БАВЕ́ (Bovet) Даніэль (23.3.1907, г. Неўшатэль, Швейцарыя — 1992),

італьянскі вучоны ў галіне фармакалогіі. Скончыў Жэнеўскі ун-т (1929). З 1929 у Пастэраўскім ін-це (Парыж). З 1947 у Вышэйшым ін-це здароўя (Рым). З 1964 праф. ун-та Сасары (Рым). З 1971 праф. Рымскага ун-та. Навук. працы па вывучэнні ўзаемасувязі структуры лекаў з іх фармакалагічнай актыўнасцю. Выявіў механізм антыбактэрыяльнага ўздзеяння сульфаніламідных прэпаратаў. Высветліў заканамернасці будовы курарэпадобных і антыгістамінных злучэнняў. Нобелеўская прэмія 1957.

В.​Ф.​Ермакоў.

Д.Баве.

т. 18, кн. 1, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮГУРЦІ́НСКАЯ ВАЙНА́ 111—105 да н.э., вайна Рыма з нумідыйскім царом Югуртай (адсюль назва) з мэтай эксплуатацыі прыродных рэсурсаў і насельніцтва Нумідыі.

Дынастычная барацьба ў Нумідыі паспрыяла Рыму для ўмяшання ў яе ўнутр. справы. Пасля першых поспехаў рым. арміі Югурта падкупіў рым. камандаванне і заключыў з ім мір (не быў абмеркаваны ў сенаце). Праз год ваен. дзеянні аднавіліся. У 109 да н.э. Югурта разбіў рым. армію А.​Пастумія і заключыў з ім мір, паводле якога рымляне пакідалі Нумідыю. У Рыме дагавор не прызналі і накіравалі армію на чале з К.​Метэлам. Разбіты ў бітве каля р. Мутул Югурта перайшоў да партызанскай вайны. У 106 да н.э. яго атрады канчаткова разбіты консулам Г.Марыем. У выніку вайны рымляне захапілі Нумідыю і падзялілі: яе зах. ч. перадалі цару Маўрытаніі Бокху. усходнюю — сваяку Югурты.

Літ.:

Салюстий Г.К. Сочинения: Пер. с лат. М., 1981. С. 40—105.

А.​Г.​Зельскі.

т. 18, кн. 1, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЕ́НТ Флавій (Flavius Valens; каля 328, Цыбалы, рым. правінцыя Панонія, цяпер г. Вінкаўцы, Харватыя — 9.8.378),

рымскі імператар з 364. Быў абвешчаны ў Канстанцінопалі Аўгустам і суправіцелем свайго брата Валентыніяна I; правіў ва ўсх. ч. Рымскай імперыі. У 367—369 перамог готаў на Ніжнім Дунаі, у 370—378 знаходзіўся ва ўсх. правінцыі, вёў войны з перс. царом Шапурам II. У 376 дазволіў вестготам, якіх выцеснілі гуны, пасяліцца ў рым. прав. Мёзія. У Адрыянопальскай бітве 378 войскі Валента пацярпелі паражэнне ад вестготаў, сам Валент загінуў.

т. 3, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎРЭЛІЯ́Н Луцый Даміцый (Lucius Domitius Aurelianus; 9.9.214—275),

рымскі імператар з 270. Ілірыец з Паноніі. Служыў у рым. арміі, пры імператару Клаўдзію II начальнік конніцы, пасля яго смерці абвешчаны імператарам. Аўрэліян вярнуў амаль усе страчаныя раней правінцыі і аднавіў межы Рым. імперыі: адкінуў готаў за Дунай, выцесніў алеманаў з Рэцыі і Італіі (але страціў Дакію). Правёў грашовую рэформу; у 273 задушыў у Рыме рух манетарыяў (работнікаў манетнага двара). Імкнуўся да неабмежаванай улады. Забіты змоўшчыкамі ў час падрыхтоўкі да парфянскага паходу.

т. 2, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНО́СА (Canossa),

замак у Паўн. Італіі, за 18 км на ПдЗ ад г. Рэджа-нель-Эмілія, пабудаваны ў 10 ст. Тут у студз. 1077 адбылася значная падзея ў гісторыі барацьбы за інвестытуру. Адлучаны ад каталіцкай царквы і пазбаўлены прастола імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» Генрых IV (гл. ў арт. Генрых, герм. правіцелі) у рыззі і босы 3 дні прасіў тут даравання і літасці ў свайго праціўніка рым. папы Грыгорыя VII. З таго часу выраз «ісці ў К.» азначае згоду на зневажальную капітуляцыю.

