АЛЬБРЫ́ХСКІ ((Olbrychski) Даніэль) (н. 27.2.1945, в. Саннікі каля Варшавы),
польскі акцёр тэатра і кіно. Вучыўся ў тэатр. студыі «Школа Варшаўска». З 1963 у кіно. Акцёр шырокага псіхал. дыяпазону, майстар дынамічнага малюнка ролі. Зняўся ў фільмах А.Вайды («Попел», «Усё на продаж»), Е.Гофмана («Пан Валадыёўскі», «Патоп»), К.Занусі («Сямейнае жыццё», «Структура крышталю»), Ф.Шлёндарфа («Бляшаны барабан», ФРГ), здымаўся ў Венгрыі і Італіі. У 1969—77 у Тэатры нарадовым: Гамлет (аднайм. п’еса У.Шэкспіра) і інш. Нац. прэмія імя З.Цыбульскага.
т. 1, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІСЕ́НКА (Валерый Данілавіч) (н. 5.6.1944, г. Талачын),
бел. акцёр, рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1991). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965), Вышэйшыя рэжысёрскія тэатр. курсы пры Ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (1978). У 1965—67 у Бел. т-ры імя Я.Коласа, у 1969—77 у т-ры Я.Купалы. У 1960—70-я г. займаўся канцэртнай дзейнасцю як чытальнік. З 1979 гал. рэжысёр Бел. рэсп. т-ра юнага гледача, Тэатра-студыі кінаакцёра, Бел. радыё. Дзярж. прэмія Беларусі 1990.
т. 1, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у 1650—1754 пры езуіцкай калегіі ў Гродне. Паказы адбываліся на лац. і польскай мовах. Захаваліся звесткі пра 26 пастановак т-ра. Аўтарамі іх былі выкладчыкі паэтыкі і рыторыкі. Яны выкарыстоўвалі сюжэты са свяшчэннага пісання, агіяграфій, ант. міфалогіі і гісторыі. Большасць драм суправаджаліся інтэрлюдыямі і інтэрмедыямі. Найб. актыўна т-р дзейнічаў у 1711—28, калі былі пастаўлены 17 лац. п’ес і польская драма «Альтэка мудрасці» (1720).
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983. С. 133—135, 142.
т. 5, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАЛІТЭ́ (франц. moralité),
жанр павучальнай алегарычнай драмы зах.-еўрап. тэатра 15—16 ст. Узнік у Францыі (п’еса «Разважлівы і Неразумны», 1436). Быў пашыраны ў Англіі, Галандыі, Швейцарыі, Італіі. Асн. дзейныя асобы — алегарычныя персанажы, якія ўвасаблялі розныя дабрадзейнасці і заганы (Вера, Справядлівасць, Сквапнасць і інш.) і вялі барацьбу паміж сабой за душу чалавека. Сюжэты М., рэліг. па духу, але свецкія па форме, узнаўлялі пэўныя сітуацыі рэальнага жыцця, што адрознівала яе ад містэрыі і міракля. Шырока ўжывалася ў школьнай драме 18 ст.
т. 10, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ПРАЦАЎНІКО́Ў МАСТА́ЦТВА,
аб’яднанне тэатр. дзеячаў г. Мінска ў 1919—20. Пачало дзейнасць 14.8.1919 спектаклем «Паўлінка» Я.Купалы ў памяшканні «Беларускай хаткі». Складалася з удзельнікаў Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, Беларускага савецкага тэатра і інш. Арганізатар і кіраўнік У.Фальскі. Ставіліся пераважна творы бел. драматургіі: «Бязродны» і «Праменьчык шчасця» У.Галубка, «Мікітаў лапаць» і «Жаніх без шлюбу» М.Чарота. У спектаклях удзельнічаў хор У.Тэраўскага. Сярод акцёраў Б.Бусел, П.Валасевіч, Галубок, М.Зароская, М.Кудзелька (М.Чарот).
т. 10, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАВЭ́ (Восіп Іванавіч) (4.11.1784, Санкт-Пецярбург — 28.6.1834),
рускі архітэктар, прадстаўнік ампіру. Вучыўся ў Маскве, у арх. школе пры Экспедыцыі крамлёўскага будаўніцтва (1802—07).
