А́ЛЬПЫ (ням. Alpen, франц. Alpes, італьян. Alpi ад кельцкага alp высокая гара),
найвышэйшая горная сістэма Зах. Еўропы на тэр. Францыі, Італіі, Швейцарыі, Аўстрыі, Ліхтэнштэйна, Германіі і Славеніі. Даўж. каля 1200 км, шыр. да 260 км, найб.выш.г. Манблан (4807 м). Альпы — складаная сістэма горных масіваў і хрыбтоў, што працягнуліся дугой ад Міжземнага м. да Сярэднедунайскай раўніны. Папярочная даліна між азёрамі Бодэнскім і Кома падзяляе Альпы на больш вышынныя Зах. Альпы і больш нізкія і шырокія Усходнія. У Заходніх вылучаюць Прыморскія, Коцкія, масіў Пельву, Грайскія, Савойскія (з масівам Манблан), Бернскія і інш. Горны ланцуг Усходніх Альпаў прадстаўлены Рэтыйскімі, Эцтальскімі, Цылертальскімі Альпамі, Высокім і Нізкім Таўэрнам. Альпы належаць да маладых складкавых структур альпійскага арагенезу (гл.Альпійская складкавасць). Характэрны зубчатыя грабяні, глыбокае расчляненне, вял. пашырэнне ледавіковых формаў рэльефу (гл.Альпійскі рэльеф). Восевая зона сфарміравана стараж. крышталічнымі (гнейсы, слюдзяныя сланцы), магматычнымі (граніты) і метамарфічнымі (кварцава-філітавыя сланцы) пародамі. Перадгор’і Альпаў складзены з вапнякоў, мергеляў, даламітаў, філітаў і маладых маласавых фармацый. Карысныя выкапні: жалезныя, медныя, уранавыя руды, магнезіты, баксіты, каменная соль, у невял. колькасці каменны і буры вугаль.
Альпы — важны кліматападзел Еўропы. На паўн. і зах. перадгор’ях клімат умераны, вільготны, на паўднёвых — субтрапічны міжземнаморскі. Ва ўнутр. раёнах гор выразная вертыкальная занальнасць (т-ра паніжаецца праз кожныя 100 м на 0,3—0,7 °C), фёнавыя вятры выклікаюць кароткія рэзкія пацяпленні. Ападкаў на наветраных зах. і паўн.-зах. схілах 1500—2000 мм за год (месцамі 4000 мм), ва ўнутр. горных далінах 500—800 мм. Снегавая лінія на выш. ад 2500 м на ПнЗ да 3500 м у найб. сухіх унутр. і ўсх. раёнах. Характэрна сучаснае зледзяненне (каля 1200 ледавікоў агульнай пл. 3 тыс.км). З ледавікоў пачынаюцца рэкі Рона, Рэйн, По, Адыджэ, Ін, Драва і інш. Азёры ледавіковага і тэктанічна-ледавіковага паходжання: Жэнеўскае, Бодэнскае, Лага-Маджорэ, Кома (глыб. да 410 м). Для Альпаў характэрна вышынная пояснасць (вылучаюць 5 ландшафтных паясоў).
Пояс перадгор’яў і горных схілаў да выш. 800 м. Клімат умераны, цёплы, на паўд. схілах з міжземнаморскімі рысамі; букавыя і дубовыя лясы значна высечаныя; сады, вінаграднікі, палі збожжавых на горных бурых глебах. Пояс гор (на выш. 800—1800 м) з умераным і ўмерана вільготным кліматам заняты шыракалістымі (дуб, бук, клён, граб) лясамі, якія змяняюцца хваёвымі (елка, піхта, еўрап. кедр, лістоўніца) на горных бурых лясных ападзоленых глебах. Пашы і агароды да 1100—1400 м. На выш. 1800—2300 мсубальпійскі пояс з халодным кліматам, моцнымі вятрамі, доўгатэрміновым снегавым покрывам, пераважна высакагорнай хмызняковай расліннасцю (рададэндран, ядловец, кедравы сланік і інш.) і субальпійскімі лугамі. Вышэй (да граніцы вечнага снегу) альпійскі пояс з суровым халодным кліматам і альпійскімі лугамі і нівальны пояс (вечных снягоў і ледавікоў); ландшафты халодных высакагорных камяністых ледавіковых і снежных пустыняў.
Альпы — адзін з важнейшых рэкрэацыйных раёнаў Еўропы. Цэнтр альпінізму, турызму, гарналыжнага спорту.
Літ.:
Благоволин Н.С., Серебрянный Л.Р. Рельеф Европы // Рельеф Земли. М., 1967;
Ерамов Р.А. Физическая география Зарубежной Европы. М., 1973;
Жучкевич В.А., Лавринович М.В. Физическая география материков и океанов. Ч. 1. Евразия. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІМАЛА́І (ад санскр. хімалая — прыстанак снягоў),
найвышэйшая горная сістэма Зямлі, у Азіі, паміж Тыбецкім нагор’ем на Пн і Інда-Гангскай раўнінай на Пд, на тэр. Індыі, Непала, Кітая, Пакістана, Бутана. Працягнуліся з ПнЗ на У больш як на 2400 км, шыр. да 350 км, пл. каля 650 тыс.км². Выш. да 8848 м, г.Джамалунгма (Эверэст). Паводле рэльефу і геал. будовы ў Гімалаях вылучаюцца 3 часткі, якія ступенямі з Пд на Пн узвышаюцца над Інда-Гангскай раўнінай: Сівалікскія горы (Перадгімалаі), выш. 700—900 м, парэзаны шматлікімі рэкамі; Малыя Гімалаівыш. 3500—4000 м, асобныя вяршыні да 6000 м; Вялікія Гімалаі, дзе 11 вяршынь выш. 8000 м і больш, у т. л. Канчэнджанга (8585 м), Макалу (8470 м), Дхаўлагіры (8221 м), Кутанг (8126 м) і інш.; характэрны глыбокае тэктанічнае расчляненне, альпійскі рэльеф, вышынныя кантрасты, магутнае зледзяненне (пл. больш за 33 тыс.км², буйны ледавік — Ганготры). Гімалаі сфарміраваліся ў эпоху альпійскай складкавасці на месцы былога акіяна Тэтыс. Паўд. перадгор’і складзены пераважна з пясчанікаў і кангламератаў, карэнныя схілы і восевая зона — з гнейсаў, крышт. сланцаў, гранітаў, філітаў і інш.крышт. і метамарфічных парод. Карысныя выкапні: золата, медзь, храміт, мыш’як, буры вугаль, гаручыя газы, нафта, каменная і калійная солі, сапфір. Гімалаі — прыродны кліматычны бар’ер паміж абласцямі трапічнага мусоннага клімату Паўд. Азіі і пустынна-стэпавага Цэнтр. Азіі. У перадгор’ях сярэдняя т-растудз. 15 °C, ліп. 25 °C. Вышыня снегавой лініі вагаецца ад 4500 м на паўд. схілах да 5700 м на паўночных. Перавалы ляжаць на выш. 3500—4500 м (Тангла). Вял. кантрасты ў Гімалаях ва ўвільгатненні: найб. колькасць ападкаў летам у перыяд паўд.-зах. мусону. У паўд.-ўсх.ч. гор выпадае да 3000 мм, у зах. — 1500—1000 мм, на паўн. схілах (падветраных, сухіх) — каля 100 мм за год. У Гімалаях пачынаюцца асн. рэкі Паўд. Азіі — Інд, Ганг, Брахмапутра. Ва Усх. Гімалаях на паўд. схілах да 400 м — тэраі — забалочаная паласа вільготных лясоў і хмызнякоў. Да выш. 1500 м вільготныя трапічныя лясы (пальмы, бамбукі, дрэвападобныя папараці, панданусы, магноліі, шмат ліян). Ад 1500 да 2700 м вечназялёныя дубовыя лясы (дубы, каштаны, рададэндраны, клёны, у падлеску імхі і лішайнікі). На выш. 2700—3700 м пояс хвойных лясоў з піхты серабрыстай, елкі блакітнай, лістоўніцы, цугі, кедра гімалайскага. Ад 3700 м да пояса снегу субальпійскія і альпійскія лугі. Вышэй за 5000—5400 м нівальны пояс (скалы, снег, лёд). У Зах. Гімалаях у ніжнім поясе міжземнаморскі тып вечназялёных хмызнякоў. Да 1500 м субтрапічныя шыракалістыя дубовыя і кляновыя лясы. На выш. 1500—3500 м пояс хвойных і лістападных лясоў. Да выш. 4600 м альпійскія лугі, вышэй пояс пустынь і ледавікоў. Паўн. схілы Гімалаяў бязлесныя, пашыраны пустынна-стэпавыя ландшафты з рэдкімі ксерафітнымі травамі і хмызнякамі. У джунглях перадгор’яў водзяцца сланы, насарогі, буйвалы, антылопы, тыгры, малпы, з птушак — паўліны, фазаны, папугаі, на паўн. схілах — які, дзікія бараны, козы, гімалайскі мядзведзь і інш. Ландшафты Гімалаяў зменены пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека: узараны перадгор’і і нізкагор’і (75% Кашмірскай даліны займае ворыва), тэрасаваны ўчасткі схілаў пад пасевы чайнага куста, рысу, садавіны, ячменю. Лесараспрацоўкі. Развіваецца альпінізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМО́РСКІЯ АСТРАВЫ́ (Comores),
Федэральная Ісламская Рэспубліка Каморскія Астравы (франц. République Fédérale et Islamique des Comores, араб. Джумхурыя аль-Кумур аль-Ітадыя аль-Ісламія), дзяржава на З астравах з групы Каморскіх а-воў у Індыйскім ак. каля паўн. ўвахода ў Мазамбікскі праліў. Складаецца з 3 федэральных акруг. Пл. 1862 км². Нас. 589,8 тыс.чал. (1997). Сталіца — г. Мароні (в-аў Нгазіджа). Афіц. мовы — французская і арабская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (6 ліп.).
Дзяржаўны лад. К.А. — ісламская рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 6 гадоў. Заканад. орган — Федэральная асамблея (38 членаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць Кабінету міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якіх назначае прэзідэнт. Мясц. органы ўлады — губернатары астравоў (выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў) і саветы астравоў (выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады).
Прырода. А-вы Нгазіджа (Гранд-Камор, пл. 1146 км²), Нджуані (Анжуан, пл. 424 км²) і Мвалі (Махелі, пл. 290 км²) вулканічнага паходжання, складзены з базальтаў, трахітаў, фаналітаў, абкружаны каралавымі рыфамі. Цэнтр.ч. кожнага вострава занята слабарасчлянёным горным вулканічным масівам, на ўзбярэжжах — невял. нізіны. Шмат дзеючых вулканаў. Вышэйшы вулкан Картала (2560 м) на в-ве Нгазіджа апошні раз вывяргаўся ў 1977. Бываюць землетрасенні. Клімат трапічны мусонны, гарачы і вільготны. Сярэднія месячныя т-ры паветра вагаюцца ад 24 да 27 °C. Ападкаў за год ад 1100 мм у цэнтр. частцы а-воў да 3000 мм на наветраных схілах. Порыстыя вулканічныя грунты і глебы прапускаюць ваду; рэк і ручаёў няма. Ёсць некалькі невял. прэсных азёр у кратэрах нядзеючых вулканаў. У раслінным і жывёльным свеце шмат эндэмікаў. У верхніх частках схілаў — трапічныя лясы з дрэвападобнымі папарацямі, ліянамі, ніжэй — участкі саваннаў і хмызнякі. Пад лесам і хмызнякамі 17% тэрыторыі. Мора багатае рыбай.
Насельніцтва. Больш за 75% складае народ анталаутра (каморцы) — змешаная этнічная група нашчадкаў малагасійцаў, арабаў і афрыканцаў. Ёсць нядаўнія выхадцы з Афрыкі і Мадагаскара (па 5%), арабы з Амана і Йемена (7%), выхадцы з Індыі (3%), малайцы (2%), еўрапейцы (пераважна французы, грэкі, італьянцы) і інш. Амаль усе вернікі мусульмане-суніты. Сярэдняя шчыльн. 317 чал. на 1 км², на в-ве Нгазіджа больш за 400 чад., на в-ве Мвалі каля 100 чал. на 1 км². У гарадах жыве 31% насельніцтва, у г. Мароні 30 тыс.ж. (1992). Каля 80% насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве.
