ВІ́ЛЕНСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1656,
пагадненне паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай пра спыненне ваен. дзеянняў і сумесную барацьбу супраць шведскай агрэсіі; падпісана 3.11.1656 у маёнтку Немежы пад Вільняй. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 на землі Літвы і Польшчы ўварваліся (1655) Шведскія войскі Карла Х Густава. Баючыся ўмацавання Швецыі, рас. ўрад пачаў захады для прымірэння з Рэччу Паспалітай. На перагаворы прыбыла рас. дэлегацыя на чале з кн. М.І.Адоеўскім; дэлегацыю Рэчы Паспалітай узначальваў ваявода полацкі Я.Красінскі; пасрэднікам быў аўстр. дыпламат Алегрэці. Не дамовіўшыся пра ўмовы міру, дэлегацыі заключылі перамір’е і вырашылі пачаць сумесныя ваен. дзеянні супраць Швецыі.
П.Р.Казлоўскі.
т. 4, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВИ́ЛЕНСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
афіцыйная газета. Выдавалася Віленскім губернскім праўленнем з 1838 да 28.9(11.10).1916 на рус. мове. Выходзіла ў Вільні, у 1915 (№61—63) у Дзісне, потым у Туле з рознай перыядычнасцю. Мела афіц. і неафіц. аддзелы. У афіц. аддзеле друкаваліся пастановы, распараджэнні, аб’явы, весці цэнтр. і мясц. улад. Неафіц. аддзел (у 1846—63 выходзіў як самаст., газета пад той жа назвай, з 1864 друкаваўся на апошняй старонцы газеты) асвятляў мясц. жыццё, друкаваў артыкулы па гісторыі, геаграфіі, эканоміцы, статыстыцы, культуры, нар. асвеце і інш. У розны час выдаваліся дадаткі да газ. «Асобныя артыкулы», «Дадаткі».
т. 4, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬБУШЭ́ВІЧ Марыя Уладзіміраўна
(Вульфаўна; 1879, г. Гродна — ?),
удзельніца яўр. рабочага і сіянісцкага руху на Беларусі. З канца 1890-х г. чл. мінскага гуртка Бунда. 7.3.1900 арыштавана. У час допытаў нач. Маскоўскага ахоўнага аддзялення С.В.Зубатавым трапіла пад уплыў яго тэорыі аб магчымасці легальнага рабочага руху (гл. Зубатаўшчына). У жн. 1900 вызвалена. Займалася прапагандай зубатаўскіх ідэй у Гродне і Мінску. Адна з заснавальнікаў Яўр. незалежнай рабочай партыі (ЯНРП; чэрв. 1901). Пастаянна інфармавала Дэпартамент паліцыі і Зубатава пра ўсе падрабязнасці руху. Пасля ліквідацыі ЯНРП (1903) уступіла ў гурток рабочых-сіяністаў («Паалей Цыён»). З 1904 у Швейцарыі, потым у ЗША, Палесціне.
М.А.Сакалова.
т. 4, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮДЖЭ́Т РАБО́ЧАГА ЧА́СУ,
рэальны рабочы час аднаго работніка за год, квартал або месяц. Неабходны для вызначэння патрэбы ў работніках (працаёмкасць вытв. праграмы дзеляць на бюджэт рабочага часу) і для разліку даплат да асн. заработнай платы.
Разлічваецца ў сярэднім па прадпрыемстве, цэху, участку ці групах работнікаў, якія маюць аднолькавыя графікі работы і працягласць адпачынку. Вызначаецца вылічэннем з каляндарнага рабочага часу выхадных і святочных дзён, водпускаў, нявыхадаў па хваробе, выкананні дзярж. і грамадскіх абавязкаў, а таксама колькасці гадзін, на якія паменшаны рабочы дзень падлеткаў і маці з груднымі дзецьмі. У справаздачны бюджэт рабочага часу ўключаюць прагулы, цэладзённыя і ўнутрызменныя прастоі.
т. 3, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮРО́ ДАПАМО́ГІ КАМПА́РТЫІ ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ пры ЦК КП(б)Б, называлася таксама «закардоннае бюро». Дзейнічала з ліп. 1924 да 21.2.1925 у Мінску. Створана пры садзейнічанні прадстаўніцтва ЦК КПРП пры Выканкоме Камінтэрна для арганізацыі дапамогі КПЗБ. У розны час у яго ўваходзілі Я.А.Адамовіч, А.М.Асаткін-Уладзімірскі, У.М.Ігнатоўскі, А.І.Крыніцкі, І.К.Лагіновіч (П.Корчык), А.С.Славінскі, А.Р.Чарвякоў. Вяло перапіску па пытаннях паліт. і арганізац. характару з ЦК КПЗБ, які знаходзіўся ў падполлі, аказвала дапамогу ў выданні падп. лры, рабоце друкарняў, фінансавала яго культ.-асв. дзейнасць, рыхтавала кадры для падп. работы ў Зах. Беларусі і інш. Скасавана паводле рашэння Бюро ЦК КП(б)Б.
