МАСКІРО́ЎКА (адфранц. masquer рабіць непрыкметным, нябачным для каго-небудзь),
1) (ваен.) комплекс мерапрыемстваў па ўвядзенні праціўніка ў зман аб наяўнасці, размяшчэнні, колькасці і складзе войск, іх дзеяннях і намерах.
Сродкі і прыёмы М. сталі актыўна ўдасканальваецца разам са з’яўленнем наразной агнястрэльнай зброі. М. асабліва шырока выкарыстоўвалася ў 2-ю сусв. вайну, у т. л. пры падрыхтоўцы Беларускай аперацыі 1944. Сав. камандаванне скрытна рыхтавала войскі 1, 2, 3-га Бел. і 1-га Прыбалт. франтоў для наступлення, адначасова імітавала канцэнтрацыю сав. войск у паласе 3-га Укр. фронту (тэр. Украіны). Гэтыя дзеянні стварылі ў ням. камандавання ілюзію падрыхтоўкі дапаможных удараў Чырв. Арміі на тэр. Беларусі. У выніку з 30 танк. і матарызаваных ням. дывізій, якія знаходзіліся на сав.-герм. фронце, 24 былі дыслацыраваны на Пдад Прыпяці, што стала адной з прычын катастрафічнага паражэння ням. войск летам 1944 на тэр. Беларусі. М. была найважнейшай умовай, спосабам і сродкам арганізацыі масавага партыз. руху і дзеяння сав. падполля ў гады Вял.Айч. вайны. Важную ролю ў М., размяшчэнні, манеўрах, баях і аперацыях бел. партызан адыграў лес.
У сувязі са з’яўленнем высокадакладнай зброі, інш. навейшых відаў узбраення і сродкаў разведкі роля М. вырасла, і М. стала важным відам забеспячэння баявых дзеянняў войск. У сучасных умовах паводле маштабу выкарыстання і характару задач М. падзяляецца на стратэгічную, аператыўную і тактычную. Спосабы М.: скрыванне, імітацыя, дэзінфармацыя і дэманстратыўныя дзеянні. Асн. віды М.: аптычная, цеплавая, радыёлакацыйная, радыётэхн., гідраакустычная і інш. Сродкамі М. з’яўляюцца: маскі-макеты, табельныя камплекты, прыстасаванні дымапуску, маскіравальныя адзенне, афарбоўка, расліннасць і інш.Найб. эфект дасягаецца пры адначасовым выкарыстанні М. супраць усіх сродкаў разведкі праціўніка.
2) Змена аблічча пры дапамозе маскі або інш. сродкаў.
3) (Пераноснае) паводзіны людзей, якія хаваюць ад іншых свае дзеянні, погляды, учынкі. У час войнаў або вял.сац.-эканам. і паліт. зрухаў М. была адным са сродкаў барацьбы за выжыванне людзей і этнасу, у т. л. ў бел. грамадстве.
Літ.:
Толочков М.И. Маскировка в современном бою. 2 изд. М., 1975;
Мацуленко В.А. Оперативная маскировка войск: (По опыту Великой Отеч. войны). М., 1975;
Степанов Ю.Г. Противорадиолокационная маскировка. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭ́РЫЯ (лац. materia рэчыва),
філасофская катэгорыя, якая абазначае аб’ектыўнае (незалежнае ад чалавечай свядомасці) існаванне свету; сукупнасць разнастайных аб’ектаў і з’яў, а таксама іх уласцівасцей і адносін паміж імі. Паняцце «М.» ўзнікла ў стараж. філасофіі (грэч., кіт. і інш.), азначала пэўны першасны пачатак усіх рэчаў і з’яў, але ў той жа час не атаясамлівалася з ніводнай з іх. Побач з роляю субстрату ўсіх матэрыяльных аб’ектаў М. надзялялася і некаторымі фундаментальнымі ўласцівасцямі: працягласцю, рухам, інертнасцю, існаваннем у часе і інш.Т.ч., ужо ў старажытнасці сфарміраваўся акрэслены погляд на М. як на нешта вечнае, нязменнае, непадзельнае. Яскравым увасабленнем гэтага погляду з’явілася вучэнне Дэмакрыта аб атамах, якія адпавядалі найб. характэрным рысам першасных матэрыяльных элементаў і ў гэтай якасці ўдзельнічалі ў пабудове ўсіх матэрыяльных аб’ектаў і з’яў; разнастайнасць апошніх тлумачылася колькасцю атамаў і спосабамі іх спалучэння. Атамістычны погляд на М. трымаўся ў філасофіі і прыродазнаўчых навуках на працягу тысячагоддзяў і быў абвергнуты толькі на мяжы 19 і 20 ст. на падставе дасягненняў фізікі, якая даказала і факт падзельнасці атама, і бясконцасць М. Гэта датычыць і інш. вучэнняў, якія абапіраліся на палажэнне аб існаванні нейкай рэчыўнай субстанцыі, з якой пачынаецца М. ва