Гісторыя. Ісламізаваны з 11 ст. У 1503 адкрыты партугальцамі. З сярэдзіны 19 ст. — уладанне Францыі (з 1843 — в-аў Маёта. з 1866 — астатнія астравы), з 1886 пратэктарат, з 1912 калонія (у 1914—16 адміністрацыйна падпарадкавана Мадагаскару). У 1947 атрымалі адм. аўтаномію (статус «заморскай тэр.» Францыі), пацверджаную на рэферэндуме 1958, у 1962 — шырокую ўнутр. аўтаномію. На рэферэндуме 1974 жыхары архіпелага (за выключэннем в-ва Маёта, дзе пражывае хрысц. насельніцтва) выказаліся за незалежнасць (абвешчана 6.7.1975). Прэзідэнтам стаў А.Абдала. У 1976 незалежнасць К.А. прызнала Францыя (Маёта па выніках рэферэндуму 1976 засталася ў яе ўладанні). У 1976—78 улада ў краіне належала Ваен.-паліт. дырэкторыі. У 1978 у выніку дзярж. перавароту прэзідэнтам зноў стаў Абдала; прынята новая канстытуцыя, абвешчана Федэральная Ісламская Рэспубліка Каморскія Астравы. У ліст. 1989 прэзідэнт Абдала забіты. Кіраўніком дзяржавы ў сак. 1990 выбраны С.М.Джахар. У вер. 1995 пасля спробы дзярж. перавароту, зробленай замежнымі наёмнікамі, Джахар пакінуў пасаду. У кастр. 1996 на архіпелаг уведзены франц. войскі, якія прымусілі кіраўнікоў перавароту здацца. У сак. 1997 прэзідэнтам выбраны М.Такі Абдул-Карым. К.А. — чл.ААН (з 1975). Дзейнічаюць партыі Каморскі саюз за прагрэс, Нац. саюз за дэмакратыю на Каморах, апазіцыйная Форум за нац. вызваленне і інш.
Гаспадарка. К.А. — слабаразвітая агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт у 1994 склаў 370 млн.дол. ЗША. Доля ў ім сельскай і лясной гаспадаркі, рыбалоўства каля 40%, прам-сці каля 4%. На 1 чал. ў год прыпадае каля 630 дол. ЗША. Асн. галіна — земляробства, спецыялізуецца на вытв-сці экспартных культур. Апрацоўваецца каля 42% тэрыторыі, пад пашай і лугамі каля 7%. Гал. культуры: эфіраалейныя (цытранэла, іланг-іланг, лімонная мята, базілік, язмін і інш.) — збор каля 50—100 т у год, ваніль — каля 1000 т, гваздзіка — каля 1200 т. Па зборы гэтых культур краіна займае 1—2-е месца ў свеце. Вырошчваюць какосавую пальму (каля 60 тыс.т какосавых арэхаў штогод), бананы, каву, какаву, цукр. трыснёг, сізаль, ананасы. 3 харч. культур найб. значэнне маюць маніёк, ямс, кукуруза, батат, рыс, агародніна. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 50 тыс. галоў), коз (каля 60 тыс. галоў), авечак, аслоў. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 5 тыс.т рыбы і морапрадуктаў штогод). Нарыхтоўка драўніны. Вытв-сць электраэнергіі 17 млн.кВт∙гадз (1995). Здабыча вулканічнага туфу (пуцалану) і выраб цэменту (в-аў Нгазіджа). Прадпрыемствы: тэкст., мылаварныя, дрэваапр., па вытв-сці безалкагольных напіткаў, быт. і харч. тавараў, эфірных алеяў, экстрактаў з ванілі, язміну і інш. Развіты разнастайныя саматужныя рамёствы, асабліва ганчарства. Транспарт аўтамаб. і марскі. Гал. порт — Мароні, паблізу міжнар. аэрапорт. Экспарт — 13,7 млн.дол., імпарт — 40,9 млн.дол. (1993). Дэфіцыт часткова кампенсуецца дапамогай міжнар. арг-цый, араб. нафтаздабыўных краін, Францыі, паступленнямі ад каморцаў, што працуюць за мяжой. У экспарце пераважаюць ваніль. гваздзіка, эсенцыя іланг-ілангу, копра, у імпарце — нафтапрадукты, харч. тавары, машыны і абсталяванне. Асн.гандл. партнёры: Францыя, ЗША, Германія, Кітай. Грашовая адзінка — каморскі франк.
І.Я.Афнагем (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Каморскіх Астравоў.Да арт.Каморскія астравы. Возера ў кратэры вулкана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНГУШЭ́ЦІЯ, Рэспубліка Інгушэція,
у складзе Рас. Федэрацыі. Размешчана на Паўн. Каўказе. Пл. 3,6 тыс.км². Нас. 300 тыс.чал. (1997), гарадскога 30%. Сярэдняя шчыльн. 83 чал. на 1 км². Жывуць інгушы, рускія, чэчэнцы, асеціны, украінцы, туркі і інш., а таксама больш за 100 тыс. бежанцаў і вымушаных мігрантаў. Сталіца — г.Магас.
Прырода. І. займае цэнтр.ч.паўн.схілаўВял. Каўказа. На Пн нізкагорныя Церскі і Сунжэнскі хрыбты (выш. да 664 м) і Алханчуртаўская даліна. У межах І. горы ўтвараюць сістэму паралельных хрыбтоў-куэстаў (Скалісты, Пашавы). На Пд заходзіць Бакавы хр. з вышэйшым пунктам г. Шан (4451 м). Паміж Пашавым і Бакавым хрыбтамі размешчана Тарская катлавіна. З карысных выкапняў найб. значэнне маюць нафта і буд. матэрыялы. Клімат умерана кантынентальны. Лета ў катлавінах цёплае, у гарах халаднаватае, зіма мяккая, у гарах умерана халодная. Сярэдняя т-раліп. ад 24 °C у катлавінах да 8 °C у гарах, студз. адпаведна ад -3 °C да -10 °C. Гадавая колькасць ападкаў на нізка- і сярэднягор’ях 500—700 мм, на высакагор’ях да 1000—1200 мм. Гал.р. Сунжа (з прытокам Аса), пачынаецца з высакагорных ледавікоў, належыць да бас.р. Церак. Вада рэк выкарыстоўваецца для арашэння. На Пн буйны Алханчуртаўскі канал. Глебы ў паўн.ч. карбанатныя чарназёмы, у гарах горна-лясныя і горна-лугавыя. Расліннасць стэпавая і лесастэпавая, у гарах да выш. 1800—2000 м шыракалістыя лясы (пераважна бук, граб, дуб), вышэй субальпійскія і альпійскія лугі. У стэпах і лесастэпах шмат грызуноў, з птушак — драфа, дзікія качкі, гусі, у далінах рэк — каўказскі фазан. У гарах — куніца, буры мядзведзь, дзік, тур, казуля і інш.
Гісторыя. Першыя ўпамінанні пра інгушоў адносяцца да 7 ст. У час ранняга сярэдневякоўя б.ч. І. ўваходзіла ў склад дзяржавы Аланія. У 13 ст.тэр. І. пацярпела ад нашэсця мангола-татар, у канцы 14 ст. — войск Цімура. Першапачаткова — хрысціяне, у 2-й пал. 17 ст. інгушы прынялі іслам (суніцкага толку). У пач. 18 ст. пачаліся культ. і эканам. сувязі з Расіяй. У 1810 І. ўвайшла ў склад Рас. імперыі (ч. інгушоў удзельнічала ў нац.-вызв. барацьбе народаў Каўказа, у т. л. ў Каўказскай вайне 1817—64). З 2-й пал. 19 ст. за племем галгай замацавалася этн. назва інгушы (ад аула Ангуш, або Інгуш). З 1921 у складзе Горскай АССР. 7.7.1924 утворана Інгушская аўт.вобл. у складзе РСФСР, у 1934 аб’яднана з Чэчэнскай аўт.вобл. ў Чэчэна-Інгушскую аўт.вобл., якая ў 1936 пераўтворана ў аўт. рэспубліку. У Вял.Айч. вайну вял. частка тэр. І. акупіравана ням.-фаш. войскамі. У 1944 у выніку сталінскіх рэпрэсій рэспубліка скасавана, а насельніцтва абвінавачана ў супрацоўніцтве з гітлераўцамі і дэпартавана ў Сярэднюю Азію, Сібір і Казахстан. У 1957 нац. аўтаномія і правы інгушоў часткова адноўлены. На рэферэндуме ў снеж. 1991 97% інгушоў выказаліся за стварэнне незалежнай рэспублікі. У сак. 1992 пастановай Вярх. Савета Расіі ўтворана Інгушская Рэспубліка ў складзе Рас. Федэрацыі. У ліп.Вярх. Савет Расіі прыняў пастанову, паводле якой у склад І. ўвайшла тэр.б. Інгушскай аўт.вобл. (у межах да 1934), г. зн. зах. частка а б. Чэчэна-Інгушскай Рэспублікі і ўсх. частка Паўн. Асеціі. З кастр. 1992 пачаліся ўзбр. сутычкі паміж інгушамі і асецінамі, выкліканыя тэр. прэтэнзіямі інгушоў. У ліст. 1992 дэкрэтам прэзідэнта Рас. Федэрацыі ў І. аб’яўлена ваен. становішча і ўведзены войскі. У студз. 1993 заключана пагадненне з Паўн. Асеціяй, якое прадугледжвала раззбраенне ўсіх нелегальных фарміраванняў, што дзейнічалі на абодвух баках. На выбарах у лют. 1993 першым прэзідэнтам абраны Р.Аўшаў.
Гаспадарка. Пасля распаду Чэчэна-Інгушскай АССР (1992) на тэр. І. засталося менш за 10% асн.вытв. магутнасцей. Прам-сць сканцэнтравана ў гарадах Малгабек і Назрань. Асн. галіны прам-сці: нафта- і газаздабыўная, газаперапр., маш.-буд., харч., лёгкая, буд. матэрыялаў. Здабыча нафты (з газавым кандэнсатам) 110 тыс.т (1996). Цэнтр здабычы нафты і газу, перапрацоўкі газу — раён г. Малгабек. Прадпрыемствы маш.-буд. (з-д электраінструментаў) і лёгкай прам-сці (трыкат.ф-ка) у г. Назрань. Харч.прам-сць уключае мукамольную, кансервавую, мясную, вінаробчую. Прам-сцьбуд. матэрыялаў прадстаўлена цагельнымі з-дамі. Будуюцца (1996) кандытарская ф-ка і домабуд. камбінат у г. Малгабек. С.-г. ўгоддзі займаюць 64% тэр. І. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых (кукуруза, пшаніца, авёс, ячмень) і тэхнічных (цукр. буракі, сланечнік) культур, садавіны, вінаграду і агародніны. Збор (тыс.т., 1995): збожжа — 80,2, агародніны — 7,8. Развіты мясная і малочная жывёлагадоўля (пагалоўе буйн. раг. жывёлы 49,1 тыс. галоў, 1995), танкарунная авечкагадоўля, птушкагадоўля. Па тэр. І. праходзяць чыг. Растоў-на-Доне—Баку, аўтадарога Грозны—Беслан; нафтаправод Грозны—Туапсэ, газаправод Грозны—Уладзікаўказ. У г. Назрань будуецца міжнар. аэрапорт.
Літаратура інгушскага народа развіваецца з пач. 20 ст. Блізкасць моў, агульнасць фалькл. вытокаў і гіст. лёсаў інгушскага і чэчэнскага народаў абумовілі ўзаемасувязь іх л-р (гл. ў арт.Чэчэнская Рэспубліка). Складальнікам першага інгушскага алфавіта (на аснове лац. графікі) і зачынальнікам пісьмовай л-ры І. быў З.Мальсагаў (аўтар п’есы «Выкраданне дзяўчыны», 1923). У перыяд станаўлення пісьмовай л-ры пераважалі малыя жанравыя формы: вершы, нарысы, апавяданні (Х.Асміеў, Х.-Б.Муталіеў). Пашырэнне тэматычнага і жанравага дыяпазону выявілася ў л-ры, прысвечанай падзеям Вял.Айч. вайны. Творы антыфаш., патрыят. зместу стваралі Дж.Яндзіеў (у паэзіі), І.Базоркін (у драматургіі). Актыўнае развіццё л-ры пачалося ў пасляваен. гады (зб-кі паэзіі С.Азіева, А.Веджызева, Б.Зязікава, Яндзіева, кнігі прозы А.Бокава, М.-С.Пліева і інш.). Шырынёй ахопу гіст. падзей, актуальнасцю маральна-этычных, сац.-паліт. праблем вызначаюцца раманы С.Чахкіева («Залатыя слупы», 1965—66), Пліева («Цяжкі перавал», 1974), Бокава («Сыны Бекі», кн. 1—2, 1967—69; «Барвовыя зоры», 1974; «Зоркі між зорак», 1978), драм. творы Базоркіна, Чахкіева, А.Мальсагава і інш. У 1989 на бел. мове асобным выданнем выйшла аповесць А.Мальсагава «Прымі падарожніка, дарога!» ў пер. У.Марука.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРА́ЛІЯ (Australia),
Аўстралійскі Саюз (Commonwealth of Australia), дзяржава ў Паўд. паўшар’і. Займае кантынент Аўстралія, в-аў Тасманія і прылеглыя дробныя астравы. Пл. 7,68 млн.км². Нас. 18 млн.чал. (1994). Афіцыйная мова — англійская. Сталіца — г.Канбера. Адміністрацыйна падзяляецца на 6 штатаў (Новы Паўд. Уэльс, Квінсленд, Вікторыя, Паўд. Аўстралія, Зах. Аўстралія, Тасманія) і 2 тэрыторыі (Паўночная і Сталічная). Пад кіраваннем Аўстраліі а-вы Норфалк, Какосавыя, Каляд. Нац. свята — Дзень Аўстраліі (26 студз.).
