артрыт множны, артрыт рэўматоідны, адначасовае або паслядоўнае запаленне шматлікіх суставаў. Прычыны: інфекцыя (стафілакок, стрэптакок, вірусы і інш.), хранічныя танзіліт і халецыстыт, рэўматызм, парушэнні абмену рэчываў і функцый залоз унутр. сакрэцыі. Прыкметы і лячэнне П. гл. ў арт.Артрыт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНАЯ ТЭ́ХНІКА,
апаратура, прызначаная для стварэння, падтрымання, выкарыстання і вымярэння вакууму. Да вакуумнай тэхнікі адносяцца металічныя (часам шкляныя) вакуумныя ўстаноўкі (рабочыя камеры) з вакуумнымі помпамі; вакуумная арматура (клапаны, вентылі, краны, засаўкі, нацякальнікі і інш.); сродкі вымярэння ціску (вакуумметры), цечашукальнікі (заснаваныя на выяўленні пробных рэчываў).
Устаноўкі абсталёўваюць таксама вакуумнымі пячамі, вакуумфільтрамі, электрычнымі, электроннымі і інш. прыладамі. Вял. значэнне ў вакуумнай тэхніцы маюць вакуумна-шчыльныя злучэнні (раздымныя, паяныя, зварныя). Вакуумная тэхніка шырока выкарыстоўваецца ў электроніцы (напр., вакуумная напыляльная тэхніка), фізіцы цвёрдага цела і плазмы, ядз. фізіцы, паскаральнай тэхніцы, металургіі (гл.Вакуумная металургія), розных тэхнал. працэсах (пры вакуумаванні бетону, сталі і матэрыялаў, вакуум-фармаванні вырабаў з тэрмапластаў, нанясенні на вырабы вакуумных пакрыццяў, зварцы і пайцы металаў, сушцы метадам сублімацыі тэрмаадчувальных рэчываў, атрыманні звышчыстых матэрыялаў і інш.). У вял. вакуумных камерах імітуюць умовы касм. прасторы.
Літ.:
Розанов Л.Н. Вакуумная техника. М., 1982;
Кузьмин В.В., Левина Л.Е., Творогов И.В. Вакуумметрическая аппаратура техники высокого вакуума и течеискания. М., 1984.
У.М.Сацута.
Да арт. Вакуумная тэхніка. Вакуумныя помпы: а — эжэктарная (струменная); б — крыягенная з аўтаномным халадзільным прыстасаваннем.Да арт. Вакуумная тэхніка. Электронны іанізацыйны вакуумметр: 1 — калектар; 2 — анод; 3 — катод.Да арт. Вакуумная тэхніка. Вакуумна-шчыльныя злучэнні: а — раздымныя з эластычнай пракладкай (1 — пракладка, 2 — фланцы); б — паяныя (1, 3 — злучальныя дэталі; 2 — прыпой).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧЫЯ РАБО́ТЫ,
работы, якія выконваюцца на буд. пляцоўках (аб’ектах) пры ўзвядзенні будынкаў і збудаванняў, іх рамонце і рэканструкцыі. Ажыццяўляюцца пры дапамозе будаўнічых машын, ручнога і механізаванага інструменту, дапаможных прыстасаванняў. Пры будаўнічых работах выкарыстоўваюцца будаўнічыя матэрыялы, паўфабрыкаты (бетон, будаўнічы раствор, асфальтабетон), дэталі і вырабы (элементы каркаса, аконныя і дзвярныя блокі і інш.), гатовыя будаўнічыя канструкцыі.
