ЙО́РКІ (Yorks),
дынастыя англ. герцагаў У 14—15 ст. і каралёў у 1461—85, галіна Плантагенетаў. Паходзіла ад герцага Йоркскага Эдмунда — 5-га сына Эдуарда Ш. У 1460 правы на прастол прад’явіў унук Эдмунда Рычард (1411—60, загінуў у бітве пры Уэйкфілдзе). Першым каралём з дынастыі Й. быў сын Рычарда Эдуард IV (1442—83), які правіў у 1461—83 з перапынкам у кастр. 1470 — крас. 1471. У ходзе Пунсовай і Белай руж вайны ён скінуў Генрыха VI Ланкастэра. Сын Эдуарда IV Эдуард V (1470—83) правіў у крас.—жн. 1483, скінуты з прастола і забіты ў Таўэры паводле загаду герцага Глостэра. Апошнім каралём з дынастыі Й. быў герцаг Глостэр Рычард III (1452—85), брат Эдуарда IV, ён загадаў забіць сваіх пляменнікаў Эдуарда V і Рычарда Йоркскага, абвясціў сябе каралём (правіў у 1483—85); загінуў 22.8.1485 у бітве пры Босварце). Пасля яго смерці англ. каралямі сталі Цюдары.
Дз.М.Чаркасаў.
т. 7, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЭГАРЫ́ЧНЫ ІМПЕРАТЫЎ (ад лац. imperativus загадны),
асноўны закон этыкі І.Канта. Сфармуляваны ў рабоце «Крытыка практычнага розуму» (1788). Зыходзячы з паняцця свабоды тэарэт. розуму, Кант сцвярджаў, што адзінай вызначальнай асновай свабоднай і добрай волі можа быць толькі неабходны і агульназначны маральны закон практычнага розуму — К.і. Усведамленне неабходнасці дзейнічаць у адпаведнасці з маральным законам ён называў маральным загадам або абавязкам у адрозненне ад пачуццёвай эмпірычнай схільнасці да выканання маральнага закона. Кант разумеў маральны закон як безумоўнае прадпісанне, таму лічыў, што катэгарычным імператывам павінны кіравацца ўсе людзі незалежна ад іх паходжання і становішча; у гэтым іх вышэйшы абавязак. У выпадку канфлікту паміж пачуццёвай схільнасцю і маральным законам Кант патрабаваў безумоўнага падпарадкавання маральнаму абавязку, што ўзвышае чалавека над сабой як часткай пачуццёвага свету; усякая асоба — самамэта і не павінна разглядацца як сродак здзяйснення розных задач, нават калі гэта задачы ўсеагульнага дабрабыту. К.і. неабходна адрозніваць ад гіпатэтычнага імператыву, які, паводле Канта, належыць да валявых дзеянняў чалавека, калі ён не цікавіцца маральнымі мэтамі сваіх дзеянняў.
Т.І.Адула.
т. 8, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НЕСК,
у старажытнабеларускай міфалогіі злы волат-чараўнік. Паводле падання, ён выйшаў з лесу да безыменнай ракі і застаўся тут жыць. М. запрудзіў раку вялізнымі валунамі, пабудаваў з іх вадзяны млын і прымусіў навакольных жыхароў малоць збожжа толькі на гэтым млыне. Тых, хто адмовіўся, М. забіў, а ўсім астатнім пачаў малоць збожжа разам з камянямі і людскімі душамі. Тых, хто не мог заплаціць грошы за памол, ён пакідаў у сябе работнікамі. Калі работнікі гублялі сілы ад цяжкай працы, М. позіркам ператвараў іх у камяні. Разам з сябрамі і дружынай М. бязлітасна рабаваў наваколле. Людзі паклікалі на дапамогу добрага чараўніка. Той позіркам ператварыў М. ў малога хлопчыка, які знік назаўсёды, разбурыў млын і запруду. На месцы, дзе жыў М., узнікла паселішча (пазней горад) і ад імя гэтага волата атрымала назву Менеск, якая ў далейшым трансфармавалася ў Менск (сучасны Мінск).
Літ.:
Міншчына: Назвы насел. пунктаў паводле легендаў і паданняў. Мн., 1998.
А.М.Ненадавец.
т. 10, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СТО ДЗЁН»,
час другога праўлення Напалеона / у Францыі (20.3—22.6.1815). 1.3.1815 Напалеон на чале атрада каля 1 тыс. чал. уцёк з в-ва Эльба (аддадзенага яму ў пажыццёвае валоданне ў крас. 1814) і высадзіўся на Пд Францыі. Насельніцтва, незадаволенае палітыкай Бурбонаў, якія вярнуліся з эміграцыі, аказала Напалеону падтрымку; каралеўскія войскі на чале з маршалам М.Неем, адпраўленыя супраць б. імператара, перайшлі На яго бок. 13 сак. Напалеон выдаў у Ліёне дэкрэт аб аднаўленні імперыі. 20 сак., не сустрэўшы супраціўлення, ён увайшоў у Парыж. Кароль Людовік XVIII уцёк у Бельгію. 21 чэрв. абвешчана новая канстытуцыя, складзеная ў памяркоўна ліберальным духу. Манархі інш. еўрап. краін адмовіліся прызнаць аднаўленне імперыі Напалеона I. Расія, Вялікабрытанія, Аўстрыя і Прусія стварылі 7-ю антыфранц. кааліцыю і выставілі супраць Францыі войска ў 900 тыс. чал. на чале з А.У.Уэлінгтанам. 18 чэрв. ў бітве пры Ватэрлоо армія Напалеона была разбіта. 22 чэрв. ён другі раз адрокся ад прастола.
