris), які мае шмат садовых формаў і сартоў (у т. л.бел. селекцыі) і бэз венгерскі (S. josikaea).
Пераважна лістападныя галінастыя кусты або невял. дрэвы. Лісце звычайна цэласнае, супраціўнае, на кароткіх чаранках Кветкі дробныя, p трубчастым вяночкам, духмяныя, рознага колеру, у густых гронкападобных суквеццях. Плод — сухая двухгнездавая каробачка. Дэкар. і тэхн. расліны, выкарыстоўваюцца ў адзіночных, групавых і лесаахоўных пасадках, на зразанне і выганку; у парфумерыі для атрымання экстракту з кветак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЗЛЮ́ДАЎ (Артур Іосіфавіч) (28.4.1934, г. Барань Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 16.1.1996),
дзярж. дзеяч Беларусі, вучоны-эканаміст. Д-рэканам.н. (1985), праф. (1988). Скончыў ВПШ пры ЦККПСС (1963). З 1955 на з-дзе «Чырвоны барацьбіт» у Оршы. У 1957—70 на парт. і камсамольскай рабоце. У 1973—86 міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі БССР. З 1994 рэктар Бел. недзярж. ін-та кіравання, фінансаў і эканомікі і недзярж. ін-та дзелавога адміністравання. Даследаваў праблемы аптымізацыі сістэм кіравання капітальнага буд-ва і гар. гаспадаркі. Дэп. Вярх. Савета Беларусі ў 1975—85.
Тв.:
Стимулирование эффективности и качества труда в ремонтно-строительном производстве. Мн., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРДЗЯ́НСК (у 1939—58 Асіпенка),
горад на Украіне, цэнтр раёна ў Запарожскай вобл.Засн. ў 1827. 132 тыс.ж. (1993). Порт на Азоўскім м.Чыг. станцыя. Прам-сць: машынабудаванне (с.-г. і дарожныя машыны, кабель і інш.), харч. (у т. л. рыбная), лёгкая (абутковая, трыкат.), нафтаперапрацоўчая; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (шкловалакно). Пед.ін-т. Краязнаўчы, маст. музеі. Гразевы і прыморскі кліматычны курорт за 5 км ад горада, на беразе Азоўскага м. Развіваецца з канца 19 ст. Шырокія пясчаныя пляжы даўж. каля 20 км. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага з мяккай зімой, цёплым летам і вял. колькасцю сонечных дзён. Лячэбныя гразі, рапу салёных азёр і заліваў Азоўскага м. выкарыстоўваюць на лячэнне хвароб органаў руху і апоры, сардэчна-сасудзістай і перыферычнай нерв. сістэм, гінекалагічных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУСТЫ́ЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
матэрыялы для ўзбуджэння, прыёму, перадачы і паглынання акустычных хваляў. У акустаэлектроніцы як гукаправоды выкарыстоўваюцца матэрыялы з малымі акустычнымі стратамі ў рабочым дыяпазоне частот: шкло, сплавы на аснове магнію, плаўлены і крышт. кварц і інш.; у акустаоптыцы як святлогукаправоды — матэрыялы, празрыстыя ў адпаведнай вобласці аптычнага спектра, з малымі акустычнымі стратамі і з высокай акустааптычнай эфектыўнасцю ў рабочым дыяпазоне частот: свінцовае, тэлуравае, халькагеніднае шкло, крышталі паратэлурыту, малібдэну свінцу, фасфід і арсенід галію і інш. Для вырабу акустычных выпрамяняльнікаў і прыёмнікаў выкарыстоўваюцца магнітастрыкцыйныя матэрыялы і п’езаэлектрычныя матэрыялы, у буд-ве — гукаізаляцыйныя і гукапаглынальныя матэрыялы, якія характарызуюцца малым каэфіцыентам адбіцця і вял. каэфіцыентам паглынання акустычных ваганняў на гукавых частотах (парапласты, мінер. вата, порыстая гума і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІ́НА, таполя дрыжачая (Populus tremula),
лістападнае дрэва з роду таполя сям. вярбовых. Пашырана ў Еўропе і Азіі, трапляецца ў Паўн. Афрыцы. Утварае асінавыя лясы. На Беларусі расце па ўсёй тэрыторыі.
Двухдомнае ветраапыляльнае дрэва выш. да 35 м. Ствол дыяметрам да 60—100 см. Крона невялікая, рыхлая. Лісце чаргаванае, простае, круглаватае або круглавата-рамбічнае. Кветкі дробныя, сабраны ў адвіслыя цыліндрычныя каташкі. Плод — зеленавата-бурая каробачка. Насенне з пушыстым чубком, прыстасаванае, каб разносіцца ветрам. Хуткарослая і вельмі прадукцыйная на драўніну піянерная расліна. Жыве да 100 і больш гадоў. Драўніна лёгкая, мяккая. Выкарыстоўваюць у запалкавай і цэлюлозна-папяровай прам-сці, буд-ве і тарнай вытв-сці, кару, лісце і пупышкі — у медыцыне. Асн. корм для ласёў, зуброў і аленяў. Утварае мікарызу з падасінавікамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРБАЛІ́ЧНЫЯ ФУ́НКЦЫІ,
функцыі, якія вызначаюцца формуламі: shx = (ex - e−x)/2 (гіпербалічны сінус), chx = (ex + e−x)/2 (гіпербалічны косінус) і інш. Уласцівасці гіпербалічных функцый вынікаюць непасрэдна з іх выяўлення праз экспаненцыяльную функцыю ex.