У.Ф.Ладысеў.
т. 3, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРДЫ́Ш
(польск. berdysz),
старадаўняя халодная зброя ў выглядзе насаджанай на драўлянае дрэўка сякеры з лязом у форме паўмесяца. Вядомы ў краінах стараж. Усходу, у 15 — пач. 18 ст. па ўсёй Еўропе. Пашыраны ў Рус. дзяржаве ў 16—17 ст., выкарыстоўваўся пешымі воінамі, пераважна стральцамі. На Беларусі ў 16 — пач. 18 ст. масавая зброя гараджан і сялян-паўстанцаў, гар. начной варты і брамнікаў. У час археал. раскопак знойдзены бярдыш 12, 14—17 ст. у Віцебску, Брэсце, Гродне, Мінску, Мядзеле і інш. Бел. збройнікі выраблялі бердышы простыя і «набіўныя срэбрам з абухамі». Блізкім да бердыша відам зброі была алебарда.
т. 3, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЙНРУБ Мацей Рыгоравіч
(н. 2.5.1910, г. Барысаў),
Герой Сав. Саюза (1945). Ген.-лейт. танк. Войск (1968). Скончыў Аб’яднаную бел. ваен. школу (1931), ваен. акадэміі імя Фрунзе (1941), Генштаба (1951). У Чырв. Арміі з 1929. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Паўд.-Зах., Сталінградскім, 3-м Укр., 1-м Бел. франтах: нач. разведкі дывізіі, камандзір танк. палка, нам. камандуючага войскамі 62-й (з 1943 — 8-й гвардз.) арміі. Удзельнік абароны Сталінграда. Вызначыўся ў студз. 1945 у час прарыву ўмацаванай паласы абароны ворага на левым беразе Віслы на Пд ад Варшавы. Да 1970 у Сав. Арміі.
т. 3, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВАЛАТО́ЎКА»,
помнік прыроды, камавы ўзгорак на Беларусі, каля паўн.-зах. ускраіны в. Свяціца Полацкага р-на Віцебскай вобл., недалёка ад воз. Янова. У плане круглаватай формы, дыям. каля 100 м, узвышаецца над нізінай на 20 м. Складзены з водна-ледавіковых адкладаў: пяску, жвіру, гліны. Утварыўся ў час дэградацыі паазерскага зледзянення (каля 16 тыс. г. назад). «валатоўка» з даўніх часоў — месца святкавання Купалля. Мела сувязь са стараж. каменнай абсерваторыяй «Янова» (захавалася) на паўд.-зах. беразе возера, з якой назіралі за «валатоўкай»: калі сонца пры захадзе датыкалася да вяршыні ўзгорка, наступала самая кароткая ноч года (купальская).
т. 3, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НАЎ Барыс Валянцінавіч
(н. 18.12.1934, г. Іркуцк, Расія),
савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1969, 1976), лётчык-касманаўт СССР (1969). Скончыў Сталінградскае ваен. авіяц. вучылішча (1956), Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя М.Я.Жукоўскага (1968). З 1960 у атрадзе касманаўтаў. 15—18.1.1969 з А.С.Елісеевым і Я.В.Хруновым здзейсніў палёт як камандзір касм. карабля «Саюз-5», які ў час палёту састыкоўваўся з караблём «Саюз-4» (У.А.Шаталаў); 6.7—24.8.1976 з В.М.Жолабавым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-21» (як камандзір) і на арбітальнай станцыі «Салют-5». У космасе правёў 52,3 сут. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага АН СССР.
т. 3, с. 488
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНЬКО́ВІЧ Ян
(Ян Эдвард) Валенцьевіч (23.10.1834, маёнтак Слянянка, цяпер у межах г. Мінска — 2.8.1899),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі. З роду Ваньковічаў. Сын В.М.Ваньковіча. Скончыў лясны ін-т у Пецярбургу (1856). Прыхільнік «чырвоных». З 1861 чл. Гродзенскай рэв.-дэмакр. арг-цыі. У час паўстання пад псеўд. Ляліва змагаўся ў атрадах на Падляшшы, быў паранены. У маі 1863 узначаліў Брэсцкі паўстанцкі атрад і з Кобрынскім атрадам Р.Траўгута зрабіў рэйд на Піншчыну. У ліп. 1863 выехаў у Польшчу, працаваў у паўстанцкай арг-цыі ў Галіцыі. У сак. 1864 арыштаваны аўстр. ўладамі. Пасля жыў у Парыжы, Кракаве.
Г.В.Кісялёў, Я.Я.Янушкевіч.
т. 3, с. 506
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)