СЛО́НІМСКІ ТЭА́ТР АГІ́НСКАГА,

прыдворная тэатральная трупа гетмана вял. літ. Міхала Казіміра Агінскага ў г. Слонім Гродзенскай вобл. Засн. да 1771, спыніў дзейнасць пасля 1791. У т-ры працавалі прафес. італьян., ням., польскія спевакі, прыгонны хор і балет. Балетная трупа падрыхтавана ў Слонімскай балетнай школе. Паказы суправаджала Слонімская капэла Агінскага. У 1770—80-я г. пры т-ры існавала муз. школа.

Рэпертуар т-ра складаўся з балетаў, у т. л. «Каралеўскі балет», «Балет млынароў», «Дзікі балет» і «Дэзерцір» (апошнія два паказаны ў 1790—91 на гастролях у г. Дубна, Украіна), опер італьян. кампазітараў Дж.​Паізіела, Э.​Дуні, А.​Грэтры, П.​А.​Мансіньі, Н.​Іамелі, А.​Сакіні, П.​А.​Гульельмі, К.​В.​Глюка, Дж.​Таэскі («Тэлемах», 1780) і інш., а таксама Агінскага («Зменены філосаф», 1771; «Елісейскія палі», 1788); трагедый Вальтэра («Альзіра», 1780, 1783 і «Мар’яна», 1786) і інш. Паводле «Інвентара інструментаў і музычных папер» (складзены ў 1801, пракаменціраваны А.​Цеханавецкім) збор нот твораў, што выконваліся на розных сцэнах т-ра Агінскага, уключае 60 опер, 18 балетаў, 3 муз. камедыі, 253 сімфоніі і больш за 460 інш. муз. твораў (араторыі, арыі, музыка для дывертысментаў, асобных танцаў і інш.). Сярод выканаўцаў дачка «мэтра ігры на клавікордзе» Д.​Грабенбаўэра, Г.​Давіа, П.​Драздоўская, Лісевічаўна, Канапкоўна, Кінтнер, Герман, Пленц, Марцінкевічаўна, Шуцкая, Міхайлоўская, Цэльнер; салісты Янкі і М.​Лазарыні. Філіялы т-ра працавалі ў Седльцах (Польшча) і Целяханах (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.). У 1771 функцыянаваў «плывучы тэатр» на баржах на Агінскім канаце; паміж 1777—80 пабудаваны «Дом оперы» арх. І.​Мараіна, разбураны пасля 1804), які леў вял. сцэну, прыстасаваную для паказаў любых барочных спектакляў, оперных і балетных, для выхаду вял. колькасці спевакоў і статыстаў, для тэатр. баталій коннікаў і водных феерый (частка сцэны затаплялася вадой з канала і па ёй плавалі лодкі), для складаных перспектыў і дэкарацый, розных сцэнічных эфектаў. Тэхн. магчымасці сцэны дазвалялі паказаць і 2 фантаны, якія асвятляліся бенгальскімі агнямі (пры т-ры быў спец. піратэхнік — «майстар па феерверках» Ц.​Г.​Ваксмунт). Дэкарацыі для т-ра стваралі Мараіна і тэатр. машыніст Жан Баі (у дакументах праходзіў пад імем Ян Бой). Сярод інш. мастакоў т-ра: К.​Атасельскі, Штроўбл (працаваў да 1777), І.​Рэгер (1776—78), Ян Рустэм (1788—90), А.​С.​Дамброўскі і прыгонныя майстры-дэкаратары Міхал, Мікалай, Янак.

Літ.:

Барышаў Г.І. Слонімскі тэатр М.​Агінскага // Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1;

Яго ж. Слонімскі унікум // Тэатр. Мінск. 1984. № 6;

Цеханавецкі А. Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме: Пер. з ням. Мн., 1993.

т. 15, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ДЗЕРНАЯ ТЭ́ХНІКА,

галіна тэхнікі, якая займаецца атрыманнем ядзернай энергіі і выкарыстаннем яе ў розных галінах нар. гаспадаркі. Асн. прызначэнне — атрыманне вял. колькасці энергіі ў адносна невял. аб’ёме ў выніку рэакцыі дзялення атамаў цяжкіх элементаў (у асн. урану, плутонію, торыю). Навук. аснова — ядзерная фізіка.

Я.т. ўзнікла ў пач. 20 ст. як тэхніка ядзерна-фіз. эксперыментаў. У сярэдзіне 20 ст. пачала выкарыстоўвацца ў ваен. справе, на транспарце, у энергетыцы. Адрозніваюць Я.т. грамадзянскага (мірнага) і ваен. прызначэння. У грамадз. Я.т. энергія вылучаецца ў кіравальным ядз. устройстве — ядзерным рэактары, у ваен. — у некіравальным ядзерным выбуху атамнай бомбы, снарада і інш. (гл. Ядзерная зброя). Я.т. аб’ядноўвае: метады і сродкі разведкі, здабычы. раздзялення ізатопаў, атрымання ядзернага паліва для ядз. рэактараў; абагачэнне ядзернага паліва; рэактарабудаванне; захоўванне адпрацаванага ядз. паліва і яго хім. перапрацоўку, захоўванне і пахаванне радыеактыўных адходаў; сродкі транспарціроўкі свежага і адпрацаванага ядз. паліва; тэхналогію атрымання новых канструкцыйных і падзельных матэрыялаў, здольных працяглы час працаваць у розных асяроддзях пад уздзеяннем патокаў хуткіх і цеплавых нейтронаў; метады і сродкі аховы персаналу ад выпрамянення. З Я.т. цесна звязаны стварэнне надзейных сістэм аўтам. рэгулявання і кіравання рэактарамі і ядз. сілавымі ўстаноўкамі, распрацоўка рацыянальных сістэм адводу і выкарыстання цяпла, што выдзяляецца ў рэактары. тэорыі і метадаў разліку ядз.-фіз. і цеплавых працэсаў і інш. навукова-тэхн. праблем.