Дзяржаўны лад. Аўстралія — федэральная дзяржава ў складзе Садружнасці, што ўзначальвае Вялікабрытанія. На чале дзяржавы брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар, прызначаны па рэкамендацыі аўстрал. ўрада. Вышэйшы заканад. орган — федэральны парламент, які складаецца з сената і палаты прадстаўнікоў. Гал. ролю ў ажыццяўленні заканад. функцыі адыгрывае палата прадстаўнікоў са 148 дэпутатаў, выбраных усеагульным тайным галасаваннем тэрмінам на 3 гады. Верхняя палата — сенат з 76 сенатараў (па 12 сенатараў ад штатаў і па 2 сенатары ад тэрыторый), выбіраецца тэрмінам на 6 гадоў (палавіна з іх перавыбіраецца кожныя 3 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам. Асн. ўрадавыя рашэнні прымае кабінет міністраў, але юрыд. сілу яны набываюць пасля праходжання праз Выканаўчы к-т — фармальны орган, які ўзначальвае ген.-губернатар.
Прырода. Гл. ў арт.Аўстралія і Тасманія.
Насельніцтва. Пераважная большасць — англа-аўстралійцы, нашчадкі перасяленцаў з Вялікабрытаніі і інш. краін Зах. Еўропы. Захоўваюцца некаторыя культ. і рэліг. адрозненні паміж групамі рознага паходжання. Нядаўнія імігранты жывуць пераважна ў буйных гарадах. Карэнныя аўстралійцы і метысы (каля 250 тыс.чал.) жывуць пераважна ў пустынных малаасвоеных раёнах, часткова на ўскраінах гарадоў і ў сельскай мясцовасці. Карэннае насельніцтва Тасманіі цалкам знішчана, захавалася невял. група англа-тасманскіх метысаў. Паводле веравызнання 76% насельніцтва хрысціяне: англікане і католікі (па 26%), прэсвітэрыяне, метадысты і інш.; ёсць невял. групы мусульман, будыстаў і прадстаўнікоў інш. рэлігій. Гар. насельніцтва 85,2% (1990). Самыя вял. гарады (млн.чал., 1993): Сідней (3,7), Мельбурн (3,2), Брысбен (1,4), Перт (1,2), Адэлаіда (1,1). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 2,3 чал. на 1 км². Больш шчыльна заселены ПдУ, У і ПдЗ краіны (каля 90% насельніцтва). Найбольшая шчыльнасць у штаце Вікторыя — 18 чал. на 1 км².
Гісторыя. Продкі карэнных жыхароў Аўстраліі прыйшлі з Паўд. Азіі і засялілі кантынент, верагодна, у перыяд позняга палеаліту. Цяжкія прыродныя ўмовы і аддаленасць ад інш. народаў свету ўскладнілі развіццё аўстрал. плямёнаў. У канцы 18 ст. яны займаліся паляваннем і збіральніцтвам, не ведалі земляробства і жывёлагадоўлі.
Першыя еўрапейцы ступілі на зямлю Аўстраліі ў пач. 17 ст.: галандцы В.Янсзан (1606) і А.Тасман (1642). У 17 ст. Аўстралію даследавалі партугальцы, у 18 ст. — англічане (Дж.Кук). У 1788 сюды прыбыла англ. эскадра (11 суднаў, узначальваў капітан А.Філіп) з асуджанымі. Яны заснавалі першае паселішча — будучы г. Сідней. З гэтага часу Аўстралія служыла месцам ссылкі асуджаных злачынцаў з Вялікабрытаніі. Пасля адкрыцця ў 1813—15 пераходаў праз Блакітныя горы і хр. Ліверпул да багатых выпасаў прыток еўрапейцаў павялічыўся. З 1830-х г.англ. ўрад перайшоў да т.зв. сістэматычнай каланізацыі. Гаспадаркі, якія гадавалі мерыносавых авечак, паступова аб’ядналіся ў буйныя манаполіі. Адкрыццё запасаў золата (штат Вікторыя) выклікала «залатую ліхаманку» (1851—61) і ўзмацніла прыток імігрантаў з Еўропы. За 10 гадоў насельніцтва павялічылася амаль у 3 разы і дасягнула 1,2 млн.чал., да 1900 — 3,8 млн. Паўстанне ў 1854 на залатых капальнях стала пачаткам аб’яднання рабочых. Да 1870-х г. прафсаюзы Аўстраліі (упершыню ў свеце) дамагліся 8-гадзіннага рабочага дня. У 1891 створана Лейбарысцкая партыя. У канцы 19 ст.англ. ўрад аб’яднаў асобныя калоніі Аўстраліі ў адну дзяржаву і ў 1901 стварыў Аўстралійскі Саюз са статусам дамініёна (6 калоній, у 1906 далучылася Папуа). Пасля 1-й сусв. вайны Аўстралія — малая дзяржава. На Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 Аўстралія запатрабавала перадаць ёй усе б. ўладанні Германіі ў Ціхім ак. Паводле Версальскага мірнага дагавору 1919 яна атрымала (1920) ад Лігі нацый мандаты на кіраванне тэр. Новая Гвінея і, сумесна з Вялікабрытаніяй і Новай Зеландыяй, на в-аў Науру (з 1968 самаст. дзяржава). Паводле Вестмінстэрскага статута 1931 Аўстралія, як і інш. дамініёны, атрымала права на самастойнасць у знешняй і ўнутр. палітыцы, але да 1939 у знешнепаліт. дзейнасці фактычна залежала ад Англіі. У час 2-й сусв. вайны Аўстралія — чл.Антыгітлераўскай кааліцыі. Яе тэр. выкарыстоўвалі ЗША для ваен. аперацый супраць Японіі. Пасля 2-й сусв. вайны ў эканоміку Аўстраліі інтэнсіўна пранікае амер. капітал, і ў знешняй палітыцы Аўстралія пачала арыентавацца на ЗША.
Пасля перамогі на парламенцкіх выбарах (1983, 1993) лейбарысцкі ўрад Аўстраліі ўзяў курс на развіццё інтэграцыйных працэсаў сярод краін азіяцка-ціхаакіянскага рэгіёна. Аўстралія — адзін з ініцыятараў Дагавору аб бяз’ядзернай зоне ў паўд.ч. Ціхага ак., займае актыўную пазіцыю па раззбраенні, у т. л. абмежаванні ядз. узбраенняў, забароне ядз. выпрабаванняў, разблакіраванні рэгіянальных канфліктаў, удзельнічае ў міратворчых аперацыях ААН. Аўстралія — адна з краін-заснавальніц ААН, чл. Арг-цыі Азіяцка-Ціхаакіянскага эканам. супрацоўніцтва (АЦЭС), Савета па ціхаакіянскім эканам. супрацоўніцтве (СЦЭС), інш.міжнар. дагавораў і пагадненняў. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы.
Найб. значныя паліт. партыі: Аўстрал. лейбарысцкая партыя, Ліберальная партыя Аўстраліі, Нац. партыя Аўстраліі (б. Аграрная), Партыя аўстрал. дэмакратаў. Буйнейшае прафс. аб’яднанне — Аўстрал. савет прафсаюзаў.
Гаспадарка. Аўстралія — высокаразвітая індустрыяльна-аграрная дзяржава. У эканоміцы вядучая роля належыць буйным кампаніям, у т. л. кампаніям ЗША, Японіі, Зах. Еўропы. Прамысловасць дае 25% валавога ўнутр. прадукту, у т. л. апрацоўчая 17% (1989). У горназдабыўной прам-сці вылучаецца здабыча каменнага вугалю і метал. рудаў. Запасы каменнага вугалю 48 млрд.т (раёны Ньюкасла, Порт-Кембла і інш.), бурага 35 млрд.т (штат Вікторыя), нафты 279 млн.т, газу 1,3 трыльёна м³ (на шэльфе і ў нетрах мацерыка), урану 526 тыс.т (Паўн. Аўстралія), жал. руды 15,2 млрд.т (Зах. Аўстралія), баксітаў 4,4 млрд.т (Пн і ПдЗ), медзі 16,8 млн.т, нікелю 2,1 млн.т, свінцу 15,9 млн.т, цынку 26,3 млн.т. Буйнейшыя поліметал. радовішчы Маўнт-Айза (Квінсленд) і Брокен-Хіл (Новы Паўд. Уэльс). Значныя запасы алмазаў (на ПнЗ Аўстраліі), волава, марганцу, вальфраму, золата, рэдказямельных металаў. Здабыча (млн.т): вугалю 210 (1990), нафты 24 (1993), жал. руды 117 (1992), баксітаў 39,3; прыроднага газу 22 млрд.м³ (1992). У значных колькасцях здабываюць алмазы, поліметал. руды, волава, марганец, вальфрам, цырконій, ільменіт, рутыл, фасфатную сыравіну і інш. Устаноўленая магутнасць электрастанцый 34,1 млн.кВт, выпрацоўка 150 млрд.кВт∙гадз. Адна з вядучых галін — каляровая металургія. Выплаўка (тыс.т, 1990): алюмінію 1268 (з-ды ў Гладстане, Портлендзе, Ньюкасле), медзі 245 (Маўнт-Айза, Таўнсвіл), свінцу 214, цынку 299 (Порт-Піры, Рысдан, Ньюкасл), волава 381, серабра 1,27; золата 242 т. Вытворчасць сталі 6,7 млн.т (камбінат у Порт-Кембла, значныя цэнтры Ньюкасл, Уаяла, Куінана). Машынабудаванне: вытв-сць аўтамабіляў (386 тыс., 1990, гал. цэнтры Адэлаіда і Мельбурн), с.-г. машын (усе штаты). Развіты электратэхн., прыладабуд., суднабуд. прам-сць, нафтаперапрацоўка і нафтахімія. Вытворчасць угнаенняў (тыс.т, 1990): азотных 224 (Порт-Кембла, Брысбен), фосфарных 270 (ва ўсіх штатах); сернай кіслаты, сінт. каўчуку. Цэлюлозна-папяровая прам-сць працуе на мясц. і прывазной сыравіне. Вытв-сць паперы і кардону 2,06 млн.т. Харч.прам-сць: перапрацоўка мяса, малака, цукр. трыснягу (1991; вытв-сць масла 104 тыс.т, сыру 176 тыс.т, цукру 3,6 млн.т), вінаробства і піваварэнне. Тэкст. і швейная прам-сць працуе на ўнутраны рынак. Сельская гаспадарка высокатаварная і механізаваная. Пад пашай і лугамі 55,8% тэрыторыі, пад апрацаванымі землямі 6,2%. Характэрна буйное землеўладанне, сярэднія памеры фермы 2300 га. Вядучая галіна — пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (1991; млн.гал.): авечак 162,8 (1-е месца ў свеце), буйн. раг. жывёлы 23,4, свіней 2,5, коней 0,3. Мясная і малочная жывёлагадоўля на ПдУ і ў Тасманіі, мясная ў трапічнай зоне, авечкагадоўля ўздоўж зах.схілаўУсх.-Аўстралійскіх гор і на ПдЗ. Настрыг воўны 1110 тыс.т (1991; каля 30% сусв. вытворчасці; 1-е месца ў свеце). Птушкагадоўля развіта каля вял. гарадоў. Галоўная збожжавая культура — пшаніца (каля 60% пасяўных плошчаў). Зборы вагаюцца па гадах — 15,4 млн.т у 1990, 9,6 млн.т у 1991. Значныя зборы ячменю, аўса, сорга, рысу. У тропіках (на ПнУ) цукр. трыснёг, ананасы, бананы, манга, на Пд і ПдУ — цытрусавыя, персікі, абрыкосы, яблыкі, вінаград. Агародніцтва ў густанаселеных раёнах. Вытв-сць бавоўны 433 тыс.т (1991; Квінсленд, Новы Паўд. Уэльс), тытуню 14 тыс.т. Улоў рыбы 227,3 тыс.т (1991). Транспарт. Даўж. чыгунак 40 тыс.км. Да 80% унутр. грузаў і пасажыраў перавозяць аўтатранспартам. Даўж. аўтадарог каля 900 тыс.км. Экспартныя і імпартныя грузы перавозяць пераважна марскім транспартам замежных краін. Буйнейшыя парты: Дампір, Порт-Хедленд, Сідней, Ньюкасл, Мельбурн, Порт-Кембла, Перт, Брысбен. Асн. аэрапорты каля Сіднея, Мельбурна, Дарвіна. Па сетцы трубаправодаў транспартуюць ваду, нафту, газ. Экспарт склаў (1991—92) 55 млрд.Аўстрал. долараў: мінер. сыравіна і паліва (40%), с.-г. прадукты (30%), вырабы апрацоўчай прам-сці (каля 20%). З пач. 1960-х г. Аўстралія — буйны экспарцёр каменнага вугалю, жал. руды, баксітаў, алмазаў, рэдказямельных металаў. Яна займае 1-е месца ў свеце па экспарце воўны, значны вываз мяса і збожжа. Імпарт склаў (1991—92) 51 млрд.Аўстрал. долараў: машыны, абсталяванне і трансп. сродкі, спажывецкія і хім. тавары, нафта і інш.Гал. гандлёвыя партнёры: Японія, ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, краіны Паўд.-Усх. Азіі, Новая Зеландыя.
