прыстасаванні і апараты, якія замяшчаюць форму і функцыю страчаных або функцыян. непаўнацэнных органаў чалавека. Канструкцыі П. заснаваны на дасягненнях фізіялогіі, біямеханікі, электронікі, тэхналогіі матэрыялаў і інш. Пашыраны П. з палімераў, аблегчаных сплаваў (напр., дзюралюміній), камбінаваныя. Раней П. былі пераважна з дрэва, скуры, металаў. Робяць П. рук, ног, зубоў (гл.Пратэзаванне зубоў), вока. Створаны біякіравальныя П. (кіруюцца біяэл. сігналамі з мышцаў куксы) і інш. Адрозніваюць П. часовыя (напр., для фарміравання куксы і абучэння хворага хадзьбе пасля ампутацыі), пастаянныя (верхніх і ніжніх канечнасцей пасля фарміравання куксы), рабочыя (актыўныя), касметычныя (без аднаўлення функцый); гл. таксама Штучныя органы і апараты. На Беларусі П. распрацоўваюць у НДІ траўматалогіі і артапедыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЧА́Л,
сукупнасць збудаванняў, канструкцый і прыстасаванняў для стаянкі і абслугоўвання марскіх суднаў.
Адрозніваюць П.: пасажырскія, грузавыя, суднарамонтныя, ваенныя і інш.; стацыянарныя, плывучыя, рэйдавыя (у акваторыі порта для якарнай стаянкі суднаў). У склад П. ўваходзяць прычальныя збудаванні, перагрузачныя механізмы і прыстасаванні, пад’язныя чыг. пуці і аўтадарогі, склады, спец. памяшканні і інш. Прычальныя збудаванні (пірсы) абсталёўваюць тумбамі для замацавання суднавых швартоваў і адбойнымі прыстасаваннямі, што засцерагаюць П. і барты суднаў ад пашкоджанняў. Сукупнасць П. утварае прычальную лінію ці прычальны фронт порта. Гл. таксама Прыстань.
Прычалы марскога порта: 1 — хвалялом; 2 — молы; 3 — плывучы кран; 4 — маяк; 5 — прычал для пагрузкі колавай тэхнікі; 6 — кантэйнерны прычал; 7 — мокры док для пагрузкі і разгрузкі суднаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕМАХАРЫ́Я (ад анема... + ...харыя),
перанос пладоў, насення, спораў і інш. зачаткаў (дыяспораў) раслін паветр. плынямі. Асн. спосаб рассялення наземных споравых раслін, грыбоў і некаторых інш. арганізмаў. Мае значэнне і ў насенных раслін. Пры анемахарыі дыяспоры лунаюць і планіруюць, апалыя пераносяцца ветрам па паверхні глебы, вады або па шарпаку.
Дыяспоры, якія лунаюць, маюць невял. масу (споры, дробнае пылаватае насенне ятрышнікавых, заразіхавых, грушанкавых, званочкавых) або прыстасаванні накшталт парашуцікаў (чубкі на пладах ветравых, на насенні скрыпнёвых, ластаўневых, вярбовых). У дыяспораў, якія планіруюць, ёсць крылападобныя прыдаткі (плады вяза, бярозы, вольхі, клёну, ясеня, насенне хвойных і інш.). Асн. маса дыяспораў разносіцца ў межах да 1 км (адзінкавыя дыяспоры дрэў у буру ці па шарпаку — да 4—10 км, споры грыбоў — часам на сотні кіламетраў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАКСІМА́НДР (Anaximandros) з Мілета
(каля 610—546 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф. Прадстаўнік іанійскай натурфіласофіі, паслядоўнік Фалеса. Аўтар твора «Пра прыроду» (не захаваўся). Лічыў, што асновай усяго існага з’яўляецца апейрон (вечная і бясконцая першаматэрыя), з якога ўзнікаюць усе рэчы і ў які вяртаюцца пасля сваёй гібелі; з яго ж вылучаюцца 2 асн. процілегласці: халоднае і цёплае, вільготнае і сухое, іх узаемадзеянне ўтварае рэчы і светы. Анаксімандр даў фармулёўку закону захавання матэрыі. Паводле касмалагічнай тэорыі Анаксімандр, у цэнтры сусвету знаходзіцца нерухомая Зямля, існуе незлічоная колькасць светаў, размешчаных паслядоўна па часе і побач адзін з адным. Спрабаваў Анаксімандр даць дыялект. тлумачэнне свету і жыцця, свабоднае ад міфалогіі, склаў першую геагр. карту, зрабіў першыя ў Грэцыі сонечны гадзіннік і астр.прыстасаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСТАНЦЫ́ЙНАЕ КІРАВА́ННЕ кіраванне на адлегласці апаратамі, машынамі, тэхн. сістэмамі (напр., рухавікамі, тармазамі, выключальнікамі і інш.).
