ЭСТО́НІЯ (Eesti), Эстонская Рэспубліка (Eesti Vabariik),

дзяржава ва Усх. Еўропе, у Прыбалтыцы.

Мяжуе на У з Расіяй, на Пд з Латвіяй, на З абмываецца Рыжскім і Фінскім залівамі Балтыйскага мора. У складзе Э. 1521 востраў, у т. л. Маанзундскі архіпелаг. Пл. 45,2 тыс. км². Нас. 1356 тыс. чал. (2003). Дзярж. мова — эстонская. Сталіца — г. Талін. Краіна падзяляецца на 15 паветаў (маакондаў). Нац. свята — Дзень незалежнасці (24 лютага).

Дзяржаўны лад. Э. — парламенцкая рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, прынятая 28.6.1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам (у асобных выпадках калегіяй выбаршчыкаў) на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — Рыйігікагу (аднапалатны парламент, які складаецца з 101 дэпутата), выбіраецца на ўсеагульных выбарах тайным галасаваннем. Вышэйшы выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Тэр. Э. размешчана на ПнЗ Усх.-Еўрапейскай раўніны, каля ўсх. берагоў Балтыйскага мора. Берагі на З і ПнЗ моцна парэзаныя, шмат заліваў і бухтаў; на З нізінныя, на Пн высокія і стромкія (глінт). Большая ч. паверхні — нізінная раўніна (сярэдняя выш. каля 50 м). На З і крайнім У пераважаюць нізіны, найб. з іх Зах.-Эстонская, на Пн і ў цэнтры — узв. Пандыверэ (выш. да 166 м), на Пд — узв. Сакала (выш. да 145 м), Отэпя (выш. да 217 м) і Хаанья (найвыш. пункт Э. г. Суур-Мунамягі, 318 м). На фарміраванне рэльефу вял. ўплыў зрабілі зледзяненні. Пашыраны марэнныя адклады, озы, друмліны. Карысныя выкапні: гаручыя сланцы (запасы 15 млрд. т), фасфарыты (500 млн. т), буд. матэрыялы (вапнякі, даламіты, жвір, пяскі, гліны, вапняковы туф), торф (разведаныя запасы 1,6 млрд. т), сапрапель, мінер. воды і лекавая гразь. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага. Зіма мяккая, лета ўмерана цёплае. Сярэдняя т-ра ліп. ад 16,5 °C на Пн да 17,3 °C на ПдУ, лютага адпаведна -5,8 і -6,6 °C. Ападкаў 600—700 мм за год. 420 рэк даўж. больш за 10 км (агульны працяг 31,2 тыс. км), гал.: Нарва, Пірыта, Казары, Пярну (бас. Балтыйскага м.); Пылтсамаа (бас. воз. Выртс’ярв); Эмайыгі (бас. Чудскога воз.). Больш за 1150 азёр, пераважна ледавіковага паходжання. У межах Э. частка Нарвенскага вадасховішча. Глебы на Пд дзярнова-падзолістыя і дзярнова-глеевыя, на Пн дзярнова-карбанатныя, якія чаргуюцца з участкамі падзолістых, падзоліста-балотных і балотных глеб. Пад балотамі каля 22% тэрыторыі. Э. размешчана ў падзоне мяшаных лясоў; пашыраны хвойныя (хвоя, елка), з лісцевых — бяроза, асіна, вольха, на З і Пн дуб. Лесапакрытая пл. 47% (2001). У лясах водзяцца лось, казуля, дзік, буры мядзведзь, рысь, зайцы бяляк і русак, воўк, ліс; з птушак глушэц, рабчык, цецярук і інш.; у Балтыйскім м. — кольчатая нерпа, даўгаморды цюлень; з рыб салака, кілька, камбала; у азёрах — сняток, сіг, лешч і інш. 4 запаведнікі: Війдумяэ, Вільсандзі, Матсалу, Нігула; нац. парк Лахемаа; каля 30 заказнікаў, у т. л. 14 ландшафтных і 1 геал. (метэарытныя кратэры Каалі на в-ве Саарэмаа).

Насельніцтва. Эстонцы складаюць 67,9% (2000). Жывуць таксама рускія (25,6%), украінцы (2,1%), беларусы (1,3%), фіны (0,9%) і інш. У 1945 эстонцаў было 93%, у 1989—62%. Эстонцы раўнамерна размешчаны па краіне, рускія і інш. неэстонцы — пераважна ў прамысл. цэнтрах (Талін, Нарва, Кохтла-Ярве). Сальда міграцыі насельніцтва і натуральны прырост адмоўныя. Большасць вернікаў пратэстанты (евангелічныя лютэране, баптысты, метадысты, адвентысты сёмага дня), ёсць правасл. хрысціяне, католікі, іудаісты. Сярэдняя шчыльн. 30 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 69%. Найб. гарады (тыс. ж., 2002): Талін — 401, Тарту — 101, Нарва — 69, Кохтла-Ярве — 48, Пярну — 46. Сельскія населеныя пункты невялікія, захавалася хутарское рассяленне. У прам-сці занята 20% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 11%, у абслуговых галінах — 69%.

Гісторыя. Тэр. Э. заселена чалавекам з часоў мезаліту (8—4-е тыс. да н.э.). З 3-га тыс. да н.э. тут жылі пераважна фіна-угорскія плямёны, што прыйшлі з Прыуралля і Паволжа. Да 1-га тыс. да н.э. адбылася кансалідацыя прыбалт.-фін. плямён, у т. л. продкаў сучасных эстонцаў — эстаў (саманазва maarahvas — народ зямлі, у рус. летапісах — чудзь). Аснову іх гаспадаркі складала жывёлагадоўля, з першых стагоддзяў н.э. — і земляробства. У 9—10 ст. н.э. эсты ўдзельнічалі ў паходах стараж.-рус. князёў. Каля 1030 кіеўскі кн. Яраслаў Мудры на некалькі дзесяцігоддзяў далучыў да Кіеўскай Русі паўд.-зах. ч. Э., дзе на месцы эст. гарадзішча Тарпату засн. г. Юр’еў (цяпер Тарту). Пазней гэтыя землі былі ў залежнасці ад Ноўгарада і Пскова. У 10 — пач. 13 ст. ў эстаў складваліся феад. адносіны, яны мелі сваіх плем. князёў, умацаваныя гарады-крэпасці (Лінданісе-.Равала, Отэпя, Варбала і інш.), войска і флот. У 13 ст. кансалідавалася эст. народнасць. Аднак працэс утварэння эст. дзяржавы перарваны агрэсіяй ням. крыжакоў-мечаносцаў (у 1208—17 захапілі Паўд. і Цэнтр. Э.) і дацкіх феадалаў (у 1219—20 захапілі Паўн. Э.). На месцы заваяванай датчанамі (1219) эст. крэпасці Лінданісе-Равала (Калывань) імі засн. г. Рэвель (сучасны Талін). У 1222—24 адбылося агульнаэст. паўстанне супраць датчан і мечаносцаў. У 1223 наўгародскі служылы князь (б. васал полацкага кн. Уладзіміра) Вячка з атрадам усходнеслав. воінаў (200 чал.) заняў г. Юр’еў, адкуль кіраваў б.ч. зямель эстаў. У 1224 паўстанне падаўлена, мечаносцамі ўзяты Юр’еў, дзе пасля гераічнага змагання загінулі кн. Вячка са сваімі і эст. воінамі. Юр’еў быў перайменаваны ў Дэрпт. У 1227 крыжакі захапілі в-аў Саарэмаа. Тэр. Э. была падзелена паміж заваёўнікамі: паўд.-ўсх. часткай валодаў дэрпцкі епіскап, цэнтр. і паўд.-зах. часткамі — ордэн мечаносцаў (з 1237 — Лівонскі ордэн у складзе Тэўтонскага ордэна), паўн. часткай — Дацкае каралеўства. Эстаў прымусова акаталічылі і ператварылі ў залежных ад ням. і дацкіх рыцараў сялян-васалаў. Узмацненне іх эксплуатацыі ў дацкіх уладаннях прывяло да Юр’евай ночы паўстання 1343—45, якое перакінулася на тэр. Лівонскага ордэна і задушана з яго дапамогай. У 1346 Данія прадала Паўн. Э. Тэўтонскаму ордэну, а той у 1347 перапрадаў яе Лівонскаму ордэну. З канца 14 ст. пачаўся працэс юрыд. запрыгоньвання эст. сялянства. Гарады Рэвель, Дэрпт, Пернаў (цяпер Пярну), Нарва, якія былі членамі еўрап. гандл.-паліт. саюза Ганза, выраслі ў значныя гандл.-рамесныя цэнтры. Насельніцтва Э. цярпела ад шматлікіх войнаў паміж Лівонскім ордэнам, з аднаго боку, і Ноўгарадам, Псковам, пазней Маскоўскім вял. княствам і Рас. дзяржавай, з другога. Знаходзячыся пад уладай ням. рыцараў-памешчыкаў і ням. духавенства, а ў гарадах — і ням. патрыцыяту, купцоў і майстроў, эстонцы адчувалі моцны герм. культ.-нац. ўплыў і ціск, але здолелі захаваць сваю нац. самабытнасць, мову і традыцыі. У час Лівонскай вайны 1558—83 рас. войскі разграмілі Лівонскі ордэн, і ў 1562 ён спыніў існаванне.

Да 1577 б.ч. Э. заваявала Рас. дзяржава, якая, аднак, страціла яе ў выніку наступлення ў 1580—81 войск рэчы Паспалітай пад камандаваннем Стафана Баторыя. Паўн. Э. (Эстляндыя) адышла да Швецыі, паўд. з гарадамі Дэрпт і Пернаў — да Рэчы Паспалітай, в-аў Саарэмаа — да Даніі. У выніку вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 Швецыя да 1625 заваявала ўсю мацерыковую Э. і амаль усе астравы, а ў 1645 — і в-аў Саарэмаа. Пры швед. уладзе пануючай сілай у Э., як і раней, заставаліся ням. бароны і рыцары, а ў гарадах — ням. патрыцыят. Пануючай рэлігіяй стала лютэранства, якое пранікла ў Э. яшчэ ў 1523. У выніку рус.-швед. вайны 1656—58 паводле Валіесарскага дагавора 1658 г. Дэрпт (Юр’еў, Тарту) з прылеглай вобласцю адышоў да Расіі, якая, аднак, вярнула яго Швецыі разам з інш. землямі Ліфляндыі паводле Кардыскага мірнага дагавора 1661 (пацверджаны ў 1683). Аўтарытэт швед. манархіі ў асяроддзі ням. дваранства Э. моцна падарвала рэдукцыя 1680—1700, паводле якой у мясц. феадалаў была канфіскавана значная частка зямельных уладанняў. У ходзе Паўночнай вайны 1700—21 рас. войскі да канца 1710 авалодалі ўсёй тэр. Э., якая за час баёў была значна спустошана. Паводле Ніштацкага мірнага дагавора 1721 Э. разам з інш. ўсх.-прыбалт. землямі афіц. далучана да Расіі. У Паўн. Э. была ўтворана Рэвельская губ. (1719, з 1796 наз. Эстляндскай), Паўд. Э. ўключана ў склад Рыжскай губ. (1713, з 1796 наз. Ліфляндскай). Ням. дваранству Э. былі захаваны ўсе саслоўныя прывілеі і вернуты землі, адабраныя швед. каронай па рэдукцыі. Яно засяродзіла ў сваіх руках адм., суд. і паліцэйскую мясц. ўладу, уплывала на царк. і школьныя справы. Мовай справаводства заставалася нямецкая. Мясц. пытанні вырашаліся на ландтагах (сходах) дваран. Да 1780-х г. тут дзейнічала ранейшае мясц. заканадаўства, потым уведзены агульнарас. «Устанаўленне для кіравання губерняў» і «Даравальная грамата гарадам», у 1782 скасавана мытная мяжа паміж прыбалт. губернямі і астатняй Расіяй. Паводле агр. рэформ 1816 у Эстляндыі і 1819 у Ліфляндыі эст. сяляне сталі асабіста вольнымі, але ўся зямля засталася ўласнасцю памешчыкаў. Летам 1858 адбылося буйное сял. паўстанне ў Паўн. Э. («вайна ў Махтра»), жорстка падаўленае рас. войскамі. Малазямелле прымушала многіх эст. сялян перасяляцца ва ўсх. і паўд. губерні Расіі.

З сярэдзіны 19 ст. ў Э. хутка развівалася капіталіст. прам-сць. Завяршыўся працэс фарміравання эст. нац. буржуазіі і інтэлігенцыі. У 2-й пал. 19 ст. ў асноўным склалася эст. нацыя. Жыхары Э. актыўна ўдзельнічалі ў рэвалюцыі 1905—07, выступалі з патрабаваннямі сац. і нац. вызвалення; узнікла ліберальна-бурж. Эст. нар. партыя. У снеж. 1905 Усеэст. сход нар. прадстаўнікоў у г. Тарту запатрабаваў звяржэння самадзяржаўя і стварэння рэв. самакіравання. У час падаўлення рэвалюцыі ў Э. карнікі толькі ў снеж. 1905 — лют. 1906 расстралялі каля 300 чалавек. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Э. пашырылася дзейнасць Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, фарміраваліся эст. нац. партыі: Нац.-ліберальная, Эст. народная, Радыкальна-дэмакр., с.-д. «Юхендус» («Адзінства»), Сял. саюз і інш. 30.3(12.4).1917 Часовы ўрад перадаў Паўд. Э. ў склад Эстляндскай губ., якая атрымала аўт. правы. Пры губ. камісары Часовага ўрада (лідэр нацыянал-лібералаў Я.​Позка) дзейнічаў дарадчы орган — Эстляндскі губ. земскі савет. 24—25.6(7—8.7).1917 нац. партыі правялі выбары ў 1-ы эст. парламент — Эст. нац. кангрэс (савет), які 29.9(12.10). 1917 стварыў Часовы ўрад Э. на чале з К.​Пятсам. У ходзе 1-й сусв. вайны герм. войскі і флот у кастр. 1917 акупіравалі Маанзундскія астравы (гл. Маанзундскія аперацыі). Напярэдадні Кастр. рэвалюцыі 1917 эст. бальшавікі і іх прыхільнікі ўтварылі ВРК Э., які 26.10(8.11).1917 абвясціў пераход улады ў Э. да Саветаў (гэты акт не прызналі нац. партыі). Але ў лют.—сак. 1918 герм. войскі акупіравалі ўсю тэр. Э.

24.2.1918 Часовы ўрад Пятса абвясціў незалежнасць Э. (у сучаснай Э. 24 лют. — нац. свята Дзень незалежнасці).

Гэты акт не прызналі герм. акупацыйныя ўлады, якія далучылі Э. да т.зв. Балт. герцагства (у асабістай уніі з Прусіяй), але пасля Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі пры садзейнічанні немцаў 11.11.1918 у Таліне нанава сфарміраваны Часовы ўрад Э. на чале з К.​Пятсам. У канцы 1918—пач. 1919 у часова занятых рас. Чырв. Арміяй усх. раёнах Э. непрацяглы час існавала Эстляндская працоўная камуна, ліквідаваная эст. арміяй з дапамогай замежных добраахвотнікаў, рус. белагвардзейцаў і брыт. флоту. 19.5.1919 Устаноўчы сход Э. абвясціў незалежную Эст. Рэспубліку. Эст. ўрад дазволіў стварэнне на тэр. Э. рус. белагвардз. арміі М.М.Юдзеніча (у яе складзе корпусам камандаваў С.Н.Булак-Балаховіч), разам з якой эст. войскі ўдзельнічалі ў вясенне-летнім і восеньскім наступленнях 1919 на Петраград. З вер. 1919 у Э. дзейнічала Вайскова-дыпламатычная місія БНР. Паводле Тартускага мірнага дагавора 1920 (гл. Савецка-эстонскія пагадненні) Сав. Расія прызнала незалежнасць Э. і перадала ёй шэраг тэр. на У ад г. Нарва і на З ад г. Пскоў (вернуты ў склад Расіі ў 1944 і 1957). 15.6.1920 Устаноўчы сход прыняў Канстытуцыю Э., паводле якой урад фарміраваўся аднапалатным парламентам. У знешняй палітыцы Эст. Рэспубліка арыентавалася пераважна на Вялікабрытанію, аснову яе знешнеэканам. дзейнасці складаў экспарт с.-г. прадуктаў у краіны Зах. Еўропы. У сак. 1934 лідэры партыі аграрыяў здзейснілі дзярж. пераварот: быў распушчаны парламент, у 1935 забаронены ўсе партыі, замест якіх створана партыя «Ісаамаайліт» («Айчынны фронт»). Скліканы ў 1937 Нац. сход прыняў новую канстытуцыю, у 1938 прэзідэнтам Э. выбраны К.​Пятс. У пач. 2-й сусв. вайны ў новых паліт. умовах, што склаліся пасля заключэння сав.-герм. пакта Рыбентропа—Молатава 1939 Э. 28.9.1939 заключыла пакт з СССР, які прадугледжваў размяшчэнне на яе тэр. сав. баз і войск. У гэтых умовах у краіне адбылася змена ўрада і дзярж. ладу. 6.8.1940 Вярх. Савет СССР задаволіў просьбу Дзярж. думы Э. (выбрана ў ліп. 1940) аб прыняцці Э. ў склад СССР у якасці Эст. ССР. У Э. пачаліся сацыяліст. пераўтварэнні на сав. ўзор, малазямельным сялянам перададзена каля 400 тыс. га зямлі, канфіскаванай у буйных землеўладальнікаў. Адначасова разгарнуліся рэпрэсіі супраць службоўцаў Эст. Рэспублікі, памешчыкаў і некат. інш. катэгорый насельніцтва.

У Вял. Айч. вайну войскі гітлераўскай Германіі да вер. 1941 акупіравалі мацерыковую ч. Э., да сярэдзіны снеж. — усе астравы. Э. была ўключана як адзін з ген. камісарыятаў у склад рэйхскамісарыята «Остланд». Са згоды акупантаў у Таліне дзейнічаў урад Эст. самакіравання. Частка насельніцтва Э. супрацоўнічала з гітлераўцамі, служыла ў адміністрацыі, паліцыі і сфарміраваным у 1943—44 эст. корпусе войск СС. Акупанты і іх памагатыя ў 1941—44 знішчылі ў Э. 61 тыс. мірных жыхароў (пераважна іншаземцаў) і 64 тыс. сав. ваеннапалонных. На сав.-герм. фронце супраць ням.-фаш. войск змагаўся сфарміраваны ў 1941—42 эст. стралк. корпус Чырв. Арміі. У лют.—вер. 1944 сав. войскі і флот выгналі ням.-фаш. захопнікаў з мацерыковай Э., да канца ліст. — з усіх астравоў. Пасля вайны частка насельніцтва не прыняла сав. ўладу, удзельнічала (да 1956) ва ўзбр. супраціўленні, якое было падаўлена органамі бяспекі СССР. У канцы 1940 — пач. 50-х г. у асноўным завершана пераўтварэнне эканомікі і грамадскага жыцця Э. на сав. ўзор, калектывізавана сельская гаспадарка. Да канца 1970-х г. узровень вытв-сці прамысл. прадукцыі перасягнуў даваенны больш як у 40 разоў. Адбылася значная міграцыя ў Э. рускамоўнага насельніцтва з рэспублік СССР (у 1989 з 1536 тыс. чал. усяго насельніцтва было 573 тыс. неэстонцаў). У час перабудовы ў СССР (з сярэдзіны 1980-х г.) у Э. актывізаваліся нац. сілы, у т. л. Нар. фронт (створаны ў снеж. 1988), які выступаў за аднаўленне незалежнай Эст. Рэспублікі ўзору 1940. Пасля перамогі Нар. фронту на выбарах (сак. 1990) новы Вярх. Савет Эст. ССР назваў эст. народ свабоднай нацыяй. 8.5.1990 ён абвясціў Эст. Рэспубліку, а 20.8.1991 — яе дзярж. незалежнасць, якую 6.9.1991 прызнаў Дзярж. Савет СССР 28.6.1992 прынята канстытуцыя Э. У 1992—2001 прэзідэнтам краіны быў Л.-Г.Меры. Кіраўніцтва Э. абвясціла пра яе імкненне стаць членам НАТО, гатоўнасць выкарыстаць дапамогу зах. дзяржаў для рэфармавання эст. гаспадаркі. Правы (1991—95), левацэнтрысцкі (1995—99) і правацэнтрысцкі (1999—2003) урады Э. паслядоўна праводзілі курс на лібералізацыю (найперш прыватызацыю) эст. эканомікі і супрацоўніцтва пераважна з зах.-еўрап. краінамі і ЗША. У вер. 2001 прэзідэнтам выбраны А.Руйтэль. На парламенцкіх выбарах у сак. 2003 перамаглі цэнтрысцкія партыі. На агульнаэст. рэферэндуме 14.9.2003 большасць удзельнікаў прагаласавала за ўступленне Э. ў Еўрап. Саюз. Э. — чл. ААН (з 1991), Савета Еўропы (з 1993), асацыіраваны партнёр Зах.-Еўрап. Саюза (з 1994). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 7.4.1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Рэспубліка, Партыя рэформ, Саюз Айчыны, Цэнтрысцкая партыя, Партыя памяркоўных, Нар. саюз і інш. Гал. прафс. аб’яднанне — Цэнтр. саюз прафсаюзаў Э.

