нямецкі хімік-тэхнолаг, адзін з заснавальнікаў фарбавай прам-сці Германіі. Скончыў Лейпцыгскі ун-т (1898). З 1925 прэзідэнт канцэрна «І.Г.Фарбэніндустры», з 1935 старшыня савета дырэктараў гэтага канцэрна. Распрацаваў тэхналогіі сінтэзу пры высокім ціску; стварыў вытв-сць аміяку на жал. каталізатары, мачавіны з дыаксіду вугляроду і аміяку. Нобелеўская прэмія 1931 (разам з Ф.Бергіусам).
Літ.:
Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецова Е.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 66.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКВАЛА́НГ
(ад аква... + англ.lung лёгкае),
аўтаномны апарат, з дапамогай якога чалавек дыхае пад вадой. Вынайдзены французамі Ж.І.Кусто і Э.Ганьянам (1943). Складаецца з балонаў са сціснутым паветрам (да 200 ат), аўтамата, што рэгулюе выдыханне і паступленне паветра адпаведна ціску навакольнага асяроддзя і інш. элементаў. У комплексе з маскай, гідракамбінезонам, ластамі і інш. выкарыстоўваецца ў падводным спорце і паляванні, у даследаваннях, выратавальнай службе.
Акваланг: 1 — маска з загубнікам; 2 — дыхальны апарат; 3 — балоны са сціснутым паветрам; 4 — рамяні мацавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́СА ЗАКО́Н,
асноўны закон тэрмахіміі: цеплавы эфект хім. рэакцыі залежыць толькі ад прыроды і стану зыходных рэчываў і канчатковых прадуктаў і не залежыць ад колькасці і характару прамежкавых стадый у сістэме. Адкрыты эксперыментальна Г.І.Гесам у 1840. З’яўляецца адной з формаў закону захавання энергіі для сістэм, дзе адбываюцца хім. рэакцыі пры пастаянным аб’ёме ці пастаянным ціску. Карыстаюцца Геса законам для разліку цеплавых эфектаў працэсаў, якія цяжка ці практычна немагчыма ажыццявіць, на аснове эксперым. даных для інш. працэсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЭКСТРУ́ЗІЯ
(ад гідра... + экструзія),
спосаб апрацоўкі металаў ціскам, пры якім змешчаная ў замкнуты кантэйнер загатоўка выціскаецца праз канал матрыцы вадкасцю пад ціскам (0,5—3 ГПа). Выконваецца на ўстаноўках са знешняй крыніцай ціску вадкасці і прамога дзеяння, у якіх ціск вадкасці ў кантэйнеры ствараецца перамяшчэннем прэс-штэмпеля. Рабочыя вадкасці — вада, масла, расплаўленыя шкло, солі, легкаплаўкія металы. Выкарыстоўваецца для атрымання металург. паўфабрыкатаў (дрот, пруткі і профілі з цяжкадэфармуемых і тугаплаўкіх металаў) або загатовак для металарэзнага інструменту (свердлаў, метчыкаў, раскрутак і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЗАВО́З,
аўтамабіль, паўпрычэп ці прычэп, абсталяваны цыстэрнай для вадкага паліва (бензіну, газы, дызельнага паліва). Цыстэрна мае паказальнік узроўню паліва, клапан для сувязі ўнутр. поласці цыстэрны з навакольнай атмасферай пры ўзнікненні празмернага ціску, зліўныя патрубкі з хуткадзейнымі засаўкамі, адстойнікі з водааддзельнікамі, проціпажарныя сродкі, зазямленне.
