ГАРЭ́ЦКІ Максім Іванавіч (18.2.1893, в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.2.1938),

бел. пісьменнік, літаратуразнавец, публіцыст, фалькларыст, грамадскі дзеяч. Адзін з пачынальнікаў нац. маст. прозы. Зрабіў вял. ўклад у развіццё бел. культуры, у фарміраванне нац. свядомасці. Брат Г.І.Гарэцкага. Скончыў Горацкае каморніцка-агранамічнае (1913), Паўлаўскае ваен. (Петраград, 1916) вучылішчы. У 1913—14 працаваў на Віленшчыне, у 1914—17 на фронце, быў цяжка паранены. З канца 1917 у Смаленску, супрацоўнічаў у «Известиях Смоленского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов», у газ. «Звезда» (1918), з рэдакцыяй якой пераехаў у Мінск, на пач. 1919 — у Вільню. У выніку захопу горада польскімі войскамі апынуўся на акупіраванай тэрыторыі. Выкладаў на бел. настаўніцкіх курсах і ў Віленскай беларускай гімназіі. Рэдактар газ. «Наша думка» (снеж. 1920 — ліп. 1921), з вер. 1921 выдавец і рэдактар газ. «Беларускія ведамасці». У студз. 1922 арыштаваны і зняволены ў Лукішскую турму. Яму было прад’яўлена абвінавачванне «ў прыналежнасці да партыі камуністаў, у арганізацыі тайных баявых дружын з мэтаю замаху на дзяржаўную ўладу, у друкаванай і вуснай прапагандзе». За гэта пагражала смяротная кара або катарга. Дзякуючы пратэсту грамадскасці суд не адбыўся. Паводле слоў пісьменніка, ён «без суда, са здзекам, быў выкінуты з Вільні ў нейтральны пас паміж польскім і літоўскім фронтам». У кастр. 1923 пераехаў у Мінск. Выкладаў беларусазнаўства на рабфаку БДУ, бел. мову і л-ру ў Камуністычным ун-це Беларусі. Працаваў у Інбелкульце (з 1925 правадз. член), у Горацкай с.-г. акадэміі (люты 1926 — жн. 1928), у АН Беларусі. 18.7.1930 арыштаваны на падставе сфабрыкаванага органамі АДПУ абвінавачання ў прыналежнасці да «Саюза вызвалення Беларусі». 10.4.1931 асуджаны да 5 гадоў высылкі ў Вятку. З 1935 выкладаў рус. мову і л-ру ў школе ў пас. Пясочня Смаленскай вобл. (цяпер г. Кіраў Калужскай вобл.). 4.11.1937 зноў арыштаваны, 5.1.1938 прыгавораны да расстрэлу (расстраляны ў Вязьме). Рэабілітаваны ў 1957.

