АНІ́САЎ (Сяргей Рыгоравіч) (парт. псеўд. Пеця, Казлоўскі Мікалай; 19.10.1906, в. Тур’я Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 7.3.1987),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, публіцыст. У 1927—32 на камсамольскай рабоце ў БССР. З 1932 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі, з 1934 1-ы сакратар ЦК КСМЗБ, з 1935 сакратар Брэсцкага акр. к-та КПЗБ. У кастр. 1935 зняволены, з 1939 у ням. лагеры ваеннапалонных. Пасля Вял. Айч. вайны працаваў у друку. Аўтар прац «З гісторыі камсамольскага падполля Заходняй Беларусі» (1958), «За волю і шчасце народа» (1959), «Палымянае юнацтва» (1969), «У змаганні гартаваліся» (1975).

т. 1, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІ́ШЧЫК (Міхаіл Трафімавіч) (16.10.1905, в. Була Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 8.2.1973),

дзеяч нац.-вызв. і рэв. руху ў Зах. Беларусі. З 1926 у Бел. сялянска-работніцкай грамадзе. З 1929 сакратар Слонімскага акр. к-та КСМЗБ, з 1934 — КПЗБ. Тройчы зняволены польск. ўладамі. З 1939 старшыня Слонімскага гарвыканкома. У Вял. Айч. вайну ў Чырв. Арміі, з 1943 у тыле ворага, пам. упаўнаважанага ЦК КП(б)Б і БШПР па Баранавіцкай вобл., сакратар Слонімскага падп. РК КП(б)Б, рэдактар падп. газеты «Вольная праца». Пасля вайны на парт. і сав. рабоце. Дэп. ВС БССР у 1955—63.

т. 1, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЛІ́НГУЭР ((Berlinguer) Энрыка) (25.1.1922, г. Сасары, Італія — 11.6.1984),

дзеяч італьян. і міжнар. камуністычнага руху. Юрыст. З 1937 удзельнік антыфаш. руху. Чл. Італьян. камуніст. партыі (ІКП) з 1943, чл. ЦК ІКП з 1948. У 1950—56 сакратар Італьян. федэрацыі камуніст. моладзі. У 1950—53 прэзідэнт Сусв. федэрацыі дэмакр. моладзі. З 1968 дэпутат парламента. У 1972—84 ген. сакратар ІКП. Аўтар канцэпцыі «гістарычнага кампрамісу», адзін з заснавальнікаў еўракамунізму, які адмаўляў вядучую ролю КПСС у сусв. камуніст. руху. Ініцыятар прыняцця ІКП рэзалюцый з асуджэннем уварвання СССР у Венгрыю (1956), Чэхаславакію (1968), Афганістан (1979), увядзення ваен. становішча ў Польшчы (1981).

т. 3, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГО́Л (Іосіф) (Ізраіль) Іосіфавіч (2.12.1891, г. Бабруйск — 10.3.1937),

украінскі генетык і філосаф. Акад. АН УССР (1934). Скончыў Маскоўскі ун-т (1923). У 1918—19 чл. і сакратар Мінскага губ. рэўкома, сакратар Мінскага гарвыканкома, нам. камісара па справах фінансаў БССР. Чл. ЦВК Літбела. З 1924 супрацоўнік Ін-та філасофіі, секцыі прыродазнаўчых навук Камуніст. акадэміі. Працаваў у ЗША па праблемах генетыкі дразафілы, з 1934 у АН УССР. Аўтар прац па праблемах генетыкі, арган. мэтазгоднасці, філас. пытаннях прыродазнаўства. У 1936 рэпрэсіраваны і расстраляны. Рэабілітаваны пасмяротна.

Тв.:

Происхождение животных и человека. М., 1924;

Диалектический метод и эволюционная теория. М.; Л., 1927.

т. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДАНЧУ́К (Сяргей Яўхімавіч) (парт. псеўд. Жэнька, Стары; 4.4.1911, в. Касцяні Слонімскага р-на Гродзенскай вобласці — 4.4.1933),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Камуніст. ун-т нац. меншасцяў Захаду імя Мархлеўскага ў Маскве (1932). У 1927 сакратар Слонімскага акр. к-та КСМЗБ. Няраз быў арыштаваны. У 1928 эмігрыраваў у СССР. З 1932 зноў на падп. рабоце ў Зах. Беларусі, сакратар Брэсцкага акр. к-та КПЗБ. Узначальваў забастоўку лесарубаў і возчыкаў лесу на Пружаншчыне (9.12.1932 — лют. 1933). Схоплены і закатаваны паліцыяй. У пас. Мухавец Брэсцкага р-на яму пастаўлены помнік.