П.А.Тупік.
т. 15, с. 185
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УМО́ЎНАЕ АСУДЖЭ́ННЕ,
адна з мер крымінальна-прававога ўздзеяння, прадугледжаная крымінальным правам Рэспублікі Беларусь. Калі пры назначэнні пакарання асобе, якая ўпершыню асуджаецца за злачынства да пазбаўлення волі на тэрмін да 5 гадоў або да накіравання ў дысцыплінарную вайсковую часць, суд з улікам характару і ступені грамадскай небяспечнасці ўчыненага і асобы вінаватага, інш. акалічнасцей справы прыйдзе да пераканання, што мэты крымін. адказнасці могуць быць дасягнуты без адбыцця назначанага пакарання праз ажыццяўленне кантролю за паводзінамі асуджанага, ён можа пастанавіць аб умоўным непрымяненні назначанага пакарання з абавязковым указаннем у прыгаворы матываў прынятага рашэння. У гэтым выпадку суд пастанаўляе не прыводзіць у выкананне назначанае пакаранне, калі на працягу выпрабавальнага тэрміну асуджаны не ўчыніць новага злачынства і будзе выконваць ускладзеныя на яго судом абавязацельствы. Выпрабавальны тэрмін назначаецца ад 1 да 3 гадоў. Калі ўмоўна асуджаны ў перыяд адтэрміноўкі не даказаў свайго імкнення выправіцца ці ўчыніў новае злачынства, ён можа быць накіраваны для адбыцця назначанага пакарання з улікам пакарання за новае злачынства.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 16, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮЛІЯ́Н АДСТУ́ПНІК, Флавій Клаўдзій (Flavius Claudius Julianus Apostata; 332, г. Канстанцінопаль, цяпер Стамбул — 26.6.363),
рымскі імператар [361—363]. Сын Юлія Канстанцыя, пляменнік Канстанціна Вялікага. Атрымаў хрысціянскае выхаванне, але з юнацтва займаўся язычніцкай л-рай і філасофіяй. У 335 імператар Канстанцый II зрабіў Ю.А. цэзарам і намеснікам Галіі. У 357 ён паспяхова ваяваў супраць франкаў і алеманаў. У 360 паўстаўшыя гальскія легіёны абвясцілі Ю.А. імператарам-аўгустам. Пасля смерці Канстанцыя (361) Ю.А. стаў адзінаўладным правіцелем Рым. імперыі. Ён рэфармаваў фін. і падатковую сістэмы, удасканаліў армію і пошту, пашырыў правы муніцыпальных курый, адмовіўся ад вял. выдаткаў на ўтрыманне двара. Абвясціў сябе прыхільнікам дахрысц. вераванняў. Выдаў 2 эдыкты супраць хрысціян, дазволіў адчыніць храмы і аднаўляць культы багоў. Хрысціян не праследаваў, а дазволіў свабоду веравызнання. Аўтар шэрагу твораў, скіраваных супраць хрысц. царквы. Яго дзейнасць асуджала хрысціянскае духавенства (адсюль яго мянушка «Адступнік»). Ю.А. загінуў у час паходу супраць персаў.
Літ.:
Видал Г. Юлиан: Пер. с англ. СПб., 1994.
А.Г.Зельскі.
т. 18, кн. 1, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЁГАЙМ (Böheim) Ганс, Ганс Дудар (?—1467), народны прапаведнік, музыкант. Натхняльнік сял. руху 1476 у даліне р. Таўбер у Франконіі (Цэнтр. Германія). Казанні Бёгайма, з якімі ён выступаў у в. Ніклагаўзен, заклікалі да антыфеад. барацьбы і прыцягвалі паломнікаў з Цэнтр. і Паўд. Германіі. 12.7.1476 арыштаваны вюрцбургскім епіскапам і пазней спалены ў Вюрцбургу.
т. 3, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛІБІ (ад лац. alibi у іншым месцы),
у крымінальным працэсе акалічнасць, якая сведчыць пра адсутнасць асобы на месцы злачынства ў момант яго ўчынення; бясспрэчны доказ невінаватасці абвінавачанага па справе, дзе ён прыцягваецца да адказнасці за фізічны ўдзел у злачынстве. Алібі не выключае абвінавачання ў саўдзельніцтве (напр., падбухторванне, дапамога і інш.).
т. 1, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРАЎДА́ННЕ,
прызнанне судом падсуднага невінаватым у прад’яўленым яму абвінавачанні. Апраўдальны прыгавор выносіцца ў выпадках, калі не ўстаноўлены факт злачынства, у дзеяннях падсуднага адсутнічае склад злачынства або не даказаны яго ўдзел у злачынстве. Пры апраўданні суд павінен неадкладна вызваліць падсуднага з-пад варты, калі ён быў да гэтага арыштаваны.
І.І.Пацяружа.
т. 1, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААФІ́ЛІЯ (ад заа... + ...філія),
1) перакрыжаванае апыленне раслін з дапамогай жывёл, звычайна насякомых, што жывяцца кветкавым пылком, нектарам, сакаўнымі тканкамі кветкі і інш., іншы раз (пераважна ў тропіках) — птушкамі (калібры) і млекакормячымі.
2) Адна з форм палавой ненармальнасці ў чалавека, пры якой ён атрымлівае задавальненне ад сексуальнага кантакту з жывёлай.
т. 6, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)