ДЗІ́КАЕ ПО́ЛЕ,

гістарычная назва тэр. паміж Донам, верхняй Акой і левымі прытокамі Дзясны і Дняпра. Аддзяляла Рус. дзяржаву ад Крымскага ханства. Асвоена ў 16—17 ст. рус. сялянамі, якія ўцякалі ад феад. эксплуатацыі і дзярж. павіннасцей.

т. 6, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕНІ́ТНАЯ АДЛЕ́ГЛАСЦЬ,

вуглавая адлегласць нябеснага свяціла або зямнога прадмета ад зеніту; адна з каардынат у гарыз. сістэме нябесных каардынат. Абазначаецца Z; адлічваецца ўздоўж круга вышынь ад 0° да 180°. З выш. h звязана суадносінамі Z=90°-h.

т. 7, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЗАСФЕ́РА [ад мез(а)... + сфера],

сярэдні слой атмасферы, які ляжыць над стратасферай, на выш. ад 50 км да 80—85 км. Характарызуецца паніжэннем сярэдняй т-ры з вышынёй (прыкладна ад 0 °C на ніжняй мяжы да -90 °C каля верхняй мяжы).

т. 10, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫГЕ́ЛІЙ (ад перы... + грэч. helios Сонца),

бліжэйшы да Сонца пункт арбіты нябеснага цела, якое рухаецца вакол яго па адным з канічных сячэнняў: эліпсе, парабале або гіпербале; процілеглы афелію. Адлегласць П. ад цэнтра Сонца наз. перыгелійнай адлегласцю.

т. 12, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСЕЎДАСФЕ́РА (ад псеўда... + сфера),

паверхня пастаяннай адмоўнай крывізны, утвораная вярчэннем трактрысы вакол яе асімптоты. Сфера адрозніваецца ад П. пастаяннай дадатнай крывізной. Унутраная геаметрыя (сукупнасць фактаў, атрыманых пры вымярэннях на самой паверхні) П. супадае з Лабачэўскага геаметрыяй.

Псеўдасфера.

т. 13, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЙСКАЯ, Войская,

вёска ў Беларусі, у Камянецкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калект. сялянскага аб’яднання «Колас». За 13 км на З ад г. Камянец, 59 км ад Брэста, 19 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск. 938 ж., 295 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Помнік архітэктуры — царква Раства Багародзіцы (1751—75). Каля вёскі курганны могільнік дрыгавічоў (10—12 ст.).

т. 3, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВУ́ША,

вёска ў Беларусі, у Столінскім раёне Брэсцкай вобл., на р. Гарынь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на ПнУ ад Століна, 253 км ад Брэста, 15 км ад чыг. ст. Гарынь. 3135 ж., 1023 двары (1995). Малое прадпрыемства па вырабе скур. Сярэдняя школа, 2 б-кі, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Арх. помнік — Троіцкая царква (1905). Каля вёскі — гарадзішча-сховішча 10—11 ст.

т. 2, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬТА (Volta),

рака ў Зах. Афрыцы, пераважна ў Гане. Утвараецца ад зліцця Чорнай Вольты і Белай Вольты. Даўж. 1600 км (ад вытоку р. Чорная Вольта). Пл. бас. 394 тыс. км². Упадае ў Гвінейскі заліў, утварае балоцістую дэльту. Буйныя прытокі — Оты (левы), Афрам (правы). Паўнаводная са жн. да снежня. Сярэдні расход вады 1288 м³/с. Гадавы сцёк 41 км³. ГЭС. Вадасх. Вольта. Рыбалоўства. Суднаходная за 400 км ад вусця. Гал. парты — Кетэ-Крачы, Акасомба.

т. 4, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЮСТ (ад ням. Wollust сладастраснасць),

сладастраснае пачуццё, якое ўзнікае ў час палавога акта. Пры фрыкцыях у час палавой блізкасці ў партнёраў адбываецца нарастанне спецыфічных адчуванняў, што прыводзіць да макс. сексуальнага ўзбуджэння і аргазму. У залежнасці ад псіхаэмацыянальнага і фіз. стану чалавека волюст мае розныя пачуццёвыя адценні: ад вельмі прыемных і востраўзбуджальных да згладжаных, а пры некаторых захворваннях нерв. сістэмы або палавых органаў — да хваравіта-раздражняльных. Аслабляюць інтэнсіўнасць волюсту алкагольнае ап’яненне, захворванні палавой сферы, сексуальныя дысфункцыі.

т. 4, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗАКЕРЫ́Т (ад грэч. ozo пахну + keros воск),

горны воск, мінерал, прыродны нафтавы бітум; сумесь цвёрдых насычаных вуглевадародаў. Колер ад светла-жоўтага да амаль чорнага. Кансістэнцыя ад мяккай, пластычнай да цвёрдай. Цв. 1. Шчыльн. 0,85—1 г/см³, tпл 50—85 °C.

Азакерыт — парафіністы асадак, які выпадае з нафты пры яе ахаладжэнні ў выніку падняцця на паверхню па трэшчынах. Залягае ў жылах, пластах. Выкарыстоўваецца ў радыё-, электратэхніцы, парфумернай і лакафарбавай прам-сці, медыцыне (гл. Азакерыталячэнне).

Азакерыт.

т. 1, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)