АКІСЛЕ́ННЕ БІЯЛАГІ́ЧНАЕ,

біяхімічны працэс, сукупнасць акісляльна-аднаўляльных рэакцый. Адбываецца ва ўсіх жывых клетках (пераважна ў мітахондрыях), складае аснову тканкавага дыхання і браджэння. Асн. функцыя акіслення біялагічнага — забеспячэнне арганізма энергіяй, якая паступова вызваляецца з арган. рэчываў пры перадачы аднаўляльных эквівалентаў (АЭ) — пратонаў і электронаў (ці толькі электронаў) ад донара да акцэптара (з прычыны рознасці іх акісляльна-аднаўляльных патэнцыялаў) і назапашваецца пераважна ў форме багатых энергіяй сувязяў адэназінтрыфосфарнай кіслаты (АТФ) і інш. макраэргічных злучэнняў. У аэробаў (большасць жывёл і раслін, многія мікраарганізмы) канчатковы акцэптар АЭ — кісларод. Пастаўшчыкі АЭ — арган. і неарган. рэчывы. Найб. значэнне мае акісленне біялагічнае, якое адбываецца пры гліколізе, акісленні α-кетаглутаравай к-ты і пры пераносе АЭ у ланцугу акісляльных (дыхальных) ферментаў (гл. Акісляльнае фасфарыліраванне). У разліку на 1 малекулу глюкозы гліколіз дае 2, акісляльнае фасфарыліраванне ў дыхальным ланцугу — 34 малекулы АТФ. У працэсе дыхання адбываецца паслядоўнае многаступеньчатае акісленне вугляводаў, тлушчаў і бялкоў, што прыводзіць да аднаўлення асн. пастаўшчыкоў АЭ для дыхальнага ланцуга, якое ў значнай ступені ажыццяўляецца ў трыкарбонавых кіслот цыкле. Мяркуюць, што гліколіз, цыкл трыкарбонавых кіслот і дыхальны ланцуг функцыянуюць у клетках усіх эўкарыётаў. Рэакцыі акіслення біялагічнага ў клетках каталізуюць аксідарэдуктазы. Акісляльныя рэакцыі, аднак, не заўсёды суправаджаюцца назапашваннем энергіі. Яны таксама нясуць функцыі пераўтварэння рэчываў (напр., пры ўтварэнні жоўцевых к-т, стэроідных гармонаў, на шляхах метабалізму амінакіслот і інш.). Акісленнем абясшкоджваюцца многія чужародныя і таксічныя для арганізма рэчывы (араматычныя злучэнні, недаакісленыя прадукты дыхання і інш.). Такое акісленне біялагічнае наз. свабодным акісленнем і суправаджаецца ўтварэннем цяпла. Мяркуюць, што сістэма пераносу электронаў, якая ажыццяўляе акісляльнае фасфарыліраванне, здольная пераключацца на свабоднае акісленне пры павелічэнні патрэбнасці ў цяпле.

Вывучэнне працэсаў акіслення ў арганізме пачалося ў 18 ст. з прац А.​Лавуазье. Вял. заслуга ў даследаванні акіслення біялагічнага належыць У.І.Паладзіну (разглядаў акісленне біялагічнае як ферментацыйны працэс). Значны ўклад зрабілі таксама сав. вучоныя А.​М.​Бах, У.​А.​Энгельгарт, У.​А.​Беліцэр, С.​Я.​Севярын, У.​П.​Скулачоў, ням. О.​Варбург, Г.​Віланд, англ. Д.​Кейлін, Х.​Крэбс, П.​Мітчэл, амер. Д.​Грын, А.​Ленінджэр, Б.​Чанс, Э.​Рэкер і інш. (лакалізацыя акіслення біялагічнага ў клетцы, сувязь з інш. працэсамі абмену рэчываў, механізмы ферментацыйных акісляльна-аднаўляльных рэакцый, акумуляцыя і пераўтварэнне энергіі і інш.). Гл. таксама Біяэнергетыка.

На Беларусі розныя аспекты акіслення біялагічнага вывучаюць у ін-тах біяарганічнай хіміі, фотабіялогіі, фізіялогіі, біяхіміі (Гродна) АН, БДУ.

Літ.:

Кривобокова С.С. Биологическое окисление: Ист. очерк М., 1971;

Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1985;

Строев Е.А. Биологическая химия. М., 1986;

Березов Т.Т., Коровкин Б.Ф. Биологическая химия. 2 изд. М., 1990.

М.​М.​Філімонаў.