На Беларусі Я.т. пачала развівацца з 1958 (прынята рашэнне Прэзідыума АН БССР пра буд-ва атамнага рэактара ІРТ-2000 цеплавой магутнасцю 2000 кВт). Рэактар запушчаны ў 1962 г. На ім вяліся даследаванні па ядз. фізіцы, радыяцыйнай хіміі, фізіцы цвёрдага цела, біялогіі і інш. У 1968 запушчана шматкамерная універсальная гама-ўстаноўка на 420 тыс. грам-эквіваленту радыю (УГУ-420). Работы па Я.т. і падрыхтоўцы спецыялістаў у гэтай галіне вяліся ў асн. у створаным у 1965 Ін-це ядз. энергетыкі і Ін-це фізікі АН Беларусі, БДУ. У гэты перыяд праведзены даследаванні па выкарыстанні дысацыіруючага цепланосьбіта для ахаладжэння атамнага рэактара і як рабочага цела. У 1985 пачаты выпрабаванні першай у свеце перасоўнай АЭС з рэактарам, які ахаладжаецца чатырохвокісам азоту (ПАЭС «Памір»). У 1995 уведзены ў эксплуатацыю найб. ў Еўропе нейтронны генератар НГ-12-1 з патокам 10​12c​−1. Ёсць некалькі гама-ўстановак і паскаральнікаў электронаў рознага прызначэння.

Літ.:

Петросьянц А.М. Атомная наука и техника — народному хозяйству. М., 1981;

Кащеев В.П., Левадный В.А. Атомная энергия: Прошлое, настоящее и будущее. Мн., 1984.

В.​Ц.​Казазян.

т. 18, кн. 1, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СОНЕЧНАЯ РАДЫЯЦЫЯ.

Найважнейшай энергет. крыніцай фарміравання клімату з’яўляецца сонечная радыяцыя. Яна вызначае інтэнсіўнасць развіцця фіз.-геагр. працэсаў, што адбываюцца ў геаграфічнай абалонцы. Колькасць радыяцыі вызначаецца становішчам Беларусі паміж 56° і 51° паўн. ш., залежыць ад вышыні сонца над гарызонтам у розныя сезоны года, працягласці дня і воблачнасці. Працягласць дня залежыць ад шыраты месца і па-рознаму змяняецца на працягу года. Зімой працягласць дня ў напрамку з Пд на Пн памяншаецца, а летам, наадварот, павялічваецца. У дні раўнадзенстваў (21 сакавіка і 23 верасня) вышыня сонца роўная 90° — 23,5°. Гадавыя велічыні сумарнай радыяцыі на тэр. Беларусі складаюць 3500 МДж/м² на Пн і 4100 МДж/м² на Пд (85—97 ккал/см²). У напрамку на Пд гэтая велічыня паступова павялічваецца. У ліпені — самым цёплым месяцы — сумарная радыяцыя прыкладна ў 9 разоў большая, чым у самым халодным месяцы — студзені. Летам пераважае прамая сонечная радыяцыя (складае 50—52% ад сумарнай), зімой — рассеяная радыяцыя (складае 70—80% ад сумарнай). Гадавыя сумы рассеянай радыяцыі змяняюцца ў межах ад 2100 МДж/м² на Пд да 1900 МДж/м² на Пн. Моцным фактарам, што ўплывае на паступленне сонечнай радыяцыі, з’яўляецца воблачнасць. Ад воблачнасці залежыць велічыня прамой радыяцыі. У пахмурнае надвор’е яе паступленне зусім прыпыняецца, аднак рассеяная радыяцыя пры гэтым павялічваецца. Так, у Мінску прамая радыяцыя складае 38% ад той колькасці, якая магчыма пры бязвоблачным небе. Воблачнасць абумоўлівае павелічэнне рассеянай радыяцыі і з’яўляецца істотным фактарам міжгадавых ваганняў сонечнай радыяцыі. За інструментальны перыяд назіранняў у асобныя гады мінім. сумы прамой, рассеянай і сумарнай радыяцыі ў Мінску складалі адпаведна 1175, 1824, 3000 МДж/м², а макс. — 2204, 2275 і 4174 МДж/м². Воблачнасць вызначае працягласць сонечнага ззяння. Сярэдняя гадавая працягласць сонечнага ззяння змяняецца ад 1750 гадзін на Пн да 1870 гадзін на Пд, што складае 40% ад магчымага пры адсутнасці воблакаў. У астатні час сонца закрыта воблакамі і да зямлі прыходзіць толькі рассеяная радыяцыя. Максімум працягласці сонечнага ззяння назіраецца ў чэрвені (265—290 гадзін), мінімум — у снежні (25—30 гадзін). На цёплае паўгоддзе прыпадае каля 80% гадавой працягласці сонечнага ззяння. Частка сумарнай радыяцыі, якая спажываецца зялёнымі раслінамі на фотасінтэз, і з’яўляецца фотасінтэтычнаактыўнай радыяцыяй (ФАР). Гадавая сума ФАР на Беларусі змяняецца ад 1900 МДж/м² на Пн да 2200 МДж/м² на Пд. Доля спажывання ФАР для фотасінтэзу невялікая. Звычайныя аграфітацэнозы засвойваюць усяго 1% яе, а найбольш прадуктыўныя — 4—5%. Радыяцыйны баланс на ўсёй тэр. краіны дадатны. У сярэднім за год ён складае 1500—1800 МДж/м², паступова нарастаючы з ПнУ на ПдЗ.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЯРЫ.