Гаспадарка. Э. — індустр.-агр. краіна. Эканам. рэформы, якія праводзяцца ў ёй з 1991, прызнаны аднымі з найб. паспяховых сярод краін Цэнтр. і Усх. Еўропы. Сучасная эканоміка Э. грунтуецца на транзіце, абслугоўванні фін. патокаў і турызме. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2000 склаў 14,6 млрд. дол. (10 тыс. дол. на душу насельніцтва). На долю прам-сці і буд-ва прыпадае 23,7% ВУП, сельскай і лясной гаспадаркі — 3,7%, сферы паслуг — 72,6%. Доля прыватнага сектара ў ВУП складае каля 70%. Гал. галіны прамысловасці — сланцаздабыўная і сланцаперапрацоўчая, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., лясная, цэлюлозна-папяровая, тэкст., харчовая. Аснова паліўна-энергет. гаспадаркі — сланцавы бас. (цэнтр — Кохтла-Ярве) і электраэнергетыка. Здабыча (11,8 млн. т, 2001) і перапрацоўка сланцаў (выраб вадкага паліва, газу, попелу, коксу і інш.) у Кохтла-Ярве і Ківіылі. Вытв-сць электраэнергіі 8,3 млрд. кВт∙гадз (1999), пераважна на ЦЭС, якія працуюць на сланцах (Балтыйская і Эстонская ДРЭС, Талінская ЦЭЦ), і Нарвенскай ГЭС. Здабыча торфу ў 2001 склала 824 тыс. т. Сярод галін машынабудавання і металаапрацоўкі вылучаюцца прыладабуд. і электронная (вытв-сць мед. і кантрольна-вымяральнай апаратуры, вузлоў прамысл. робатаў і інш.), эл.-тэхн. прам-сць, вытв-сць абсталявання для здабыўной і лёгкай прам-сці, маторна-трансп. сродкаў, рамонт суднаў і рухомых чыг. сродкаў. Асн. цэнтры: Талін, Тарту, Пярну, Нарва. Хім. прам-сць выкарыстоўвае прадукцыю сланцаперапр. прам-сці і мясц. фасфарыты, вырабляе аміяк, карбамід, бензол, фармалін, сінт. смолы, мыйныя сродкі, лакі, фарбы, мінер. ўгнаенні, серную к-ту, лекі, касметычныя вырабы (Кохтла-Ярве, Маарду, Ківіылі). Развіта лясная і цэлюлозна-папяровая прам-сць. Вытв-сць цэлюлозы (51,7 тыс. т, 2001), паперы (53,3 тыс. т), мэблі, фанеры, шпону, зборных рубленых дамоў, лыж (224 тыс. пар) у Таліне, Кехры, Нарве, Пярну, Кохіле. Прам-сць буд. матэрыялаў працуе на мясц. сыравіне, шырока выкарыстоўваецца сланцавы. попел (вытв-сць цэменту 404,6 тыс. т, 2001). У лёгкай прам-сці вылучаецца тэкст., пераважна баваўняная (120,7 млн. м² тканін, 2001) і льняная, гарбарна-абутковая (1,3 млн. пар абутку), швейная галіны. У харч. прам-сці (​1/3 апрацоўчай прам-сці Э.) найб. важныя галіны — малочная, вытв-сць напіткаў, рыбная, мясная, хлебапякарная. Вытв-сць (тыс. т, 2001) малака — 60,9, сыру — 11,9, масла — 6,7, рыбнай прадукцыі (з кансервамі) — 76,2, мяса — 39,3.

Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочнай, малочна-мясной жывёлагадоўлі, беконнай свінагадоўлі. Пл. с.-г. угоддзяў 1127,6 тыс. га, з іх 65% меліяравана. Каля 40% с.-г. угоддзяў належыць прыватным фермам (34,7 тыс. хутароў), 42% — с.-г. прадпрыемствам. Гадуюць (тыс. галоў, 2002) буйн. раг. жывёлу (эст. чырвоная і чорна-пярэстая пароды) — 254, свіней — 341, авечак і коз — 34, коней — 5, птушак — 2096. Пушная зверагадоўля. Пчалярства. Раслінаводства падпарадкоўваецца патрэбам жывёлагадоўлі. Пасяўныя пл. займаюць (тыс. га, 2001) 588, у т. л. пад збожжавымі і зернебабовымі — 261,6, кармавымі — 274,3, тэхн. — 33,2, бульбай і агароднінай — 19. Збор (тыс. т, 2002): пшаніцы — 148,4, ячменю — 249,4, аўса — 61,7, жыта — 41,5, трыцікале — 12,9, рапсу — 63,9, бульбы — 210,9, агародніны — 39,3. Развіта цяплічна-парніковая гаспадарка. Даўж. чыгунак 1811 км, у т. л. 132 км электрыфікавана, аўтадарог 41,5 тыс. км. Аўтапарк мае 539 тыс. аўтамашын, у т. л. 452 тыс. легкавых. Вял. роля марскога транспарту. Гандл. флот налічвае 552 судны. Гал. парты: Талін (70% гандл. абароту), Палдыскі, Кунда, Пярну. Паромная сувязь з Хельсінкі (Фінляндыя) і Стакгольмам (Швецыя). 10 аэрадромаў. Міжнар. аэрапорт у Таліне. Газаправоды (даўж. 400 км) злучаюць Кохтла-Ярве з Талінам, Тарту і інш. гарадамі і газаправоднай сеткай Расіі. Міжнар. турызм. Штогод краіну наведвае 1,3 млн. турыстаў, пераважна з Фінляндыі (96%). Экспарт (3,1 млрд. дол., 2000) прадукцыі машынабудавання, драўніны і вырабаў з яе, тэкстылю, с.-г. прадукцыі; імпарт (4 млрд. дол., 2000) прадукцыі машынабудавання, трансп. сродкаў, харч. прадуктаў, металаў, мінер. сыравіны. Асн. гандл. партнёры: Фінляндыя (25,1% экспарту і 17,4% імпарту), Швецыя (15,4% і 9,6%), Германія (9,6% і 11,3%), Латвія, Расія. Беларусь экспартуе ў Э. нафтапрадукты, шыны, мінер. ўгнаенні. Грашовая адзінка — эстонская крона.

Узброеныя сілы (2002). Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (5,51 тыс. чал.), рэзерв (каля 24 тыс. чал.), ваенізаваныя фарміраванні (войскі тэр. абароны, 2,6 тыс. чал.). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 2,55 тыс. чал., 32 бронетранспарцёры, 58 мінамётаў, 439 безадкатных і 19 буксірных гармат, 100 зенітных установак, 13 пускавых установак процітанк. кіроўных ракет. У ВПС 220 чал., 2 самалёты, 4 верталёты. У ВМС 440 чал., фрэгат, 2 патрульныя катэры, 4 мінна-тральныя караблі, 2 дапаможныя судны. У пагран. ахове 300 чал., 29 патрульных катэраў.

Ахова здароўя. На пач. 1990-х г. сістэма аховы здароўя рэфармавана з мэтай набліжэння да зах. стандартаў. Мед. абслугоўванне платнае, існуе сістэма мед. страхавання. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 64, жанчын — 76 гадоў (2003). Узровень нараджальнасці — 9 на 1 тыс. чал., смяротнасць 13,4 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост адмоўны: -0,45%. Дзіцячая смяротнасць 12,3 на 1 тыс. нованароджаных (2003). Вядомыя курорты: Пярну, Хаапсалу, Кінгісеп, Нарва-Йыэсуу і інш.

Асвета, навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. і прафес. школы, сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. На ўсіх узроўнях адукацыі існуюць дзярж. і прыватныя навуч. ўстановы. Адукацыя ў дзярж. навуч. установах бясплатная. Сістэмай адукацыі кіруе Мін-ва адукацыі і навукі. У 1993 у Э. дзейнічалі 724 школы і сярэднія спец. навуч. ўстановы (215 тыс. вучняў), 77 школ прафес. адукацыі (26 тыс. навучэнцаў). Каля 142 тыс. школьнікаў вучыліся ў школах з выкладаннем на эст. мове і каля 70 тыс. з выкладаннем на рус. мове (рускамоўныя школы сканцэнтраваны пераважна ў Таліне і гарадах паўн.-ўсх. Э.). Існуюць таксама школы з выкладаннем на яўр., швед., укр. мовах. У школах з выкладаннем на эст. мове 12-гадовы цыкл навучання (9 гадоў няпоўнай і 3 гады поўнай сярэдняй адукацыі), у рускамоўных школах — 11 гадоў (9 гадоў няпоўнай і 2 гады поўнай сярэдняй адукацыі). У сістэме дзярж. ВНУ рыхтуюць бакалаўраў і магістраў. Буйнейшыя з іх: Тартускі ун-т (з 1632, больш за 7,5 тыс. студэнтаў), Талінскі тэхн. ун-т (каля 7 тыс.), Талінскі пед. ун-т (больш за 3 тыс.), Эстонскі с.-г. ун-т у Тарту (каля 3 тыс.). Да дзярж. ВНУ належаць таксама Талінскі маст. ун-т і Эстонская кансерваторыя (каля 500 студэнтаў). У Э. дзейнічае каля 25 прыватных ВНУ, якія даюць няпоўную вышэйшую адукацыю і не могуць рыхтаваць бакалаўраў, магістраў і дактароў. Найбуйнейшыя б-кі: Нацыянальная Э. (засн. ў 1918, каля 3 млн. тамоў), Нац. эст. мастацтва, Тартускага ун-та і інш. Музеі: Нац., маст., л-ры, гіст., прыроднай гісторыі, музыкі і тэатра, спарт., с.-г., парк-музей (скансэн) нар. дойлідства і побыту ў Таліне. Навук. даследаванні вядуцца ў АН Э., н.-д. ін-тах, ва ун-тах.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 2002 у Э. выдавалася 127 газет, у т. л. 16 агульнанац., 6 на рус. мове. Найб. тыражныя газеты: «Öhtuleht» («Вячэрняя газета», з 1944), «Postimees» («Паштальён», з 1891), «Eesti ekspres» («Эстонскі экспрэс», з 1989), «Maeleht» («Краіна», з 1987), «Eesti paevaleht» («Эстонская штодзённая газета», з 1905). Найбуйнейшае інфарм. агенцтва — Эст. бюро Балт. службы навін (з 1991). Радыёвяшчанне з 1926. Дзейнічаюць 30 радыёстанцый. Грамадская радыёвяшчальная арг-цыя «Эстонскае радыё» вядзе перадачы па 5 праграмах. Тэлебачанне з 1955. Агульнанац. перадачы вядуць 4 кампаніі: грамадская «Эстонскае тэлебачанне», прыватныя ТВ-1, Канал-2, ТВ-3. Дзейнасць грамадскага тэлерадыёвяшчання кантралюе Савет па тэлерадыёвяшчанні, прыватныя ўстановы ліцэнзуе мін-ва культуры. У 1991 створаны Савет грамадскай інфармацыі для абароны правоў сродкаў масавай інфармацыі і ўрэгулявання скаргаў.

Літаратура. Вытокі л-ры Э. ў фальклоры (рунічныя песні, казкі, прыказкі). Першая кніга, частка на эст. мове, выйшла ў 1525 (не збераглася). Захаваліся фрагменты лютэранскага катэхізіса 1535. У 16—18 ст. друкаваліся нар. календары і маст.-павучальныя творы, у канцы 18 — пач. 19 ст. — свецкія дыдактычныя кнігі. У сярэдзіне 19 ст. зарадзілася нац. маст. л-ра. Першы эст. паэт — К.​Я.​Петэрсан. У традыцыях нар. фальклору працавалі асветнікі Ф.​Р.​Фельман і Ф.Р.Крэйцвальд (на аснове нар. паданняў стварыў нац. эпас «Калевіпоэг»). Л-ра перыяду нац. руху (2-я пал. 19 ст.) пераважна рамант. (паэзія Л.Койдула, проза Э.​Борнхёэ). У 1890-я г. развіваўся крытычны рэалізм (проза Э.Вільдэ, О.Лутса, К.Э.Сяргавы, паэзія Ю.Лійва, Г.Хаава, драматургія А.Кіцберга). Напярэдадні і ў час рэвалюцыі 1905—07 сфарміраваўся культ.літ. рух «Маладая Эстонія», узніклі неарамант. кірункі (у паэзіі В.​Рыдала, Г.​Суйтс, у прозе Ф.Туглас), паявілася пралет. л-ра (Ю.​Мадарык, Х.​Пегельман, Ээссаарэ Ааду). У 1920—30-я г. маст. разнастайнасцю вызначалася паэзія — ад экспрэсіянісцкіх «песень часу» (Я.Кярнер, Х.​Віснапуу) і леваавангардысцкіх вершаў (І.Барбарус) да сталага рэалізму (Б.Альвер, І.Семпер, Ю.​Сюцістэ, Ундэр). У прозе рамант., імпрэсіянісцкія і сімвалісцкія формы саступілі месца рэаліст. манеры (творы П.Валака, М.Метсанурка, А.Тамсаарэ, А.Хінта, А.Якабсана, Р.​Сірге). У драматургіі вылучыліся камедыі Х.​Раўдсепа, антыфаш п’есы Э.​Таммлаана. У 2-ю сусв. вайну развівалася антыфаш. патрыят. паэзія (Барбарус, Кярнер, Семпер). У пасляваен. л-ры на пярэдні план выйшла драматургія (п’есы Якабсана, Хінта). Празаікі распрацоўвалі ваен. тэматыку (Э.​Мяннік, О.​Тоамінг), пераўтварэнні ў вёсцы (Г.Леберэхт, Э.Крустэн). У паэзіі развіваліся жанры грамадз. лірыкі і эпічнай паэмы (Д.Ваарандзі, М.Раўд, Ю.Смуул). У 1950-я г. вядучае месца заняў гіст.-рэв. раман панарамнага тыпу (тэтралогія Хінта «Бераг вятроў», раманы Крустэна «Сэрцы маладых», Сірге «Зямля і народ»). У 1960—70-я г. развіваліся сац.-псіхал., гіст.-біягр., паліт.-публіцыст., «кароткі» і інш. тыпы рамана, розныя формы малой і дакумент.-маст. прозы. Павялічылася роля псіхал. аналізу, паказу драм. падзей нядаўняга мінулага праз лёс чалавека (ваен. раманы П.Куусберга, Л.Промет, У.​Бээкмана). Л-ра 1980—90-х г. адметная філас.маральнай праблематыкай, наватарскімі маст. пошукамі (раманы Э.Бээкман, Э.Ветэмаа, М.​Траата, аповесці М.​Унта і інш.). Прозу ўзбагацілі гіст. аповесць і раман (Я.Крос), падарожны дзённік (Л.Г.Меры, У.​Бээкман, Смуул), дакумент.-маст. раман (Юры Туулік), творы ўмоўна-інтэлектуальнай малой прозы (А.​Валтан, Т.​Калас, М.​Саат і інш.). Пашырыўся тэматычны і эстэт. дыяпазон паэзіі, паглыбіўся яе філас.-этычны і інтэлектуальны змест (У.Лахт, А.Сійг, Альвер, Крос, П.​Румма, А.​Санг). У драматургіі вылучыліся сац.-псіхал. драма (Э.​Раннет, Якабсан) і нар.-гумарыстычная камедыя (Смуул), з’явілася алегарычна-ўмоўная п’еса. Развіваліся л-ра для дзяцей (Э.​Нійт, Я.​Раннап, Э.​Раўд і інш.), літ.-знаўства (Х.​Пеэп, Х.​Пухвель, Э.​Сыгель).

Эст.-бел. літ. ўзаемасувязі бяруць пачатак з 1940—41: у перыяд. друку публікаваліся пераклады вершаў Я.​Коласа. На эст. мове выйшлі бел. нар. казкі «Пакацігарошак» (1946), зб. бел. і ўкр. нар. казак «Музыка-чарадзей» (1947), зб. бел. сатыры «Пігмаліён навыварат» (1968). Пачалося выданне твораў бел. пісьменнікаў у перакладзе на эст. мову: зб-кі вершаў Я.​Купалы «Хлопчык і лётчык» (1959), «А зязюля кукавала...» (1966), «З песень аб сваёй старонцы» (1982), Я.​Коласа «Звон шыбаў» (1968), П.​Броўкі «А дні ідуць...» (1964), М.​Танка «Летні дождж» (1974), Р.​Барадуліна «Ці пазяхае бегемот?» (1976); кнігі прозы Я.​Брыля «Зялёная школа» (1955), «Апошняя сустрэча» і «Сірочы хлеб» (абедзве 1961), І.​Шамякіна «Першы генерал» (1974); раманы Шамякіна «Крыніцы» (1959), І.​Мележа «Людзі на балоце» (1964) і «Подых навальніцы» (1968), трылогія Я.​Коласа «На ростанях» (1977); аповесці М.​Лынькова «Міколка-паравоз» (1960), В.​Быкава «Трэцяя ракета» (1963), «Сотнікаў» (1971), «Абеліск. Пайсці і не вярнуцца. Яго батальён» (1984), І.​Пташнікава «Тартак» (1976), В.​Казько «Судны дзень» (1982), А.​Адамовіча «Карнікі» (1985) і інш. У перыяд. друку публікаваліся рэцэнзіі і артыкулы пра творы бел. пісьменнікаў. Актыўна прапагандаваў бел. л-ру О.Йыгі. Першыя артыкулы пра эст. л-ру і пераклады яе твораў у бел. друку з’явіліся ў 1940. На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі: зб-кі эст. нар. казак «Лясны бацька» (1963), гумару «Як быў створаны кенгуру» (1968), «Эстонская навела» (1976); кнігі вершаў «Гняздоўе вятроў» (1986), апавяд., вершаў і казак «Скарбы старога Тоамаса» (1988); творы Леберэхта («Святло ў Коардзі», 1952), Хінта («Бераг вятроў», т. 1—2, 1960), Р.​Л.​Парве («У падполлі. Апавяданні пра Віктара Кінгісепа», 1960), В.​Гроса («Распасцёршы крылы», 1961, пер. У.​Краўчанка), Х.​Мянд («Вецер у галаве», 1971, пер. А.​Марціновіч), Э.​Бээкман («Чародка белых варон», 1973, пер. М.​Татур), Э.​Раўда («Карантыш», 1974, пер. Я.​Курто), Раннапа («Апошні арлан», 1976, пер. А.​Чаркасаў), Смуула («Мурка-марак», 1979, пер. С.​Міхальчук), Тамсаарэ («Аповесці», 1980, пер. А.​Кудравец), Л.​Метсара («Мары не паміраюць», 1983, пер. В.​Рабкевіч) і інш. Сярод інш. перакладчыкаў эст. л-ры на бел. мову В.​Адамчык, Л.​Арабей, С.​Дзяргай, Х.​Жычка, В.​Зуб, Г.​Кляўко, У.​Корбан, Л.​Салавей, Ю.​Свірка, Я.​Семяжон, Я.​Сіпакоў, Я.​Скрыган, М.​Федзюковіч і інш.