т. 7, с. 589

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́МВРЫ (лац. Cimbri),

адно з плямён стараж. германцаў. Спачатку жылі на Пн п-ва Ютландыя. У канцы 2 ст. да н.э. рушылі на Пд ва Усх. Альпы, дзе ў 113 да н.э. разбілі стараж.-рым. войска. У 109, 107 і 105 да н.э. перамагалі рымлян у Галіі. Разам з тэўтонамі, амбронамі і гарудамі прасунуліся ў Італію, аднак 30.7.101 да н.э. былі разгромлены рым. арміяй пад камандаваннем Г.Марыя каля Верцэлаў (цяпер г. Верчэлі). Міграцыя К. — першае гістарычна даказанае перасяленне стараж.-герм. плямён на Пд.

т. 8, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫ́Я ТЭРЭ́ЗІЯ (Maria Theresia; 13.5.1717, Вена — 29.11.1780),

эрцгерцагіня Аўстрыі, каралева Чэхіі і Венгрыі (з 1740), імператрыца «Свяшчэннай Рым. імперыі» (з 1745). З дынастыі Габсбургаў. Дачка імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» Карла VI (правіў у 1711—40). Атрымала ў спадчыну аўстр. прастол пасля смерці бацькі паводле Прагматычнай санкцыі 1713 (у 1740—48 спадчыннае права М.Т. аспрэчвалі еўрап. манархіі ў ходзе вайны за аўстрыйскую спадчыну). Да 1765 яе суправіцелем быў муж (з 1736) герцаг Франц Стэфан Латарынгскі (з 1745 імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» Франц I), з 1765 — старэйшы сын Іосіф II. У час праўлення М.Т. Аўстрыя ўдзельнічала ў Сямігадовай вайне 1756—63 і 1-м падзеле Рэчы Паспалітай (1772), завалодала Букавінай (1775); ва ўнутр. палітыцы цэнтралізавала дзярж. кіраванне, садзейнічала развіццю прам-сці і гандлю, прытрымлівалася асветнага абсалютызму, у т. л. заснавала нар. школьніцтва ў Аўстрыі (1774), абмежавала паншчыну ў Чэхіі (1775), адмяніла катаванні (1776).

Помнік у Вене (канец 19 ст.).

У.​Я.​Калаткоў.

т. 10, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́КІ (лац. Daci),

група паўн.-фракійскіх плямён, якія засялялі тэр. на Пн ад Дуная да Карпацкіх гор (сучасная Трансільванія). У 7—4 ст. да н.э. былі пад уплывам качэўнікаў-скіфаў, у 3—2 ст. да н.э. — кельтаў. Д. гандлявалі з Грэцыяй, Італіяй, чаканілі манету, апрацоўвалі металы. У 1 ст. да н.э. аб’ядналіся з гетамі, але саюз хутка распаўся. Найвыш. росквіту дасягнулі ў часы Дэцэбала (87—106 н.э.), які стварыў магутную дзяржаву. Страцілі незалежнасць у выніку войнаў (101—102 і 105—106) з рым. імператарам Траянам, краіна стала рым. правінцыяй Дакія.

т. 6, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПІЯ́Н (Appianos; каля 100, Александрыя — каля 170 н.э.),

гісторык Стараж. Рыма. Грэк па паходжанні. Пры Адрыяне рым. грамадзянін, адвакат фіску ў Рыме, пазней — імператарскі пракуратар у Егіпце. Напісаў на грэч. мове «Гісторыю Рыма» ў 24 кнігах (ад заснавання горада да пач. 2 ст.), дзе праслаўляў магутнасць Рым. дзяржавы і даказваў справядлівасць захопу ёю чужых тэрыторый. Унутр. гісторыю Рыма паказваў праз вял. войны, праз гісторыю асобных абласцей. Захаваліся 6—9-я і 11—17-я кнігі, 18—24-я невядомыя, інш. дайшлі ў фрагментах.

Тв.:

Рус. пер. — Гражданские войны. Л., 1935.

т. 1, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́СВІКСКІ МІР 1697.

Завяршыў вайну 1688—97 (гл. Пфальцкая спадчына) паміж Францыяй і Аўсбургскай лігай (саюз паміж Галандыяй, імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі», Іспаніяй, Швецыяй, Баварыяй, Пфальцам, Саксоніяй, Вялікабрытаніяй), заключаны ў в. Рысвік (Рэйсвейк, каля Гаагі). Складаўся з серыі дагавораў Францыі з Вялікабрытаніяй, Галандыяй, Іспаніяй (усе 20 вер.), імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» і асобнымі герм. княствамі (30 кастр.). Паводле Р.м. Францыя адмаўлялася ад большасці тэрыторый, захопленых ёю пасля Німвегенскага міру 1678—79, але захавала за сабой Страсбург і інш. землі ў Эльзасе. Умовы Р.м. парушаны ў 1701 вайной за Іспанскую спадчыну.

т. 13, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)