ЧЫГУ́НАЧНЫ ВАКЗА́Л,

комплекс збудаванняў для абслугоўвання пасажыраў чыгуначнага транспарту, выканання грузавых, паштовых і багажных аперацый; састаўная частка чыгуначнай станцыі. Тэр. Ч.в. ўключае пасаж. будынак, прывакзальную плошчу, пасажырскія платформы, пешаходныя пераходы-залы (канкорсы) і масткі, багажныя тунэлі і інш.

У залежнасці ад прапускной здольнасці і адначасовай умяшчальнасці пасажыраў адрозніваюць Ч.в. малыя (да 200 чал.), сярэднія (да 900), вялікія (да 1500) і пазакласныя (больш за 1500). Пасаж. будынак уключае памяшканні: аперацыйныя (касавыя залы, камеры захоўвання багажу, вузел сувязі і інш.), для чакання і адпачынку, быт. абслугоўвання і харчавання, службовыя і дапаможныя. Паводле размяшчэння пасаж. будынка адносна пуцей Ч.в. падзяляюць на берагавыя, астраўныя, папярочныя (пры тупіковых пуцях) і камбінаваныя. Часта Ч.в. аб’ядноўваюць з вакзаламі інш. відаў транспарту (напр., аўтобусным). Гл. таксама Вакзал.

Чыгуначны вакзал станцыі Мінск-Пасажырскі.

т. 17, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАВЫМЯРА́ЛЬНЫХ ПРЫЛА́Д ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

галіна машынабудавання, прадпрыемствы якой вырабляюць разнастайныя прылады для вымярэння эл., а таксама неэл. (т-ры, ціску і інш.) велічынь эл. метадамі. Гал. прадукцыя такіх прадпрыемстваў — амперметры, вальтметры, омметры, фарадметры, лічыльнікі эл. энергіі. На Беларусі працуе больш за 15 прадпрыемстваў Э.п.в. Найбуйнейшыя з іх: Беларускае вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі (асцылографы, вальтметры, мультыметры, ЗВЧ-прыёмнікі і інш.), Мінскі электрамеханічны завод (лічыльнікі электраэнергіі, тахометры і інш.), Мінскі доследны завод «Эталон», прадпрыемства «Дысплей» (Мінск; вальтметры), Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Электравымяральнік» (электронныя вымяральныя пераўтваральнікі і ўзмацняльнікі для сістэм цэнтралізаванага кантролю і аўтам. кіравання тэхнал. працэсамі ў энергетыцы і прам-сці; прылады ўліку электра- і цеплаэнергіі, расхадамеры і інш.), Наваполацкі завод «Вымяральнік» (сілавая электроніка для энергазберажэння і інш.). Прадпрыемствы галіны працуюць таксама ў Гомелі, Магілёве, Брэсце.

П.​І.​Рогач.

т. 18, кн. 1, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАНАСО́ВІЧ Уладзімір Уладзіміравіч (н. 6.11.1951, в. Стахава Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне інфарматыкі і сістэмнага аналізу. Д-р фіз.-матэм. н. (1991), праф. (1993). Скончыў БДУ (1973), дзе і працуе (з 1994 заг. кафедры), адначасова з 1996 дэкан Міжнар. вышэйшай школы бізнесу і менеджменту тэхналогій. Навук. працы па пытаннях мадэліравання складаных працэсаў і сістэм, метадах і сродках аналізу і стат. апрацоўкі даных. Распрацаваў дыскрэтна-падзейны падыход да пабудовы дынамічных мадэлей стахастычных працэсаў і сістэм. Стварыў алгарытмы і праграмныя сродкі мадэліравання і аналізу выпадковых працэсаў у складаных фіз. і біял. сістэмах.

Тв.:

Цифровое моделирование стохастических систем. Мн., 1986 (разам з А.​М.​Ціханенкам);

Статистический анализ случайных потоков в физическом эксперименте. Мн., 1988 (разам з А.​А.​Калядой, А.​Ф.​Чарняўскім).

т. 18, кн. 1, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БОБРУ́ЙСКИЕ О́ТКЛИКИ»,

штодзённая грамадска-паліт. і літаратурная газета ліберальнага кірунку. Выдавалася з 11(24).8.1911 да 16(29).5.1912 у Бабруйску на рус. мове. Адлюстроўвала эканам., паліт., сац.-культ. пазіцыю сярэдняй і дробнай гар. буржуазіі і інтэлігенцыі пераважна з асяроддзя абруселых яўрэяў. Змяшчала звесткі пра міжнар. і ўнутранае становішча, дзейнасць урада, Дзярж. думы і разнастайныя бакі мясц. жыцця, навук.-асв. артыкулы, фельетоны, вершы і белетрыстыку. Мела літ.-крытычны і тэатр. аддзелы.

