КСІЛО́МЕТР (ад ксіло... + ...метр),
прылада для вымярэння аб’ёмаў прадметаў няправільнай формы (першапачаткова пераважна з драўніны). Уяўляе сабой пасудзіну з сазлучанай з ёй градуіраванай празрыстай трубкай, якая паказвае аб’ём вадкасці, выцеснены апушчаным у пасудзіну прадметам.
т. 8, с. 544
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРГЕЛІЁМЕТР (ад піра... + грэч. hēlios Сонца + ...метр),
прылада для вымярэння інтэнсіўнасці прамой сонечнай радыяцыі ў абсалютных адзінках. Прынцып дзеяння заснаваны на паглынанні сонечнай радыяцыі і пераўтварэнні яе ў цеплавую энергію. Выкарыстоўваюць для праверкі актынометраў.
т. 12, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПІНТАРЫСКО́П (ад грэч. spintharis іскра + ...скоп),
прылада для візуальнага назірання α-часціц; найпрасцейшы сцынтыляцыйны лічыльнік. Калі α-часціца трапляе на экран, пакрыты сцынтылявальным рэчывам (напр., сярністы цынк), адбываецца слабая бачная вокам светлавая ўспышка (сцынтыляцыя).
т. 15, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮРО́К, вірок,
у беларусаў прылада для звівання пражы ў клубок; круглая драўляная палачка даўж. 15—18 см з дзірачкамі на процілеглых канцах, у якія працягвалася нітка. У наш час выйшаў з ужытку.
т. 18, кн. 1, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯТРО́П (ад гелія... + грэч. tropos паварот, напрамак),
геадэзічная прылада для дакладных вымярэнняў гарызантальных вуглоў у трыянгуляцыі. Асн. частка — плоскае люстэрка, якое адбівае сонечныя прамяні ад аднаго геадэзічнага пункта да другога, дзе выконваюцца вугламерныя вымярэнні тэадалітам.
т. 5, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІБІ́ЛА,
у беларусаў прылада для лоўлі ракаў. Да завостранай на адным канцы палкі ўнізе прывязвалі мяса жабы, малюскаў. Ракаў, што прычапіліся да прылады, выцягвалі на паверхню вады. Была пашырана ў канцы 19 — пач. 20 ст.
т. 9, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭ́ЎКА,
у беларусаў ткацкая прылада ў выглядзе драўлянай палачкі, на якую накручвалі (насуквалі) уточную пражу. Даўж. 14—16 см, з патаўшчэннямі на канцах. Пры тканні ўстаўлялася ў чаўнок. Ніткі на Ц. навівалі пры дапамозе сукала.
т. 17, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫКА́ТАР РАДЫЕАКТЫ́ЎНАСЦІ,
дазіметрычная прылада для выяўлення радыеактыўнага забруджвання мясцовасці і папярэдняга вызначэння дозы іанізавальнага выпрамянення. Бывае пераносны і стацыянарны. Імі забяспечваюцца падраздзяленні радыяцыйнай і хім. разведкі, разведвальныя дазоры, пасты назірання і сувязі, а таксама фарміраванні грамадз. абароны.
т. 7, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁВЫШЫНЯМЕ́Р, радыёальтыметр,
прылада для вызначэння вышыні палёту лятальнага апарата з дапамогай радыёхваль. Вышыню палёту вызначаюць, напр., па прамежку часу паміж пасылкай перадатчыкам і вяртаннем адбітага ад зямной паверхні імпульснага сігналу ў прыёмнік лятальнага апарата (гл. Радыёлакацыя).
т. 13, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛЕРО́МЕТР (ад грэч. sklēros цвёрды, шчыльны + ...метр),
прылада для вымярэння цвёрдасці металаў, крышталяў, пакрыццяў і інш. матэрыялаў. Засн. на метадах драпін і ўціскання. Цвёрдасць матэрыялу вызначаюць нагрузкай, пры якой застаецца драпіна пэўнай шырыні або ўціснутасць пэўнай плошчы.
т. 14, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)