ФАДЗЕ́ЕЎ Аляксандр Аляксандравіч (24.12.1901, г. Кімры Цвярской вобл., Расія — 13.5.1956),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскай горнай акадэміі (1921—22). У 1918—21 падпольшчык, партызан, камісар партыз. брыгады на Д.Усходзе. З 1923 на парт. рабоце ў Маскве, Краснадары, Растове-на-Доне. У 1926—32 адзін з кіраўнікоў РАПП; у 1938—44 адказны сакратар прэзідыума, у 1946—54 ген. сакратар праўлення, у 1954—56 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР. Скончыў жыццё самагубствам. Друкаваўся з 1923. Аўтар аповесці «Разліў» (1924), рамана «Апошні з удэге» (ч. 1—4, 1929—40, 1956, нясконч.). У станаўленні новай сав. л-ры значную ролю адыграў яго раман «Разгром» (1927) пра партыз. вайну на Д.Усходзе. У творах паказваў, як бальшавіцкая партыя згуртоўвала, дысцыплінавала і выхоўвала стыхійныя чалавечыя масы. У рамане «Маладая гвардыя» (1945, перапрацаваная рэд. 1951, Дзярж. прэмія СССР 1946; экранізацыя 1948; аднайм. оперы Ю.Мейтуса і А.Пашчанкі, абедзве 1947) услаўляецца подзвіг камсамольцаў-падпольшчыкаў Краснадона, патрыятызм народа ў Вял.Айч. вайну. У 1954 апублікаваў раздзелы рамана «Чорная металургія» (нясконч.) пра рабочы клас. Выдаў кнігу нарысаў «Ленінград у дні блакады: (З дзённіка)» (1944), аўтабіягр. «Аповесць нашага юнацтва» (1-961). Літ.-крытычныя артыкулы Ф. сабраны ў кн. «За трыццаць гадоў» (1957). Ф. цікавіўся развіццём бел. л-ры. Сябраваў і перапісваўся з Я.Купалам, Я.Коласам. Разам з Я.Купалам і інш. пісьменнікамі падарожнічаў па Чэхаславакіі (кастр. 1935). Удзельнічаў у літ. вечары, прысвечаным 25-годдзю БССР (Масква, студз. 1944), у рэсп. сходзе пісьменнікаў, прысвечаным абмеркаванню твораў бел. л-ры (Мінск, люты 1948). Выступіў на пленуме праўлення Саюза сав. пісьменнікаў БССР (Масква, жн. 1942). Адкрываў Дэкаду бел.сав. л-ры ў Маскве (25.1.1949). У лістах да іх аўтараў падрабязна прааналізаваў п’есу В.Вольскага «Несцерка», раманы І.Мележа «Мінскі напрамак», М.Паслядовіча «Святло над Ліпскам», П.Пестрака «Сустрэнемся на барыкадах» (усе 1955). На бел. мову творы Ф. перакладалі Ц.Гартны, М.Гарэцкі, М.Лужанін, М.Хведаровіч, А.Звонак і інш. Інсцэніроўка рамана «Маладая гвардыя» паст.Бел. т-рам імя Я.Купалы (1947), Бел.рэсп. т-рам юнага гледача (1975), аднайм. опера Мейтуса паст.Дзярж. т-рам оперы і балета (1954).
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—7. М., 1969—71;
Бел.пер. — Супраць плыні. Мн., 1930;
Апошні з удэге. Мн., 1932;
Разгром. 2 выд.Мн., 1936;
Маладая гвардыя. Мн., 1953.
Літ.:
Боборыкин В.Г. Александр Фадеев: Лит. портрет. М., 1968;
Озеров В.М. Александр Фадеев: Творческий путь. 3 изд. М., 1970;
Бушмин А.С. Александр Фадеев: Черты творч. индивидуальности. Л., 1971;
Мележ І. Шчаслівы дар лёсу // Мележ І. Жыццёвыя клопаты. Мн., 1975;
Новікаў І. З жыцця і для жыцця // Полымя. 1981. № 12;
Чыгрынаў І. Пераемнасць гуманістычных традыцый // Чыгрынаў І. Новае ў жыцці, новае ў літаратуры. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАРМАЛІ́ЗМ (франц. formalisme ад лац. formalis які адносіцца да формы),
1) перавага, якая аддаецца форме, а не зместу, у розных сферах чалавечай дзейнасці (гл.Змест і форма). У сферы міжасобасных адносін выяўляецца ў няўхільным прытрымліванні правіл этыкету, абрадаў, рытуалаў; у галіне сац. кіравання — у бюракратызме (гл.Бюракратыя).
2) Кірунак у асновах логікі і матэматыкі, прадстаўнікі якога сваёй гал. задачай лічылі абгрунтаванне гэтых дысцыплін шляхам іх пабудовы ў выглядзе вылучэнняў сродкамі спец. тэорыі — метаматэматыкі. Прынцыпы Ф. ў спалучэнні з ідэямі інш. кірункаў у асновах логікі і матэматыкі (напр., канструктыўнай матэматыкі) выкарыстоўваюцца для распрацоўкі праблем тэорыі доказаў.
