ВАНАДЫНІ́Т,

мінерал класа ванадатаў, хлорванадат свінцу, Pb5[Cl/(VO4)3]. Прымесі кальцыю, фосфару, мыш’яку. Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Крышталі прызматычныя, пупышкападобныя і зямлістыя масы. Колер чырвоны, карычневы, жоўты. Бляск смалісты да паўалмазнага. Цв. 2,75—3. Шчыльн. 6,9 г/см³. Трапляецца ў зонах акіслення свінцовых радовішчаў. У вял. скопішчах — ванадыевая руда (радовішча Берг-Аўкас, Намібія).

Ванадыніт.

т. 3, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНКУ́ВЕР (Vancouver),

востраў у Ціхім ак., самы вял. каля зах. берагоў Паўн. Амерыкі, у складзе Канады. Пл. 32,2 тыс. км². Рэльеф гарысты, выш. да 2200 м. Берагі фіёрдавыя. Клімат умераны марскі, вільготны. Хвойныя лясы. Лесанарыхтоўкі. Рыбалоўства. Здабыча вугалю і жал. руды. Нац. парк Пасіфік-Рым. Гал. горад і порт — Вікторыя. Названы ў гонар Дж.Ванкувера.

т. 3, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАХТА́НГА ЗАКО́НЫ,

кодэкс феад. права Грузіі, складзены ў 1705—08 пад кіраўніцтвам цара Картлі Вахтанга VI. Складаюцца з вытрымак з Бібліі, візант., арм. і груз. законаў і ўласна Улажэння Вахтанга VI. Вахтанга законы юрыдычна аформілі прыгоннае права; фактычна дзейнічалі па ўсёй Грузіі, а некаторыя законы — і пасля далучэння Грузіі да Расіі (пач. 19 ст.).

т. 4, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РНЕР (Werner) Мар’яна, спявачка і драм. актрыса 2-й пал. 18 ст. У 1783—85 актрыса прыдворнага т-ра К.​С.​Радзівіла Пане Каханку ў Нясвіжы. У ліст. 1785 заключыла паўторны кантракт як педагог тэатр. школы ў Нясвіжы, паводле якога вучыла дзяцей прыгонных для выступленняў у «камедыхаўзе». Працавала, відаць, да 1791.

Г.​І.​Барышаў.

т. 4, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РХНІ ЕГІ́ПЕТ,

раён Егіпта, які ўключае даліну р. Ніл ад мяжы з Суданам на Пд да шыраты г. Эль-Мінья на Пн. У старажытнасці Верхнім Егіптам называлася ўся асвоеная егіпцянамі даліна Ніла ў адрозненне ад Ніжняга Егіпта, які быў размешчаны ў дэльце Ніла. Мяжа паміж імі праходзіла ў раёне сучаснага г. Каір.

т. 4, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́СТА,

у старажытнарымскай міфалогіі багіня свяшчэннага ачага рым. абшчыны, курыі, дома. Уяўлялі Весту з тварам, закрытым пакрывалам, з чашай, факелам, скіпетрам і паладыем. Круглы храм Весты стаяў на Рым. форуме, унутры яго знаходзіўся ачаг Весты, у якім вясталкі падтрымлівалі вечны агонь. Да аднаго культу з Вестай належалі Пенаты. У стараж.-грэч. міфалогіі Весце адпавядае Гестыя.

т. 4, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСЬ,

прыбалтыйска-фінскае племя. Упершыню ўпамінаецца гоцкім гісторыкам Іарданам у 6 ст. Паводле стараж.-рус. летапісаў, жыло на Белым воз. (Валагодская вобл., Расія), паводле тапанімічных даных, займала тэр. ад усх. Прыладажжа да Белаазер’я. Белаазерская весь з 9 ст. ў складзе Кіеўскай Русі, паступова абрусела. Нашчадкамі весі з’яўляюцца сучасныя вепсы і, верагодна, карэлы-людзікі.

т. 4, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́ТРЫК»,

бел. народны танец. Муз. памер 24. Характэрна паступовае павелічэнне тэмпу да вельмі хуткага. Выканаўцы парамі трайным крокам рухаюцца па крузе, потым кружацца паасобку, то разыходзячыся, то збліжаючыся. Зафіксаваны пісьменнікам У.​Караткевічам у Аршанскім і Рагачоўскім р-нах і падрабязна апісаны ім у рамане «Дзікае паляванне караля Стаха».

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 4, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЗЕ ВО́СТРАЎ,

нізінны востраў у паўн. ч. Карскага м., тэр. Расіі. Пл. 288 км². Выш. да 22 м. Складзены з марскіх пяскоў і глін. Расліннасць арктычнай тундры. Адкрыты ў 1930 экспедыцыяй на параходзе «Георгій Сядоў» і названы ў гонар У.​Ю.​Візе, які ў 1924 тэарэтычна абгрунтаваў існаванне гэтага вострава. Палярная станцыя (з 1945).

т. 4, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬГЕЛЬМІ́НА (Wilhelmina; 31.8.1880, г. Гаага, Нідэрланды — 28.11.1962),

каралева Нідэрландаў [1890—1948]. Дачка нідэрл. караля Вільгельма III. Да 1898 правіла пад апекай маці каралевы Эмы. У 1-ю сусв. вайну выступала за нейтралітэт Нідэрландаў. У 2-ю сусв. вайну эмігрыравала разам з урадам у Лондан (1940). Вярнулася ў сак. 1945. Адраклася ад прастола на карысць сваёй дачкі Юліяны.

т. 4, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)