БРА́ТЧЫКАЎ (Генадзь Іванавіч) (10.3.1914, в. Міхееўка Кудымкарскага р-на Пермскай вобл., Расія — 10.12.1944),
удзельнік партыз. руху на Украіне і Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскую ваен. школу сувязі (1936). У сак. 1943 на чале групы разведчыкаў закінуты ў тыл ворага, дзейнічаў у раёне Гомеля, Чарнігава, Шчорса, Ноўгарада-Северскага, са снеж. 1943 у Баранавічах, Ваўкавыску, Слоніме, Бярозе, Ружанах; група перадала ў штаб 1-га Бел. фронту больш за 450 данясенняў. Загінуў у баі на тэр. Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТКАЎСКІ,
біялагічны заказнік на Беларусі, у Веткаўскім р-не Гомельскай вобл.Засн. ў 1978. Пл. 5,9 тыс.га (1995). Уключае тэр. Веткаўскага лясніцтва. Створаны ў мэтах захавання ў прыродным стане месцаў росту і прыродных запасаў дзікарослых лек. раслін (крапівы двухдомнай, ландыша майскага, палыну горкага, цмену пясчанага, чабару, чарніц і інш.), а таксама для арганізацыі рацыянальнай нарыхтоўкі іх сыравіны. Займае лясныя масівы вакол рэк Сож і Беседзь, у якіх пераважаюць маладыя імшыстыя і чарнічныя хвойнікі, трапляюцца дубровы, бярэзнікі, невял. ўчасткі ельнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНЫЯ КАШТО́ЎНАСЦІ,
сукупнасць грашовых знакаў замежных дзяржаў, крэдытных і плацежных дакументаў, выражаных у замежных грашовых адзінках, якія выкарыстоўваюцца ў міжнар. разліках. Могуць уключаць: наяўную замежную валюту, плацежныя дакументы (чэкі, вэксалі, траты, акрэдытывы і інш.), замежныя фондавыя каштоўнасці (акцыі, аблігацыі), каштоўныя металы (золата, серабро, плаціна і металы плацінавай групы) у манеце, злітках, ломе і сырым выглядзе, вырабы з каштоўных металаў, жэмчуг, каштоўныя камяні і вырабы з іх. Валютнае заканадаўства ўстанаўлівае для валютных каштоўнасцей спец. абмежаваны рэжым абарачэння на тэр. краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДЖАЯНА́ГАР,
феадальная дзяржава ў Паўд. Індыі ў 14—17 ст. Знаходзілася на Пд ад р. Крышна. Утварылася ў 1336 у выніку барацьбы мясц. феадалаў з Дэлійскім султанатам. Пры Дэвараі II [1422—46] Віджаянагар падначаліў усю Паўд. Індыю, яго войскі рабілі паходы на Цэйлон і ў Бірму, нанеслі паражэнне Бахманідскаму султанату. Найб. росквіту дасягнуў пры Крышнадэвараі [1509—29]. Віджаянагар пастаянна ваяваў з дзяржавай Бахмані, потым з утворанымі на яе тэр. султанатамі. Пацярпеў паражэнне ў 1565, прыйшоў у заняпад і да сярэдзіны 17 ст. распаўся на княствы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАПАДЗЕ́Л,
лінія на мясцовасці, якая падзяляе сумежныя басейны рэк, мораў, акіянаў і падземных вод. Ад водападзелу сцёк накіраваны ў процілеглыя бакі.
Найб. выразны водападзел у гарах, дзе звычайна супадае з грабянямі хрыбтоў. На раўнінах нярэдка пераходзіць у водападзельную прастору. Водападзел можа мяняцца. Адрозніваюць водападзелы: галоўны — паміж сумежнымі рачнымі сістэмамі (на тэр. Беларусі частка гал. водападзелу паміж рачнымі сістэмамі Балтыйскага і Чорнага мораў); бакавы — падзяляе басейны прытокаў ракі; галоўны (сусветны) Зямлі — паміж рэкамі Ціхаакіянска-Індыйскай і Атлантыка-Ледавітай пакатасцей вобласці вонкавага сцёку кантынентаў.
