фосфарныя эфіры нуклеазідаў. Складаюцца з азоцістай асновы (звычайна пурынавай або пірымідзінавай), вугляводу рыбозы (рыбануклеатыды) ці дэзоксірыбозы (дэзоксірыбануклеатыды) і аднаго або некалькіх астаткаў фосфарнай к-ты. Уваходзяць у склад нуклеінавых кіслот, найважнейшых каферментаў і інш. біялагічна актыўных рэчываў. Нуклеазідтрыфасфаты — Н., што маюць 3 астаткі фосфарнай к-ты, з’яўляюцца макраэргічнымі злучэннямі, крыніцамі і пераносчыкамі хім. энергіі фасфатнай сувязі. Асобую ролю адыгрывае адэназінтрыфосфарная кіслата — універсальны акумулятар энергіі, які забяспечвае розныя працэсы жыццядзейнасці (сінтэз бялкоў, поліцукрыдаў, ліпідаў і інш.). Нуклеазідтрыфасфаты з’яўляюцца таксама субстратамі для сінтэзу нуклеінавых к-т. Да важнейшых рэгулятарных Н. адносяцца і іх цыклічныя формы. Свабодныя нуклеазідмонафасфаты ўтвараюцца шляхам сінтэзу або пры гідролізе нуклеінавых к-т, далейшае іх фасфарыліраванне прыводзіць да ўтварэння адпаведных нуклеазідды- і нуклеазідтрыфасфатаў. Распад Н. адбываецца пад уздзеяннем нуклеатыдаз і нуклеатыдпірафасфарылаз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЧА́ЕЎ (Ягор Яфімавіч) (25.4.1859, с. Харытонава Канакоўскага р-на Цвярской вобл., Расія — 23.11.1925),
рускі паэт. У 1868—1916 працаваў рабочым-шкловыдзімальшчыкам. Адзін з заснавальнікаў «Сурыкаўскага літ.-музычнага гуртка» ў Маскве. Друкаваўся з 1891. Асн. тэма зб-каў вершаў «Працоўныя песні» (1911), «Вячэрнія песні» (1913), «З песень старога рабочага» (1922), «Гута» (1928) — праца рабочых. Апавяданні і аповесці 1920-х г. пра цяжкае мінулае рабочых шклозаводаў. Выступаў як сатырык. Разам з І.Белавусавым, В.Брусавым, А.Карынфскім удзельнічаў у падрыхтоўцы першага на рус. мове зб. вершаў Я.Купалы «Выбраныя вершы ў перакладах рускіх паэтаў» (1919), для якога пераклаў вершы «Я мужык-беларус», «Касцу», «Мая хатка», «З песень беларускага мужыка» і інш. На рус. мову пераклаў таксама вершы Я.Коласа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАБУДЖА́ЛЬНЫ СКАЗ,
камунікатыўна-сінтаксічная адзінка мовы, што служыць для перадачы такіх інтэнцый асобы, што гаворыць, як просьба, прапанова, патрабаванне, парада, рэкамендацыя, заклік, загад і інш. П.с. ўласціва мадальнасць волевыяўлення («Адпачывай!» = «Я хачу, каб ты адпачываў») або неабходнасці («Хай ён болей чытае!» = «Яму неабходна болей чытаць»). Гэтымі значэннямі ў плане зместу звязваецца асоба, што гаворыць, з асобай (або персаніфікаванай з’явай ці прадметам), да якой звернута маўленне («Пасядзіце тут крыху, бабуля», «Хай квітнее наш край!», «Паляціце, хмаркі, у родную старонку!»). Сродкі выражэння пабуджэння і пабудовы пабуджальнай сінтакс. канструкцыі: інтанацыя, формы загаднага ладу дзеяслова, зваротак, інш. лексічныя і граматычныя катэгорыі, што набываюць пабуджальнае значэнне ў адпаведным кантэксце ці кансітуацыі («На кнігу!», «Маўчаць!», «Досыць ліць слёзы!», «Ну-ну, што далей?» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́РХНЕВЫЯ ХВА́ЛІ,
хвалі, якія ўзнікаюць і распаўсюджваюцца па свабоднай паверхні вадкасці або па паверхні падзелу дзвюх вадкасцей, што не змешваюцца.