3) Агульная назва кірункаў, плыней і тэндэнцый у маст. творчасці, эстэтыцы і крытыцы, якія абсалютызуюць маст. форму, прызнаюць яе самакаштоўнае, незалежнае ад зместу значэнне. Тэндэнцыі Ф. выяўляюцца ў крызісныя перыяды гісторыі сусв. мастацтва (напр., у познім элінізме, позняй готыцы, маньерызме, акадэмізме).
Фармалістычныя плыні і школы (футурызм, сюррэалізм, кубізм, абстракцыянізм, ташызм і інш.) аб’ядноўвае непрыняцце пазнавальнай і этычнай каштоўнасці мастацтва, культ ірацыяналізму, дэфармацыя натуральных форм, спробы стварыць замкнёны ў сабе свет рэальнасці. Ф. нярэдка вядзе да разбурэння маст. вобраза (у л-ры — ускладненасць і ломка мовы, алагізм і дэфармацыя сінтакс. структур; у т-ры — прыніжэнне ролі драматургіі, гранічная ўмоўнасць, схема; у выяўл. мастацтве — адвольнае канструяванне зрокавых форм, імкненне да дэкар. эфекту), у выніку чаго змястоўныя кампаненты фальклору, л-ры і інш. відаў маст. творчасці набываюць значэнне чыстай формы. У сав. мастацтвазнаўстве 1920-х г. пад Ф. разумелі сістэмы фармальнага метаду і аналізу, якія вывучалі маст. форму як самацэнны эстэт. фактар у мастацтве. З 2-й пал. 1920-х г. Ф. наз. мастацтва, дзе форма прэваліравала на зместам. У 1930-я г.сав. крытыка вяла барацьбу супраць Ф., які разглядаўся як антыпод сацыялістычнага рэалізму. З 1940-х г. тэрмін «Ф.» страціў навук. сэнс і стаў выкарыстоўвацца для дыскрэдытацыі маст. твораў, якія не адпавядалі сав.афіц. дактрынам.
У літ.-маст. крытыцы Беларусі ўпершыню паняцце Ф. выкарысталі публіцысты газет «Минский листок», «Северо-Западный край», «Голос провинции» і інш. выданняў для характарыстыкі маст. метаду сімвалізму, імпрэсіянізму, футурызму і інш. авангардысцкіх плыней у л-ры. Бел. крытыка і публіцыстыка пач. 20 ст. адмаўляла наяўнасць фармалістычных плыней і дэкадэнцтва ў л-ры нац. адраджэння. Пасля 1917 тэндэнцыі Ф. выявіліся ў пралеткультаўскіх устаноўках і авангардысцкіх плынях паэзіі, жывапісу, тэатральнага і інш. відаў мастацтва (гл.Пралеткульт, «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна», «Сцвярджальнікі новага мастацтва»). Вульгарна-сацыялагічная крытыка канца 1920 — пач. 1950-х г. абвінавачвала ў Ф. пісьменнікаў, мастакоў і музыкантаў, якія імкнуліся да наватарства, вобразнай складанасці і пошуку новых выяўл. сродкаў. У сучаснай эстэтыцы крытыка Ф. страціла ранейшую актуальнасць, а гэтая плынь набыла пазітыўнае значэнне ў кантэксце мадэрнізму і постмадэрнізму.
Літ.:
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Яго ж. Демократическая эстетика Белоруссии (1905—1917 гг.). Мн., 1971;
Яго ж. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАШЫ́ЗМ (італьян. fascismo ад лац. fascio пучок, звязка, аб’яднанне),
1) палітычная плынь праваэкстрэмісцкага характару і адпаведны ёй таталітарны рэжым.
2) Ідэалогія, заснаваная на ваяўнічым антыдэмакратызме і нацыяналізме, кульце расавай перавагі. Першыя фаш. арг-цыі ў форме дружын б. франтавікоў (fasci di combattimento) з’явіліся ў Італіі ў 1919. У 1921 створана нац.фаш. партыя, а ў 1922 уладу ў Італіі захапіў фаш. рэжым на чале з Б.Мусаліні (гл.Паход на Рым 1922). У Германіі станаўленне Ф. звязана з дзейнасцю нацыянал-сацыялісцкай партыі, правадыром (фюрэрам) якой у 1921 стаў А.Гітлер, і якая ў 1933 прывяла апошняга да ўлады (гл.Нацызм). У 1920—30-я г.фаш. рэжым усталяваўся таксама ў Балгарыі, Партугаліі, Венгрыі, Румыніі, Славакіі і інш. краінах. Узнікненне і пашырэнне Ф. было абумоўлена шэрагам прычын: нязгодай з вынікамі Версальскага мірнага дагавора 1919, бояззю распаўсюджання сацыялізму, пагаршэннем сац.-эканам. становішча ва ўмовах крызісу 1920—30-х г. і інш. Напад фаш. Германіі на Польшчу ў вер. 1939 паклаў пачатак другой сусветнай вайне 1939—45, у якой загінула каля 62 млн.чал., у т. л. больш за 2,5 млн. жыхароў Беларусі.