Гаспадарка Аўстраліі характарызуецца нераўнамернасцю ў размяшчэнні прадукц. сіл. Найб. асвоены ўскраіны кантынента, дзе выпадае дастатковая колькасць ападкаў, што спрыяе вырошчванню с.-г. культур і водазабеспячэнню вял. гарадоў (штаты Вікторыя і Тасманія, усх. часткі Новага Паўд. Уэльса і Квінсленда, невял. раёны вакол Адэлаіды, Перта). На гэтых тэрыторыях, якія займаюць каля 15% пл. краіны, сканцэнтравана больш за 90% насельніцтва, усе вял. і значныя гарады з іх разнастайнай прам-сцю, пасевы ўсіх с.-г. культур, сады і вінаграднікі. Па-за межамі гэтых раёнаў пашырана пашавая жывёлагадоўля, каля радовішчаў карысных выкапняў знаходзіцца некалькі горнапрамысл. цэнтраў. Вял. прасторы ў Цэнтр. Аўстраліі заняты пустынямі і амаль не асвоены. Грашовая адзінка — аўстралійскі долар.
Узброеныя сілы Аўстраліі складаюцца з сухапутных войскаў, ВПС, ВМС. Агульная колькасць 68,3 тыс.чал. (1991). Сухапутных войскаў 30,3 тыс.чал. (6 вайсковых акруг, 1 пях. дывізія, 20 палкоў); на ўзбраенні каля 690 ракетных снарадаў (процітанкавыя і тыпу «зямля—паветра»), танкі, бронетранспарцёры, артылерыя, самалёты і верталёты, стралк. ўзбраенне і інш. У ВПС 22,3 тыс.чал.; на ўзбраенні баявыя самалёты, самалёты і верталёты дапаможнай авіяцыі. У ВМС 15,7 тыс.чал.; на ўзбраенні падводныя лодкі, баявыя караблі рознага прызначэння, марская авіяцыя. Узбр. сілы камплектуюцца па найме з працягласцю кантракта ад 3 да 6 гадоў з наступным прадаўжэннем на 3 гады. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у акадэміях, ваен. і камандна-штабных каледжах, вышэйшых спецыялізаваных афіцэрскіх вучылішчах і лётных школах, радавы і малодшы камандны склад — у навуч. цэнтрах і непасрэдна ў часцях. Больш за 30 тыс.чал. рэзерву. Аўстралія — член блока АНЗЮС.
Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя дзяржаўная, бясплатная. Існуюць таксама прыватная ўрачэбная практыка і прыватныя клінікі. Узровень нараджальнасці — 15 на 1 тыс.чал. насельніцтва. Дзіцячая смяротнасць — 6,6 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 75, у жанчын 80 гадоў (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Аўстраліі ўключае дашкольныя ўстановы, абавязковыя 10-гадовыя агульнаадук. школы для дзяцей з 5—6-гадовага ўзросту, поўныя сярэднія школы (2 гады навучання), прафес.навуч. ўстановы, ВНУ. Існуюць дзярж. і недзярж. навуч. ўстановы. З-за нізкай шчыльнасці насельніцтва ў Аўстраліі існуюць і аднакамплектныя школы (у асноўным пачатковыя). Развіта сістэма завочнага навучання (з 1914), навучання па радыё, з 1958 — з выкарыстаннем тэлебачання. У дашкольных дзіцячых установах у 1985 налічвалася каля 162 тыс. дзяцей. У 1989 агульная колькасць школ складала больш За 10 тыс., у т. л. каля 7,6 тыс. дзяржаўных; у сістэме прафес.-тэхн. адукацыі (каледжы, школы, навуч. цэнтры, курсы з 2—3-гадовым навучаннем) — больш за 937 тыс.чал. У 89 ВНУ Аўстраліі (19 ун-таў, 46 каледжаў павышанага ўзроўню, 16 каледжаў тэхн. і далейшага навучання) навучалася каля 394 тыс. студэнтаў, у т. л. каля 2 тыс. абарыгенаў. Буйнейшыя ун-ты: Сіднейскі (з 1850), Мельбурнскі (з 1853), ун-ты ў Перце (з 1811), Адэлаідзе (з 1874), Тасманіі (з 1890), Клінслендзе (з 1910). Б-кі: публічная ў Мельбурне (з 1853), нац. ў Канберы (з 1902) і інш. Музеі: Нац. галерэі ў Сіднеі і Мельбурне. Аўстрал. музей прыкладных мастацтваў у Сіднеі, бат. музей і гербарый у Брысбене і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў Аўстралійскай АН, ва ун-тах, НДІ, лабараторыях.
Друк, радыё, тэлебачанне. У Аўстраліі больш за 3 тыс.перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты «Sun News-Pictorial» («Дзённыя ілюстраваныя навіны», з 1922) і «The Sydney Morning Herald» («Ранішні веснік Сіднея», з 1831). Агенцтва друку Астрэліян Асашыэйтэд Прэс (ААП, з 1935). Радыё дзейнічае з 1923, тэлебачанне з 1956. Сістэма грамадскага радыё і тэлебачання прадстаўлена карпарацыяй Астрэліян бродкастынг карпарэйшэн (АБС, фінансуе дзяржава), якая трансліруе 1 агульнанац. тэлепраграму (з 1974 у колеры), 4 агульнанац. радыёпраграмы, праграмы для моладзі і замежжа. У камерцыйным сектары дзейнічае каля 50 тэле- і каля 140 радыёстанцый. Існуюць таксама сістэмы тэле- і відэатэксту, функцыянуе сістэма спадарожнікавай тэлекамунікацыі АУССАТ (3 спадарожнікі). Аўстралія належыць да ІНТЭЛЬСАТ.
Літаратура. Да пач. 19 ст. развівалася на мовах і дыялектах плямёнаў аўстрал. абарыгенаў, потым — на англ. мове. Л-ра дакаланіяльнага перыяду прадстаўлена рытуальнымі песнямі, магічнымі рытмізаванымі тэкстамі (замовы, заклікі да татэмаў і інш.), казкамі, легендамі, міфамі, зафіксаванымі ў запісах 19—20 ст.Найб. цікавыя сярод іх — міфы: татэмныя («Людзі-каты», «Людзі-сабакі», «Людзі-сокалы» і інш.), пра культурных герояў («Катукан-кара», «Мура-мура» і інш.), касмаганічныя («Кунапіп», «Нурундэрэ», «Джункгова», «Змей-вясёлка» і інш.). Л-ра каланіяльнага перыяду (да канца 19 ст.) развівалася як частка англ. л-ры. Доўгі час пануючым літ. кірункам быў рамантызм, прадстаўнікі якога (Ч.Харпур, Г.Кендал, А.Л.Гордан) распрацоўвалі паэт. жанры. Значная з’ява ў прозе — раман М.Э.Кларка «Пажыццёвае зняволенне» (1870—72). У паслякаланіяльны перыяд л-ра набывае выразна нац. характар. Адбываецца станаўленне і развіццё рэалізму (проза і драматургія — Т.Колінз, М.С.Франклін, К.С.Прычард, В.Э.Палмер, Б.К.Пентан, Ф.Харды, Э.Д.К’юзек, А.Маршал, М.Брэнд, Р.Лоўлер і інш.; паэзія — Б.О’Даўд, М.Гілмар, «універсітэцкія паэты» Дж.А.Райт, Д.А.Сцюарт, «хрысціяналірык» Дж.Маколей і інш.) і мадэрнізму (паэзія — К.Брэнан, «рэлігійны неарамантык» Дж.Шоу Нілсан, члены аб’яднання «Джындыуорабак клаб» І.М’юды, Р.Робінсан і інш.; проза і драматургія — П.Уайт і інш.). У 1960—70-я г. ўзнікла англамоўная л-ра абарыгенаў (паэты К.Уокер, Дж.Дэйвіс, празаік К.Джонсан і інш.).
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. У разьбе, гравіроўцы і размалёўках аўстралійцы-абарыгены спалучалі выявы з умоўнымі магічнымі сімваламі і геам. арнаментам. У асобных раёнах захаваліся пячорныя (плато Кімберлі) і наскальныя (п-аў Арнем-Ленд) размалёўкі (выявы людзей і жывёл у т.зв. «рэнтгенаўскім стылі» — з іх унутр. органамі), скульптура. З 18 і асабліва з сярэдзіны 19 ст. развіваюцца гарады з прамавугольнай сеткай вуліц, мураванымі дамамі ў духу англ. класіцызму і неаготыкі (арх. Ф.Х.Грынуэй і інш.), невял. «каланіяльнымі» дамамі. У 1913—27 па адзіным плане (амер.арх. У.Б.Грыфін) забудавана сталіца Канбера. Прынцыпы сучаснага дойлідства пашыраны з 1950-х г. (арх. Г.Зайдлер і інш.). З пабудоў вылучаюцца крыты плавальны басейн Алімпійскага стадыёна ў Мельбурне (1956), оперны тэатр у Сіднеі (1966, арх. І.Утзан). У выяўл. мастацтве канца 18 — пач. 19 ст. пашыраны «тапаграфічныя» замалёўкі мясц. прыроды. У 19 ст. рамантычныя акварэльныя пейзажы пісаў К.Мартэнс, лірычныя пейзажы — А.Л.Бювелат, жанравыя і сатыр. — С.Т.Гіл. На рубяжы 19—20 ст. разам з акадэмізмам (Дж.У.Ламберт) і салонным мастацтвам развівалася нац. школа рэаліст. мастацтва (Т.У.Робертс, А.Стрытан, Ф.Мак-Кабін), пашырыўся імпрэсіянізм (Ч.Кондэр); з 1930-х г. — кубізм, сюррэалізм. На сучасным этапе ў Аўстраліі рэаліст. мастацтва жывапісу і графікі (У.Добела, Дж.Р.Драйсдэйла, Н.Куніхана, скульптара Л.Дадсуэла) суіснуе з мадэрнісцкімі плынямі. З 1940-х г. развіваецца мастацтва абарыгенаў: у Хермансбергу сем’ямі А.Наматжыра і Парэрулцыя створана школа акварэльнага пейзажа.
Музыка Аўстраліі ўключае элементы муз. культуры абарыгенаў, англа-аўстралійцаў і эмігрантаў брытанскага паходжання.
Найб. архаічнымі з’явамі муз. культуры абарыгенаў з’яўляюцца каробары — абрадавыя сінкрэтычныя дзействы з элементамі спеваў і танцаў, іх абрадавыя, бытавыя і эпічныя песні. Сярод муз. інструментаў «магічныя» чурынгі (драўляныя або каменныя гудзелкі) і пустое бервяно убар, па якім стукалі палкамі, бумерангі, папуаскія барабаны, з духавых — дыджэрыду (труба са згорнутай кары ці з бамбуку), насавая флейта і інш. З 1830-х г. актывізуецца канцэртнае жыццё, створаны Сіднейскае (1833) і Аўстралійскае (1844) філарманічныя т-вы. У канцы 19 ст. ўзніклі тэатр. манаполіі, оперныя кампаніі, на пач. 20 ст. — аўстралійскі балет. Фарміруецца нац. кампазітарская школа (заснавальнікі А.Хіл, Э.Хатчэсан, Э.Трумэн і інш). Уклад у развіццё муз. культуры Аўстраліі зрабіў кампазітар, піяніст і фалькларыст П.Грэйнджэр. Муз. традыцыі абарыгенаў выкарыстоўвалі Дж.Антыл (балет «Каробары», 1946), К.Дуглас, Э.Л.Бейнтан. Сярод сучасных кампазітараў Ф.Вердэр, М.Уільямсан, Р.Міл, Л.Сіцкі, А.Бенджамін, Р.Эдвардс, Д.Уільямс, А.Болт, М.Уэслі-Сміт; дырыжораў — Б.Хейнцэ, піяністаў — Э.Хатчэсан, Р.Вудвард; спевакоў — Дж.Сазерленд, з абарыгенаў — Х.Блэер. У Аўстраліі працуюць (1986): Т-р оперы і балета ў Сіднеі, Нац. мемар. т-р у Мельбурне; 10 сімф. аркестраў (у т. л. Сіднейскі), камерныя аркестры, хары, інстр. ансамблі; Саюз кампазітараў (з 1935), Аўстралійскі муз. цэнтр (з 1976); кансерваторыі ў Сіднеі, Брысбене, Канберы, Хобарце, Мельбурне і інш.