На Беларусі сучасная тэрыяфауна набыла асн. рысы ў пасляледавіковы перыяд. Мае мяшаны характар, генетычна звязана з тэрыяфаунай Зах. і Паўд. Еўропы, сумежных і больш далёкіх ўсх. і паўн. тэрыторый. Уключае 76 абарыгенных і акліматызаваных відаў з 6 атр.: насякомаедных 11, рукакрылых 17, грызуноў 26, зайцападобных 2, драпежных звяроў 15, парнакапытных 5 відаў. За апошнія 500 гадоў на Беларусі вынішчаны алень высакародны, зубр белавежскі, кот дзікі еўрапейскі, пясец, расамаха, собаль, тарпан, або конь лясны, тур, хахуля. У сярэдзіне 19 ст. рэакліматызаваны алень высакародны, у 20 ст. — зубр белавежскі. У выніку акліматызацыі на Беларусі з’явіліся 4 новыя віды: андатра, норка амерыканская, янотападобны сабака, янот-паласкун. якія рассяліліся па ўсёй тэр. і дасягнулі прамысл. колькасці за выключэннем янота-паласкуна. Вял. група відаў характэрна для фауны еўрап. шыракалістых лясоў (вожык, зубр белавежскі, куніца лясная, кутора малая, мыш жаўтагорлая, норка еўрапейская, палёўка рыжая, соні арэшнікавая, вялікая, лясная, садовая, тхор лясны і інш.). Шмат звяроў жыве ў лясах розных тыпаў (буразубкі звычайная і малая. вавёрка звычайная, заяц-бяляк, кутора вадзяная, лось, мядзведзь буры, палёўкі вадзяная і эканомка і інш.). Сярод стэпавых і лесастэпавых звяроў: белазубка малая, заяц-русак, суслік рабы, хамяк звычайны. Частку тэрыяфауны складаюць сінантропныя звяры: мыш дамавая, пацукі шэры і чорны. Ёсць шэраг відаў, жыццё якіх не звязана з пэўнымі прыроднымі зонамі (барсук, воўк, гарнастай, ласка, ліс звычайны). Сярод звяроў Беларусі 24 віды з’яўляюцца аб’ектамі палявання (алень высакародны, дзік, зайцы бяляк і русак, еўрапейская казуля, лось і інш.) і промыслу (андатра, бабёр, крот, куніца, норка амерыканская і інш.). Драпежнікі (воўк, ліс, янотападобны сабака і інш.) наносяць шкоду паляўнічай фауне і жывёлагадоўлі, некат. інш. віды (зайцападобныя, парнакапытныя і інш.) — раслінаводству. Мышападобныя грызуны пераважна шкоднікі с.-г. вытворчасці і з’яўляюцца пераносчыкамі ўзбуджальнікаў небяспечных хвароб. Карысныя віды — рукакрылыя. З сярэдзіны 20 ст. разводзяць пушных звяроў у няволі (ліса, норку, пясца, тхара, янота-паласкуна і інш.). Для захавання і ўзбагачэння тэрыяфауны ствараюцца ахоўныя тэрыторыі, праводзяцца акліматызацыя і рэакліматызацыя, біятэхн. мерапрыемствы; у 2-е выданне Чырв. кнігі Беларусі ўключаны 14 відаў. Адстрэл паляўнічых відаў звяроў дазваляецца толькі па ліцэнзіях (бабёр, дзік, казуля, лось).

П.​Р.​Козла.

Звяры. 1 Вавёрка-палятуха. 2. Соня арэшнікавая 3. Соня садовая. 4. Соня вялікая. 5. Еўрапейская шыракавушка 6 Буры мядзведзь. 7. Барсук 8. Еўрапейскі зубр. 9. Сярэднееўрапейскі лясны кот. 10. Рысь. 11. Еўрапейская норка. 12. Хахуля.

т. 18, кн. 2, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СГАЛЫ́ПІНСКАЯ АГРА́РНАЯ РЭФО́РМА,

буржуазная рэформа сял. надзельнага землеўладання ў Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, у 1906—17. Названа па прозвішчы П.​А.​Сталыпіна, ініцыятара і кіраўніка рэформы. Выклікана развіццём капіталізму, барацьбой сялян за ліквідацыю панскага землеўладання і інш. рэшткаў прыгонніцтва ў час рэвалюцыі 1905—07. С.а.р. праводзілася з мэтай захавання манархіі, стварэння больш спрыяльных умоў для развіцця капіталіст. адносін у с.-г. вытв-сці, умацавання слоя сял. буржуазіі і заможнага сялянства ў якасці, апоры самадзяржаўя, ператварэння асн. масы сялян у парабкаў і прамысл. рабочых, паскарэння росту прадукц. сіл земляробства пры захаванні памешчыцкіх латыфундый і прадухілення агр.-сял. рэвалюцыі. Гал. змест рэформы: разбурэнне сельскай пазямельнай абшчыны, насаджэнне дробнакапіталіст. сял. зямельнай уласнасці і хутарской формы землекарыстання, перасяленне беззямельных і малазямельных сялян у Сібір, на Д. Усход, у Казахстан і інш. ўскраінныя рэгіёны імперыі. Пачалася паводле ўказа ад 22.11.1906, які дазваляў выхад сялян з пазямельнай абшчыны і замацаванне за імі зямлі ў асабістую ўласнасць. Указ з некат. папраўкамі ўхвалены Дзярж. Саветам, зацверджаны царом і прыняты Дзярж. думай як Закон 27.6.1910, дапоўнены палажэннем аб землеўпарадкаванні ад 11.6.1911, якое ўсталёўвала прымусовы выхад сялян з абшчыны і пераход да спадчыннага падворнага землеўладання.