Будаўнічыя работы падзяляюць на агульнабудаўнічыя, спец., дапаможныя і падрыхтоўчыя. Агульнабудаўнічыя — аддзелачныя, арматурныя, бетонныя, дахавыя, жалезабетонныя, земляныя, каменныя, цяслярныя работы (гл. адпаведныя арт.), а таксама мантажныя (гл.Мантаж) і інш.; спецыяльныя — гідраізаляцыйныя, сан.-тэхн., цеплаізаляцыйныя работы (гл. адпаведныя арт.), электрамантажныя, пракладка інж сетак, работы па мантажы тэхнал. абсталявання і канструкцый; дапаможныя — устаноўка апалубкі, паніжэнне грунтавых вод, мацаванне сценак катлаванаў, пагрузка і разгрузка матэрыялаў і інш.; падрыхтоўчыя — падрыхтоўка буд. пляцоўкі, нарыхтоўка матэрыялаў, стварэнне сан.-быт. умоў для работы і інш. Часта будаўнічыя работы класіфікуюць па інш. адзнаках: адвальныя, вышукальныя, дарожна-буд., падводна-тэхн., палевыя і шпунтовыя, скрытыя работы (гл. адпаведныя арт.), а таксама зімовыя, падземныя і інш. Будаўнічыя работы выконваюцца спецыялізаванымі (для аднаго віду работ) і комплекснымі брыгадамі. Арганізуюцца паслядоўным, паралельным, паточным ці камбінаваным метадамі ў адпаведнасці з праектамі арганізацыі буд-ва і вытв-сці работ і патрабаваннямі да іх якасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЯРЫ́НЫ СТЫЛЬ,
у мастацтве, умоўная назва шырока распаўсюджанага ў стараж. мастацтве стылізаванага ўвасаблення жывёл, частак іх цела ці кампазіцый з некалькіх жывёл. Узнік у бронзавым веку, найб. пашыраны ў жал. веку і мастацтве раннекласавых дзяржаў. Першапачаткова звязаны з культам жывёлы (гл.Татэмізм). Найб.стараж. ўзоры З.с. вядомы ў Егіпце і Месапатаміі, Закаўказзі і Паўн. Каўказе (3-е тыс. да н.э.), у Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, Індыі, Кітаі, Паволжы, Паўд. Сібіры (2-е тыс. да н.э.). Найб. развіты ў скіфа-сармацкім мастацтве Паўн. Прычарнамор’я і мастацтве плямён Паўд. Сібіры 1-га тыс. да н.э. і першых стагоддзяў н.э. Скіфскі З.с. склаўся пад уплывам мастацтва Ірана і Пярэдняй Азіі, Прычарнамор’я — стараж.-грэч. мастацтва. Для яго характэрны дынамічнасць кампазіцыі, рэаліст. перадача форм і рухаў жывёл. Найб. пашыраны зааморфныя выявы. Прыёмы ўвасаблення разнастайныя: гравіроўка па метале, ліццё, разьба па дрэве і косці, аплікацыі са скуры і лямцу; вядома таксама татуіроўка чалавечага цела ў З.с. Пераплеценыя целы жывёл, што ўтваралі арнаментальныя кампазіцыі, аздабляліся каляровымі ўстаўкамі з эмалі, шкла і інш. З часам рэаліст. пачатак быў выцеснены рысамі дэкар. умоўнасці і стылізацыі. З.с. мастацтва нарманаў (8 ст.) характарызуецца экспрэсіўнасцю, надзвычай стылізаваным адлюстраваннем звяроў, птушак і змей, што губляюцца ў складаных перапляценнях геам. ўзору. У 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. З.с. паступова страціў сваё значэнне. Дэкар. выявы жывёл, пазбаўленыя свайго першапачатковага магічнага сэнсу, працягвалі існаваць у сярэдневяковым мастацтве (ювелірныя вырабы, кніжная мініяцюра, разьба па дрэве, косці і камені, каменны арх. дэкор і інш.) і нар. творчасці.
Літ.:
Тяжелов В.Н. Искусство средних веков в Западной и Центральной Европе. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІ́ЖНАЯ ГРА́ФІКА,
раздзел графікі, скіраваны на гарманічнае маст. і функцыян. дапасаванне формы і зместу выдання, у т. л. на вобразнае вырашэнне кніжнага блока; адна з асн.ч.мастацтва кнігі. Уключае афармленне вонкавае (супервокладка, пераплёт або вокладка, форзац, тытульны ліст, фронтыспіс) і ўнутр. (ілюстрацыя, шрыфт, шмуцтытул, буквіца, віньетка, застаўка, канцоўка), агульнае канструяванне кнігі (кампаноўка графічнага матэрыялу, тэксту, шрыфтавая рубрыкацыя, стварэнне макета выдання).
