ПАЎЗУ́ЧАСЦЬ матэрыялаў, уласцівасць матэрыялу павольна і бесперапынна пластычна дэфармавацца пад уздзеяннем пастаяннай мех. нагрузкі — напружання механічнага. Назіраецца пры расцяжэнні, сцісканні, кручэнні і інш. відах дэфармацый. Залежыць ад т-ры, мех. нагрузкі, саставу і структуры матэрыялу. Вывучаецца тэорыямі цячэння, умацавання, спадчыннасці (гл.Паўзучасці тэорыя). Фіз. механізм П. такі ж, як і пластычнасці.
П. характарызуецца скорасцю і тэхн. мяжой П. — напружаннем, пры якім гэтая скорасць або сумарная дэфармацыя не перавышае пэўнага дапушчальнага значэння Апісваецца крывой паўзучасці, якая паказвае залежнасць дэфармацыі ад часу пры пастаянных т-ры і прыкладзенай нагрузцы. Эксперыментальна даследуецца на спец. устаноўках, у якіх узор матэрыялу награваюць у спец. камеры і выпрабоўваюць на розныя віды дэфармацый. У пэўнай ступені П. уласцівая ўсім цвёрдым матэрыялам (асабліва пры т-рах, больш за 0,4—0,5 т-ры плаўлення), у шэрагу матэрыялаў (алюміній, свінец, бетон і інш.) яна значная нават пры пакаёвых т-рах. Высокае супраціўленне П. — адзін з фактараў, што вызначаюць гарачатрываласць (гл.Гарачатрывалыя матэрыялы). Супраціўленне П. павышаюць арміраваннем, легіраваннем, умацаваннем і інш.
Літ.:
Малинин Н.Н. Прикладная теория пластичности и ползучести. 2 изд. М., 1975;
Колтунов М.А. Ползучесть и релаксация. М., 1976;
Работнов Ю.Н. Элементы наследственной механики твердых тел. М., 1977.
І.І.Леановіч.
Крывая паўзучасці: AB — участак паўзучасці, якая яшчэ не ўстанавілася; BC — участак дэфармацыі, што ідзе з пастаяннай скорасцю; CD — участак паскоранай паўзучасці; E0 — пачатковая дэфармацыя; пункт D — момант разбурэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЦІНА (лац. Platinum),
Pt, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 78, ат. м. 195, 08, адносіцца да плацінавых металаў. Прыродная П. складаецца з 4 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 194—196, 198, найб. пашыраны 195Pt (33,8%) і 194Pt (32,9%) і 2 слаба радыеактыўных — 190Pt і 192Pt з перыядамі паўраспаду 6,9∙1011 і 1015 гадоў адпаведна. У зямной кары 5∙10−7% па масе. Трапляецца ў самародным выглядзе і ў выглядзе сплаваў і злучэнняў (гл.Плацінавыя руды). Даследаванні П. пачаліся ў сярэдзіне 18 ст., калі ісп. матэматык А. дэ Ульёа прывёз у Еўропу ўзоры металу з залатых радовішчаў Паўд. Амерыкі; назва адісп. platina, паменшанае ад plata — серабро.
Серабрыста-белы бліскучы пластычны метал, 1769 °C, каля 3800 °C, шчыльн. 21450 кг/м³. Мае высокую электраправоднасць. Хімічна інертны; раствараецца ў царскай гарэлцы, павольна — у гарачай сернай кіслаце і вадкім броме. Пры награванні ў паветры акісляецца, пры 400—500 °C узаемадзейнічае з галагенамі, халькагенамі, фосфарам, вугляродам, крэмніем. Утварае шматлікія комплексныя злучэнні. Выкарыстоўваюць пераважна ў аўтамабілебудаванні (сплаў П. з паладыем — каталізатар дапальвання выхлапных газаў), электратэхніцы і электроніцы (матэрыял эл. кантактаў), як каталізатар у арган. сінтэзе і каталітычным сінтэзе азотнай і сернай кіслот, а таксама для вырабу хім. апаратуры, лабараторнага посуду, ювелірных вырабаў і інш.