Літ. дзейнасць пачаў з газетных нататак і карэспандэнцый. Першае апавяданне «У лазні» апубл. ў 1913. Дамінуючая тэма яго творчасці — лёс бел. сялянства, працоўнай вёскі на гіст. зломе эпох, народ і інтэлігенцыя, пошукі ёю шляхоў сац. і нац. вызвалення. Зборнікам апавяданняў «Рунь» (1914), драматызаванай аповесцю «Антон» (1914, апубл. 1919) і інш. творамі пашырыў тэматычныя і жанрава-стылёвыя межы бел. прозы, увёў новага героя — вясковага інтэлігента («Роднае карэнне» і інш.) і форму лірыка-экспрэсіўнага спасціжэння рэчаіснасці («Патаёмнае», «Страхаццё»). Да гэтага перыяду адносіцца паспяховая спроба маст. асваення гіст. тэмы («Лірныя спевы») і жанру філас., інтэлектуальнай прозы (цыкл апавяданняў «За што?»). Гарэцкі прайшоў шлях складанага ідэйна-творчага і светапогляднага развіцця. Значныя карэктывы ў асветніцкае ўспрыманне рэчаіснасці, што ўласціва ранняму перыяду яго творчасці, унесла вайна і рэвалюцыя. Паглыбіўся гістарызм пісьменніцкага мыслення, узмацніўся аналітычны пачатак у творчасці, іншай стала філас. канцэпцыя чалавека як істоты складанай, супярэчлівай, падуладнай уздзеянню разнастайных фактараў і ўплываў («Маці», «Хадзяка»). Апавяданні ваеннай тэматыкі («Літоўскі хутарок», «Генерал», «Рускі») прасякнуты антымілітарысцкім пафасам, пратэстам супраць разбурэння маральных асноў быцця. У публіцыстыцы смаленскага перыяду (кастр. 1917 — люты 1919) выказваў спадзяванне на перамогу сацыяліст. рэвалюцыі (арт. «Новая буржуазія»), падтрымліваў асобныя палажэнні бальшавіцкай праграмы (арт. «Няхай жыве камуністычная Беларусь!»); творчая і грамадская дзейнасць віленскага перыяду (люты 1919 — кастр. 1923) прасякнута асуджэннем тэрору і непрыманнем новай улады (аповесць «Дзве душы», 1919, апавяданні «Апостал», «Усебеларускі з’езд 1917-га года»). Абноўленая нац.-адраджэнская праграма, скіраваная на выхаванне сац. і нац. свядомасці, духоўнае ўзвышэнне чалавека, пераадоленне ім прыгонніцкай спадчыны, выявілася ў апавяданнях «Панская сучка», «Смачны заяц» (зб. «Досвіткі», 1926). У творчасці 1930-х г. адзначаецца далейшае паглыбленне эпічных асноў, больш грунтоўная распрацоўка тэм інтэлігенцыя і народ, будучыня Беларусі. Своеасаблівыя этапы духоўнай біяграфіі вясковай моладзі адлюстраваны ў аповесцях «У чым яго крыўда?» (1926), «Меланхолія» (нап. ў 1920-я г.), дакументальна-маст. дзённіку «На імперыялістычнай вайне» (1926). Творы Гарэцкага засведчылі новы падыход у адлюстраванні падзей вайны і зараджэнне традыцыі «акопнай праўды» як літ.-эстэт. з’явы. У рамане-хроніцы «Віленскія камунары» (1931—32, апубл. 1963) паказаў герояў, якія лічылі рэв. барацьбу універсальным сродкам вырашэння сацыяльных праблем. Панарама жыцця бел. народа ад часоў прыгоннага права да 1930-х г. створана ў аповесці «Камароўская хроніка» (незаконч., апубл. ў 1966). Дакументальна-маст. сродкамі ў ёй адлюстраваны сац. супярэчнасці эпохі, побыт, праца, норавы, звычаі бел. вёскі і інш. пластоў грамадства, раскрыты рысы характару беларуса. У творах Гарэцкага арганічна спалучаюцца сац. аспекты з маст. даследаваннем духоўнай сферы, выяўляецца глыбіня і змястоўнасць філас. канцэпцыі жыцця як няспыннага працэсу выпрацоўкі і перадачы ад пакалення да пакалення сац. і маральна-этычнага вопыту, духоўных каштоўнасцей. Незакончаныя творы «Лявоніус Задумекус» (1931—32), «Скарбы жыцця» (1932—35, 1937?), «Кіпарысы» (апрацоўка запісаў 1928) разам з асобнымі раздзеламі «Камароўскай хронікі» раскрываюць трагізм становішча рэпрэсіраванага мастака, з’яўляюцца пачаткам эстэт. асваення бел. літ. тэмы ГУЛАГа. Гарэцкі — аўтар «Гісторыі беларускае літаратуры» (1920, факс. выд. 1992), «Хрэстаматыі беларускае літаратуры: XI век — 1905 г.» (1922), слоўнікаў «Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік» (1919), «Практычны расійска-беларускі слоўнік» (1924, разам з М.​Байковым), зб. «Народныя песні з мелодыямі» (1928, з А.​Ягоравым) і інш. Пераклаў на бел. мову раман А.​Фадзеева «Разгром», аповесці Ю.​Лібядзінскага «Тыдзень», «Камісары», асобныя апавяданні М.​Горкага («Зброднік», «Канавалаў», «Чалкаш»), а таксама артыкулы і дадаткі да 3-га тома Зб. тв. У.​І.​Леніна (выд. 1929). Рукапісная спадчына Гарэцкага захоўваецца ў аддзеле рэдкай кнігі і рукапісаў Цэнтральнай навук. б-кі імя Я.​Коласа Нац. АН Беларусі. Творы пісьменніка перакл. на рус., укр., балг., лат., літ., ням., польск. мовы. На радзіме пісьменніка створаны музей, пастаўлены помнікі ў Мінску, Вязьме, імем Гарэцкага названы вуліцы ў Мінску, Мсціславе, Горках. У 1997 створаны Міжнар. фонд братоў Гарэцкіх.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1973;

