На Беларусі падземныя воды пашыраны ў водапранікальных пародах асадкавага чахла і масівах крышталічнага фундаменту. Паводле якасных паказчыкаў іх падзяляюць на прэсныя, мінеральныя, прамысловыя і тэрмальныя.
Прэсныя падземныя воды сканцэнтраваны пераважна ў верхніх ваданосных гарызонтах і комплексах Прыбалтыйскага, Прыпяцкага, Брэсцкага, Аршанскага артэзіянскіх басейнаў. Мінералізацыя прэсных падземных вод пераважна 0,3—0,5 г/дм3, пітных — да 1 г/дм3 (паводле ДАСТа). У іх хім. саставе пераважаюць гідракарбанаты, кальцый, магній, радзей сульфаты і натрый. Паводле ўмоў залягання прэсныя падземныя воды падзяляюцца на грунтавыя і артэзіянскія. Грунтавыя воды насычаюць пароды 1-га ад паверхні зямлі ваданоснага гарызонту і звычайна безнапорныя. Артэзіянскія воды насычаюць пароды 2-га, 3-га і ніжэй залягаючых ад зямной паверхні ваданосных гарызонтаў. Яны пераважна напорныя. Галоўная мэта здабычы прэсных падземных вод — гаспадарча-пітное водазабеспячэнне. На тэр. Беларусі разведана каля 250 радовішчаў прэсных падземных вод, іх эксплуатацыйныя запасы складаюць больш за 6 млн.м³/сут (прыкладна па 600 л на кожнага жыхара краіны). Эксплуатуюцца адзінкавымі свідравінамі (больш за 30 тыс.), групавымі водазаборамі, калодзежамі (у сельскай мясцовасці для ўласных патрэб насельніцтва, абсталяваны пераважна пад выкарыстанне грунтавых вод). На большай частцы тэрыторыі прэсныя падземныя воды добра ахаваны ад антрапагеннага ўздзеяння. За іх якасцю ажыццяўляецца пастаянны кантроль у межах дзярж. маніторынгу падземных вод.
Мінеральныя воды пашыраны ў многіх месцах краіны. Паводле іх іонна-салявога саставу вылучаюць гідракарбанатныя, сульфатныя (напр., «Рассветаўская»), хларыдныя (напр., «Мінская-4») і складанага саставу (гідракарбанатна-хларыдная, напр., «Брэсцкая»; гідракарбанатна-сульфатныя; сульфатна-хларыдныя, напр., «Усмешка», «Бярэзінская», «Барысаўская», «Бабруйская»; хларыдна-сульфатныя, напр., «Магілёўская»); паводле катыённага саставу — натрыевыя (напр., «Нарачанская», «Крынічка», «Дарыда») і кальцыевыя (напр., «Парэчча-1»). Паводле павышаных канцэнтрацый біялагічна актыўных кампанентаў вылучаюць мінеральныя воды серавадародныя, жалезістыя, радонавыя, бромныя, бромна-ёдныя, борныя, фторыстыя.
У гідракарбанатных водах з рознай камбінацыяй аніёнаў і катыёнаў, ускрытых у крышталічным фундаменце, павышаная колькасць радону (170—1480 Бк/дм3). Мінералізацыя вод да 2—3 г/дм3. Сульфатныя і складанага саставу мінеральныя воды пашыраны на значнай частцы тэр. краіны ў адкладах ад ардовіку і сілуру да юры. Характарызуюцца мінералізацыяй ад 4—6 г/дм3 да 25,8 г/дм3 і канцэнтрацыяй бору да 40 мг/дм3. Хларыдныя і складанага саставу мінеральныя воды пашыраны на ўсёй тэр. краіны, у пародах крышталічнага фундаменту, адкладах пратэразою, кембрыю, дэвону, пярмі, трыясу, юры. Паводле мінералізацыі падзяляюцца на воды малой мінералізацыі (да 10 г/дм3), сярэдняй (10—35 г/дм3) і расолы (35—70 г/дм3). У хларыдных водах рознай мінералізацыі павышаная канцэнтрацыя жалеза (да 20 мг/дм3), серавадароду (200—300 мг/дм3), брому (да 500 мг/дм3), ёду (да 3 мг/дм3), бору (да 20—25 мг/дм3), фтору (да 3,3 мг/дм3). На тэр. Беларусі адкрыта больш за 80 радовішчаў мінеральных вод, агульныя запасы якіх складаюць больш за 20 тыс.м³/сут. На іх базе функцыянуюць заводы па разліве мінеральных вод у гарадах Мінск, Брэст, Гомель, Магілёў, Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, г.п. Ушачы (Віцебская вобл.), пасёлках Ждановічы (Мінскі р-н), Парэчча (Гродзенскі р-н), в. Нарач (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.) і інш.; санаторыі «Аксакаўшчына», «Беларусь», «Дружба», «Крыніца» (Мінская вобл.), «Лётцы» (Віцебская вобл.), «Радон» (Гродзенская вобл.) і інш.; прафілакторыі і дамы адпачынку. Мінеральныя воды выкарыстоўваюць у якасці сталовых, лячэбна-сталовых і бальнеалагічных. На кожным радовішчы арганізаваны зоны санітарнага кантролю, вядуцца рэжымныя назіранні і кантроль хімічнага саставу.
Прамысловыя воды — гэта падземныя расолы з мінералізацыяй 320—460 г/дм3, у якіх ёсць шэраг каштоўных кампанентаў у прамысловых колькасцях. Такімі расоламі насычаны верхнепратэразойскія і дэвонскія адклады Прыпяцкага артэзіянскага басейна. Яны залягаюць на глыбінях 2000—4500 м і перакрыты дзвюма магутнымі водатрывалымі саляноснымі тоўшчамі, якія забяспечваюць утварэнне расолаў і іх захаванасць. Т-ра расолаў у прыродным заляганні 40—90 °C, што дае падставу адносіць іх да тэрмальных вод. Прагнозныя запасы прамысловых расолаў складаюць каля 35 тыс.м³/сут. Яны сканцэнтраваны ў 4 радовішчах, на 2 з якіх праведзены разведачныя работы і ацэнены эксплуатацыйныя запасы. Прамысловыя воды выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, медыцыне. На іх аснове наладжана доследная вытворчасць ёду і брому.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАБАТАНІЧНАЕ РАЯНАВАННЕ.
Беларусь знаходзіцца (паводле класіфікацыі Г.Вальтэра, 1974) на стыку 2 асноўных раслінных зон Еўропы: барэальнай — з перавагай хвойных і немаральнай — з перавагай лісцевых летнезялёных лясоў. Пераходная паласа паміж зонамі характарызуецца наяўнасцю ў роўнай ступені як заходнееўрапейскіх (немаральных), так і паўночных (барэальных) элементаў флоры. Месцазнаходжанне краіны ў геаграфічным цэнтры Еўропы абумоўлівае найб. актыўнае ўзаемапранікненне шыракалістых лістападных і таежных лясоў, што выяўляецца ў канцэнтраванай і асаблівай разнастайнасці раслінных супольніцтваў. Каля 40 відаў дрэў і хмызнякоў (бружмель звычайны, брызгліна еўрапейская, ядловец і інш.), 230 відаў травяністых раслін (багнаўка чорная, балотны мірт звычайны, гудаера паўзучая, жаўтазелі, пралеска высакародная і інш.) маюць на Беларусі мяжу арэала (напр., паўд. мяжа суцэльнага пашырэння елкі еўрапейскай і вольхі шэрай; паўн. мяжа грабу і берасту) або пашыраны лакальна. Кліматычныя і глебава-араграфічныя асаблівасці яе тэр. абумоўліваюць занальнасць расліннага покрыва, якое займае 19,34 млн.га (93,1% тэр. краіны). Прадстаўлена лясамі, у т. л. забалочанымі (7,84 млн.га, або 37,8%), хмызнякамі (0,73 млн.га, або 3,5%), лугамі (3,24 млн.га, або 15,6%), адкрытымі балотамі (0,93 млн.га, або 4,5%), воднымі (0,48 млн.га, або 2,3%), сегетальнымі, або паворыўнымі культурамі (5,76 млн.га, або 27,7%), і рудэральнымі, або сметнікавымі (0,36 млн.га, або 1,7%), супольніцтвамі.
Першае на Беларусі геабатанічнае раянаванне распрацавала В.С.Палянская (1929), якая вылучыла на ўсх. краіны 5 прыродных раёнаў. Лесараслінную апрацоўку гэтай тэр. з фітацэнатычным, экалагічным і занальна-кліматычным аналізам раёнаў зрабіў Юркевіч (1940). Раянаваннем лясоў займаліся таксама В.І.Пераход (1954) і М.І.Касцюкевіч (1954), лугоў — Е.А.Круганава (1968), балот — Н.Я.Кац (1971). Сучасную сетку геабатанічнага і лесарасліннага раянавання распрацавалі В.С.Гельтман і Юркевіч (1960, 1965, 1969, 1982).
За найважнейшы крытэрый прынята лясная расліннасць як найб. пашыраная і часова ўстойлівая. На гэтай аснове вылучаны 3 геабатанічныя падзоны: дубова-цемнахвойных падтаежных (шыракаліста-яловых) лясоў, грабава-дубова-цемнахвойных лясоў (ялова-грабавых дуброў) і шыракаліста-хваёвых лясоў (грабавых дуброў). У межах падзон вылучана 7 геабатанічных акруг; Заходне-Дзвінская, Ашмянска-Мінская, Аршанска-Магілёўская, Нёманска-Перадпалеская, Бярэзінска-Перадпалеская, Бугска-Палеская, Палеска-Прыдняпроўская. Акругі падзелены на 25 геабатанічных раёнаў (Гельтман, 1982).
Для кожнай таксанамічнай адзінкі характэрна свая асаблівая расліннасць. Паўн. геабатанічную падзону характарызуюць пераважна цемнахвойныя яловыя лясы, вярховыя балоты, сухадольныя лугі. Цэнтр. падзона грабава-дубова-цемнахвойных лясоў мае пераходны характар, дзе спалучаюцца барэальныя і немаральныя лясы, вярховыя, пераходныя і нізінныя балоты, сухадольныя і заліўныя лугі. Для паўд. падзоны характэрны шыракаліста-хваёвыя лясы, нізінныя балоты, астэпаваныя лугі. На ўсходзе, у Палеска-Прыдняпроўскай акрузе, сканцэнтравана больш за 50% ад усёй колькасці заліўных лугоў краіны, а на захадзе, у Бугска-Палескай акрузе, — найбольшая колькасць нізінных лугоў. На тэр. гэтай акругі захаваліся найбуйнейшыя ў Еўропе нізінна-балотныя масівы — балоты Званец і Спораўскае.
Літ.:
Кац Н.Я. Болота земного шара. М., 1971;
Вальтер Г. Растительность земного шара: Пер. с англ.Т. 2. М., 1974;
Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979;
Гельтман В.С. Географический и типологический анализ лесной растительности Белоруссии. Мн., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫБАРЧАЯ СІСТЭМА. РЭФЕРЭНДУМ
Выбарчая сістэма ў Рэспубліцы Беларусь — гэта ўстаноўлены і ўрэгуляваны прававымі і інш. нормамі парадак выбараў, а выбарчае права — сукупнасць канстытуцыйных норм, якія рэгулююць грамадскія адносіны, што ўзнікаюць пры правядзенні выбараў, а таксама сукупнасць канкрэтных правоў грамадзяніна на ўдзел у выбарах. У гэтым значэнні выбарчае права падзяляюць на актыўнае, г.зн. права выбіраць, і пасіўнае, г.зн. права выбірацца, быць выбраным. Легітымныя выбарныя органы ў сваю чаргу фарміруюць легітымныя ўладныя структуры (урад, суды і інш.). Выбары праводзяцца ў адпаведнасці з канстытуцыйнымі прынцыпамі выбарчай сістэмы на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні.