ўсіх яе канкрэтных праявах і формах. Сучаснае навук. разуменне М. падкрэслівае адзіную істотную яе рысу — уласцівасць быць аб’ектыўнай рэчаіснасцю і існаваць незалежна ад чалавечай свядомасці; пры гэтым катэгорыя М. не звязваецца з уяўленнямі аб яе ўнутр. структуры. У розных філас. інтэрпрэтацыях (матэрыялізм і ідэалізм) паняцці М. і свядомасці выступаюць у якасці антыподаў у залежнасці ад таго, чаму надаецца першаснае значэнне: М. або абсалютызаванай чалавечай свядомасці (духу). У рэчаіснасці М. і свядомасць чалавека ўзаемазвязаны: прызнанне першаснасці М., напр., не дае падстаў да адмаўлення актыўнасці чалавечага духу. Быццё М. адбываецца ў акрэсленых усеагульных формах, якімі выступаюць прастора і час. Матэрыяльныя аб’екты падпарадкоўваюцца прынцыпу сістэмнай арганізацыі і аб’ядноўваюцца ў шматлікія прыродныя, касм., сац. сістэмы. М. можа існаваць таксама ў выглядзе рэчыва і фізічнага поля.
Літ.:
Энгельс Ф.Анты-Дзюрынг. Мн., 1952;
Ленін У.І. Матэрыялізм і эмпірыякрытыцызм // Тв. Т. 14. (Полн. собр. соч. Т. 18);
Мелюхин С.Т. Материя в ее единстве, бесконечности и развитии. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЖА́ АСЕ́ЛАСЦІ, мяжа яўрэйскай аселасці,
частка тэр.Рас. імперыі, з якой у 1792—1917 не дазвалялася свабоднае перасяленне яўрэяў у інш. рэгіёны краіны. Першапачаткова ўводзілася з мэтай абараніць інтарэсы рас. купцоў і прадпрымальнікаў ад канкурэнцыі яўр. капіталу з зямель, што былі далучаны да Расіі ў сярэдзіне 17 — пач. 19 ст.: у выніку вайны з Рэччу Паспалітай 1654—67, трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) і войнаў з Турцыяй (1735—39, 1768—74, 1787—91, 1806—12). Ахоплівала пераважна вобласці традыц. рассялення яўрэяў на тэр.б. Рэчы Паспалітай (Беларусь, б.ч. Украіны, Літва, ч. Латвіі) і каланізаваныя яўрэямі стэпавыя раёны Паўн. Прычарнамор’я, што былі адваяваны Расіяй у туркаў і крымскіх татар (паўд. вобласці Украіны і ч. Малдовы). Падставай для ўвядзення М.а. стаў дазвол у студз. 1780 яўрэям Магілёўскага і Полацкага намесніцтваў запісвацца ў гар. купецкае і мяшчанскае саслоўі. Указам ад 3.1.1792 Кацярына II забараніла яўрэям запісвацца ў купецкае саслоўе рас. гарадоў і партоў, а дазволіла мець правы «грамадзянства і мяшчанства» толькі ў межах бел. намесніцтваў і Таўрычаскай вобл. Указам ад 4.10.1794 права аселага жыхарства і купецка-мяшчанскіх заняткаў для яўрэяў дазволена ў 10 новаўтвораных губернях. 14.5.1795 яўрэям-купцам і мяшчанам забаронена перамяшчацца з губерні ў губерню. Паводле Палажэння аб яўрэях 1804 ім дазвалялася пражываць у 13 зах. губернях. У адпаведнасці з палажэннем 1835 у М.а. ўключаны 15 губерняў: Бесарабская, Валынская, Віленская, Віцебская, Гродзенская, Екацярынаслаўская, Кіеўская, Ковенская, Магілёўская, Мінская, Падольская, Палтаўская, Таўрычаская, Херсонская, Чарнігаўская. У межах М.а. яўрэям забаранялася пражываць у вёсках, а таксама ў Кіеве, Севастопалі і Ялце. У Курляндскай губ., на Каўказе, а пазней і ў Сярэдняй Азіі дазвалялася пражываць толькі «мясц. яўрэям». Абмежавальнае заканадаўства не датычыла яўрэяў, якія прымалі праваслаўе. У 1835 яўрэям дазволена па-за М.а. набываць нерухомасць (акрамя маёнткаў, населеных сялянамі), засноўваць земляробчыя калоніі і фабрыкі. З абмежавальнага заканадаўства выключаліся купцы 1-й гільдыі (указ 1859), асобы з вышэйшай (1861) і сярэдняй (1865, 1866, 1872) адукацыяй, рамеснікі, механікі, вінакуры (1865), аптэкары, дантысты, фельчары, павітухі (1879), ваеннаслужачыя па рэкруцкім наборы з сем’ямі (1860, 1867). М.а. і ўсе заканадаўчыя абмежаванні яўрэяў у грамадзянска-маёмасных правах скасаваны пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 паводле закону «Аб адмене веравызнальных і нацыянальных абмежаванняў» (2.4.1917).