Архітэктура. Першыя паселішчы гар. тыпу (Талін, Тарту, Отэпя) узніклі ў 10—12 ст. У 13 ст. майстры, пераважна выхадцы з Германіі і Скандынавіі, будавалі крэпасці і храмы абарончага тыпу. Першыя каменныя ўмацаванні ўзведзены на Вышгорадзе ў Таліне. Матывы позняга раманскага стылю (царква ў Вальяла) спалучаліся з формамі ранняй готыкі. У 13—14 ст. склаліся самаст. арх. школы: у Зах. Э. і на астравах пераважаў тып 1 -нефавай бязвежавай царквы з высокімі нервюрнымі скляпеннямі, вузкімі аконнымі праёмамі, акцэнтаванымі парталамі і скульпт. убраннем; у Цэнтр. Э. панаваў тып 3-нефавай зальнай царквы з вежай, безнервюрнымі «купальнымі» скляпеннямі, круглымі слупамі з разнымі капітэлямі; у Паўд. Э. — 3-нефавыя зальныя цэрквы без вежы, з нервюрнымі скляпеннямі. Найб. значныя гатычныя помнікі: сабор Пятра і Паўла ў Тарту (хор зальнага тыпу, 2-вежавы фасад), у Таліне — Домскі сабор, цэрквы Пюхавайму (Св. Духа) і Олевістэ, ратуша, будынкі Вял. гільдыі, ансамбль манастыра св. Брыгіты. Захавалася больш за 50 каменных крэпасцей розных тыпаў: нерэгулярныя, падначаленыя рэльефу (Отэпя, Ліхула), жылыя вежы-данжоны (Пайдэ, Кійу), рэгулярныя замкі-кастэлі (Талін, Хаапсалу, Нарва). Крапасны характар мелі манастыры ў сельскай мясцовасці (кляштар цыстэрцыянцаў у Падызе). З канца 13 ст. будавалі т.зв. канвенцкія дамы, якія спалучалі кастэль з манастырскім клуатрам (Вільяндзі, Талін, Ракверэ, Курэссаарэ). Гарады Талін, Тарту, Нарва, Пярну, Вільяндзі і Хаапсалу абкружалі каменныя сцены з умацаванымі брамамі. У 16 ст. ў арнаментыцы і арх. дэкоры з’явіліся рысы рэнесансу (фасад дома брацтва Чорнагаловых у Таліне, арх. і скульпт. А.Пасер). З 17 ст. пашырана барока (ратуша ў Нарве, «важня» ў Курэссаарэ, палацава-паркавы ансамбль Кадрыёрг у Таліне). У пач. 19 ст. будавалі ў стылі класіцызму (гал. будынак ун-та ў Тарту, шматлікія сядзібныя дамы). Архітэктуры 2-й пал. 19 ст. ўласцівы эклектызм, пач. 20 ст. — функцыяналізм (Х.-В.​Іахансан, А.​Котлі, О.​Сійнмаа, А.​Соанс), а таксама рамант. кірунак, звязаны з мадэрнам (К.-Ф.​Бурман і інш.). У 2-й пал. 20 ст. вялося масавае буд-ва паводле тыпавых праектаў, забудоўваліся новыя раёны ў Таліне, Тарту і інш. (Э.-І.​Куузік. Соанс). Наватарскімі пошукамі адметныя работы арх. Р.​Карпа, В.​Пормейстэр, М.​Порта, В.​Тамма, У.​Тэльпуса, Х.​Сепманна і інш.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. стараж. помнікі мастацтва вядомы з 3—2-га тыс. да н.э. (гліняны посуд, кераміка, вырабы з косці). У 1-м тыс. былі пашыраны арнаментаваныя метал. ўпрыгожанні (фібулы, нагрудныя цапы і інш.). У дэкоры цэркваў 13 ст. познараманскі стыль і готыка (царква Яана ў Тарту, 14 ст.). Познагатычная каменная разьба характэрна для Таліна (рэльефы парталаў). З таго часу вядомы першыя ўзоры насценных размалёвак (цэрквы Вальяла, Муху і інш.). У 13—15 ст. замежныя мастакі з Любека і Нідэрландаў стваралі драўляную скульптуру (алтар царквы Пюхавайму ў Таліне, ням. мастак Б.​Нотке, 1483). Развівалася ювелірнае мастацтва. У 15 ст. выкананы жывапісныя створкі алтароў у цэрквах Нігулістэ і Пюхавайму, фрагмент «Танцы смерці» Нотке. У пач. 16 ст. ў Таліне працаваў нідэрл. скульптар і жывапісец М.​Зіттаў. У скульптуры 16—17 ст. пераважала мемар. пластыка. У 16—18 ст. пашырылася разьба па дрэве (упрыгожанне мэблі, алтароў, кафедраў). З 19 ст. пачаўся росквіт выяўл. мастацтва. У 1803 К.​Зенф заснаваў Рысавальную школу пры Тартускім ун-це, якая паўплывала на станаўленне жанраў пейзажа і партрэта ў духу класіцызму (Т.​Гельхаар, А.​Клара, В.​Кругер, К.​Кюгельген, Ф.​Майдэль, А.​Пецальд, Г.​Шлатэр). У 2-й пал. 19 ст. ўзнікла нац. рэаліст. маст. школа: жывапісцы Г.​Гіпіус, І.​Кёлер, П.​Раўд, скульптары А.​Вейцэнберг, А.​Адамсан. У пач. 20 ст. праявіліся рэаліст. тэндэнцыі ў творчасці А.​Лайкмаа, Я.​Коарта, К.​Мягі, М.​Трыйка, К.​Раўда. У 1905—07 пашырылася паліт. сатыр. графіка. У 1920-я г. развіццю нац. выяўл. мастацтва спрыяла дзейнасць маст. школы «Паллас» у Тарту. Рысы футурызму ў творчасці жывапісца і графіка А.​Ваббе, экспрэсіянізму — жывапісцаў П.​Арэна, К.​Мягі, графіка Э.​Війральта, скульптара А.​Старкопфа, канструктывізму — А.​Акберга, Я.​Вахтры, М.​Лаармана. У 1930-я г. працавалі графікі А.​Бах-Лійманд, Х.​Мугаста, жывапісец і графік А.​Іохані, жывапісец К.​Лійманд. Жывапісу Э.-К.​Адамсана-Эрыка, П.​Бурмана, А.​Вардзі ўласцівы рысы імпрэсіянізму. У 1941—45 група эст. мастакоў у г. Яраслаўль (Расія) засн. Саюз эст. мастакоў. У жывапісе канца 1940 — пач. 50-х г. развіваўся метад. сацыяліст. рэалізму (І.​Выэрахансу, І.​Кім, В.​Лойк, Л.​Мууга, Э.​Окас, Р.​Сагрытс, Р.​Уутмаа, А.​Янзен). Разнастайнасць творчых пошукаў выявілася ў станковым і манум. жывапісе (Э.​Аллсалу, Вардзі, Т.​Вінт, М.​Кармашоў, Э.​Кітс, О.​Маран, Л.​Мікка, Э.​Пыльдраас, Т.​Пяэсуке, О.​Суббі і інш.), у скульптуры (Я.​Варэс, М.​Мікаф, Э.​Роас, Ф.​Саннамеэс, Я.​Соанс, Старкопф, Э.​Танілаа і інш.). Створаны мемарыяльныя ансамблі (напр., «Змагарам за Савецкую ўладу» ў Таліне, 1975, арх. А.​Мурдмаа, скульптар М.​Варык). Высокага ўзроўню дасягнула графіка (Г.​Рэйндорф, А.​Бах, Окас). Развіваліся жанры партрэта (А.​Бах-Лійманд, Э.​Эйнман), быт. (Р.​Кальё, Окас, А.​Хойдрэ), пейзажа (М.​Лаарман, Рэйндорф). У 1960—70-я г. вядучыя майстры графікі А.​Кеэрэнд, К.​Клар, А.​Кют, М.​Мутсу, В.​Толлі, І.​Торн, П.​Улас, Х.​Ээльма, кніжнага афармлення — Х.​Керсна, С.​Лійберг, П.​Лухтэйн, В.​Тоатс, М.​Эйнер. Развіваюцца традыц. віды дэкар.-прыкладнога мастацтва — кераміка, апрацоўка скуры, металу, ткацтва і інш. Высокага ўзроўню дасягнула афармленне грамадскіх будынкаў (В.​Асі, Т.​Ганс, М.​Сумматавет, В.​Там, Б.​Томберг і інш.). Сярод вядучых майстроў тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва М.-Л.​Кюла-Панса, Л.​Роаза, В.​Хаас і інш.

Музыка Э. звязана з культурай прыбалтыйска-фін. народаў. У стараж. эст. нар. музыцы пераважалі аднагалосыя рунічныя песні (прац., каляндарна- і сямейна-абрадавыя, лірычныя, ліраэпічныя). Нац. муз. інструменты: 5—7-струнны канель (род гусляў), 3—4-струнны хійуканель, кар’япасун, сарв, вілепіль, тарупіль (эст. валынка). З 2-й пал. 18 ст. развівалася аматарскае музіцыраванне, хар. спевы. У 2-й пал. 19 ст. на муз. жыццё паўплывалі выданне нац. паэт. эпасу «Калевіпоэг», збіранне эст. фальклору, традыц. пеўчыя святы (з 1869 у Тарту, з 1896 у Таліне). Асновай развіцця хар. спеваў і прафес. музыкі стала пеўча-тэатр. т-ва «Эстонія» (засн. 1865). На мяжы 19—20 ст. арганізаваны першы аматарскі сімф. аркестр (1900, Тарту), напісаны першыя нац. опера («Дачка Лембіту» А.​Лембы, паст. 1908), муз. творы буйной формы (Р.​Тобіяс). Сярод эст. кампазітараў 2-й пал. 19 ст.: А.​Кунілейд, А.​Томсан і інш. Оперныя спектаклі выконваліся ў Таліне (з 1918), Тарту (з 1933). Першы нац. балет — «Дамавік» Э.​Тубіна (паст. 1943). У 1920—30-я г. развіваліся сімф. жанры, у 1940—50-я г. зарадзілася вак.-сімф. музыка для выканання на пеўчых святах (Э.Кап, Г.Эрнесакс), створаны оперы на гіст. сюжэты (А.​Кап, Эрнесакс). У 1926 засн. сімф. аркестр Эст. радыёвяшчання. У 1950-я г. з’явіліся новыя тэндэнцыі ў інстр. музыцы, стылявая і жанр. разнастайнасць, характэрны зварот да стараж. нац. фальклору, узнікла «новая эст. школа» (Э.​Тамберг, Я.​Раэтс, В.​Торміс, А.​Пярт). У 1990-я г. пашырыліся муз. стылі «цынцынабулі», «новай прастаты», неарамантызм, мінімалізм, «канструяваны» авангард. Уклад у муз. мастацтва Э. 20 ст. зрабілі: кампазітары Э.​Арра, М.​Віхманд, П.​Вяхі, Р.​Кангра, А. і Э.​Кап, Я.​Коха, К.​Крээк, М.​Кылар, Б.​Кырвер, Т.​Кырвітс, М.​Людзіг, А.​Лятэ, А.​Маргустэ, Э.​Мягі, Л.​Нормет, Пярт, Раэтс, Р.​Раннап, М.​Саар, К.​Сінк, У.​Сісаскі, Л.​Сумера, Тамберг, Тобіяс, Торміс, Т.​Тулеў, Х.​Эллер, Эрнесакс, М.​Яансан; скрыпач Ю.​Э.​Сырмус; дырыжоры А.​Вольмер, Т.​Кальюстэ, Р.​Кул, А.​Мустонен, А.​Соатс, Н.​Ярві; піяністы Б.​Лук, Э.Клас, спевакі А.​Ардэр, М.Войтэс, Х.Крум, Ц.Куузік, Г.Отс, К.​Отс, М.-І.Пальм, Б.​Хансен. У Э. працуюць: Нацыянальная опера «Эстонія», акад. муз.-драм. т-р «Ванемуйне» ў Тарту (з 1870), дзярж. сімф. аркестр Эстоніі (1975), філармонія (1944) і камерны хор пры ёй (1981), Нац. мужчынскі хор Эстоніі (1944), ансамбль стараж. музыкі «Hortus musicus» (1977), шматлікія аматарскія хар. і арк. калектывы, фалькл.-этнагр. ансамблі; Талінская кансерваторыя (з 1919), муз. вучылішчы і школы. Праводзіцца больш за 20 фестываляў, у т. л. міжнар. сучаснай музыкі (з 1991), арганны. У 1941 створаны Саюз кампазітараў Э. Дзейнічае Саюз выканаўцаў (з 1998).

Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва адносяцца да глыбокай старажытнасці. У рытуалах, абрадах, нар. святах і гульнях выкарыстоўваліся дыялогі, элементы ігры, драм. дзейства, тэатр. відовішчнасць. Фарміраванне прафес. нац. т-ра адбывалася ў 2-й пал. 19 ст. У 1870—72 пры т-ве «Ванемуйне» ў Тарту пры садзеянні пісьменніцы Л.Койдулы пастаўлены яе п’есы «Стрыечны браток з Саарэмаа», «Гэтакі Мульк, або Сто пураў солі». У 1878—1903 пад кіраўніцтвам А.Війры тут ставіліся муз. спектаклі, творы У.​Шэкспіра, Мальера. У 1906—14 трупу ўзначальваў К.Менінг. Пастаўлены эст. п’есы А.​Кіцберга, Э.​Вільдэ, О.​Лутса. З 1906 у Таліне пры т-ве «Эстонія» наладжваліся паказы драм. спектакляў. У 1920—30-я г. працавалі т-ры: у Таліне — «Эстонія», Драм. т-р, «Драма-студыо» (з 1937 Эст. драм. т-р), Ранішні т-р, Рабочы т-р; у Тарту — «Ванемуйне». Дзейнічалі тэатр. калектывы ў Пярну, Вільяндзі, Нарве і інш. У 1940 створаны т-р у Ракверэ. У Таліне ў 1941 адкрыты Музей т-ра і музыкі, арганізаваны Рус. т-р (1948), Дзярж. т-р лялек (1952), Дзярж. т-р юнага гледача (1965). У пасляваен. перыяд вял. пашырэнне набыла драматургія А.​Якабсана («Жыццё ў цытадэлі», «Барацьба без лініі фронту»), пастаўлены п’есы Р.​Каўгвера, А.​Лійвеса, Э.​Раннета, Ю.​Смуула. Сярод найб. значных спектакляў: «Чалавек і бог» паводле эпапеі «Праўда і справядлівасць» А.​Тамсаарэ, «Дзікі капітан» Смуула, «Мужчынскія песні» і «Жаночыя песні» на аснове эст. песень, «Антоній і Клеапатра» і «Карыялан» Шэкспіра, «Мілы лгун» Дж.​Кілці, «Маці» паводле М.​Горкага. Уклад у развіццё сцэн. мастацтва зрабілі рэжысёры К.Ірд, Э.​Кайду, М.​Міківер, В.Панса, І.​Таммур, Я.​Тоамінг, Э.​Хермакюла; рэжысёры і акцёры А.Лаўтэр, П.​Пыльдраас; акцёры К.​Карм, Л.​Румма, А.​Тальві, А.Эскала, Ю.Ярвет і інш. У Э. дзейнічаюць т-ры: у Таліне — Эст. драм., Дзярж. лялечны, Эст. дзярж. рус. драм., Гар., Т-р-студыя Старога горада і інш.; у Тарту — «Ванемуйне»; у Пярну — «Эндла»; у Вільяндзі — «Угала»; у Ракверэ. У т-рах Э. ставіліся бел. п’есы: «Пяюць жаваранкі» (Ракверэ), «Хто смяецца апошнім» (Талін, Пярну) К.​Крапівы, «У ціхім завулку» А.​Маўзона (Кохтла-Ярве), «Выбачайце, калі ласка!» (Талін, Пярну), «Лявоніха на арбіце» (Пярну) А.​Макаёнка, «Радавыя» А.​Дударава (Талін) і інш. Бел. драм. калектывы ў час «Прыбалтыйскіх тэатр. вёсен» выступалі ў Таліне, эст. — у Мінску. Бел. і эст. тэатразнаўцы і крытыкі сумесна ўдзельнічалі ў навук. канферэнцыях, абмеркаваннях спектакляў.

Кіно. На мяжы 19—20 ст. у Э. зроблены першыя дакумент. і відавыя кіназдымкі франц. кінафірмамі «Патэ», «Гамон» і «Эклер». У 1912—14 тартускі фатограф І.​Пяэзуке зняў першыя эст. дакумент. стужкі, у 1913—14 — першы маст. фільм «Паляванне на мядзведзя ў Пярнумаа». У 1920-я г. ствараліся прыватныя і аматарскія кінафірмы, сярод якіх вылучалася «Эстонія-фільм» (1920—32). У 1930-я г. кінавытворчасць у Э. звязана з дзейнасцю студыі «Ээсты культуурфільм», якая атрымала дзярж. датацыю (у 1940 нацыяналізавана, з 1941 — Эст. студыя кінахронікі, з 1947 — Талінская кінастудыя, з 1963 — «Талінфільм»). Першы паўнаметражны маст. фільм — «Цені мінулага» (1924, рэж. Б.​Кузбак). Рэж. К.​Мярска зняў першы гукавы фільм «Залаты павук» (1930), дакумент. стужкі «Святы ў Пячорах» (1936), «Краявіды вострава Осмуссаар» (1936—37). Дасягненні ў маст. кіно звязаны з дзейнасцю рэжысёраў К.​Кійска («Небяспечныя павароты», з Ю.​Кунам, 1961; «Крыгаход», 1962; «Азірніся ў дарозе», 1964; «Пра цану смерці запытайся ў мёртвых», 1978), Л.​Лайус («З вечара да раніцы», 1963; «Лясная легенда», 1969; «Крыніца ў лесе», 1974; «Гаспадар Кырбая», 1980), Ю.​Мююра («Хлопцы адной вёскі», 1962; «Новы нячысты з пекла», з Р.​Краманавым, 1964; «Людзі ў салдацкіх шынелях», 1968), Краманава («Што здарылася з Андрэсам Лапетэусам», 1966; «Брыльянты для дыктатуры пралетарыяту», 1976; «Атэль «Ля загінуўшага альпініста», 1979), А.​Іха («Гульні для дзяцей школьнага ўзросту», з Лайус, 1985; «Назіральнік», 1987; «Толькі для вар’ятаў», 1990; «Сэрца мядзведзіцы», 2001), П.​Сімма («Арабела — дачка пірата», 1983; «Танец вакол паравога катла», 1988; «Добрыя рукі», 2001), О.​Неўланда («Гняздо на ветры», 1979). Найб. вядомыя акцёры эст. маст. кіно: Э.​Ківі, Э.​Кулль, Х.​Мандры, Л.​Мерзін, Л.​Ульфсак, А.Эскала, О.​Эскала, Ю.Ярвет і інш. Школу дакумент. эст. кіно склалі рэжысёры А.​Сёэт («511 лепшых фотаздымкаў з Марса», 1968; «Іванаў дзень», 1978; «Майстар азёраў», 2002), М.​Соасаар («Жанчына з вострава Кіхну», 1973; «Цюлені», 1974; «Радасці зямныя», 1977; «Нядзельныя жывапісцы», 1979; «Ану Рауд — вобразы жыцця мастака», «Жыццё матылёў», абодва 2002). У навук.-папулярным кіно працуюць рэжысёры Л.​Меры («Ветры Млечнага шляху», 1977), Р.​Маран («У цішыні балот», 1976; «Гадзюка звычайная», 1978; «Купальны дзень. Азбука птушак», 2002). Міжнар. поспех набыла эст. анімацыя. Сярод рэжысёраў дзіцячых лялечных фільмаў Э.​Туганаў («Оць у космасе», 1961; «Жарабя ў яблыках», 1981), Х.​Парс (серыя фільмаў пра прыгоды аператара Кыпса, 1964—68; «Цвік», 1972). Паэт. маляваная анімацыя Р.​Раамата сінтэзавала моўныя сродкі кіно і жывапісу («Палёт», 1973; «Стралок», 1976; «Антэны ў ільдах», 1977; «Поле», 1978; «Вялікі Тыл», 1980). Дзейнічаюць 26 кінакампаній, працуюць 4 пракатныя фірмы. У 1962 заснаваны Саюз кінематаграфістаў Э. Распрацавана агульная канцэпцыя балт. кіно, яго сувязей са скандынаўскім, што прадугледжвае шырокую капрадукцыю пры захаванні традыцый нац. кіно, парытэту паміж высокамаст. і камерц. праектамі.

Беларусы ў Эстоніі. З 17—18 ст. у Тартускім ун-це і інш. навуч. установах краю вучыліся многія ўраджэнцы Беларусі. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. адбывалася прац. эміграцыя з Беларусі, пераважна ў г. Рэвель (цяпер Талін), дзе ў 1917 у сям’і беларусаў-мігрантаў нарадзіўся будучы нар. паэт Беларусі П.Е.Панчанка. У 1898—99 у Тартускім ун-це вучыўся дзеяч бел. і рас. рэв. руху П.У.Карповіч, у 1911 яго скончыў будучы гісторык, дзярж. і паліт. дзеяч БССР У.М.Ігнатоўскі. Паводле перапісу 1989 у Э. жыло 28 тыс. беларусаў, каля пал. з іх — у сталіцы (гл. раздзел пра беларусаў у арт. Талін). У 1989 засн. згуртаванне беларусаў у г. Кохтла-Ярве, Беларуска-эстонскае згуртаванне (БЭЗ) у г. Йыхві. У 1995 намаганнямі БЭЗа пры дапамозе Мін-ва культуры Эстоніі выдадзена кн. вершаў і апавяд. «Сярод белых эстонскіх начэй» У.​Дзехцерука, аднаго з заснавальнікаў і сябра БЭЗа. У кастр. 1998 у г. Ківіылі ўстаноўлены помнік бел. пісьменніку Я.​Скрыгану. Дзейнічаюць таксама бел. суполкі «Спадчына» (г. Нарва), «Лёс» і інш. Адна з кіраўнікоў БЭЗа М.​Астравумава — чл. аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар».