Тэатр. Першыя тэатр. відовішчы каланістаў і катаржан адносяцца да 1780-х г. У 1830—40-я г. ў Сіднеі, Хобарце, Адэлаідзе, Мельбурне пачалі стварацца пастаянныя т-ры. У 2-й пал. 19 ст. яны аб’ядналіся ў трэсты, якія ўзначальвалі тэатр. дзеячы Дж.С.Копін, Д.Бусіка (малодшы) і інш. Рэпертуар складаўся з п’ес еўрап. і амер. класікі, аўстрал. аўтараў. У 1910—30-я г. актывізавалася дзейнасць літ.-тэатр. аб’яднанняў, якія ставілі п’есы нац. і еўрап. аўтараў, што спрыяла фарміраванню нац.т-ра. Шматлікія аматарскія калектывы ў 1936 аб’ядналіся ў «Лігу новага т-ра». У 1954 створаны «Аўстрал. елізавецінскі тэатральны трэст», які меў на мэце развіццё прафес.аўстрал. тэатра, у т. л. балетнага і опернага. Большасць т-раў у Аўстраліі — камерцыйныя. З 1960-х г. ствараюцца эксперым. калектывы т.зв. альтэрнатыўнага тэатра; арганізоўваюцца невял. тэатры ў кафэ, стайнях, старых складах. Працуюць рэжысёры Д.Хіберт, Дж.К.Уільямсан, А.Бура, Б.Хемфрыс і інш.Гал.тэатр. цэнтры — Сідней, Мельбурн, Брысбен, Канбера, Хобарт, Перт. У Адэлаідзе з 1973 адбываюцца міжнар.тэатр. фестывалі. Тэатр. дзеячаў рыхтуе нац.ін-тдрам. мастацтваў (Мельбурн).
Кіно. Вытворчасць ігравых фільмаў у Аўстраліі пачалася ў 1900. Першы гукавы фільм «Са свету ценяў» (рэж. А.Р.Харвуд) зняты ў 1930. Дакумент. кінематаграфія развіваецца з 1930-х г.; у 1937 заснаваны Аўстрал.нац. савет па кіно, у 1970 — Аўстрал. карпарацыя па развіцці кіно (з 1975 Аўстрал. кінематаграфічная камісія). Пастаноўкі фільмаў фінансуюць прыватныя і замежныя фірмы ў супрацоўніцтве з дзярж. цэнтрамі. Найбольшыя кінематаграфічныя арг-цыі: Аўстрал.ін-т, Аўстрал. школа кіно і тэлебачання, Нац. кінабібліятэка. Вядомыя кінарэжысёры: Б.Борэсфард, Т.Берстэл, К.Хенем, М.Тэрнхал, П.Бенет, акцёры С.Таўл, Х.Гібсан, Л.Хант і інш.
Беларусы ў Аўстраліі. Пасля 2-й сусв. вайны Аўстралія стала новым цэнтрам пасялення бел. эмігрантаў. Тут пражывае 9—10 тыс. беларусаў. Найб. іх канцэнтрацыя ў штатах Вікторыя (г. Мельбурн), Новы Паўд. Уэльс (Сідней), Зах. Аўстралія (Перт), Паўд. Аўстралія (Адэлаіда). Больш як 10 бел.нац. арг-цый ажыццяўляюць культ.-асв. і грамадска-арганізац. дзейнасць, рэпрэзентуюць Беларусь у замежжы. Найб. значныя з іх — Бел.цэнтр.к-т у Вікторыі, Бел. аб’яднанне Аўстраліі, Бел. аб’яднанне ў Зах. Аўстраліі, Бел.культ.-грамадскі клуб у Феерфілдзе; тут размешчана і Беларуская цэнтральная рада. Правасл.бел. прыходы ў Адэлаідзе, Мельбурне, Перце і інш. Дзейнасць бел. арг-цыі каардынуе Федэральная рада бел. арг-цый у Аўстраліі. Праз свае арг-цыі беларусы ўдзельнічаюць у рабоце міжнар. і агульнааўстрал. арг-цый: Асацыяцыі па справах Аб’яднаных Нацый, Сусв. антыкамуніст. лігі, К-та Тыдня заняволеных народаў, Аўстралійскай нац. этнічнай рады і інш. З 1976 штогод, потым кожныя 2 гады праходзяць сустрэчы беларусаў Аўстраліі Бел. эміграцыя ўдзельнічае ў бел. і агульнааўстрал. святах, фестывалях, выстаўках, культ. праграмах. У Мельбурне і Адэлаідзе існуюць бел. хары і танц. гурткі. З 1990 пры Федэральнай радзе бел. арг-цый у Аўстраліі дзейнічае к-т дапамогі ахвярам Чарнобыля. Рэгулярныя бел. радыёперадачы арганізаваны ў Сіднеі, Перце і інш. З 1950-х г. выходзілі час. «Новае жыццё», «Наша царква», «Праваслаўным шляхам», «Лучнік».
Літ.:
Петриковская А.С. Государство и развитие национальной культуры в Австралии (1945—1980) // Австралия и Океания в современном мире: Сб. статей. М., 1982;
Small A. Art and artists of Australia. Melbourne, 1981;
Hughes R. The art of Australia. Ringwood, 1981.
М.С.Вайтовіч (гаспадарка), В.В.Халіпаў (літаратура), А.М.Гарахавік (музыка), А.С.Ляднёва (беларусы ў Аўстраліі).
Герб і сцяг Аўстраліі.Аўстралія. Нацыянальны парк Улуру.Да арт.Аўстралія. Астанцовыя горы ў Цэнтральнай Аўстраліі.Аўстралія. Даліна Бараса.Да арт.Аўстралія. Жалезаруднае радовішча Маўнт-Ньюмен у Заходняй Аўстраліі.Да арт.Аўстралія. Від на цэнтр Мельбурна з боку р. Яра.Да арт.Аўстралія. Дзелавая частка Сіднея і гавань.Да арт.Аўстралія. Грамадзянскі цэнтр у Канберы.
Да арт.Аўстралія. Горад Брысбен.Да арт.Аўстралія. Будынак парламента штата Вікторыя ў Мельбурне.Да арт.Аўстралія. Сідней у сярэдзіне 19 ст.Да арт.Аўстралія. Наскальны жывапіс абарыгенаў (злева), малюнкі абарыгенаў на кары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЫРГЫЗСТА́Н, Кыргызская Рэспубліка (Кыргыз Рэспублікасынын),
дзяржава на ПнУ Сярэдняй Азіі. Мяжуе на Пн з Казахстанам, на З з Узбекістанам, на Пд з Таджыкістанам, на ПдУ і У з Кітаем. Падзяляецца на 6 абласцей. Пл. 198,5 тыс.км². Нас. 4,6 млн.чал. (1997). Сталіца — г.Бішкек. Дзярж. мова — кіргізская, мова міжнац. зносін — руская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (31 жніўня).
Дзяржаўны лад. К. — дэмакр. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1993, мадыфікаваная ў 1994. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган — аднапалатны парламент, 105 дэпутатаў якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прэм’ер-міністра якога назначае прэзідэнт. Судовую сістэму краіны ўзначальвае Вярх.суд. Ніжэйшыя суд. звёны — абл. і раённыя суды. Суддзі выбіраюцца тэрмінам на 5 гадоў.
Прырода. К. — адна з высакагорных краін свету. Размешчана ў межах Паміра-Алая на ПдЗ і Цянь-Шаня на ПнУ. Характарызуецца вышынямі больш за 500 м, каля 72 яе плошчы ляжыць на выш. ад 1000 да 3000 м, 73 — ад 3000 да 4000 м. Хрыбты распасціраюцца ад горнага вузла з пікамі Перамогі (найвыш. пункт краіны, 7439 м) і Хан-Тэнгры (6995 м) трыма буйнымі дугамі. Паўн. дугу складаюць хрыбты Кюнгёй-Ала-Тоо, Кіргізскі, Таласкі Алатау, Чаткальскі; сярэднюю — хрыбты Тэрскей-Ала-Тоо, Молда-Тоо, Суусамыр-Тоо, якія на З прылягаюць да Ферганскага хр.; паўд. — хрыбты Ат-Башы, Какшаал-Тоо. На ПдЗ — хрыбты Алайскі, Туркестанскі, Заалайскі. Горныя хрыбты чаргуюцца з далінамі і катлавінамі, найб. з іх Чуйская, Ісык-Кульская, Талаская, Нарынская, Алайская, частка Ферганскай. Тэр. К. характарызуецца высокай сейсмічнасцю. Карысныя выкапні: ртуць (Хайдарканскае, Чаўвайскае радовішчы), сурма (Кадамджайскае, Тэрэк-Сайскае), свінцова-цынкавыя і жал. руды, нефелінавыя сіяніты, малібдэн, вальфрам, кобальт, волава, мыш’як, золата, медзь. Ёсць радовішчы каменнага і бурага вугалю, нафты і газу, солі, серы, барытаў. Вял. запасы буд. матэрыялаў (гліны, вапнякі, мармур, граніт). Каштоўныя і вырабныя камяні. Крыніцы мінер. вод. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ў Ферганскай даліне (Джалал-Абад) -1,5 °C, у паўн. далінах -5,3 °C, у высакагорных далінах -17,5 °C, ліп. адпаведна 25,7 °C, 22,9 °C, 9,2 °C. Ападкаў за год 100—200 мм на ўнутр. схілах гор, 400—500 мм у ніжніх зонах зах. і паўн.схілаў, 800—1000 мм на сярэдніх вышынях. На выш. больш за 5000 м клімат арктычны, летнія т-ры ніжэй 0 °C. Снегавая лінія на выш. 3500—4600 м. Пашыраны ледавікі, найб. з іх Паўд. Іныльчэк (даўж. 59,5 км), Паўн. Іныльчэк (38,2 км), Каінды (29 км). Агульная пл. зледзянення 6578 км². Гал. рэкі: Нарын, Чу, Талас, Кызыл-Суу, Сары-Джаз, Чаткал, іх жыўленне пераважна ледавіковае і снегавое. Каля 3 тыс. азёр; буйныя — Ісык-Куль (салёнае), Сонг-Кёль (прэснае), Чатыр-Кёль (саленаватае). Глебы пераважна горныя, у перадгор’ях да выш. 1200 м шэразёмы, у міжгорных упадзінах і на горных схілах да выш. 3000 м светла- і цёмна-каштанавыя, вышэй — горналугавыя; у Ісык-Кульскай катлавіне горныя чарназёмы, высока ў гарах высакагорна-пустынныя глебы. У перадгор’ях палыновыя, злакавыя і палынова-злакавыя стэпы, вышэй у гарах разнатраўна-злакавыя лугі. Вышэй зоны лугоў пачынаецца зона лясоў з грэцкага арэху, клёну, елкі, піхты, потым — высакагорныя лугі. У далінах і катлавінах Унутр. Цянь-Шаня камяністыя пустыні, сухія стэпы і паўпустыні. Жывёльны свет багаты і разнастайны: каля 80 відаў млекакормячых, 336 відаў птушак, каля 35 відаў паўзуноў і земнаводных, больш за 30 відаў рыб. Запаведнікі: Ісык-Кульскі, Сары-Чэлекскі, Беш-Аральскі, Сонг-Кёльскі, Нарынскі. Нац. парк Ала-Арча.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва — кіргізы (60,8%). Жывуць рускія (15,3%), узбекі (14,3%), украінцы (1,5%), немцы, татары, казахі, карэйцы, уйгуры, таджыкі, дунгане і інш. Пануючая рэлігія — іслам суніцкага толку, ёсць хрысціяне (праваслаўныя). Сярэдняя шчыльн. 23 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены даліны і міжгорныя катлавіны. У гарадах жыве 34% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1996): Бішкек — 595,3, Ош — 239, Джалал-Абад — 80, Такмак — 72, Балыкчы — 65, Кара-Балта — 55. У эканоміцы краіны занята (1996) 1650 тыс.чал., у т. л. ў сельскай і лясной гаспадарцы 49%, у прам-сці і буд-ве 16%.