Літ.:
Платина, ее сплавы и композиционные материалы. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕШЧАНІ́ЦЫ,
гарадскі пасёлак у Лагойскім р-не Мінскай вобл., на беразе Плешчаніцкага вадасховішча, на перасячэнні аўтамагістралей Барысаў—Вілейка і Мінск—Віцебск. За 27 кмад Лагойска, 67 кмад Мінска, 8,1 тыс.ж. (2000).
Вядомы з 16 ст. як вёска ў Мінскім пав.ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, 50 двароў, цэнтр воласці ў Барысаўскім пав. Мінскай губ. У Айч. вайну 1812 рус. атрад ген. Я.І.Чапліца разбіў тут авангард 9-га франц. корпуса маршала К.Віктора. У 1817 іх уладальнікі Тышкевічы пабудавалі царкву, у 1825—35 працаваў прыгонны тэатр. У 19 ст. ў П. школа, царква, сінагога, бровар, 5 крам, 2 карчмы, 2 разы на год кірмашы. У 1897—1086 ж., нар. вучылішча, паштова-тэлегр. аддзяленне. З 17.7.1924 да 25.12.1962 цэнтр Плешчаніцкага раёна, потым у Лагойскім р-не Мінскай вобл. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі, якія разбурылі пасёлак, у П. і раёне загубілі 2063 чал.; дзейнічала Плешчаніцкае маладзёжнае падполле, партызаны правялі Плешчаніцкую аперацыю 1943. У 1977 6,9 тыс. жыхароў.
Працуюць хлебазавод, птушкафабрыка, гандлёвае і швейнае прадпрыемствы; Плешчаніцкая геафізічная абсерваторыя. 2 сярэднія, муз., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, ПТВ, 3 дашкольныя ўстановы, Дом дзіцячай творчасці, 2 б-кі, бальніца, камбінат быт. паслуг, Дом культуры, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму, брацкая магіла сав. воінаў і партызан, што загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,
адм.-тэр адзінка ў ВКЛ у 16—18 ст. Ахоплівала тэр. ранейшай Полацкай зямлі, намеснікі якой з пач. 16 ст. называліся ваяводамі. Цэнтр — г. Полацк. Мела харугву ружовага (паводле інш. звестак — белага) колеру з выявай герба «Пагоня». Карысталася абласнымі прывілеямі, якія ўстанаўлівалі полацкае права; ваявода мог прызначацца толькі са згоды мясц. шляхты. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37 ад П.в. да Расіі адышлі воласці Завалочча і Себеж. У час Інфлянцкай вайны 1558—82 у 1563 амаль усё П.в. было занята рас. войскамі; у 1564 большая частка тэр. П.в. на ПдадЗах. Дзвіны адваявана ВКЛ. З 2-й пал. 16 ст. структура кіравання ў ваяводстве прыведзена ў адпаведнасць з адм. рэформай 1565—66 і Статутам ВКЛ 1566. П.в. не падзялялася на паветы. Буйнейшымі паселішчамі былі Асвея, Бешанковічы, Глыбокае, Дзісна, Друя, Лепель, Ула, Ушачы і інш. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у 1654—55 рас. армія цалкам заняла П.в.; большасць яго тэрыторыі вернута ў ВКЛ у 1658—60. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай 1772 паўн. частка П.в. (да р.Зах. Дзвіна, з г. Полацк) адышла да Расіі і ўвайшла ў склад Пскоўскай губерні. Астатняя частка П.в. існавала да 2-га падзелу Рэчы Паспалітай 1793; павятовыя сеймікі ў гэты час збіраліся ва Ушачах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІМЕТАЛІ́ЧНЫЯ РУ́ДЫ,
свінцова-цынкавыя руды, комплексныя руды, кампаненты якіх — свінец (Pb) і цынк (Zn), спадарожныя — медзь, золата, серабро, кадмій, радзей вісмут, волава, індый і галій. У некат. П.р. прамысл. каштоўнасць маюць барыт, флюарыт і сера. Гал. рудныя мінералы П.р. — галеніт, сфалерыт, таксама прысутнічаюць пірыт, халькапірыт, радзей арсенапірыт, касітэрыт і бляклыя руды. Колькасць асн. кампанентаў у прамысл. радовішчах П.р. змяняецца ад некалькіх працэнтаў да 10% і больш. Колькасныя суадносіны свінцу і цынку ў рудах радовішчаў розных тыпаў вагаюцца ў шырокіх межах, да ўтварэння ўласна цынкавых, радзей свінцовых руд. Звычайная колькасць свінцу ў рудах 1—2%, цынку — 2—4%. Паводле сумарнай колькасці свінцу і цынку П.