Вытокі К.г. ў афармленні рукапіснай кнігі, дзе пераважалі мініяцюра, малюнак і каліграфія. Пасля вынаходніцтва І.Гутэнбергам кнігадрукавання (1455) пашырылася аздабленне кніг у тэхніцы гравюры, што да 19 ст. было асн. кірункам у К.г. У 19 ст. рамесныя паліграф. працэсы заменены машыннымі, пашырыўся фотамеханічны спосаб ілюстравання. У канцы 19 ст.англ. мастак У.Морыс вярнуўся да традыц. рамесных паліграф. працэсаў і абгрунтаваў тэорыю стварэння кнігі як цэласнага комплексу высокага паліграф. майстэрства і К.г. Прынцыпы, распрацаваныя Морысам, у спалучэнні з дасягненнямі паліграф. тэхнікі паўплывалі на далейшае развіццё К.г. (творчасць А.Матыса, Г.Апалінэра, П.Пікасо, У.Фаворскага, Н.Ганчаровай, І.Білібіна, Ю.Аненкава і інш.).
На Беларусі К.г. вядома з 11 ст. (мініяцюры Тураўскага евангелля 11 ст., Аршанскага евангелля 12—13 ст., Мсціжскага евангелля 13—14 ст.; контурныя малюнкі Лаўрышаўскага евангелля 14 ст.; акварэлі Радзівілаўскага летапісу 13 ст. і інш.). Узнікненне ў 16 ст. кніжнага дрэварыту звязана з дзейнасцю Ф.Скарыны і яго паслядоўнікаў С.Буднага, В.Цяпінскага і інш. З 2-й пал. 16 ст. пашырыўся медзярыт (творы Т.Макоўскага, Л.Тарасевіча, М. і В.Вашчанкаў і інш.), у 19 ст. — літаграфія. Вял. ўклад у развіццё К.г. зрабіў М.Э.Андрыёлі. На пач. 20 ст. ў К.г. працавалі М.Філіповіч, Ф.Рушчыц. Я.Драздовіч, Л.Лісіцкі, А.Ахола-Вало, В.Дваракоўскі, П.Гуткоўскі і інш. У 1960-я г. закладзены асновы сучаснай бел. школы К.г. (творчасць А.Кашкурэвіча, А.Лось, Б.Заборава, Г. і Н.Паплаўскіх, В.Шаранговіча і інш.). У 1980 — пач. 1990-х г.бел. К.г. набыла найб. вядомасць дзякуючы творам М.Селешчука, В.Славука, У.Савіча, М.Казлова, А. і В.Александровічаў, В.Кліменкі, Т.Беразенскай і інш.Іл.гл. таксама да арт.Графіка, Ілюстрацыя.
Літ.:
Церашчатава В.В. Беларуская кніжная графіка, 1917—1941. Мн., 1978;
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984;
Яго ж. Искусство книги Франциска Скорины М., 1990;
Герчук Ю.Я. Художественные миры книги М., 1989.
М.Р.Баразна.
Да арт.Кніжная графіка. М.Андрыёлі. Ілюстрацыя да паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш». 1881.Да арт.Кніжная графіка. У.Фаворскі. Ілюстрацыя да «маленькай трагедыі» А.Пушкіна «Каменны госць». Выданне 1961.Да арт.Кніжная графіка. А.Кашкурэвіч. Спакушэнне Хрыста ў пустыні. Ілюстрацыя да «Евангелля паводле Лукі». 1990.Да арт.Кніжная графіка. П.Пікасо. Ілюстрацыя да камедыі Арыстафана «Лісістрата» 1934.Да арт.Кніжная графіка. Ю.Аненкаў. Ілюстрацыя да паэмы А.Блока «Дванаццаць». 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.