Літ.:
Анищенко Е.К. Черта оседлости: (Бел. синагога в царствование Екатерины II). Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯШЧА́НЕ (ад польскага mieszczanin гараджанін),
гарадское падатковае саслоўе ў ВКЛ у 14—18 ст. (у Расіі ў 1775—1917), якое ўключала розныя катэгорыі гараджан: рамеснікаў, дробных гандляроў і домаўладальнікаў, купецтва і інш. У Беларусі тэрмін «М.» замацаваўся ў 15 ст. Да М. залічвалі тую частку рамеснікаў, у т. л. цэхавых, купцоў, дробных гандляроў, якая падпарадкоўвалася магдэбургскаму праву. У некаторых гарадах Беларусі (Віцебск, Полацк) у склад М. уваходзіла і землеўласніцкая частка гараджан, якая выконвала вайсковы абавязак — конныя, путныя, пасельскія М. Яны былі вызвалены ад падаткаў і складалі прывілеяваную групу гараджан. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі на М. бел. гарадоў пашырана рас. заканадаўства. У Расіі першапачаткова М. называлі гараджан ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Гэтая назва захоўвалася і за гараджанамі Смаленшчыны пасля яе далучэння да Расіі (1667). У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. ў Маскве існавала Мяшчанская слабада, населеная бел. рамеснікамі, вывезенымі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. З 1775 М. — назва асобнага гар. саслоўя Рас. імперыі. Акты 1775 і 1785 залічылі да М. пасадскіх людзей з капіталам менш за 500 руб., у т. л. частку купцоў, і некаторыя інш. катэгорыі гараджан, якія не ўваходзілі ў купецкія гільдыі і рамесныя цэхі. М. выконвалі рэкруцкую павіннасць, былі абмежаваны ў праве перамяшчацца, да 1863 на іх пашыраліся цялесныя пакаранні. Званне М. было спадчынным, аднак іх склад папаўняўся за кошт збяднелых купцоў, прыватнаўласніцкіх сялян, якія выкупіліся на волю або былі адпушчаны памешчыкамі. М., што разбагацелі, маглі перайсці ў гільдзейскае купецтва. М. кожнага горада, пасада, або мястэчка ўтваралі асобую мяшчанскую грамаду, якой кіравалі мяшчанскі стараста і яго памочнікі. У выніку рэформ 1860-х г. многія М. атрымалі доступ да дзярж. службы, сталі людзьмі «вольных прафесій». У 1897 у Расіі было 7449,3 тыс. М. (44,3% гар. насельніцтва). У бел. губернях, паводле перапісу 1897, М. і купцоў было 1800,1 тыс.чал. — 22,4% насельніцтва, а ў гарадах (без мястэчак) 69,5% насельніцтва. Мяшчанскае саслоўе і інш. саслоўі Расіі скасаваны дэкрэтам ЦВКад 23.11.1917.