Найб. характэрныя рысы фаш.паліт. рэжыму: адмаўленне ад дэмакр. сістэмы як формы дзярж. ладу на карысць дыктатуры; татальны масавы тэрор, шавінізм і ксенафобія; сцвярджэнне асаблівай місіі адпаведнага («выбранага») народа і апраўданне выкарыстання ім сілы для вырашэння сваіх геапаліт. інтарэсаў; насаджэнне культу пэўнага харызматычнага лідэра. Усталяванне фаш. рэжыму суправаджаецца ліквідацыяй дэмакр.сац. ін-таў, забаронай дзейнасці інш.паліт. партый і рухаў. Для Ф. характэрна наяўнасць значнай сац. базы, для пашырэння якой выкарыстоўваюцца многія сацыяліст. лозунгі: ліквідацыя існуючых класавых адрозненняў і беспрацоўя; абяцанне годнай аплаты працы; стварэнне сеткі даступных спарт.-рэкрэацыйных устаноў і г.д.
Ідэалаг., сац. і паліт. платформа Ф. знайшла сваё канцэнтраванае ўвасабленне ў праграмных кнігах Гітлера «Мая барацьба» (т. 1—2, 1925—26) і Мусаліні «Дактрына фашызму» (1932). Прэтэндуючы на гіст. абгрунтаванне сваіх поглядаў, ідэолагі Ф. імкнуцца абапірацца на вучэнні і тэорыі мінулага: «моцнай улады» Н.Макіявелі, «грамадства-дзяржавы» Т.Гобса, «няроўнасці чалавечых рас» і «нардызму» Ж.А.Габіно, «Звышчалавека» Ф.Ніцшэ, тэорыю эліт В.Парэта, ідэі Г.Гегеля, О.Шпенглера і інш. Прычым з іхтэарэт. спадчыны Ф. адбірае толькі тое, што адпавядае яго мэтам і прыдатнае для ўздзеяння на масавую свядомасць. Таму ідэалогія Ф. не ўяўляе сабою цэласнай светапогляднай сістэмы, яна эклектычна спалучае розныя элементы сацыял-дарвінізму, этнацэнтрызму, элітарызму, расізму, антысемітызму, антыкамунізму. Ва ўмовах слабасці або адсутнасці дэмакр. ін-таў і механізмаў улады захоўваецца магчымасць узнікнення разнастайных рухаў фаш. тыпу і пераўтварэння Ф. ў сур’ёзную пагрозу для сучаснага грамадства. Гл. таксама Неафашызм.
Літ.:
Тольятти П. Лекции о фашизме: Пер. с итал. М., 1974;
Ширер У. Взлет и падение Третьего рейха: Пер. с англ.М., 1991;
Энциклопедия Третьего рейха. М., 1996;
Zmierczak M. Spory o istotę faszyzmu: Dzieje i krytyka. Poznań, 1988;
Steinweis A. Art, ideology and economics in Nazi Germany. Chapel Hill, 1993.
аўстрыйскі псіхіятр і псіхолаг, заснавальнік псіхааналізу. Скончыў Венскі ун-т. Д-р медыцыны (1881). Праф. Венскага ун-та (1902). У 1902 заснаваў т-ва «Псіхалагічныя серады» (з 1908 Венскае псіхааналіт. т-ва). З 1938 у Вялікабрытаніі.
Распрацаваў шэраг метадаў лячэння хворых неўрозамі, якія склалі тэрапеўтычную частку псіхааналізу: метад-катарсіс, заснаваны на выяўленні ў стане гіпнозу бессвядомых псіхічных траўмаў з мэтай вызвалення ад іх пацыента; метад вольных асацыяцый (аналіз выкладзеных пацыентам думак і адчуванняў, вызваленых ад унутр. цэнзуры: сумлення, сораму, імкнення да ветлівасці, самапавагі і інш.); метады аналізу снабачанняў сненняў*, памылковых дзеянняў, абмовак пацыента і інш. («Даследаванне істэрыі», 1895, з І.Броерам; «Псіхапаталогія паўсядзённага жыцця», 1901). Развіваў тэорыю бессвядомых памкненняў, згодна з якой у аснове ўсіх свядомых псіхічных працэсаў ляжаць бессвядомыя. Сярод бессвядомых працэсаў вылучаў інстынктыўныя сексуальныя памкненні — лібіда. На яго думку, незадаволеныя сексуальныя памкненні выклікаюць пакуты, якія выцясняюцца ў бессвядомае, але ўплываюць на свядомасць і паводзіны чалавека. Сцвярджаў, што выцесненыя незадаволеныя сексуальныя памкненні могуць выклікаць неўрозы, часам адыгрываюць станоўчую ролю шляхам сублімацыі — пераўтварэнне энергіі гэтых памкненняў у творчасць. Акрамя базіснага сексуальнага памкнення (лібіда) вылучаў дэструктыўныя, агрэсіўныя памкненні, якія, на яго думку, параджаюць 2 тыпы энергіі: стваральную («Эрас») і разбуральную («Танатас»). Развіваў псіхадынамічную тэорыю асобы («класічны псіхааналіз»), паводле якой структура псіхікі асобы ўключае 3 кампаненты («інстанцыі»): «ід» («Яно») — фундамент псіхікі, крыніца псіхічнай энергіі, якая складаецца з сукупнасці бессвядомых сексуальных і агрэсіўных памкненняў; «эга» («Я») — сукупнасць пераважна ўсвядомленых пазнавальных і выканаўчых функцый псіхікі; «суперэга» («Звыш-Я») — частка псіхікі, якая змяшчае сац. нормы, устаноўкі, маральныя каштоўнасці грамадства. Паводле Ф., канфлікт паміж «інстанцыямі» псіхікі прыводзіць да псіхічных захворванняў. Выцясненне і сублімацыю лічыў «ахоўнымі механізмамі», якія здымаюць напружанасць канфлікту паміж кампанентамі псіхікі. Імкнуўся да пашырэння сферы псіхааналізу на з’явы міфалогіі і рэлігіі («Татэм і табу», 1913; «Будучыня адной ілюзіі», 1927; «Майсей і монатэізм», 1939), культуры («Незадаволенасць у культуры», 1930), маст. творчасці, грамадства і інш. Вучэнне Ф. стала адной з вядучых дактрын 20 ст.; яно паўплывала на развіццё псіхалогіі і псіхіятрыі, л-ры і мастацтва, сацыялогіі, культуралогіі, педагогікі і інш.Гл. таксама Неафрэйдызм, Фрэйдызм.