Бывае мех., пнеўматычнае, эл., радыётэхн. і інш.; мае схемы кіравання, блакіроўкі (забяспечваюць паслядоўнасць аперацый кіравання) і сігналізацыі (паказваюць становішча асобных элементаў абсталявання і кантралююць пашкоджанні ў ланцугах), каналы сувязі і тэхн. прылады (маніпулятары, робаты, радыёэлектронныя, эл.-магн. і інш.прыстасаванні). Выкарыстоўваецца пры цэнтралізацыі кіравання вытв. працэсамі ў хім. прам-сці, нафтавых і газавых промыслах, электраэнергетыцы, на транспарце (у т. л.чыг. і трубаправодным) і інш., для кіравання палётамі ракет і касм. апаратаў, у ваен. справе, а таксама ва ўмовах, небяспечных для чалавека (напр., з-за высокай т-ры, забруджанага асяроддзя, небяспечных выпрамяненняў і інш.). Гл. таксама Тэлемеханіка, Тэлекіраванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТРУМЕ́НТ (ад лац. instrumentum прылада),
прылада працы чалавека або выканаўчы механізм машыны. Адрозніваюць І. ручны (долата, малаток, зубіла і інш.), станочны (разцы, фрэзы, свердлы і інш.) і механізаваны з эл., гідраўл. або пнеўматычным прыводам (т.зв. ручныя машыны — свідравальныя, шліфавальныя, рубільныя, апіловачныя, кляпальныя, шабравальныя і інш.).
Найб. пашыраны дрэварэзальны інструмент, кавальскі інструмент, металарэзны інструмент, слясарна-зборачны інструмент, сталярна-цяслярскі інструмент, а таксама рознага прызначэння абразіўны інструмент. Асобную групу складае вымяральны 1.: вугламеры, глыбінямеры, мікрометры, нутрамеры, штангенінструмент, калібры, канцавыя меры, лінейкі, цыркулі і г.д. (гл.Вымяральная тэхніка). Да І. адносяць таксама: некаторыя прыстасаванні, штампы, ліцейныя мадэлі, какілі; І. для хірург. аперацый у медыцыне і ветэрынарыі (гл.Хірургічныя інструменты); музычныя інструменты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРФЕ́ЙС (англ. interface),
сукупнасць тэхн. і праграмных сродкаў для абмену інфармацыяй паміж рознымі прыладамі і блокамі электронных вылічальных машын, вылічальных сістэм, сетак і інш. Мае апаратную частку (забяспечвае мех. і эл. злучэнне), сістэму правіл і пагадненняў аб кадзіраванні, сінхранізацыі і лагічнай арганізацыі перадавальнай інфармацыі, праграмы ці асобныя прыстасаванні для непасрэднага выканання абмену.
Адрозніваюць І. паслядоўны (інфармацыя перадаецца паслядоўна, біт за бітам) і паралельны (многаканальны); унутрымашынны. перыферыйных прылад, міжмашынны, міжсістэмны, міжсеткавы і інш.Асн. характарыстыкі: прапускная здольнасць, частата перадачы сігналаў, колькасць ліній сувязі (каналаў), дапушчальная адлегласць паміж спалучанымі прыладамі і інш. У міні-, мікра-, а таксама персанальных ЭВМнайб. пашыраны паралельны І. тыпу «агульная шына» або «мультышына», па якім перадаюцца адрасы, даныя і сігналы кіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́ТКАЕ ЗАМЫКА́ННЕ,
злучэнне токаправодных частак эл. ланцуга праз малое (блізкае да нуля) супраціўленне. Парушае работу эл. апарата (устаноўкі), небяспечнае для людзей.