У 1905 абшчыннае землеўладанне ахоплівала 77,1% сял. двароў і 83,2% надзельных зямель Еўрап. Расіі. На Беларусі яно не мела значнага пашырэння і захавалася пераважна ў Магілёўскай (80,5% сял. двароў, 79,3% надзельнай зямлі) і Віцебскай (53% сял. двароў, 44,6% надзельнай зямлі) губ. Падворнае ўладанне ворнымі землямі і сенажацямі панавала ў Прыбалтыцы, Зах. і Цэнтр. Беларусі, на Правабярэжнай Украіне. Нягледзячы на адм. націск улад, на пач. 1916 з пазямельнай абшчыны выйшла толькі 26% сял. двароў, на долю якіх прыпадала 14,7% сял. абшчыннага землеўладання. Найб. актыўны выхад з абшчыны назіраўся на Пд Украіны і ў Стэпавым Заволжы — у рэгіёнах адносна высокага ўзроўню развіцця агр. капіталізму. Значным быў выхад з абшчыны і на У Беларусі. Да 1916 у Магілёўскай і Віцебскай губ. з яе выйшла 139,4 тыс. сял. двароў, (63% іх агульнай колькасці). Найменш закрануты рэфармаваннем Земляробчы цэнтр, паўн.-ўсх. і паўн. губерні. Землеўпарадкаванне, якое праводзілася ў ходзе С.а.р., найперш было накіравана на стварэнне хутароў і адрубоў (гл. Водруб) на сял. надзельнай зямлі. Аднак спадзяванні ўрада на масавае ўтварэнне хутарскіх і адрубных гаспадарак як апорнай базы «моцнага» сялянства не апраўдаліся. У еўрап. частцы імперыі яны ў 1907—16 складалі толькі 13,6% усіх надзельных двароў, на долю якіх прыпадала 12,2% надзельнага землеўладання. На надзельнай зямлі ў Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай, Віленскай губ. за гэты час створана 113,8 тыс. хутарскіх і адрубных гаспадарак пл. 1147,2 тыс. дзес. (10% сял. двароў і 18,7% надзельнага землеўладання). Апрача таго, Сял. пазямельны банк прадаў пад хутары і адрубы ў гэтых губернях у 1907—16 228,7 тыс. дзес. банкаўскіх зямель, на якіх узнікла 13,5 тыс. гаспадарак. На купленай сялянамі казённай зямлі (5,4 тыс. дзес.) створана 813 хутарскіх і адрубных гаспадарак. Па адноснай колькасці хутароў і адрубоў, створаных пры выдзелах з абшчыны асобных гаспадароў дамоў, Беларусь стаяла на перадапошнім месцы сярод рэгіёнаў еўрап. часткі імперыі. Пры ўсіх намаганнях урада ў 5 зах. губернях на хутары і адрубы выйшла толькі ​1/8 сял. двароў. На хутары і адрубы ішлі гал. чынам кулакі і сял. бедната. Адным з элементаў С.а.р. было заахвочванне ўрадам сял. перасяленства. У 1906—16 з еўрап. часткі краіны ў Сібір і на Д. Усход перасялілася 3134,8 тыс. чал., у т. л. з 5 зах. губерняў — 335,4 тыс. чал. (11,6% перасяленцаў з еўрап. часткі імперыі). З іх 240,8 тыс. (71,8%) прыпадала на Магілёўскую і Віцебскую губ. З 1910, калі ў сялянства з’явіліся надзеі на атрыманне панскай зямлі, перасяленні рэзка скараціліся. Асн. катэгорыю перасяленцаў складала сял. бедната. Царская адміністрацыя не змагла належным чынам арганізаваць перасяленчую справу, аказаць істотную грашовую дапамогу перасяленцам. У выніку значная частка іх вымушана была вяртацца ў родныя мясціны. У 1907—14 з Сібіры і Д. Усходу вярнулася 546,6 тыс. (17,4%) перасяленцаў, у т. л. ў 5 зах. губерняў — 36,5 тыс. (10,9%). Перасяленчая палітыка царызму не дасягнула мэты.

С.а.р. садзейнічала абеззямеленню бяднейшых слаёў сялян (якія былі вымушаны прадаваць кулакам атрыманыя ва ўласнасць землі) і канцэнтрацыі зямельнай уласнасці ў руках сял. буржуазіі. Адносна адсталая рас. прам-сць не магла прыняць у якасці рабочай сілы масу малазямельнага і беззямельнага сялянства, што захоўвала і ўзмацняла высокі ўзровень сац. напружанасці ў вёсцы. У эканам. плане С.а.р. мела прагрэсіўнае значэнне, бо паскарала рост капіталізму ў вёсцы, стварала новыя магчымасці для ўздыму с.-г. вытв-сці; расла прадукцыйнасць працы, развівалася гандл. земляробства. З выхадам на хутары і адрубы зменшыліся цераспалосіца, дробнапалосіца і далёказямелле сял. палёў, што садзейнічала развіццю сял. гаспадаркі. Аднак рэформа не прывяла да карэнных сац.-эканам. зрухаў, не вырашыла агр. пытання і не змагла прадухіліць наспяванне новай рас. бурж.-дэмакр. рэвалюцыі. Абсалютная большасць сял. гаспадарак не мела магчымасці карыстацца агранамічнай і тэхн. дапамогай, каап. крэдытам і інш. С.а.р. пацярпела няўдачу, бо праводзілася пры захаванні ўлады памешчыкаў, панскіх латыфундый, за кошт згалення сял. мас. Афіцыйна яна спынена пастановай Часовага ўрада ад 28.6(11.7).1917.

Літ.:

Дубровский С.М. Столыпинская земельная реформа. М., 1963;

Липинский Л.П. Столыпинская аграрная реформа в Белоруссии. Мн., 1978;

Аврех А.Я. П.​А.​Столыпин и судьбы реформ в России. М., 1991;

Зайцева Л.И. Аграрная реформа П.А. Столыпина в документах и публикациях конца XIX — начала XX в. М., 1995;

Теляк Л.В. Столыпинская аграрная реформа: Историогр. (1906—1917 гт.). Самара, 1995. Тюкавкин В.Г. Великорусское крестьянство и Столыпинская аграрная реформа. М., 2001.

В.​П.​Панюціч.