Выбары дэпутатаў і інш. асоб, якія выбіраюцца на дзярж. пасады народам, з’яўляюцца ўсеагульнымі: права выбіраць маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў. Прамое або ўскоснае абмежаванне выбарчых правоў грамадзян у залежнасці ад паходжання, сац. і маёмаснага становішча, расавай і нац. прыналежнасці, полу, адукацыі, мовы, адносін да рэлігіі, часу пражывання ў дадзенай мясцовасці, роду і характару заняткаў з’яўляецца недапушчальным і караецца паводле заканадаўства. У выбарах не ўдзельнічаюць грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі; асобы, якія ўтрымліваюцца паводле прыгавору суда ў месцах пазбаўлення волі; асобы, у адносінах да якіх выбрана такая мера, як утрыманне пад вартай. Не з’яўляюцца падставай для абмежавання права грамадзяніна на ўдзел у галасаванні адм. арышт, такія віды крымін. пакарання, як штраф, папраўчыя работы, арышт на тэрмін ад 1 да 6 мес, асобы, аб’яўленыя банкрутамі. Узроставы цэнз дэпутатаў і інш. асоб, якія выбіраюцца на дзярж. пасады (кіраўніка дзяржавы, члена Савета Рэспублікі, суддзі, нар. засядацеля), вызначаецца адпаведнымі законамі. У Беларусі адсутнічае цэнз аселасці (выключэнне — выбары Прэзідэнта і членаў Савета Рэспублікі). Выбары з’яўляюцца свабоднымі: выбаршчык сам вырашае, за каго галасаваць і ці ўдзельнічаць яму ў выбарах. Але высокая ступень ухілення ад удзелу ў выбарах зніжае аўтарытэт сфарміраванага органа і дае глебу для спрэчак пра яго легітымнасць. Падрыхтоўка і правядзенне выбараў ажыццяўляюцца адкрыта і галосна. Выбары з’яўляюцца роўнымі: выбаршчыкі маюць роўную колькасць галасоў. З гэтай мэтай забяспечваецца адзіная норма прадстаўніцтва, паводле якой ствараюцца выбарчыя акругі з прыкладна роўнай колькасцю выбаршчыкаў (адхіленне, як правіла, не можа перавышаць 10%). Кожны выбаршчык галасуе асабіста, галасаванне за інш. асоб не дапускаецца. Выбары з’яўляюцца прамымі: дэпутаты выбіраюцца грамадзянамі непасрэдна, шляхам падачы свайго голасу. Разам з прамымі выбарамі (дэпутатаў, кіраўніка дзяржавы) Канстытуцыя прадугледжвае фарміраванне Савета Рэспублікі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь шляхам ускосных выбараў, г.зн. выбаршчык выбірае дэпутатаў Саветаў базавага ўзроўню, якія ў сваю чаргу ва ўстаноўленым парадку выбіраюць членаў Савета Рэспублікі. Галасаванне на выбарах з’яўляецца тайным, у ходзе галасавання забаронены кантроль за волевыяўленнем. Аднак гэта не выключае права выбаршчыка добраахвотна выказацца пра тое, як ён прагаласаваў.
Рэферэндумы (нар. галасаванні) з’яўляюцца адным з асн. інстытутаў непасрэднай дэмакратыі ў Рэспубліцы Беларусь. Яны могуць праводзіцца для вырашэння найважнейшых пытанняў дзярж. і грамадскага жыцця, могуць быць рэспубліканскія і мясцовыя. Рэсп. рэферэндумы прызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь па яго ўласнай ініцыятыве ці па прапанове Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, прынятай на іх раздзельных пасяджэннях большасцю галасоў ад поўнага складу кожнай з палат, або па прапанове не менш як 450 тыс. грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам, у т. л. не менш як 30 тыс. грамадзян ад кожнай вобласці і г. Мінск. Указам Прэзідэнта аб прызначэнні рэферэндуму вызначаюцца дата яго правядзення (не пазней як 3 мес з дня выдання указа), юрыд. сіла прынятага ім рашэння, фармулёўка вынесенага на рэферэндум пытання (пытанняў). Калі на ўсенар. галасаванне выносіцца законапраект, то ён дадаецца да ўказа Прэзідэнта аб прызначэнні рэферэндуму. Прэзідэнт мае права адхіляць прапановы аб правядзенні рэферэндуму, калі яны не адпавядаюць патрабаванням Выбарчага кодэксу і інш.заканад. актаў. Рашэнні, прынятыя рэсп. рэферэндумам, падпісвае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Мясц. рэферэндумы прызначаюцца адпаведнымі мясц. прадстаўнічымі органамі па іх ініцыятыве або па прапанове не менш як 10% грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі. Прынятыя на рэферэндуме рашэнні могуць быць адменены або зменены толькі шляхам новага рэферэндуму, калі іншае не будзе вызначана самім рэферэндумам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІЧНАЯ КУЛЬТУРА І СПОРТ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
З 1991 пачаўся пошук новых шляхоў і форм кіравання фіз. культурай і спортам. Створаны і дзейнічаюць Нац. алімпійскі камітэт, Саюз спартсменаў, Алімпійская акадэмія, асацыяцыі спарт. прэсы і студэнцкага спорту, Федэрацыя фіз. культуры і спорту інвалідаў, больш за 70 федэрацый па асобных відах спорту. Фіз. культура, спорт і турызм з’яўляюцца самаст. галіной нар.-гасп. комплексу краіны са сфарміраванай сістэмай кіравання, матэрыяльна-тэхн. і кадравым патэнцыялам, сістэмай спецыялізаваных фізкультурна-аздараўленчых, спарт., навуч. устаноў і арганізацый. Завершана распрацоўка асн. нарматыўных прававых актаў для паспяховага функцыянавання галіны. Прыняты законы Рэспублікі Беларусь «Аб фізічнай культуры і спорце» (1993), «Аб турызме» (1999), «Дзяржаўная праграма развіцця фізічнай культуры, спорту і турызму на перыяд 1997—2002 гг.» і інш. Павышэнне ролі і адказнасці дзяржавы за стан і развіццё фізкультуры і спорту ў краіне пацвярджаюць указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі фізічнай культуры і спорту», пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб мерах павышэння эфектыўнасці фізічнага выхавання дашкольнікаў, навучэнцаў і студэнтаў», «Аб удасканаленні фізкультурна-аздараўленчай работы з насельніцтвам па месцы жыхарства ў гарадах і гарадскіх пасёлках рэспублікі», «Аб першачарговых мерах па будаўніцтве і рэканструкцыі спартыўных збудаванняў» і інш. Для іх рэалізацыі прынята канцэпцыя фіз. выхавання дашкольнікаў, вучняў і студэнтаў, распрацаваны і ўкараняюцца Дзяржаўны фізкультурна-аздараўленчы комплекс, Праграма маладзёжнага фізкультурна-спарт. руху «Алімпійскія надзеі Беларусі», прыкладны фізкультурна-спарт. комплекс «Абаронца Айчыны»; у гарадах і раёнах вядзецца работа па стварэнні клубаў і цэнтраў фізкультурна-аздараўленчай работы. Мін-ва спорту і турызму распрацавала Дзярж. праграму па фарміраванні здаровага ладу жыцця на 2002—06, ухваленую Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Каб заняткі фіз. культурай, масавым спортам і турызмам сталі даступнымі для ўсіх катэгорый насельніцтва, функцыянуюць 226 стадыёнаў, 26 спарт. манежаў, 231 плавальны басейн, 4778 спарт. залаў, 715 міні-басейнаў у дзіцячых дашкольных установах, базы алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі», «Раўбічы», «Ратамка», палацы спорту, тэніса, лядовыя палацы шматфункцыянальнага прызначэння, больш за 9,6 тыс. адкрытых спарт. пляцовак. У краіне працуюць больш за 23 тыс. спецыялістаў фіз. культуры і спорту, у іх ліку каля 7,5 тыс. настаўнікаў фіз. культуры, больш за 5,5 тыс. трэнераў-выкладчыкаў, 1,4 тыс. выкладчыкаў вышэйшых і 500 — сярэдніх спец.навуч. устаноў, каля 2,3 тыс. інструктараў-метадыстаў на прамысл. і с.-г. прадпрыемствах; больш за 1,4 тыс. спецыялістаў працуюць у пазашкольных установах.
На 1.1.2004 па-за дзярж. праграмамі займаюцца фіз. культурай па месцы вучобы, працы і жыхарства ў спарт. секцыях, аздараўленчых групах, клубах, фізкультурна-аздараўленчых цэнтрах каля 1 млн. чалавек (амаль 10% насельніцтва краіны). Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зацверджана праграма «Дзеці Беларусі». У адпаведнасці з ёй праводзяцца рэсп. фестывалі «Спорт і мастацтва», «Алімпійцы сярод нас», злёты «Калядныя старты» дзяцей са школ-інтэрнатаў, дзяцей-сірот і дзяцей з раёнаў, што пацярпелі ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Папулярнасць сярод дзяцей і падлеткаў набылі спаборніцтвы па футболе «Скураны мяч», па хакеі «Залатая шайба» на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, рэсп. зімовая і летняя спартакіяды па месцы жыхарства. У зімовай і летняй спартакіядах дапрызыўнай моладзі па мнагаборствах комплексу «Абаронца Айчыны» штогод удзельнічаюць каля 10 тыс. чалавек. На прамысл. і с.-г. прадпрыемствах, у арганізацыях створана каля 3,5 тыс. калектываў і клубаў фіз. культуры, дзе займаецца 237 тыс. чалавек. Сумеснай пастановай Мін-ва спорту і турызму і Федэрацыі прафсаюзаў распрацаваны і зацверджаны Дзярж. фізкультурна-аздараўленчы комплекс для дарослага насельніцтва. Вядзецца работа па стварэнні галіновых і рэгіянальных фізкультурна-спарт. клубаў; працуюць 11 рэспубліканскіх, 31 абласны і 38 раённых клубаў. Распрацавана Палажэнне па фіз. падрыхтоўцы і спорце ваеннаслужачых Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь, якое вызначае змест, формы і метады арганізацыі фіз. падрыхтоўкі ў вайск. часцях.
Набылі пашырэнне рэсп. мерапрыемствы для пажылых людзей: фізкультурна-аздараўленчыя злёты «Здароўе — чалавеку», святы «Здароўю ўзрост не перашкода», «Захаваем здароўе». Права грамадзян на заняткі фіз. культурай і спортам рэалізуецца шляхам пашырэння спарт. баз, павелічэння колькасці спецыялістаў, практычнай работай Мін-ва спорту і турызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯНСКАЕ ПРАЦЭСУАЛЬНАЕ ПРАВА
У сав. час навук. даследаванні грамадз.-працэсуальнага характару ў БССР былі састаўной часткай сав.грамадз.-працэсуальнай навукі. З канца 1960-х г. на аснове даследаванняў і тэарэт. канцэпцый вучоных-працэсуалістаў юрыд. ф-та БДУ пачала складвацца бел. працэсуальная школа. Яе фарміраванне звязана з імем С.В.Курылёва, які даследаваў праблемы права на судовую абарону, апублікаваў манаграфію «Асновы тэорыі даказвання ў савецкім правасуддзі» (1969). Пад яго кіраўніцтвам праводзіліся даследаванні прынцыпу дыспазітыўнасці і пытанняў прававога становішча бакоў у грамадз. працэсе (Л.М.Арлова), працэсуальнай эканоміі ў сав.грамадз. працэсуальным праве (В.В.Ціхановіч).
У 1980-я г. фундаментальныя даследаванні праблем выкарыстання крыміналістыкі і крыміналістычнай тактыкі ў грамадз. працэсе і судаводстве правёў В.Г.Ціхіня. Распрацоўваліся пытанні: грамадз. працэсуальных адносін, статуса бакоў, прыроды судовых пастаноў, міравых пагадненняў і інш. (М.Р.Юркевіч); удзелу пракурора ў грамадз. працэсе і разбору грамадз. спраў (Ю.І.Лутчанка); гісторыі грамадз. працэсу Беларусі (І.А.Юхо, І.М.Казей); удзелу ў грамадз. працэсе дзярж. органаў, грамадскіх аб’яднанняў і грамадзян у абарону правоў інш. асоб, асобага вядзення, натарыяту (Т.А.Бялова); паняцця відаў судаводства, прававой прыроды вядзення па справах, што ўзніклі з адм.-прававых адносін, выканаўчага вядзення і інш. (І.М.Калядка); прынцыпаў грамадз. працэсу, касацыйнага вядзення, разгляду спраў у дзярж. арбітражы (В.В.Ціхановіч); пазасудовага і судовага ўстанаўлення бацькоўства, міжнар.грамадз. працэсу і інш. (Г.У.Якаўлева). На кафедры грамадз. працэсу і прац. права праведзены даследаванні: судаводства паводле скаргаў на пастановы па справах аб адм. правапарушэннях (І.М.Калядка), удзелу адваката ў даказванні па грамадз. справах (Я.Б.Клейн), рэчавых доказаў у грамадз. працэсе (А.П.Пятроў), удзелу пракурора ў пераглядзе судовых пастаноў, якія набылі законную сілу (В.С.Камянкоў), прыватных вызначэнняў суда (Л.І.Васілеўскі), удзелу грамадскіх арг-цый і аб’яднанняў, прац. калектываў у грамадз. працэсе (В.Р.Галаванаў), праблем судовага ўстанаўлення бацькоўства (Г.У.Якаўлева). Выдадзены навуч. дапаможнікі «Грамадзянскі працэс БССР» (ч. 1—4, 1979—82), «Практыкум па грамадзянскаму працэсу БССР» (1984), «Навукова-практычны каментарый да Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Беларускай ССР» (1989).
