АЛЯШКЕ́ВІЧ (Іосіф Іванавіч) (1777, мяст. Шылува, Літва — 5.10.1830),
бел. жывапісец-партрэтыст. З сям’і музыканта з мяст. Радашковічы (Маладзечанскі р-н). Скончыў Віленскую маст. школу (1803), працаваў у майстэрнях франц. мастакоў Ж.А.Д.Энгра і Ж.Л.Давіда. З 1810 жыў у Пецярбургу. Часта прыязджаў на Беларусь. Стварыў шмат партрэтаў у стылі позняга класіцызму і рамантызму, у т. л. Л.Сапегі, М.Радзівіла, А.Чартарыйскага, Г.Ржавускага, Плятэра, аўтапартрэт, «Групавы партрэт», «Жаночы партрэт», «Партрэт дзяўчынкі», партрэт А.Бакунінай (апошнія 4 захоўваюцца ў Нац.маст. музеі Беларусі) і інш. Сябраваў з А.Міцкевічам, напісаў яго партрэт (1828).
І.І.Аляшкевіч.І.Аляшкевіч. Групавы партрэт. 1813. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХА́НГЕЛЬСКАЕ,
сядзібны ансамбль 18—19 ст. за 20 км ад Масквы, з 1918 музей-сядзіба. З 1703 належала князям Галіцыным, у 1810—1917 — князям Юсупавым. Пабудавана ў стылі класіцызму. На тэр. Архангельскага палац (1780-я г., арх. дэ Герн, перабудаваны ў 1811—28), у якім захаваліся аддзелка, мэбля, кераміка і інш. вырабы прыгонных майстроў, а таксама карціны (А.Ван Дэйка, Дж.Б.Цьепала, Ф.Бушэ, П.Ратары) і скульптура (Э.М.Фальканэ, І.П.Віталі), парк (18 ст.) з тэрасамі, шматлікімі бюстамі, статуямі і паркавымі збудаваннямі (у т. л.тэатр., 1817—18, з дэкарацыямі П.Ганзага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІЯ ВОДАНАПО́РНЫЯ ВЕ́ЖЫ,
помнікі вытворчай архітэктуры; 2 вежы, пабудаваныя ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў Гродне ў эклектычным стылі. Мураваныя 8-гранныя ў плане збудаванні (выш. 22 м) падзелены па вышыні на 6 частак. Кожная з іх мае звязаныя паміж сабой 4 адсекі (размешчаны інж. абсталяванне і службовыя памяшканні). У цэнтры — трубы для падачы вады ў рэзервуар у верхняй частцы вежы.
Фасады паўн. вежы, пабудаванай у 1910-я г., багата дэкарыраваны. Карнізы з арнаментамі, паясы, дэнтыкулы падзяляюць будынак знадворку на 4 ярусы. Спалучэнне чырвонай цэглы і белай тынкоўкі надае пабудове маляўнічасць. Паўд. вежа, пабудаваная ў 19 ст., мае падобную структуру. Дэкор яе фасадаў больш стрыманы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРНІ́ЗГАЛАЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 2-й пал. 19 ст. Размешчана на паўн.-зах. ускраіне в. Двор Нізгалава Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл., на беразе р. Ула. Комплекс у стылі позняга класіцызму ўключае 1-павярховы мураваны сядзібны дом (пашкоджаны ў 1944, адноўлены ў 1970), флігель, кухню, вяндлярню, 2 гасп. корпусы.