Ёмістасць цыстэрнаў на аўтамабілі і прычэпе 1,2—8 тыс.л, на паўпрычэпах 7—30 тыс.л. Цыстэрны вял. ёмістасці (больш за 5 тыс.л) абсталяваны ўнутры падоўжнымі і папярочнымі перагародкамі (хвалярэзамі) для памяншэння гідраўлічных удараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАТЭРМА́ЛЬНЫ СІ́НТЭЗ,
атрыманне крышталічных неарган. рэчываў ва ўмовах, што дазваляюць мадэліраваць фізіка-хім. працэсы ўтварэння мінералаў у зямных нетрах. Заснаваны на здольнасці вады і водных раствораў пры т-ры 300—500 °C і ціску 10—80 МПа раствараць рэчывы, якія практычна нерастваральныя ў звычайных умовах. У такіх умовах вырошчваюць таксама вял. монакрышталі (напр., крышталі кварцу масай да 50 кг). Выкарыстоўваецца ў прам-сці пры вытв-сці розных злучэнняў: аксідаў (SiO2, GeO2), сульфідаў (ZnS, PbS, HgS), сілікатаў (CaSiO3, NaNdSi6O14) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВАЯ СЕ́ТКА,
сістэма газаправодаў для транспартавання гаручых газаў і размеркавання іх паміж спажыўцамі; асн. элемент сістэмы газазабеспячэння. Бываюць размеркавальныя, міжпасялковыя і ўнутрыдамавыя; у залежнасці ад колькасці ступеней ціску — адна- (у невялікіх населеных пунктах), двух- (у сярэдніх гарадах), трох- і чатырохступеньчатыя (у вял. гарадах). Гарадскія газавыя сеткі — звычайна кальцавыя (замкнутыя), што забяспечвае бесперабойнасць падачы газу пры адключэнні асобных участкаў. Геагр. становішча Беларусі абумовіла пракладку праз яе тэр. буйных магістральных газаправодаў і, як вынік, паскораную газіфікацыю яе гаспадаркі і высокую шчыльнасць газавых сетак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАРАЗРА́ДНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
іонныя прылады, электронныя прылады, дзеянне якіх заснавана на праходжанні эл. току праз разрэджаны газ. Маюць шкляную або керамічную абалонку, запоўненую інертным газам, вадародам або парай ртуці пад ціскам. Момантам запальвання разраду кіруюць з дапамогай дадатковых электродаў (сетак або падпальных электродаў). Форма разраду (дугавы, тлеючы, іскравы ці каронны; гл.Электрычныя разрады ў газах, Іанізацыя) і яго ўласцівасці залежаць ад ціску газу, тыпу катода, канстр. асаблівасцей прылады, сілы току і інш. (гл.Газаразрадныя індыкатары, Газаразрадныя крыніцы святла, Газатрон і да т.п.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСАКАГО́РНЫ КЛІ́МАТ,
разнавіднасць горнага клімату. Фарміруецца на вышыні больш за 2—3 тыс.м над узр. м. Характарызуецца паніжэннем (адносна нізін, раўнін і нізкіх гор) атм.ціску, т-ры і вільготнасці паветра, значнай чысцінёй атмасферы, павышэннем інтэнсіўнасці сонечнай радыяцыі, багатай на ультрафіялетавыя прамяні, і эфектыўнага выпрамянення. Амплітуда т-ры на працягу сутак памяншаецца на горных вяршынях, але павялічваецца на плато. Колькасць ападкаў, як правіла, з вышынёй памяншаецца, а на наветраных схілах павялічваецца. Высакагорны клімат спрыяльны для здароўя і лячэння некаторых хвароб чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РГІУС (Bergius) Фрыдрых
(11.10.1884, Гольдшмідэн, цяпер у межах Вроцлава, Польшча — 30.3.1949),
нямецкі хімік-тэхнолаг. Скончыў Брэслаўскі ун-т (1907). Працаваў ва ун-тах Берліна і Гановера. У 1910 на свае сродкі стварыў лабараторыю, у 1914 стаў прадпрымальнікам. З 1938 займаўся вытв. дзейнасцю ў канцэрне «І.Г.Фарбэніндустры». Распрацаваў метады высокага ціску ў хіміі і хім. тэхналогіі. Прапанаваў працэсы гідрагенізацыі вугалю і ператварэння цэлюлозы ў кармавы цукар, што забяспечыла Германію ў гады 2-й сусв. вайны жыццёва неабходнымі рэсурсамі. Нобелеўская прэмія 1931 (разам з К.Бошам).