З 1990-х г. вучоныя-працэсуалісты распрацоўваюць праблемы ўдзелу пракурора ў гасп. працэсе (І.Э.Мартыненка), абароны правоў і інтарэсаў непаўналетніх у грамадз. судаводстве (А.М.Здрок), асаблівасці разгляду спраў аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі ў грамадз. і гасп. судаводстве (В.М.Герасімовіч), праблемы прызнання несапраўднымі актаў дзярж. і інш. органаў у гасп. судах (І.І.Верхаводка), рэалізацыі прынцыпаў спаборнасці ў грамадз. судаводстве (Т.С.Таранава), працэсуальных асаблівасцей судовай абароны жыллёвых правоў (Н.У.Казлоўская), працэсуальных асаблівасцей разгляду спраў у гасп. судах першай і касацыйнай інстанцый (В.У.Жандараў), логіка-тэарэт. асноў структуры і сродкаў даказвання па грамадз. справах (С.С.Сокал) пісьмовых доказаў (Ж.В.Хацук), становішча бакоў у грамадз. працэсе (І.Ю.Кірвель). Выдадзены дапаможнікі «Каментарый да Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь» (1999), падручнікі «Грамадзянскі працэс. Агульная частка» (2000), «Грамадзянскі працэс. Асаблівая частка» (2002), «Грамадзянскі працэс» В.Г.Ціхіні (т. 1—2, 2002—03), навучальныя дапаможнікі «Практыкум па грамадзянскаму працэсу» (2000), «Практыкум па гаспадарчаму працэсу» (2002). Фундаментальнае даследаванне прававых гарантый абароны інтарэсаў юрыдычных асоб і грамадзян у гасп. працэсе праведзена В.С.Камянковым. У межах дзярж. праграмы «Прававая дзяржава» даследуюцца праблемы эфектыўнасці ажыццяўлення і абароны права як гарантыі стварэння прававой дзяржавы, працягваецца падрыхтоўка сумесна з суддзямі Вярх. суда навук.-практычнага каментарыя да Грамадз. працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, падручнікаў па гасп. працэсе.
Літ.:
Курылев С.В. Основы теории доказывания в советском правосудии. Мн., 1969;
Орлова Л.М. Права сторон в гражданском процессе. Мн., 1973;
Тихиня В.Г. Теоретические проблемы применения данных криминалистики в гражданском судопроизводстве. Мн., 1983;
Тихиня В.Г., Тихонович В.В. Конституция БССР и принципы судебной защиты гражданских прав.Мн., 1980;
Каменков В.С. Защита интересов юридических лиц и граждан в хозяйственном (арбитражном) процессе: На основе Хоз. процессуал. кодекса Респ. Беларусь и Арбитраж. процессуал. кодекса Рос. Федерации. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЛІЧАЛЬНАЯ МАТЭМАТЫКА
Сістэматычныя даследаванні па ўсіх асноўных кірунках вылічальнай матэматыкі на Беларусі пачаліся ў 1950-я г. ў АН Беларусі і БДУ пад кіраўніцтвам У.І.Крылова. Асобныя пытанні ў гэтай галіне распрацоўваліся і раней (І.К.Богаяўленскі, А.В.Гельфанд і інш.).
Па праблеме лікавага аналізу атрыманы крытэрыі збежнасці квадратурнага і кубатурнага працэсаў, высветлены ўмовы збежнасці інтэрпалявання для розных класаў функцый, распрацаваны метады прыбліжанага пераўтварэння Фур’е і абарачэння пераўтварэння Лапласа і інш. (М.П.Кеда, Л.Г.Круглікава, У.І.Крылоў, А.А.Пальцаў, Н.С.Скобля, Л.Т.Шульгіна і інш.). Пабудаваны квадратурныя формулы для сінгулярных інтэгралаў тыпу Кашы і Шварца, а таксама лікавыя метады рашэння сінгулярных інтэгральных і інтэгра-дыферэнцыяльных ураўненняў, даследавана іх збежнасць (І.М.Мялешка, Г.М.Пыхцееў, Г.А.Расолька, М.А.Шэшка, Т.С.Якіменка і інш.). У галіне прыбліжанага функцыянальнага інтэгравання распрацаваны тэарэт. асновы і атрыманы эфектыўныя метады вылічэння кантынуальных інтэгралаў па гаўсавых, іншых мерах і квазімерах у агульных лінейных, функцыянальных і інш. прасторах; вывучана асімптотыка асобных класаў інтэгралаў; створаны асновы тэорыі аператарнага інтэрпалявання ў банахавых, гільбертавых і функцыянальных прасторах (І.М.Гуло, М.В.Ігнаценка, М.А.Ліхадзед, В.Б.Малюцін, В.А.Пятроў, П.І.Сабалеўскі, А.Дз.Ягораў, Л.А.Яновіч і інш.).
Распрацоўвалася тэорыя метадаў рашэння некарэктных задач, у прыватнасці, ураўненняў 1-га роду, вылічэння значэнняў неабмежаваных аператараў, рашэння экстрэмальных няўстойлівых задач. Пабудаваны і даследаваны квазіньютанаўскія і інш. віды ітэрацыйных працэсаў для рашэння ўраўненняў у лінейных прасторах і на іх аснове атрыманы алгарытмы рашэння канкрэтных класаў задач (П.П.Забрэйка, В.М.Мадорскі, А.А.Ліскавец, Н.П.Фядэнка і інш.).
У галіне звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў пабудаваны розныя варыянты метаду прагонкі; метады, заснаваныя на пакрокавым вылучэнні дакладна абарачальнай часткі зыходнага дыферэнцыяльнага аператара; шэраг метадаў рашэння жорсткіх сістэм; метады рашэння сеткавых ураўненняў і інш. (А.І.Азараў, У.В.Бабкоў, В.А.Басік, П.І.Манастырны, П.А.Мандрык, В.І.Рэпнікаў, В.М.Шаліма і інш.), а таксама лікавыя метады рашэння дэтэрмінаваных ураўненняў аэрапругкасці і гэтых жа ўраўненняў з выпадкова ўзбуранымі ядрамі і правай часткай (М.В.Дзенісенка, М.В.Чайкоўскі і інш.).
Да першых работ у галіне прыбліжаных метадаў рашэння ўраўненняў у частковых вытворных адносяцца работы па абгрунтаванні метаду інтэгральных суадносін, метаду прамых і метаду характарыстык (В.М.Абрашын, У.В.Бабкоў, У.І.Крылоў, А.А.Ліскавец, А.В.Самусенка і інш.). Прапанаваны эканамічныя метады для ўраўненняў кожнай размернасці; праведзены даследаванні рознасных схем для шырокага кола нелінейных задач матэм. фізікі, распрацаваны эфектыўныя метады даследавання збежнасці і ўстойлівасці рознасных схем для задач з неабмежаванай нелінейнасцю, у т. л. ўраўненняў газадынамікі, цеплаправоднасці, нелінейнай оптыкі і інш. (В.М.Абрашын, П.А.Вакульчык, В.М.Волкаў, Г.Ф.Грамыка, В.У.Дрыц, Н.Р.Жадаева, У.А.Шкель, А.А.Ягораў і інш.).
Распрацаваны канечна-рознасныя метады рашэння нелінейных задач тыпу Стэфана і задач, што ўзнікаюць пры матэм. мадэліраванні асноўных тэхнал. аперацый фарміравання актыўных абласцей элементаў інтэгральных схем (В.А.Жук, А.М.Мучынскі, В.А.Цурко і інш.). Пабудаваны і даследаваны рознасныя схемы на дынамічных лакальна згушчальных сетках па часавай і прасторавай пераменнай, ітэрацыйныя метады рэалізацыі нелінейных рознасных схем на адаптыўна-часавых сетках; пабудаваны вылічальныя алгарытмы рашэння ўзаемазвязаных сістэм нелінейных ураўненняў гідраўлікі (П.П.Матус, І.А.Міхайлюк, М.М.Чуйко, В.С.Шчэглік і інш.).
Распрацавана тэорыя пабудовы паралельных форм вылічальных алгарытмаў для рэалізацыі на сісталічных матрычных працэсарах, пабудаваны паралельныя формы алгарытмаў для рашэння канкрэтных вылічальных задач (В.В.Касьянчук, М.А.Ліхадзед, П.І.Сабалеўскі, А.А.Цівунчык і інш.).
Літ.:
Крылов В.И. Приближенное вычисление интегралов. 2 изд. М., 1967;
Крылов В.И., Бобков В.В., Монастырный П.И. Вычислительные методы высшей математики. Т. 1—2. Мн., 1972—75;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІКА ПАЛЁЎ І ЭЛЕМЕНТАРНЫХ ЧАСЦІЦ
Даследаванні па фізіцы палёў і элементарных часціц на Беларусі пачаліся пад кіраўніцтвам Ф.І.Фёдарава з 1936 на кафедры тэарэтычнай фізікі БДУ і з 1955 у Ін-це фізікі АН Беларусі. Распрацаваны агульны метад праектыўных аператараў у тэорыі элементарных часціц, створана комплексна-вектарная параметрызацыя групы Лорэнца, уведзены універсальныя нелінейныя ўраўненні для ўзаемадзейных палёў (Ф.І.Фёдараў). На гэтай падставе пабудавана паслядоўна каварыянтная (у т. л. класічная, без другаснага квантавання) квантавая электрадынаміка нуклонаў, тэорыя часціц са спінам 0, 1/2, 1, 3/2, 2, іх электрамагнітных і слабых узаемадзеянняў; дадзена уніфікаванае апісанне ўсіх фундаментальных узаемадзеянняў з выкарыстаннем універсальных ураўненняў Фёдарава, вырашаны важныя пытанні калібровачнай палявой тэорыі. Распрацаваны эфектыўныя метады апісання і разліку канкрэтных працэсаў узаемадзеяння палярызаваных лептонаў і адронаў, што дало магчымасць даследаваць іх у больш шырокім, чым звычайна, плане (А.А.Богуш, Ю.А.Курачкін, В.І.Куўшынаў, Л.Р.Мароз, І.С.Сацункевіч, Ф.І.Фёдараў). Выкананы прыярытэтныя даследаванні па праблеме ізаляванага магнітнага зараду, паслядоўна развіта тэорыя такіх тапалагічна нетрывіяльных аб’ектаў, як абелевы і няабелевы манаполі, салітоны, інстантоны і інш. (Я.У.Доктараў, Ю.А.Курачкін, В.І.Куўшынаў, В.І.Стражаў, Л.М.Тамільчык, Я.А.Талкачоў). Распрацаваны і дастасаваны да патрэб агульнай тэорыі адноснасці (АТА) т.зв. тэтрадны фармалізм у спалучэнні з метадам распластаваных прастор (В.С.Іваніцкая, А.Я.Левашоў і інш.). Пабудавана тэорыя рэлятывісцкага руху сістэмы цел і разгледжана праблема яго ўстойлівасці (А.П.Рабушка). Распрацаваны пытанні ўзаемаадносін АТА з інш. канкурыруючымі тэорыямі (А.К.Гарбацэвіч, А.В.Мінкевіч). У даследаваннях па тэорыі адноснасці ўдзельнічаюць і бел. матэматыкі: вывучаны лакальна-дыферэнцыяльныя ўласцівасці прасторы СТА (А.А.Бурдун, А.К.Лапкоўскі, Л.К.Тутаеў і інш.), даследаваны падгрупы груп Пуанкарэ і Галілея (А.М.Фядэнка). Распрацаваны і шырока выкарыстаны эфектыўны аператарны метад разліку разнастайных квантавых сістэм і працэсаў (Л.І.Камароў, І.Д.Феранчук). Супрацоўнікамі Ін-та фізікі Нац.АН Беларусі (з 1974), Гомельскага ун-та (з 1976), НДІ ядзерных праблем (з 1987) і Нац. цэнтра фізікі часціц і высокіх энергій (з 1993) БДУ праведзены сумесна з замежнымі вучонымі шырокія эксперыментальныя даследаванні на паскаральніках г. Дубна і г. Серпухаў (Расія), г. Жэнева (Швейцарыя). У банк сусветных даных па фізіцы часціц унесены атрыманыя эксперыментальныя вынікі па выяўленні новых мезонных станаў, вывучэнні працэсаў множнага нараджэння часціц і гіперзарадаваабменных рэакцый, рэдкіх распадаў (А.М.Дворнік, Ф.Я.Зязюля, Ю.А.Кульчыцкі, А.С.Курылін, М.В.Максіменка, В.С.Румянцаў). Упершыню эксперыментальна вызначаны (М.І.Ляўчук) велічыні палярызавальнасцей нейтрона і прадказанай (М.В.Максіменка, Л.Р.Мароз, А.М.Сердзюкоў) спінавай палярызавальнасці (гірацыі) нуклонаў. У эксперыментальную практыку ўкаранёны эфектыўныя метады і камп’ютэрныя праграмы разліку радыяцыйных эфектаў (М.М.Шумейка). Бел. фізікі пад кіраўніцтвам У.Р.Барышэўскага, А.А.Богуша, М.В.Максіменкі, М.М.Шумейкі зрабілі значны ўклад у стварэнне буйнейшага ў свеце паскаральніка пратонаў — Вялікага адроннага калайдара (г. Жэнева). Даследаванні па фізіцы элементарных часціц паспяхова праводзяцца таксама ў Гомельскім тэхн. (А.А.Панкоў, І.Л.Салаўцоў, С.І.Цімошын), Бел.пед. (А.М.Баяркін), Брэсцкім (У.А.Плецюхоў) і інш. ун-тах Беларусі.