т. 15, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНО́БЫЛЬСКАЯ КАТАСТРО́ФА 1986,

адна з найбуйнейшых у свеце аварый на атамных электрастанцыях. Адбылася 26.4.1986 на Чарнобыльскай АЭС (ЧАЭС, Украіна, каля мяжы з Беларуссю) у ходзе праектных выпрабаванняў сістэм бяспекі. У выніку 2 магутных выбухаў разбураны рэактар 4-га энергаблока, рэактарны блок і машынная зала. Пры гэтым верхняя накрыўка рэактара масай каля 2000 т апынулася на верхняй частцы шахты рэактара пад вуглом 15° да вертыкалі. Распаленыя абломкі бетону і графіту выкідваліся вонкі праз адтуліны ў даху будынка, адначасова ў навакольнае асяроддзе выкідваліся радыенукліды. У выніку вакол суседняга рэактара (3-га блока) і турбінных блокаў узнікла каля 30 ачагоў пажару. З адкрытай актыўнай зоны рэактара і асабліва ў выніку пажару графітавай муроўкі на працягу 10 дзён у атмасферу выкідвалася вял. колькасць радыеактыўных рэчываў у выглядзе газаў, аэразоляў і макрачасціц. На працягу першых 10 сут выкінуты ў атмасферу матэрыял у выглядзе струменя мяняў свае напрамкі ў адпаведнасці з напрамкам ветру, шырока распаўсюджваўся над тэр. большай ч. Еўропы. Найб. інтэнсіўнымі былі яго выпадзенні над тэр. Беларусі, Украіны і Расіі. Выпадзенні мелі месца таксама ў большасці краін Еўропы, але ў цэлым там узроўні забруджвання былі малыя. Пэўная колькасць радыенуклідаў рассеялася па ўсім Паўн. паўшар’і, у невялікай колькасці яны зафіксаваны нават у Японіі і ЗША. Для ізаляцыі разбуранага рэактара і прадухілення паступлення радыеактыўнага матэрыялу ў навакольнае асяроддзе ў ліст. 1986 над 4-м энергаблокам узведзена ахоўнае збудаванне — аб’ект «Укрыццё» (саркафаг). Каля 70% радыеактыўных рэчываў, што ў выніку Ч.к. трапілі ў атмасферу еўрап. часткі б. СССР, выпала на тэр. Беларусі; 23% яе тэрыторыі (46,5 тыс. км²) было забруджана цэзіем-137 больш за 37 кБк/м²; на Украіне з такой жа шчыльнасцю забруджвання 28,5 тыс. км² — 4,8% яе тэрыторыі; у Расіі 35,2 тыс. км² — 0,5% яе тэрыторыі. На забруджанай тэр. Беларусі пражывала 2,2 млн. чал. (каля 20% насельніцтва). З больш як 18 тыс. км² сельгасугоддзяў (22%) з гасп. абарачэння з-за забруджвання выключана 2,64 тыс. км². У бел. сектары 30-кіламетровай зоны ад ЧАЭС створаны Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.

Кіраўніцтва СССР і БССР доўгі час замоўчвала і ўтойвала ад грамадскасці памеры радыеактыўнага заражэння на тэр. Беларусі ў выніку Ч.к., што стварыла рэальную пагрозу жыццю і здароўю вял. колькасці насельніцтва. У сувязі з адсутнасцю пэўны час належных захадаў па ліквідацыі наступстваў Ч.к. ў шэрагу населеных пунктаў Гомельскай вобл. адбыліся мітынгі і забастоўкі (гл. Гомельская забастоўка 1990). Экалагічнае ўздзеянне Ч.к. паставіла б. СССР перад неабходнасцю вырашэння новых, выключна складаных і буйнамаштабных праблем, якія датычылі практычна ўсіх сфер грамадскага жыцця, многіх аспектаў навукі і вытв-сці, культуры і маралі. У ліп. 1989 Вярх. Савет БССР прызнаў усю тэр. Беларусі зонай экалагічнага бедства і, выкарыстоўваючы навук. патэнцыял вядучых устаноў і ведамстваў, прыняў Дзярж. праграму пераадолення наступстваў Ч.к. на 1990—95 і на перыяд да 2000, у 1991 — законы «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» і «Аб прававым рэжыме тэрыторый, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС», у 1998 — Закон «Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва». З улікам глабальнага характару катастрофы, пагрозы яе вынікаў здароўю насельніцтва (у радыусе 30 км ад ЧАЭС) да 1.1.1987 з 188 нас. пунктаў эвакуіравана 115 174 чал., у т. л. на Беларусі 23,6 тыс., на Украіне 91,4 тыс., у Расіі 174 чал. За 15 гадоў пасля аварыі з зон забруджвання на Беларусі выселена больш за 135 тыс. чал., поўнасцю адселена 415 нас. пунктаў. Адсяленне жыхароў у асн. завершана. З больш як 5 тыс. чал., што пражывалі ў зоне наступнага адсялення, жаданне выехаць выказалі каля 2 тыс. Для перасяленцаў з 1986 пабудавана 64 836 кватэр, або 4519,4 тыс. м² жылля. Адначасова вырашалася задача ўзвядзення пасёлкаў, у іх пабудавана агульнаадук. школ на 44 072 месцы, дзіцячых дашкольных устаноў на 18 470 месцаў, амбулаторна-паліклінічных устаноў на 20 922 наведванні за змену, бальніц на 4160 ложкаў. З мэтай забеспячэння чыстым палівам насельніцтва забруджаных радыенуклідамі раёнаў пракладзена больш за 1898 км сетак газаправодаў, пабудавана 1847 км сетак водазабеспячэння, праведзена добраўпарадкаванне нас. пунктаў, жывёлагадоўчых ферм, механізаваных двароў і інш. аб’ектаў.

Ва ўсёй зоне забруджвання назіраецца рост сардэчна-сасудзістых, страўнікава-кішэчных, нервова-псіхічных захворванняў, хвароб апорна-рухальнага апарату і органаў дыхання. Растуць захворванні на рак шчытападобнай залозы ў дзяцей (у 1966—85 іх было 21). Менавіта рак шчытападобнай залозы разглядаецца яе непасрэдны вынік Ч.к. З 1993 вядзецца Бел. дзярж. рэгістр асоб, якія падвергліся ўздзеянню радыяцыі з прычыны катастрофы на ЧАЭС. У яго занесены даныя пра больш як 250 тыс. чал.

