ШЧАКАЦІ́ХІН Мікалай Мікалаевіч (13.10.1896, Масква — 5.4.1940),
бел. мастацтвазнавец, педагог; адзін з заснавальнікаў бел. мастацтвазнаўства. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1914—18). З 1918 інструктар аддзела Наркамасветы па справах музеяў і аховы помнікаў мастацтва і даўніны ў Маскве, з 1919 лектар пры палітаддзеле Арлоўскай ваен. акругі. З 1920 у Харкаве, навук. супрацоўнік музея, заг. перакладчыцкай камісіі пры навук.-тэарэт.аддз. Наркамасветы Украіны, чл. праўлення Усеўкр. саюза пісьменнікаў. З 1921 у Мінску. З 1922 асістэнт кафедры гісторыі мастацтваў БДУ, з 1923 выкладаў у ім курс па гісторыі бел. мастацтва. Адначасова з 1925 у Інбелкульце: навук. сакратар секцыі бел. мастацтва, з 1926 чл.-супрацоўнік камісіі па гісторыі мастацтваў і стыль-рэдактар выдавецкага аддзела, з 1927 навук. сакратар па вывучэнні мастацтва Беларусі, старшыня камісіі гісторыі мастацтваў (у 1929—30 у БелАН). 18.7.1930 арыштаваны, сасланы ў г. Белебей (Башкортастан). Рэабілітаваны ў 1956. Даследаваў бел. архітэктуру 11—19 ст., манум. жывапіс полацкіх храмаў, іканапіс 17—18 ст., стараж.-бел. гравюры, мастацтва кніг Ф.Скарыны і інш. Вывучаў творчасць мастакоў І.Ахрэмчыка, В.Волкава, А.Грубэ, У.Кудрэвіча, М.Філіповіча і інш. Выпрацаваў навук. канцэпцыю гісторыі бел. мастацтва, асн. кірункі яго развіцця і перыядызацыі. Увёў ва ўжытак паняцці «беларускае адраджэнне», «беларускае барока» і «беларуская готыка». Адзін з арганізатараў 1-й Усебел. маст. выстаўкі (1926) і стваральнікаў музейных збораў на Беларусі. У канцы 1920-х г. даследаваў вадзяныя знакі Метрыкі ВКЛ, манеты ВКЛ 16—17 ст. Аўтар прац «Фелікс Валатон» (1918?), «Васіль Вашчанка — магілёўскі гравёр канца XVII — пачатку XVIII ст.» (1925), «Гравюры і кніжныя аздобы ў выданнях Францішка Скарыны» (1926), «Беларуская архітэктура ў XI—XII ст.» (1927), «Да пытання аб храналогіі «Малой падарожнай кніжыцы» Скарыны» (1928), «Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва» (т. 1, 1928), «Тапаграфія кладаў з літоўскімі манетамі на тэрыторыі старажытнай Літоўскай дзяржавы», «Некаторыя варыянты літоўскіх манет», «Нарыс гісторыі літоўскай манеты XVI—XVII стагоддзяў» (усе 1930-я г.; у рукапісе). Разам з В.Ластоўскім апрацаваў паказальнік «Сучаснае беларускае мастацтва: Праваднік па аддзеле сучаснага беларускага малярства і разьбярства» (1929). Аўтар артыкула «Беларускае мастацтва» для 1-га выд.Вял.Сав. Энцыклапедыі (т. 5, 1927).
Тв.:
Иллюстрации Даниеля Ходовецкого к «Буре» Шекспира // Працы БДУ. 1923. №4—5;
1926. №12;
Фрэскі Полацкага Барысаглебскага манастыра // Наш край. 1925. №1;
Матывы краязнаўства ў нашым сучасным мастацтве: (3 вынікаў Усебел. выстаўкі) // Там жа. 1926. №2—3;
Замак у Рагачове // Там жа. №10—11;
Матэрыялы да гісторыі беларускага малярства XVIII сталецця // Віцебшчына. Віцебск, 1925—28. Т. 1—2;
Калі радзіўся Францішак Скарына // Полымя. 1925. №5;
Сучаснае мастацтва Беларусі // Там жа. 1926. №6;
Кнігапіс // Там жа. №7;
На шляхах да новага беларускага мастацтва: (Нарыс творчасці Міхася Філіповіча) // Там жа. 1927. №2;
Беларускае мастацтва ў гістарычнай і археалагічнай літаратуры // Там жа. №6, 8;
Помнікі старадаўняй архітэктуры XVII—XVIII сталеццяў у Мінску // Зап.Аддз.гуманіт.навук.Мн., 1928. Кн. 6. Працы камісіі гісторыі мастацтва, т. 1;
Рыгор Мядзведзкі — невядомы беларускі маляр канца XVIII сталецця // Там жа.
Літ.:
Ліс А. Мікола Шчакаціхін: Хараство няпазнанай зямлі. Мн., 1968;
Яго ж. Мікола Шчакаціхін // Ліс А. Цяжкая дарога свабоды. Мн., 1994;
Матэрыялы: Да 100-годдзя з дня нараджэння Міколы Шчакаціхіна, 1896—1940. Мн., 1996;
Чэбан І. Уплыў даследаванняў М.Шчакаціхіна на развіццё сучаснага мастацтвазнаўства // Беларускае сучаснае мастацтвазнаўства і крытыка. Мн., 1998;
Яе ж. Праблемы скарыназнаўства ў мастацтвазнаўчай спадчыне М.Шчакаціхіна // На шляху да сталасці: Стан і перспектывы развіцця бел. мастац. крытыкі. Мн., 2001.