Літ.:

Кахк Ю.Ю., Сийливаек К.К. История Эстонской ССР: Попул. очерк. Таллин, 1987;

Клинге М. Мир Балтики. Хельсинки, 1995;

Пуллат Р. История Таллина. [Таллинн], 1999;

Очерк истории эстонской советской литературы. М., 1971;

Бассель Н. Литературные связи Советской Эстонии. Таллин, 1970;

Яго ж. Типологические связи эстонской советской литературы с литературами других народов: Художеств. проза. Таллин, 1980;

Сыгель Э. Развитие литературы: борьба идей Таллин, 1985;

Памятники архитектуры Эстонии. Л., 1980;

Бернштейн Б., Генс Л. Изобразительное искусство Эстонской ССР. М., 1957;

Кума Х. Прикладное искусство Советской Эстонии и его мастера. Л.;

М., 1962;

Бернштейн Б. Эстонская графика. М., 1970;

Эстонская живопись. Альбом. Таллин, 1982;

Тампере Х. Эстонская народная песня. Л., 1983;

Кангро Р. Коротко о композиторах. Таллин, 1984;

Музыкальная культура Эстонской ССР: Сб. ст. Л., 1984;

Райс М. Эстетика «новой эстонской школы» // Муз. академия. 1993. №3;

Театры Советской Эстонии. Таллин, 1956;

Каск К., Тормис Л., Паалма В. Эстонский театр. М., 1978;

Козенкраниус И., Тобро В. Киноискусство Советской Эстонии. М., 1966;

Эльманович Т.В. Образ факта: От публицистики к фильму на эстонском телевидении. М., 1975;

Кийск С. Ожившие сказки: Пер. с эст. Таллин, 1977;

Бельчиков Р.Х. Кино Эстонии. М., 1981;

Беларуска-эстонскае згуртаванне «БЭЗ». Йыхві, 1999.

В.​М.​Корзун (прырода, насельніцтва, гаспадарка), М.​Г.​Нікіцін (гісторыя), І.​А.​Шор (узброеныя сілы), Л.​У.​Языковіч (асвета), Л.​А.​Фядотаў (друк, радыё, тэлебачанне), Н.​М.​Басель (літаратура), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура і выяўленчае мастацтва), Н.​В.​Сазановіч (музыка), А.​В.​Сабалеўскі (тэатр), В.​Ф.​Нячай (кіно), У.​Я.​Калаткоў (беларусы ў Эстоніі).

Герб і сцяг Эстоніі.
Да арт. Эстонія. Заходне-Эстонская нізіна.
Да арт. Эстонія. Цэнтральная вуліца г. Ракверэ.
Краявід на поўначы Эстоніі.
Да арт. Эстонія. Панарама г. Рэвель (Талін) у 1648. Гравюра 17 ст.
Да арт. Эстонія. Князь Вячка (справа) і малады эстонскі воін Меэліс у час абароны г. Юр’еў (Тарту) ад войска крыжакоў у 1224. Скульптар О.​Мянні. 1950.
Да арт. Эстонія. Порт Талін.
Да арт. Эстонія. Сабор Пятра і Паўла ў Тарту.
Да арт. Эстонія. Ратуша ў Таліне.
Да арт. Эстонія. Галоўны будынак універсітэта ў Тарту.
Да арт. Эстонія. Сядзібны дом у Сангасце.
Да арт. Эстонія. Т.​Гельхаар. Стары рынак у Таліне. 1835.
Да арт. Эстонія. Г.​Гіпіус. Эстонская нявеста. 1852.
Да арт. Эстонія. М.​Трыйк. Леннук. 1910.
Да арт. Эстонія. Р.​Кальё. Збор бульбы. 1947.
Да арт. Эстонія. Л.​Мууга. Пратэст супраць вайны. 1959.
Да арт. Эстонія. Кадр з кінафільма «Гняздо на ветры» О.​Неўланда. 1979.
Да арт. Эстонія. Кадр з кінафільма «Добрыя рукі» П.​Сімма. 2001.
Да арт. Эстонія. Кадр з кінафільма «Сэрца мядзведзіцы» А.​Іха. 2001.

т. 18, кн. 1, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗБРОЕНЫЯ СІЛЫ І ВАЙСКОВЫЯ ФАРМІРАВАННІ НА БЕЛАРУСІ Ў 1920—80-я г.

Гісторыя Узбр. Сіл Беларусі цесна звязана з зараджэннем і развіццём Беларускай ваеннай акругі (БВА). Узбр. фарміраванні, створаныя на ўзор Чырвонай гвардыі, з’явіліся на тэр. Беларусі ў сак. 1917. Гэта былі баявыя дружыны рабочых Оршы і рабочая міліцыя Мінска. Да кастр. 1917 у 44 нас. пунктах Беларусі налічвалася больш за 16 тыс. чырвонагвардзейцаў, у пач. 1918 — больш за 20 тыс. чал. Пазней гэтыя атрады былі перафарміраваны ў часці Чырв. Арміі, якія дзейнічалі на Зах. фронце.

Ідэя стварэння вайск. фарміраванняў з ураджэнцаў бел. губерняў узнікла напярэдадні крушэння Рас. імперыі, калі на розных франтах 1-й сусв. вайны з’явіліся т.зв. гурткі бел. ваенных. Адзін з першых такіх гурткоў, які паклаў пачатак бел. ваен. руху, створаны 8.5.1917 у Рызе; напачатку ім кіраваў Бел. нац. камітэт (БНК). Больш масавы і легальны характар рух набыў у жн. 1917, калі Часовы ўрад выдаў спец. дэкрэт, паводле якога дазвалялася пераўтварыць у нацыянальныя тыя адзінкі рас. арміі, дзе большасць складалі прадстаўнікі «нярускіх» нацыянальнасцей. Шырокі размах руху патрабаваў каардынацыі, выпрацоўкі сумеснай праграмы дзеянняў разрозненых арг-цый, стварэння кіруючых цэнтраў. Па ініцыятыве Вялікай беларускай рады (ВБР) у кастр.—снеж. 1917 у арміях, акругах, на франтах адбыліся з’езды воінаў-беларусаў. Пачаткам гэтай кампаніі стаў з’езд Зах. фронту, які адбыўся 18—24.10(31.10—6.11). 1917 у Мінску. На ім таксама прысутнічалі прадстаўнікі 12-й арміі Паўн. фронту, Балтыйскага флоту і Румынскага фронту. З’езд выказаўся за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. рэспублікі, падтрымаў стварэнне бел. краёвай улады ў асобе ВБР. Па асн. пытанні «арганізацыя беларускай арміі» з’езд прыняў рэзалюцыю, у якой адзначалася неабходнасць стварэння бел. арміі. З’езд выпрацаваў канцэпцыю яе арганізацыі, пастанавіў стварыць Цэнтральную беларускую вайсковую раду (ЦБВР), выбраў часовую ЦБВР і яе выканком; прызнаў неабходным стварыць пры ЦБВР рэд., агіт., фін., гасп. і культ.-асв. камісіі, бюро арг-цыі войска; прыняў рэзалюцыю з патрабаваннем міру без анексій і кантрыбуцый, удзелу бел. дэлегацыі на мірнай канферэнцыі. Аналагічныя рашэнні прынялі з’езд Паўн. (ліст., Віцебск), Паўд.-Зах. (снеж., Кіеў), Румынскага (снеж., Адэса) франтоў. Рэзалюцыі франтавых з’ездаў воінаў-беларусаў падтрымалі армейскія (8-й арміі, 3-га Сібірскага арм. корпуса) і акруговыя (Зах. ваен. акругі, Петраградскага гарнізона) з’езды.

На другі дзень пасля Кастр. рэвалюцыі (за 2,5 месяцы да Дэкрэта аб стварэнні РСЧА) у Мінску па ініцыятыве бальшавікоў была сфарміравана першая рэгулярная часць рэв. арміі. У яе склад увайшлі салдаты і унтэр-афіцэры рас. 10-й арміі Зах. фронту, якія за адказ ісці ў наступленне былі арыштаваны і накіраваны ў Мінск на гарнізонную гаўптвахту. Арыштанты кожнай камеры выбралі камандзіраў, якія ўзяліся фарміраваць роты, батальёны, штаб палка. Таму 25.10(7.11).1917, калі Мінскі Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў абвясціў, што бярэ ўладу ў свае рукі, камандзір прапаршчык М.​Т.​Рэмнеў вывеў калону ў горад і накіраваў яе на Петраградскую (цяпер Ленінградскую) вуліцу, дзе тады знаходзіўся Мінскі Савет. Тут адбыўся мітынг, на якім вырашылі назваць полк «1-м рэвалюцыйным імя Мінскага Савета». Полк папоўніўся добраахвотнікамі з ліку чыгуначнікаў і рабочых-гарбароў, атрымаў зброю і боепрыпасы. У далейшым удзельнічаў ва ўстанаўленні і ўмацаванні сав. улады на Беларусі, Украіне, у грамадз. вайне ў Расіі, вызваленні Мінска ад польскіх акупантаў у 1920, падаўленні Кранштацкага паўстання 1921 і інш.

Пытанне фарміравання рэв. войск упершыню разглядалася ў Мінску на нарадзе Зах. фронту прадстаўнікамі 2-й, 3-й і 10-й армій у снеж. 1917. Паводле прынятай пастановы арганізацыя рэв. часцей ускладвалася на рэўкомы, салдацкія к-ты і мясц. Саветы. Планавалася ствараць рэв. дружыны, атрады, роты, батальёны, палкі і нават дывізіі. У Мінскім гарнізоне аб сваёй прыхільнасці да сав. улады заявілі салдаты і прапаршчыкі 37-га і 289-га пях. палкоў, кав. эскадрон і батарэя зенітных пушак. У 2-й арміі быў створаны сацыяліст. атрад нар. арміі колькасцю больш за 1 тыс. чал. У складзе 3-й арміі створаны 1-я і 2-я дывізіі народна-сацыяліст. гвардыі (па 1 тыс. чал. у кожнай). У выніку дзейнасці бальшавікоў Беларусі і Зах. фронту на іх бок да пач. 1918 перайшло 15 пях. палкоў і 3 артыл. брыгады. Найб. прыток у армію беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі адбыўся пасля захопу ням. войскамі Мінска (21.2.1918). Да крас. 1918 у Чырв. Армію з Зах. вобласці ўступілі каля 10 тыс. чал., да канца 1918 з Віцебскай і Магілёўскай абл. — больш за 30 тыс. чал. Былі сфарміраваны 1-ы, 2, 3, 4 і 5-ы чырвонаармейскія палкі імя Віцебскага Савета, Сенненскі нар. полк, 1-ы Мсціслаўскі нар. батальён, 1-ы Рэвалюцыйны полк Аршанскага Савета. Фарміраванні Чырв. Арміі меліся таксама ў Быхаўскім, Чавускім, Чэрыкаўскім і інш. паветах.

Фарміраванне бел. нац. вайск. часцей працягвалася і пасля Кастр. рэв. 1917. Стварэнню рэв. нац. ваен. адзінак садзейнічала тагачасная палітыка цэнтр. бальшавіцкіх органаў. Аднак паміж імі і мясц. бальшавіцкай уладай не было ўзгодненасці і вяліся спрэчкі па пытанні стварэння ваен. бел. фарміраванняў. Цэнтр. органы ў Петраградзе і Стаўцы Вярх. галоўнакамандуючага М.​В.​Крыленкі дазволілі фарміраванне бел. ваен. адзінак, а Ваен.-рэв. к-т Паўн.-Зах. вобласці і Зах. фронту, старшынёй якога быў А.​Ф.​Мяснікоў, выступалі супраць. Так, 23.11.1917 Вярх. галоўнакамандуючы выдаў загад, паводле якога дазвалялася стварэнне нац. палкоў, і на наступны дзень нач. штаба Вярх. галоўнакамандуючага М.​Дз.​Бонч-Бруевіч даў дазвол на стварэнне 1-га пях. Мінскага бел. палка. Аднак галоўнакамандуючы Зах. фронтам Мяснікоў адмяніў загад Крыленкі, і дэкрэтам выканкома СНК Зах. вобласці і Зах. фронту ад 30.1.1918 ЦБВР была ліквідавана. Стварэнне бел. вайск. адзінак найб. актыўна праводзілася ў 1917 — пач. 1918 на Рум. фронце, дзе агульная колькасць вайскоўцаў-беларусаў дасягала больш за 100 тыс. чал. Найбольшай вайск. адзінкай быў 4-ы армейскі корпус, які складаўся пераважна з беларусаў і адным з першых загадам па фронце названы Беларускім (да вайны корпус доўгі час дыслацыраваўся на тэр. Беларусі). Таксама загадам па фронце Таўрагенскі пагран. полк (амаль увесь асабовы склад — беларусы) названы Беларускім гусарскім нацыянальным палком. Рабіліся захады аб перайменаванні інш. часцей і злучэнняў, дзе ў асабовым складзе пераважалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі.

28.11.1918 Рэўваенсавет Рэспублікі прыняў пастанову аб стварэнні Мінскай ваен. акругі, а 14.12.1918 загадам РВС Зах. арміі абвешчана аб перайменаванні акругі ў Заходнюю ваен. акругу (Зах. ВА). Кіраўніцтва акругай ажыццяўляў акруговы ваенны камісарыят (размяшчаўся ў Смаленску). Першымі акруговымі камісарамі былі чл. Рэўваенсавета Зах. арміі І.​Я.​Алібегаў і У.​С.​Селязнёў, ваен. кіраўніком акругі — Я.​З.​Барсукоў. Стварэнне акругі спрыяла падрыхтоўцы рэзерву для дзеючай арміі. У сак.—крас. 1919 сталі фарміравацца Ельнінскі, Віцебскі, Рагачоўскі запасныя стралк. палкі, Рослаўскі, Магілёўскі запасныя стралк. батальёны, запасны кав. полк у Барысаве, асобныя запасныя лёгкая і гаўбічная батарэі ў Смаленску. Акруговаму ваен. камісарыяту таксама падпарадкоўваліся каравульныя і рабочыя батальёны, каменданцкія роты, канвойныя каманды, маршавыя фарміраванні, якія ахоўвалі тыл і камунікацыі, выконвалі інш. задачы. Адначасовае існаванне на зах. напрамку франтавога камандавання і акруговага апарата тлумачылася спецыфікай будаўніцтва Чырв. Арміі. Рэўваенсавет Зах. арміі ажыццяўляў ваенна-аператыўнае кіраўніцтва дзеючымі вайск. часцямі, а акруга прыкрывала зах. напрамкі і была для франтавых аб’яднанняў крыніцай папаўнення людскімі і матэрыяльнымі рэсурсамі. Паводле дырэктывы Гал. камандавання Чырв. Арміі ад 12.2.1919 створаны Зах. фронт. Войскі фронту мелі 80 тыс. штыкоў і шабель, часці, што прыкрывалі Літву і Беларусь, складалі 46 тыс. чал. Кіруючыся дырэктывай «Аб аб’яднанні савецкіх сацыялістычных рэспублік Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Беларусі для барацьбы з сусветным імперыялізмам» ад 1.6.1919, Рэўваенсавет Рэспублікі перафарміраваў арміі Латышскую ў 15-ю, а Беларуска-Літоўскую ў 16-ю. Была наладжана цэнтралізаваная сістэма забеспячэння часцей фронту і акругі, размеркавання матэрыяльных сродкаў і баявых сіл. Да 1.6.1920 фронт папоўнены больш як 40 тыс. байцоў, часці і падраздзяленні атрымалі тэхніку і ўзбраенне. Аб’яднанне мела 91,4 тыс. штыкоў і шабель, 694 гарматы, 29 авіяц. атрадаў (у кожным па 6 самалётаў). Упершыню на Зах. фронце 4.7.1920 праведзена танк. атака на пазіцыі польск. арміі. У баях супраць польскіх войск удзельнічала Заходнядзвінская ваен. флатылія, сфарміраваная ў ліст. 1919.

Пасля заканчэння ваен. дзеянняў у ліст. 1920 Зах. ВА аб’яднана з Зах. фронтам. Адначасова была арганізавана пагран. служба: сфарміравана 1-я пагран. дывізія, 55-я стралк. брыгада пераўтворана ў 2-ю пагран. дывізію. Гэтыя злучэнні былі выведзены са складу фронту і прыступілі да выканання задач па ахове дзярж. граніцы). Дывізіі і палкі ў асн. перайшлі на штаты мірнага часу. У пач. 1923 Рэўваенсавет Рэспублікі вырашыў перавесці 9 палявых дывізій на тэр.-кадравы прынцып камплектавання. Першым тэр. злучэннем Зах. фронту стала 2-я Беларуская дывізія. Зах. фронт адзін з першых у Чырв. Арміі перайшоў на корпусную арганізацыю (у склад стралк. карпусоў уваходзілі 2—3 стралк. дывізіі, артыл. дывізіёны, шэраг падраздзяленняў забеспячэння). У 1924 пачалося фарміраванне кав. карпусоў. Паводле загаду Рэўваенсавета СССР ад 8.4.1924 Зах. фронт пераўтвораны ў Зах. ВА. У кастр. 1924 войскі акругі пераведзены на новыя штаты (у склад дывізіі ўваходзілі 3 стралк. палкі, лёгкі артыл. полк, асобны кав. эскадрон, сапёрная рота, роты сувязі і інш. падраздзяленняў забеспячэння). Колькасць асабовага складу вызначана ў 12,8 тыс. чал. На ўзбраенні меліся 54 гарматы, 189 станковых і 81 ручны кулямёт, 243 гранатамёты. Тэр. прынцып камплектавання і падрыхтоўкі злучэнняў і часцей быў пашыраны на інш. дывізіі і палкі. Для падрыхтоўкі камандных ваен. кадраў у ліст. 1924 створана Беларуская аб’яднаная вайсковая школа імя ЦВК БССР, якая за гады свайго існавання падрыхтавала значную колькасць спецыялістаў, у т. л. вядомых военачальнікаў (І.​І.​Якубоўскі, В.​П.​Маргелаў, В.​А.​Пянькоўскі і інш.). З 1925 штогод праводзіліся палкавыя вучэнні і манеўры. У кастр. 1926 Зах. ВА перайменавана ў БВА. Войскі акругі ўзмоцнены авіяцыяй і зенітнай артылерыяй (у 1928 пачалося фарміраванне 2 авіябрыгад, на базе асобных зенітна-артыл. батарэй і дывізіёнаў створаны полк і 8 зенітна-артыл. асобных дывізіёнаў, узброеных 76-мм мадэрнізаванымі зенітнымі пушкамі). У 1937 у складзе БВА налічвалася 15 стралк. і 7 кав. дывізій і дэсантная брыгада. У 1-й пал. 1930-х г. у акрузе ствараліся аўтабранятанкавыя і механізаваныя войскі. У 1930—33 на ўзбраенне паступілі танкі Т-24, Т-26, БТ, Т-28, танкеткі Т-27. Перааснашчалася вайсковая артылерыя: на ўзбраенне паступілі 122-мм і 152-мм гаўбіцы, 76-мм і 122-мм пушкі, 122-мм пушкі-гаўбіцы і інш. гарматы айч. вытв-сці. Авіяц. злучэнні і часці акругі атрымалі знішчальнікі І-15, І-16, І-153, бамбардзіроўшчыкі СБ, ТБ-3. Развіваліся войскі ППА, удасканальвалася тэхніка войск сувязі, інж. часцей і падраздзяленняў. У сістэме тылавога забеспячэння ствараліся рамонтна-аднаўленчыя батальёны. Працягвалася буд-ва ўмацаваных раёнаў (УР), якія пачалі ствараць у 1928 уздоўж Зах. граніцы СССР, у т. л. 4 на зах. мяжы БССР. У 1935—38 ажыццёўлены пераход ад змешанай тэр.-кадравай сістэмы да кадравага прынцыпу буд-ва Узбр. Сіл. У сувязі з гэтым тэр. стралк. дывізіі БВА пераўтвораны ў кадравыя. БВА была доследнай базай Чырв. Арміі, дзе праходзіла праверку новая арганізац.-штатная структура войск, выпрацоўваліся новыя тактычныя прыёмы і формы баявых дзеянняў. Вял. манеўры 1936 на тэр. Беларусі характарызаваліся выкарыстаннем парашутнага дэсанта (1800 чал.) і дэсанта, высаджанага пасадачным спосабам (5700 чал.). 26.7.1938 БВА перайменавана ў Беларускую асобую ваен. акругу (БАВА).