р. падзяляюцца на багатыя (больш за 7%), радавыя (4—7%) і бедныя (2—4%). Радовішчы П.р. падзяляюцца на дробныя (з запасамі менш за 0,5 млн.т сумы металаў), сярэднія (0,5—2 млн.т), буйныя (2—10 млн.т) і унікальныя (больш за 10 млн.т). Першасныя П.р. фарміраваліся ў розныя геал. эпохі (ад дакембрыю да кайназою) шляхам крышталізацыі з гідратэрмальных раствораў. Паводле ўмоў утварэння падзяляюцца на экзагенна-эндагенныя (часцей пластавыя, сярод асадкава-вулканагенных і тэрыгенна-флішоідных адкладаў) і эндагенныя (жылы, ўкрапанікі ў карбанатных пародах). Другасныя (акісленыя) П.р. ўтвараюцца у выніку выветрывання паверхневых ч. рудных цел (да глыб. 100—200 м). Найб. радовішчы ў Канадзе (Пайн-Пойнт), ЗША, Аўстраліі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОСТАГЛАНДЗІ́НЫ,
біялагічна актыўныя рэчывы з шырокім спектрам фізіял. дзеяння; адносяцца да тлустых кіслот. Выяўлены ў тканках і органах большасці жывёл, чалавека і некат. раслін. Вядома каля 20 прыродных П. Першапачаткова лічыліся сакрэтам праста́ты (адсюль назва). Найважн.фізіял. ўздзеянне П. — здольнасць выклікаць скарачэнні гладкіх мышцаў, асабліва мышцаў маткі і яйцаводаў (утрыманне П у тканках маткі пры родах і менструацыі значна павышаецца), мышцаў стрававальнай і дыхальнай сістэм, крывяносных сасудаў. П. зніжаюць здольнасць трамбацытаў да агрэгацыі, выдзяленне стрававальнага соку і яго кіслотнасці, актывізуюць дзейнасць ц. н. с. і інш.
Маюць шкілет з 20 атамаў вугляроду і цыклапентанавае кольца. У залежнасці ад структуры кольца адрозніваюць П. тыпаў E, F (фізіялагічна больш важныя), A, B, C, D, якія валодаюць розным спецыфічным уздзеяннем Напр., П. A зніжае крывяны ціск і не стымулюе гладкія мышцы інш. органаў, П. E зніжае крывяны ціск і адначасова стымулюе гладкія мышцы. Біясінтэз П. адбываецца ў семявых пузырках, у матцы, мозгу, трамбацытах, міякардзе, эндакрынных залозах і інш. тканках і органах. З прычыны надзвычай хуткага распаду (долі секунды — 2 мін) П., у адрозненне ад класічных гармонаў, дзейнічаюць побач з месцам сакрэцыі. Уздзеянне на фізіял. працэсы адбываецца праз рэгуляцыю ўнутрыклетачных пасрэднікаў (цыклічных нуклеатыдаў), якія ўплываюць на сінтэз бялкоў. П. таксама прымаюць удзел у рэгуляцыі клетачнага адказу на нейрагумаральнае ўздзеянне. Прэпараты П. і іх вытворныя выкарыстоўваюцца ў медыцыне.
Літ.:
Варфоломеев С.Д., Мевх А.Т. Простагландины — молекулярные биорегуляторы. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫПЕ́ЎКА,
частушка, жанр славесна-музычнага фальклору. Вядома ў творчасці многіх народаў. У беларусаў — аднастрофная, пераважна чатырохрадковая песенька хуткага ці павольнага тэмпу выканання («пад польку» ці «пад вальца»), Верш П. харэічны, рыфмоўка перакрыжаваная ці парная. Вызначаецца лаканізмам, ідэйнай і тэматычнай разнастайнасцю: ад інтымнай лірыкі да гратэску і вострай сатыры. Значнае месца ў П. належыць гумарыст., любоўнай, часткова эратычнай тэматыцы. Найб. ранняя фіксацыя тэрміна «П.» ў «Слове пра паход Ігаравы». Найб. ранні збор бел. П. адносіцца да пач. 19 ст. Захоўвае відавочную сувязь з танцам, рытмічнымі рухамі, блізкімі да танца. Службовая роля П. як песні да танца адбіліся ў шматлікіх яе нар. назвах: скакухі, плясухі, таптушкі і інш. Пры багацці прыпевачнага рэпертуару (да 150 тэкстаў ад аднаго інфарматара) і пранікальнасці П. у розныя абрадавыя і пазаабрадавыя дзействы (хрэсьбіны, вяселлі, вечарынкі і інш.) бел.нар. П. не мае асобнага месца ў традыц. абрадавым календары.