Тв.:
Рус.пер. — Психология бессознательного. М., 1990;
Леонардо да Винчи. Л., 1991;
Психоаналитические этюды. Мн., 1999;
Психоанализ. Религия. Культура. М., 1992;
О психоанализе: Пять лекций;
Методика и техника психоанализа. СПб., 1997;
Остроумие и его отношение к бессознательному;
Страх;
Тотем и табу. Мн., 1999;
Психоанализ и теория сексуальности. СПб., 1998;
Очерки по психологии сексуальности. Мн., 1999;
Толкование сновидений. Мн., 2000;
Введение в психоанализ: Лекции. СПб., 2001; По ту сторону принципа удовольствия; Я и Оно. М.; Харьков, 2003.
Літ.:
Джонс Э. Жизнь и творения Зигмунда Фрейда: Пер. с англ.М., 1997;
Хьелл Л., Зиглер Д. Теории личности: Основные положения, исслед. и применение: Пер. с англ. СПб., 1997. С. 105—160;
Энциклопедия глубинной психологии. Т. 1. Зигмунд Фрейд: Жизнь. Работа. Наследие. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́ЦІМСКІ РАЁН.
Размешчаны на У Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (8.7.1931 быў скасаваны, 12.5.1935 адноўлены, 17.4.1962 зноў скасаваны, 30.7.1966 адноўлены). Пл. 0,9 тыс.км². Нас. 15,4 тыс.чал. (2003), гарадскога 46,8%. Сярэдняя шчыльн. 17 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Хоцімск. Раён уключае 82 сельскія нас. пункты, 9 сельсаветаў: Батаеўскі, Баханскі, Бярозкаўскі, Бяседавіцкі, Велікаліпаўскі, Забялышынскі, Трасцінскі, Чарняўскі, Янаўскі.
Тэр. раёна ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны і Чачорскай раўніны. Паверхня раўнінная, у паўн.-зах.ч. з покрывам з лёсападобных суглінкаў і супескаў, дзе вылучаюцца ўзгорыста-западзінныя формы рэльефу; 95% яе на выш. 160—180 м. Найвыш. пункт 195 м (на Пн раёна, за 2 км на З ад в. Буда). Агульны нахіл паверхні з Пн на Пд. Карысныя выкапні: торф, сапрапель, трэпел, буд. пяскі, цагельныя суглінкі і гліны; праяўленні даламіту, мелу, фасфарытаў, шкловых пяскоў і інш. Сярэдняя т-растудз. -8 °C, ліп. 18,5 °C. Ападкаў 593 мм за год. Вегетац. перыяд 185 сут. Найб.р. Беседзь з прытокамі Еленка, Альшоўка, Жадунь. Воз. Святое. Глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (54,2%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (24,2%) і інш. Пад лесам 31% плошчы.
Найб. лясныя масівы на ПдУ. Пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя, асінавыя, дубовыя, чорнаальховыя. трапляюцца ясянёвыя, кляновыя лясы. Штучныя насаджэнні (каля 27%) пераважна хваёвыя. Пад балотамі 4,6% тэр. У раёне заказнікі мясц. значэння: біялагічныя — урочышча Ерашоўшчына ў Забялышынскім лясніцтве, урочышча Барок у Хоцімскім лясніцтве, флоры і фауны ў Батаеўскім лясніцтве; гідралагічны — Лобня; воднарэжымны — Расчыстка (ахова тарфяніку). Помнікі прыроды мясц. значэння: батанічныя — бярозавы гай «Іваноўка» каля в. Іваноўка, бярэзнік каля в. Баханы, хвойнік і дуб чарэшчаты ў Хоцімскім лясніцтве, парк «Янаполле», дубы чарэшчатыя ва ўрочышчы Казлоўшчына каля в. Дубраўка, дуб чарэшчаты і лістоўніца каля в. Альшоў 1-ы; гідралагічныя — воз. Святое ў Хоцімскім лясніцтве, «Святая крыніца» ў Батаеўскім лясніцтве; біялагічны — урочышча Зайцавы Вугал (месца знаходжання сям’і мядзведзяў).