Гісторыя. Людзі на тэр. К. пасяліліся больш за 300 тыс. гадоў назад. У далінах рэк Он-Арча (Цэнтр. Цянь-Шань) і Хаджа-Бакіргансай (бас.р. Сырдар’я) знойдзены прылады працы эпохі ніжняга палеаліту, у далінах рэк Ісфара, Капчыгай і Ахна — сярэдняга палеаліту (мусцьерская культура). У Чуйскай даліне, на берагах воз. Ісык-Куль і ў Цэнтр. Цянь-Шані выяўлены рэшткі неалітычных стаянак, з іх найб. вядомая пячора Ак-Чункур у даліне р. Сары-Джаз. Акрамя прылад працы і гліняных пасудзін тут захаваліся наскальныя выявы людзей і жывёл (3—4-е тыс. да н.э.). Да 5—3-га тыс. да н.э. адносіцца ўзнікненне жывёлагадоўлі і земляробства. У канцы 3 — пач. 2-га тыс. да н.э. тут пашырыліся медныя, потым бронзавыя прылады працы. У сярэдзіне 2 — пач. 1-га тыс. на Пд К. жылі земляробчыя (чусцкая культура), а на Пн пастухоўска-земляробчыя (адронаўская культура) плямёны. З пашырэннем жал. прылад працы (6—7 ст. да н.э.) склаліся 2 формы гаспадаркі — качавая жывёлагадоўля і земляробства. Паўн. раёны К. ўваходзілі ў саюзы качавых плямён: сакскі (7—3 ст. да н.э.) і усуньскі (2 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.), паўднёвыя — у дзяржаву Паркан (2—1 ст. да н.э.) і Кушанскую дзяржаву (1—4 ст.н.э.). У 6—7 ст.тэр. К. ўваходзіла у склад Зах-Цюркскага каганата (гл.Цюркскі каганат), сталіца якога (г. Суяб) знаходзілася ў Чуйскай даліне. У пач. 8 ст. тут усталявалася ўлада плямён цюргешаў. У сярэдзіне 8 ст. з зах. Алтая на Цянь-Шань перасяліліся карлукі, якія стварылі Карлукскі каганат. Яго насельніцтва трымалася шаманізму, зараастрызму і хрысціянства, з 8 ст. пачалося пашырэнне ісламу. З сярэдзіны 10 да сярэдзіны 12 ст. К. з’яўляўся асн. удзелам Караханідаў дзяржавы. Толькі ў Чуйскай даліне было больш за 10 гарадоў — цэнтраў рамяства і гандлю, значнага развіцця дасягнула архітэктура (маўзалей ва Узгене, мінарэт Буран і інш.). У сярэдзіне 12 ст. большая частка К. заваявана кіданямі. У пач. 13 ст. сюды ўварваліся манголы, большая частка тэр. К. ўвайшла ў Джагатайскі (Чагатайскі) улус. У выніку манг. нашэсця былі зруйнаваны і разбураны гарады, спустошаны земляробчыя аазісы. Пануючай галіной гаспадаркі стала экстэнсіўная качавая і паўкачавая жывёлагадоўля. У 13—15 ст. з вярхоўяў р. Об на тэр. К. перасяліліся кімакска-кірг. плямёны, што сталі ядром аб’яднання разнастайных цюркскіх этнасаў у адзіную кірг. народнасць. Да канца 15 ст. склалася самаст.кірг. ханства. У 16—17 ст. яно вяло барацьбу за незалежнасць з Айрацкім ханствам, у канцы 17 ст. было ім заваявана. Пасля разгрому Айрацкага ханства маньчжурамі ў 1758—59 К. увайшоў у склад Цынскай імперыі, але яе ўлада была намінальнай. У 1830—40-я г. К. заваяваны Какандскім ханствам. Какандцы пабудавалі шэраг крэпасцей, на месцы іх выраслі гарады Пішпек (Бішкек), Такмак і інш. Грамадска-эканам. лад кіргізаў меў патрыярхальна-феад. характар, плямёнамі кіравала феад. знаць — манапы і баі. У 1860-я г. паўночны, а пасля ліквідацыі ў 1876 Какандскага ханства і паўд. К. увайшоў у склад Расійскай імперыі. У 1867—1917 у Туркестанскім ген.-губернатарстве, тэр. К. была падзелена паміж Сямірэчанскай, Сырдар’інскай, Ферганскай і Самаркандскай абласцямі. Спрыяльныя кліматычныя ўмовы прыцягвалі сюды і рус. сялян-перасяленцаў, колькасць якіх асабліва павялічылася ў час Сталыпінскай аграрнай рэформы. У выніку ў К. склаўся значны асяродак рускамоўнага насельніцтва. Пад яго ўплывам пачаўся пераход кіргізаў да аселасці. З’явіліся першыя прамысл. прадпрыемствы, у т. л. па здабычы вугалю ў Кызыл-Кіі і Сулюкце, нафты ў Майлі-Саі. Летам 1916 большая частка тэр. К. была ахоплена Сярэднеазіяцкім паўстаннем 1916.
Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 ў Расіі ў К. створаны Саветы рабочых і сял. дэпутатаў, узніклі першыя нац. аб’яднанні. 1.1.1918 сав. ўлада ўсталявана ў Пішпеку, а ў маі—чэрв. 1918 — на ўсёй тэр. К. З крас. 1918 К. у складзе Туркестанскай аўт.сав.сацыяліст. рэспублікі. У 1921 праведзена зямельна-водная рэформа на Пн, а ў 1927 і на Пд К. 2.10.1920 адбылася Джэтысайская мусульм.парт. канферэнцыя, з якой пачаўся ўдзел кірг. насельніцтва ў сацыяліст. будаўніцтве. 14.10.1924 створана Кара-Кірг. (з 25.5.1925 Кірг.) аўт. вобласць, якая 1.2.1926 ператворана ў Кірг.аўт.сав.сацыяліст. рэспубліку. 5.12.1936 абвешчана Кірг.Сав.Сацыяліст. Рэспубліка (КССР), 23.3.1937 прынята канстытуцыя К., а 23.4.1937 створана камуніст. партыя (бальшавікоў) К., пазней — Камуніст. партыя К. (КПК). У час існавання КССР (1936—91) адбыўся пераход кіргізаў да аселасці, была ліквідавана непісьменнасць, сфарміравана нац. інтэлігенцыя. У пач.перабудовы 1-м сакратаром ЦККПК выбраны А.Масаліеў (у крас.—снеж. 1990 Старшыня Вярх. Савета КССР) і прыняты закон аб дзярж. статусе кірг. мовы. Да 1990 узніклі апазіц. арг-цыі, найбуйнейшая з іх «Ашар». Яе дзеянні ў Ошскай вобл. прывялі да міжнац. сутыкненняў з узбекамі, у выніку якіх загінулі сотні людзей. Было ўведзена надзвычайнае становішча (скасавана ў вер. 1995). У 1990 Вярх. Савет выбраў першым прэзідэнтам А.Акаева. У снеж. 1990 КССР перайменавана ў Рэспубліку К. (з 1993 Кыргызская Рэспубліка). У жн. 1991 забаронена КПК (адноўлена ў сярэдзіне 1992). 31.8.1991 абвешчана незалежнасць К., 12.10.1991 на першых усенар. выбарах прэзідэнтам выбраны Акаеў (перавыбраны ў 1995). 13.12.1991 К. далучыўся да СНД. 5.5.1993 прынята канстытуцыя, якой К. абвешчаны парламенцкай рэспублікай. Паводле вынікаў рэферэндуму (кастр. 1994) створаны двухпалатны парламент (Жагорку кенеш), выбары ў які адбыліся ў лют. 1995. На рэферэндуме ў лют. 1996 большасць насельніцтва выказалася за пашырэнне паўнамоцтваў прэзідэнта, наданне рус. мове роўнага статуса з кірг., што зменшыла міграцыю рускамоўнага насельніцтва з К. (са 100 тыс. у 1994 да 20 тыс. у 1996). У сак. 1996 сумесна з Беларуссю, Расіяй і Казахстанам К. заключыў дагавор аб мытным саюзе. К. — член ААН (з 1992), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя», Сусв.гандл. арг-цыі (з 1998). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 21.1.1993.
Палітычныя партыі і рухі. Грамадз. рух «Адзілет», Агр. партыя К., Партыя нац. адраджэння «Асаба», Сац.-паліт. рух «Ашар», Партыя «Ата-Мекен», Дэмакр. партыя К., Кірг.камуніст. партыя, Аб’яднаная партыя К., Сацыял-дэмакр. партыя К. і інш.
Гаспадарка. К. — аграрна-індустр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1996 склаў 5,4 млрд.дол. ЗША (1140 дол. на душу насельніцтва). На долю дзярж. прадпрыемстваў і арг-цый прыпадала 24%, на долю прыватнага сектара — 72% занятых. Сельская гаспадарка — аснова эканомікі краіны, яе доля ў ВУП складае 43%. С.-г. ўгоддзі займаюць 6,8 млн.га, у т. л. ворныя землі 1,3 млн.га, сенажаці і пашы 5,5 млн.га. Пл. арашальных угоддзяў 1 млн.га. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля, якая дае 65% таварнай с.-г. прадукцыі. Вылучаецца танкарунная авечкагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1996): авечак і коз — 3716, буйн. раг. жывёлы — 848, коней — 314, свіней — 88, птушкі — 2122. Вытв-сць мяса (у забойнай вазе) 180,2 тыс.т, малака 882 тыс.т, яец 159,3 млн. штук. Настрыг воўны 12,2 тыс.т. Развіта шаўкаводства (на Пд), пчалярства, рыбалоўства (на воз. Ісык-Куль). Земляробства пераважна ў далінах. Пасяўная пл. (тыс.га, 1996) 1193,6, у т. л. пад збожжавымі культурамі 616,2, тэхн. — 126, кармавымі — 363,9, бульбай і агароднінна-бахчавымі — 87,5. Збор (тыс.т) пшаніцы —964. ячменю — 166, кукурузы — 182, рысу — 9, цукр. буракоў — 189,8, бавоўны — 73,1, тытуню — 17,9, бульбы — 662,4 агародніны і бахчавых — 368,5. Сеюць эфіраалейныя культуры, лек. мак. Садоўніцтва, вінаградарства і субтрапічнае пладаводства (персікі, гранаты, хурма). Насенняводства (цукр. буракі, люцэрна). На долю прамысловасці прыпадае каля 13% ВУП. Вядучая галіна — машынабудаванне (27% прамысл. прадукцыі). Вытв-сцьс.-г. машын, металарэзных станкоў, электрарухавікоў, фіз. прылад, ЭВМ (Бішкек), электралямпаў (Майлуу-Суу), аўтаагрэгатаў (Джалал-Абад), электратэхнікі (Каракол), помпаў (Ош). Суднабудаванне і суднарамонт у г. Балыкчы. Здабыча і абагачэнне ртутных, сурмяных і свінцова-цынкавых руд, вытв-сць сурмы (Карамджай) і ртуці (Хайдаркан). Паліўнаэнергет. комплекс уключае здабычу каменнага і бурага вугалю (Кызыл-Кія, Таш-Кумыр, Сулюкта, Кок-Янгак), нафты і прыроднага газу (Майлуу-Суу). У 1996 здабыта 432 тыс.т вугалю, 84 тыс.т нафты, 25,6 млн.м³ прыроднага газу. Нафтаперапрацоўчы з-д у г. Джалал-Абад. Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ГЭС (Курпсайская, Тактагульская, Учкурганская, Таш-Кумырская) і буйных ЦЭС (Бішкек, Ош). У 1996 выпрацавана 13,7 млрд.кВтгадз электраэнергіі. З галін лёгкай прам-сці вылучаецца першасная апрацоўка бавоўны і воўны (Ош, Такмак, Джалал-Абад, Кара-Суу). Развіты баваўняная, шаўковая (Ош), камвольна-суконная (Бішкек), гарбарна-абугковая (Бішкек, Ош, Каракол, Джалал-Абад), валюшна лямцавая (Такмак), трыкат. і швейная прам-сць. Вытв-сць дываноў (Кара-Балта, Узген). З галін харч. прам-сці развіты мяса-малочная (Бішкек, Ош, Балыкчы), цукр. (6 з-даў у Чуйскай даліне), кансервавая, алейнаэкстракцыйная, тытунёвая, кандытарская. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, цэгла, шкло, жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, вырабы з мармуру і граніту). Хім. і хіміка-фармацэўтычная прам-сць у Бішкеку. Дрэваапр.прам-сць, у т. л. мэблевая, у гарадах Бішкек, Ош, Джалал-Абад. Нар.маст. промыслы (Ош). Асн. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 19,3 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 17,3 тыс.км. Гал. аўтадарогі: Бішкек—Нарын—Кёк-Айгыр, Бішкек—Алматы, Бішкек—Ош, кальцавая дарога вакол воз. Ісык-Куль. Даўж. чыгункі 371 км. Суднаходства па воз. Ісык-Куль. 2 аэрапорты. Праз тэр. К. праходзіць газаправод Бухара—Ташкент—Бішкек—Алматы, дзейнічае газаправод Майлуу-Суу—Джалал-Абад—Ош. Ісык-Кульская курортная зона (Чалпон-Ата, Джэргалан, Ак-Суу, Джэты-Агуз, Тамга), курорты Джалал-Абад, Ісык-Ата, Кызыл-Булак. Экспарт (580 млн.дол. ЗША, 1996) канцэнтратаў каляровых металаў, ртуці, сурмы, прадукцыі сельскай гаспадаркі, машынабудавання і лёгкай прам-сці. Імпарт (680 млн.дол. ЗША, 1996) машын і абсталявання, харч. прадуктаў. На краіны СНД прыпадае каля 60% гандл. сувязей. Асн.гандл. партнёры: Расія, Узбекістан, Казахстан, Кітай, ЗША, Афганістан. Знешнегандлёвы абарот К. з Рэспублікай Беларусь у 1997 склаў 17,5 млн.дол. ЗША. Грашовая адзінка — сом.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл, унутр. войск і нац. гвардыі. Агульная колькасць (1996) каля 14 тыс.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне — па прызыве. У рэгулярных узбр. сілах 1 дывізія, 9 тыс.чал. асабовага складу. Ва ўнутр. войсках 3,5 тыс.чал. У нац. гвардыі 1 тыс.чал. На ўзбраенні розная баявая тэхніка і стралк. зброя.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59,3, жанчын 68,9 года. Смяротнасць — 9 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 95 чал., урачамі — 1 на 319 чал. Узровень нараджальнасці — 26 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,7%. Дзіцячая смяротнасць — 77 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Друк, радыё, тэлебачанне. Перыядычныя выданні К. выходзяць на кірг., рус., дунганскай і англ. мовах. У 1990-я г. выдаецца каля 140 газет і часопісаў, з іх каля 80 на кірг. мове. Найб. тыраж і папулярнасць маюць: штодзённыя грамадска-паліт. газеты «Эркін Тоо» («Вольныя горы», з 1924), «Асаба» («Сцяг»), «Кыргыз Туусу» («Сцяг Кіргізіі», з 1924), літ.-маст.газ. «Кыргыз маданіяты» («Кіргізская культура»), на кірг. і рус. мовах — «Республика», на рус. мове — «Слово Кыргызстана», «Вечерний Бишкек», «Утро Бишкека», грамадска-паліт. незалежная — «Дело — номер», на англ. мове — «The Chronicle of Kyrgyzstan» («Хроніка Кыргызстана») і інш. Працуе Кіргізскае тэлегр. агенцтва (Кыргызкабар, з 1936). Радыёвяшчанне з 1931 (2 праграмы, на кірг., рус., ням., дунганскай мовах). Рэтрансліруюцца таксама перадачы з Масквы, Алматы, Ташкента. Тэлебачанне з 1956 (на кірг. і рус. мовах).
