ЗАСНАВА́ЛЬНІЦКАЯ А́КЦЫЯ,

від акцый, якія размяркоўваюцца сярод заснавальнікаў акц. кампаній і даюць ім пэўныя правы і прывілеі ў параўнанні з інш. акцыянерамі. Да такіх пераваг адносяцца, напр. павышаныя дывідэнды, дадатковая колькасць галасоў на агульных сходах акцыянераў, права на першачарговае атрыманне акцый пры дадатковым іх выпуску, на атрыманне часткі заснавальніцкага прыбытку.

т. 6, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́НІНСКІ ПАВЕ́Т адм.-тэр. адзінка ў Беларусі ў 1924. Засн. 2.6.1924 у Гомельскай губ. Цэнтр — г. Клімавічы. Уключаў 14 валасцей: Бялынкавіцкую, Брацькавіцкую, Касцюковіцкую, Клімавіцкую, Краснапольскую, Крычаўскую, Маляціцкую, Мілаславіцкую, Наваельненскую, Прапойскую, Родненскую, Саматэвіцкую, Хоцімскую, Чэрыкаўскую. 17.7.1924 скасаваны, тэр. ўключана ў Калінінскую акругу, Прапойская, часткі Наваельненскай і Чэрыкаўскай валасцей — у Магілёўскую акр.

т. 7, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ШКА,

металарэзны інструмент, якім наразаюць ці накатваюць вонкавую разьбу на балтах, шрубах або інш. дэталях машын. Да найб. пашыраных наразных П. адносяцца разразныя (круглыя, квадратныя, шасцігранныя), суцэльныя круглыя (леркі) і трубчастыя. Накатныя П. складаюцца з дзвюх прамавугольных прызмаў (ці двух ролікаў), профіль рабочай часткі якіх процілеглы профілю разьбы.

Круглая разразная плашка.

т. 12, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎЧА́НКА ЧЫРВО́НАЯ,

хвароба з групы калагенозаў (гл. Калагенавыя хваробы). Праяўляецца ў формах: дыскоіднай і дысемінаванай — хранічнае захворванне скуры, сістэмнай — хвароба з расстройствамі і пашкоджаннямі ўнутр. органаў. Формы ваўчанкі чырвонай звязаны паміж сабой: дыскоідная можа пераходзіць у сістэмную. Прычыны захворвання канчаткова не высветлены; значная роля належыць вірусам і аўтаімунным працэсам. Правакуюць развіццё хваробы празмерная інсаляцыя, ахаладжэнне, траўмы, ачагі хранічнай гнойнай інфекцыі, дысфункцыя эндакрыннага апарату.

Ваўчанка чырвоная дыскоідная праяўляецца пашкоджаннем скуры ў выглядзе ацёчнай плямы ці інфільтраванай бляшкі, якія павялічваюцца і пакрываюцца густымі лусачкамі, скура станчаецца і ўтвараецца рубцовая атрафія. Лакалізацыя: скура носа, твару, валасістай часткі галавы, верхняй часткі грудзей, спіны. Пры ваўчанцы чырвонай дысемінавай колькасць ачагоў значна большая, яны не здольныя да перыферычнага росту, найменш інфільтраваныя і не заўсёды ўтвараецца рубцовая атрафія. Ваўчанка чырвоная сістэмная характарызуецца пашкоджаннем суставаў, серозных абалонак, скуры, унутр. органаў, ц. н. с. Лячэнне: антымалярыйныя прэпараты, вітаміны, глюкакартыкоідныя гармоны, фотаахоўныя мазі і крэмы.

т. 4, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЗАННЕ металаў,

апрацоўка метал. загатовак (дэталей) зразаннем з іх паверхневых слаёў (стружкі), каб надаць ім пэўную форму, памеры і якасць паверхні. Робіцца металарэзным інструментам на металарэзных станках. Р. падзяляюць на абразіўную апрацоўку і лязовую (інструментамі з рэжучымі краямі правільнай геам. формы).

