ГАВА́Р,
газанафтавае радовішча ў Саудаўскай Аравіі, адно з найбуйнейшых у свеце. За 20 км на З ад г. Эль-Хуфуф. Уваходзіць у Персідскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1948, распрацоўваецца з 1951. Пач. запасы нафты 10 136 млн. т, газу 1013 млрд. м³. Паклады на глыб. 1,5—3 км. Шчыльн. нафты 850—865 кг/м³. Свідравіны фантануючыя. Нафтаправоды ў парты Рас-Танура і Янбу.
т. 4, с. 415
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЫ́НЬ,
возера ў Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., у бас. р. Дняпро, за 6 км на У ад г. Рэчыца. Пл. 0,48 км², даўж. 3,62 км, найб. шыр. 180 м, даўж. берагавой лініі каля 7,3 км. Схілы катлавіны выш. да 2 м, параслі хмызняком. Берагі пераважна нізкія, забалочаныя. 2 астравы. На Пн злучана ручаём з воз. Крывы Гіраў, на Пд выцякае ручай у Дняпро.
т. 4, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВАЯ ГАНГРЭ́НА, анаэробная інфекцыя, злаякасны ацёк, кластрыдыяльны міязіт,
цяжкая вострая інфекцыйная хвароба ад пападання ў раны патагенных анаэробаў з роду Clostridium. Мікробы выдзяляюць экзатаксіны і ферменты, якія абумоўліваюць запаленне падскурнай клятчаткі, асабліва мышцаў, а таксама інтаксікацыю арганізма. Найчасцей узнікае на нагах у параненых або як ускладненне адкрытай траўмы. Прыкметы: прагрэсіруючы ацёк, газаўтварэнне ў тканках, некроз. Лячэнне: хірург. апрацоўка ран, супрацьгангрэнозная сываратка, антыбактэрыяльныя прэпараты, у цяжкіх выпадках — ампутацыя.
т. 4, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАКТАЗІДА́ЗЫ,
ферменты класа гідралаз. Паралізуюць адшчапленне галактозы ад алігацукрыдаў, якія маюць гэты монацукрыд. α-галактазідаза спецыфічна расшчапляе α-галактазіды (напр., рафінозы і мелібіёзы). β-галактазідаза (лактаза) гідралізуе лактозу на галактозу і глюкозу. α-галактазідаза ёсць у піўных дражджах і ферментным прэпараце, што атрымліваюць з плесневага грыба Aspergillus oryzae; β-галактазідаза — у пладах міндаля, лактозных дражджах, бактэрыях і плесневых грыбах, у малочнай залозе жывёл.
А.М.Ведзянееў.
т. 4, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬМІРО́ЛІЗ (ад грэч. halmyros салёны + lysis распад), падводнае выветрыванне,
хіміка-мінералагічнае пераўтварэнне першасных адкладаў на дне мора пад уздзеяннем працэсаў растварэння, акіслення і інш. Гальміролізам тлумачаць паходжанне некаторых мінералаў, што ўтвараюцца толькі ў марскіх адкладах (глаўканіт, шамазіт і інш.), падводнае змяненне вулканічных туфаў, якое прыводзіць да ўтварэння бентаніту і інш. разнавіднасцей паглынальных глін. Асабліва спрыяльныя для гальміролізу месцы павольнага адкладання на марскім дне дробных часцінак.
т. 4, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМЕТА́НГІЙ (ад гаметы + грэч. angeion сасуд), спецыялізаваная клетка або шматклетачны палавы орган раслін і грыбоў, у якім развіваюцца гаметы. У некат. грыбоў і водарасцей гаметангій прадстаўлены адной шмат’ядзернай клеткай, змесціва якой без падзелу на гаметы зліваецца са змесцівам другой падобнай клеткі. У ааміцэтаў, аскаміцэтаў, базідыяміцэтаў і вышэйшых раслін з дыферэнцыраванымі паводле полу гаметамі мужчынскія гаметангіі называюцца антэрыдыямі, жаночыя — аагоніямі або архегоніямі.
В.С.Гапіенка.
т. 5, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НА ДЫЁД,
паўправадніковая прылада, у якой пры дасягненні «крытычнай» напружанасці поля ўзбуджаюцца эл. ваганні. Прынцып работы засн. на Гана эфекце. Мае амічныя кантакты (без p-n-пераходаў). Выкарыстоўваецца ў радыётэхніцы ў ланцугах звышвысокай частаты для генерацыі і ўзмацнення ваганняў з частатой ад 0,1 да 100 ГГц і магутнасцю да 200 Вт (у імпульсным рэжыме; у неперарыўным — да 200 мВт), для стварэння хуткадзейных элементаў электронных прылад і інш.
т. 5, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБ,
возера ў Гродзенскім р-не, у бас. р. Нёман, за 37 км на ПнУ ад Гродна, на мяжы з Літвой. Пл. 0,35 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 350 м, даўж. берагавой лініі 3,3 км. Схілы катлавіны на Пн і З выш. 8—10 м (на Пд і У 2—3 м), параслі лесам і хмызняком, на Пд участкі разараныя. Дно выслана сапрапелем.
т. 6, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУНТЫНХУ́,
возера на У Кітая, на Цзянханьскай раўніне, у даліне р. Янцзы. Пл. ад 4—5 тыс. км² зімой (распадаецца на некалькі вадаёмаў) да 10—12 тыс. км² летам; сезонныя ваганні ўзроўню 10—15 м. Глыб. да 8 м. У возера ўпадаюць рэкі Сянцзян, Юаньцзян, Лішуй, Цзьшуй і інш., рэгулюе сцёк р. Янцзы (з якой злучана рукавамі), прымае ўлетку 40—60% яе паводкавых вод. Суднаходства, рыбалоўства.
т. 6, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУЭ́Т (італьян. duetto ад лац. duo два),
1) ансамбль з двух выканаўцаў.
2) Вакальная п’еса для двух галасоў з інстр. суправаджэннем. Часта сустракаецца ў оперы, араторыі, кантаце; у аперэце — вядучы від вак. ансамбля; існуе і як самаст. жанр камернай вак. музыкі.
3) Інстр. п’еса для двух выканаўцаў, а таксама для двух вядучых інстр. галасоў з суправаджэннем. Д. часта называюць і п’есы для аднаго фп. ў 4 рукі.
т. 6, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)