Пад уплывам фальк. П. ўзнікла літ. П. (Дз.Бедны, У.Маякоўскі). У літ. П. атрымалі развіццё жанравыя асаблівасці нар. П.: злабадзённасць зместу, прамалінейнасць выказвання, экспрэсіўнасць лексікі. Сродкі маст. выяўлення рэчаіснасці нар. П. (трапнасць, гратэскавасць, гнуткасць) выкарыстоўвалі ў сваіх творах В.Дунін-Марцінкевіч, Я.Купала, М.Багдановіч, П.Броўка, К.Крапіва, Р.Барадулін і інш. П. ўваходзяць у рэпертуар нар. калектываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭТО́РЫЯ (Pretoria),
горад, сталіца Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі і адм. ц. правінцыі. Знаходзіцца на ПнУ краіны, на выш. каля 1700 м. 1080,2 тыс.ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., фін. і культ. цэнтр, росту якога спрыяла блізкасць горнапрамысл. раёна Вітватэрсранд. Гал. цэнтр чорнай металургіі. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. аўтазборка, вытв-сцьэл. абсталявання, веласіпедаў; тэкст., хім., цэм., тытунёвая, гарбарна-абутковая, харч., дрэваапрацоўчая. Паблізу — здабыча алмазаў, жал. руды, каменнага вугалю. Цэнтр ядз. даследаванняў. 2 ун-ты, Ін-тПаўд. Афрыкі, Паўд.-Афр. акадэмія навук і мастацтваў. Музеі: Трансвааля, гісторыі нац. культуры, маст. галерэя і інш. Абсерваторыя. У наваколлі — мемарыял першым трансваальскім пасяленцам-бурам.
Засн. ў 1855 як умацаванае паселішча перасяленцаў-бураў, якія каланізавалі землі на Пнадр. Вааль. Названа ў гонар кіраўніка бураў Х.В.Я.Прэторыуса. З 1860 сталіца бурскай рэспублікі Трансвааль. У 1897 вакол П. пабудаваны форты, каб абараніць горад ад англічан, якія наваднілі Вітватэрсранд. дзе з 1883 пачалася здабыча золата. Развіццё П. паскорана буд-вам чыгункі да Кейптаўна, Дурбана (1893) і Ларэнсу-Маркіша (1895, цяпер Мапуту, Мазамбік). Пасля англа-бурскай вайны 1899—1902, калі буры прызналі заваяванне Вялікабрытаніяй рэспублік Трансвааль і Аранжавая, П. захавала функцыі адм. цэнтра. З 1910 сталіца Паўд.-Афр. Саюза (з 1961 — Паўд.-Афр. Рэспублікі). Індустр. развіццё пачалося пасля будаўніцтва ў 1934 у П. першага ў Афрыцы металург. камбіната. П. — рэзідэнцыя цэнтр.дзярж. органаў, парламент збіраецца ў Кейптаўне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЦЯВЫ́Я МАШЫ́НЫ,
машыны і механізмы для буд-ва, рамонту і абслугоўвання чыгуначнага пуці. Выкарыстоўваюцца для: баласціроўкі пуці (электрабаласцёры. хоперы-дазатары, пуцепад’ёмнікі, трактарныя дазіроўшчыкі), ачысткі і ўшчыльнення баласту, выпраўкі пуці (шчэбенеачышчальныя, шпалападбівачныя, баластаўшчыльняльныя, выправачна-падбівачна-аддзелачныя і пуцерыхтовачныя машыны), зваркі і шліфоўкі рэек, зборкі і разборкі звёнаў, укладкі пуці (рэйказварачныя, звёназборачныя і звёнаразборачныя машыны, маторныя гайкавёрты, рэйка- і пуцеўкладчыкі), рамонту землянога палатна (пуцявыя стругі, дрэнажныя і земляўборачныя машыны), кантрольна-вымяральных работ (пуцевымяральныя і дэфектаскопныя вагоны і цялежкі), барацьбы са снежнымі заносамі (плугавыя і ротарныя снегаачышчальнікі, снегаўборачныя машыны), транспартных і пагрузачна-разгрузачных работ (самаразгружальныя вагоны, дрызіны, матавозы, пуцерамонтныя лятучкі і інш.). Бываюць самаходныя і несамаходныя, на рэйкавым і гусенічным хаду, з аўтаномнай энергет. базай (да якой падключаюцца ўсе рухавікі) і неаўтаномнай (эл. энергія і сціснутае паветра паступаюць адспец. лакаматыва).