У вер. 1939 сав. ўрад загадаў Гал. камандаванню Чырв. Арміі ўзяць пад ахову жыццё і маёмасць насельніцтва Зах. Беларусі і Зах. Украіны. З войск БАВА створаны Беларускі фронт, у склад якога ўвайшлі 3-я, 11-я, 10-я, 4-я арміі, конна-механізаваная рухомая група, 23-і асобны стралк. корпус. На Палессі па Прыпяці наступала Дняпроўская ваен. флатылія. На працягу 6 дзён фронт выканаў пастаўленую задачу. 14.11.1939 Бел. фронт зноў перайменаваны ў Беларускую асобую ваенную акругу, а з 11.7.1940 — у Зах. асобую ваен. акругу (Зах. АВА). Удасканальвалася структура войск акругі, пачалося фарміраванне артыл. процітанк. брыгад. Арганізац. мерапрыемствы праводзіліся ў бранятанк. войсках, ВПС, ППА, войсках сувязі і інш. У 1940 пачалося буд-ва новых умацаваных р-наў уздоўж новай зах. граніцы БССР, якая ўсталявалася пасля вер. 1939. Аднак правесці ўсе абарончыя мерапрыемствы да лета 1941 па аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах не паспелі. Таму пачатак баявых дзеянняў супраць войск фаш. Германіі для Зах. АВА склаўся вельмі неспрыяльна.

З пач. Вял. Айч. вайны Зах. АВА стала наз. Зах. фронтам. Да 30.6.1941 з-за вял. страт у жывой сіле і баявой тэхніцы войскі фронту налічвалі ўсяго 16 дывізій; франтавая авіяцыя мела 150 самалётаў, з іх 52 знішчальнікі. Стаўка Вярх. гал. камандавання перадала фронту 4 рэзервовыя арміі. Вясной 1942 у складзе фронту з’явіліся стралк. і танк. карпусы, у войскі паступілі аўтаматычная стралк. зброя, процітанк. ружжы, цяжкія і сярэднія танкі (КВ і Т-34), новыя гарматы і самалёты (Іл-2, Як-1, Пе-2) і інш. Колькасць войск у параўнанні з 2-й пал. 1941 павялічылася ў 6 разоў. 25.9.1943 войскі Зах. фронту вызвалілі Смаленск, 26 вер. сав. войскі авалодалі Хоцімскам — першым на іх шляху райцэнтрам Беларусі. У крас. 1944 Зах. фронт быў падзелены (яго левае крыло — 33-я і 49-я арміі, а таксама 50-я армія 1-га Бел. фронту — стала наз. 2-м Бел. фронтам 2-га фарміравання), яго правае крыло стала наз. 3-м Бел. фронтам. Да пач. Беларускай аперацыі 1944 войскі бел. франтоў атрымалі значнае папаўненне асабовым складам і падмацаваны ўзбраеннем і ваен. тэхнікай. Пры садзейнічанні бел. партызан яны прымалі ўдзел у вызваленні Беларусі ад ням.-фаш. акупантаў, а таксама вялі баявыя дзеянні ў Прыбалтыцы, Польшчы і Германіі. У Вял. Айч. вайну сотні тысяч беларусаў (у чэрв.—жн. 1941—500 тыс. чал., у жн.—снеж. 1944 — больш за 700 тыс. чал.) былі прызваны ў Чырв. Армію і зрабілі значны ўклад у разгром ням.-фаш. войск. 440 воінаў-беларусаў сталі Героямі Сав. Саюза, 300 тыс. беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Многія афіцэры, генералы і адміралы з Беларусі ў ходзе вайны сталі вядомымі военачальнікамі, у т. л. нач. Генштаба А.​І.​Антонаў, камандуючымі франтамі Ф.​І.​Кузняцоў, В.​Д.​Сакалоўскі, нач. штабоў франтоў У.​Р.​Вашкевіч, К.​А.​Каваленка, С.​І.​Любарскі, Б.​А.​Пігарэвіч, камандуючымі арміямі М.​А.​Антанюк, А.​Р.​Бацюня, В.​М.​Бібікаў, С.​В.​Вішнеўскі, А.​І.​Гасціловіч, П.​М.​Казлоў, П.​П.​Корзун, С.​А.​Красоўскі, А.​І.​Лапацін, А.​І.​Лізюкаў, У.​М.​Марцінкевіч, Ф.​І.​Перхаровіч, А.​В.​Петрушэўскі, У.​П.​Свірыдаў, М.​С.​Філіпоўскі, У.​А.​Чыстоў, С.​І.​Чарняк, В.​А.​Юшкевіч. Многія камандзіры часцей і злучэнняў (напр., ген. Л.​Даватар), шэраг інш. афіцэраў і салдат (напр., М.​Гастэла, А.​Гаравец, Ф.​Смалячкоў) сталі легендарнымі асобамі.

Значны ўклад у перамогу над фаш. Германіяй зрабіла партыз. армія Беларусі (налічвала каля 40 партыз. злучэнняў, каля 200 партыз. брыгад, 1255 партыз. атрадаў, а таксама інш. фарміраванняў з асабовым складам больш за 374 тыс. чал. і каля 400 тыс. чал. скрытых рэзерваў). Партыз. рух і падпольная барацьба на тэр. акупіраванай Беларусі ў гады 2-й сусв. вайны набылі ваен. стратэг. характар і сталі па сутнасці адным з важных франтоў Вял. Айч. вайны. У Беларускай аперацыі 1944 актыўны ўдзел прынялі сотні тысяч партызан і падпольшчыкаў Беларусі (каля 150 тыс. з іх потым улілося ў шэрагі Чырв. Арміі, у т. л. ў гвардз. злучэнні).

Ужо ў кастр. 1943 было сфарміравана ўпраўленне БВА (у Смаленску, са жн. 1944 — у Мінску). У ліп. 1944 у склад БВА уключана таксама тэр. Літ. ССР (у студз.—ліп. 1945 БВА наз. Беларуска-Літоўскай ваен. акругай). У ліп. 1945 яна падзелена на Мінскую і Баранавіцкую ваен. акругі. Да вер. 1945 амаль усе злучэнні, часці, штабы і ўстановы, якія ўвайшлі ў склад акруг, былі перадыслацыраваны на тэр. Беларусі. Упраўленне Мінскай ваен. акругі знаходзілася ў Мінску, Баранавіцкай ваен. акругі — у Бабруйску. У лютым 1946 гэтыя акругі аб’яднаны ў БВА. У 1950-я г. войскі акругі адначасова з паўсядзённай вучобай, нясеннем унутр. і каравульнай службаў асвойвалі новыя ўзоры зброі і баявой тэхнікі. Асабовы склад вучыўся дзеянням ва ўмовах магчымага выкарыстання ядз. зброі, інш. сродкаў барацьбы. Злучэнні акругі атрымлівалі ракетную зброю рознага прызначэння. Удасканальваліся і звычайныя сродкі паражэння: на ўзбраенне паступалі новыя артыл. сістэмы, танкі, самаходна-артыл. ўстаноўкі, процітанкавыя сродкі, бронетранспарцёры, проціпаветраныя зенітныя ракеты ў комплексе з радыётэхнічнай апаратурай, самалёты з дагукавой і звышгукавой скорасцю, удасканальваліся інж. і хім. войскі, сродкі сувязі і разведкі. У 1960-х г. працягвалася ўдасканаленне форм і метадаў кіраўніцтва войскамі на полі бою. Праверкай вывучкі войск і штабоў акругі з’явіліся манеўры «Дняпро» (1967), «Нёман» (1968), «Дзвіна» (1970), «Вясна — 75». У гэты перыяд войскамі акругі камандаваў І.​М.​Траццяк, пад кіраўніцтвам якога ў войсках адбывалася сапраўдная тэхн. рэвалюцыя; асабліва паскоранымі тэмпамі будаваліся паркі часцей і злучэнняў, абсталёўваліся запасныя раёны, вучэбныя цэнтры, бранядромы, танкадромы, аўтадромы і многае інш. У 1968 за ўклад у справу ўмацавання абароннай магутнасці СССР і яго ўзброенай абароны, поспехі ў баявой і палітычнай падрыхтоўцы і ў сувязі з 50-годдзем Сав. Арміі і ВМФ БВА узнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга. Войскі акругі працягвалі ўдасканальваць наступальныя і абарончыя дзеянні як ва ўмовах магчымага выкарыстання зброі масавага знішчэння, так і ў аперацыях з выкарыстаннем звычайнай зброі. Універсальнасць такога падыходу да навучання і выхавання войск пацвердзілі вучэнні «Бярэзіна» (1978), «Захад-81» і інш. У канцы 1980-х г. войскі БВА лічыліся адным з самых аснашчаных у ваен. адносінах аб’яднаннем. Толькі групоўка стратэг. сіл уключала 180 злучэнняў і ўстаноў (каля 40 тыс. чал.), тут знаходзіўся 81 носьбіт з ядз. зарадамі. На ўзбраенні злучэнняў і часцей была самая сучасная зброя і тэхніка, якія мела на той перыяд Сав. Армія (танкі Т-72, баявыя машыны пяхоты БМП-2, бронетранспарцёры БТР-80, самалёты МіГ-29, Су-24, Су-25, Су-27, баявыя верталёты Мі-24). У 1985—91 (у час перабудовы) войскі акругі практычна не мянялі колькасць і структуру. На практыцы гэты курс выявіўся ў прыняцці абарончай ваен. дактрыны СССР: мець Узбр. Сілы меншага складу, каб забяспечыць эканомію сіл і сродкаў.

У розны час войскамі франтоў (акругі) камандавалі: Я.​З.​Барсукоў (1918), М.​М.​Дамажыраў (1919), Дз.​М.​Надзёжны (1919), У.​М.​Гіціс (1919—20), М.​М.​Тухачэўскі (1920—21, 1922—24), П.​М.​Захараў (1921), А.​І.​Ягораў (1921—22, 1927—31), А.​І.​Кук (1924), А.​І.​Корк (1924—27), Е.​П.​Убарэвіч (1931—37), І.​П.​Бялоў (1937), М.​П.​Кавалёў (1938—40), Дз.​Р.​Паўлаў (1940—41), А.​І.​Яроменка (1941), С.​К.​Цімашэнка (1941, 1945—46, 1949—60), І.​С.​Конеў (1941, 1942—43), Г.​К.​Жукаў (1941—42), В.​Д.​Сакалоўскі (1943—44), І.​Д.​Чарняхоўскі (1944—45), А.​М.​Васілеўскі (1945), І.​Х.​Баграмян (1945), С.​Г.​Трафіменка (1946—49), У.​М.​Камароў (1960—61), В.​А.​Пянькоўскі (1961—64), С.​С.​Марахін (1964—67), І.​М.​Траццяк (1967—76), М.​М.​Зайцаў (1976—80), Я.​П.​Іваноўскі (1980—85), У.​М.​Шуралёў (1985—89), А.​І.​Кастэнка (1989—92).

А.​Л.​Самовіч, В.​Г.​Шульга, В.​А.​Юшкевіч.

т. 18, кн. 2, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́ЦКІ Максім Іванавіч (18.2.1893, в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.2.1938),

бел. пісьменнік, літаратуразнавец, публіцыст, фалькларыст, грамадскі дзеяч. Адзін з пачынальнікаў нац. маст. прозы. Зрабіў вял. ўклад у развіццё бел. культуры, у фарміраванне нац. свядомасці. Брат Г.І.Гарэцкага. Скончыў Горацкае каморніцка-агранамічнае (1913), Паўлаўскае ваен. (Петраград, 1916) вучылішчы. У 1913—14 працаваў на Віленшчыне, у 1914—17 на фронце, быў цяжка паранены. З канца 1917 у Смаленску, супрацоўнічаў у «Известиях Смоленского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов», у газ. «Звезда» (1918), з рэдакцыяй якой пераехаў у Мінск, на пач. 1919 — у Вільню. У выніку захопу горада польскімі войскамі апынуўся на акупіраванай тэрыторыі. Выкладаў на бел. настаўніцкіх курсах і ў Віленскай беларускай гімназіі. Рэдактар газ. «Наша думка» (снеж. 1920 — ліп. 1921), з вер. 1921 выдавец і рэдактар газ. «Беларускія ведамасці». У студз. 1922 арыштаваны і зняволены ў Лукішскую турму. Яму было прад’яўлена абвінавачванне «ў прыналежнасці да партыі камуністаў, у арганізацыі тайных баявых дружын з мэтаю замаху на дзяржаўную ўладу, у друкаванай і вуснай прапагандзе». За гэта пагражала смяротная кара або катарга. Дзякуючы пратэсту грамадскасці суд не адбыўся. Паводле слоў пісьменніка, ён «без суда, са здзекам, быў выкінуты з Вільні ў нейтральны пас паміж польскім і літоўскім фронтам». У кастр. 1923 пераехаў у Мінск. Выкладаў беларусазнаўства на рабфаку БДУ, бел. мову і л-ру ў Камуністычным ун-це Беларусі. Працаваў у Інбелкульце (з 1925 правадз. член), у Горацкай с.-г. акадэміі (люты 1926 — жн. 1928), у АН Беларусі. 18.7.1930 арыштаваны на падставе сфабрыкаванага органамі АДПУ абвінавачання ў прыналежнасці да «Саюза вызвалення Беларусі». 10.4.1931 асуджаны да 5 гадоў высылкі ў Вятку. З 1935 выкладаў рус. мову і л-ру ў школе ў пас. Пясочня Смаленскай вобл. (цяпер г. Кіраў Калужскай вобл.). 4.11.1937 зноў арыштаваны, 5.1.1938 прыгавораны да расстрэлу (расстраляны ў Вязьме). Рэабілітаваны ў 1957.

Літ. дзейнасць пачаў з газетных нататак і карэспандэнцый. Першае апавяданне «У лазні» апубл. ў 1913. Дамінуючая тэма яго творчасці — лёс бел. сялянства, працоўнай вёскі на гіст. зломе эпох, народ і інтэлігенцыя, пошукі ёю шляхоў сац. і нац. вызвалення. Зборнікам апавяданняў «Рунь» (1914), драматызаванай аповесцю «Антон» (1914, апубл. 1919) і інш. творамі пашырыў тэматычныя і жанрава-стылёвыя межы бел. прозы, увёў новага героя — вясковага інтэлігента («Роднае карэнне» і інш.) і форму лірыка-экспрэсіўнага спасціжэння рэчаіснасці («Патаёмнае», «Страхаццё»). Да гэтага перыяду адносіцца паспяховая спроба маст. асваення гіст. тэмы («Лірныя спевы») і жанру філас., інтэлектуальнай прозы (цыкл апавяданняў «За што?»). Гарэцкі прайшоў шлях складанага ідэйна-творчага і светапогляднага развіцця. Значныя карэктывы ў асветніцкае ўспрыманне рэчаіснасці, што ўласціва ранняму перыяду яго творчасці, унесла вайна і рэвалюцыя. Паглыбіўся гістарызм пісьменніцкага мыслення, узмацніўся аналітычны пачатак у творчасці, іншай стала філас. канцэпцыя чалавека як істоты складанай, супярэчлівай, падуладнай уздзеянню разнастайных фактараў і ўплываў («Маці», «Хадзяка»). Апавяданні ваеннай тэматыкі («Літоўскі хутарок», «Генерал», «Рускі») прасякнуты антымілітарысцкім пафасам, пратэстам супраць разбурэння маральных асноў быцця. У публіцыстыцы смаленскага перыяду (кастр. 1917 — люты 1919) выказваў спадзяванне на перамогу сацыяліст. рэвалюцыі (арт. «Новая буржуазія»), падтрымліваў асобныя палажэнні бальшавіцкай праграмы (арт. «Няхай жыве камуністычная Беларусь!»); творчая і грамадская дзейнасць віленскага перыяду (люты 1919 — кастр. 1923) прасякнута асуджэннем тэрору і непрыманнем новай улады (аповесць «Дзве душы», 1919, апавяданні «Апостал», «Усебеларускі з’езд 1917-га года»). Абноўленая нац.-адраджэнская праграма, скіраваная на выхаванне сац. і нац. свядомасці, духоўнае ўзвышэнне чалавека, пераадоленне ім прыгонніцкай спадчыны, выявілася ў апавяданнях «Панская сучка», «Смачны заяц» (зб. «Досвіткі», 1926). У творчасці 1930-х г. адзначаецца далейшае паглыбленне эпічных асноў, больш грунтоўная распрацоўка тэм інтэлігенцыя і народ, будучыня Беларусі. Своеасаблівыя этапы духоўнай біяграфіі вясковай моладзі адлюстраваны ў аповесцях «У чым яго крыўда?» (1926), «Меланхолія» (нап. ў 1920-я г.), дакументальна-маст. дзённіку «На імперыялістычнай вайне» (1926). Творы Гарэцкага засведчылі новы падыход у адлюстраванні падзей вайны і зараджэнне традыцыі «акопнай праўды» як літ.-эстэт. з’явы. У рамане-хроніцы «Віленскія камунары» (1931—32, апубл. 1963) паказаў герояў, якія лічылі рэв. барацьбу універсальным сродкам вырашэння сацыяльных праблем. Панарама жыцця бел. народа ад часоў прыгоннага права да 1930-х г. створана ў аповесці «Камароўская хроніка» (незаконч., апубл. ў 1966). Дакументальна-маст. сродкамі ў ёй адлюстраваны сац. супярэчнасці эпохі, побыт, праца, норавы, звычаі бел. вёскі і інш. пластоў грамадства, раскрыты рысы характару беларуса. У творах Гарэцкага арганічна спалучаюцца сац. аспекты з маст. даследаваннем духоўнай сферы, выяўляецца глыбіня і змястоўнасць філас. канцэпцыі жыцця як няспыннага працэсу выпрацоўкі і перадачы ад пакалення да пакалення сац. і маральна-этычнага вопыту, духоўных каштоўнасцей. Незакончаныя творы «Лявоніус Задумекус» (1931—32), «Скарбы жыцця» (1932—35, 1937?), «Кіпарысы» (апрацоўка запісаў 1928) разам з асобнымі раздзеламі «Камароўскай хронікі» раскрываюць трагізм становішча рэпрэсіраванага мастака, з’яўляюцца пачаткам эстэт. асваення бел. літ. тэмы ГУЛАГа. Гарэцкі — аўтар «Гісторыі беларускае літаратуры» (1920, факс. выд. 1992), «Хрэстаматыі беларускае літаратуры: XI век — 1905 г.» (1922), слоўнікаў «Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік» (1919), «Практычны расійска-беларускі слоўнік» (1924, разам з М.​Байковым), зб. «Народныя песні з мелодыямі» (1928, з А.​Ягоравым) і інш. Пераклаў на бел. мову раман А.​Фадзеева «Разгром», аповесці Ю.​Лібядзінскага «Тыдзень», «Камісары», асобныя апавяданні М.​Горкага («Зброднік», «Канавалаў», «Чалкаш»), а таксама артыкулы і дадаткі да 3-га тома Зб. тв. У.​І.​Леніна (выд. 1929). Рукапісная спадчына Гарэцкага захоўваецца ў аддзеле рэдкай кнігі і рукапісаў Цэнтральнай навук. б-кі імя Я.​Коласа Нац. АН Беларусі. Творы пісьменніка перакл. на рус., укр., балг., лат., літ., ням., польск. мовы. На радзіме пісьменніка створаны музей, пастаўлены помнікі ў Мінску, Вязьме, імем Гарэцкага названы вуліцы ў Мінску, Мсціславе, Горках. У 1997 створаны Міжнар. фонд братоў Гарэцкіх.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1973;

Зб. тв. Т. 1—4. Мн., 1984—1986;

Творы. Мн., 1990.

Літ.:

Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы. Мн., 1984;

Адамовіч А. «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» Мн., 1980;

Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. Мн., 1968;

Дасаева Т.М. Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага. Мн., 1993;

Гарэцкі Р. Расстрэл Максіма Гарэцкага // ЛІМ. 1992. 9 і 16 кастр.;

Першыя Гарэцкія чытанні: (Тэз. дакл. і паведамл.). Горкі, 1992;

Гарэцкія чытанні: Тэз. дакл. і паведамл. Горкі, 1993;

Гарэцкія чытанні: Матэрыялы дакл. і паведамл. Горкі, 1994, 1996.

М.​І.​Мушынскі.

М.І.Гарэцкі.

