СУБСІДЫЯ́РНАЯ АДКА́ЗНАСЦЬ,

дадатковая адказнасць асоб, якія разам з даўжніком адказваюць перад крэдыторам за належнае выкананне абавязацельстваў у выпадках, прадугледжаных законам або дагаворам; адзін з відаў грамадзянскай адказнасці. У адпаведнасці з Цывільным кодэксам Рэспублікі Беларусі С.а. нясуць; члены поўнага т-ва па яго абавязацельствах; удзельнікі т-ва з дадатковай адказнасцю, статутны фонд якога падзелены на долі вызначаных устаноўчымі дакументамі памераў — салідарна С.а. па абавязацельствах т-ва сваёй маёмасцю ў межах устаноўленых памераў; у выпадку банкруцтва даччынага т-ва па віне асн. т-ва апошняе нясе С.а. па яго даўгах; члены спажывецкага кааператыва — у межах няўнесенай часткі дадатковага ўзносу кожнага з членаў кааператыва. Грамадзянскае заканадаўства рэспублікі прадугледжвае і інш. выпадкі С.а.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 15, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУВА́НА ФУ́МА (7.10.1901, г. Луангпрабанг, Лаос — 10.1.1984),

лаоскі дзярж. і паліт. дзеяч. З каралеўскай сям’і Лаоса, прынц; стрыечны брат Суфанувонга. Скончыў Парыжскі (1928) і Грэнобльскі (1930) ун-ты. У 1940-я г. ўдзельнічаў у нац.-вызв. руху Лао Ісара. Прэм’ер-міністр Каралеўства Лаос у 1951—54, 1956—58, 1962—75. У 1953 дамогся ад Францыі прызнання незалежнасці Лаоса. Узначальваў паліт. групоўку нейтралістаў, якія стаялі за прымірэнне правых сіл і Патрыят. фронту Лаоса (ПФЛ) на чале з Суфанувонгам. Па яго ініцыятыве ў 1957 і 1962 ствараліся кааліцыйныя ўрады Лаоса з удзелам усіх паліт. сіл, якія ў хуткім часе распадаліся. Пасля скасавання манархіі і абвяшчэння Лаоскай Нар.-Дэмакр. Рэспублікі са снеж. 1975 саветнік прэм’ер-міністра.

т. 15, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУДО́ВАЯ РЭФО́РМА 1864 у Расіі.

На аснове судовых статутаў рэформа распрацавала прынцыпы суда і судаводства: абвясціла незалежнасць суддзяў, галоснасць, вуснасць і спаборнасць суд. працэсу, скасавала саслоўны суд; уведзены суд прысяжных, адвакатура, міравыя суды. Прагрэс. значэнне рэформы заключалася ў стварэнні новай суд. сістэмы, якая замяніла раздробленую сістэму судоў. Былі створаны дзве сістэмы судоў: міравыя (разглядалі дробныя крымін. і цывільныя справы) і агульныя (уключалі акр. суды і суд. палаты). Пры іх знаходзіліся суд следчыя, суд. прыставы, пракуратура. Вышэйшы нагляд за пракуратурай ажыццяўляў генерал-пракурор (з 1802 ім быў міністр юстыцыі). Вярх. і касацыйным судом, а таксама вышэйшым органам суд. нагляду быў Сенат, дзе існавалі 2 касацыйныя дэпартаменты — цывільны і крымінальны.

т. 15, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́КРЭ (Suere) Антоніо Хасэ (3.2.1795, г. Кумана, Венесуэла —4.6.1830),

адзін з кіраўнікоў вайны за незалежнасць ісп. калоній у Амерыцы 1810—26. Маршал (1824). У 1810 далучыўся да арміі Ф.Міранды. Бліжэйшы паплечнік С.Балівара. Узначаліў паход паўстанцкай арміі ў Эквадор і Перу; пад яго кіраўніцтвам армія перамагла іспанцаў у бітвах пры Пічынчы (1822) і Аякуча (1824). Садзейнічаў стварэнню ў 1825 на тэр. Верхняга Перу рэспублікі Балівія, у 1826—28 яе часовы прэзідэнт. У выніку антыўрадавага мяцяжу ў 1828 пакінуў Балівію. Узначаліў войскі Вял. Калумбіі, якія перамаглі 1829 перуанцаў у бітве пры Хуніне. У пач. 1830 абраны прэзідэнтам Нац. кангрэса Вял. Калумбіі. Забіты паліт. праціўнікамі. Імем С. названы горад у Балівіі, штат у Венесуэле, грашовая адзінка ў Эквадоры.

т. 15, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́МАЎКА,

возера ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Вята, за 8 км на ПдЗ ад г. Міёры. Пл. 1,63 км², даўж. 2,4 км, найб. шыр. 680 м, найб. глыб. 29,9 м, даўж. берагавой лініі 6 км, пл. вадазбору 14,4 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, складаецца з 2 плёсаў — глыбакаводнага зах. Гоўцы і ўсх. Сумаўка (глыб. 15,8 м). Схілы выш. 1—5 м, на Пд і ПдЗ разараныя, месцамі пад хмызняком. Берагі нізкія, пад хмызняком, месцамі забалочаныя, на Пн і З участкамі да 0,8 м, на У зліваюцца са схіламі. Прыбярэжная зона пясчаная, глыбей дно ілістае. Шыр. паласы расліннасці да 15 м. Упадае ручай з возера без назвы, выцякае ручай у воз. Сярэднік.