горад у Інданезіі, у цэнтр.ч. в-ва Ява. Вылучаны ў самаст.адм.-тэр. адзінку. Засн. ў 1755. 412 тыс.ж. (1990). Прам-сць тытунёвая, цукр., гарбарна-абутковая. Цэнтр традыц. вытв-сці тканін батык, маст. вырабаў. Культ. цэнтр (ун-ты Мусульманскі, «Гаджа Мада»). Музей старой яванскай культуры. Прыродны парк. Паблізу будыйскае свяцілішча Барабудур і Прамбанан (паселішча з арх. культавымі комплексамі 8—9 ст.), якія ўключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны. Турызм. У 1946—49 — часовая сталіца Інданезійскай Рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЗА́С-НЕБРА́СКА БІЛЬ,
закон, прыпяты ў 1854 па прапанове сенатара С.А.Дугласа кангрэсам ЗША, які даваў права каланістам Канзаса і Небраскі самім вырашаць пытанне аб дапушчэнні ці забароне рабства неграў на сваіх тэрыторыях. Фактычна адмяняў умоўную мяжу паміж свабоднымі і рабаўладальніцкімі штатамі, устаноўленую паводле т. зв. Місурыйскага кампрамісу 1820. Такое рашэнне адпавядала інтарэсам плантатараў-рабаўладальнікаў, якія намагаліся пашырыць рабства на ўсю тэр. ЗША. Прыняцце біля стала адной з прычын грамадз. вайны ў Канзасе паміж прыхільнікамі і праціўнікамі рабства (1854—56).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТАДЫЯГРА́МА (ад карта + дыяграма),
карга, на якой дыяграмнымі фігурамі адлюстроўваюць сумарную велічыню або структуру і дынаміку якой-н. з’явы (з’яў) у межах пэўнай тэр. адзінкі, нанесенай на карту. Дыяграмныя фігуры бываюць: лінейныя (слупкі, палоскі), плошчавыя (квадраты, кругі), аб’ёмныя (кубы, шары). Віды дыяграмных фігур выбіраюцца ў залежнасці ад колькаснай характарыстыкі картаграфаваных паказчыкаў і іх адрознення паміж крайнімі велічынямі. Выкарыстоўваюцца для характарыстыкі зямельных угоддзяў і іх структуры, насельніцтва і яго складу, валавой прадукцыі прам-сці, сельскай гаспадаркі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬЧЫ́ЦКІ (Лявон Францавіч) (каля 1823, Аўгустоўская губ. — 17.4.1863),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Брат Б.Кульчыцкага. Служыў на тэр. Польшчы ў Кастрамскім пях. палку, выйшаў у адстаўку штабс-капітанам. Напярэдадні паўстання — нач.чыг. станцыі ў Гродне. Быў звязаны з «чырвонымі». Быў інструктарам і камандзірам стралкоў у паўстанцкім атрадзе, які дзейнічаў у літоўскім Занямонні (паўн. частка Аўгустоўскай губ.). 9 4.1863 цяжка паранены ў баі пад Сапяжышкамі (у літ. крыніцах — Лякечай) у Марыямпальскім пав., узяты ў палон, памёр у шпіталі ў Коўне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙФ Э́ЙРЫКСАН (Leif Eriksson; Leiv Eiriksson; каля 975 — каля 1020),
нарвежскі і ісландскі мараплавец эпохі вікінгаў. Сын Эйрыка Раўдзі. Каля 1000 у час падарожжа ў Грэнландыю збіўся з курсу з-за шторму і трапіў да ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі (верагодна, тэр. п-ва Новая Шатландыя або п-ва Лабрадор), якое ён назваў Вінланд, дайшоў пад ветразем да раёна сучаснага г. Бостан (ЗША). Яго адкрыццё Амерыкі да Х.Калумба не мела гіст. вынікаў.
Літ.:
Ингстад Х. По следам Лейва Счастливого: Пер. с норв. М., 1969.