т. 1, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАРО́ДНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

від трохцэнтравай хімічнай сувязі тыпу A—H​δ+... B​δ-, якая ўзнікае, калі атам вадароду H адначасова злучаны з двума электраадмоўнымі атамамі A і B. З атамам A (вуглярод, азот, кісларод, сера) вадарод злучаны моцнай кавалентнай сувяззю (A—H​δ+). З атамам B (фтор, кісларод, азот, радзей хлор, сера), які мае непадзельную пару электронаў, утварае дадатковую вадародную сувязь (абазначаецца кропкамі). Вадародная сувязь на парадак слабейшая за кавалентную сувязь.

Атамы A і B могуць належаць адной (унутрымалекулярная вадародная сувязь) і розным малекулам (міжмалекулярная вадародная сувязь). Выклікае асацыяцыю аднолькавых (вада, кіслоты, спірты) ці розных малекул у асацыяты і комплексы, уплывае на крышталізацыю, растварэнне, вызначае структуру бялкоў, нуклеінавых кіслот і інш. біялагічна важных злучэнняў.

І.​В.​Боднар.

т. 3, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МА-СПЕКТРО́МЕТР,

прылада для вымярэння энергіі квантаў гама-выпрамянення і яго інтэнсіўнасці. Найб. пашыраны сцынтыляцыйныя і паўправадніковыя. Энергія і інтэнсіўнасць патоку гама-квантаў вызначаюцца ўскосна (у крышталь-дыфракцыйных гама-спектрометрах непасрэдна) вымярэннем энергіі і інтэнсіўнасці патоку электронаў або электронна-пазітронных параў, якія выяўляюцца пры ўзаемадзеянні гама-выпрамянення з рэчывам. Асн. характарыстыкі: эфектыўнасць (характарызуецца імавернасцямі ўтварэння і рэгістрацыі другаснай часціцы) і раздзяляльная здольнасць.

У сцынтыляцыйных гама-спектрометрах выкарыстоўваюцца сцынтыляцыйныя лічыльнікі; у паўправадніковых — паўправадніковыя дэтэктары; у вобласці нізкіх энергій гама-квантаў (да 100 кэВ) — газавыя прапарцыянальныя лічыльнікі, крышталь-дыфракцыйныя гама-спектрометры; для вымярэння спектраў высокіх энергій — чаранкоўскія лічыльнікі, якія рэгіструюць выпрамяненне электронна-фатонных ліўняў (гл. Чаранкова—Вавілава выпрамяненне), пузырковыя камеры, у некаторых выпадках — фотарасшчапленне дэйтрона.

А.​В.​Берастаў.

т. 5, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́МЕРФЕЛЬД ((Sommerfeld) Арнольд) (5.12.1868, г. Кёнігсберг, цяпер Калінінград, Расія —26.4.1951),

нямецкі фізік-тэарэтык, заснавальнік мюнхенскай школы тэарэт. фізікі. Чл.-кар. Берлінскай АН (1920), замежны чл. АН СССР (1929). Скончыў Кёнігсбергскі ун-т (1891). З 1891 працаваў у розных ВНУ Германіі, у 1908—40 праф. Мюнхенскага ун-та. Навук. працы па квантавай тэорыі атама, спектраскапіі, электроннай тэорыі металаў. Рашыў задачу аб выпрамяненні вертыкальнага дыполя, які знаходзіцца на мяжы 2 асяроддзяў (1909), удакладніў мадэль атама Бора і стварыў тэорыю тонкай структуры спектра вадародападобных атамаў (1916), распрацаваў тэорыю тармазнога выпрамянення электронаў (1931). Аўтар падручнікаў па тэарэт. фізіцы.

Тв.:

Рус. пер. — Пути познания в физике. М. 1973.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 391—392.

А.​Зомерфельд.

т. 7, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТА́КТНАЯ РО́ЗНАСЦЬ ПАТЭНЦЫЯ́ЛАЎ,

рознасць патэнцыялаў паміж праваднікамі з рознай работай выхаду, якія знаходзяцца ў электрычным кантакце, ва ўмовах раўнавагі тэрмадынамічнай.

