«Akta Unii Polski z Litwą 1385—1791», зборнік дакументаў па гісторыі уніі (саюза) паміж Каралеўствам Польскім і ВКЛ. Выдадзены Польскай АН і Варшаўскім навук. т-вам (Кракаў, 1932). Складзены С.Кутшэбам і У.Сямковічам. Уключана 177 дакументаў на бел., польскай і лац. мовах. Першы змешчаны дакумент — акт Крэўскай уніі 1385, выдадзены Ягайлам, апошні — прынятая Чатырохгадовым соймам 1788—92 канстытуцыя (закон) 20.10.1791 «Аб заручэнні абодвух народаў», якой замацоўваўся саюз абедзвюх дзяржаў (ВКЛ і Польшчы) у складзе Рэчы Паспалітай. Акрамя тэкстаў усіх уній паміж Польшчай і ВКЛ змешчана шмат дадатковых дакументаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́ДАВА (Радаслава Мікалаеўна) (н. 11.2.1945, Мінск),
бел. музыказнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1980). Дачка М.І.Аладава. Скончыла Бел. кансерваторыю (1968). З 1971 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Навук. працы пераважна па пытаннях нац.муз. стылю.
Тв.:
Аб поліфанізацыі фактуры ў беларускай сімфанічнай музыцы другой палавіны 50-х—60-х гадоў // Бел. музыка. Мн., 1975. Вып. 1;
Белорусское симфоническое творчество // Межнациональные связи в советской музыкальной культуре. Л., 1987;
«Фольклорный» камерно-вокальный цикл в белорусской музыке 70-х гг. // Вопр. культуры и искусства Белоруссии. Мн., 1988. Вып. 7;
Опера С.Картэса «Візіт дамы» ў яе сувязях з літаратурай // Там жа. 1994. Вып. 13.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛГЕБРАІ́ЧНАЯ ТАПАЛО́ГІЯ,
галіна тапалогіі, якая вывучае ўласцівасці аб’ектаў і іх узаемных адлюстраванняў, што не мяняюцца пры неперарыўных дэфармацыях (гаматопіях). З кожнай тапалагічнай прасторай звязваецца паслядоўнасць алг. аб’ектаў Hn(x) (груп гамалогій); кожнаму неперарыўнаму адлюстраванню f:X → Y тапалагічных прастораў адпавядае набор гамамарфізмаў 𝑓n:Hn(X) → Hn(Y). Пры гэтым тапалагічная задача пераўтвараецца ў адпаведную алг. задачу. Калі сродкі алгебры дазваляюць рашыць такую задачу, то адваротным шляхам атрымліваюцца пэўныя меркаванні аб зыходнай тапалагічнай праблеме. У алгебраічнай тапалогіі звычайна разглядаюцца складаныя алг. аб’екты, напр., комплексы (мнагаграннікі, паліэдры), мнагастайнасці (замкнёныя, адкрытыя, гладкія, аналітычныя і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІ́ЕВА (Фазу Гамзатаўна) (н. 5.12.1932, с. Гінічутль Хунзахскага р-на, Дагестан),
аварская паэтэса. Нар. паэтэса Дагестана (1969). Скончыла Літ.ін-т імя Горкага ў Маскве (1961). Піша на аварскай і рус. мовах. Лірыка Аліевай тэматычна і вобразна звязана з рэчаіснасцю, метафарычна перадае шматграннасць жыцця (зб-кі «Роднае сяло», 1959; «Вясёлку раздаю», 1963; «Васемнаццатая вясна», 1968; «Вочы дабра», 1983). Раманы «Камяк зямлі вецер не знясе» (1967), «Радавы герб» (1970), «Арол вострыць дзюбу аб камень» (1974), «Восьмы панядзелак» (1978) і інш. пра сучаснае жыццё Дагестана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІМЕ́НТЫ,
сродкі, якія ва ўстаноўленых законам выпадках адны члены сям’і абавязаны выплачваць другім. Склад суб’ектаў і асновы ўзнікнення аліментных абавязацельстваў, памер і тэрміны выплаты вызначаюцца заканадаўствам. На Беларусі асн. крыніца прававых нормаў рэгулявання гэтых пытанняў — Кодэкс аб шлюбе і сям’і. Паводле суб’ектнага складу адрозніваюць аліментныя абавязацельствы паміж мужам і жонкай; бацькамі і дзецьмі; айчымам, мачахай і пасынкамі (падчарыцамі); братамі і сёстрамі; дзедам, бабкай і ўнукамі. Пры адмаўленні ад добраахвотнай выплаты аліменты могуць быць спагнаны праз суд. За наўмыснае ўхіленне ад выплаты прысуджаных аліментаў на карысць непрацаздольных дзяцей або бацькоў прадугледжана крымін. адказнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТЭРА́ЦЫЯ (ад лац. alteratio змяненне) у музыцы, 1) павышэнне або паніжэнне ступені асн. гукарада без змены яе назвы. Знакі альтэрацыі: ♯ (дыез, павышэнне на паўтон), ♭ (бемоль, паніжэнне на паўтон), 𝄪 (дубль-дыез, павышэнне на тон), ♭♭ (дубль-бемоль, паніжэнне на тон), ♮ (бекар, адмаўленне ад папярэдняга павышэння ці паніжэння гуку). Знакі альтэрацыі, выстаўленыя ў пач. нотнага радка пры ключы, дзейнічаюць ва ўсіх актавах, пакуль іх не зменяць, знакі альтэрацыі перад нотай (выпадковыя) — толькі ў адной актаве ў межах аднаго такта.