Тэрыторыя сядзібнай забудовы злучаецца з паркам невял. курцінамі з елак, хвой і клёнаў. Кампазіцыя парку (пл. 4 га) — прыклад перабудовы рэгулярнага парку ў пейзажны. Сярод насаджэнняў рэдкія ў рэспубліцы экзэмпляры бярозы далекарлійскай (выш. 17 м, дыяметр ствала 58 см) і кедра еўрап. калонападобнага (выш. 12 м, дыяметр ствала 48 см).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮФІ́ ((Dufy) Рауль) (3.6.1877, г. Гаўр, Францыя — 23.3.1953),
французскі жывапісец, графік, тэатр. мастак. У 1900—01 вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы. Зазнаў уплыў імпрэсіянізму, у 1905—08 прымыкаў да фавізму. Вывучаў нар. лубок, у стылі якога выканаў шматлікія гравюры ў 1914—18. У яго творчасці адлюстравалася характэрная для зах.-еўрап. мастацтва 20 ст. падкрэслена-суб’ектыўнае ўспрыняцце свету. У сваіх чыстых і лёгкіх па колеры, беглых па малюнку карцінах і акварэлях (са скачкамі, рэгатамі, канцэртамі) Дз. імкнуўся да ўвасаблення жыццярадасна-святочнага боку жыцця («Афішы Трувіля», 1906, «Прыстань» 1908, «Скачкі ў Давілі», 1930). Ілюстраваў таксама кнігі, рабіў малюнкі для тканін і габеленаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫКА́ЛАЎСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва канца 18 — пач. 19 ст. Размешчаны на хутары Крыкалы ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл. на левым беразе р. Заражанка. Створаны пры сядзібе, ад якой уцалелі 2 аднолькавыя драўляныя флігелі з мураванымі тарцовымі фасадамі ў стылі позняга класіцызму, клець і бутавы арачны мост. Парк пейзажнага тыпу (пл. каля 15 га) на перасечаным рэльефе, з ПдЗ абмежаваны дарогай Дунілавічы—Варапаева. На ўсх. ускраіне парку ландшафтная кампазіцыя з круглым вадаёмам. Маляўнічая гал. алея праходзіць паміж узгоркамі і завяршаецца штучнай круглай тэрасай, абсаджанай клёнамі. У парку пераважаюць мясц. пароды дрэў, ёсць экзоты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЖКО́ЎСКІ МІХА́ЙЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры ракако ў в. Лужкі Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1744—56 з цэглы пры Лужкоўскім піярскім калегіуме па фундацыі полацкага кашталяна В.Жабы, у 1843 перабудаваны пад правасл. царкву. Аднанефавы 2-вежавы храм з акруглай апсідай і бакавымі сакрысціямі. 4-ярусныя чацверыковыя вежы пастаўлены вуглом да плоскасці гал. фасада, які ўвагнуты па акруглым абрысе, расчлянёны на 3 ярусы карнізнымі паясамі і крапаваны пілястрамі. Фасады прарэзаны разнастайнымі па канфігурацыі і памерах аконнымі праёмамі. Алтары былі ўпрыгожаны круглай драўлянай пазалочанай скульптурай у стылі ракако (скульптура св. Пятра захоўваецца ў Полацкім гісторыка-археал. запаведніку).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ГАЛЕРЭ́Яў Лондане,
адзін з лепшых у свеце збораў зах.-еўрап. жывапісу. Засн. ў 1824 на аснове калекцыі Дж.Дж.Ангерстайна. Захоўвае калекцыі еўрап. школ жывапісу розных часоў, у т. л. шэдэўры Дж.Беліні, Д.Веласкеса, Г.Гольбейна Малодшага, Т.Гейнсбара, В. ван Гога, Ф.Гоі, Дуча ды Буанінсеньі, Дж.Констэбла, Леанарда да Вінчы, П’ера дэла Франчэскі, П.Сезана, Тыцыяна, Рэмбранта, П.Учэла, У.Хогарта, Я. ван Эйка і інш. Будынак галерэі пабудаваны ў 1830-я г. ў стылі класіцызму (арх. У.Уілкінс).
Літ.:
Кузнецова И.А. Национальная галерея в Лондоне. 2 изд. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ МУЗЕ́Йу Стакгольме,
буйнейшы маст. музей Швецыі. Засн. ў 1792. У зборы калекцыі ант. і ўсх. мастацтва, жывапісу, графікі, скульптуры асн.еўрап. школ розных часоў, у т. л. творы Рэмбранта, Эль Грэка, Я.Іорданса, Ж.Б.С.Шардэна, Ф.Гоі, А.Рэнуара, П.Сезана, карціны жывапісцаў Швецыі (К.Ларсана, А.Расліна, А.Цорна) і інш. скандынаўскіх краін, рус. іканапісу і жывапісу. Будынак музея ўзведзены ў 1850—56 у стылі неарэнесансу (арх. А.Шцюлер). Філіял Н.м. — Сучасны музей (засн. ў 1958), які захоўвае творы еўрап. (пераважна шведскіх) мастакоў 20 ст. У распараджэнні Н.м. таксама маст. скарбы каралеўскіх палацаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ТЧЫНСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік архітэктуры 18 ст. ў г. Гатчына Ленінградскай вобл.Гал. збудаванне — палац у стылі ранняга класіцызму (1766—81, арх. А.Рынальдзі; расшыраны ў 1793—97, арх. В.Брэна; перабудаваны ў 1845—51, арх. Р.І.Кузьмін). Трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак з 2 пяціграннымі вежамі па баках і 2 бакавымі карпусамі. Маляўнічыя паркі горада (Палацавы, «Звярынец» і інш.; агульная пл. 617 га) са шматлікімі мастамі, тэрасамі, павільёнамі, варотамі і інш. збудаваннямі належаць да лепшых узораў ландшафтнай архітэктуры. Унікальны па тэхніцы выканання землябітны Прыярацкі палац (1798—99, арх. М.А.Львоў), які нагадвае сярэдневяковы замак.
Літ.:
Гатчина. Л., 1980;
Памятники архитектуры пригородов Ленинграда. Л., 1983.