Літ.:
Федоров Ф.И. Группа Лоренца. М., 1979;
Богуш А.А., Мороз Л.Г. Введение в теорию классических полей. Мн., 1968;
Богуш А.А. Введение в калибровочную полевую теорию электрослабых взаимодействий. Мн., 1987;
Березин А.В., Курочкин Ю.А., Толкачев Е.А. Кватернионы в релятивистской физике. М., 2003;
Стражев В.И., Томильчик Л.М. Электродинамика с магнитным зарядом. Мн., 1970;
Kiselev V.G., Shir Ya.M., Tregubovich A.Ya. Introduction in Quantum Theory. New York, 2000;
Левашев А.Е. Движение и двойственность в релятивистской электродинамике. Мн., 1979;
Федоров Ф.И. Уравнения первого порядка для гравитационного поля // Докл.АНСССР. 1968. Т. 179, №4;
Рябушко А.П. Движение тел в общей теории относительности. Мн., 1979;
Яго ж. Проблема устойчивости движения тел в общей теории относительности. Мн., 1987;
Иваницкая О.С. Лоренцев базис и гравитационные эффекты в эйнштейновской теории относительности. Мн., 1979;
Лапковский А.К. Релятивистская кинематика, неевклидовы пространства и экспоненциальное отображение. Мн., 1985;
Горбацевич А.К. Квантовая механика в общей теории относительности. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАСТЫЧНАСЦЬ МАТЭРЫЯЛАЎ І АПРАЦОЎКА ІХ ЦІСКАМ
Сістэматычныя даследаванні ў галіне пачаліся на Беларусі ў 1948 пад кіраўніцтвам С.І.Губкіна. Распрацаваны фізіка-хім. тэорыя пластычнасці і матэм. метады даследавання пластычнасці металаў пры пракатцы, коўцы, штампоўцы. У 1956—70 даследаванні вяліся пад кіраўніцтвам В.П.Севярдэнкі. Распрацаваны метад ліній слізгання ў дастасаванні да працэсаў коўкі і гарачай аб’ёмнай штампоўкі; аналітычны метад рашэння плоскіх задач тэорыі пластычнасці, набліжаныя метады разліку для аналізу напружана-дэфармаванага стану ва ўмовах складанага нагружэння і тэорыя пераходных абласцей (Я.М.Макушок, А.С.Матусевіч, В.П.Севярдэнка, У.М.Сягал). Пабудова палёў ліній слізгання ў пераходных абласцях, як працяг поля ачага дэфармацыі, дала магчымасць вызначаць размеркаванне напружанняў у іх межах, у т. л. з улікам кантактнага трэння (Я.М.Макушок). Даследаваны ўплыў ультрагукавых ваганняў на працэс пластычнага цячэння металаў. Распрацаваны тэарэт. палажэнні аб мэтазгоднасці і магчымасці выкарыстання ультрагукавых ваганняў для інтэнсіфікацыі працэсаў апрацоўкі ціскам (У.У.Клубовіч, В.П.Севярдэнка, А.В.Сцепаненка), а таксама набліжаныя метады аналітычнага рашэння прыкладных задач: узбурэння палёў ліній слізгання; выкарыстання асімптатычных рашэнняў; лінеарызацыя ўмоў пластычнасці; метады аналізу напружана-дэфармаванага стану ў пераходных абласцях і на кантакце цвёрдага і пластычнага цел; метады канечных элементаў, муаравых палос (Т.В.Каліноўская, Я.М.Макушок, У.М.Сягал). Прапанаваны: эфектыўны спосаб гарачага выціскання з выкарыстаннем квазівадкіх асяроддзяў — гарачае гідрадынамічнае выцісканне (У.Р.Канцін, В.С.Мурас, В.П.Севярдэнка, Э.Ш.Сухадрэў), працэсы дакладнай аб’ёмнай штампоўкі дэталей складанай формы ў штампах з раздымнымі матрыцамі (М.І.Калачоў, В.С.Мурас, В.П.Севярдэнка, Э.Ш.Сухадрэў, В.А.Ціманюк). Развіты ўяўленні аб дэфармацыйным умацаванні металаў. Паказана магчымасць выкарыстання эфекту ўмацавання, звязанага са схемай напружанага стану, для павышэння канстр. трываласці і эксплуатацыйных якасцей вырабаў, што атрымліваюцца апрацоўкай ціскам (М.І.Калачоў). Развіваецца тэорыя папярочнаклінавой пракаткі і працэсы атрымання гэтым метадам вырабаў з падоўжанай воссю тыпу ступеньчатых валоў (Р.В.Андрэеў, В.А.Клушын, Я.М.Макушок, У.І.Садко, В.Я.Шчукін).
З сярэдзіны 1980-х г. пад кіраўніцтвам А.В.Сцепаненкі фарміруецца навук. школа па даследаванні і распрацоўцы новых працэсаў апрацоўкі матэрыялаў ціскам. Упершыню распрацаваны працэс атрымання малаліставых рысор з адначасовай пракаткай двух канцоў загатоўкі для надання ёй парабалічнага профілю (У.А.Кароль, А.В.Сцепаненка). Праведзены тэарэт. і эксперым. даследаванні мех. паводзін парашковых матэрыялаў, прааналізавана кантактнае ўзаемадзеянне часцінак сыпкага асяроддзя і кантынуальных уяўленняў рэалогіі неабарачальна сціснутых асяроддзяў (Л.А.Ісаевіч, А.В.Сцепаненка, В.Я.Харлан). Пад кіраўніцтвам У.У.Клубовіча далей развіты тэарэт. і прыкладныя распрацоўкі ў галіне ультрагукавой апрацоўкі матэрыялаў (В.В.Арцём’еў, В.В.Рубанік, А.В.Сцепаненка). Развіваецца новы навук. кірунак — самаарганізацыя нестацыянарных дэфармацыйных працэсаў (Я.М.Макушок), абгрунтавана мэтазгоднасць прафілявання рабочых паверхняў інструменту для халоднай аб’ёмнай штампоўкі стальных вырабаў з улікам геаметрыі межаў ачагоў дэфармацыі ідэальна пластычнага цела (А.В.Аліфанаў). Распрацавана мадэль прасавання дыскрэтных (парашковых, грануляваных) цел, якая дазваляе ажыццяўляць аналіз напружана-дэфармаванага стану з улікам уплыву міжчасцінкавага і знешняга трэння, вызначаць мяжу і форму ачага пластычнай дэфармацыі, улічваць асаблівасці ўплыву камбінаваных нагрузак і спякання (А.В.Аліфанаў, Я.М.Макушок). Пад кіраўніцтвам В.М.Чачына развіта імпульсная апрацоўка ліставых матэрыялаў (магнітна-імпульсная, гідраўдарная, электрагідраімпульснае дэфармаванне металаў і сплаваў; А.Ю.Жураўскі, Г.М.Здор, Ю.І.Крыванос, А.Л.Скрыпнічэнка, Г.К.Сядзяка, У.Л.Шадуя).
Літ.:
Северденко В.П., Клубович В.В., Степаненко А.В. Обработка металлов давлением с ультразвуком. Мн., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУРА ПОЗНЯГА АДРАДЖЭННЯ І РАННЯГА БАРОКА (канец 16 — пач. 17 ст.)
— гэта своеасаблівы пераходны этап, калі адначасова суіснавалі рэфармацыйна-гуманіст. і новыя барочныя тэндэнцыі, калі адбывалася алітаратурванне дзелавога пісьменства і эпісталаграфіі (Л.Сапега, Б.Радзівіл, К.Астрожскі, І.Пацей і інш.). Выдатным яго ўзорам служаць «Лісты» Ф.Кміты-Чарнабыльскага, багатыя на замалёўкі рэальнага побыту і каларытныя карціны жыцця вайскоўцаў. Упершыню ў літаратуры ўзнікае апавяданне аўтара пра сваю біяграфію і акалічнасці прыватнага жыцця. Аўтабіяграфічны пачатак развіваўся і ў паломніцкай літаратуры. У «Перэгрынацыі» М.К.Радзівіла Сіроткі (1601) прасочваецца пераход ад персаніфікаванага паломніцкага апавядання да літ. апісання вандроўкі на Усход. Адным з першых ва Усх. Еўропе аўтар зрабіў сваю асобу аб’ектам маст. выяўлення, што праклала шлях да ўзнікнення гіст.-мемуарнай літаратуры. Першым мемуарным творам стаў дыярыуш Ф.Еўлашоўскага, у якім малюнкі жыцця бел. шляхты пададзены ў цеснай сувязі з біяграфіяй аўтара. Разам з тым на мяжы 16—17 ст. пачынаецца працэс адасаблення дзелавога пісьменства ад літаратуры і вызваленне яе ад сувязей з абрадам, этыкетам і службова-прыкладнымі функцыямі. Г.Пельгрымоўскі ў час дыпламат. місіі ў Маскве (1600—01) склаў дыярыуш, у якім занатаваў ход перагавораў, умовы жыцця паслоў, даў тэксты дзелавых дакументаў і інш. Пасля аўтар перапрацаваў уласныя нататкі ў літ. кірунку і надаў ім вершаваную форму; частка іх захавалася ў выглядзе вершаванага дыялогу «Гутарка аднаго Паляка з Маскалём...». Імкненне да паэтызацыі апавядання, разнастайнасць маст. дэталей і апісанняў выяўляюць у творы элементы барочнай паэтыкі, але ўзнаўленне ант. формы дыялогу і гумарыст. характар разважанняў герояў пра рэлігію адлюстроўваюць свядомасць чалавека эпохі Адраджэння.