На пач. 2001 на Беларусі налічвалася 9985 інвалідаў, у якіх устаноўлена прычынная сувязь захворванняў з вынікамі Ч.к., з іх 1835 дзяцей і падлеткаў. Штогод міжведамаснымі саветамі па ўстанаўленні прычыннай сувязі захворванняў з вынікамі катастрофы на ЧАЭС разглядаецца каля 3 тыс. спраў. Паглыбленае мед. абследаванне кожны год праходзяць больш за 1 млн. чал. Намаганнямі органаў дзярж. кіравання, грамадскіх чарнобыльскіх арг-цый, вучоных і спецыялістаў шэраг праблем удалося вырашыць. Створана заканадаўчая і нарматыўна-прававая база практычна па ўсіх кірунках дзейнасці па пераадоленні вынікаў Ч.к. Да 1991 выдаткі, звязаныя з пераадоленнем наступстваў Ч.к., нёс урад СССР; пасля распаду СССР увесь цяжар фін. выдаткаў лёг на Беларусь. Паводле падлікаў сумарныя страты на Беларусі ад Ч.к. ў 1986—2015 складуць каля 235 млрд. дол. ЗША (у цэнах на 1.6.1992 — амаль 32 бюджэты рэспублікі за 1985). У бюджэце Беларусі расходы на чарнобыльскую праграму складаюць значную частку. Прынята Дзярж. праграма па пераадоленні вынікаў катастрофы на ЧАЭС на 2001—05 і на перыяд да 2010. Паводле рашэння ўрада Украіны Чарнобыльская АЭС афіцыйна закрыта 15.12.2000. Аднак вырашэнне чарнобыльскіх наступстваў для жыхароў Беларусі яшчэ доўгі-доўгі час будзе складанай і балючай праблемай.

Літ.:

Чарнобыль: Погляд праз дзесяцігоддзе: [Давед.]. Мн., 1996.

В.​З.​Протчанка.

т. 17, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЕ́НГА-ХАДАКО́ЎСКІ Зарыян Якаўлевіч (сапр. Чарноцкі Адам; 24.12.1784, каля в. Гайна Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 17.11.1825),

славяназнавец, пачынальнік бел., польск., рус. і ўкр. археалогіі, фалькларыстыкі, этнаграфіі і дыялекталогіі. Чл.-кар. варшаўскага Т-ва сяброў навук (1819), чл. пецярбургскага Вольнага т-ва аматараў расійскай славеснасці (1819), маскоўскага Т-ва гісторыі і старажытнасцей расійскіх (1820). Працаваў у Мінску прыватным адвакатам, у 1814—18 у б-цы Крамянецкага ліцэя, б-цы апекуна Віленскай навуч. акругі А.​Чартарыйскага ў Пулавах (Люблінскае ваяв.) і інш., у мінскіх архівах вывучаў стараж. бел. акты і граматы. Падарожнічаў па Польшчы, Галіцыі, Палессі. Даследаваў гарадзішчы ў Полацку, Віцебску, Тураве, Бабруйскім пав., каля Брэста, Гомеля, Магілёва, в. Старое Сяло Віцебскага пав., запісваў фальклор, дыялектную лексіку, абрады. У 1820—21 збіраў і вывучаў археал., дыялектны, этнагр. і фальклорны матэрыял на Поўначы Расіі. Найб. значная яго праца «Пра славяншчыну да хрысціянства» (1818), у якой упершыню зрабіў спробу апісаць стараж.-славянскі побыт, культуру і нар. творчасць у дахрысціянскі перыяд, намеціў праграму комплексных даследаванняў слав. і суседніх народаў. У «Даследаваннях адносна рускай гісторыі» (1819) крытыкаваў некат. палажэнні «Гісторыі дзяржавы Расійскай» М.​Карамзіна, удакладніў факты, звязаныя з гісторыяй Беларусі (у наступных выданнях Карамзін улічыў іх). У «Праекце вучонага падарожжа па Расіі для вытлумачэння старажытнай славянскай гісторыі» (1820) і «Гістарычнай сістэме Хадакоўскага» (апубл. 1838) абгрунтаваў археал. тэорыю гарадзішчаў, прынцыпы збору фальклору і дыялектнай лексікі, упершыню ў славістыцы паказаў ролю тапанімікі для гіст. даследаванняў, склаў рэестр агульнаслав. тапонімаў (у т. л. беларускіх), вызначыў тэр. пашырэння бел. мовы. Большасць яго прац не апублікавана: збор бел. (каля 500) і рус. песень, запісы замоў, загадак, слоўнікі, матэрыялы па слав. этнаграфіі, дыялекталогіі, тапаніміцы, археалогіі. Фальклорная спадчына Д.-Х. — самы багаты збор твораў слав. нар. паэзіі таго часу як па колькасці запісаў, так і па рэгіёну збірання. Гэта першая спроба сістэматычнага, свядомага запісвання (з элементамі навук. пашпартызацыі) слав. фальклору ў яго жанравай разнастайнасці. Яго навук. і збіральніцкая дзейнасць была ўзорам і праграмай для навук. аб’яднанняў Беларусі, Украіны, Польшчы і Расіі. Многія славяназнаўчыя праблемы (слав. этнагенез, прарадзіма славян), вылучаныя ім, актуальныя і сёння.

Тв.:

O Slawiańszczyźnie przed chrześcjaństwem oraz inne pisma i listy. Warszawa, 1967;

Spiewy slawiańskie pod strzechą wiejską zebrane. Warszawa, 1973;

Українські народні пісні в записах Зоріана Доленги-Ходаковського. Київ, 1974.

Літ.:

Аксамітаў А.С., Малаш Л.А. З душой славяніна: Жыццё і дзейнасць З.​Я.​Даленгі-Хадакоўскага. Мн., 1991;

Аксамітаў А. Ля вытокаў беларускага мовазнаўства: Са спадчыны Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага // Роднае слова. 1992. № 5;

Maśłanka J. Zorian Dołęga Chodakowski. Wrocław etc., 1965.