П.м. пачалі выкарыстоўвацца ў 18 ст. (у Расіі іх выкарыстоўвалі пры буд-ве руднічных рэйкавых дарог), з 1840-х г. — пры ачыстцы пуцей ад снегу, з 1860-х г. — пры адсыпцы баласту (самаразгружальныя паўвагоны). З 1880 амаль усе пуцеўкладачныя работы механізаваны.
На Беларусі рамонтам і мадэрнізацыяй П.м. займаецца Пінскі з-д пуцявых машын.
І.І.Леановіч.
Пуцявыя машыны: а — камплект машын для капітальнага рамонту пуці паточным метадам (1 — пуцеразборачны поезд; 2 — баластаачышчальная машына; 3 — пуцеўкладачны поезд; 4, 6 — хопер-дазатарныя вяртушкі; 5 — выправачна-падбівачна-аддзелачная машына); б — пуцерамонтная лятучка; в — пуцявая ўборачная машына; г — шпіндэль маторнага гайкавёрта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ ГЕНЕ́ТЫКА,
навука, якая вывучае генетычныя эфекты, абумоўленыя ўздзеяннем іанізавальнай радыяцыі; раздзел генетыкі і радыебіялогіі. Узнікла ў 1920-я г., калі на розных біял. аб’ектах (дразафілы, грыбы, расліны), было эксперыментальна даказана, што рэнтгенаўскае апраменьванне павялічвае ўзровень генет. змен (мутацый). Кірункі: генетычны — індукцыя мутацый для вывучэння спадчыннасці і зменлівасці; селекцыйны — атрыманне мутантаў для стварэння новых сартоў с.-г. раслін і неабходных штамаў мікраарганізмаў; радыебіялагічны — аналіз механізмаў уздзеяння радыяцыі на спадчыннасць. На Беларусі развіваецца з 1960-х г. Першыя даследаванні праводзіліся ў Ін-це генетыкі і цыталогіі АН Беларусі пад кіраўніцтвам П.Ф.Ракіцкага. Уклад у развіццё Р.г. зрабілі У.Х.Валодзін, Р.А.Ганчарова, І.А.Гардзей, Г.М.Лабко, Г.А.Лазюк, В.А.Мастоўнікаў, Х.В.Масэ, А.А.Ракіцянская, У.К.Саўчанка, Я.І.Тарасевіч і інш. Асаблівае значэнне даследаванні ў галіне Р.г. набылі пасля Чарнобыльскай катастрофы (1986), у выніку якой вял. колькасць насельніцтва атрымала хранічнае апраменьванне ў малых дозах. Найб. шкоднымі наступствамі такога ўздзеяння з’яўляюцца генет. пашкоджанні, якія могуць пераходзіць у наступныя пакаленні. У БелНДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў вывучаюць узровень генет. змен у першым пасляаварыйным пакаленні. У Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац.АН Беларусі даследуюцца сродкі аховы ад хранічнага апраменьвання і вынайдзены унікальны генапратэктар меланін, які можа быць выкарыстаны для аховы спадчыннасці ад уздзеяння малых доз хранічнага апраменьвання. Даследуецца магчымасць выкарыстання радыегенет. эфектаў у якасці «біялагічнага дазіметра». Праводзіцца генет. маніторынг прыродных папуляцый жывёл і раслін у раёнах, забруджаных радыенуклідамі.