На этапе пераходу ад Адраджэння да барока адбывалася станаўленне бел. паэзіі, пачатак якой быў пакладзены раней. Асн.паэт. жанрам таго часу былі эпікграмы — кароткія вершы панегірычнага і апісальнага зместу, прысвечаныя магнатам, іх палацам, гербам і інш. Першыя вершаваныя панегірыкі пісаў А.Рымша: эпікграмы на гербы Л.Сапегі і Т.Скуміна, дзе магнаты ўслаўляюцца як патрыёты і абаронцы ВКЛ. Рымшу належыць таксама вершаваная беларускамоўная «Храналогія» (1581), якую можна лічыць першым узорам школьнай паэзіі, і польскамоўная эпічная паэма «Дзесяцігадовая аповесць пра ваенныя справы... Крыштофа Радзівіла...» (1585), у якой аўтар творча развівае традыцыі Я.Вісліцкага. Найб. значнае дасягненне ў ліра-эпічнай паэзіі — «Лямант на смерць Рыгора Осціка», напісаны невядомым аўтарам на польскай мове. Гіст. тэматыка, якая на працягу стагоддзяў распрацоўвалася толькі ў летапісах, хроніках і аповесцях, на пераходным этапе рэалізавалася ў велізарных гісторыка-літ. кампіляцыях. Шэраг паэтычных твораў на польскай мове склаў М.Стрыйкоўскі. Яго празаічна-вершаваныя хронікі «Ганец цноты...» (1574), «Аб пачатках, вывадах, мужнасці, справах рыцарскіх і хатніх слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага» (1575—78) і «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» (1582) заснаваны на дакумент. крыніцах, у т. л.бел.-літоўскіх, і вылучаюцца шырынёй ахопу падзей, сцвярджэннем адзінства слав. народаў, услаўленнем іх гераічнага мінулага. З заснаваннем шырокай сеткі езуіцкіх школ і калегіумаў звязана ўзнікненне школьнага тэатра. Для пастановак выкарыстоўваліся лацінамоўныя і польскамоўныя драматургічныя тэксты на біблейскія сюжэты. Паміж актамі школьных драм. разыгрываліся інтэрмедыі, паводле паходжання і характару напаўфальклорныя твары, прасякнутыя нар. гумарам: «Цімон Гардзілюд» К.Пянткоўскага (каля 1584), ананімныя «Іван і царкоўны стораж» (1651), «Чорт Асмалейка» (пач. 17 ст.) і інш. Упершыню ў драматург. творах героем становіцца прадстаўнік трэцяга саслоўя (мужык, рамеснік-шавец, шкаляр). Развіццё брацкага руху і школьнай адукацыі садзейнічала выданню слав. граматык, сінкрэтычных па змесце: «Граматыка-буквар» (1574) і «Азбука» (1578) І.Фёдарава, «Граматыка славенская...» Л.Зізанія (1596), «Грамматики словенския правильна синтагма...» М.Сматрыцкага (1618—19) і інш. Граматыкі ўключалі вершы, прадмовы, прысвячэнні, рэкамендацыі навучэнцам, чым садзейнічалі пашырэнню філалагічных ведаў і ўзняццю літаратуры на прафесійную вышыню. Змена сістэмы вартасных арыентацый бел. грамадства выклікала павелічэнне цікавасці да твораў свецкай замежнай літаратуры. Ажыццяўляюцца творчыя пераклады помнікаў рэнесансавай рыцарскай літаратуры: «Аповесці пра Трышчана і Іжоту», у якой развіваецца прыгодніцкі аспект сюжэта; «Аповесці пра Баву», дзе ўзмацняецца любоўна-авантурны змест; «Гісторыі пра Атылу» і «Аповесці пра Скандэрбега», у якіх на першы план выходзяць героіка-патрыятычныя элементы, і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУ́РЦЫЯ (Türkiye), Турэцкая Рэспубліка (Türkiye Cumhuriyeti),
дзяржава ў Зах. Азіі (97% тэр.) і на крайнім ПдУ Еўропы. На ПнЗ мяжуе з Грэцыяй і Балгарыяй, на ПнУ з Грузіяй, Арменіяй, Азербайджанам, на У з Іранам, на ПдУ з Іракам і Сірыяй. На Пн абмываецца Чорным м., на З — пралівамі Басфор і Дарданелы, Мармуровым і Эгейскім морамі, на Пд — Міжземным м.Пл. 780,6 тыс.км². Нас. 65 666,7 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — турэцкая. Сталіца — г.Анкара. Падзяляецца на 80 іляў (вілаетаў). Нац. свята — Дзень абвяшчэння Рэспублікі (29 кастр.).
Дзяржаўны лад. Т. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1982. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 7 гадоў. Заканад. ўлада належыць Вялікаму нац. сходу Турцыі — аднапалатнаму парламенту, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць прэзідэнт і ўрад — Савет Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Еўрапейская ч. (Усх. Фракія) займае невял., пераважна раўнінную ч. Балканскага п-ва (вылучаецца хр. Істранджа выш. да 1030 м); азіяцкая — п-аў М.Азія з Анаталійскім пласкагор’ем (выш. 800—1900 м) з бяссцёкавымі ўпадзінамі і патухлымі вулканамі, якое на Пн абмежавана Пантыйскімі гарамі (выш. да 3937 м), на Пд гарамі Таўр (выш. да 3726 м) і масівам Хакяры (выш. да 4168 м). На У частка Армянскага нагор’я (выш. 1500—2000 м) з катлавінамі і пласкагор’ямі. Найвыш. пункт — патухлы вулкан Вял. Арарат (выш. 5165 м). Уздоўж марскіх берагоў вузкія нізіны. На Пн, ад Мармуровага м. да воз. Ван, — зона моцных землетрасенняў. Карысныя выкапні: каменны і буры вугаль, храміты, руды жалеза, марганцу, медзі, свінцу, цынку, нафта, каменная соль і інш. Клімат у прыморскіх раёнах субтрапічны міжземнаморскі, ва ўнутр. — сухі, кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. на ўнутр. пласкагор’ях ад 0 °C да -5 °C на З да -13 °C на У, на ўзбярэжжах 6 °C на Пн і 10 °C на Пд. Сярэдняя т-раліп. на пласкагор’ях адпаведна 16 і 22 °C, на ўзбярэжжах 23 і 32 °C. Ападкаў на ўзбярэжжах каля 600 мм, на У узбярэжжа Чорнага м. да 3000 мм. ва ўнутр. раёнах 200—400 мм. Рачная сетка густая, але рэкі малаводныя. Вял. азёры: Ван і Туз (салёныя). Расліннасць ва ўнутр. раёнах стэпавая і паўпустынная. У гарах лясы (26% тэр. краіны) з лаўрам, міртам, каменным дубам, грэцкім арэхам, вышэй — з клёнам, букам, грабам, вольхай і інш. Пашыраны ксерафітныя цвердалістыя хмызнякі. Фауна міжземнаморская і горна-лясная (казулі, дзікі, шакалы, ваўкі, гіены; многа змей, яшчарак). Нац. паркі: Алімпас-Бейдаглары, Мунзур-Вадысі, Кёпрулю-Каньён і інш.; ёсць запаведнікі і заказнікі.
Насельніцтва. Каля 87% складаюць туркі. Жывуць таксама курды — каля 8 млн.чал. (па інш. звестках каля 16 млн.чал., на У), арабы — каля 1 млн.чал. (на ПдУ), чэркесы, лазы, аджарцы і інш. Амаль усе вернікі мусульмане-суніты. Найб. шчыльна заселены Усх. Фракія і прыморскія раёны Анатоліі (200—300 чал. на 1 км²), найменш — Цэнтр. і Усх. Анатолія (месцамі 10—20 чал. на 1 км²). У гарадах жыве 74% насельніцтва (2000). Найб. гарады (1996, тыс.ж.): Стамбул — 10 250 (метрапалітэнская тэрыторыя), Анкара — 2890, Ізмір — 1920,1, Адана — 1010,4, Бурса — 949,8, Газіянтэп — 683,6. У сельскай гаспадарцы занята каля 50% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — каля 20%, у абслуговых галінах — каля 30%. Больш за 2 млн. грамадзян Т. працуюць за мяжой.
Гісторыя. Тэр. Т. — адзін з асяродкаў стараж.. цывілізацый. Археал. даныя сведчаць пра існаванне ў М.Азіі (Анатоліі) каля пач. 6-га тыс. да н.э. пасяленняў гар. тыпу (Чатал-Хююк і інш.). Першы гіст. вядомы народ — хеты прыйшлі ў Анатолію да пач. 2-га тыс. да н.э.; у сярэдзіне 2-га тыс. да н.э.Хецкае царства ўключала побач з Анатоліяй стараж. Сірыю і значную ч. Месапатаміі. У 12—6 ст. да н.э. ў М.Азіі існаваў шэраг дзяржаў: Фрыгія, Лідыя і інш., якія ў 6 ст. да н.э. далучаны да Ахеменідаў дзяржавы. У 334—331 да н.э. М.Азія ўвайшла ў склад дзяржавы Аляксандра Македонскага; пасля яе распаду асобныя раёны ўвайшлі ў склад Селеўкідаў дзяржавы, Пергама, Пантыйскага царства і інш., якія ў 1 ст. да н.э. — 1 ст.н.э. заваяваны Рымам. У 330 імператар Канстанцін I перанёс сталіцу Рым. імперыі ў г. Візантый, які атрымаў назву Канстанцінопаль (цяпер Стамбул). пасля падзелу ў 395 імперыі — сталіца Усх.-рым. імперыі (Візантыі). У 11 ст. ў М.Азію ўварваліся сельджукі, якія разбілі візант. армію пры Манцыкерце (1071), пасля чаго заваявалі б.ч. М.Азіі, дзе ўзнік Канійскі султанат. Паступова хрысціянства і грэч. мова выцеснены ісламам і тур. мовай. Пасля разгрому ў сярэдзіне 13 ст. Канійскага султаната манголамі на мяжы 13—14 ст. узвысілася княства (бейлік) у Паўн.-зах. Анатоліі, якое атрымала назву ад імя заснавальніка дынастыі бея Асмана [1299—1324]. Пры яго пераемніках да пач. 15 ст. створана магутная ваенна-феад. дзяржава (султанат), якая займала вял. тэрыторыі ў М.Азіі і на Балканах. У выніку заваёўніцкіх войнаў 15—1-й пал. 16 ст. захоплены Канстанцінопаль (1453), далучаны Крым (1475), шэраг тэрыторый у Паўд.-Усх. і Цэнтр. Еўропе, б.ч. Арабскага Усходу і Паўн. Афрыкі Стварылася Асманская імперыя, якая прэтэндавала на ролю лідэра ісламскага свету. Тур. султаны прынялі тытул халіфа — духоўнага лідэра мусульман-сунітаў. Найб. магутнасці імперыя дасягнула пры Сулеймане I Кануні [1520—66]. З канца 16 ст. пачалося яе аслабленне, пра што сведчылі паражэнні тур. флоту ў бітве пры Лепанта (1571) і арміі пры аблозе Вены (1683). Асабліва выразна заняпад Асманскай імперыі выявіўся ў ходзе рус.-тур. войнаў 2-й пал. 18 ст. (гл.Руска-турэцкія войны 17—19 ст.). Уздым нац.-вызв. барацьбы грэч. і слав. народаў стварыў пагрозу існаванню імперыі. Адначасова еўрап. дзяржавы пачалі барацьбу за падзел асманскіх уладанняў. што паклала пачатак т.зв. «Усходняму пытанню». З канца 18 ст. кіруючыя вярхі Асманскай імперыі спрабавалі прадухіліць яе распад і ўзмацніць шляхам рэформ. Рэформы Селіма III і Махмуда II, а таксама часоў танзімату (1839 — пач. 1870-х г.) спрыялі паскарэнню сац.-эканам. развіцця тур. грамадства. У 2-й пал. 19 ст. на паліт. арэну выйшлі новыя сілы — прадстаўнікі тур. інтэлігенцыі, якія аб’ядналіся ў тайным т-ве «Новыя асманы». У 1876 яны дамагліся прыняцця канстытуцыі і стварэння парламента. але ў 1877 султан Абдул-Хамід II прыпыніў дзейнасць канстытуцыі і разагнаў парламент, усталяваўшы рэакц. рэжым. Для барацьбы з дэспатызмам у 1889—91 створана тайнае т-вамладатуркаў. У выніку младатурэцкай рэвалюцыі 1908 адноўлена канстытуцыя, скліканы парламент і скінуты Абдул-Хамід II. Але младатуркі былі няздольныя вырашыць над. пытанне і спыніць распад імперыі. У выніку італа-турэцкай вайны 1911—12 Асманская імперыя страціла апошнія ўладанні ў Афрыцы, а ў выніку балканскіх войнаў 1912—13 амаль выцеснена з Еўропы. Гэта прывяло да пераходу младатуркаў на пазіцыі панцюркізму, гал. ідэяй якога было аб’яднанне ўсіх цюркаў пад уладай тур. султана і атурэчванне ўсіх нетур. народаў імперыі. Младатур. ўрад пайшоў на збліжэнне з Германіяй, што ўцягнула Т. ў Першую сусветную вайну 1914—18 на баку аўстра-герм. блоку. Паражэнне Германіі і яе саюзнікаў азначала крах Асманскай імперыі. Мудроскае перамір’е 1918 пакінула пад уладай султана толькі тыя землі, якія складаюць сучасную тэр. Т. Частка тур. тэрыторыі. у т. л. сталіца Стамбул, была акупіравана брыт., італьян.. грэч. і франц. войскамі. Паводле навязанага султанскаму ўраду Сеўрскага мірнага дагавора 1920 Т. пазбаўлялася шэрагу тэрыторый і ператваралася ў залежную дзяржаву. У гэтых умовах нац.-вызв. барацьбу тур. народа ўзначаліў ген. М.К.Атацюрк. У выніку Кемалісцкай рэвалюцыі 1920—23 разгромлены прыхільнікі султана і войскі інтэрвентаў, што было замацавана Лазанскім мірным дагаворам 1923. 1.11.1922 султанат скасаваны. У крас. 1923 створана Нар. партыя (пазней Нар.-рэсп. партыя. НРП). 23.10.1923 абвешчана Тур. Рэспубліка. У 1920—30-я г. ажыццяўлялася палітыка мадэрнізацыі ў розных сферах культ., сац.-эканам. і паліт. жыцця. У сак. 1924 скасаваны халіфат. 20.4.1924 прынята 1-я рэсп. канстытуцыя. У Т. ўсталяваўся аднапартыйны рэжым НРП. У гэты час праведзены комплекс мерапрыемстваў па аддзяленні ісламу ад дзяржавы (лаіцызм). У 1925—28 прыняты новыя, на еўрап. ўзор. крымінальны і грамадз. кодэксы. забаронена мнагажонства, уведзены еўрап. каляндар. еўрап. адзенне. тур. мова пераведзена на лац. алфавіт замест арабскага. Гал. зместам эканам. палітыкі стаў этатызм — палітыка дзярж. капіталізму. У ходзе рэформ канчаткова вызначылася ідэалогія кемалізму (або атацюркізму) — адной з плыняў тур. нацыяналізму. Пасля смерці ў 1938 Атацюрка прэзідэнтам Т. стаў яго бліжэйшы паплечнік І.Інёню. З пач. 2-й сусв. вайны Т. абвясціла нейтралітэт, толькі ў лют. 1945 тур. ўрад абвясціў вайну Германіі.