Створаны на базе пераведзенага ў Магілёў Пінскага абласнога драматычнага тэатра. Адкрыты ў 1954 у будынку Магілёўскага гарадскога тэатра. У канцы 1950-х — 1960-я г. ў рэпертуары пераважала рус. драматургія («Гора ад розуму» А.Грыбаедава, «Ягор Булычоў і іншыя», «Варвары» М.Горкага, «Тры сястры» А.Чэхава, «Жаніцьба Бальзамінава», «Беднасць не загана» А.Астроўскага, «Грошы для Марыі» паводле В.Распуціна, «Фантазіі Фарацьева» А.Сакаловай, «Гісторыя аднаго кахання» К.Сіманава, «Таня» А.Арбузава і інш.). Сярод п’ес замежных аўтараў «Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра, «Каварства і каханне», «Марыя Сцюарт» Ф.Шылера, «Нора» Г.Ібсена, «Замак Броўдзі» паводле А.Кроніна, «Арфей спускаецца ў пекла» Т.Уільямса, «Візіт дамы» («Візіт старой дамы») Ф.Дзюрэнмата і інш. Да пач. 1980-х г. ставіліся і бел. п’есы: «Паўлінка» Я.Купалы, «Галоўная стаўка», «Даруй мне» К.Губарэвіча, «Дні нашага нараджэння» І.Мележа, «Лявоніха на арбіце», «Не сумуй, Верачка» («Верачка») А.Макаёнка, «Сотнікаў» паводле В.Быкава, «Пад адным небам» А.Маўзона, «Тры дні і тры ночы», «Амністыя», «Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага, «Аперацыя «Мнагажэнец» А.Дзялендзіка і інш. Упершыню на бел. сцэне пастаўлены «Тутэйшыя» Я.Купалы. У 1970—80-я г. ўвага аддавалася выразнасці сцэнаграфіі і муз. афармлення, разнастайнасці выяўл. сродкаў. Пастаўлены: «І смех і грэх» («Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча і «Прымакі» Я.Купалы), «Клоп» У.Маякоўскага, «Інтэрв’ю ў Буэнас-Айрэсе» Г.Баравіка, «За ўсё добрае — смерць» Р.Ібрагімбекава, «Каханне, джаз і чорт» Ю.Грушаса, «Каса Марэ» І.Друцэ, і інш. Сярод пастановак 1990-х г.: «Маленькія трагедыі» А.Пушкіна, «Шалёныя грошы» Астроўскага, «Сніўся мне сад у шлюбным уборы» Чэхава, «Вянчанне» Ж.Анжуя, «Школа блазнаў» М. дэ Гільдэрода, «Тарцюф» Мальера, «Каханне пад вязамі» Ю.О’Ніла, «Вынаходлівыя закаханыя» Лопэ дэ Вэгі і інш. Ставяцца спектаклі для дзяцей: «Па зялёных хвалях акіяна» С.Казлова, «Зайчык-зазнайчык» С.Міхалкова, «Пунсовая кветачка» паводле С.Аксакава, «Чараўнік ізумруднага горада» паводле А.Волкава і інш. У творчасці т-ра значную ролю адыгралі рэжысёры Б.Валадарскі, Я.Вялкаў, А.Дольнікаў, У.Караткевіч, В.Маслюк, Ю.Міроненка, В.Шутаў. У розны час у ім працавалі нар.арт.СССР Я.Палосін, засл. артысты Беларусі Р.Белацаркоўскі (маст. кіраўнік), Ю.Гальперына, А.Даніловіч, Г.Качаткова, Н.Караткевіч, З.Малчанава, А.Раеўскі (рэжысёр), Ю.Труханаў, Н.Фядзяева, С.Яворскі, А.Яфрэменка, засл. арт. Расіі Э.Міхайлава. У складзе трупы (1999): нар.арт. Расіі М.Радзівонаў, засл. арт. Расіі А.Палкін, засл. арт. Башкортастана С.Кліменка, артысты Я.Белацаркоўская, В.Галкін, З.Гурцава, Л.Гурына, А.Дудзіч, Н.Калакустава, Г.Лабанок, А.Печнікава, К.Печнікаў, А.П’янзін, У.Пятровіч, У.Саўчыкаў, Г.Угначова, А.Чарнякова, А.Шапавалава. Рэж. М.Лашыцкі (з 1997), гал. мастак М.Волахаў (1956—98).
Т.В.Пешына.
Да арт.Магілёўскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Тарцюф».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ВАПІС,
від выяўленчага мастацтва, творы якога ствараюцца спосабам нанясення колеравых матэрыялаў на якую-небудзь цвёрдую аснову; адлюстроўвае рэчаіснасць, пераасэнсаваную творчай фантазіяй мастака як вынік эстэт. асваення свету. У залежнасці ад прызначэння твора, пануючага маст. стылю (готыка, рэнесанс, класіцызм, рэалізм і інш.), мастака Ж. дае ацэнку духоўнаму зместу эпохі і з’яўляецца дзейсным сродкам эстэт. выхавання грамадства. Як высокаразвітая форма чалавечай дзейнасці з’яўляецца сферай стварэння маст. каштоўнасцей.