Асвета. Сістэма адукацыі К. ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школу, прафес.-тэхн., сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Агульнаадук. школа ўключае асн. (1—9 кл.) і сярэднюю (10—11 кл.) школы. Прафес.-тэхн. адукацыю даюць прафес. вучылішчы, сярэднюю спецыяльную — тэхнікумы. У сістэме вышэйшай адукацыі тэрмін навучання 4—6 гадоў (1996). Пасля 4 гадоў навучання выпускнікі атрымліваюць дыплом бакалаўра без права паступлення ў аспірантуру, пасля 5 гадоў навучання — дыплом з правам паступлення, пасля 6 — дыплом магістра. Буйнейшыя ВНУ: Кыргызскі дзярж.нац.ун-т (з 1951, больш за 13 тыс. студэнтаў) і Кыргызскі тэхн.ун-т (каля 14 тыс. студэнтаў) у Бішкеку. Вядучы навук. цэнтр, які ажыццяўляе і каардынуе асн. аб’ём навук. даследаванняў — Нац.АН Кыргызскай Рэспублікі (з 1954). Н.-д. работу вядуць таксама ВНУ і галіновыя н.-д. ўстановы. У Бішкеку буйнейшая Нац.б-ка Кыргызскай Рэспублікі, Дзярж.гіст. музей і Нац. музей выяўл. мастацтваў імя Г.Айтыева.
Літаратура К. ўзнікла на аснове традыцый вуснай нар. творчасці. Жанры кірг. фальклору разнастайныя: пастухоўскія, працоўныя, абрадавыя, лірычныя песні, галашэнні-кашокі, казкі, сказы, легенды, паданні і інш.Найб. значны фальклорны твор — гераічны эпас «Манас». Вядомы таксама і т.зв. малыя эпасы. Папулярызацыі фальклору садзейнічалі акыны Тактагул Сатылганаў, Тагалок Малдо, казачнік-манасчы С.Каралаеў. Запісы фалькл. твораў упершыню зрабіў у 1856 каз. вучоны Ч.Валіханаў. Пісьмовая л-ра К. зарадзілася ў 1920-я г. (паэт А.Такамбаеў, празаік К.Баялінаў). Найб. плённа ў гады станаўлення нац. л-ры развівалася паэзія (Такамбаеў, К.Малікаў, Т.Сыдыкбекаў, Дж.Баканбаеў, Дж.Турусбекаў, М.Элебаеў і інш.). У 1930—40-я г. ўзніклі літ. жанры: паэма (Малікаў, У.Абдукаімаў), драма (Турусбекаў, К.Джантошаў, Баканбаеў), раман (Джантошаў, Сыдыкбекаў) і інш. Паэзія вызначалася навізной вобразаў, грамадз. пафасам, публіцыстычнасцю, проза — маштабнасцю, пераканаўчасцю характараў. Патрыятычным гучаннем прасякнута паэзія Вял.Айч. вайны (Элебаеў, Т.Уметаліеў, Такамбаеў). Вядучае месца ў л-ры К. займае проза: раманы «Кен-Су» (кн. 1—2, 1937—38), «Тэмір» (1939—40), «Людзі нашых дзён» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), трылогія «Жанчыны» (кн. 1—2, 1962—66) Сыдыкбекава, «Каныбек» (кн. 1—3, 1939—48), «Чабан нябесных гор» (1963) Джантошава, «Шлях да шчасця» (кн. 1—2, 1957—62), «Голас нашчадкаў» (1969), «Стальное пяро» (1981) Ш.Бейшэналіева, «Майдан» (ч. 1—2, 1961—66) Абдукаімава і інш. У пасляваен. час развіваецца проза т.зв. малых жанраў, якой уласцівы вастрыня маральна-псіхал. калізій, сучасная інтэрпрэтацыя фалькл. матываў: аповесці Ч.Айтматава, творчасць якога паўплывала на развіццё кірг. прозы ў цэлым, апавяданні (Абдукаімаў, Т.Абдумамунаў, М.Байджыеў), нарысы (Абдумамунаў). Надзённасцю тэматыкі і праблематыкі, складанасцю канфліктаў вылучаецца драматургія (п’есы Малікава, Байджыева, Абдумамунава і інш.). Сучасная л-ра К. тэматычна і жанрава разнастайная, адметная ўвядзеннем новых форм і вобразаў, прадстаўлена пісьменнікамі розных пакаленняў (М.Абылкасымава, Айтматаў, Байджыеў, Бейшэналіеў, М.Джангазіеў, С.Джусуеў, С.Эраліеў і інш). У 1934 засн. Саюз пісьменнікаў К.
Творы бел. пісьменнікаў на кірг. мове з’явіліся ў 1950-я г. Асобнымі выданнямі выйшлі «Вершы» Я.Купалы (1954, 2-е выд. 1982), «Апавяданні» З.Бядулі (1958), аповесць «Міколка-паравоз» М.Лынькова (1960), зб. вершаў і паэм «А дні ідуць» П.Броўкі (1966). Актывізацыя дзейнасці бел. перакладчыкаў прыпадае на 1970—80-я г. Творы Айтматава, Б.Абакірава, Джусуева, Н.Джундубаевай, А.Кыдырава, Уметаліева, Такамбаева і інш. перакладалі Р.Барадулін, В.Вольскі, В.Іпатава, С. Законнікаў, С.Міхальчук, М.Стральцоў, У.Шахавец, Я.Янішчыц і інш. Асобнымі выданнямі выйшлі аповесці і раман «Буранны паўстанак: I вякуе дзень даўжэй за век» Айтматава (1987), «Кіргізскія народныя казкі» (1988).
Архітэктура. Найб. раннія ўмацаваныя паселішчы з глінабітнымі і сырцовымі пабудовамі выяўлены на Пд К. (Шурабашат, 4—1 ст. да н.э.). У 5—10 ст. будавалі крэпасці, замкі феадалаў, гарады (Ош, Узген), гарадзішчы (Ак-Бешым, Бурана, Баласагун) з цытадэллю і гар. ядром — шахрыстанам і ўмацаваным прыгарадам рамеснікаў — рабадам. На Цянь-Шані захаваліся рэшткі гарадоў-ставак цюркскіх ханаў (гарадзішчы Кашой-Курган, Шырдакбек), якія былі абнесены пахсавымі сценамі (выш. да 12 м) з вежамі, а таксама руіны ўмацаванага караван-сарая Чалдывар на р. Манакельды з т.зв. гафрыраванымі сценамі. У 10—12 ст. (дзяржава Караханідаў) узводзілі манум. культавыя пабудовы — мячэці, мінарэты, маўзалеі (цэнтрычны маўзалей Шах-Фазіль у Ошскай вобл., 11—2-я пал. 12 ст.; група з 3 маўзалеяў ва Узгене, 11—12 ст.). На гарадзішчы Бурана захаваўся мінарэт — «вежа Бурана» (пач. 11 ст.; выш. 21,5 м). У выніку манг.-тат. заваявання (1-я чвэрць 13 ст.) гарады заняпалі. Насельніцтва стала качавым, асн. тыпам іх жылля была разборная круглая юрта, накрытая лямцам. З манум. будынкаў узводзілі пераважна маўзалеі (партальна-купальны маўзалей Манаса, 1334) і караван-сараі (Таш-Рабат на р. Каракаюм, 1-я пал. 15 ст.). З сярэдзіны 19 ст. развіваюцца гарады Бішкек, Каракол (Пржавальск), Такмак і інш. з прамавугольнай планіроўкай, дробнымі кварталамі, забудаванымі 1-павярховымі глінабітнымі або сырцовымі дамамі. Пабудовы 1920—30-х г. у духу канструктывізму, з рысамі класіцызму (будынак мед. ін-та ў Бішкеку). У арх. дэкоры выкарыстоўваецца нац. арнамент (Летні т-р у Бішкеку, 1940, арх. Г.А.Градаў). У пабудовах 2-й пал. 20 ст. выкарыстоўваюцца зборны жалезабетон і шкло (будынкі АН у Бішкеку, 1960-я г., арх. Ю.Бялінскі, А.Бачароў). Вядзецца курортнае буд-ва на воз. Ісык-Куль. У 1960—80-я г. створаны новыя генпланы гарадоў. Архітэктура адметная выразнасцю сучасных форм і канструкцый: Кырг. т-р оперы і балета (1955, арх. А.Лабурэнка, з удзелам П.П.Іванова), будынкі музея выяўл. мастацтва (1974, арх. Ш.Джэкшанбаеў), цырка (1976, арх. Л.Сегал). У Бішкеку пастаўлены помнік Тактагулу Сатылганаву (1974). У 1941 засн. Саюз архітэктараў К.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. К. захаваліся наскальныя размалёўкі, ляпная кераміка з геам. ўзорамі эпох неаліту і бронзы. Да 4—1 ст. да н.э. адносяцца ўпрыгожанні з золата і бронзы, размаляваная кераміка, літыя з бронзы фігуркі жывёл, посуд. Да манг.-тат. нашэсця паралельна развівалася мастацтва аселага (кераміка з ляпным ці ўціснутым геам. узорам, гліняныя і тэракотавыя стылізаваныя фігуркі людзей і жывёл, асуарыі — урны для захавання касцей, фрагменты жывапісу, скульптуры) і качавога (накладкі на конскую збрую з металу, спражкі, падвескі-медальёны з арнаментам, выявамі жывёл) насельніцтва. У будыйскіх храмах 5—10 ст. статуі багоў аздаблялі барэльефамі і размалёўкамі (гарадзішча Ак-Бешым у Чуйскай даліне). Мячэці, маўзалеі 10—12 ст. дэкарыраваны ўзорыстай муроўкай з цэглы, разьбой па ганчы і тэракоце (геам. і расл. ўзоры, надпісы). У дэкар.-прыкладным мастацтве пераважала ткацтва дываноў (лямцавыя дываны «шырдакі» з мазаічнымі, аплікацыйнымі ўваленымі ўзорамі; ворсавыя дываны; падвесныя паліцы для юртаў). Вышыўкай аздаблялі насценныя пано з аксаміту ці сукна (туш-«кійізы»), сумкі для посуду, адзенне, плялі ўзорыстыя цыноўкі з травы чый. З серабра рабілі ювелірныя ўпрыгожанні, якія аздаблялі гравіраваным узорам, насечкамі, чарненнем і інш. Для нар. мастацтва характэрны кантрастнасць колеру (найб. пашыранае спалучэнне чырвонага з сінім), ураўнаважанасць кампазіцыі, рытмічнасць. Ва ўзорах пераважалі круглаватыя формы і матыў «барановы рог». У 20 ст. зараджаюцца жывапіс, графіка, скульптура. У станаўленні прафес.выяўл. мастацтва значная роля належыць С.Чуйкову, а таксама жывапісцам В.Абразцову, Г.Айтыеву, С.Акылбекаву, І.Гальчанку, А.Ігнацьеву, скульпт. В.Мануілавай, графікам Л.Ільіной, А.Міхалёву, А.Згібневу. У Вял.Айч. вайну створаны работы ў гонар герояў вайны (помнік І.Панфілаву ў Бішкеку, 1942, скульпт. А. і В.Мануілавы). З 1950-х г. развіваюцца партрэт (Айтыеў, А.Усубаліеў), пейзаж, павялічылася цікавасць да тэматычнай карціны (Л.Дэймант). Сярод мастакоў 1950—60-х г. жывапісцы Усубаліеў, Дж.Кажахметаў, К.Керымбекаў, Дж.Джумабаеў, А.Асмонаў, графік М.Амаркулаў. Развіваюцца скульптура (Т.Садыкаў, А.Мухугдзінаў, манум.-дэкар. мастацтва (рэльефы на мемар. музеі М.В.Фрунзе ў Бішкеку, 1967, мастакі А.Варонін, А.Каменскі, С.Бакашоў). Сярод тэатр. мастакоў А.Арэф’еў, А.Малдахматаў і інш. У 1970—80-я г. створаны работы высокага грамадз. гучання (ансамбль «Манас» у Бішкеку, 1981, скульпт. Садыкаў, арх. А.Пячонкін). Багатыя традыцыі нар. мастацтва працягваюцца ў дыванаткацтве, вышыўцы, вырабах са скуры, у тэкст. і керамічнай вытв-сці. Развіваецца прафес.дэкар.-прыкладное мастацтва (Дж.Уметаў). Мастацтва 1980—90-х г. адметнае пашырэннем тэматычнага кругагляду, імкненнем абнавіць маст.-пластычныя вырашэнні, пошукамі новых сродкаў выразнасці (М.Акынбекаў, Бакашоў, М.Бекджанаў, Т.Касымаў). У 1958 створаны Саюз мастакоў К.