Пры кантакце двух праваднікоў паміж імі адбываецца абмен электронамі праводнасці. У выніку праваднік з меншай работай выхаду зараджаецца дадатна, з большай — адмоўна. У вобласці кантакту ўзнікае эл. поле, накіраванае так, што патокі электронаў у абодвух напрамках ураўнаважваюцца, і ўстанаўліваецца пастаянная К.р.п. Яна роўная рознасці работ выхаду праваднікоў. аднесенай да зараду электрона. К.р.п. залежыць ад прыроды правадніка, стану яго паверхні і можа дасягаць некалькіх вольт. На існаванні К.р.п. грунтуецца работа важнейшых элементаў паўправадніковай электронікі: p—n пераходаў і кантактаў метал—паўправаднік; яна выкарыстоўваецца для прамога пераўтварэння цеплавой энергіі ў электрычную; яе трэба ўлічваць пры канструяванні электравакуумных прылад.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 7, с. 603

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАВЫ ГІРАСКО́П,

прылада квантавай электронікі для выяўлення і вызначэння велічыні і знака вуглавой скорасці вярчэння або вугла павароту адносна інерцыяльнай сістэмы адліку. Дзеянне заснавана на гіраскапічных уласцівасцях часціц або хваль (атамных ядраў, электронаў, фатонаў і інш.).

Гэтыя ўласцівасці абумоўлены спінавымі (гл. Спін) і арбітальнымі момантамі мікрачасціц і інш. Карысны сігнал (ён прапарцыянальны скорасці вярчэння) узнікае за кошт прэцэсіі мех. і магн. момантаў мікрачасціц або за кошт узнікнення рознасці фаз ці частот паміж сустрэчнымі хвалямі ў вярчальным контуры. У навігацыі выкарыстоўваюць К.г. лазерныя (адчувальным элементам у іх з’яўляецца кальцавы лазер, які генерыруе 2 сустрэчныя хвалі), валаконна-аптычныя (заснаваны на выкарыстанні эфекту Саньяка — зрушэння інтэрферэнцыйных палос у вярчальным кальцавым інтэрферометры); распрацоўваюцца гіраскопы ядзерныя, электронныя, іонныя, радыеізатопныя, джозефсанаўскія і інш.

Г.​С.​Круглік.

т. 8, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНО́ФСКІ ((Panofsky) Вольфганг Курт Герман) (н. 24.4.1919, Берлін),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1954), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1962). Замежны член Рас. АН (1988). З 1934 у ЗША. Скончыў Прынстанскі ун-т (1938). З 1951 праф. Стэнфардскага ун-та (з 1953 дырэктар Лабараторыі фізікі высокіх энергій, у 1961—84 дырэктар лінейнага паскаральнага цэнтра). Навук. працы па ядз. фізіцы, паскаральнай тэхніцы, фізіцы элементарных часціц. Вызначыў спін і цотнасць пі-мезона (1950—52, разам з Дж.​Штэйнбергерам), назіраў нараджэнне мю-мезонных пар фатонамі (1956). Развіў метад сустрэчных пучкоў. Пад кіраўніцтвам П. ў 1966 запушчаны буйнейшы (на 22 ГэВ) Стэнфардскі лінейны паскаральнік электронаў. Прэмія імя Э.​Фермі 1978.

Тв.:

Рус. пер. — Классическая электродинамика. М., 1963 (разам з М.​Філіпсам).

М.​М.​Касцюковіч.

В.Панофскі.

т. 12, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСКАРА́ЛЬНІКІ ЗАРА́ДЖАНЫХ ЧАСЦІ́Ц,

устаноўкі для атрымання зараджаных часціц (электронаў, пратонаў, атамных ядраў, іонаў і інш.) высокіх энергій (больш за 1 МэВ) за кошт іх паскарэння ў эл. полі.