Л.​А.​Малаш-Аксамітава.

т. 6, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІЦЯ́ЧАЯ ПРА́ЦА,

1) праца малалетніх асоб, якія не дасягнулі ўзросту працоўнай дзеяздольнасці. У 1833 у Вялікабрытаніі прыняты закон, паводле якога забаранялася эксплуатацыя Дз.п. і была ўстаноўлена працягласць прац. дня для дзяцей 9—13 гадоў 8, для падлеткаў да 18 гадоў — 12 гадзін. У Францыі першым актам, які рэгуляваў Дз.п., быў закон 1841. У ЗША федэральным законам 1938 аб прац. нормах быў устаноўлены мінім. ўзрост прыёму на працу — 16 гадоў. У пач. 1970-х г. у краінах, якія сталі на шлях развіцця, працоўныя ва ўзросце 10—14 гадоў складалі, паводле даных ЮНЕСКА, 31% агульнай колькасці дзяцей гэтага ўзросту. Паводле звестак Цэнтра ААН па правах чалавека ў Жэневе (1993) больш за 100 млн. дзяцей у свеце існуюць за кошт цяжкай працы, больш за 50 млн. дзяцей працуюць у небяспечных або шкодных для здароўя ўмовах. Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 13.12.1956 забаронены прыём на работу асоб, якім не споўнілася 16 гадоў. У Беларусі ў 1993 прыняты Закон «Аб правах дзіцяці», паводле якога самаст. праца непаўналетніх дапускаецца з 16-гадовага ўзросту; забараняецца прымус дзіцяці да любой працы, небяспечнай для яго здароўя або якая перашкаджае атрыманню базавай адукацыі.

2) Від працоўнай дзейнасці, якая выкарыстоўваецца ў выхаваўчых мэтах з ранняга дзяцінства. У класічнай пед. л-ры (Я.​А.​Каменскі, Дж.​Лок, І.​Г.​Песталоцы, К.​Дз.​Ушынскі, П.​П.​Блонскі, С.​Ф.​Шацкі, А.​С.​Макаранка, В.​А.​Сухамлінскі) і сучасных даследаваннях (Р.​С.​Бурэ, Г.​М.​Годзіна, В.​І.​Логінава. В.​Г.​Нячаева, Д.​В.​Сяргеева, А.​Д.​Шатава і інш.) адзначаецца выхаваўчы характар працы, яна разглядаецца як натур. ўмова жыццядзейнасці і першая жыццёвая неабходнасць здаровага арганізма. У выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту выкарыстоўваецца праца па самаабслугоўванню, што развівае самастойнасць, вучыць пераадольваць цяжкасці, прывучае да ахайнасці і чысціні. Гаспадарча-бытавая праца мае грамадскую накіраванасць — задавальненне патрэбнасцей інш. дзяцей або дарослых. Праца дзяцей у прыродзе (догляд за раслінамі і жывёламі) накіравана на задавальненне патрэбнасцей дзяцей па ахове прыроды. У далейшым такая праца становіцца адным з відаў прадукц. працы. Ручная праца (выраб цацак і інш. прадметаў) развівае канструктыўныя здольнасці, дае карысныя практычныя навыкі. Гэтыя віды працы арганізоўваюцца і ў дзіцячых дашкольных установах у розных формах (даручэнні, дзяжурствы, калектыўная праца). Вучэбная праца ў дашкольным узросце не набывае самаст. значэння, але пачынае складвацца ў асобны від працы, што важна для падрыхтоўкі дзяцей да школы. Праца навучэнцаў у школе (ручная праца ў пач. класах, заняткі ў вучэбных майстэрнях у сярэдніх класах і вучэбна-выхаваўчая практыка ў старэйшых класах) мае мэтанакіраваны і сістэматычны характар. Асн. час у школьнікаў займае вучэбная праца, якая з’яўляецца сур’ёзным абавязкам навучэнцаў перад грамадствам.

Н.​У.​Літвіна.

т. 6, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ВА РАСЛІ́Н,

1) комплекс дзярж., гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні асобных відаў і ўсёй сукупнасці дзікарослых раслін, уключае ахову генафонду, фітацэнозаў, біягеацэнозаў у цэлым і інш. рэсурсаў расліннага свету, састаўная частка аховы прыроды і праблемы захавання біял. разнастайнасці Зямлі. Уключае ахову лясоў, ахову расліннага покрыва, зялёных насаджэнняў, балотнай і лугавой расліннасці, лек., асабліва ахоўных раслін і інш. Ахова рэдкіх і тых, што знікаюць, відаў раслін ажыццяўляецца ў адпаведнасці са спісам, прапанаваным Міжнар. саюзам аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП), Еўрапейскім Чырвоным спісам рэдкіх і тых, што знікаюць, відаў раслін, рэгіянальнымі і нац. Чырвонымі кнігамі праз увядзенне забароны на іх збіранне, праз аднаўленне колькасці, утварэнне асабліва ахоўных прыродных тэрыторый у месцах іх росту, абвяшчэнне помнікамі прыроды асобных месцаў іх росту, штучнае развядзенне некат. відаў, уключэнне адпаведных палажэнняў у праекты леса- і землеўпарадкавання.

На Беларусі ахова раслін рэгулюецца законам Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (1992), парадкам выдачы дазволаў на збіранне раслін з відаў, занесеных у Чырвоную кнігу, адпаведнымі палажэннямі зямельнага, воднага і ляснога заканадаўства, міжнар. пагадненнямі, канвенцыямі і інш. У адпаведнасці з канвенцыяй аб міжнар. гандлі відамі дзікай фауны і флоры, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, забаронены збіранне, продаж і купля ўсіх відаў сям. ятрышнікавых, лабеліі Дортмана і воўчніка баравога. Ахова некат. гаспадарча карысных відаў раслін і грыбоў ажыццяўляецца ліцэнзаваннем, правядзеннем біятэхн. мерапрыемстваў, увядзеннем часовых забарон на збіранне асобных відаў. Кантроль за мерапрыемствамі па ахове раслін ажыццяўляюць Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Мін-ва лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь з залучэннем грамадскасці. Адной з формаў аховы раслін з’яўляецца вырошчванне і развядзенне рэдкіх і гаспадарча карысных відаў на спец. участках, у гадавальніках, бат. садах і гэтак далей.