т. 5, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВІНЕ́Я-БІСА́У (Guiné-Bissau),

Рэспубліка Гвінея-Бісау (Républica de Guiné-Bissau), дзяржава ў Зах. Афрыцы, на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. Складаецца з мацерыковай ч. і а-воў Біжагош. На Пн мяжуе з Сенегалам, на У і Пд — з Гвінеяй. Падзяляецца на 9 раёнаў. Пл. 36,2 тыс. км². Нас. 1072 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Бісау. Афіц. мова — партугальская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 вер.).

Дзяржаўны лад. Гвінея-Бісау — рэспубліка. У яе складзе 8 раёнаў і аўт. сектар Бісау. Дзейнічае канстытуцыя 1984. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Нац. народны сход (асамблея, 150 дэпутатаў, выбіраецца на 5 гадоў). Ён выбірае дзярж. савет (15 чл.). Выканаўчы орган — Савет Міністраў.

Прырода. Узбярэжжа парэзана эстуарыямі рэк, шмат астравоў. Большая ч. паверхні нізінная, на З забалочаная. На У адгор’і плато Фута-Джалон (выш. да 200 м). Радовішчы нафты, баксітаў, фасфатаў (не эксплуатуюцца), золата, алмазаў. Клімат экватарыяльны мусонны. Вільготны сезон у чэрв.—ліст., сухі ў снеж.—маі. Т-ра паветра круглы год каля 25 °C. Ападкаў на ўзбярэжжы больш за 2000 мм, на У каля 1000 мм за год. Рэкі кароткія, мнагаводныя. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі, далей на ПнУ трапічныя лясы (каля 30% пл. краіны) і саванны (каля 40%). Створаны 3 рэзерваты.

Насельніцтва. Жывуць народы балантэ (30%), фульбе (20%), манджак (14%), мандынга (13%), папель (7%) і інш. Еўрапейцаў і метысаў каля 1%. Мясцовых традыц. культаў прытрымліваецца 65%, ісламу — 30, хрысціянства (каталіцызм) — 5%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 29,7 чал. на 1 км². Найб. шчыльна населена ўзбярэжжа. У гарадах жыве каля 25% насельніцтва. У сельскай гаспадарцы занята 90% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці, абслуговых галінах і гандлі — 5%, кіраванні — 5%.

Гісторыя. Тэр. Гвінеі-Бісау была ў складзе сярэдневяковых дзяржаў Гана (9—13 ст.), Малі (13—15 ст.), Сангаі (пач. 15 ст.). Першымі з еўрапейцаў тут з’явіліся партугальцы (1446), якія назвалі краіну Гвінеяй. Да пач. 1460-х г. партугальцы базіраваліся на а-вах Зялёнага Мыса. У 1466 яны атрымалі ад караля права захопліваць на ўзбярэжжы Гвінеі і прадаваць рабоў. У 16—17 ст. гандляры рабамі заснавалі тут некалькі паселішчаў; адначасова франц., англ. і галандскія піраты пабудавалі тут свае апорныя пункты (Фарым, Кашэу, Бісау і інш.). Неграў-рабоў вывозілі ў асн. на цукр. і тытунёвыя плантацыі Бразіліі. Да 1870-х г. тэр. Гвінеі-Бісау кіраваў губернатар а-воў Зялёнага Мыса. У 1879 Гвінея-Бісау аддзелена ад астравоў і абвешчана асобнай партуг. калоніяй на чале з губернатарам. На пач. 20 ст. партугальцы захапілі а-вы Біжагош, на землях манджакаў стварылі ўмацаваныя форты, вакол якіх заснаваны гарады Бісора, Мансоа, Фулакунда і інш., і кантралявалі ўсю тэр. Гвінеі-Бісау. Пасля 2-й сусв. вайны ў Гвінеі-Бісау узмацніўся нац.-вызв. рух. У 1951 краіна атрымала статус «заморскай правінцыі» і прадстаўніцтва (1 месца) у партуг. парламенце. У 1953 засн. тайная арг-цыя Рух за незалежнасць Гвінеі, у 1956 на яе аснове створана Афр. партыя незалежнасці Гвінеі і Каба-Вердэ (ПАІГК, ген. сакратар А.Кабрал), якая ў 1963 распачала партыз. барацьбу за незалежнасць Гвінеі-Бісау (у 1965 створа на рэгулярная армія — Нар. рэв. сілы). У 1972 Спец. к-т па дэкаланізацыі ААН прызнаў ПАІГК адзіным і правадзейным прадстаўніком народа Гвінеі-Бісау. Да пач. 1973 паўстанцы кантралявалі ⅔ тэр. краіны. 29.9.1973 абвешчана незалежнасць Гвінеі-Бісау. Партугалія прызнала незалежнасць 10.9.1974 і вывела свае войскі Прэзідэнтам Гвінеі-Бісау стаў Л.​Кабрал (брат забітага А.​Кабрала). Ва ўмовах аднапартыйнага праўлення ПАІГК эканам. становішча дзяржавы пагоршылася, абвастрыліся ўнутрыпарт. супярэчнасці. У выніку перавароту 14.11.1980 улада перайшла да Рэв. савета на чале з Ж.Б.Віейрам. У маі 1984 Нац. нар. сход распусціў гэты орган, выбраў Дзярж. савет, прыняў новую канстытуцыю.

У канцы 1980-х г. кіраўніцтва краіны ўзяло курс на дэмакратызацыю грамадства і лібералізацыю эканомікі, з 1991 дазволена дзейнасць апазіц. партый. На першых шматпарт. выбарах 1994 перамагла ПАІГК. Прэзідэнтам стаў Віейра. Гвінея-Бісау — член ААН з 1974, Арг-цыі афр. адзінства, Арг-цыі Ісламская канферэнцыя. З паліт. партый і рухаў дзейнічаюць ПАІГК, Дэмакр. фронт, Гвінейскі рух супраціўлення, Рух Бафата, Сац.-дэмакр. фронт, Партыя дэмакр. згоды і інш.

Гаспадарка. Гвінея-Бісау — адна з самых адсталых краін свету. Валавы ўнутр. прадукт складае каля 180 дол. ЗША на 1 чал. за год. Доля сельскай гаспадаркі ў ім — 50%, прам-сці — 10%. З галін сельскай гаспадаркі найб. развіта земляробства. Апрацоўваецца 11% плошчы краіны. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі. Пануюць аблогавая і падсечна-агнявая сістэмы земляробства. Часта бываюць засухі (асабліва на У). Гал. харч. культура — рыс (штогадовы збор 100—150 тыс. т), вырошчваюць пераважна на арашальных землях. На У гал. раён вырошчвання кукурузы, сорга, проса, арахісу. Усюды вырошчваюць бабовыя, маніёк, батат, гародніну, а таксама какосавыя і алейныя пальмы, дрэва кэш’ю (плады ядомыя), цукр. трыснёг, каўчуканосы, бавоўнік і інш. Распаўсюджаны збор пладоў дзікарослай алейнай і какосавай пальмаў. Жывёлагадоўля адгонна-пашавая, малапрадукцыйная. Гадуюць (1994, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — каля 250, коз і авечак — каля 300, свіней — каля 120. Марское рыбалоўства: улоў рыбы і морапрадуктаў 150—200 тыс. т штогод. Асн. галіна апрацоўчай прам-сці — харчасмакавая (ачыстка рысу і арахісу, драбленне пальмавых ядраў, вытв-сць алею, кармоў, мыла); працуюць ф-кі: фруктовых сокаў (Балама), бавоўнаачышчальная (Бафата), мэблевыя. У г. Бісау і яго наваколлі — 60% прамысл. прадпрыемстваў краіны, у т. л. домабуд. камбінат, цагельны і цэм. з-ды, суднарамонтныя майстэрні, рыбахаладзільнікі, прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці і па вырабе паркету. Вытв-сць электраэнергіі 30 млн. кВт∙гадз (1991). Невял. здабыча золата і алмазаў. Нарыхтоўка драўніны. Транспарт аўтамаб. і ўнутр. водны. Даўж. аўтадарог 3,2 тыс. км, у т. л. 2,7 тыс. км палепшаных, даўж. суднаходных участкаў рэк 1,8 тыс. км. Асн. марскі порт Бісау (90% знешнегандл. перавозак). 32 аэрадромы і міжнар. аэрапорт каля г. Бісау. Гвінея-Бісау экспартуе арахіс, ядры алейнай і какосавай пальмаў, алей (71% па кошце), рыбу і морапрадукты, драўніну і лесаматэрыялы; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва. Імпарт (каля 60 млн. дол. ЗША штогод) у 3 разы перавышае экспарт (каля 20 млн. дол. ЗША штогод). Асн. гандлёвы партнёр — Партугалія. Грашовая адзінка — пеза.

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Гвінеі-Бісау.
Да арт. Гвінея-Бісау. Гай какосавых пальмаў на захадзе краіны.
Да арт. Гвінея-Бісау. Порт Бісау.

т. 5, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЫЛЕ́РЫЯ (франц. artillerie),

1) род войскаў, прызначаны для абслугоўвання і баявога выкарыстання артыл. ўзбраення. Ва ўсіх арміях свету выконвае баявыя задачы ў інтарэсах інш. родаў войскаў.

У сучасных сухапутных войсках падзяляецца на артылерыю вайсковую (палявую) — армейскую, карпусную, палкавую і да т.п. і рэзерву Гал. камандавання, на наземную (бывае пушачная, гаўбічная, рэактыўная, процітанкавая, горная і мінамёты) і зенітную. Залежна ад спосабу арганізацыі ўзаемадзеяння з інш. родамі войскаў адрозніваюць артылерыю прыдадзеную (на час выканання баявой задачы перадаецца ў распараджэнне камандзіра злучэння, часці) і артылерыю падтрымкі (застаецца ў падначаленні ст. артыл. камандзіра, але выконвае агнявыя задачы, пастаўленыя агульнавайск. камандзірам). Артылерыя ў ВПС — авіяц. пушкі на самалётах і верталётах. У ВМФ падзяляецца на карабельную (у т. л. зенітную) і берагавую.

Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь артылерыя складаецца са злучэнняў, часцей і падраздзяленняў уласнаствольных артыл. сістэм, процітанкавых кіроўных ракет, а таксама падраздзяленняў артыл. разведкі і спец. падраздзяленняў, што ўваходзяць у склад артыл. злучэнняў і часцей. Артыл. злучэнні і часці, што не належаць да вайсковай артылерыі, з’яўляюцца рэзервам Гал. камандавання і прызначаны для ўзмацнення дзеянняў агульнавайск. падраздзяленняў, а таксама для стварэння артыл. рэзерваў.

2) Від зброі або сукупнасць прадметаў артыл. ўзбраення, уключаючы сродкі наземнай і паветр. разведкі, сувязі, назірання, кіравання агнём, цягі, транспарту і інш. 3) Навука, якая вывучае асновы будовы матэрыяльнай часткі агнястрэльнай зброі, яе ўласцівасці і спосабы выкарыстання ў баі. Асн. раздзелы: унутраная і знешняя балістыка, асновы будовы матэрыяльнай часткі боепрыпасаў, выбуховыя сродкі і порахі, тэхналогія артыл. вытв-сці, тактыка, тэорыя стральбы, гісторыя артылерыі.

Самы ранні этап развіцця артылерыі — сценабітная і кідальная зброя краін Стараж. Усходу (Егіпет, Індыя, Кітай і інш.), Грэцыі і Рыму. З вынаходствам пораху ўзнікла агнястрэльная зброя: у Кітаі ў 11 ст., у Еўропе першыя ўзоры яе з’явіліся ў Італіі, Францыі. Германіі, Англіі, на Беларусі — у 14 ст. Войскі ВКЛ упершыню сутыкнуліся з новай зброяй у 1341, калі ў час аблогі крыжацкага замка Баербург «вогненнай стралой» быў забіты вял. князь Гедзімін. У 1382 войскі ВКЛ ужо мелі ўласныя бамбарды, пры дапамозе якіх штурмавалі ордэнскі замак Георгенбург. Першыя гарматы рабілі з дрэва (Кітай, Галандыя), потым з жалеза ў выглядзе каванай метал. трубы, якая мацавалася да масіўнай драўлянай калодкі. Ядры напачатку былі драўляныя і каменныя, пазней алавяныя і бронзавыя. У 14 ст. з’явіліся гарматы з бронзы (на Беларусі іх выраблялі майстэрні ў Полацку, Віцебску, Навагрудку і інш.). У 1384 кідальныя балісты, зробленыя на Беларусі, выкарыстоўваліся супраць войскаў Лівонскага ордэна. Каля 1540 у Вільні заснаваны гарматны ліцейны двор — людвісарня, у 1597 — майстэрня па вытв-сці куль і ядраў Бараньская кульня. У 16—17 ст. гарматы ставілі на колы, у іх з’явіўся перадок з зараднай скрыняй. Ядры былі жалезныя, чыгунныя і нават шкляныя. Напачатку артылерыю на Беларусі абслугоўвалі наёмныя пушкары з Германіі, Чэхіі, Галандыі (у іх вучыліся бел. майстры), з сярэдзіны 16 ст. абыходзіліся без іх. Вядомы імёны майстроў Сцяпана і Пятра з Нясвіжа (канец 16 — пач. 17 ст.), К.​Ганусава з Быхава (2-я пал. 16 ст.) і інш. У 1-й пал. 17 ст. выпушчаны падручнікі па артыл. справе на лац. і польскай мовах: італьянца Андрэя дэль’-Аква, іспанца Дыега Уфана, ураджэнца Беларусі К.Семяновіча. У 18 ст. артыл. гарматы выраблялі ў Слуцку, Быхаве, Нясвіжы, Гродне, Жлобіне, Вішневе. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі выраб гармат спынены, эпізадычна для асобных магнатаў рабіліся невял. гарматы-салютоўкі. З сярэдзіны 19 ст. ў большасці краін пачаўся пераход да наразной артылерыі. У пач. 20 ст. артылерысты ўпершыню вялі стральбу з закрытых агнявых пазіцый, быў створаны і выкарыстаны мінамёт (1904—05). У перыяд 1-й сусв. вайны з’явілася артылерыя суправаджэння, зенітная, процітанкавая, былі ўдасканалены мінамёты. 2-я сусв. вайна выклікала ўсебаковае развіццё зенітнай, процітанкавай, рэактыўнай і самаходнай артылерыі, выкарыстоўвалася артылерыя вялікай і асаблівай магутнасці. Узніклі новыя формы баявых дзеянняў артылерыі, павялічылася яе шчыльнасць на ўчастках прарыву (да 200—300 гармат на 1 км фронту). Вопыт баявога выкарыстання артылерыі даў багаты матэрыял для развіцця артыл. навукі. Удасканаленне артылерыі працягваецца.

Літ.:

Передельский Г.Е., Токмаков А.И., Хорошилов Г.Т. Артиллерия в бою и операции. М., 1980;

Отечественная артиллерия, 600 лет. М., 1986;

Nowak T. Polska technika wojenna XVI — XVIII w. Warszawa, 1970.

М.​Р.​Плахотны, В.​А.​Юшкевіч.

Да арт. Артылерыя. Ручная кідальная зброя даагнястрэльнай эпохі: 1, 2 — нервабалістычныя баявыя гарматы; 3, 4 — барабалістычныя гарматы (а — гіганцкіх памераў, б — з процівагай); 5 — акрабаліста (таксабаліста).
Да арт. Артылерыя. Гарматы 11 — пач. 20 ст.: 1 — старажытная кітайская драўляная гармата 11 ст.; 2 — марціра 14 ст.; 3 — доўгая французская серпанціна 15 ст.; 4 — гафуніца 1542; 5 — трохфунтовая палявая пушка 1700; 6 — бронзавая марціра Чохава 1606; 7 — «сакрэтная гаўбіца» Шувалава 1754; 8 — руская шасцідзюймовая аблогавая гармата 1877; 9 — 122-мм палявая скарастрэльная гаўбіца ўзору 1910; 10 — 76-мм зенітная пушка ўзору 1915.
Да арт. Артылерыя. I. Гарматы 16 — 17 ст. з Нясвіжскага замка: 1, 2, 3 — з фігурнымі аздабленнямі, 4 — з серыі Германа Мольтфельда. II. Гарматы корпуса артылерыі ВКЛ канца 18 ст.: 1 — адна—трохфунтовая палявая гармата, зробленая на аўстрыйскі ўзор, 2 — двух—васьміфунтовая гаўбіца, зробленая на ўзор французскай гаўбіцы сістэмы Грыбаваля (лафет паказаны ў разрэзе). III. Адна з гармат польска-беларуска-літоўскіх паўстанцаў 1863 — 64 (паводле Баляслава Галэцкага).
Да арт. Артылерыя. Гарматы перыяду 1-й і 2-й сусветных войнаў: 1 — 155-мм палявая пушка (Францыя); 2 — 76-мм палявая скарастрэльная пушка ўзору 1902 (Расія); 3 — 210-мм аблогавая гаўбіца Крупа (Германія); 4 — 305-мм марціра (Аўстрыя); 5 — 105-мм гаўбіца (ЗША); 6 — шасціствольны мінамёт (Германія); 7 — 105-мм лёгкая гаўбіца (Германія); 8 — баявая машына рэактыўнай артылерыі БМ-13 (СССР); 9 — 76-мм самаходная артылерыйская ўстаноўка СУ-76 (СССР).
Да арт. Артылерыя. Сучасная артылерыя: 1 — 139,7-мм пушка МК-3 (Вялікабрытанія); 2 — баявая машына рэактыўнай артылерыі БМ-24 (Расія); 3 — 90-мм самарушная процітанкавая пушка (ФРГ); 4 — устаноўка рэактыўных кіроўных процітанкавых снарадаў 55-II (Францыя); 5 — 122-мм самаходная гаўбіца (Расія); 6 — 203-мм самаходная гаўбіца M 1101 E2 (ЗША); 7 — 105-мм горная гаўбіца ўзору 1956 (Італія); 8 — 122-мм гаўбіца Д-30 (Беларусь).

т. 1, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ НАВУКО́ВЫЯ І КУЛЬТУ́РНА-АСВЕ́ТНЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ ЗА МЯЖО́Й.