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 49,3 тыс.га, з іх асушаных 11,5 тыс.га. На 10.6.2003 у раёне 2 унітарныя калектыўныя с.-г. прадпрыемствы, 10 с.-г.вытв. кааператываў, 2 фермерскія гаспадаркі. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, лён. Прадпрыемствы прам-сці: буд. матэрыялаў, харч. (малочныя вырабы, віно), кааператыўнай (хлеба-булачныя вырабы, безалкагольныя напіткі, каўбасы і інш.), першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно); камбінат быт. абслугоўвання (швейныя вырабы). Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Чэрыкаў—Краснаполле—Хоцімск, Родня—Хоцімск. У раёне 10 сярэдніх, у т. л. 2 школы-сады, 6 пачатковых школ, школа-інтэрнат для дзяцей-сірот (базавая), 14 дашкольных устаноў, у т. л. 2 комплексы школа-сад, 15 дамоў культуры, 11 клубаў, 23 б-кі, аўтаклуб, 2 бальніцы, 1 паліклініка, 2 амбулаторыі, 16 фельч.-ак. пунктаў. Хоцімскі гісторыка-краязнаўчы музей. Выдаецца газ. «Шлях Кастрычніка».
Літ.:
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Магілёўская вобл.Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЁРКС І КА́ЙКАС, Цёркс і Кайкас астравы (Turks and Caicos Islands),
уладанне Вялікабрытаніі ў паўд.-ўсх.ч. архіпелага Багамскія а-вы ў Атлантычным ак. Уключаюць 2 аднайм. групы астравоў (каля 40 астравоў, з іх 8 населеныя). Пл. 430 км². Нас. 18,7 тыс.чал. (2002). Адм. ц. — Коберн-Таўн на в-ве Гранд-Цёрк. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень канстытуцыі (30 жн.).
Прырода. Астравы нізінныя, складзены з вапнякоў, акаймаваны каралавымі рыфамі. Пашыраны карст. Клімат трапічны, пасатны; дажджлівы перыяд з мая да кастрычніка. Сярэднія месячныя т-ры 23—27 °C, ападкаў больш за 1000 мм. Моцныя вятры, частыя ўраганы. Шмат салёных азёр. Прэснай вады мала. Зараснікі вечназялёных хмызнякоў, гаі какосавых пальмаў.
Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва негры і мулаты. Жывуць таксама англічане і амерыканцы (абслуговы персанал і ваеннаслужачыя ваенна-марской базы ЗША). Вернікі — пераважна пратэстанты (баптысты, метадысты, англікане). Сярэдняя шчыльн. 43,6 чал. на 1 км². У сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве занята 20% эканамічна актыўнага насельніцтва, у абслуговых галінах 80%.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — абслугоўванне турыстаў, афшорная фін. дзейнасць і рыбалоўства. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) складае 128 млн.дол., каля 7,3 тыс.дол. на 1 чал. (1999). Штогод краіну наведвае каля 93 тыс. турыстаў, пераважна з ЗША. Асн. даход адміністрацыі астравоў — банкаўскі і фін. сектары. На Ц. і К. замежныя кампаніі вызвалены ад падаткаў на прыбытак, адсутнічае кантроль над аперацыямі з валютай. Рыбалоўства мае экспартнае значэнне. Улоў рыбы і морапрадуктаў каля 1,6 тыс.т штогод, у т. л. каля 1 тыс.т лангустаў. На астравах найб. ў свеце ферма па вырошчванні малюскаў. Ёсць невял. рыбакансервавыя прадпрыемствы. Вытв-сць электраэнергіі 5 млн.кВт∙гадз (2000). Здабыча солі. Саматужныя промыслы. Магчымасці сельскай гаспадаркі абмежаваны беднасцю глеб і недахопам вады. Апрацоўваецца каля 2% плошчы. Вырошчваюць кукурузу, бабовыя, маніёк, какосы, цытрусавыя, агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней. Птушкагадоўля. Унутр. транспарт аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 121 км. Гал. парты: Коберн-Таўн, Провідэнсьялес. 8 аэрапортаў, у т. л. 4 міжнар. (на а-вах Гранд-Цёрк, Саўт-Кайкас, Норт-Кайкас, Провіндэнсьялес). Экспарт (13,7 млн.дол., 1999) амараў, лангустаў, марскіх ракавін. Імпарт (175,6 млн.дол., 1999) прадуктаў харчавання, тытуню, паліва, прамысл. тавараў, буд. матэрыялаў. Гал.гандл. партнёры: ЗША, Вялікабрытанія. Грашовая адзінка — долар ЗША.