Узнікаюць з прычыны знешняга ўздзеяння, якое выводзіць паверхню вадкасці са стану раўнавагі. Пры гэтым узнікаюць сілы, дзеянне якіх прыводзіць да ўзнаўлення раўнавагі паверхні вадкасці. У залежнасці ад прыроды гэтых сіл адрозніваюць П.х.: капілярныя (абумоўлены сіламі паверхневага нацяжэння, уздзеянне якіх найб. істотнае пры малых даўжынях хваль), гравітацыйныя (абумоўлены сіламі цяжару; істотныя длявял. даўжынь хваль), гравітацыйна-капілярныя. У П.х. адначасова маюць месца падоўжныя і папярочныя ваганні часцінак вадкасці, якія рухаюцца па эліптычных ці больш складаных траекторыях. Прычыны ўзнікнення гравітацыйных П.х.: прыцяжэнне валкасці Сонцам і Месяцам (гл.Прылівы і адлівы), рух цел паблізу ці на паверхні вады (карабельныя хвалі) і інш.Найб. пашыраны ў прыродзе ветравыя хвалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЛО́Г,
злачынства, якое выяўляецца ў падробцы сапраўдных або ў складанні фальшывых дакументаў. Адрозніваюць службовы П. і П., які ўчыняецца прыватнай асобай. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае крымін. адказнасць за: выпуск (эмісію) службовай асобай суб’екта гаспадарання каштоўных папер без іх рэгістрацыі ва ўстаноўленым парадку, а таксама выкарыстанне заведама падложных дакументаў для іх рэгістрацыі; П. праспекта эмісіі каштоўных папер; П. выбарчых дакументаў (па выніках выбараў і рэферэндумаў), заведама няправільны падлік галасоў або парушэнне тайны галасавання, учыненыя членам выбарчай камісіі або службовай асобай дзярж. ці грамадскага органа; службовы П., учынены з карыслівай або інш. асабістай зацікаўленасці; падробка знакаў паштовай аплаты і праязных білетаў, падробка, выраб або збыт падробных дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў. Найб. небяспечным злачынствам з’яўляецца П. грашовых знакаў і каштоўных папер, якія знаходзяцца ў абарачэнні (гл.Фальшываманецтва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖАНЯ́Н (Рыгор Міхайлавіч) (н. 20.9.1922, г. Харкаў, Украіна),
рускі паэт. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1952). Друкуецца з 1946. У паэт. зб-ках «Вецер з мора» (1955), «Жыццё жывых» (1960), «Вялікі альбо Ціхі» (1969), «Мачты» (1973), «Зімовы дом» (1975), «Чырвоны сон» (1978), «Макі» (1981), «Пагоня» (1983, Дзярж. прэмія Расіі 1986), «Апусканне» (1985), «Узгоркі Зямлі» (1987), «Хлеб мораў» (1989), «Абараняючы сваю крутасць» (1995, Дзярж. прэмія Расіі 1995) і інш. роздум пра час, лёс радзімы, сэнс чалавечага існавання, тэмы сяброўства і вайны, любоў да мора. Аўтар рэчытатываў, тэкстаў песень да кінафільмаў «Два берагі» («Смага»), «Песня пра сябра» («Шлях да прычала»), «Спадзяюся, кахаю і верую» («Цягнік у далёкі жнівень») і інш. Піша кінасцэнарыі, творы для дзяцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗАСІСТЭ́МНЫЯ АДЗІ́НКІ,
адзінкі фізічных велічынь, што не ўваходзяць ні ў адну з сістэм адзінак. Уводзіліся для асобных галін вымярэнняў, выбіраліся незалежна (без сувязі з інш. адзінкамі) або адвольна вызначаліся праз інш. адзінкі адпаведных велічынь. П.а. зручныя ў практычным выкарыстанні, гарманічна дапаўняюць Міжнародную сістэму адзінак (СІ).