Літ.:
Копысский З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в. Мн., 1966;
Лютый А.М. Социально-экономическое развитие городов Белоруссии в конце XVIII — первой половине XIX в. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎПРАВАДНІКІ́,
рэчывы, у якіх канцэнтрацыя рухомых носьбітаў зараду значна меншая за канцэнтрацыю атамаў матрыцы. Адрозніваюцца паводле ўпарадкаванасці размяшчэння атамаў, хім. саставу, уласцівасцей. Атамы П. лёгка іанізуюцца, у выніку чаго ўзнікаюць дэлакалізаваныя электрон і дзірка (электронная вакансія ў хім. сувязі атамаў матрыцы). У ідэальных П. канцэнтрацыі электронаў і дзірак роўныя. У рэальных П., якія маюць атамы дамешкаў і дэфекты структуры, гэта роўнасць можа парушацца і тады электраправоднасць П. у асноўным забяспечваецца адным тыпам носьбітаў зараду (электронамі ці дзіркамі).
П., у якім канцэнтрацыя электронаў праводнасці намнога большая за канцэнтрацыю дзірак, наз. П. n-тыпу, у якім больш дзірак — р-тыпу. Паводзіны носьбітаў зараду ў крышт. П. апісваюцца зоннай тэорыяй. Запоўненыя электронныя станы (узроўні энергіі) валентнай зоны аддзелены ад вакантных станаў зоны праводнасці забароненай зонай (энергетычнай шчылінай). Дамешкавыя атамы і дэфекты крышт. структуры прыводзяць да з’яўлення энергетычных станаў у забароненай зоне (радзей у зоне дазволеных энергій), але паняцце забароненай зоны захоўвае сэнс. Дамешкавыя атамы ў П. могуць набываць зарад (донары — дадатны, акцэптары — адмоўны), які кампенсуецца з’яўленнем электрона ў зоне праводнасці ці дзіркі ў валентнай зоне. Эл. актыўнасць дамешкавага атама абумоўлена тым, што ён мае інш. валентнасць, чым замешчаны ім атам крышт. матрыцы (рашоткі). Калі дамешкавы атам замяшчае ў крышт. рашотцы атам з той жа групы перыяд. сістэмы элементаў (ізавалентнае замяшчэнне), то, часцей за ўсё, ён электрычна неактыўны і не ўтварае лакалізаваны стан. Ізавалентныя дамешкі могуць уваходзіць у крышт. рашотку ў вял. канцэнтрацыях і ўтвараць цвёрдыя растворы. У іх размяшчэнне вузлоў рашоткі мае далёкі парадак, але атамы замяшчэння размяшчаюцца ў гэтых вузлах хаатычна. Бясшчылінныя П. маюць нулявую шырыню забароненай энергет. зоны. Ад тыповых П. (германій, крэмній) іх адрознівае адсутнасць парогавай энергіі, неабходнай для паяўлення электрон-дзірачнай пары, ад металаў — значна меншая канцэнтрацыя электронаў праводнасці.
На Беларусі даследаванні па фізіцы П. вядуцца з пач. 1960-х г. у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, Ін-це фізікі, Ін-це электронікі Нац.АН, БДУ і інш.
Літ.:
Бонч-Бруевич В.Л., Калашников С.Г. Физика полупроводников. 2 изд. М., 1990;
Вавилов В.С. Алмаз в твердотельной электронике // Успехи физ. наук. 1997. Т. 167, №1;
Yu P.Y., Cardona M. Fundamentals of semiconductors. 2 ed. Berlin, 1999;
Seeger K. Semiconductor Physics. 7 ed. Berlin, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЗМА (адгрэч. plasma літар. вылепленае, аформленае) у фізіцы, іанізаваны газ, у якім шчыльнасці дадатных і адмоўных зарадаў прыкладна аднолькавыя. Мае шэраг асаблівасцей, якія дазваляюць лічыць яе асобным (нараўне з цвёрдым, вадкім і газападобным) агрэгатным станам рэчыва. У стане П. знаходзяцца Сонца, гарачыя зоркі, міжзорнае асяроддзе, зоркавыя атмасферы, галактычныя туманнасці і інш. Уласцівасці П. вывучае фізіка плазмы.