У 1919—32 развіццё П.з.ч. грунтавалася на атрыманні высокіх напружанняў і іх выкарыстанні для паскарэння зараджаных часціц. У 1931 створаны электрастатычны генератар (гл. Ван-дэ-Граафа генератар), у 1932 — каскадны генератар, што дазволіла атрымліваць патокі паскораных часціц з энергіяй да 10 МэВ. У 1931—44 распрацаваны рэзанансныя метады паскарэння часціц, пры якіх паскораныя часціцы шматразова праходзілі паскаральны прамежак і набіралі энергію пры адносна невял. паскаральным напружанні (гл. Цыклатрон). У 1940 пабудаваны цыклічны індукцыйны паскаральнік электронаўбэтатрон. У 1950-я г. прапанаваны прынцыпы аўтафазіроўкі і моцнай факусіроўкі часціц, у выніку павялічыліся межы дасягальных энергій у цыклічных і лінейных П.З.Ч. Існуюць лінейны паскаральнік даўжынёй больш за 3 км, дзе электроны і пазітроны маюць энергію да 45 ГэВ (г. Станфард. ЗША); цыклічны паскаральнік з даўжынёй арбіты каля 27 км з энергіяй да 103 ГэВ (г. Жэнева, Швейцарыя); тэватрон паскарае пратоны і антыпратоны да энергіі 940 ГэВ (г. Батавія, ЗША). Развіццё паскаральнікаў звязана з павелічэннем энергій паскораных часціц, нарошчваннем іх інтэнсіўнасці (сілы току ў пучку) і працягласці імпульсу паскоранага пучка. Распрацоўваюцца новыя і ўдасканальваюцца метады паскарэння, дзе выкарыстоўваюцца звышправодныя матэрыялы ў магнітах і паскаральных сістэмах. аўтам. кіраванне, паскаральнікі 3 накапляльнымі кольцамі (гл. Паскаральнік з сустрэчнымі пучкамі) і інш. Выкарыстоўваюцца для навук. мэт (нараджэння новых часціц, атрымання штучных нуклідаў, вывучэння ядз. рэакцый, для доследаў у радыебіялогіі, хіміі, фізіцы цвёрдага цела і інш.), а таксама ў металургіі (для дэфектаскапіі), дрэваапр. прам-сці (для хуткай высакаякаснай апрацоўкі вырабаў), харч. прам-сці (для стэрылізацыі прадуктаў), медыцыне (для прамянёвай тэрапіі, «бяскроўнай хірургіі» і інш.). Гл. таксама Фазатрон, Сінхрафазатрон.

Літ.:

Комар Е.Г. Основы ускорительной техники. М., 1975;

Лебедев АН., Шальнов А.В. Основы физики и техники ускорителей. 2 изд. М., 1991.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 12, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ ДЫЭЛЕ́КТРЫКАЎ,

працэс узнікнення ў дыэлектрыках стану, які характарызуецца наяўнасцю эл. дыпольнага моманту ў кожнага элемента іх аб’ёму (палярызаванага стану), пад уздзеяннем знешніх фактараў (эл. палёў, мех. напружанняў, змены т-ры і інш.), а таксама сам палярызаваны стан дыэлектрыка. Характарызуецца палярызаванасцю ці вектарам палярызацыі P.

Найб. значэнне мае П.д. у знешнім эл. полі, якая абумоўлена зрушэннем электронаў у атамах і іонах (электронная, ці дэфармацыйная палярызацыя), зрушэннем іонаў у цвёрдых дыэлектрыках з іоннай крышт. рашоткай (іонная палярызацыя), паваротам дыпольных малекул (арыентацыйная палярызацыя). Залежыць ад напружанасці знеш. эл. поля — E. У слабых палях P = ε0 χ E , дзе ε0эл. пастаянная, χ — дыэлектрычная ўспрыімлівасць. П.д. можа мець месца з прычыны мех. напружанняў (гл. П’езаэлектрычныя матэрыялы). Існуюць дыэлектрыкі са спантаннай (самаадвольнай) палярызацыяй (гл. Піраэлектрычнасць, Сегнетаэлектрыкі), а таксама дыэлектрыкі, здольныя працяглы час захоўваць наэлектрызаваны стан (электрэты).

т. 12, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНЕ́РТНЫЯ ГА́ЗЫ, высакародныя газы,

хімічныя элементы VIII групы перыяд. сістэмы: гелій He, неон Ne, аргон Ar, крыптон Kr, ксенон Xe, радон Rn. У прыродзе ўтвараюцца ў выніку ядз. працэсаў. Знаходзяцца ў нязначнай колькасці ў паветры (найб. аргону — 0,934%, найменш радону — 6 10​−20% па аб’ёме), у прыродных газах і некат. мінералах.

Аднаатамныя газы без колеру і паху. Атамы маюць устойлівую вонкавую электронную абалонку (у He з 2, у астатніх з 8 электронаў), чым абумоўлена іх нізкая рэакцыйная здольнасць. І.г. (акрамя гелію) утвараюць з вадой і арган. растваральнікамі няўстойлівыя клатраты. Здольнасць да ўтварэння хім. злучэнняў павялічваецца ад аргону да ксенону, для якога вядомы ўсе асн. класы хім. злучэнняў. Атрымліваюць (акрамя He) з паветра як пабочны прадукт пры вытв-сці азоту і кіслароду. Выкарыстоўваюць у якасці інертнага асяроддзя ў металургіі, атамнай і ракетнай тэхніцы, у вытв-сці паўправадніковых матэрыялаў і інш., як напаўняльнікі ў электроніцы. электратэхніцы і інш.

т. 7, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)