Асн. віды Р.: тачэнне, працягванне, свідраванне, струганне, фрэзераванне, найб. пашыраныя аддзелачныя — даводка, ханінгаванне, шліфаванне. У параўнанні з апрацоўкай металаў ціскам суправаджаецца стратамі (у стружку) металу, але забяспечвае большую дакладнасць апрацоўкі і дае магчымасць вырабляць дэталі складанай канфігурацыі. У залежнасці ад фіз.-мех. уласцівасцей металу, параметраў рэзання і геам. форм рэзальнай часткі інструменту пры Р. ўтвараюцца стружкі розных відаў: элементная, сколвання, зліўная і надлому. Павышэнне стойкасці рэзальнага інструменту дасягаецца рацыянальным выбарам рэжыму Р., геам. параметрамі яго рэзальнай часткі. Р. ажыццяўляецца на трубанаразных, рэвальверных, расточных, свідравальных і інш. станках.

В.​І.​Шагун.

Рэзанне металаў: 1 — тачэнне; 2 — фрэзераванне; 3 — свідраванне, 4 — струганне; 5 — шліфаванне.

т. 13, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКІ ЗАВО́Д АГРЭГА́ТАЎ.

Створаны ў 1958 у г. Барысаў як філіял Мінскага трактарнага з-да. З 1961 з-д гідраапаратуры, з 1970 — агрэгатаў. З 1983 у ВА «Мінскі маторны завод». Асн. прадукцыя (1995): вузлы да рухавікоў, запасныя часткі да трактароў, турбакампрэсары. Выпускае тавары нар. ўжытку (помпы вадзяныя, тэлеантэны, мэблю для кухні і турысцкую).

т. 2, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУ́ЛЬНЫ СЫРТ,

платопадобнае ўзвышша на ПдУ Еўрап. часткі Расіі, водападзел рэк басейнаў Волгі і Урала. Працягваецца з З на У на 500 км, на У прымыкае да Паўд. Урала. Выш. да 405 м. Складзены з пясчанікаў, глін і вапнякоў. Месцамі трапляюцца купалападобныя астанцы—шыханы. Развіты карст. Дзірваніста-злакавыя, пераважна ўзараныя, стэпы. Пасевы збожжавых культур.

т. 1, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРАЎЗРЫЎНЫ́Я РАБО́ТЫ,

сукупнасць вытв. працэсаў па аддзяленні ад масіву часткі горнай пароды з адначасовым яе раздрабненнем і перамяшчэннем пры дапамозе ўзрыву. Уключаюць бурэнне зарадных поласцяў (шпураў, свідравін, камер), размяшчэнне ў іх зарадаў выбуховых рэчываў (зараджанне), забіванне і ўзбуджэнне зарадаў (ініцыіраванне ўзрыву). Выкарыстоўваюць пры разведцы і здабычы карысных выкапняў, буд-ве плацін і інш.

т. 3, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВО́ЗДЗЕЎ Міхаіл Спірыдонавіч, рускі геадэзіст і падарожнік 1-й пал. 18 ст. Вучыўся ў маскоўскай навігацыйнай школе (1716) і Марской акадэміі (1719). З 1732 на боце «Св. Гаўрыіл» пад камандай І.Фёдарава здзейсніў плаванне да берагоў Берынгава прал. У выніку былі даследаваны і нанесены на карту часткі азіяцкага і амер. ўзбярэжжаў гэтага праліва.

т. 5, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗГУШЧА́ЛЬНІКІ,

апараты, у якіх адбываецца аддзяленне цвёрдых часцінак рэчыва ад вадкасці. Бываюць гравітацыйныя (часцінкі ападаюць пад дзеяннем сілы цяжару), інерцыйныя (выдаленне часцінак адбываецца за кошт узнікнення сіл інерцыі пры вярчэнні) і фільтрацыйныя (згушчэнне суспензіі адбываецца пры выдаленні часткі вадкасці). Выкарыстоўваюцца пры здабычы карысных выкапняў і высакародных металаў, у вытворчасці паперы і цэлюлозы.

т. 7, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)