Прадстаўнікі бел. дыяспары першай эміграцыйнай хвалі (склалася на рубяжы 19—20 ст. і ў 1-ю сусв. вайну) сваіх нац. арг-цый не мелі і часта далучаліся да рус. ці польскіх згуртаванняў. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі найбольш актыўна культ. дзейнасць вялася ў Літве, Латвіі, Чэхаславакіі, ЗША, Аргенціне, Францыі. Дзейнічалі Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Коўне (Літва), Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф.​Скарыны ў Празе (Чэхаславакія), Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства, «Бацькаўшчына», «Рунь» (1924), «Беларуская хата» ў Латвіі. Выхадцы з Зах. Беларусі складалі большасць створаных у 1930-я г. рус. клубаў у Канадзе. У канцы 1920 — сярэдзіне 1930-х г. дзейнічалі Бел.-ўкр. саюз у Бразіліі, Бел. культ.-адукац. т-ва ў ЗША, Саюз укр. і бел. работніцкіх арг-цый у Аргенціне. У Аргенціне згуртаванню беларусаў спрыялі культ.-асв. т-вы ў Буэнас-Айрэсе — «Грамада» (1934), «Культура» (1936), Беларускае культурнае таварыства «Белавежа», «Т-ва б-кі імя Івана Луцкевіча» (1937, Вільня-Крэспа), б-кі імя Я.​Купалы (1934, Камадора-Рывадавія) і інш. У 1939 яны аб’ядналіся ў Федэрацыю беларускіх арганізацый. У Францыі ў 1930 засн. Беларускі хаўрус, у 1938 Бел. жан. грамада імя А.​Пашкевіч. Пасля 2-й сусв. вайны бел. эміграцыя вылучалася значнай колькасцю інтэлігенцыі, заявіла аб сабе як аб самастойнай бел. этн. супольнасці за межамі Бацькаўшчыны, стварыўшы ўстойлівыя нац. асяродкі. Арганізаванае нац.-культ. жыццё пачалося з канца 1940-х г. Свае арг-цыі беларусы стварылі ў Германіі ў лагерах для перамешчаных асоб: Крывіцкае навуковае таварыства імя Ф.​Скарыны (1946), Бел. бібліягр. служба (1946), Бел. культ.-асв. т-ва (1948), Бел.-груз.-ўкр. клуб (1950). Навук.-культ. асяродкамі ў г. Ляймен сталі Інстытут беларусаведы і Беларускі музей. У 1955—66 у Мюнхене дзейнічаў філіял Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку (БІНіМ) — адносна самаст. ўстанова, праца якой была звязана з удзелам бел. навукоўцаў у рабоце Ін-та вывучэння СССР. З філіялам супрацоўнічалі С.​Станкевіч, С.​Кабыш, А.​Марговіч, У.​Дудзіцкі і інш. У Бельгіі ў 1947 засн. Бел. цэнтр. к-т на Валоніі, у 1949 створана бел. акад. каталіцкае т-ва «Рунь», дзейнічаў Саюз беларусаў Бельгіі (1947—60-я г.). У ЗША найб. колькасць навукоўцаў, творчай інтэлігенцыі сканцэнтравалася ў 1950-я г., сюды з Германіі пераехалі Крывіцкае навук. т-ва імя Ф.​Скарыны, Бел. бібліягр. служба і Аб’яднанне бел. лекараў на чужыне. У 1951 у Нью-Йорку засн. Бел. ін-т навукі і мастацтва. Зборам інфарм. матэрыялаў пра Беларусь займаецца Бел.-амер. інфарм. служба (штат Пенсільванія). Працуюць бел. грамадска-культ. цэнтры і дамы ў Кліўлендзе («Полацак»), Нью-Йорку, Саўт-Рыверы, Чыкага, Дэтройце, Стронгсвілі. У Саўт-Рыверы культ. праграмы каардынуе Згуртаванне беларускіх мастакоў і ўмельцаў, якое супрацоўнічае з каледжамі і ун-тамі штатаў Нью-Джэрсі і Пенсільванія. Працуюць Беларуска-амерыканскае задзіночанне, Злучаны беларуска-амерыканскі дапамогавы камітэт, Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі, Арганізацыя беларуска-амерыканскай моладзі, Беларуска-амерыканскае аб’яднанне і інш. З 1958 адным з цэнтраў бел. культ. і навук. жыцця ў Нью-Йорку стала Фундацыя імя П.​Крачэўскага. З 1974 тут працуе бел. б-ка і музей, дзе збіраецца л-ра, дакументы, матэрыялы, пісьменніцкія архівы, рэд. архівы Часопісаў і газет. У Канадзе ў 1950—60-я г. дзейнічаў Бел. даследчы ін-т імя К.​Каліноўскага, які выдаваў дакументы і матэрыялы па навейшай бел. гісторыі. З 1967 у Таронта працуе Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ), Беларускае нацыянальнае аб’яднанне, Згуртаванне беларусаў Канады, грамадска-культ. цэнтр, Беларускі выдавецка-мастацкі клуб «Пагоня», сябры якога — беларусы з Аўстраліі, ЗША, Бельгіі, Англіі, Францыі, Германіі і інш. У Вялікабрытаніі працуе Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі, цэнтрамі навук.-культ. жыцця сталі Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны і Англа-беларускае таварыства, дамы ў Брадфардзе (1948, пры ім у 1964 адкрыты Бел. юнацкі клуб, у 1970 грамадскі клуб «Сакавік») і Манчэстэры (1954). У Польшчы ў мэтах каардынацыі нац. і культ. жыцця беларусаў у 1956 было засн. Беларускае грамадска-культурнае таварыства, культ.-асв. работу вядуць бел. літ.-маст. аб’яднанне «Белавежа», Беларускае аб’яднанне студэнтаў, Брацтва правасл. моладзі, Рада культуры студэнтаў бел. нацыянальнасці пры Згуртаванні польскіх студэнтаў і інш. Рэгіянальны асяродак бел. культуры ствараецца ў Гайнаўцы, цэнтрам якога стаў Гайнаўскі музей помнікаў беларускай культуры. У Аўстраліі цэнтры грамадска-культ. жыцця сфарміраваліся ў Адэлаідзе, Брысбене, Мельбурне, Перце, Сіднеі. Значную работу праводзяць Беларускае аб’яднанне ў Аўстраліі, Бел. аб’яднанне ў Зах. Аўстраліі, Бел. культ.-грамадскі клуб у Феерфілдзе і інш., дзейнасць якіх каардынуе Федэральная рада беларускіх арганізацый. У Аргенціне ў 1948—57 дзейнічала Згуртаванне беларусаў Аргенціны. З 1960-х г. арг-цыі бел. эміграцыі паступова страцілі сваю нац. адметнасць: Федэрацыя бел. арг-цый далучылася да Славянскага саюза Аргенціны, замест ранейшых бел. т-ваў склаўся шэраг клубаў. З 1984 дзейнічае «Федэрацыя сав. грамадзян Аргенціны», куды ўвайшлі прадстаўнікі бел. дыяспары. У Іспаніі пры Цэнтры па вывучэнні краін Усходу (Мадрыд) у 1956 створана бел. секцыя пад кіраўніцтвам Я.​Сурвілы, які таксама ўзначальваў Бел. акадэміцкае згуртаванне (засн. ў 1952). Для супрацоўніцтва былі запрошаны бел. навукоўцы, якія друкаваліся ў ісп. час. «Oriente» («Усход»). У 1952 пры Цэнтры абмену еўрап. культуры засн. Інстытут беларусаведы імя Льва Сапегі ў Мадрыдзе, які прапагандуе веды пра Беларусь сярод народаў Іспаніі і Зах. Еўропы. У рэспубліках СССР (пасля 1991 — незалежных дзяржавах) культ.-асв. суполкі, згуртаванні з’явіліся ў асн. ў канцы 1980-х г., сярод іх Т-ва бел. культуры імя Ф.​Скарыны (Масква, 1988), «Світанак» (Рыга, 1988), Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў С.-Пецярбургу, Згуртаванне беларусаў у Кохтла-Ярве (Эстонія, з 1991 наз. Беларуска-эстонскае згуртаванне ў г. Йыхві), Аб’яднанне бел. мастакоў краін Балтыі «Маю гонар» (1991), Бел. культ. цэнтр «Світанак» (Ташкент) і інш. Гл. таксама Беларускія культурныя згуртаванні і раздзел пра бел. дыяспару ў арт. Казахстан, Латвія, Літва, Малдова, Расія, Узбекістан, Украіна, Эстонія, Аргенціна, Аўстралія, Аўстрыя, Балгарыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Іспанія, Канада, Польшча, Францыя і інш.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ РАБО́ТНІК ГА́НДЛЮ І ГРАМА́ДСКАГА ХАРЧАВА́ННЯ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР,

ганаровае званне, якое прысвойвалася высокакваліфікаваным работнікам гандлю і грамадскага харчавання за працу ў сістэме дзярж. і каап. гандлю не менш за 10 гадоў, за асаблівыя дасягненні ў развіцці гандлю і грамадскага харчавання і ў паляпшэнні гандл. абслугоўвання насельніцтва. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 7.2.1966, прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР. Існавала да 23.11.1988.

Заслужаныя работнікі гандлю і грамадскага харчавання Беларускай ССР

1966. А.​Ф.​Анішчанка, І.​П.​Ахрэмчык, В.​А.​Балотнікава, М.​З.​Барада, В.​П.​Барыс, Б.​І.​Барысевіч, М.​І.​Борухава, М.​П.​Валодзін, Ф.​Ф.​Валодзін, Л.​І.​Варшаўская, П.​Ф.​Волкаў, М.​К.​Вялюга, І.​Б.​Герко, Н.​А.​Гранькова, У.​К.​Гушча, М.​Ф.​Дзямідава, Л.​І.​Драздоўская, Г.​Е.​Дубіцкая, Г.​Р.​Дудко, П.​Г.​Іванова, З.​В.​Кліміценка, А.​І.​Коўчур, Н.​К.​Красоўская, Д.​В.​Кудзь, І.​І.​Кулькоў, Я.​П.​Ляхаў, М.​Я.​Махаёва, М.​К.​Мацукевіч, А.​Я.​Мелкаступаў, М.​Р.​Міхайлаў-Грыцаў, Л.​І.​Наркевіч, Г.​І.​Перык, Р.​І.​Прэпесць, Ф.​Дз.​Ропат, В.​Ц.​Скарабагатая, Я.​І.​Суслава, І.​В.​Талочка, І.​А.​Тапырык, С.​Дз.​Чухловін, В.​М.​Чыжонак, І.​А.​Чычэрын, А.​С.​Шаўроў, І.​А.​Шымановіч.

1967. В.​А.​Асіпок, А.​Х.​Аўсеенка, Л.​П.​Барвінак, В.​К.​Зверава, І.​І.​Калеснікаў, М.​П.​Карташова, В.​Ф.​Конаш, Я.​Е.​Крэз, С.​Б.​Лембрыкаў, Н.​С.​Семянюк, А.​А.​Трацэўская.

1968. А.​Р.​Арастовіч, М.​М.​Багдановіч, З.​С.​Бадрова, Н.​А.​Балотнікава, Н.​М.​Бірукова, А.​М.​Бычкоў, Т.​І.​Вадаходава, Б.​Р.​Гельфанд, Л.​Ф.​Голубева, П.​І.​Гурына, Е.​А.​Забродская, В.​А.​Задала, М.​П.​Ігнацьева, В.​М.​Калур, Х.​Е.​Камінская, Т.​С.​Каськовіч, П.​І.​Катаводаў, І.​А.​Крамарэнка, М.​А.​Краўцова, Л.​М.​Кротаў, Л.​Е.​Кручкова, З.​М.​Кузняцова, В.​М.​Кунцэвіч, К.​Л.​Ластоўскі, Г.​А.​Лукашэвіч, Г.​С.​Мазько, Г.​С.​Мірановіч, Л.​М.​Новікава, А.​Д.​Падаляк, Н.​Г.​Парфянкова, Л.​С.​Паўроз, І.​М.​Піліпейка, М.​Ф.​Ружанцова, Н.​С.​Саракалетава, В.​І.​Свірыдо, В.​К.​Сцепаненка, А.​В.​Тоўкань. М.​А.​Хартонік, А.​І.​Хромава, Н.​А.​Шандрыгіна, М.​М.​Шастакова, А.​Дз.​Шубіч, Я.​Ц.​Шылаў.

1969. І.​Я.​Бутрым, А.​І.​Паліўкіна, К.​І.​Палкіна, В.​Д.​Стрэж, Г.​П.​Сценнік, М.​Я.​Шведава, Г.​Д.​Якавенка.

1970. Т.​П.​Абабкава, В.​А.​Бярозка, Н.​І.​Гутарава, М.​М.​Данілевіч, З.​П.​Кладкевіч, М.​Я.​Кудзінаў, З.​Л.​Ліхавідава. Н.​М.​Майдзецкая, В.​М.​Мяховіч, В.​А.​Папуша, Я.​К.​Станішэўская, К.​С.​Сыраквашына, В.​М.​Уласюк, К.​Д.​Шэлегава.

1971. С.​Ф.​Ажахоўская, З.​Г.​Балашова, Л.​В.​Бутраменка, В.​М.​Воранаў, В.​Ф.​Галубко, А.​А.​Грузінаў, Н.​Дз.​Грыгарэўская, Т.​Ф.​Дзевятуха, А.​І.​Зарэцкая, У.​М.​Манаева, Е.​І.​Маслакова, С.​С.​Самахвал, К.​І.​Сапяжынская, К.​І.​Сіднякова, Н.​І.​Сусько, Н.​С.​Цішкевіч, В.​К.​Шаранкоў, М.​С.​Шумская, Т.​П.​Юркова, Н.​С.​Яжэлева.

1973. А.​Ф.​Багданава, К.​Ц.​Біліеўская, А.​А.​Гладкая, І.​П.​Дзікун, Я.​В.​Крыштаповіч, Н.​Р.​Патройная, Л.​С.​Сарнова, А.​Дз.​Хадасок, М.​П.​Чартарыцкі.

1974. Ф.​І.​Балашова, К.​Я.​Гаўрыленка, В.​К.​Здановіч, Т.​Я.​Камісарава, Я.​М.​Мананкін, В.​Дз.​Міхальчук, Г.​Р.​Навіцкая, Л.​М.​Федаракова.

1975. В.​А.​Асмалоўская, А.​А.​Бажкоў, Н.​І.​Вярстак, І.​С.​Гарбузоў, Н.​Н.​Клімко, В.​А.​Кур’ян, Л.​Ф.​Ладуцька, В.​А.​Майсеенка, С.​Ф.​Масюцін, Л.​Ф.​Петрачкова, Л.​І.​Пракапенка, З.​І.​Прыступіна, А.​А.​Суслаў, К.​Р.​Удавенка, В.​М.​Шарыкава.

1976. В.​Л.​Алейчык, В.​Ф.​Еўтухоў, І.​І.​Ігошын, Р.​В.​Кузьміна, М.​І.​Лахтычкіна, І.​П.​Ляўковіч, К.​С.​Пашук, Я.​С.​Серая, Г.​А.​Сухій, В.​В.​Чарнякова.

1977. В.​Ф.​Ачыновіч, В.​П.​Бальшакоў, Л.​А.​Вашчук, В.​В.​Кабачэўская, І.​М.​Калтовіч, А.​А.​Кардаш, С.​Дз.​Карпеня, Э.​І.​Кудасава, Т.​М.​Кузьменка, Н.​М.​Мацуганаў, Л.​В.​Міхневіч, Н.​М.​Навіцкая, Я.​М.​Новік.

1978. Г.​М.​Ананчанка, З.​М.​Баравік, М.​У.​Галенка, А.​А.​Гласко, Г.​П.​Дзегцярова, П.​В.​Зюськевіч, В.​М.​Клімава, В.​С.​Лабажэвіч, З.​К.​Матняк, С.​Ц.​Пашчасцьеў, Р.​Б.​Рапапорт, Е.​У.​Рубцова, Т.​І.​Руднік, Г.​І.​Свідэрская, Ф.​А.​Цімкаева, М.​В.​Цярэшанкава, Л.​А.​Чыжова.

1979. Г.​М.​Бяляўская, М.​А.​Вакульчык, Н.​Е.​Варэнік, Н.​А.​Васілеўская, А.​Т.​Грыбалёва, Р.​Ф.​Даргель, Л.​М.​Емельяновіч, М.​І.​Крыўцоў, А.​С.​Курыленка, Л.​І.​Машталеж, А.​С.​Пархімовіч, К.​Б.​Пархоц, М.​В.​Сіроцін, Г.​П.​Стагурава.

1980. Г.​Д.​Багнюк, В.​А.​Зянько, А.​І.​Корабава, М.​П.​Малочка, Р.​Ц.​Малочка, Г.​Ц.​Петракова, І.​Е.​Сталівоненка, А.​М.​Сыты, А.​Л.​Шатохіна, М.​М.​Якубоўскі.

1981. Л.​С.​Зульцбург, А.​Ф.​Іваннікаў, Н.​І.​Казлоўская, С.​Ю.​Каравайка, К.​І.​Карчэня. Г.​І.​Кукарэка, Г.​П.​Латышава, Г.​І.​Марчанка, Н.​Я.​Матвеева, З.​І.​Пуцікава, І.​В.​Стукава, М.​А.​Хмель, М.​А.​Храбрая, Т.​Ф.​Царыкава, І.​В.​Шкляннік.

1982. Т.​К.​Афанасенка, Ю.​А.​Васільева, Г.​К.​Дзеньшчыкова, Л.​М.​Селівончык, Л.​В.​Шыханцова, У.​Я.​Дзмітрычэнка.

1985. Т.​Ф.​Бурая, М.​С.​Віннік, Н.​М.​Вітко, Р.​А.​Гмыза, М.​Р.​Голуб, І.​Ф.​Гурыновіч, П.​Ф.​Гуркоў, А.​М.​Драбышэўская, З.​Г.​Кацюба, В.​У.​Кучанкова, Н.​І.​Серада, А.​М.​Цевашова, М.​М.​Фіцнер, Л.​Я.​Худзеева, Т.​М.​Цэбрук.

1987. Л.​Е.​Матвеева.

1988. Л.​Б.​Андрэева, Г.​А.​Вадарацкая, М.​В.​Мірончыкаў, Я.​Ф.​Пляўкова. Н.​І.​Сахарчук, Я.​І.​Свірыд.

т. 6, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦТВА,

духоўна-творчае адлюстраванне і пераўтварэнне быцця ў вобразах і сімвалах, якія ацэньваюцца паводле эстэт. катэгорый прыгожага і агіднага, узнёслага і нізкага, трагічнага і камічнага, этычных катэгорый дабра і зла, сінтэтычных паняццяў пазнання (маст. праўда, фальш, амбівалентнасць). Ў сістэме мастацкай культуры займае цэнтр. месца, у культуры як універсальнай дзейнасці грамадства з’яўляецца сярэднім, злучальным звяном паміж вытв-сцю і пазнаннем, навукай і мараллю, філасофіяй і верай. У шырокім навук. сэнсе паняцце М. ахоплівае ўсе віды і жанры маст. творчасці — ад літаратуры і музыкі да архітэктуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; у вузкім сэнсе гэтым паняццем часта абазначаюць толькі выяўл. віды творчасці або з агульнай сістэмы М. вылучаюць л-ру ў вызначэннях тыпу «літаратура і мастацтва». М. даследуецца эстэтыкай, мастацтвазнаўствам.

Паводле шырокай гіст. тыпалогіі вылучаюцца тры стадыі развіцця сусв. М.: шматвяковы перыяд першапачатковага сінкрэтызму (мастацтва ў сістэме этн. культуры), эпоха класічнага росквіту (маст. класіка), позні перыяд разгалінаванай спецыялізацыі, у рамках якога ўзнікаюць тэндэнцыі да рэдукцыі і спрашчэння класічных тыпаў творчасці, выцяснення іх масавымі і электронна-тэхн. відамі маст. культуры. Гэтыя працэсы, як правіла, асінхронныя ў розных рэгіёнах і нац. культурах. Як і інш. формы культуры, М. здольнае ў спрыяльных гіст. і этнакульт. умовах адраджаць сваю класічную спадчыну, уключаць яе ў кантэкст сучаснасці.

Марфалогія М., г.зн. яго разгалінаванне на віды. роды і жанры, складвалася паступова на працягу гіст. развіцця. Вобразная сістэма ўсіх відаў і жанраў М. двухмерная, існуе ў часе і прасторы. Пры вызначэнні суадносін маст. часу і маст. прасторы ўлічваюць падзел усіх М. на аднародныя і неаднародныя (сінкрэтычныя на ранніх і сінтэзаваныя на позніх стадыях развіцця). З улікам перавагі прасторы або часу аднародныя М. падзяляюцца на прасторавыя (архітэктура, выяўл., дэкар.прыкладное, садова-паркавае М.), ча́савыя (л-ра, музыка, красамоўства) і комплексныя, прасторава-часавыя (акцёрскае і харэаграфічнае М.). Маст. сінкрэтызм фальклору, інш. ранніх форм маст. культуры — гэта першаснае адзінства яшчэ не вылучаных у самастойныя віды М. (наяўнасць паэзіі, музыкі, элементаў тэатра і харэаграфіі ў абрадавым фальклоры), а маст. сінтэз — вынік узаемадзеяння і спалучэння развітых аднародных М, напр., драматургіі, акцёрскага, выяўл., муз. і дэкар.-прыкладнога М. ў драм. тэатры, оперы, балеце, кінематографе, тэлебачанні. Усе неаднародныя М. адносяцца да тыпу прасторава-часавых. Спецыфічнае для кожнага віду М. і гіст. тыпу маст. культуры адзінства часу і прасторы стварае іх хранатопы: пластычная дамінанта і слабая канкрэтызацыя часу, характэрныя для стараж., асабліва ант. тыпаў культуры. Арыентацыя на архетыпы і спрадвечнасць — прыкметы сярэдневяковага М.; аднак тады ж у хрысц. свядомасці спасцігаліся духоўная каштоўнасць асобы і непаўторнасць кожнай падзеі, гэта адкрыццё выявілася ў летапіснасці хрысц. л-ры, інш. відаў М. Рамантычнае і рэалістычнае М. арыентуецца на канкрэтна-гіст. хранатоп, разам з тым дазваляе творцу спалучаць рэальныя і сімвалічныя прасторы, мінулыя і сучасныя падзеі.