Першыя пасляваен. гады адзначаны змякчэннем паліт. рэжыму і яго дэмакратызацыяй, дазволена шматпартыйнасць. Найб. уплывовай з новых партый стала Дэмакр. партыя (ДП), створаная ў 1946. У гэты час вызначылася збліжэнне Т. з ЗША і краінамі Захаду, яна была ўключана ў Маршала план. На парламенцкіх выбарах перамагла ДП, прэзідэнтам Т. стаў яе лідэр М.Дж.Баяр, кіраўніком урада — А.Мендэрэс. У час кіравання ДП (1950—60) унутрыпаліт. становішча ў Т. абвастрылася. Атрымаўшы шэраг ільгот, замежныя манаполіі пацяснілі слабы тур.нац. капітал. Імкнучыся задушыць апазіцыю пад выглядам барацьбы з «інтрыгамі камунізму», урад ДП парушаў канстытуцыйныя нормы. У гэтых умовах у маі 1960 адбыўся ваен. пераварот, які прывёў да ўлады К-тнац. адзінства (КНА) на чале з ваеннымі. Была скасавана канстытуцыя 1924, распушчаны парламент і забаронена ДП. КНА падрыхтаваў праект новай канстытуцыі, ухвалены на рэферэндуме ў ліп. 1961. Найважн. рысай 2-й рэспублікі (1961—80) стала ўсталяванне сапраўднай шматпартыйнасці. У 1960—70-я г. Т. ператварылася ў аграрна-індустр. краіну. Але дзярж. кіраўніцтва не змагло забяспечыць устойлівы эканам. рост, уладзіць вострае саперніцтва паміж прыхільнікамі этатызму і прыхільнікамі лібералізацыі. Нарастанню крызіснай сітуацыі садзейнічаў левы і правы экстрэмізм. У вер. 1980 ваен. кіраўніцтва Т. здзейсніла пераварот. Улада перайшла да Савета нац. бяспекі на чале з ген. К.Эўрэнам. У 1982 прынята новая канстытуцыя. Фактычна абвешчаны курс пабудовы рэжыму «кіруемай дэмакратыі», узрасла роля выканаўчай улады. На выбарах 1983 перамагла Партыя Бацькаўшчына (ПБ) на чале з Т.Азалам. Урад Азала (у 1989—93 прэзідэнт Т.) ажыццяўляў палітыку лібералізацыі эканомікі, умацавання рыначных адносін і адмовы ад жорсткага дзярж. рэгулявання, што спрыяла хуткаму эканам. росту Т. ў 1980-я г. Пасля смерці Азала ў 1993 прэзідэнтам Т. стаў лідэр. Партыі сапраўднага шляху С.Дэмірэль, прэм’ер-міністрам — Т.Чылер (1-я ў Т. жанчына на гэтай пасадзе). На выбарах у снеж. 1995 перамагла Партыя дабрабыту на чале з Н.Эрбаканам, якая стаяла на ісламісцкіх пазіцыях. Гэта прывяло да скарачэння замежных інвестыцый і пагаршэння эканам. становішча. Пад націскам ваенных у чэрв. 1997 Эрбакан падаў у адстаўку. На парламенцкіх выбарах у крас. 1999 перамагла Дэмакр. левая партыя на чале з Б.Эджэвітам, які стаў прэм’ер-міністрам Т. Але працяг сац.-эканам. крызісу прывёў у кастр. 2002 да ўлады кансерватыўную Партыю справядлівасці і развіцця (прэм’ер-міністр А.Гюль). На працягу ўсяго існавання Тур. Рэспублікі адной з гал. застаецца праблема Курдыстана. Курс Атацюрка на стварэнне нац.тур. дзяржавы адмаўляў правы нац. меншасцей, найб. з якіх курды цярпелі ад прымусовага атурэчвання. У 1979 засн. Курдская рабочая партыя (КРП) на чале з А.Аджаланам, якая з 1984 вяла ўзбр. барацьбу супраць цэнтр.тур. ўрада. Арышт Аджалана ў 1999 і адмова ў 2000 КРП ад узбр. барацьбы прыпынілі ваен. канфлікты, якія забралі жыцці дзесяткаў тыс.чал., але курдскае пытанне так і не вырашана. Распад СССР прывёў да аднаўлення ў кіруючых колах Т. элементаў панцюркізму ў новай рэдакцыі, што праяўляецца ў спробах тур. ўрада пашырыць свой уплыў у цюркскіх рэспубліках б.СССР. Т. — чл.ААН (з 1945). Дыпламат. адносіны Т. з Рэспублікай Беларусь усталяваны ў сак. 1992.
У Т. легальна дзейнічаюць паліт. партыі: Партыя справядлівасці і развіцця; Нар.-рэсп. партыя; Дэмакр. левая партыя, Партыя Бацькаўшчына, Партыя сапраўднага шляху, Партыя дабрадзейнасці, Партыя нац. руху, партыя “Новая Турцыя”, партыя Вялікага адзінства, Партыя за дэмакр. Турцыю, Партыя нар. дэмакратыі (пракурдская).
Гаспадарка. Т. — індустр.-агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае 6600 дол. (2000). Каля 30% яго ствараецца ў прам-сці, каля 20% — у сельскай гаспадарцы, каля 50% — у абслуговых галінах. У прам-сці развіты здабыўная і апрацоўчыя галіны. Найб. значэнне мае здабыча бурага (45—55 млн.т штогод, Зах. Анатолія) і каменнага (3 млн.т, раён г. Зангулдак) вугалю, нафты (4 млн.т), жал. руды (4 млн.т), храмітаў, марганцавай, меднай, свінцова-цынкавай руд, сурмы, ртуці, серы, буд. матэрыялаў. У 1998 атрымана 106,7 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. Каля 34% яе атрымліваюць на ГЭС (каскад на Еўфраце і інш.), каля 66% — на ЦЭС. У чорнай металургіі выплаўляецца каля 12 млн.т сталі. Палавіну сталі даюць 3 дзярж. камбінаты поўнага цыкла (гарады Карабюк, Эрэглі, Іскендэрун), працуюць 15 прыватных міні-заводаў (раён Ізміра). У каляровай металургіі выплаўка алюмінію, свінцу, цынку, медзі. Развіта шматгаліновае машынабудаванне. Штогод выпускаецца каля 15 тыс. грузавых аўтамабіляў і цягачоў, 5—7 тыс. аўтобусаў, 160—200 тыс. легкавых аўтамашын, 20 тыс. трактароў; суднабудаванне, выпуск чыг.трансп. сродкаў, авіяц.прам-сць. Ёсць прадпрыемствы прыладабудавання, радыёэлектроннай і электратэхн. прам-сці. Працуюць 5 нафтаперапр. прадпрыемстваў (магутнасць 33,5 млн.т за год), 2 нафтахім. комплексы, газавыя з-ды, прадпрыемствы па выпуску хімікатаў і ўгнаенняў. У лёгкай прам-сці найб. развіты тэкст. (баваўняная, шарсцяная, шаўковая), трыкат., дыванаткацкая, гарбарна-абутковая. Шмат прадпрыемстваў харч. прам-сці. Найб. развіты мукамольная, садавіна- і агароднінакансервавая, цукр., мяса-малочная. 60% прадукцыі апрацоўчай прам-сці выпускаюць прадпрыемствы Стамбула, Ізміра. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца 40 млн.га зямлі, у т. л. пад ворывам каля 24,7 млн.га, пад шматгадовымі насаджэннямі — 3 млн.га, пад пашай — 12,3 млн.га. 90% зямель у прыватнай уласнасці, у т. л. 2/3 належаць буйным і сярэднім уласнікам. Каля 40% сялян — арандатары. Вядучая галіна — раслінаводства (2/3 кошту с.-г. прадукцыі), асн. яго раёны — прыбярэжныя нізіны і міжгорныя катлавіны. Значная частка зямель арашаецца. 82% пасяўной пл. пад збожжавымі. Збор (2000, млн.т): пшаніцы — 17,5, ячменю — 8,2. Вырошчваюць таксама кукурузу, жыта, авёс, проса, рыс, бабовыя. З тэхн. культур найб. значэнне маюць (збор, 1998, млн.т); бавоўнік-сырэц — 2,1, цукр. буракі — 18,5, сланечнік — 0,8, тытунь — 0,2. Агародніцтва, вінаградарства, садоўніцтва. Вырошчваюць інжыр (каля 240 тыс.т штогод), фундук (400 тыс.т), абрыкосы, персікі, слівы, яблыкі, цытрусавыя, аліўкі і інш. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, выкарыстоўвае пашы ў гарах і сухіх стэпах. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 11,2, авечак 30,2, коз 8,4 (у т. л. ангорскія), буйвалаў 0,2. Гадуюць таксама коней, аслоў, мулаў, вярблюдаў. Птушкагадоўля, развядзенне тутавага шаўкапрада, пчалярства. Развіта марское рыбалоўства (у 1999 вылаўлена 500,3 тыс.т рыбы). Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Даўж. (тыс.км, 2000): аўтадарог з цвёрдым пакрыццём — 59, чыгунак — 8,4. У краіне 3,3 млн. легкавых, 1,05 млн. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (2000). Т. мае гандл. флот агульнай грузападымальнасцю 4 млн.т. Гал. марскія парты: Стамбул, Ізмір, Самсун, Іскендэрун. Сетка нафта- і газаправодаў, у т. л. міжнародныя. У краіне 26 буйных аэрапортаў, у т. л.міжнар. ў Стамбуле, Анкары, Ізміры, Адане. У 2000 экспарт склаў 21,6 млрд.дол., імпарт — 33,7 млрд.дол. У экспарце пераважаюць тэкст. і швейныя вырабы, чорныя металы, садавіна і арэхі, тытунь, электраэнергія (у Балгарыю і Румынію), у імпарце — нафта, газ, прамысл. сыравіна, машыны і абсталяванне. Гал.гандл. партнёры: краіны ЕС (да 60% экспарту і 50% імпарту), ЗША, краіны Паўд.-Зах. Азіі. Знешні доўг больш за 60 млрд.дол. (2000). Т. — краіна развітога турызму і адпачынку на марскіх узбярэжжах. Штогод наведваюць 10—12 млн. турыстаў, даход перавышае 5 млрд.дол. Для пакрыцця адмоўнага знешнегандл. балансу маюць значэнне таксама грашовыя пераводы грамадзян, якія працуюць за мяжой. Грашовая адзінка — турэцкая ліра.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (каля 615 тыс.чал., 2002) і ваенізаваныя фарміраванні, або жандарскія войскі (больш за 130 тыс.чал.). Камандуючы ўзбр. сіламі — нач.Ген. штаба (прызначаецца прэзідэнтам і яму падпарадкоўваецца). Камплектаванне: служаць паводле прызыву больш за 480 тыс.чал., па кантракце каля 133 тыс.чал.; тэрмін службы паводле прызыву — 18 месяцаў. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА, ВМС. У сухап. войсках каля 500 тыс.чал., больш за 3,8 тыс. танкаў, 4,2 тыс. браніраваных машын, у т. л. каля 500 баявых машын пяхоты, 4,1 тыс.артыл. сістэм, у т. л. 102 рэактыўныя сістэмы залпавага агню, 259 пускавых установак процітанк. кіроўных ракет, а таксама больш за 1600 гармат зенітнай артылерыі, 890 пераносных зенітна-ракетных комплексаў, 243 баявыя верталёты. У ВПС і ППА больш за 63 тыс.чал., 457 баявых і 96 трансп. самалётаў, 92 пускавыя ўстаноўкі зенітных ракетных комплексаў і інш. У ВМС каля 54 тыс.чал., 115 баявых караблёў, 13 падводных лодак, 16 трансп. верталётаў.