У залежнасці ад ступені іанізацыі (адносін канцэнтрацыі зараджаных часціц да поўнай іх канцэнтрацыі) адрозніваюць слаба, сярэдне і поўнасцю іанізаваную П. З-за наяўнасці паміж зараджанымі часціцамі далёкадзейных (кулонаўскіх) сіл нават разрэджаная плазма з’яўляецца складана арганізаваным асяроддзем з мноствам элементарных і калект. працэсаў у ім. Штучна П. атрымліваюць з дапамогай эл. поля ў газавых разрадах, нагрэву газу, уздзеяння іанізавальных выпрамяненняў, ударных хваль і інш. Уласцівасці П. ў знешніх палях апісваюцца кінетычным ураўненнем Больцмана (гл.Кінетычная тэорыя газаў) і сістэмай Максвела ўраўненняў, у якія ўваходзяць самаўзгодненыя (пэўным спосабам усярэдненыя) эл. і магн. палі. Калі ўласна плазменныя эфекты неістотныя, карыстаюцца больш грубымі набліжэннямі магнітнай гідрадынамікі. Многія ўласцівасці, характэрныя для П., маюць таксама сукупнасці носьбітаў зараду ў паўправадніках і металах; іх асаблівасць — магчымасць існавання пры нізкіх (для газавай П.) т-рах — пакаёвай і ніжэй Выкарыстанне высокатэмпературнай П. (т-ра да 108К) звязана з праблемай ажыццяўлення кіравальных тэрмаядзерных рэакцый. Найб. пашырана выкарыстанне ў тэхніцы нізкатэмпературнай (халоднай) П. (т-ра прыкладна ад 103 да 105К) у газаразрадных прыладах, газавых лазерах, магнітагідрадынамічных і тэрмаэмісійных генератарах, плазматронах, плазменных паскаральніках і інш. (гл.Плазменная тэхналогія, Плазмахімія).
На Беларусі даследаванні па фізіцы і тэхніцы П. вядуцца ў Фіз.-тэхн. ін-це з канца 1940-х г. (вывучэнне працэсаў, што працякаюць у вобласці кантакту электраразраднай П. з металамі), Ін-це фізікі з 1955 (П. эл. дугавых і іскравых разрадаў як крыніцы святла, а з 1960 — сістэматычныя даследаванні нізкатэмпературнай П.), Ін-це цепла- і масаабмену, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Фіз.-тэхн. ін-це Нац.АН, БДУ.
Літ.:
Арцимович Л.А. Элементарная физика плазмы. 3 изд. М., 1969;
Трубников Б.А. Введение в теорию плазмы. Ч. 1—3. М., 1969—78;
Основы физики плазмы. Т. 1—2. М., 1983—84;
Чен Ф.Ф. Введение в физику плазмы: Пер. с англ.М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́БАТ (чэш. robot ад robota цяжкая паднявольная праца, rob раб; тэрмін «Р.» упершыню ўжыў К.Чапек у 1920 як назву мех. людзей),
аўтаматычная машына, якая забяспечвае выкананне розных рухаў і некаторых інтэлектуальных функцый, уласцівых чалавеку ў працэсе яго прац. дзейнасці. Мае перапраграмавальнае прыстасаванне і інш.тэхн. сродкі, што даюць магчымасць хуткай пераналадкі для аўтам. выканання розных дзеянняў, прадугледжаных праграмай.
Першыя Р., якія імітавалі рухі і знешні выгляд чалавека, выкарыстоўваліся з пацяшальнымі мэтамі. З развіццём аўтаматызацыі вытворчасці разам з традыцыйнымі аўтаматамі сталі выкарыстоўвацца Р.-аўтаматы (прамысловыя робаты), якія мелі адну або некалькі «мех. рук», пульт кіравання або ўбудаванае прыстасаванне праграмнага кіравання. З развіццём робататэхнікі створаны разнастайныя тыпы Р. Паводле сістэм кіравання адрозніваюць Р.: праграмныя (перапраграмаванне робіцца чалавекам), адаптыўныя (з пэўнымі магчымасцямі аўтам. перапраграмавання, гл.Самапрыстасавальны робат), інтэлектныя (здольныя планаваць свае дзеянні ў залежнасці ад зменных абставін). Інтэлектныя аснашчаюцца датчыкамі апачуццяўлення, якія ўтвараюць сенсорную сістэму, прызначаную для ўспрымання, пераўтварэння, аналізу, апрацоўкі (з дапамогай ЭВМ ці мікрапрацэсара) інфармацыі пра знешняе асяроддзе, перадачы яе кіроўнаму прыстасаванню або ЭВМ вышэйшага ўзроўню. Прамысловыя Р., як правіла, выкарыстоўваюцца ў комплексе з асн.тэхнал. абсталяваннем (у робататэхнічных комплексах і інш. структурных адзінках гібкай аўтаматызаванай вытворчасці). Выкарыстанне Р. дазваляе вызваліць чалавека ад манатоннай і небяспечнай для жыцця работы, у т. л. ва ўмовах павышанай радыяцыі, высокай т-ры, пад вадой, у космасе і г.д.