У фундаментальных «Лекцыях па эстэтыцы» Г.​Гегель даказаў, што ўсе вядомыя сусв. цывілізацыі і культ.-гіст. тыпы маюць свае эстэт. дамінанты і адпаведныя ім дамінуючыя віды М., якія вызначаюць агульную інтанацыю і змястоўную структуру маст. культуры пэўнай эпохі — арх. сімвалізм Стараж. Усходу, скульпт. пластычнасць ант. М., муз.-паэт. рамантызм хрысц. цывілізацыі. Неадназначнае М. розных эпох і маст. кірункаў паводле сваіх мэт і грамадскіх функцый. Ант. маст. культура адкрыла пластычную прыгажосць быцця і чалавека як вяршыні яго, арыентавалася на гармонію, меру і адпаведную ім сістэму маральна-эстэт. выхавання, пазначаную паняццямі калакагатыя і катарсіс. Сярэдневяковае хрысц. М. перанесла акцэнты на ўзнёслую красу духоўных сутнасцей. Эпоха гуманіст. Адраджэння здолела сінтэзаваць ант. гармонію і меру з хрысц. духоўнасцю, арыентавалася на эстэтыка-пазнавальную функцыю М. Для культуры барока характэрна перавага маст. штучнасці і дасціпнасці над класічнай натуральнасцю. Сацыяльна-выхаваўчая функцыя. прыярытэт грамадз. абавязку над асабістымі пачуццямі — эстэт. імператывы класіцызму і асветніцкага М. Рамантызм адкрыў каштоўнасць індывідуальнасці, непаўторнасць душэўнага жыцця асобы, духоўную самабытнасць народаў. Крытычны рэалізм арыентуецца на сацыяльна-пераўтваральную) функцыю М. Нарматыўная эстэтыка сацыяліст. рэалізму стала пралетарска-класавай трансфармацыяй класіцызму, сцвярджала прыярытэт партыйна-дзярж. дыктатуры. Урэшце, мадэрнізм парадаксальна спалучае эстэтызм і адмову ад сац. функцый М. з арыентацыяй на тэхн. утылітарызм (творчасць і эстэтыка К.С.Малевіча). Постмадэрнізм адмаўляецца ад класічнай маст. традыцыі. хрысц. гуманіст. маралі, арыентуецца на геданізм, анархізм і абездухоўлены гратэск.

Бел. маст. традыцыя складвалася на працягу тысячагадовай хрысц. цывілізацыі на прасторы ўсх.-слав. і цэнтральнаеўрап. макрарэгіёнаў. У рамках этн. культуры тут сфарміраваліся нар.-паэт. міфалогія, абрады і фальклор, інш. віды маст. творчасці. У эпоху сярэднявечча развіваліся прафес. М. — архітэктура (полацкая і гродзенская школы дойлідства), л-ра і красамоўства (творчасць Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча, Грыгорыя Цамблака і інш.), ствараліся летапісы і хронікі, захаваліся шэдэўры царк. жывапісу (фрэскі Полацкага Сафійскага сабора, інш. храмаў), графікі (рукапісныя кнігі), помнікі замкавай архітэктуры. Эпоха гуманіст. Адраджэння дала Беларусі кнігадрукаванне (асветніцкая дзейнасць Ф.​Скарыны і яго паслядоўнікаў), стымулявала развіццё свецкай л-ры (шматстылявая старабел. мова, юрыд. і навук. л-ра, новалац. паэзія М.​Гусоўскага, Я.​Вісліцкага, сілабічная паэзія і аратарская проза Сімяона Полацкага), публіцыстыкі (палемічная і мемуарная л-ра). Захаваліся шматлікія помнікі царк. і палацава-замкавай архітэктуры ў стылі готыкі і рэнесансу. У 2-й пал. 17—18 ст. склалася школа бел. барока і класіцызму ў архітэктуры, садова-паркавым М., школьным і прыватных тэатрах, свецкай музыцы і харэаграфіі. Пасля страты бел. мовай дзярж. статуса (канец 17 ст.) і падзелаў Рэчы Паспалітай (1772—95) л-ра, навука, тэатр. М. развіваліся пераважна на польскай, лац. і рус. мовах, якія паўплывалі на станаўленне новай бел. л-ры ў 19 ст. (творчасць П.​Багрыма, ананімная л-ра, Я.​Чачот, Я.​Баршчэўскі і інш.). Станаўленне бел. класічнай л-ры, тэатра, інш. відаў прафес. М. адбывалася ў перыяд Адраджэння нацыянальнага.

Літ.:

Гегель Г. Эстетика: Пер. с нем. Т. 1—4. М., 1968—73;

Каган М.С. Морфология искусства. Л., 1972;

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;

Яго ж. Славянская міфалогія ў кантэксце беларускай культуры // Мастацтва. 1998. № 4, 6—8, 10—12;

Крюковский Н.И. Логика красоты. Мн., 1965.

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́Ў,

горад, цэнтр Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р.Віхра. За 95 км ад Магілёва, 19 км ад чыг. ст. Ходасы на лініі Орша—Крычаў. Вузел аўтадарог на Магілёў, Горкі, Крычаў, Чавусы, Хіславічы. 12,5 тыс. ж. (1998).

Першыя звесткі пра М. звязаны з граматай кн. Расціслава Смаленскага, якая датуецца 1136—50. У Іпацьеўскім летапісе названы пад 1156 як горад Смаленскай зямлі. Заснавальнікам М. лічаць кн. Давыда Расціславіча. З 1180 цэнтр удзельнага Мсціслаўскага княства. У 14—18 ст. у М. існаваў Мсціслаўскі замак. У 13—1-й пал. 14 ст. М. у Смаленскім княстве. У розны час належаў Сямёну Лугвену (гл. Мсціслаўскія), які каля 1380 заснаваў тут Мсціслаўскі пустынскі Успенскі манастыр, Жыгімонту II Аўгусту. З 1528 цэнтр староства Віленскага ваяв., пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 цэнтр Мсціслаўскага ваяводства. У 1-й пал. 17 ст. заснаваны Мсціслаўскі езуіцкі калегіум, у 1634 горад атрымаў магдэбургскае права і герб (у блакітным полі шчыт і рука з мячом). У 1620—1832 у М. існаваў Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 адбыліся Мсціслава абарона 1654 і Мсціслава абарона 1659. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі, у 1772—76 цэнтр Мсціслаўскай правінцыі. З 1773 цэнтр Мсціслаўскага павета Магілёўскай губ., у 1781 атрымаў новы герб (у сярэбраным полі чырвоны ліс). З 1796 — у Беларускай губ., з 1802 зноў у Магілёўскай губ. У 1785 у М. 2,8 тыс. ж., 502 двары. З 1808 дзейнічала Мсціслаўская суконная мануфактура, у 1816—84 — Мсціслаўская талесная мануфактура. У 1861 у горадзе больш за 6 тыс. ж., дзейнічалі 2 плісавыя мануфактуры, ф-ка баваўняных тканін, гарбарны, вапнавы і цагельны з-ды, крупадзёрка, маслабойня. У 1897 у М. 8514 ж., гар., духоўнае і прыходскае вучылішчы, 17 дробных прадпрыемстваў, 3 бальніцы. У 12—19 ст. буйны цэнтр ганчарных вырабаў і арх.-дэкар. керамікі (гл. Мсціслаўская кафля, Мсціслаўская кераміка). На пач. 20 ст. ў горадзе 1048 жылых будынкаў, у т. л. мураваных, жаночая і мужчынская гімназіі, 2 б-кі, друкарня, 3 манастыры, 3 царквы, касцёл, сінагога, 10 малітоўных дамоў, бальніца, аптэка. З 1915 дзейнічаў Мсціслаўскі царкоўна-археалагічны музей. У 1919—24 у складзе Смаленскай губ. РСФСР, цэнтр павета. У 1921 працаваў педтэхнікум. З 1924 у БССР, цэнтр Мсціслаўскага раёна ў Калінінскай, у 1927—30 — Аршанскай акругах. З 1938 у Магілёўскай вобл. У 1927—8,1 тыс. ж. З 14.7.1941 да 28.9.1943 акупіраваны ням. фашыстамі; на тэр. горада існаваў лагер смерці, у якім закатавана 900 чалавек. У 1959—8,1 тыс. жыхароў.

Стараж. М. складаўся з дзядзінца, умацаванага ровам і валамі, і вакольнага горада, абнесенага ў 13 ст. 2-й лініяй умацаванняў з боку плато. На Пн, ПнУ і ПнЗ размяшчаўся пасад (цяпер у раёне вуліц Піянерскай і Заслонава) і пераправа — пачатак стараж. шляху з М. на Смаленск. Рэльеф і сляды стараж. тапанімікі сведчаць, што пасад распасціраўся таксама ўверх і ўніз па рацэ і каля падножжа Троіцка-Нікольскай, Дзявочай і Панівойскай гор (цяпер у раёне вуліц Акцябрскай, Рэспубліканскай, Пушкіна). Арх. аблічча М. вызначалася дамінантамі драўлянага комплексу замка з Нікольскім храмам у цэнтры, мноствам драўляных і мураваных цэркваў, касцёлаў, кляштараў, абарончымі сценамі і вежамі пасада. Ад замка да 4 уязных драўляных брам — Траецкай, Афанасьеўскай, Спаскай і Папоўскай — радыяльна адыходзілі вуліцы. Ніжняя частка М. ўздоўж р. Віхра (Падол) мела нерэгулярную забудову. У 17 — пач. 20 ст. ў М. існаваў Мсціслаўскі Тупічэўскі манастыр. У 17—18 ст. пабудаваны мураваныя кляштары: кармелітаў (гл. Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў). езуітаў (гл. Мсціслаўскі езуіцкі калегіум), бернардзінцаў. У 1778 зацверджаны рэгулярны план М., які вызначаў прамавугольную планіроўку і сістэму плошчаў. Пабудаваны драўляны палац (згарэў у 1858), на цэнтр. плошчы створаны бульвар. У вайну 1812 горад разбураны М. шмат пацярпеў ад пажараў, асабліва ў 1858 (згарэў амаль увесь гар. цэнтр). Захавалася гіст. планіроўка горада, цяпер горад развіваецца ўздоўж р.Віхра ў паўн. напрамку Яго генпланы распрацаваны ў 1961, 1977, карэкціроўка ў 1987. Арх.-планіровачная структура М. — прамавугольная сетка вуліц у цэнтр. частцы і свабодная забудова ў перыферыйных раёнах. Гал. вось — вул. Ленінская (з ПнЗ на ПдУ, забудавана 2—3-павярховымі жылымі дамамі) з паркамі. У арх.-планіровачную кампазіцыю ўваходзяць помнікі архітэктуры 17—19 ст. — Мсціслаўская царква Аляксандра Неўскага, Спаса-Праабражэнская царква, будынкі б. земскай управы, мужчынскай гімназіі, а таксама гіст. зоны — Траецкая, Замкавая, Дзявочая горы. Захаваліся таксама жылыя драўляныя дамы традыц. архітэктуры, характэрныя для рэгіёна гасп. пабудовы, малыя арх. формы і інш. Цэнтр частка горада забудавана 2—5-павярховымі жылымі дамамі. Новыя шматпавярховыя дамы будуюцца на свабодных тэрыторыях уздоўж Магілёўскай шашы. Паводле праекта рэгенерацыі гіст. цэнтра М. 1985 прадугледжана захаванне гіст. рэгулярнай планіровачнай структуры цэнтр. часткі забудовы, яе далейшая рэканструкцыя, аднаўленне і рэстаўрацыя; дапаўненне гіст. забудовы ў межах цэнтра новай, малапавярховай (не вышэй як 3 паверхі), кампазіцыйна, маштабна і функцыянальна адпаведнай; арг-цыя пешаходных вуліц і зон; захаванне гіст. пераемнасці ў арх.-прасторавай арганізацыі цэнтра і будове яго сілуэта з дамінантамі — помнікамі архітэктуры 18—19 ст. і інш.

Масласырзавод, хлебазавод, асфальтавы з-д і інш. 2 прафес.-тэхн. вучылішчы, Мсціслаўскі гісторыка-археалагічны музей. Мемар. комплекс землякам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну, помнік П.Ц.Мсціслаўцу. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Мсціслаўская царква Аляксандра Неўскага, Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў, Мсціслаўскі Тупічэўскі манастыр, Спаса-Праабражэнская царква (19 ст.), грамадскія будынкі канца 19 — пач. 20 ст. Помнікі археалогіі: 2 гарадзішчы, вакольны горад.

Літ.:

Ясинский О.А., Гасенков В.Л. Мстиславль: Ист.-экон. очерк. Мн., 1975;

Караткевіч У. Мсціслаў=Мстиславль: Эсэ пра гісторыю і людзей адной зямлі. Мн., 1985;

Ткачоў М.А., Трусаў А.А. Старажытны Мсціслаў. Мн., 1992.

М.​Б.​Батвіннік (гісторыя), С.​Ф.​Самбук (архітэктура).

Мсціслаў. Будынак былой мужчынскай гімназіі. 1908.
Да арт. Мсціслаў. Будынкі аптэкі, гар. вучылішча, жаночай гімназіі. Пач. 20 ст.
У цэнтры Мсціслава.
Мсціслаў. Фрагмент сучаснай забудовы.

т. 10, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕСЦІ́НА,

гістарычная вобласць у Зах. (Пярэдняй) Азіі, на ўсх. узбярэжжы Міжземнага мора.

Тэр. П. заселена чалавекам з палеаліту і з’яўляецца адным з асяродкаў стараж. земляробства. Першым дакладна вядомым насельніцтвам П. былі ханаанеі (3—2-е тыс. да н.э.), якія стварылі шэраг гарадоў-дзяржаў, у т. л. Іерыхон. Рэлігія ханаанеяў зрабіла моцны ўплыў на іудаізм, а праз яго — на хрысціянства і іслам. У розныя часы П. ўваходзіла ў склад вял. дзяржаў стараж. свету. З канца 3-га тыс. да н.э. яна апынулася пад кантролем Егіпта. У 2-м тыс. да н.э. сюды ўрываліся амарэі, хеты, хурыты. У 13 ст. да н.э. значная ч. тэр. П. заваявана плямёнамі яўрэяў, частка — філістымлянамі (адсюль назва краіны). Каля 1000 да н.э. цар яўрэяў Давід перамог філістымлян і заснаваў Ізраільска-Іудзейскае царства, якое дасягнула найб. магутнасці пры яго сыне Саламоне. Пасля смерці Саламона ў 922 да н.э. адзіная дзяржава распалася на Ізраільскае царства на Пн і Іудзейскае царства на Пд П. У 722 да н.э. Асірыя знішчыла Ізраільскае царства, у 586 Вавілон — Іудзейскае. У 539—333 да н.э. П. ўваходзіла ў склад Ахеменідаў дзяржавы, у 4—2 ст. да н.э. — дзяржаў Аляксандра Македонскага, Пталамеяў і Селеўкідаў.

У сярэдзіне 2 ст. да н.э. ў выніку паўстання яўрэяў на чале з Макавеямі створана Нова-Ізраільскае царства. З канца 1 ст. да н.э. П. ў складзе Рымскай, з 4 ст. н.э. — Візантыйскай імперый. У 7 ст. заваявана арабамі, у 11 ст. — крыжакамі, у канцы 12 ст. — егіпецкімі султанамі. З 1516 у складзе Асманскай імперыі. У 1-ю сусв. вайну акупіравана брыт. войскамі (1917). У 1922—48 падмандатная тэр. Вялікабрытаніі, у гэты час адбывалася масавая іміграцыя ў П. яўрэяў з дыяспары, якія ставілі мэтай стварэнне яўр. дзяржавы. 29.11.1947 Ген. асамблея ААН прыняла рэзалюцыю пра скасаванне брыт. мандата на П. і стварэнне там 2 дзяржаў: арабскай і яўрэйскай. 14.5.1948 створана дзяржава Ізраіль. У выніку араба-ізраільскай вайны 1948—49 Ізраіль далучыў да сваёй тэрыторыі б.ч. зямель, прызначаных для араб. дзяржавы, адтуль выгнана каля 800 тыс. арабаў. Заходні бераг ракі Іардан быў уключаны ў склад Іарданіі, а сектар Газы апынуўся пад кантролем Егіпта. У 1967 Ізраіль акупіраваў Зах. бераг р. Іардан і сектар Газы. Барацьбу супраць ізраільскай акупацыі ўзначаліла Арганізацыя вызвалення Палесціны (АВП), якая была прызнана ААН як адзіны прадстаўнік інтарэсаў палесцінскага араб. народа. 31.7.1988 Іарданія адмовілася ад прэтэнзій на Зах. бераг р. Іардан. 15.11.1988 Нац. савет П. (палесцінскі парламент у выгнанні) абвясціў пра стварэнне на акупіраваных у 1967 Ізраілем тэр. дзяржавы П., прэзідэнтам якой у сак. 1989 абраны Я.Арафат. У вер. 1993 прадстаўнікі АВП і Ізраіля падпісалі сумесную Дэкларацыю аб прынцыпах самакіравання палесцінцаў. Паводле Каірскага пагаднення ў маі 1994 створана Палесцінская аўтаномія. У ліст.—снежні 1995 Ізраіль вывеў свае войскі з б.ч. араб. населеных пунктаў, але дагэтуль працягвае акупацыю ​3/4 тэр. Зах. берага. У студз. 1996 адбыліся выбары ў Палесцінскі заканад. савет, кіраўніком Палесцінскай адміністрацыі абраны Арафат. Вядуцца перагаворы пра далейшае палесціна-ізраільскае ўрэгуляванне.

Першыя помнікі мастацтва П. вядомы з эпохі мезаліту. У 7—6-м тыс. да н.э. развівалася мастацтва Іерыхона. Ад 5-га тыс. да н.э. захавалася кераміка з гравіраваным або размаляваным геам. арнаментам. Да 4-га тыс. да н.э. адносяцца рэшткі т.зв. апсідальных жытлаў гарадзішчаў у Бейсане, Мегіда (Тэль-эль-Мутэселім), падземных жытлаў у раёне Беершэбы, размаляваная і глянцаваная (чырвоная і шэрая) кераміка, статуэткі са слановай косці, ювелірныя вырабы, насценныя размалёўкі ў будынках Тэлейлат-Гасула. У 3—2-м тыс. да н.э. развіваліся паселішчы гар. тыпу з абарончымі пабудовамі з каменю ці цэглы-сырцу (планіроўкай блізкія да сірыйскіх і фінікійскіх каменных храмаў), з водаправоднымі тунэлямі: Іерусалім, Іерыхон, Бейсан, Мегіда, Лахіш (Тэль-эд-Дувейр). Захаваліся рэльефы, скульптура, дробная пластыка, зааморфныя керамічныя пасудзіны. У 2-й пал. 10—6 ст. да н.э. пашырыліся культавае буд-ва (храм Саламона ў Іерусаліме, 10 ст. да н.э., не захаваўся), гліптыка (пячаткі з зааморфнымі выявамі і інш.). З эліністычнага і рым. перыяду вядомы грабніцы з размалёўкамі ў пахавальных памяшканнях (у Марысе і інш.), рэшткі храмаў (Дыяніса ў Бейсане і інш.), т-раў (у Бейсане, Цэзарэі), акведукаў, жылых дамоў, часта ўпрыгожаных мазаікамі і скульптурай, мармуровыя саркафагі з надмагільнымі бюстамі і рэльефамі. У 2—4 ст. н.э. будавалі сінагогі, якія спалучалі рысы мясцовай, рым. і сірыйскай архітэктуры [сінагога ў Капернауме (Кфар-Нахуме) і інш.]. Ад візант. часу захаваліся базілікі, манастыры, храмы, умацаванні. З 7 ст. арабы прыўнеслі новыя тыпы будынкаў: мячэці, медрэсэ і інш. (мячэці Кубат ас-Сахра і аль-Акса ў Іерусаліме, замак-рэзідэнцыя Хірбет аль-Мафджар). У 11—13 ст. будаваліся пераважна замкі і крэпасці крыжаносцаў (у Цэзарэі і інш.). З арх. помнікаў 16—19 ст. вылучаюцца сінагога ў Сафедзе (сярэдзіна 16 ст.) і мячэць у Яфе (1810). З канца 19 ст. яўр. перасяленцы прынеслі ў культуру П. маст. традыцыі розных краін. Архітэктура развівалася ў духу эклектызму, пазней у рэчышчы зах.-еўрап. стыляў. У мастацтве пашырыўся т.зв. яўр. стыль (сюжэты з яўр. гісторыі і л-ры). У 1-й пал. 20 ст. прыток архітэктараў і мастакоў, якія атрымалі адукацыю ў розных краінах свету, абумовіў суіснаванне самых розных плыняў і кірункаў. У 2-й пал. 20 ст. пашырылася тэматыка нац. самавызначэння арабаў П. (Т. Абд аль-Аль, Т. аль-Акхаль, С.​Мансур, Н.​Сумі, У.​Тамары, І.​Шамут, М.​Хаграс і інш.). У традыц. нар. мастацтве пашыраны выраб касцюмаў з даматканай тканіны з вышыўкай і аплікацыяй, муз. інструментаў, твораў з керамікі, металу, шкла, перламутру, аліўкавага дрэва, ювелірныя вырабы. Гл. таксама ў арт. Іарданія, Ізраіль.

Літ.:

Бердников А.Ф., Сердюк Е.А. Современное искусство арабского народа Палестины. М., 1982.

У.​С.​Кошалеў (гісторыя).

Да арт. Палесціна. У.​Тамары. Жывыя карані. 1974.
Да арт. Палесціна. Н.​Сумі. Ліст з серыі «Сведчыць Тэль аз-Заатар». 1977.
Да арт. Палесціна. С.​Мансур. З палесцінскай спадчыны. 1978.

т. 11, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)