Вызначальная спецыфічная асаблівасць Ж. — шматбаковае выкарыстанне выяўл. магчымасцей колеру для стварэння гарманічна цэласнай сістэмы (каларыту). Звычайна ўжываецца шэраг узаемазвязаных колераў і іх адценняў (гама колеравая), але існуе і Ж. адценнямі аднаго колеру (монахраматызм). З дапамогай колеру, малюнка, кампазіцыі, фактуры Ж. стварае маст. вобразы, якія могуць узнаўляць матэрыяльнасць свету, плоскаснасць і перспектыву прасторы, ствараць ілюзію руху, адлюстроўваць жывую прыроду ці адасобленыя ідэі (алегорыя, сімвал). Па сукупнасці матэрыялаў і тэхніцы іх выкарыстання вылучаюць алейны жывапіс, тэмперу, васковы жывапіс, фрэску, а сэка і інш Часам для выканання жывапісных работ выкарыстоўваюць акварэль, гуаш, эмаль, пастэль, туш. Непасрэдна з Ж звязаны вітраж, мазаіка, панарама і дыярама. Залежна ад прызначэння, характару вобразаў і выканання адрозніваюць манументальны жывапіс, станковы Ж. (карціна, абраз, гл.Станковае мастацтва), дэкаратыўны жывапіс, мініяцюру, дэкарацыйны Ж. (гл.Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва). Паводле тэматыкі і прадметаў адлюстравання Ж. падзяляецца на жанры: гістарычны жанр, бытавы жанр, анімалістычны жанр, батальны жанр, партрэт, пейзаж, нацюрморт і інш. Па тэхніцы пісьма адрозніваюць Ж шматслаёвы (з падмалёўкамі і лесіроўкамі) і Ж. у адзін прыём (альпрыма).
Ж. узнік у эпоху позняга палеаліту (40—8 тыс.г. назад). Захаваліся наскальныя размалёўкі (Пд Францыі, Пн Іспаніі і інш.) — выкананыя вохрамі, сажай і вуглем абстрактныя абагульненыя выявы асобных жывёл, пазней і сцэн палявання. Ж рабаўладальніцкага грамадства валодаў развітой вобразнай сістэмай, багатымі тэхн. сродкамі (гл. раздзелы па мастацтве ў аўт.Егіпет Старажытны, Індыя, Кітай, Антычнае мастацтва). У сярэдневякоўі ў Еўропе дамінаваў рэліг. Ж (гл.Іканапіс), які часам змяшчаў і гіст. сюжэты. Ж.Адраджэння сцвярджаў агульныя прынцыпы новага гуманіст. мастацтва (Рафаэль, Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы, А.Дзюрэр, Я. ван Эйк і інш). У 17—18 ст. працэс развіцця еўрап. Ж ўскладніўся. Пачалі складвацца нац. школы ў Францыі (Ж. дэ Латур, Н.Пусэн, Ж.Л.Давід), у Італіі (М.Караваджа. П’етра да Картона, Дж.Цьепала), Іспаніі (Эль Грэка, Д.Веласкес, Ф.Сурбаран, Ф.Гоя), Фландрыі (П.П.Рубенс, Я.Іорданс, А. ван Дэйк), Галандыі (Ф.Халс, Рэмбрант, Я.Вермер), Англіі (Т.Гейнсбара, У.Хогарт), Расіі (Ф.Рокатаў, Дз.Лявіцкі, У.Баравікоўскі). Пашырылася і сістэма жанраў, паглыбілася псіхалагічная праблематыка. Сфарміраваліся розныя жывапісныя сістэмы з агульнымі стылявымі прыкметамі (дынамічны Ж барока з характэрнай незамкнутай, спіралепадобнай кампазіцыяй; Ж класіцызму з дакладным, строгім і ясным малюнкам; Ж. ракако з гульнёй вытанчаных нюансаў колеру, светлых і бляклых тонаў) і не акрэсленыя стылявымі рамкамі. Развіліся больш камерныя, тонкія тэхнікі Ж (пастэль, акварэль, партрэтная мініяцюра). У 19 ст. склалася нац. школа Ж. ў Амерыцы (гл. ў арт.Злучаныя Штаты Амерыкі). Пашырыліся маст. сувязі паміж Еўропай і інш. часткамі свету, вынікам чаго стаў пэўны ўзаемаўплыў Ж розных рэгіёнаў. У канцы 19 ст. ў барацьбе з познім класіцызмам, акадэмізмам і натуралізмам склаўся Ж рамантызму з яго актыўнай цікавасцю да драм. падзей гісторыі і сучаснасці, насычанасцю каларыту (Т.