Ахова здароўя. Існуе дзярж., страхавая, прыватная медыцына. Большасць мед. кадраў сканцэнтравана ў гарадах. Дзярж. цэнтры і пункты аховы здароўя бясплатна даюць лякарствы для лячэння інфекц. хвароб і аказваюць мед. дапамогу насельніцтву сельскіх раёнаў і бяднейшым слаям гар. насельніцтва. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 71, жанчын 76 гадоў. Узровень нараджальнасці — 18 на 1 тыс.чал. Смяротнасць — 6 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,3%. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 431 чал., урачамі — 1 на 867 чал. Дзіцячая смяротнасць 33 на 1 тыс. нованароджаных (2001).
Асвета. У сістэме адукацыі Т. дашкольныя ўстановы (для дзяцей ад 3 да 6—7 гадоў), агульнаадук. школы, прафес.-тэхн. і вышэйшыя навуч. ўстановы. У агульнаадук. школу ўваходзяць абавязковая 8-гадовая базавая (5 гадоў навучання ў пач. школе і 3 гады ў няпоўнай сярэдняй) і поўная сярэдняя школа (ліцэй) — 3—4 гады навучання пасля базавай школы. У першы год навучанне ў ліцэі вядзецца па адзінай праграме, у наступныя гады навучэнцы размяркоўваюцца па профілях (гуманітарны і прыродазнаўча-матэматычны). Прафесійна-тэхн. адукацыю набываюць у тэхн. і прафесійных ліцэях. У сістэме вышэйшай адукацыі 75 ун-таў, з іх 22 прыватныя (2002). Буйнейшыя дзярж.ВНУ: Стамбульскі універсітэт, Стамбульскі тэхн.ун-т, ун-т Багазічы і тэхн. Йылдыз (усе ў Стамбуле), ун-ты Анкарскі, Хаджэт-Тэпе, Газі, тэхн. Орта Догу (усе ў Анкары); Акдэніз (г. Анталья), Анадолу (г. Эскішэхір), Тракія (г. Эдырне), Эге і Докуз Ейлул (г. Ізмір), тэхн. Карадэніз (г. Трабзон), ун-т імя Джэляля Баяра (г. Маніса). Найб. б-кі: Нац., ун-та Білкент (Анкара). У Т. больш за 130 музеяў, найб. з іх археал. (г. Адана), анаталійскіх цывілізацый (Анкара), турэцкага і ісламскага мастацтва, палацаў Тапкапы і Йылдызскага (усе ў Стамбуле), падводнай археалогіі (г. Мугла), пад адкрытым небам «Эфес» і «Сельджукі» (г. Ізмір). Навук. даследаванні вядуцца ў Акадэміі навук Т. і ун-тах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1998 у Т. каля 830 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Hürnyet» («Свабода», з 1948), «Sabah» («Раніца», з 1985), «Milliyet» («Нацыя», з 1950), «Günaydin» («Добры дзень», з 1968), «Cumhuriyet» («Рэспубліка», з 1923). Інфарм. агенцтвы: Анаталійскае (АА; з 1920, акц.т-ва, падтрымліваецца дзяржавай) і Анкарскае (АНКА; з 1950, прыватнае). Радыёвяшчанне з 1927. Тэлебачанне з 1968. Дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуе Турэцкая радыётэлевізійная карпарацыя (засн. ў 1964 як Т-ва радыё і тэлебачання Т.). Мае 6 тэлевізійных і 4 радыёканалы. Функцыянуюць таксама 16 прыватных тэле- і радыёкампаній.
Літаратура. Развіваецца на турэцкай мове. Вытокі л-ры ў даісламскім агульнацюрк. фальклоры і пісьмовых помніках (эпас «Агуз-намэ» і інш.). Асн. формы нар. творчасці — ліра-эпічны жанр дастан, 4-радковыя песні «мані», полістрафічныя лірычныя песні «цюркю», прыказкі, каламбуры, анекдоты (пра Хаджу Насрэддзіна і інш.). Вальнадумствам вылучалася творчасць нар. паэтаў Юнуса Эмрэ, Піра Султана Абдала. Першыя пісьмовыя помнікі (13 ст.) мелі рэліг. характар (суфійскія творы Дж.Румі, Султана Веледа, Ашык-пашы). Побач з нар. і суфійскай л-рай узнікла т.зв. прыдворная паэзія, якая адлюстроўвала эстэт. погляды султанскага двара і вышэйшай знаці. Лексіка паэзіі дывана насычана арабізмамі і фарсізмамі, адметная дасканаласцю формы (творы Неджаці, Міхры Хатун, М.Бакы, А.Недыма). Заняпад Асманскай імперыі (з 17 ст.) выклікаў развіццё сатыр. і павучальнай л-ры (творы А.Нефі, Ю.Набі). Ствараліся таксама трактаты, мемуары, кнігі падарожжаў (Эўлія Чэлебі). У 18 ст. ў суфійскай паэзіі вылучылася творчасць Шэйха Галіба (паэма «Прыгажосць і каханне»). У 1830—70-я г. развівалася т.зв. л-ра Танзімату (пісьменнікі і публіцысты І.Шынасі, Зія-паша, Намык Кемаль, Ахмет Мідхат, С.Шэмсецін і інш.), якая мела асветніцкі характар. Наватарскімі пошукамі вылучалася паэзія А.Х.Тархана і М.Э.Рэджаізадэ. У 1890-я г. пры час. «Serveti fünun» («Багацце навук») узнікла літ. група (кіраўнік паэт Тэўфік Фікрэт). У прозе канца 19 — пач. 20 ст. з’явіліся матывы «маленькага чалавека» (заснавальнік рэаліст. рамана Х.З.Ушаклыгіль, Ахмет Хікмет, Х.Р.Гюрпынар, Р.Мехмет). Пасля младатур. рэвалюцыі 1908 у л-ры акрэсліліся 3 кірункі: асманісты (апявалі эпоху асманскіх заваяванняў і распрацоўвалі пераважна інтымныя матывы; Я.К.Беятлы, Ахмет Хашым); панцюркісты (прапагандавалі тэорыі аб’яднання ўсіх цюркаў у міфічную дзяржаву Туран; З.Гёкальп, Х.Э.Адывар, Мехмет Эмін); прыхільнікі нац. кірунку (рэалістычна адлюстроўвалі адсталасць тур. вёскі; Р.Х.Карай, Ака Гюндзюз, А.Сейфеддзін). Гал. тэма л-ры 1920—30-х г. — нац.-вызв. барацьба тур. народа (раманы «Вогненная кашуля» Адывар, «Садом і Гамора» Я.К.Караасманаглу, «Зялёная ноч» Р.Н.Гюнтэкіна, «Зорка Дыкмена» Акі Гюндзюза, «Незалежнасць» Р.Мехмета). Група т.зв. кемалісцкіх пісьменнікаў аддавала перавагу абароне новых ідэалаў чалавека і грамадства, абгрунтоўвала тэзіс класавай гармоніі і «самабытнага шляху» развіцця Т. Пісьменнікі левага кірунку шукалі шляхі да змены парадкаў, папярэджвалі пра пагрозу фашызму. Рэв.-дэмакр. кірунак у л-ры ўзначальвалі Назым Хікмет Ран, Садры Эртэм, Сабахацін Алі, Суад Дэрвіш. Дэмакр. ідэі развівалі паэты т.зв. Трыножніка (Архан Велі Канык, М.Дж.Андай, А.Р.Харазджу). У 1950—70-я г. ў л-ры Т. праявіліся мадэрнісцкія плыні — «другое новае» ў паэзіі і «новыя раманісты» ў прозе; адначасова ўмацаваліся пазіцыі сац. л-ры (п’есы і вершы Назыма Хікмета, раманы Архана Кемаля, Яшара Кемаля, Факіра Байкурта, п’есы Халдуна Танера, сатыр. апавяданні і п’есы Азіза Несіна і інш.), развіваўся «вясковы раман» (Яшар Кемаль, Махмуд Макал, Факір Байкурт і інш.). Празаік Кемаль Тахір зноў вярнуўся да тэмы нац.-вызв. барацьбы (раманы «Людзі паланёнага горада», «Стомлены баец»). У паэзіі сац. і грамадз. матывы распрацоўвалі Ф.Х.Дагларджа, Б.Неджатыгіль, Б.Р.Эюбаглу. У л-ры 1980—90-х г. вядучае месца займалі творы пісьменнікаў Э.Оза, І.Гюнея, Й.Бекіра, Э.Тоя, Д.Акчама, А.Аз’ялчынера і інш. Развіваюцца драматургія і літ.-знаўства. У 1970 створаны Саюз дзеячаў мастацтваў Т. Паасобныя творы Назыма Хікмета, Сабахаціна Алі, Суада Дэрвіша, С.Шырвані на бел. мову перакладалі М.Аўрамчык, А.Вялюгін, У.Дубоўка, А.Зарыцкі, У.Паўлаў, А.Русецкі, М.Танк і інш.
Архітэктура. На тэр. Т. захаваліся помнікі першабытнага мастацтва, дзяржаў стараж. Усходу (гл.Хеты, Урарту). У М. Азіі развіваліся культуры, што ўваходзілі ў сістэмы эгейскай і элінскай цывілізацый, дзяржаў эпохі элінізму (гл.Эгейскае мастацтва, Эліністычнае мастацтва), Рым. імперыі, Візантыі (царква св. Ірыны ў Стамбуле, 6 ст.). З утварэннем у 12—13 ст. Сельджукскага (Канійскага) султаната склалася маст. культура, што спалучала мясц. малаазійскія культ. традыцыі з іранскімі, іракскімі, арм. і азербайджанскімі. У гарадах узводзілі манум. палацы, караван-сараі, мячэці (Алаадзіна ў Коньі, 1156—1220), медрэсэ з багатым разным дэкорам на партале (Каратай-медрэсэ ў Коньі, 1252), кампактнымі аб’ёмамі, маўзалеі, лазні. З 14 ст. будавалі велічныя крэпасці з высокімі абарончымі вежамі на берагах праліва Басфор, каля Канстанцінопаля (Анадалухісары, канец 14 ст., Румеліхісары, 1452), інтэнсіўна развіваліся гарады (Бурса, Эдырне). Грамадз. і культавыя пабудовы набылі большую відовішчнасць, ускладненасць прасторавых і пластычных эфектаў, у аздобе інтэр’ераў выкарыстоўвалася паліхромная керамічная абліцоўка: мячэць Ешыль-джамі (Зялёная мячэць; 1413—21, дойлід Хаджы Іваз) і маўзалей Ешыль-цюрбэ (Зялёны маўзалей) Мехмеда I Чэлебі (1420—21) у Бурсе, мячэць Уч Шэрэфелі ў Эдырне (1437—47), грамадскія лазні, крытыя базары. У 15—16 ст. у час росквіту асманскай архітэктуры сфарміравалася нац.буд. школа. У гарадах узводзілі вял. комплексы палацавых, гандл., навуч. і інш. збудаванняў. Вылучаецца комплекс султанскага палаца ў Стамбуле (з 18 ст.наз. Тапкапы): павільёны Чынілі-кёшк (Кафельны павільён; 1472), Ерэванскі (1635), Багдадскі (1638), Мустафы-пашы (1704), Меджыдые (1840), б-ка Ахмеда III (1719), кухні, гарэм, парк, сады; цяпер музей. На аснове візант. дойлідства выпрацаваны тып манум. цэнтрычнай купальнай мячэці з 4 высокімі мінарэтамі па вуглах будынка, з багатай керамічнай абліцоўкай інтэр’ера. Станаўленне класічнай тур. архітэктуры звязана з творчасцю Сінана. У 17 ст.грамадз.буд-ва было ў заняпадзе. Культавае дойлідства апіралася на традыцыі 16 ст. (мячэць Ахмеда I, т.зв. Блакітная мячэць, у Стамбуле, 1609—17, дойлід Мехмет-ага). У 18—19 ст. у буд-ве выявілася сувязь з еўрап. стылямі, развіваліся элементы рэтра і эклектычных вырашэнняў. З сярэдзіны 19 ст. пачалося комплекснае планаванне горадабудаўніцтва паводле зах. узораў. Старыя часткі горада (у Стамбуле, Ізміры і інш.) захавалі ўсх. нерэгулярную планіроўку, у новых ствараліся шырокія праспекты, дзелавыя цэнтры з банкамі, офісамі, атэлямі, біржамі. Пабудовам 1-й пал. 20 ст. архітэктары імкнуліся надаць нац. характар шляхам капіравання форм сельджукскага і асманскага дойлідства (Этнагр. музей у Анкары, 1927; творчасць Кемаледдзіна, Ведата Тэка). Гарады забудоўваліся паводле генпланаў (Анкара і інш.), будавалі ў духу функцыяналізму, неакласіцызму, а таксама ў сучасных стылях (творчасць С.Х.Эльдэма, Э.Аната і інш.). У 2-й пал. 20 ст. створаны рэгіянальны стыль канструктывізму з выкарыстаннем зах. і ўсх. прынцыпаў: маўзалей Кемаля Атацюрка ў Анкары (1944—53, арх. Анат, А.Арда), атэль «Хілтан» (1952, амер. фірма «СОМ» з арх. Эльдэмам), прамысл. банк (1972, арх. М.Хепгюлер) у Стамбуле. У 1925 створана Аб’яднанне тур. архітэктараў у Стамбуле, у 1954 — Саюз палат тур. інжынераў і архітэктараў у Анкары.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У 12—13 ст. развіваліся ткацтва, дыванаробства, маст. апрацоўка металу, разьба па дрэве. У 16 ст. дасягнула росквіту мастацтва мініяцюры, у якім побач з традыцыйным кірункам іранскай мініяцюры сефевідскага перыяду, акрэсліліся самабытныя рысы (рытмізаваныя шматфігурныя сцэны, рэзкія лініі малюнка, яркія лакальныя колеры; Насух, Асман і інш.). Сярод дэкар. мастацтваў вядучае месца займала арх. (пано і фрызы з плітак з падпаліўнай арнаментальнай размалёўкай) і быт. (пасудзіны са шматколернымі рэалістычнымі кветкавымі матывамі) кераміка. У 16—17 ст. росквіту дасягнулі дыванаробства (цэнтр. Ушак; «медальённыя», «зоркавыя» дываны), маст. апрацоўка косці, скуры, металу. У 2-й пал. 17—18 ст. мініяцюра набыла рысы еўрап. жывапісу, узнік жывапіс (Леўні). Значнае развіццё атрымала каліграфія, цесна звязаная з мініяцюрай. Пад еўрап. уплывам у 2-й пал. 19 ст. жывапісцы працавалі ў духу акадэмізму, рэалізму (Асман Хамдзі, С.Сейіт-бей). У пач. 20 ст. пашырыліся імпрэсіянізм і постімпрэсіянізм (Н.З.Гюран, І.Чалы, Ф.Дуран, Х.А.Ліфіж), праніклі рысы экспрэсіянізму, кубізму і канструктывізму, з 1950-х г. — абстрактнага мастацтва. Для творчасці шэрагу мастакоў 2-й пал. 20 ст. характэрна спалучэнне вопыту навейшых еўрап. плыней з традыц. відамі мастацтва (М.Аслыер, І.Балабан, Н.Берк, Х.Гезер, Дж.Талу). Развіваюцца традыц. віды дэкар.-прыкладнога мастацтва.