Гісторыя. Астравы адкрыты іспанцамі ў 1512, у 17 ст. заселены каланістамі з Багамскіх а-воў. З 1766 уладанне Вялікабрытаніі. У 1874—1962 у адм. падпарадкаванні Ямайкі. У 1959 астравы атрымалі ўнутр. самакіраванне, 30.8.1976 прынята канстытуцыя. На в-ве Гранд-Цёрк базы ВВС і ВМС ЗША. На выбарах у Заканад. сход 4.3.1999 перамагла партыя Нар.дэмакр. рух (правячая з 1995). Губернатар са студз. 2000 М.Джонс, гал. міністр са студз. 1995 Д.Тэйлар. Паліт. партыі: Нар.дэмакр. рух і Прагрэс. нацыянальная партыя. Дзейнічае Прафсаюз прамысл. рабочых Сент-Джорджэса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭ́ХІ (ад ням. Zeche знак),
аб’яднанні рамеснікаў адной ці некалькіх блізкіх прафесій у феад. гарадах. Найб. пашыраны былі ў гарадах Зах. Еўропы ў 13—15 ст. Манапалізавалі вытв-сць і збыт прадукцыі, абаранялі рамеснікаў ад самаўладдзя феадалаў і канкурэнцыі інш. рамеснікаў ва ўмовах вузкага ўнутр. рынку. Унутр. дзейнасць Ц. вызначалася статутамі (зацвярджалі манархі краін, а ў прыватнаўласніцкіх гарадах — іх уладальнікі), якія рэгламентавалі вытв-сць і збыт прадукцыі, якасць сыравіны і гатовых вырабаў, тэхналогію вытв. працэсу, час і ўмовы работы, арганізацыю навучання і інш. Ц. кантралявалі паводзіны сваіх членаў, наладжвалі ўзаемадапамогу. На Беларусі першыя Ц. ўзніклі ў 15 ст. з наданнем гарадам магдэбургскага права (ім папярэднічалі рамесніцкія брацтвы без пісьмовых статутаў), пашырыліся ў 16 ст. Яны развіваліся на зах.-еўрап. ўзор, але мелі асаблівасці: спалучалі Традыц. нормы рамесных брацтваў з магдэбургскім правам; пераважалі Ц. з работнікаў некалькіх спецыяльнасцей; характарызаваліся канфесіянальнай памяркоўнасцю. На чале Ц. стаялі цэхмістры (старасты), якіх выбіралі штогод; паўнапраўнымі членамі Ц. былі майстры, ім падпарадкоўваліся падмайстры, чаляднікі («таварышы»), вучні («хлопцы»). У некат. Ц. выбіраліся дапаможныя службовыя асобы — ключнікі, сталовыя, шафары, пісары, інстыгатары. Цэхавыя рамеснікі падлягалі юрысдыкцыі магістрата і феадалаў. Ц. ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці горада, выконвалі вайск. і інш. павіннасці на карысць дзяржавы ці ўладальніка горада. Для разбору выпадкаў парушэння цэхавых статутаў, цяжбаў і прэтэнзій паміж майстрамі склікаліся спец. сходкі Ц. Права суд. разбору і вызначэння меры пакарання належала цэхмістрам (часам са старэйшымі майстрамі). Рашэнне цэхавага суда мела права адмяніць гар. рада. У 2-й пал. 18 ст. Ц. ў дзярж. гарадах падначалены «камісіям добрага парадку».
Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі бел. Ц. прыведзены ў адпаведнасць з цэхавай арг-цыяй, уведзенай Пятром I у 1721—22 на ўзор зах.-еўрап. рамесных аб’яднанняў і канчаткова вызначанай Даравальнай граматай гарадам 1785, якая патрабавала пагалоўнага запісу рамеснікаў у Ц ; у 1799 прыняты дзярж. «Статут цэхаў». Ц. былі падначалены рамесным управам, якія прымалі і выключалі рамеснікаў са складу Ц., збіралі падаткі, рэгулявалі вытв. дзейнасць. Рамеснікі падзяляліся на вечна-цэхавых (запісваліся ў Ц. «навечна» і карысталіся правамі мяшчан) і часова-цэхавых. Закон 1852 спрасціў кіраванне Ц., скасаваў цэхавыя арг-цыі ў невял. гарадах і мястэчках, увёў асобны цэхавы стан, адрозны ад мяшчанскага. У 1-й пал. 19 ст. колькасць цэхавых рамеснікаў расла (у 1830-я г. ў Мінску 455 майстроў, 100 падмайстраў, 187 вучняў) і значна перавышала колькасць пазацэхавых рамеснікаў, але з 2-й пал. 19 ст. пачала зніжацца. Цэхавая вытв-сць сустракала ўсё большую канкурэнцыю з боку прадпрыемстваў капіталіст. прам-сці. Цэхавая арг-цыя існавала ў Расіі да 1917, у Зах. Беларусі — да 1930-х г.
Літ.:
Копысский З.Ю. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в. Мн., 1975;
Лютый А.М. Социально-экономическое развитие городов Белоруссии в конце XVIII — первой половине XIX в. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАЙКО́ЎСКІ Пётр Ільіч (7.5.1840, г. Воткінск, Удмурція — 6.11.1893),
рускі кампазітар; дырыжор. Чл.-кар. Акадэміі прыгожых мастацтваў у Францыі (1892). Ганаровы д-р музыкі Кембрыджскага ун-та (1893). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1865, вучань А.Рубінштэйна, М.Зарэмбы). У 1866—77 праф. Маскоўскай кансерваторыі. З 1878 займаўся пераважна кампазітарскай дзейнасцю, з 1887 сумяшчаў яе з дырыжорскай. Майстар-сімфаніст, муз. драматург, тонкі псіхолаг, раскрыў у музыцы ўнутр. свет чалавека: ад лірычнай задушэўнасці да глыбокай трагедыі; стварыў вышэйшыя ўзоры опер, балетаў, сімфоній, камерных твораў. Як оперны драматург і сімфаніст паўплываў на кампазітараў розных школ і кірункаў (А.Глазуноў, Г.Малер, М.Мяскоўскі, С.Рахманінаў, А.Скрабін, С.Танееў, Дз.