Літ.:
Геттнер Р, Зейдевиц Н. Роботы сегодня и завтра: Пер. с нем. М., 1988;
Куафе Ф. Взаимодействие робота с внешней средой: Пер. с фр.М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІМАЛА́І (адсанскр. хімалая — прыстанак снягоў),
найвышэйшая горная сістэма Зямлі, у Азіі, паміж Тыбецкім нагор’ем на Пн і Інда-Гангскай раўнінай на Пд, на тэр. Індыі, Непала, Кітая, Пакістана, Бутана. Працягнуліся з ПнЗ на У больш як на 2400 км, шыр. да 350 км, пл. каля 650 тыс.км². Выш. да 8848 м, г.Джамалунгма (Эверэст). Паводле рэльефу і геал. будовы ў Гімалаях вылучаюцца 3 часткі, якія ступенямі з Пд на Пн узвышаюцца над Інда-Гангскай раўнінай: Сівалікскія горы (Перадгімалаі), выш. 700—900 м, парэзаны шматлікімі рэкамі; Малыя Гімалаівыш. 3500—4000 м, асобныя вяршыні да 6000 м; Вялікія Гімалаі, дзе 11 вяршынь выш. 8000 м і больш, у т. л. Канчэнджанга (8585 м), Макалу (8470 м), Дхаўлагіры (8221 м), Кутанг (8126 м) і інш.; характэрны глыбокае тэктанічнае расчляненне, альпійскі рэльеф, вышынныя кантрасты, магутнае зледзяненне (пл. больш за 33 тыс.км², буйны ледавік — Ганготры). Гімалаі сфарміраваліся ў эпоху альпійскай складкавасці на месцы былога акіяна Тэтыс. Паўд. перадгор’і складзены пераважна з пясчанікаў і кангламератаў, карэнныя схілы і восевая зона — з гнейсаў, крышт. сланцаў, гранітаў, філітаў і інш.крышт. і метамарфічных парод. Карысныя выкапні: золата, медзь, храміт, мыш’як, буры вугаль, гаручыя газы, нафта, каменная і калійная солі, сапфір. Гімалаі — прыродны кліматычны бар’ер паміж абласцямі трапічнага мусоннага клімату Паўд. Азіі і пустынна-стэпавага Цэнтр. Азіі. У перадгор’ях сярэдняя т-растудз. 15 °C, ліп. 25 °C. Вышыня снегавой лініі вагаецца ад 4500 м на паўд. схілах да 5700 м на паўночных. Перавалы ляжаць на выш. 3500—4500 м (Тангла). Вял. кантрасты ў Гімалаях ва ўвільгатненні: найб. колькасць ападкаў летам у перыяд паўд.-зах. мусону. У паўд.-ўсх.ч. гор выпадае да 3000 мм, у зах. — 1500—1000 мм, на паўн. схілах (падветраных, сухіх) — каля 100 мм за год. У Гімалаях пачынаюцца асн. рэкі Паўд. Азіі — Інд, Ганг, Брахмапутра. Ва Усх. Гімалаях на паўд. схілах да 400 м — тэраі — забалочаная паласа вільготных лясоў і хмызнякоў. Да выш. 1500 м вільготныя трапічныя лясы (пальмы, бамбукі, дрэвападобныя папараці, панданусы, магноліі, шмат ліян). Ад 1500 да 2700 м вечназялёныя дубовыя лясы (дубы, каштаны, рададэндраны, клёны, у падлеску імхі і лішайнікі). На выш. 2700—3700 м пояс хвойных лясоў з піхты серабрыстай, елкі блакітнай, лістоўніцы, цугі, кедра гімалайскага. Ад 3700 м да пояса снегу субальпійскія і альпійскія лугі. Вышэй за 5000—5400 м нівальны пояс (скалы, снег, лёд). У Зах. Гімалаях у ніжнім поясе міжземнаморскі тып вечназялёных хмызнякоў. Да 1500 м субтрапічныя шыракалістыя дубовыя і кляновыя лясы. На выш. 1500—3500 м пояс хвойных і лістападных лясоў. Да выш. 4600 м альпійскія лугі, вышэй пояс пустынь і ледавікоў. Паўн. схілы Гімалаяў бязлесныя, пашыраны пустынна-стэпавыя ландшафты з рэдкімі ксерафітнымі травамі і хмызнякамі. У джунглях