Помнік С.Я.Багданчуку. Скульптар П.​Данелія. 1970.

т. 2, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУСА́РАЎ (Мікалай Іванавіч) (3.8.1905, г. Нікалаеўск, Расія — 17.3.1985),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў Маскоўскім авіяц. ін-це (1931—33, 1937—38). У 1922—27 на камсам. рабоце. У 1925 уступіў у Камуніст. партыю. З 1938 1-ы сакратар Пермскага абкома ВКП(б), з 1946 інспектар Сакратарыята ЦК ВКП(б). З 7.3.1947 да 3.6.1950 1-ы сакратар ЦК КП(б)Б, чл. Бюро ЦК КП(б)Б. Потым на парт. рабоце ў Туле, у ЦК КПСС, у Савеце Міністраў РСФСР. Канд. у чл. ЦК ВКП(б) у 1939—52. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1937—50.

М.І.Гусараў.

т. 5, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСА́ЧАНКА (Аляксандр Лаўрынавіч) (14.3.1919, в. Хоўхла Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 8.10.1942),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Гомельскага камсамольска-маладзёжнага падполля і партыз. руху ў Гомельскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Рэчыцкае пед. вучылішча. Да вайны сакратар Гомельскага гаркома ЛКСМБ. Са жн. 1941 падрыўнік, разведчык у партыз. атрадзе «Бальшавік», адначасова сакратар Гомельскіх падп. абкома і гаркома ЛКСМБ, чл. Гомельскага падп. гаркома КП(б)Б. Група падрыўнікоў на чале з І. пусціла пад адхон 58 эшалонаў ворага, знішчыла 87 аўтамашын, танкаў, браневікоў. Загінуў пры падрыхтоўцы да задання. У в. Хоўхла яму пастаўлены помнік.

А.Л.Ісачанка.

т. 7, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАТО́ЦКІ ((Zápotocký) Антанін) (19.12.1884, в. Закалані, каля г. Кладна, Чэхія — 13.11.1957),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Чэхаславакіі. Сын Л.​Запатоцкага — аднаго з заснавальнікаў с.-д. партыі Чэхіі. З 1902 чл. с.-д. партыі. Дэлегат 2, 4, 6 і 7-га кангрэсаў Камінтэрна. Адзін з заснавальнікаў кампартыі Чэхаславакіі (КПЧ), чл. яе ЦК і Палітбюро з дня заснавання (1921). У 1922—25 сакратар ЦК КПЧ, у 1925—38 дэп. Нац. сходу, у 1929—39 ген. сакратар Цэнтр. бюро прафсаюзаў. У 1939—45 у фаш. турмах і канцлагерах. У 1948—53 старшыня Савета Міністраў, у 1953—57 прэзідэнт Чэхаславакіі.

т. 6, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РДМАН (Эдуард Баляслававіч) (н. 25.2.1922, г. Рэчыца Гомельскай вобл.),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў камсам.-маладзёжнага падполля і партыз. руху ў Пінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, ген.-маёр (1969). Скончыў ВПШ пры ЦК КПСС (1958). З 1939 на камсам. рабоце. З пач. Вял. Айч. вайны нам. сакратара, сакратар, чл. Пінскага падп. абкома, адначасова сакратар Пінскага падп. гаркома ЛКСМБ, з ліп. 1943 пам. камісара атрада В.З.Каржа, нам. камісара партыз. брыгады імя Молатава. Пасля вайны на парт., камсам. і сав. рабоце, у органах дзярж. бяспекі. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1974—79. Ганаровы грамадзянін г. Пінск.

т. 11, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЫ́ЛЬ (Іван Аляксандравіч) (18.9.1914, в. Дуброўскія Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 27.6.1961),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падполля і партыз. руху ў Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Камуніст. ін-т журналістыкі ў Мінску (1941). З 1932 настаўнічаў, з 1934 на журналісцкай рабоце ў Талачыне і Вілейцы. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1942 сакратар Магілёўскага падп. абкома ЛКСМБ, адначасова сакратар Бабруйскіх падп. міжрайкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ, з крас. 1943 чл. Магілёўскага падп. абкома КЛ(б)Б. З вер. 1943 рэдактар газ. «Сталинская молодежь», потым «Чырвоная змена», з 1952 — «Гомельская праўда».

т. 10, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)