Жэрыко, Э.Дэлакруа, А.А.Іванаў). Ж. рэалізму імкнуўся да дакладнага, пераканаўчага адлюстравання жыцця (Дж.Констэбл, К.Каро, А.Дам’е). Для сцвярджэння рэаліст. Ж.Расіі вял. значэнне мела Т-ва перасоўных мастацкіх выставак (гл.Перасоўнікі). У развіцці каларызму і пленэрнага Ж. важную ролю адыграў імпрэсіянізм (Э.Дэга, А.Рэнуар, К.Манэ і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. характар Ж. стаў асабліва складаным і супярэчлівым: суіснавалі, узаемаўплывалі і змагаліся паміж сабою разнастайныя рэаліст. і авангардысцкія плыні (фавізм, футурызм, лучызм, кубізм, мадэрн, абстракцыянізм і інш.), што выявілася ў творчасці буйнейшых мастакоў таго часу: П.Пікасо, А.Матыса, Ф.Лежэ, Р.Дэланэ ў Францыі; Д.Рыверы, Д.Сікейраса ў Мексіцы; Р.Гутуза ў Італіі; Дж.Полака ў ЗША. У 1940—50-я г. ў зах.-еўрап. і амер. мастацтве найб. распаўсюджаным стылем быў сюррэалізм, які да 1960-х г. саступіў лідэрства поп-арту. З канца 1960-х г. Ж. актыўна развіваецца ў напрамках опарта, кінетычнага мастацтва, гіперрэалізму і інш., а таксама ў рэаліст. кірунку.
На Беларусі Ж. вядомы з 11—12 ст. Ён развіваўся як самабытная з’ява ў рэчышчы мастацтва ўсх. славян пад уплывам візантыйскага і зах.-еўрап. (фрэскі Полацкай Спаса-Ефрасіннеўскай царквы, мініяцюры Тураўскага евангелля, Аршанскага евангелля). Твораў станковага Ж. таго перыяду практычна не захавалася. У пач. 16 ст. склалася беларуская іканапісная школа; паступова ў рэліг. кампазіцыі сталі пранікаць гіст. сюжэты, выявы фундатараў і інш., вызначылася тэндэнцыя да развіцця свецкага Ж. Канец 16—18 ст. пазначаны росквітам параднага, т. зв. сармацкага. партрэта (партрэт Аляксандра Астрожскага невядомага мастака. 17 ст.). У канцы 18—19 ст. ў бел. Ж. дамінавалі класіцызм і рамантызм (творы І.Аляшкевіча, В.Ваньковіча, Я.Дамеля, Я.Сухадольскага). Пашырыліся жанры пейзажа (творчасць В.Дмахоўскага. К.Русецкага, Ф.Смуглевіча), нацюрморта, які ўводзіўся і ў інш. жанры (І.Хруцкі). Вял. ролю ў развіцці бел. Ж. адыгралі Віленская мастацкая школа і Пецярбургская АМ. У 2-й пал. 19 ст. пад уплывам рус. мастацтва развіліся тэндэнцыі крытычнага рэалізму («На этапе» К.Альхімовіча, «Салдат з хлопчыкам» Н.Селівановіча і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. самым пашыраным жанрам стаў пейзаж (творы В.Бялыніцкага-Бірулі. Ф.Рушчыца), які вылучаўся высокай самабытнай культурай каларыту. Жывапісныя творы прадстаўнікоў дэмакр. кірунку мелі яскрава выражаны сац. характар («Зямля» і «Эмігранты» Рушчыца, «Шэсце навальніцы» К.Стаброўскага і інш.). Для творчасці мастакоў 1920—30-х г. характэрна актыўнае пераасэнсаванне асн.еўрап. стыляў і накірункаў, пошукі нац. стылістыкі і палітры (Бялыніцкі-Біруля, Я.Драздовіч, У.Кудрэвіч, Ю.Пэн, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, М.Станюта, М.Філіповіч, М.Шагал; дзейнасць Віцебскага народнага мастацкага вучылішча). З канца 1930-х г. у бел. Ж. склаўся метад т. зв. сацрэалізму. асн. прыкметамі якога сталі рэаліст. трактоўка дэталей, спрошчаная ідэалізацыя тыпажу, гераізацыя рэв. гісторыі і сучаснасці, паліт ангажыраванасць У гады Вял.