КВАДРА́НТ (ад лац. quadrans чацвёртая частка),
1) у матэматыцы — плоскі сектар з цэнтр. вуглом у 90°, 1/4 частка круга. К. плоскасці — любая з 4 абласцей (вуглоў), на якія плоскасць дзеліцца 2 узаемна перпендыкулярнымі прамымі. 2)У астраноміі — стараж. вугламерны інструмент для вымярэння вышыні нябесных свяціл над гарызонтам і вуглавых адлегласцей паміж свяціламі.
3) У вайсковай справе — прылада для верт. наводкі гарматы паводле зададзенага вугла ўзвышэння.
т. 8, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВЕ́ЦІНА,
возера ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ракітаўка, за 34 км на ПдУ ад г. Чашнікі. Пл. 0,3 км², даўж. 920 м, найб. шыр. 410 м, даўж. берагавой лініі каля 2,4 км. Схілы катлавіны выш. 5—7 м, параслі лесам і хмызняком, на Пн разараныя. Берагі забалочаныя. Пойма шыр. 100—250 м, забалочаная, пад хмызняком. На Пд выцякае ручай у р. Ракітаўка.
т. 8, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ЛЬЗЕН (Kelsen) Ганс (11.10.1881, Прага — 19.4.1973),
аўстрыйскі юрыст, адзін з заснавальнікаў нарматывізму ў праве. Праф. Венскага (1919—29), Кёльнскага (1930—33), Жэнеўскага (1933—40), Каліфарнійскага (з 1942) ун-таў. Лічыў, што юрыд. навука павінна быць поўнасцю незалежнай ад сац.-паліт. і эканам. абумоўленасці права; яе аб’ектам павінны быць права ў «чыстым» выглядзе, уласна прававая форма, нарматыўныя акты. Яго школу часам называюць «чыстай тэорыяй права».
т. 8, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРАТАФІ́Р (ад грэч. keras
(keratos) рог + парфір),
альбітафір эфузіўная або жыльная магматычная горная парода з парфіравымі вылучэннямі шчолачнага палявога шпату (пераважна альбіту) і каляровых мінералаў (звычайна біятыту). Асн. маса шчыльная, складаецца пераважна з ізаметрычных або падоўжаных мікралітаў альбіту. Колер буры ці ружаваты. Шчыльн. 2610—2670 кг/м³. Характэрна генетычная сувязь са спілітамі. На Беларусі трапляецца на ПдУ у комплексе вулканічных парод дэвонскага асадкавага чахла.
т. 8, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́РЧАНСКІ ПРАЛІ́Ў (стараж.-грэч. Баспор Кімерыйскі),
праліў паміж Керчанскім п-вам на З і Таманскім п-вам на У, злучае Чорнае і Азоўскае моры. Даўж. каля 41 км, шыр. ад 40 да 45 км, глыб. 5—15 м. Берагі часткова нізінныя, з пясчанымі косамі, месцамі абрывістыя і скалістыя. Зімой укрыты плывучымі льдамі. На зах. беразе — буйны порт Керч, звязаны чыг. паромам са ст. Каўказ.
т. 8, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІПРЭ́ГЕЛЬ (ням. Kippregel ад kippen перакульвацца + Regel лінейка),
камбінаваная геадэзічная прылада для вымярэння верт. вуглоў, адлегласцей, перавышэнняў і графічнай пабудовы напрамкаў пры выкананні спец. мензульнай здымкі. Складаецца з лінейкі для вычэрчвання прамых ліній на мензульным планшэце, калонкі, якая мае на гарызантальнай восі трубу для назірання з дальнамернымі ніткамі, і верт. круга з градуіраванымі дзяленнямі для вымярэння вуглоў нахілу. Гл. арт. Геадэзічныя прылады і інструменты.
т. 8, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЯЛЁЎ Павел Дзмітрыевіч (19.1.1788, Масква — 26.11.1872),
дзяржаўны дзеяч Рас. імперыі, удзельнік войнаў 1812 і руска-тур. 1828—29. З 1835 нач. V Аддзялення імператарскай канцылярыі («штаба па сялянскай частцы»), з 1837 — 1-ы міністр дзярж. маёмасцей. Прыхільнік абмежавання і лібералізацыі феад.-прыгонніцкіх адносін. У 1830—50 правёў рэформу дзярж. вёскі, ініцыіраваў інвентарную рэформу 1840—50. У 1856 адхілены ад спраў і адпраўлены паслом у Францыю.
т. 8, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАДО́ДЫЙ (ад грэч. klados галіна),
відазменены парастак раслін з лістападобным сцяблом, які доўга расце і выконвае функцыі ліста. Сапраўднае лісце на К. рэдукаванае або ў выглядзе калючак, часам рана ападае. Аб паходжанні К. з парастка сведчыць яго становішча ў пазухах лісця (звычайна лускападобнага), утварэнне на ім кветак і суквеццяў. Уласцівы раслінам засушлівых мясцін — некат. кактусам (напр., Epiphyllum), відам спаржы і інш. К. з абмежаваным ростам наз. філакладыем.
т. 8, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КО́ДЗІКІ»,
зборнік яп. міфаў і хронік, найб. стараж. пісьмовы помнік Японіі. Складзены ў 712 вучоным Она Ясумара паводле задання ўрада з мэтай абгрунтавання «боскага» паходжання яп. імператараў. Ахопліваюць перыяд ад т. зв. эры багоў да праўлення імператрыцы Суйко [593—628]. Паводле К., заснаванне яп. дзяржавы (660 да н.э.) прыпісваецца богу Дзіму-Тэно. К. ляглі ў аснову сінтаізму. Яны выкарыстоўваліся таксама для абгрунтавання культу імператара і ваяўнічай знешняй палітыкі.
т. 8, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВАНО́С Максім (? — ліст. 1648),
дзеяч укр. нац.-вызв. руху, адзін з паплечнікаў Б.Хмяльніцкага. Казацкі палкоўнік. У 1648 узначаліў сял. і казацкі рух на Брацлаўшчыне, Падоліі і Валыні, вызваліў ад польск. панавання ўсю Левабярэжную і ч. Правабярэжнай Украіны. Вызначыўся ў Корсуньскай бітве 1648, перамог польск. войскі ў бітвах каля Піляўцаў, Махноўкі і Канстанцінава, авалодаў львоўскай крэпасцю Высокі Замак. Памёр у час эпідэміі чумы пасля аблогі крэпасці Замосце.
т. 8, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)