Шастаковіч і інш.). Сярод твораў: оперы, у іх ліку на сюжэты рас. жыцця «Яўген Анегін» («лірычныя сцэны», паст. 1879; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі 1933, 1936, 1940, 1948, 1954, 1986), «Чарадзейка» (паст. 1887; у т-ры оперы і балета Беларусі 1958), «Пікавая дама» (паст. 1890; у т-ры оперы і балета Беларусі 1934, 1941, 1948, 1960, 1972, 1983); з рас. і зах.-еўрап. гісторыі «Апрычнік» (паст. 1874), «Арлеанская дзева» (паст. 1881), «Мазепа» (паст. 1884; у т-ры оперы і балета Беларусі 1952); жыццесцвярджальная фантазійная «Іаланта» (паст. 1892; У т-ры оперы і балета Беларусі 1952, 1975, 1993); лірыка-камед. «Каваль Вакула» (паст. 1876; 2-я рэд. «Чаравічкі», паст. 1887; у т-ры оперы і балета Беларусі 1949) і інш. Наватар у галіне балета, у якім музыка — вядучы кампанент балетнай драматургіі: «Лебядзінае возера» (паст. 1877; у т-ры оперы і балета Беларусі 1938, 1948, 1967, 1978, 1986), «Спячая прыгажуня» (паст. 1890; у Нац. т-ры балета Беларусі 1954, 1970, 1990, 2000), «Шчаўкунок» (паст. 1892; у т-ры оперы і балета Беларусі 1956, 1982). Да сусв. шэдэўраў належаць 4—6-я сімфоніі (1877—93), праграмная сімфонія «Манфрэд» (1885), уверцюра-фантазія «Рамэо і Джульета» (1869), фантазія «Франчэска да Рыміні» (1876), «Італьянскае капрычыо» (1880), 3 канцэрты для фп. з арк. (1875—93), канцэрт для скрыпкі з арк. (1878), «Варыяцыі на тэму ракако» для віяланчэлі з арк. (1876), фп. трыо «Памяці вялікага мастака» (1882), рамансы. Аўтар перакладаў для фп. ў 4 рукі 50 рус.нар. песень са зборнікаў К.Вільбаа і М.Балакірава (1868—72), рэдактар зборніка рус. песень, сабраных В.Пракуніным. Выступаў як крытык. У т-ры оперы і балета Беларусі на музыку Ч. паст. балет «Серэнада» (1993). З 1958 у Маскве раз у 4 гады праводзіцца Міжнар. конкурс яго імя.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—63. М., 1940—90;
Полн. собр. соч.Т. 2—17. Лит. произв. и переписка. М., 1953—81.
Літ.:
Чайковский М. Жизнь П.И.Чайковского. Т. 1—3. М.;
Лейпциг, 1900—02;
Асафьев Б.В. Избр. труды. Т. 2. М., 1954;
Орлова Е.М. П.И.Чайковский. М., 1980;
Вайдман П.Е. Творческий архив П.И.Чайковского. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧО́РНАЕ МО́РА,
міжземнае мора Атлантычнага ак., паміж Еўропай і М.Азіяй. На ПнУ Керчанскім прал. злучана з Азоўскім м., на ПдЗ пралівам Басфор — з Мармуровым м. і далей цераз праліў Дарданелы з Эгейскім і Міжземным морамі. Абмывае берагі Расіі, Украіны, Грузіі, Румыніі, Балгарыі і Турцыі. Пл. 422 тыс.км². Сярэдняя глыб. 1300 м, найб.глыб. 2210 м. Берагі парэзаны мала, на Пн адзіны буйны п-аў Крымскі. На З і ПнЗ берагі нізкія, на У і Пд да мора ўшчыльную падыходзяць горы Вял. і М. Каўказа і Пантыйскія горы. Паўд. бераг Крымскага п-ва гарысты. Найб. буйныя залівы каля паўн.-зах. берагоў: Каркініцкі, Каламіцкі, Дняпроўска-Бугскі, Днястроўскі, Варненскі, Бургаскі, каля паўднёвых — Сінопскі і Самсунскі. Астравоў мала, найб. значныя Беразань і Змяіны. Упадаюць буйныя рэкі: Дунай, Днестр, Паўд. Буг, Дняпро, Рыёні, Кызыл-Ірмак.
Рэльеф дна — катлавіна са стромкімі схіламі, акружаная вузкай паласой мацерыковай водмелі, якая расшыраецца ў паўн.-зах.ч. (глыб. 100—200 м). Клімат паўн.ч. ўмераны з адносна мяккай зімой і цёплым летам; паўд.ч. — субтрапічны з цёплай дажджлівай зімой і гарачым сухім летам. Зімой урываецца кантынент. палярнае паветра, што суправаджаецца ападкамі і халоднымі паўн. і паўн.-ўсх. вятрамі, асабліва моцнымі ў раёне г. Новарасійск, дзе іхназ.бара. Сярэдняя т-ра паветра ў студз. ў цэнтр.ч. мора каля 8 °C, каля ўсх. берагоў 6 °C, каля паўн.-зах. — 3 °C, на ПдУ і Пд — 6—9 °C; у ліп. — 22—24 °C. Колькасць ападкаў на З і ПнЗ 300—500 мм. на У і ПдУ 1500—2500 мм, на Пд 750—800 мм за год. Восенню бываюць моцныя смерчы. Т-ра вады на паверхні ў адкрытым моры зімой 6—8 °C, на ПнЗ і на Пд ад Керчанскага праліва — да 0,5 °C. Летам т-ра вады 22—25 °C. Салёнасць вады каля 18 ‰, паблізу вусця рэк 3—9 ‰. Ільды ўтвараюцца зімой у залівах паўн.-зах. і паўн.-ўсх. частак. Прыліўныя ваганні ўзроўню не перавышаюць 10 см, сейшавыя — не больш за 60 см. На глыб. больш за 150 м у вадзе ёсць серавадарод, канцэнтрацыя якога каля дна дасягае 11—14 мл/л, таму на вял. глыбінях у моры жывых арганізмаў няма, акрамя анаэробных бактэрый. Цячэнні непастаянныя, залежаць ад вятроў. Пераважае агульны цыкланічны характар руху вады 2 кругаваротаў зах. і ўсх.ч. мора. Расл. і жывёльны свет прыстасаваны да паверхневага слоя вады. У Ч.м. да 160 відаў рыб, з якіх прамысл. значэнне маюць хамса, стаўрыда, скумбрыя, пеламіда, шпрот, асятровыя, кефалі і інш. Водзяцца звычайная калючая акула, або катран, дэльфіны, цюлень-манах.