Айч. вайны ў Ж. пераважалі сюжэтна-тэматычная карціна, батальны і партрэтны жанры (творы Я.Зайцава, Сергіевіча, У.Сухаверхава, В.Волкава, А.Шыбнёва) Тэма вайны і яе эмацыянальнае асэнсаванне дамінавалі да канца 1950-х г. Своеасаблівасць бел. прыроды паказана ў творах Бялыніцкага-Бірулі. У 1960-я г. ў бел. Ж. пераважаў т. зв. суровы стыль, якому ўласцівы абагульненасць форм, манументальнасць і сімвалічнасць вобразаў, някідкі каларыт (творы Г.Вашчанкі, В.Грамыкі, М.Савіцкага і інш.). З 2-й пал. 1970-х г. узнікла цікавасць да нац. гісторыі, нар. спадчыны. Пашырылася стылістычная і жанравая разнастайнасць Бел. асветнікам. дзеячам культуры і гісторыі прысвячалі свае творы Вашчанка, А.Марачкін, Г.Скрыпнічэнка, Ф.Янушкевіч; завершанасцю і эмацыянальнай змястоўнасцю вылучаюцца пейзажы П.Масленікава, І.Рэя, В.Цвіркі, Л.Шчамялёва, У.Маскоўскіх, творы Р.Таболіча, М.Апіёка; самабытны характар бел. нацюрморта выяўлены ў творчасці В.Жолтак, В.Свентахоўскай. З сярэдзіны 1980-х г. як альтэрнатыва афіцыйнаму мастацтву ўзнік андэрграўнд, у якім тэмай Ж. з’яўляліся самі выяўл. сродкі. Для Ж. пачатку 1990-х г. характэрны разнапланавасць кірункаў, імкненне да сінтэзу жанраў і стылістыкі як сродку абнаўлення маст. мовы (М.Селяшчук, А.Задорын, Л.Хобатаў, В.Захарынскі, Р.Заслонаў і інш). Важную ролю ў развіцці бел. школы Ж. адыграла адкрыццё ў 1947 Мінскага маст. вучылішча, у 1953 — маст. ф-та Бел.тэатр.-маст. ін-та (з 1991 БелАМ). Іл.гл. таксама да арт.Іканапіс, Беларуская іканапісная школа, Манументальны жывапіс, Станковае мастацтва, Тэатральна-дэкаратыўнае мастацтва, а таксама да арт. пра асобныя стылі і жанры мастацтва.
Літ.:
Всеобщая история искусств. Т. 1—6. М., 1956—66;
Ильина Т.В. История искусств: Западноевроп. искусство. 2 изд. М., 1993;
Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1—6. Мн., 1987—94.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСМАЛО́ЎСКАЯ (Галіна Віктараўна) (н. 15.12.1936 г. Горкі Магілёўскай вобл.),
бел. дамрыстка і педагог. Засл. арт. Беларусі (1983). Скончыла Бел. кансерваторыю (1962, клас Г.Жыхарава), з 1963 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Адначасова ў 1960—70 была ў складзе секстэта домраў Бел. тэлебачання і радыё.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАНА́СЕНКА (Марыя Акімаўна) (н. 16.3.1926, г. Днепрапятроўск),
бел. танцоўшчыца. Засл. арт. Беларусі (1964). З 1945 працавала ў розных маст. калектывах Украіны, у 1959—68 салістка Дзярж. ансамбля танца БССР. Выконвала адказныя сола ў пастаноўках калектыву «Беларуская рапсодыя», «Беларуская сюіта», «Лявоніха», «Мяцеліца», «Чардаш» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУСЛА́ЕЎ (сапр.Бутэнка) Аляксандр Мікалаевіч
(11.4.1894, г. Міргарад, Украіна — 12.8.1976),
артыст цырка, дрэсіроўшчык ільвоў. Нар.арт. Расіі (1963). У 1929 стварыў паветраны атракцыён «Палёт на санках з-пад купала цырка» (разам з І.М.Бугрымавай). У 1940—63 працаваў з драпежнікамі. Аўтар успамінаў «Запіскі дрэсіроўшчыка ільвоў» (1965).