Бывае 2- і 3-фазнае; аднафазнае — на зямлю або корпус (злучэнне праваднікоў эл. устаноўкі з прадметамі, што маюць нулявы патэнцыял); міжвітковае (злучэнне накоратка аднаго або некалькіх віткоў абмоткі эл. апарата ці эл. машыны); перамежнае (пачаргова ўзнікае і знікае, напр., паміж правадамі, якія разгойдваюцца). Прычыны К.з. — парушэнне электраізаляцыі правадоў або выпадковае злучэнне неізаляваных праваднікоў паміж сабой ці праз электраправодны матэрыял. Вядзе да рэзкага павелічэння току, выклікае празмернае награванне правадоў і апаратаў, можа прывесці да пажару ці пашкоджання эл. абсталявання. Каб папярэдзіць небяспечныя наступствы К.з. выкарыстоўваюць токаабмежавальныя рэактары электрычныя, секцыянаванне эл. сеткі, прыстасаванні хуткага адключэння ўчастка з К.з. (рэлейную ахову, аўтам.выключальнікі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЯ́РНЫЯ РАБО́ТЫ,
пакрыццё паверхняў будынкаў, збудаванняў і вырабаў ахоўнымі, дэкаратыўнымі або інш. фарбавальнымі саставамі; разнавіднасць аддзелачных работ. Уключаюць ачыстку паверхні, нанясенне грунтавога саставу, падмазку няроўных месцаў і суцэльную шпаклёўку, шліфаванне паверхні, афарбоўку.
Ачыстку паверхні робяць пескаструменнымі апаратамі, мех. шчоткамі і шарошкамі, ручнымі інструментамі; шпаклёўку — механізаванымі шпатэлямі і пнеўматычнымі агрэгатамі, што распыляюць шпаклёвачныя саставы, якія падрыхтоўваюць у выглядзе канцэнтратаў, што разбаўляюцца на месцы работ разбаўляльнікамі да патрэбнай кансістэнцыі (гл.Лакафарбавыя матэрыялы). Пры М.р. на буд. аб’ектах выкарыстоўваюць рыштаванні і падмосткі, падвесныя люлькі, для засцярогі — ахоўныя акуляры і рэспіратары.
І.І.Леановіч.
Інструменты і прыстасаванні для малярных работ: 1—6 — пэндзлі (пабелачны, маклавіца, ручнік, флейц, філянговы, тарцоўка); 7 — футравы валік; 8 — здвоены валік для афарбоўкі труб; 9 — ванначка з сеткай; 10 — шпатэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАВЫ́Я О́РГАНЫ, геніталіі,
органы палавога размнажэння жывёл і чалавека. З’яўляюцца першаснымі палавымі прыкметамі. Большасць відаў жывёл аднаполыя, мужчынскія і жан. П.о. падзяляюць на вонкавыя і ўнутр. (розныя па будове, але гамалагічныя па супольнасці іх эмбрыянальных зачаткаў). Звязаны з органамі выдзялення. Да П.о. адносяць палавыя залозы (семяннікі, яечнікі, гермафрадытныя залозы), палавыя пратокі (семяправоды, яйцаводы), дадатковыя органы (залозы, сакрэт якіх узмацняе актыўнасць сперматазоідаў, а ў самак служыць для ўтварэння абалонак яец, рэзервуары для захоўвання семя), капулятыўныя органы (пры ўнутр. апладненні). У жывародных жывёл да П.о. адносяць прыстасаванні для выношвання дзіцянят (напр., вывадкавая сумка ў сумчатых). П.о. раслін наз.генератыўнымі органамі. У чалавека дыферэнцыроўка П.о. на мужч. і жан. працягваецца да 8-га тыдня развіцця плода.