Гал. архітэктар камісіі па аднаўленні Масквы пасля пажару 1812. Удзельнічаў у рэканструкцыі Краснай пл. (1814—17), стварэнні Тэатральнай пл. і Вял. тэатра (1820—24), Аляксандраўскага саду, Манежа і інш. Па яго праектах пабудаваны Трыумфальныя вароты (1827—34, разабраны ў 1932, адноўлены ў 1968 на Кутузаўскім праспекце), 1-я Градская бальніца, цэрквы Усіх Самотных Радасці ў Маскве (1828—33) і ў с. Архангельскае Маскоўскай вобласці (1822).
т. 2, с. 196
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШПЕ́РГЕРЫ,
польскія акцёры.
Войцех (Aszperger; 1790, Вільня — 1847). Вучыўся ў Віленскай гімназіі. Пасля вайск. службы стаў акцёрам. Выступаў пераважна ў камедыях А.Фрэдры. Гастраляваў на Беларусі: у Віцебску (1810), Мінску (1836, 1837, 1839).
Анеля (Aszpergerowa; дзявочае Камінская; 29.11.1816, Варшава — 27.1.1902). Жонка Войцеха. Скончыла драм. школу ў Варшаве, дэбютавала ў т-ры «Размаітосьці» (1835). Выступала ў Вільні, Мінску. З 1841 актрыса «Тэатра Львоўскага». Выконвала ролі субрэтак, гераінь, потым — трагедыйныя і ролі маці. Сярод лепшых: лэдзі Макбет, місіс Пэйдж («Макбет», «Віндзорскія свавольніцы» У.Шэкспіра), Марыя Сцюарт, Ідалія («Марыя Сцюарт», «Фантазіі» Ю.Славацкага).
т. 2, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́КЕР Раман Рыгоравіч, танцоўшчык канца 18 — пач. 19 ст. Нарадзіўся на Шклоўшчыне. Прыгонны графа С.Г.Зорыча, у 1780—90-я г. танцоўшчык Шклоўскага тэатра Зорыча. У 1800 у ліку 14 шклоўскіх артыстаў балета вывезены балетмайстрам І.Вальберхам у Пецярбургскі імператарскі т-р. Выступаў у пантамімных партыях. У 1812 уступіў у Пецярбургскае апалчэнне, вызначыўся ў баях, у т. л. пад Полацкам, Чашнікамі, Барысавам, Смалянамі і інш., узнагароджаны Георгіеўскім крыжам, атрымаў чын прапаршчыка. Пасля расфарміравання апалчэння (1814) беспаспяхова хадайнічаў аб вяртанні на пецярбургскую сцэну. Жыў у Харкаве.
Г.І.Барышаў.
т. 2, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ СТУ́ДЫЯ пры Цэнтральным тэатральным вучылішчы ў Ленінградзе.
Існавала ў 1933—37. Мела на мэце падрыхтоўку бел. акцёрскіх кадраў. Вядучыя педагогі — рэжысёры і акцёры Ленінградскага акад. т-ра драмы. Маст. кіраўнік — акцёр і педагог Б.Жукоўскі. Студыю скончылі 19 чалавек, якія папоўнілі калектыў рэарганізаванага Тэатра юнага гледача БССР. У час вучобы падрыхтаваны спектаклі: «Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.Астроўскага (у жн. 1936 паказаны ў Мінску і Віцебску), «Глыбокая правінцыя» М.Святлова, «Рэвізор» М.Гогаля (III акт), «На дне» (II акт) і «Варвары» М.Горкага, «Банкір» А.Карнейчука.
т. 2, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТ (лац. actus),
1) учынак, дзеянне.
2) Дакумент, які ўстанаўлівае пэўныя прававыя адносіны паміж юрыд. бакамі або паміж аўтарам і адрасатам акта (акт дыпламатычны, акт юрыдычны, акт на права валодання (карыстання) зямлёй, акты органаў дзяржаўнага кіравання, акты органаў дзяржаўнай улады, акты цывільнага стану і інш.).
3) Закончаная частка драм. твора, спектакля; тое, што і дзея. Акты ў спектаклі раздзяляюцца перапынкамі (антрактамі). Можа падзяляцца на з’явы, эпізоды, сцэны, карціны. Падзел на акты існуе з часоў рымскага тэатра (п’еса мела абавязкова 5 актаў).
4) У выяўл. мастацтве — выява аголенага чалавечага цела; гл. Ню.
т. 1, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)