Асн. порты: Адэса, Ільічоўск (Украіна), Новарасійск (Расія), Поці, Батумі (Грузія), Канстанца (Румынія), Варна, Бургас (Балгарыя), Трабзон, Сіноп (Турцыя). На ўзбярэжжы шматлікія курорты: Паўднёвага берага Крыма (Украіна), Чарнаморскага ўзбярэжжа Каўказа (Расія, Грузія), Залатыя Пяскі і Сонечны Бераг (Балгарыя), Мамая (Румынія) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫРВО́НЕЦ,
назва залатой манеты стандарту дуката, грашова-лікавая адзінка абмежаванага ўжытку; вагавая адзінка для золата. Назва ад рус. вызначэння «червонный золотой» у адносінах да замежных залатых манет 15 — пач. 18 ст.; пісьмова зафіксавана ў 1749 указам Манетнай канцылярыі Рас. імперыі, калі ў 1701—97 выпускаліся залатыя манеты без пазначэння наміналу (лігатурная маса 3,47 г, проба 986—960), у 1701—51 — двайны Ч. У 1768—1806 і 1818—67 залатая манета — рэлікт нідэрл. дуката, што незаконна білася да 1849 у Рас. імперыі для замежных плацяжоў і выплат жалавання ў пагранічных гарнізонах; вызначэнне «червонный» проціпастаўлялася Ч. і ўжывалася ў дачыненні да імперыялаў. У 1834—41 афіц. назва рас. манет двайнога наміналу 3 руб., або 20 злотых, у 1868—85 — наміналу 3 руб., якія паводле метралагічных даных прыблізна адпавядалі дукату. У 1922 Ч. — залатая манета РСФСР са стандартам утрымання золата, адпаведным дарэв. 10-рублёвай манеце. Яна эмітавалася і ў 1923 Дзяржбанкам СССР, але ва ўнутр. абарачэнне не паступіла, а для замежных плацяжоў не ўжывалася з-за адмовы прымаць яе замежнымі краінамі. У 1925 выпушчана пробная залатая манета СССР паводле стандарту Ч. РСФСР. У 1923—24 адзін з наміналаў і адзінка зборных адносна Ч. наміналаў банкаўскіх білетаў Дзяржбанка РСФСР узору 1922 (1, 3, 5, 10, 25 Ч.), якія былі законным плацежным сродкам ва ўсіх сав. рэспубліках. Папулярная іх назва «белыя Ч.» з-за аднабаковага афармлення тыпу англ. фунтаў стэрлінгаў. Па ўтрыманні золата адпавядалі манеце Рас. імперыі ў 10 руб. У 1923 Ч. забяспечвалася 80% грашовага абарачэння краіны, пасля рэформы 1924 банкноты складалі 67%. З 1923 Ч. стаў адзіным цвёрдым плацежным сродкам, але фактычная адмова ад практычнай яго канверсоўнасці выклікала выбух інфляцыі Ч. Афіцыйна зняты з абарачэння ў 1947, фізічна — з пач. 1930-х г. Узор білетаў 1937 кампазіцыйна нагадваў долар ЗША 1933. Забарона вывазу па-за межы СССР банкаўскіх білетаў у 1926 выклікала адмену каціровак Ч. на замежных біржах, што прычыніла моцную шкоду замежным фін. структурам—трымальнікам Ч. і канчаткова вызначыла курс на фін. самаізаляцыю сав. краіны. Афіцыйна ўсе ўзоры Ч. СССР, знятыя ў 1947, паступова выключаліся з абарачэння з увядзеннем новых узораў адпаведных наміналаў. У Вял.Айч. вайну адзін з наміналаў і адзінка зборных адносна Ч. наміналаў акупац. грошай рэйхскамісарыята Украіна, да якога была далучана і паўд.ч. Беларусі (старыя сав. грашовыя знакі з курсам 1 Ч. = 1 акупац. марцы). Залатая манета з наміналам Ч. і гербам РСФСР узору 1922 з датамі 1974—82 выпускалася ў парушэнне прававых норм СССР для замежных калекцыянераў сав.-герм. прадпрыемствам «Міжнумізматыка». У пасляваен. час «Ч.» — простанародная назва банкаўскага білета чырв. колеру ўзору 1961 наміналам 10 руб., з пач. 1990-х г. — папулярная на тэр. Беларусі назва банкноты ЗША у 10 долараў.