Гіпербалічныя функцыі звязаны паміж сабой суадносінамі, падобнымі на суадносіны паміж трыганаметрычнымі функцыямі: ch2x - sh2x = 1, thx = shx/chx і г.д. Гіпербалічныя функцыі можна выразіць праз трыганаметрычныя: shx = -i sin ix, chx = cos ix і г.д. Геаметрычна гіпербалічныя функцыі атрымліваюцца пры разглядзе раўнабочнай гіпербалы x2 - y2 = 1 (адсюль назва), якую можна задаць параметрычнымі ўраўненнямі x = cht, y = sht, дзе t — падвоеная плошча сектара OAC, AC — дуга гіпербалы. Выкарыстоўваюцца пры рашэнні дыферэнц. ураўненняў у электратэхніцы, супраціўленні матэрыялаў, буд. механіцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГМЫ́РА (Барыс Раманавіч) (5.8.1903, г. Лебядзін, Украіна — 1.8.1969),
украінскі спявак (бас). Нар.арт.СССР (1951). Скончыў харкаўскія інж.-буд. ін-т (1935), кансерваторыю (1939). З 1936 саліст Харкаўскага, з 1939 — Кіеўскага т-раў оперы і балета. Валодаў голасам мяккага аксамітнага тэмбру, вял. дыяпазону. Першы выканаўца партый Крываноса («Багдан Хмяльніцкі» К.Данькевіча), Ціхана Несцерава («Зара над Дзвіной» Ю.Мейтуса), Рушчака («Мілана» Г.Майбарады). Сярод інш. партый: Сусанін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Барыс Гадуноў (аднайм. опера М.Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Тарас Бульба (аднайм. опера М.Лысенкі). Канцэртны рэпертуар уключаў творы укр., рус. і замежных кампазітараў, нар. песні. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1939). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОРАДАБУДАЎНІ́ЦТВА БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ І ПРАЕ́КТНЫ ІНСТЫТУ́Т Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь (БелНДІПгорадабудаўніцтва). Засн. ў 1976 у Мінску на базе Мінскага філіяла Цэнтр.н.-д. і праектнага ін-та горадабуд-ва (з 1970). Галаўная арг-цыя па горадабудаўніцтве Беларусі.
Аддзяленні (1996): навуковае (9 аддзелаў), праектнае (аддзелы: раённай планіроўкі, 2 арх.-планіровачныя, арх.-канструктарскі, 3 інжынерныя, аўтаматызацыі работ). Асн. кірункі дзейнасці: навук. даследаванні, распрацоўка навукова-метадычнай і нарматыўна-прававой дакументацыі ў галіне тэр. планіроўкі, горадабудаўніцтва, аховы навакольнага асяроддзя; распрацоўка дакументацыі па планіроўцы рэгіёнаў, планіроўцы і забудове гар. паселішчаў і асобных тэрыторый, развіцці трансп. і інж. інфраструктур; распрацоўка і эксплуатацыя геаінфарм. сістэм і банкаў даных у горадабудаўніцтве і буд. комплексе; распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі на аб’екты жыллёва-грамадз. прызначэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ТВАЛЬД ((Gottwald) Клемент) (23.11.1896, с. Дзедзіца, Чэхія — 14.3.1953),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Чэхаславакіі. Чл. Кампартыі Чэхаславакіі (КПЧ) з 1921, з 1925 чл.ЦК і Палітбюро, з 1929 ген. сакратар ЦК КПЧ. У 1935—43 сакратар Выканкома Камінтэрна. З пач. 2-й сусв. вайны ў СССР. Адзін з кіраўнікоў вызв. барацьбы народаў Чэхаславакіі супраць ням.-фаш. акупацыі і арганізатараў чэхаславацкіх узбр. сіл. Пасля вызвалення ўсх.ч. Чэхаславакіі ўвайшоў у створаны 4.4.1945 у г. Кошыцы ўрад Нац. фронту, нам. старшыні ўрада. З 1945 старшыня ЦК КПЧ. З мая 1946 на чале кааліцыйнага ўрада. У час лют. падзей 1948 адыграў значную ролю ў прыходзе да ўлады КПЧ, узначаліў новы ўрад. 14.6.1948 выбраны прэзідэнтам Чэхаславацкай Рэспублікі. Кіраваў працэсам буд-ва сацыялізму ў краіне паводле тагачаснай сав. мадэлі.