2) Галіна с.-г. навукі, якая распрацоўвае метады і спосабы барацьбы з хваробамі і шкоднікамі с.-г. культур і лясных парод, з пустазеллем. Прадугледжвае комплекс мерапрыемстваў у сельскай і лясной гаспадарцы, накіраваных на павелічэнне ўраджаю і зберажэнне якасці прадукцыі за кошт ліквідацыі страт ад шкодных арганізмаў, а таксама на прадухіленне біял. забруджвання навакольнага асяроддзя. Асн. задача — знішчэнне шкодных для сельскай і лясной гаспадаркі арганізмаў або абмежаванне іх дзейнасці (гл. Каранцін). Ахову тэр. Беларусі ад пранікнення каранцінных шкоднікаў, хвароб і пустазелля, каранцінныя мерапрыемствы ажыццяўляе Бел. дзярж. каранцінная інспекцыя. Дзярж. служба аховы раслін праводзіць практычныя мерапрыемствы па ахове ў калгасах, саўгасах, арг-цыях, установах, на прадпрыемствах, а таксама на прысядзібных участках, у калект. садах і агародах. Распрацоўку сістэм мерапрыемстваў па барацьбе са шкоднікамі, хваробамі і пустазеллем, метадычнае кіраўніцтва вытв. службай па ахове раслін ажыццяўляе Аховы раслін Беларускі НДІ.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 2, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ НАРО́ДНЫЯ ГУ́ЛЬНІ,

адна са стараж. формаў нар. творчасці беларусаў. Узніклі з язычніцкіх уяўленняў чалавека пра навакольны свет і звязаны з яго імкненнем паўплываць на незразумелыя прыродныя сілы. Пазней нар. гульні сталі забавай, сродкам маральнага, эстэт. і фіз. выхавання. Вядома больш за 400 беларускіх народных гульняў, якія не маюць строгіх правілаў, у розных месцах адну і тую ж гульню называюць і ладзяць па-рознаму. Гульні сінтэзуюць элементы песеннага і славеснага фальклору, танца, нар. тэатра, прац., ваен. і спарт. майстэрства. Найбольш стараж. з іх звязаны з паляваннем і паходзяць ад рытуальных скокаў, у якіх чалавек, імітуючы паводзіны жывёл і птушак, імкнуўся з магічнымі мэтамі ўвасобіцца ў інш. істоту (гульні «Каршун», «Мядзведзь», «Пастух і воўк», «Гусі», «Каза», «Журавель»). Многія гульні заснаваны на імітацыі прац. працэсаў («Проса», «Лён», «Канапелькі», «Рэдзька», «Млынок» і інш.), большасць з іх трансфармавалася ў гульнёвыя карагоды. Вытокі вял. колькасці традыц. гульняў ляжаць у абрадавай паэзіі. Асабліва многа іх звязана з нар. календаром. Гэта і веснавыя гульні — гуканне вясны, валачобніцтва (гл. Валачобнікі), Юр’е, ваджэнне і пахаванне «стралы», провады русалкі, траецкія гульні і інш. Шмат гульнёвых забаў адбывалася на Купалле — скокі праз вогнішча, качанне па жыце, пошукі папараць-кветкі. У час іх правядзення выбіралі арганізатара — Купаліша. Гульнёвы характар у час жніва набылі цырымоніі першага і апошняга снапа, «завіванне барады». Зімой у доўгія калядныя вечары наладжвалі шматлікія забавы, гульні з выкананнем песень, пераапрананнем у «цыгана», вадзілі «Казу», «Каня», «Кабылу», «Жураўля», «жанілі Цярэшку» (гл. «Жаніцьба Цярэшкі»), гулялі ў «Яшчура» і шчадравалі. Багаццем гульнёвых рытуалаў вылучаецца вяселле, магчыма, таму ў народзе кажуць «гуляюць вяселле». Сватанне, выкуп месца для маладой, падзел каравая і інш. дзеянні, страціўшы свой стараж. сэнс, сталі вясельнымі гульнямі. На вяселлі адбываюцца тэатралізаваныя жартоўныя паказы, у час якіх госці «жэняць» падстаўных маладых, і гульня ператвараецца ў звычайную пацеху. Гульні далі жыццё многім бел. танцам («Бычок», «Качан», «Падушачка» і інш.). Нар. гульні вызначаліся свабоднай імправізацыяй, лёгкасцю пераходу ад сур’ёзнага да жартоўнага, вясёлага, што стала асновай мастацтва вандроўных прафес. акцёраў — скамарохаў. Многія гульні дарослых перайшлі ў дзіцячую аўдыторыю і сталі дзейсным сродкам нар. педагогікі, развіваюць здольнасць да творчай імправізацыі, узаемавыручку, калектывізм і інш. лепшыя якасці («У гусі», «Жмуркі», «У жорава», «Вецер», «Лось», «Пячэнне хлеба», «Грушка» і інш.). У аснове спарт. гульняў ляжаць разнастайныя спаборніцтвы, яны развіваюць спрыт, звычку да псіхічных і фіз. намаганняў (гл. Азярод, Апука, Бабкі, Гула, «Гуські», «Калаўрот», Барацьба «да крыжа», Барацьба «на крыжы» і інш.). Многія традыц. гульні захаваліся ў сучаснай культуры, асабліва ў разнастайных формах нар. тэатра, з часам яны ўвабралі ў сябе элементы сучаснасці, многія з іх сталі асновай для развіцця бел. харэаграфічнага мастацтва, драмы і тэатра.

Да арт. Беларускія народныя гульні. Медалі з выявамі гульняў «Барацьба «да крыжа», «Апука», «Гула». Мастак А.​Зіменка.

т. 2, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)