Музыка К. імправізацыйная, у ёй важная роля належыць варыянтна-варыяцыйным прынцыпам развіцця. Фарміравалася ў рэчышчах нар. і нар.-прафес. вусных традыцый. Ладавая аснова — дыятанічныя шасці-, сямі- і больш ступенныя гукарады; характэрна ладавая пераменнасць. Традыц.нар. песні (абрадавыя, працоўныя, лірычныя, дзявочыя, жаночыя, дзіцячыя і інш.) аднагалосыя; інстр. музыка 2- і 3-галосая, асн. жанр — кю (вял. п’еса праграмнага зместу). Сярод нар.муз. інструментаў: камуз (шчыпковы), кыяк (смычковы), чоар (духавы), доал (ударны). Сярод пар. музыкантаў (акынаў, манасчы, ырчы, куудулаў, камузчы, кыякчы, чоарчу, сурнайчы) Тактагул Сатылганаў, Калык Акіеў, Алымкул Усенбаеў, Сагымбай Аразбакаў, Саякбай Каралаеў, Атай Агамбаеў, Муса Баетаў, Куйручук, Ш.Цермечыкаў, Ніязалы, Жалбун, Мураталы Курэнкееў і інш. У 1920—30-я г. створаны драм. п’есы, насычаныя нар. песнямі, муз. драмы. Першыя кірг. оперы — «Месяцавая прыгажуня» У.Уласава, А.Малдыбаева і У.Ферэ (1939) і «Тактагул» А.Вепрыка (1940), балеты — «Анар» (1940), «Арэлі» Уласава і Ферэ, «Чалпон» М.Раўхвергера (абодва 1944). Пазней створаны балет-араторыя «Мацярынскае поле» К.Малдабасанава (паст. 1975), дзіцячыя балеты, муз. камедыі, творы сімф. і кантатна-аратарыяльнага жанраў і інш. У стварэнні нац. опернага і балетнага рэпертуару ўдзельнічалі Уласаў, Ферэ, Малдыбаеў, Раўхвергер, М.Абдраеў, Малдабасанаў, Г.Окунеў, М.Ракаў, С.Раўзаў, у галінах сімф. і кантатна-аратарыяльнай музыкі працавалі Абдраеў, А.Аманбаеў, Н.Даўлесаў, А.Джаныбекаў, Ч.Джумаканаў, Ж.Малдыбаева, С.Медзетаў, А.Мурзабаеў, А.Тулееў, Т.Эрматаў і інш. Сярод выканаўцаў: дырыжоры Даўлесаў, А.Джумахматаў, Малдабасанаў; спевакі С.Кіізбаева, Малдыбаеў, Б.Мінжылкіеў, Х.Мухтараў, А.Мырзабаеў, К.Сартбаева, Т.Сейталіеў, балетмайстар М.Холфін; артысты балета Б.Бейшэналіева, К.Мадземілава, У.Сарбагішаў, А.Такамбаева, Р.Чакоева. У К. працуюць: Кырг. т-р оперы і балета (з 1942, Бішкек), муз.-драм.т-р (з 1946, Нарын), філармонія (з 1936), дзіцячая філармонія (з 1986), сімф. аркестр Кырг. радыё і тэлебачання (з 1970), аркестр нар. інструментаў (з 1936), Дзярж. ансамбль танца К., Кырг. ін-т мастацтваў, муз. вучылішчы (Бішкек, Ош), больш за 130 муз. школ. У 1939 створаны Саюз кампазітараў К.
Тэатр. Тэатр. элементы былі ў абрадах і нар. гульнях, спаборніцтвах акынаў (айтыш), выступленнях казачнікаў, манасчы, куудулаў (нар. комікаў). Першыя тэатр. паказы на кірг. мове адбыліся ў пач. 20 ст. У 1926 у Бішкеку арганізавана тэатр. студыя, у 1930 ператвораная ў прафес.драм.т-р (з 1936 муз.-драм., з 1942 т-р оперы і балета). Драм. спектаклі на кірг. мове ставіў Т-р юнага гледача (1936—41). У 1941 адкрыты Кырг. драм. т-р. Ставяцца п’есы нац. драматургаў: Т.Абдумамунава, Б.Амураліева, М.Байджыева, Ш.Бейшэналіева, Б.Джакіева, К.Джантошава, А.Кутубаева, К.Малікава, А.Такамбаева, Р.Шукурбекава, рус. і замежная класіка; асобнае месца ў рэпертуары займаюць інсцэніроўкі твораў Ч.Айтматава. Працуюць т-ры: Кырг. драматычны, лялек (з 1938), рус. драмы (з 1935; усе ў Бішкеку), т-ры драм. ў Ошы, муз.-драм. ў Нарыне і інш. Сярод артыстаў: Д.Куюкава, Б.Кыдыкеева, М.Рыскулаў, А.Баталіеў, С.Джаманаў, А.Джанкарозава, Н.Кітаеў, А.Кабегенаў, С.Кумушаліева, А.Кутубаева, Л.Маідава, Р.Мумінава, Т.Хасанава і інш. У кірг. т-рах ставіліся п’есы А.Макаёнка, А.Маўзона і інш.бел. драматургаў.
Кіно. У 1942 у Бішкеку на базе карэспандэнцкага пункта кінахронікі (з 1939) створана студыя кінахронікі (з 1956 кінастудыя дакумент. і маст. фільмаў, з 1961 «Кіргізфільм»). У 1947 зняты першы дакумент. фільм «Савецкая Кіргізія» (рэж. М.Слуцкі). У галіне дакумент. кіно працавалі рэж. Ш.Апылаў, А.Відугірыс («Замкі на пяску», 1967, гал. прыз міжнар. кінафестывалю ў Кракаве), Ю.Герштэйн, Б.Абдылдаеў, Б.Шамшыеў («Манасчы», 1956, гал. прыз міжнар. кінафестывалю ў Оберхаўзене) і інш. Першы маст. фільм — «Салтанат» (1955, рэж. В.Пронін, з кінастудыяй «Масфільм»). Першы самаст.маст. фільм — «Мая памылка» паводле А.Такамбаева (1958, рэж. І.Кобызеў). У 1960—70-я г. ствараліся фільмы паводле твораў пісьменнікаў: «Стрэл на перавале Караш» (паводле аповесці М.Аўэзава «Стрэл на перавале»; 1970, рэж. Шамшыеў), «Пакланіся агню» (паводле Н.Байтэмірава; 1972), «Люты» (паводле аповесці М.Аўэзава «Шэры люты»; 1974, рэж. абодвух Т.Акееў) і інш. Шмат фільмаў пастаўлена паводле твораў Айтматава: «Першы настаўнік» (1965, рэж. А.Міхалкоў-Канчалоўскі), «Мацярынскае поле» (1968, рэж. Г.Базараў), «Джаміля» (1969, рэж. І.Паплаўская), «Белы параход» (1976, рэж. Шамшыеў; Дзярж. прэмія СССР 1977), «Улан» (1977, рэж. Акееў) і інш. У 1980-я г. створаны фільмы «Залатая восень» (1980), «Нашчадак Белага Барса» (1985; рэж. абодвух Акееў), «Воўчая яма» (1984), «Снайперы» (1985; рэж. абодвух Шамшыеў) і інш. З 1977 ствараюцца анімацыйныя фільмы (рэж. С.Ішэнаў, В.Бялоў і інш.). У развіццё кінамастацтва К. вял. ўклад зрабілі: рэж. М.Убукееў, Л.Турусбекава, Ш.Апылаў, К.Акматаліеў; сцэнарысты К.Амуркулаў, Б.Джакіеў, Э.Барбіеў, М.Байджыеў; аператары М.Мусаеў, К.Абдыкулаў, С.Давыдаў; мастакі Дж.Джумабаеў, Б.Джумаліеў; акцёры Б.Кадыкеева, М.Раскулаў, Д.Куюкава, Т.Турсунбаева, Ч.Думанаеў. У 1962 створаны Саюз кінематаграфістаў К.
Літ.:
Петров К.И.К истории движения киргизов на Тянь-Шань и их взаимоотношений с ойратами в XIII—XV вв. Фрунзе, 1961;
Я г о ж. Очерки феодальных отношений у киргизов в XV—XVIII вв. Фрунзе, 1961;
Джамгерчинов Б.Д. Очерки политической истории Киргизии XIX в. Фрунзе, 1966;
Плоских В.М. Киргизы и Кокандское ханство. Фрунзе, 1977;
История Киргизской ССР с древнейших времен до наших дней: В 5 т.Т. 1—4. Фрунзе, 1984—90;
Озмитель Е. Наследие классики и киргизская литература. Фрунэе, 1980;
История киргизской советской литературы. М., 1970;
Нусов В.Е. Архитектура Киргизии с древнейших времен до наших дней. Фрунзе, 1971;
Горячева В.Д. Средневековые городские центры и архитектурные ансамбли Киргизии (Бурана, Узген, Сафид-Булан). Фрунзе, 1983;
Уметаллиева Д.Т. Изобразительное искусство Киргизии. Фрунзе, 1978;
История киргизского искусства. Фрунзе, 1971;
Дюшалиев К. Киргизская народная песня. М., 1982;
Кино Киргизии. М., 1981;
Артюхов О.Б. Кинематографисты Советской Киргизии: Справ. Фрунзе, 1981.
П.І.Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), А.Дз.Шапашнікава (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Г.В.Ратнікаў (кіно).
Герб і сцяг Кыргызстана.Да арт.Кыргызстан. Чумышскі гідравузел.Да арт.Кыргызстан. На горнай пашы.Да арт.Кыргызстан. На схілах Цянь-Шаня.Да арт.Кыргызстан. Горная рэчка.Да арт.Кыргызстан. Мінарэт «вежа Бурана» на гарадзішчы Бурана. Пач. 11 ст.Да арт.Кыргызстан. Маўзалей Шах-Фазіль у Ошскай вобл. Канец 11—2-я пал. 12 ст.Да арт.Кыргызстан. Помнік Тактагулу Сатылганаву ў Бішкеку. 1974.Да арт.Кыргызстан. М.Акынбекаў. Мае мамы. 1970.Да арт.Кыргызстан. С.Чуйкоў. Дачка чабана. 1956.Да арт.Кыргызстан. Жаночы халат. 2-я пал. 19 — пач. 20 ст.Да арт.Кыргызстан. Вясельны жаночы касцюм. 1970-я г.Да арт.Кыргызстан. Скульптурна-архітэктурны ансамбль «Манас» у Бішкеку. 1981.Да арт.Кыргызстан. Л.Ільіна. Мацярынскае поле. 1971.Да арт.Кыргызстан. Т.Касымаў. Дыван «Паляўнічы». 1975. Лямец, звальванне.