2) У вучэнні аб гармоніі — адзін з тыпаў храматыкі (гл.Храматызм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯШКЕ́ВІЧ (Мікалай Восіпавіч) (1873, г. Ліда — 1903 ?),
дзеяч адной з першых с.-д. арг-цый у Расіі — Бруснева групы. Вучыўся ў Лідскім і Пецярбургскім гар. вучылішчах. З 1889 вёў заняткі ў рабочых гуртках у Пецярбургу, друкаваў на гектографе і распаўсюджваў с.-д. выданні. Пасля арышту М.І.Бруснева (1892) аднавіў дзейнасць разгромленай арг-цыі. Падрыхтаваў рэферат «Аб рабочым пытанні ў Расіі і на Захадзе», склаў праект статута арг-цыі. У 1893 арыштаваны. Пасля вызвалення жыў у Ноўгарадзе, у 1896 заснаваў там падп. друкарню. У 1897 зноў арыштаваны, высланы на 3 гады ў Валагодскую губ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ЛІЗ ХІМІ́ЧНЫ,
сукупнасць метадаў навук. даследавання, заснаваных на выкарыстанні хім. рэакцый; расшыфроўка структуры і саставу хім. злучэнняў ці рэчываў арган. і неарган. прыроды, колькаснага і якаснага іх вызначэння. Уключае колькасны аналіз і якасны аналіз. «Класічны» аналіз хімічны (гравіметрычны, цітрыметрычны, газавы і інш.) грунтуецца на выкарыстанні рэакцый асаджэння, нейтралізацыі, комплексаўтварэння, акіслення-аднаўлення, сучасны — на вывучэнні фізіка-хім., фіз. уласцівасцяў рэчываў метадамі спектраскапіі, мас-спектраметрыі, радыехім., радыяцыйнымі, электрахім., што дазваляе атрымліваць комплексную інфармацыю абхім. злучэннях і рэчывах, аўтаматызаваць аналітычны кантроль працэсаў у вытв-сці, а таксама кантроль сыравіны, гатовай прадукцыі, вады, паветра і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЯМБЛО́ЎСКІ (Юзаф) (каля 1804, Мінск — 27.8.1878),
мастак-графік. У пач. 1830-х г. вучыўся ў Я.Рустэма. У 1835 заснаваў у Вільні літаграфскую майстэрню, дзе ілюстравалі свае кнігі Ю.Крашэўскі, Т.Нарбут, Ф.Бохвіц, Ю.Струміла, Я.Шымлер і інш. Сярод твораў Азямблоўскага — пейзажы, віды Вільні, літ. і бел. гарадоў, жанравыя замалёўкі, партрэты Рустэма, Ю.Франка, вял. князёў ВКЛ Альгерда, Жыгімонта II Аўгуста і інш.; літаграфія «Славянскі нявольнік» («Беларускі раб», 1840-я г.), якую А.Міцкевіч выкарыстоўваў як ілюстрацыю ў лекцыях аб прыгонным праве ў Расіі.
В.Ф.Шматаў.
Ю.Азямблоўскі. Славянскі нявольнік (Беларускі раб). Літаграфія 1840-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСТРАКЦЫЯНІ́ЗМ,
творчы метад, паводле якога гал. задача маст. творчасці — выяўленне чыста суб’ектыўных эмоцый, падсвядомых імпульсаў, «ачышчаных ад рэальнасці» духоўных сутнасцяў. Філас. аснова абстракцыянізму яднае ў сабе паасобныя ідэі інтуітывізму, пазітывізму, суб’ектыўнага ідэалізму, махізму і інш. Эстэтычнае крэда абстракцыянізму выкладзена ў кнізе В.В.Кандзінскага «Аб духоўным у мастацтве» (1910), паводле якога для выяўлення прыгожага сучаснае мастацтва дае мастаку неабмежаваныя магчымасці — ад «чыстага рэалізму» да «чыстай абстракцыі». Найб. шырокае развіццё абстракцыянізм атрымаў у жывапісе, графіцы, архітэктуры, скульптуры, дэкар. мастацтве, а таксама ў дызайне, у афарміцельскім мастацтве, у тэатры, кіно, на тэлебачанні (гл.Абстрактнае мастацтва).