перадгор’яў водзяцца сланы, насарогі, буйвалы, антылопы, тыгры, малпы, з птушак — паўліны, фазаны, папугаі, на паўн. схілах — які, дзікія бараны, козы, гімалайскі мядзведзь і інш. Ландшафты Гімалаяў зменены пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека: узараны перадгор’і і нізкагор’і (75% Кашмірскай даліны займае ворыва), тэрасаваны ўчасткі схілаў пад пасевы чайнага куста, рысу, садавіны, ячменю. Лесараспрацоўкі. Развіваецца альпінізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГДЭБУ́РГСКАЕ ПРА́ВА (майдэборскае права)
(лац. jus theutonicum magdeburgense),
феадальнае гарадское права. Склалася ў ням. горадзе Магдэбург у 12—13 ст. з розных крыніц, у т. л. з прывілеяў, выдадзеных архіепіскапам Віхманам гар. патрыцыяту (1188), Саксонскага зярцала, пастаноў суда шэфенаў Магдэбурга і інш. Мела універсальны характар, г.зн. трактавала розныя віды праваадносін: дзейнасць гар. улады, суда, яго кампетэнцыю і парадак судаводства, пытанні зямельнай уласнасці «ў межах горада», парушэнні ўладання, захопу нерухомасці, устанаўлівала пакаранні за розныя віды злачынстваў і г.д. Асобае месца займалі нормы, што рэгулявалі гандаль і рамесніцтва, дзейнасць цэхаў і купецкіх гільдый, парадак падаткаабкладання. М.п. з’явілася юрыд. замацаваннем поспехаў гараджан у барацьбе з феадаламі за самастойнасць. Яно давала гораду права на самакіраванне і ўласны суд, права зямельнай уласнасці і вызваленне ад большай часткі феад. павіннасцей. М.п. было перанята многімі гарадамі Усх. Германіі, Усх. Прусіі, Сілезіі, Чэхіі, Венгрыі, Польшчы.
З 14 ст. М.п. пашыралася на гарады ВКЛ. Жыхары гарадоў, якія атрымлівалі М.п., вызваляліся адфеад. павіннасцей, ад суда і ўлады ваяводаў, старостаў і інш.дзярж. службовых асоб. У прыватнаўладальніцкіх гарадах М.п. не вызваляла гараджан ад залежнасці і ўлады феадалаў, аднак залежнасць не мела рысаў прыгонніцтва. На аснове М.п. ў горадзе ствараўся выбарны орган самакіравання — магістрат. 3 увядзеннем М.п. адмянялася дзейнасць мясц. права, але не адмаўлялася правамернасць карыстання мясц. звычаямі, калі вырашэнне справы не прадугледжвалася М.п. У судовай практыцы магістратаў Беларусі разам з М.п. выкарыстоўваліся нормы агульнадзярж. права — Статутаў ВКЛ, судовых статутаў сталіцы — Вільні і ўласнай юрыд. практыкі. У ліку першых М.п. ў ВКЛ атрымалі Вільня (1387), Брэст (1390), Гродна (1391 няпоўнае, 1496 поўнае), Слуцк (1441), Высокае (1494), Полацк (1498), Мінск (1499), Браслаў (1500), Навагрудак (1511) і інш. М.п. мелі каля 60 гарадоў і мястэчак Беларусі. Граматы на М.п. дзярж. гарадам выдавалі вял. князі ВКЛ, прыватнаўладальніцкім гарадам — уладальнікі гарадоў або па іх хадайніцтве вял. князі. На Беларусі М.п. скасавана паводле ўказаў Кацярыны II у Магілёўскай губ. ў ліст. 1775, у Мінскай — у маі 1795, у зах. Беларусі — у снеж. 1795.
Літ.:
Копысский З.Ю. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в., Мн., 1975;
Грицкевич А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв.: (Соц. экон. исслед. истории городов). Мн., 1975.