Музыка. Нар. песні ў сваёй аснове дыятанічныя, вызначаюцца ладавай разнастайнасцю. Побач з простымі, пераважна цотнымі, метрамі трапляюцца мяшаныя. Песні часцей выконваюцца унісонна з інстр. суправаджэннем. Нар. танцы звязаны з абрадамі, прац. працэсамі, рэліг. культам. Многія з іх суправаджаюцца ігрой на муз. інструментах, часам са спевамі. Сярод муз. інструментаў: балабан, зурна, кавал (духавыя), кеманча, саз (стр.), давул, дэф, дарабука (ударныя). З канца 16 ст. ў Т. пранікае еўрап. музыка, на якую, у сваю чаргу, паўплывала тур. музыка (гл.Янычарская музыка). У развіццё нац.прафес. музыкі значны ўклад зрабілі Бухуры-задэ Мустафа Ітры-эфендзі (2-я пал. 17 ст.), Дз.Кантэмір, Дж.Даніцэці (1-я пал. 19 ст., яго вучні сталі пачынальнікамі тур. кампазітарскай школы). З 19 ст. развіваецца жанр аперэты. Першая тур. аперэта — «Леблебіджы» («Гандляр гарохам») Т.Чухаджана (1875). У 1930—40-я г. вылучыліся нац. кампазітары: А.А.Сайгун, Дж.Р.Рэй, У.Дж.Эркін, Н.К.Аксес, Х.Ф.Алнар. Сярод вядучых музыкантаў Т. 2-й пал. 20 ст.: кампазітары С.Х.Арэль, Н.Кадалы, М.Сун, Б.Тарджан, Ф.Цюзюн, І.Усманбаш; дырыжоры Рэй, Г.Айкал; піяністы І.Бірэт, Д.Сайдам, М.Фенмен; скрыпачы С.Кан, А.Эрдуран; спевакі А.Баран, А.Гюн, А.Манізадэ, М.Чагалы; выканаўца нар. песень З.Мюрэн; даследчыкі фальклору Арэль, Г.Арансай, Сайгун, М.З.Эзгі. У Т. дзейнічаюць: Анкарская дзярж. опера (1949), Стамбульскі дзярж.т-р оперы і балета (1960), Стамбульскае (1946) і Анкарскае (1953) філарманічныя т-вы, Прэзідэнцкі аркестр у Анкары, Стамбульскі (1945) і Ізмірскі (1962) дзярж.сімф. аркестры, Анкарская (1936), Ізмірская (1951) і Стамбульская дзярж. (1973) і Стамбульская муніцыпальная (1923) кансерваторыі. З 1972 штогод праводзіцца міжнар.муз. «Стамбульскі фестываль мастацтваў».
Тэатр. Пачатак развіцця прафес.т-ра Т. ў традыц. формах нар. творчасці — лялечны і ценявы т-ры (карагёз), плошчавыя гульнявыя прадстаўленні (орта оюну), выступленні апавядальнікаў-імправізатараў (меддахаў). У 19 ст. ў Стамбуле гастраліравалі еўрап.тэатр. трупы. У 1869—84 працаваў т-р «Гедык-паша» (кіраўнік А.Вардавян, псеўд. Гюлю Акоп), у рэпертуары якога п’есы тур. пісьменнікаў (А.Мідхат, Н.Кемаль і інш.), сусв. класіка. Першыя тур. акцёры А.Фехім, А.Неджып і інш. У 1879 А.Вефік-паша стварыў т-р у г. Бурса (існаваў 3 гады), у які ўвайшлі і акцёры т-ра «Гедык-паша». На мяжы 19—20 ст. вылучаўся т-р «Тулуат» (Т-р імправізацыі). Пасля 1908 з’явіліся паўпрафес. і аматарскія т-ры. У 1914 у Стамбуле адкрыўся нац.т-р «Дарульбедайі Асмані» (Асманскі храм мастацтва, з 1934 — Гар.т-р), які з 1927 узначальваў М.Эртугрул. Ставіліся п’есы Фарука Нафыза, Бехчэта Кемаля Чаглара, Назыма Хікмета і інш. Пасля 1923 узніклі т-ры ў Анкары, Адане, Ізміры і інш., у 1934 — дзіцячы т-р. Некат. трупы папулярызуюць стараж. мастацтва карагёз і орта оюну. У 1960-я г. павялічылася колькасць прыватных т-раў. У рэпертуары пераважае нац. драматургія, ставяцца п’есы замежных аўтараў. Сярод дзеячаў сцэны: Б.Алчан, Дж.Гёкчэр, М.Джанава, Э.Джэзар, Х.Дармен, В.Забу, І.Кентэр, Г.Суруры, Эркал і інш. Штогод праводзіцца Стамбульскі тэатр. фестываль. У 1993 традыц.т-р ценяў «Карагёз» удзельнічаў у 2-м Міжнар. фестывалі т-раў лялек у Мінску.
Кіно. У 1914 аператар Ф.Узкынай зняў першы дакумент. фільм. З 1915 відавыя і дакумент. фільмы здымала Цэнтр. армейскае ўпраўленне па пытаннях кінематаграфіі. Першыя маст. фільмы — «Пяцярня» і «Лазутчык» (1917, рэж. Седат Сімаві). У 1919—22 кінематаграфіяй кіравала Т-ва дапамогі інвалідам і ветэранам вайны. Сярод пастановак: «Гувернантка» (1919) і «Біназ» (1920, рэж. абодвух А.Фехім), трылогія «Настаўнік Біджан-эфецдзі», «Сон Біджан-эфендзі» і «Эканом Біджан-эфендзі» (1921, рэж. Ш.Карагёзаглу). У 1919 браты К. і Ш. Седэнь стварылі ў Стамбуле першую кінафабрыку па пракаце фільмаў (з 1922 кінастудыя «Кемаль-фільм»). Яе гал.рэж. М.Эртугрул экранізаваў некалькі аперэт, зняў карціны на гіст. і тагачасныя тэмы («Вогненная кашуля», 1923, і інш.), у 1928 ён узначаліў кінафірму «Іпек-фільм», дзе зняў першы гукавы фільм «На вуліцах Стамбула» (1931) і кінааповесць «Нацыя прачынаецца» (1933). У 1950—60-я г. ў кіно Т. распрацоўвалася сац. праблематыка: «Белая хустка», «Чырвоная рака» (1955, 1967, рэж. Л.Акад), «Помста змей» (1962, рэж. М.Эрксан), «Бясконцая дарога» (1965, рэж. Д.Сахыраглу) і інш. Значная з’ява ў кінематографе Т. 1970-х г. — фільмы рэж., акцёра і прадзюсера І.Гюнея: «Надзея» (1970), «Смутак», «Бацька» (абодва 1971), «Неспакой» (1975), «Дарога» (1981, з Ш.Гёрэнам, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах) і інш. У 1980-я г. кіно Т. выйшла на міжнар. арэну. Найб. значныя фільмы 1990-х г. атрымалі прызы міжнар. і нац. фестываляў: «Бердэль» (1990, рэж. А.Йылмаз), «Piano, piano, свавольнік!» (1991, рэж. Т.Башаран) і «Блакітнае выгнанне» (1992, рэж. Э.Кірал), «Маё дзяцінства» (1993, рэж. М.Юн), «Хамам» («Турэцкая лазня») (1996, рэж. Ф.Азпетэк), «Лодачнік» (1999, рэж. Б.Ільхан). З 1955 развіваецца жанр навук. і навуч. фільмаў. З 1964 штогод праводзяцца нац. кінафестывалі ў Антальі і Адане. У 1975 створаны Ін-т кінематаграфіі і тэлебачання.
Літ.:
Турция: Новые тенденции экон. развития в 80-е гг.М., 1991;
Новичев А.Д. История Турции. Т. 1—3. Л., 1963—73;
Новейшая история Турции. М., 1968;
Гасратян М.А., Орешкова С.Ф., Петросян Ю.А. Очерки истории Турции. М., 1983;
Миллер А.Ф. Турция: Актуальные пробл. новой и новейшей истории. М., 1983;
Гачечиладзе Р.Г. Турция. М., 1983;
Данилов В.И. Политическая борьба в Турции, 50-е—нач. 80-х гг. XX в.: (Политич. партии и армия). М., 1985;
Турция: История и современность: Сб. ст.М., 1988;
Петросян Ю.А. Османская империя: могущество и гибель: Ист. очерки. М., 1990;
Кинросс Л. Расцвет и упадок Османской империи: Пер. с англ.М., 1999;
Алькаева Л., Бабаев А. Турецкая литература: Краткий очерк. М., 1967;
Утургаури С. Турецкая проза 60—70-х гг.М., 1982;
Гусейнов А.А. Турецкое кино. М., 1978.
З.М.Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), Дз.У.Івасік (узброеныя сілы), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.П.Бабкова (кіно).
Герб і сцяг Турцыі.Да арт.Турцыя. Краявід на Армянскім нагор’і.Да арт.Турцыя. На ўзбярэжжы Эгейскага мора.Да арт.Турцыя. Царква святой Ірыны ў Стамбуле.Да арт.Турцыя. Партал Каратай-медрэсэ ў г. Конья.Да арт.Турцыя. Маўзалей Ешыль-цюрбэ (Зялёны маўзалей) Мехмеда I Чэлебі ў Бурсе.Да арт.Турцыя. Комплекс палаца Тапкапы ў Стамбуле.Да арт.Турцыя. Этнаграфічны музей у Анкары.Да арт.Турцыя. Крэпасць Румеліхісары.Да арт.Турцыя. Мячэць Селіма II у Эдырне. Архітэктар Сінан.Да арт.Турцыя. Дыван. 15 ст.Да арт.Турцыя. Цырыманіяльны трон. 16 ст.Да арт.Турцыя. Насух. Мініяцюра кнігі Сулеймана. 16 ст.Да арт.Турцыя. Каліграфічная кампазіцыя ў выглядзе птушкі. 17 ст.Да арт.Турцыя. Стамбульскі дзяржаўны т-р оперы і балета. Сцэна з аперэты «Цыганскі барон» І.Штрауса.Да арт.Турцыя. Прэзідэнцкі сімфанічны аркестр.