Да П.а. належаць адносныя і лагарыфмічныя адзінкі (напр., бел, непер), дольныя адзінкі, кратныя адзінкі, спец. адзінкі (напр., біт, бэр, электронвольт). Некаторыя П.а. дапускаюцца да практычнага выкарыстання нараўне з адзінкамі СІ. Напр., адзінкі даўжыні: астранамічная адзінка, марская міля, парсек, светлавы год; масы: атамная адзінка масы, карат, тона; часу: гадзіна, мінута, суткі; плоскага вугла градус, град (гон), мінута, секунда.
Літ.:
Сена Л.А. Единицы физических величин и их размерности. 3 изд. М., 1989;
Деньгуб В.М., Смирнов В.Г. Единицы величин: Словарь-справ. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗІГРА́ФІЯ (ад грэч. pas усякі + ...графія),
від ідэаграфічнага пісьма, зразумелага ўсім людзям. Напр., нотнае пісьмо, арабскія лічбы і інш. Да П. адносяцца таксама штучныя сістэмы перадачы думкі з дапамогай агульназразумелых знакаў (гл.Інтэрлінгвістыка, Штучныя мовы). Адным з першых прапанаваў міжнар. ідэаграфічнае пісьмо для запісу лагічных разважанняў Г.Лейбніц («Аб мастацтве камбінаторыкі», 1666). У 2-й пал. 20 ст. універсальны семантычны код быў распрацаваны на Беларусі В.У.Мартынавым. У межах інтэрлінгвістыкі П. першапачаткова разглядалася як штучная мова ў цэлым (не толькі пісьмо), як пазілалія — агульначалавечая мова, вынайдзеная людзьмі. У канцы 20 ст. праблемы П. па-новаму асэнсоўваюцца ў шматлікіх канцэпцыях «структуры прадстаўлення ведаў».
бульбаўцы, узброенае фарміраванне ўкр. нацыяналістаў. Створана ў чэрв. 1941 на базе падп. арг-цыі «Украінскае нацыянальнае адраджэнне», якая з 1933 дзейнічала на тэр.Укр. і Бел. Палесся. Кіраўнік Т.Дз.Баравец (мянушка Бульба). Дзейнічала ў саюзе з прадстаўнікамі бел.нацыяналіст. арг-цый М.Вітушкам, І.Ермачэнкам, У.Казлоўскім, У.Родзькам і інш. Да ліст. 1941 супрацоўнічала з ням. армейскімі службамі, выконвала функцыі паліцыі, вяла барацьбу з сав. партызанамі. З прыходам на Палессе ням. цывільнай адміністрацыі восенню 1941 самараспусцілася. Зімой 1942 адноўлена Бараўцом як партыз. фарміраванне (налічвала 15 тыс.чал.). Імкнулася аб’яднаць у адзіную армію ўсе ўкр. антыкамуніст. арг-цыі для барацьбы за адраджэнне Укр.Нар. Рэспублікі. Летам 1943 ПС УПА сілай падпарадкавана Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, якая стварыла сваю Укр. паўстанцкую армію.
клас боканервовых малюскаў. Вядомы з ранняга кембрыю (каля 560 млн.г. назад). 4 атр., каля 1000 відаў. Пашыраны ва ўсіх морах, найб. у Паўд. паўшар’і. Жывуць на дне на камянях, скалах, пераважна на мелкаводдзі.
Даўж. 0,5—40 см, маса да некалькіх кілаграмаў. Цела падоўжана-авальнае або чэрвепадобнае, падзяляецца на галаву, тулава і шырокую плоскую мускулістую нагу, якой яны могуць прысмоктвацца да субстрату. Ракавіна з 8 рухома сучлененых пласцінак дазваляе П.м. паварочвацца на брушны бок, накшталт макрыц. Дыхаюць шчэлепамі. Маюць своеасаблівыя органы пачуццяў (эстэты), размешчаныя ў каналах, што пранізваюць ракавіну; служаць для ўспрымання ціску вады, часткова пераўтвораны ў вочкі. Кормяцца водарасцямі, дэтрытам. Раздзельнаполыя; развіццё з ператварэннем, лічынка плавае. Некат. віды ядомыя.