Гарады і мястэчкі Беларусі, якія мелі магдэбургскае права
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДА́ТКІ,
абавязковыя грашовыя плацяжы юрыд. і фіз. асоб у дзярж. або мясц. бюджэт. Устанаўліваюцца і прымусова спаганяюцца дзяржавай у форме пераразмеркавання часткі грамадскага прадукту, што выкарыстоўваецца для задавальнення агульнадзярж. патрэб. Сутнасць, унутр. змест і значэнне раскрываюць іх функцыі: фіскальная (функцыя асноўная і характэрная для ўсіх дзяржаў на розных этапах развіцця); выяўляецца ў бесперабойным забеспячэнні дзяржавы фін. рэсурсамі); стымулюючая (выяўляецца ў змене аб’екта абкладання, змяншэнні падаткаабкладаемай базы і рэалізуецца праз сістэму льгот, прэферэнцый, выключэнняў); размеркавальная (забяспечвае працэс пераразмеркавання часткі сукупнага грамадскага прадукту); рэгулюючая (удзельнічае ў пераразмеркавальным працэсе, уплывае на ўзнаўленне і яго тэмпы, назапашванне капіталу і плацежаздольны попыт насельніцтва).
П. вядомы з глыбокай старажытнасці, калі яны існавалі ў форме даніны, павіннасцей і інш. пабораў. Узнікненне П. звязана з неабходнасцю ўтрымання дзяржавы. У ВКЛ і Рэчы Паспалітай П. выступалі ў якасці ўстаноўленых плацяжоў на карысць дзяржавы, феадалаў і царквы. Падатковай адзінкай у сельскай мясцовасці была абшчына, сяляне якой плацілі грашовыя і натуральныя П.; з гарадоў спаганялася ардыншчына, сярэбшчына, карчомны чынш Да пач. 17 ст. ў ВКЛ было больш за 30 розных павіннасцей (байдачнае, дзесяціна, куніца, саха, чоп і інш.). У Рас. імперыі, потым у СССР П. вызначаліся і спаганяліся ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. У 1930 у сувязі з падатковай рэформай шматлікія П. прадпрыемстваў (больш за 80 відаў аб’яднаны ў П. з абароту і адлічэнні ад прыбытку. Пазней П. ў асноўным спаганяліся з даходаў грамадзян, каап., грамадскіх прадпрыемстваў і з калгасаў у форме падаходнага падатку. Насельніцтва таксама плаціла мясцовыя зборы — с.-г. П., з маласямейных і адзінокіх грамадзян. Асн. крыніцай даходаў бюджэту былі П. з абароту — універсальныя акцызы, якія плацілі прадпрыемствы. З іх дапамогай ажыццяўлялася рэгуляванне фіксаваных рознічных і аптовых цэн. Уведзеныя ў 1960 плата за фонды, фіксаваныя плацяжы, плата за прац. рэсурсы па-сутнасці былі абавязковымі П.
У Рэспубліцы Беларусь з 1992 заканадаўча зацверджана новая падатковая сістэма. П., як і аб’ектаў абкладання, шмат, яны гарантуюць прыкладна роўныя ўмовы ўсім суб’ектам, незалежна ад формы ўласнасці. Юрыд. асобы абавязаны плаціць ускосныя і адначасовыя грашовыя П. Сярод ускосных: П. на дабаўленую вартасць (аб’ект падаткаабкладання — вартасць, якую прадпрыемства дабаўляе да вартасці сыравіны, матэрыялаў або тавараў пры вытв-сці і рэалізацыі прадукцыі, выкананні работ і аказанні паслуг), П. на паліва (аб’ект падаткаабкладання — выручка ад рэалізацыі бензінаў і дызельнага паліва, сціснутага і звадкаванага газу); П. на продаж (разнастайныя акцызы на асобныя тавары, напр., на гарэлку, тытунёвыя вырабы і да т.п.). Да прамых П. належаць: П. на прыбытак, даходы, нерухомасць, надзвычайны для ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, экалагічны, транзітны, мытныя пошліны, зямельны. Насельніцтва плаціць П. на нерухомасць, зямельны; прадпрымальнікі плацяць таксама П на дабаўленую вартасць. Усе сумы П. і збораў залічваюцца ў бюджэт краіны. Памеры адлічэнняў у мясц. бюджэты ад агульнадзярж. П. ўстанаўліваюцца штогод пры зацвярджэнні бюджэту. Гл. таксама Падатковая палітыка, Падатковыя льготы.
Літ.:
Фишер С., Дорнбуш Р., Шмалензи Р. Экономика: Пер. с англ.М., 1993;