т. 15, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУРКІ́ (Marmota),

род грызуноў сям. вавёркавых. Вядомы з верхняга міяцэну (каля 5 млн. г. назад). 14 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць у адкрытых ландшафтах, у гарах; селяцца ў норах. Зімой упадаюць у спячку. Некат. віды — пераносчыкі і носьбіты ўзбуджальніка чумы і інш. 2 віды: С. Мензбіра (M. menzbieri) і С. ванкуверскі (M. vancouverensis) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. цела да 70 см, хваста да 25 см; маса да 9 кг. Афарбоўка ад светлай пясчана-вохрыстай да цёмна-бурай і вохрыста-рыжай. Тулава нязграбнае. Вушы кароткія. Кіпцюры моцныя. Расліннаедныя. Нараджаюць да 10 (звычайна 4—6) дзіцянят за год. Некат. віды — аб’екты промыслу. Гл. таксама Байбак, Тарбаган.

Э.​Р.​Самусенка.

Сурок альпійскі.

т. 15, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУСВЕ́ТНЫ САВЕ́Т ЦЭ́РКВАЎ (ССЦ; World Council of Churches),

міжнародны цэнтр экуменічнага руху (гл. Экуменізм). Засн. ў 1948 на 1-й Генеральнай асамблеі ССЦ у Амстэрдаме як аб’яднанне 3 пратэстанцкіх рухаў («Вера і парадак», «Жыццё і дзейнасць», «Міжнародны місіянерскі савет»). Рэзідэнцыя ССЦ у г. Жэнева. Мэта ССЦ — садзейнічанне збліжэнню хрысц. цэркваў у пытаннях веравызнання. На асамблеях ССЦ распрацоўваецца агульная хрысц. праграма, накіраваная на сац. і эканам. пераўтварэнне свету, абмяркоўваюцца глабальныя праблемы чалавецтва і шляхі выхаду з сац.-эканам. і экалагічнага крызісаў. ССЦ аб’ядноўвае больш за 300 рэліг. аб’яднанняў са 100 краін свету. У яго склад уваходзяць пратэстанцкія і правасл. арг-цыі, у т. л. Руская праваслаўная царква (з 1961).

т. 15, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЭ́РВАЧ,

возера ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сэрвач, за 18 км на ПнЗ ад г. Докшыцы. Пл. 4,55 км², даўж. 3,8 км, найб. шыр. 2,9 км, найб. глыб. 5,2 м, даўж. берагавой лініі 12,9 км, пл. вадазбору 51,8 км². Катлавіна рэшткавага тыпу, складаецца з вузкага ўсх. і вял. акруглага зах. плёсаў. Схілы выш. 1—3 м, разараныя, на З невыразныя. Пойма забалочаная, укрыта хмызняком, на З пераходзіць у забалочаную, парослую лесам нізіну. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі сплавінныя. Дно выслана сапрапелем, на Пн торфам; мелкаводдзе пясчанае. Шыр. паласы прыбярэжнай надводнай расліннасці 15—20 м, пашырана да глыб. 1,5—2 м, падводная — да глыб. 3 м. Упадаюць некалькі ручаёў, выцякае р. Сэрвач.

т. 15, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯННА́,

рака ў Чэрыкаўскім р-не і на мяжы Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл., левы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 59 км Пл. вадазбору 543 км² Пачынаецца на ПдУ ад в. Кліны, вусце за 3 км на ПнЗ ад в. Ушакі. Цячэ пераважна ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна трапецападобная, глыбокаўрэзаная, шыр. ад 300 м у вярхоўі да 1 км у ніжнім цячэнні. Пойма двухбаковая, месцамі адкрытая, лугавая. Рэчышча ад вытоку на працягу 15,8 км каналізаванае, у ніжнім і сярэднім цячэнні звілістае, месцамі моцназвілістае; шыр. 5—10 м, ніжэй пашыраецца да 17 м, у ніжнім цячэнні звужаецца да 5—6 м. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў.

т. 15, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЭДНЕДУНА́ЙСКАЯ РАЎНІ́НА, Венгерская нізіна. Знаходзіцца ў бас. сярэдняга цячэння р. Дунай (ад Венскага Лесу на ПнЗ да Жалезных Варот на ПдУ), пераважна ў Венгрыі, часткова ў Аўстрыі, Славакіі, Румыніі, Сербіі, Харватыі. Асобныя часткі С.р. наз. Альфёльд, Дунантуль, Кішальфёльд. Пл. каля 200 тыс. км². Выш. 100—200 м. Тэктанічная ўпадзіна, запоўненая лёсавымі і алювіяльнымі адкладамі. Паверхня плоская або слаба ўзгорыстая, астраўныя горы (выш. да 757 м). Сярэднія т-ры студз. -2 °C, ліп. 22 °C. Ападкаў 500—600 мм, у гарах да 900 мм за год. На тэр. С.р. воз. Балатан з курортным раёнам. Участкі лесастэпаў і стэпаў. Інтэнсіўнае земляробства (пасевы пшаніцы, кукурузы; садаводства, вінаградарства). Радовішчы баксітаў, нафты і газу, бурага вугалю. Буйны горад — Будапешт.

т. 15, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)