У.​М.​Конан.

т. 3, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ПНА,

вяжучае рэчыва, якое атрымліваюць абпальваннем вапняку, мелу і інш. вапнава-магнезіяльных горных парод. Адрозніваюць вапну паветраную (цвярдзее толькі на паветры) і гідраўлічную (цвярдзее і ў вадзе). Паветраная вапна мае ў асн. аксіды кальцыю і магнію, гідраўлічная — дадаткова сілікаты, алюмінаты і фераты кальцыю. Паветраную вапну падзяляюць на нягашаную (кіпелку, гл. Кальцыю аксід) і гашаную (пушонку, гл. Кальцыю гідраксід). Выкарыстоўваецца ў буд-ве, вытв-сці сілікатнай цэглы, для ачысткі цукровабурачнага соку, вапнавання глебы і інш.

т. 3, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙНАБЛО́ЧНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

зборныя канструкцыі з буйнапамерных штучных або прыродных камянёў (блокаў). Выкарыстоўваюцца для ўзвядзення жылых дамоў, прамысл. будынкаў і збудаванняў.

Блокі вырабляюць на з-дах з лёгкіх, цяжкіх, ячэістых (керамзітабетон, шлакабетон і інш.), сілікатных бетонаў, цэглы, а таксама выпілоўваюць у кар’ерах з туфу, ракушачніку і інш. З суцэльных і пустацелых блокаў манціруюць фундаменты, вонкавыя і ўнутр. сцены, перагародкі і інш. Найб. пашыраны буйнаблочныя канструкцыі вонкавых сцен з блокаў, зробленых з лёгкіх і ячэістых бетонаў.

т. 3, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЖНІЦА,

тып старадаўняга збудавання ў гарадах і мястэчках ВКЛ, дзе ўзважвалі і вымяралі прывезеныя купцамі на продаж збожжа і інш. тавары. Найчасцей важніца — 1-павярховы мураваны ці драўляны будынак, унутры якога былі 2 памяшканні: уласна важніца, дзе захоўвалі гарадскія вагі і меры, і «мерніца», дзе ўзважвалі і вымяралі тавары. На Беларусі ў 16—18 ст. важніцы існавалі ва ўсіх значных гарадах; звычайна на гандл. плошчах, часам іх блакіравалі з ратушамі і гандлёвымі радамі.

т. 3, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛКА́НСКІ САЮ́З 1912,

ваенна-паліт. саюз Балгарыі, Сербіі, Грэцыі і Чарнагорыі супраць Турцыі і Аўстра-Венгрыі. Ствараўся пры падтрымцы Расіі. Напачатку саюз заключаны паміж Сербіяй і Балгарыяй, потым да яго далучыліся Грэцыя і Чарнагорыя. Меў на мэце падзел еўрап. уладанняў Турцыі. У кастр. 1912 дзяржавы Балканскага саюзу пачалі вайну з Турцыяй і перамаглі. Спрэчкі вакол падзелу заваяваных тэрыторый выклікалі вайну паміж Балгарыяй, Сербіяй і Грэцыяй (гл. Балканскія войны 1912—13) і распад саюза летам 1913.

т. 2, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАРТЫЗА́ТАР,

прыстасаванне для аховы канструкцый машын і збудаванняў ад удараў і дынамічных нагрузак. Змяшчаецца паміж целам, якое ўспрымае і перадае ўдарную нагрузку, і целам, што засцерагаецца ад яе ўздзеяння (напр., паміж заднім мостам і кузавам аўтамабіля). У амартызатары выкарыстоўваюцца пругкія ўласцівасці цвёрдых целаў (гумавых элементаў, рысораў, тарсіёнаў), гідраўлічных спружын і газаў. Устанаўліваюцца ў сукупнасці з дэмпферам (часта ў адным блоку). Асн. тыпы амартызатараў: спружынны, гумавы, фрыкцыйны, пнеўматычны, гідраўлічны, гідрапнеўматычны (спалучае асаблівасці гідраўл. і пнеўматычнага амартызатара).

т. 1, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМФІБІЁНТЫ [ад амфі... + біёнт(ы)],

арганізмы, якія жывуць або развіваюцца ў двух асяроддзях. Да амфібіёнтаў адносяцца віды жывёл і раслін, здольныя жыць і ў вадзе, і на сушы (многія земнаводныя, марскія чарапахі і інш.; гл. Амфіфіты, Гіграфіты); віды, якія жывуць у адных узроставых фазах развіцця (звычайна — лічынкавай) у вадзе або ў глебе, у другіх — на сушы. Напр., большасць жаб, стракоз, камароў, многія мошкі, майскі і чэрвеньскі хрушчы, жукі-шчаўкуны (драцянікі) і інш. Найб. пашыраны ў паласе прыліваў і адліваў.

т. 1, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)