Зб. тв. Т. 1—4. Мн., 1984—1986;

Творы. Мн., 1990.

Літ.:

Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы. Мн., 1984;

Адамовіч А. «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» Мн., 1980;

Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. Мн., 1968;

Дасаева Т.М. Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага. Мн., 1993;

Гарэцкі Р. Расстрэл Максіма Гарэцкага // ЛІМ. 1992. 9 і 16 кастр.;

Першыя Гарэцкія чытанні: (Тэз. дакл. і паведамл.). Горкі, 1992;

Гарэцкія чытанні: Тэз. дакл. і паведамл. Горкі, 1993;

Гарэцкія чытанні: Матэрыялы дакл. і паведамл. Горкі, 1994, 1996.

М.​І.​Мушынскі.

М.І.Гарэцкі.

т. 5, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭПРЭ́СІІ ПАЛІТЫ́ЧНЫЯ ў СССР,

розныя меры прымусу, якія ўжывалі ўлады СССР у адносінах да сваіх, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства па паліт. матывах. Ажыццяўляліся судамі або пазасудовымі органамі (т.зв. «тройкі», «двойкі», калегіі, асобыя нарады і інш.) ці ў адм. парадку органамі выканаўчай улады і службовымі асобамі і грамадскімі арг-цыямі з адм. паўнамоцтвамі. Р.п. ў СССР былі лагічным працягам рэпрэсій і тэрору перыяду грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22, калі ў суд. і пазасуд. карнай практыцы прынцып права часта падмяняўся класавым падыходам і рэв. мэтазгоднасцю. На мяжы 1920—30-х г. камандна-адм. метады кіравання распаўсюдзіліся на большасць сфер грамадскага жыцця, дэмакр. сістэма прыняцця рашэнняў была выкраслена з жыцця грамадства. Рэзка абмежавалася самастойнасць ніжэйстаячых звёнаў выканаўчай улады і парт. органаў. Паступова выпрацоўвалася адзінства думак, якое падавалася нар. масам як вял. дасягненне ў сацыяліст. будаўніцтве. З пераходам да фарсіраванай індустрыялізацыі і суцэльнай калектывізацыі завяршыўся пераход ад паліт. рэжыму, у якім ген. лінія Кампартыі выпрацоўвалася ў ходзе супастаўлення і барацьбы думак, да рэжыму, дзе паліт. кіраўніцтва ажыццяўлялася на аснове жорсткай дысцыпліны. У СССР усталяваўся і пачаў умацоўвацца адм.-аўтарытарны рэжым, які пазней атрымаў назву адміністрацыйна-каманднай сістэмы. Ва ўсіх сферах грамадскага жыцця была зроблена стаўка на дыктат. «Рэпрэсіі ў галіне сацыялістычнага будаўніцтва, — лічыў І.В.Сталін, — з’яўляюцца неабходным элементам наступлення». Разгортванню масавых рэпрэсій спрыяў культ асобы Сталіна, ва ўмовах якога кожная праява непавагі да яго дзейнасці каралася як контррэв. злачынства. Сярод інш. прычын на Р.п. паўплывалі знешнія ўмовы існавання СССР у капіталіст. акружэнні. З далучэннем да СССР у 1939—40 Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны, Бесарабіі, Латвіі, Літвы і Эстоніі асаблівы размах набылі дэпартацыі насельніцтва на У СССР. У час Вял. Айч. вайны 1941—45 па абвінавачанні ў масавым супрацоўніцтве ці дапамозе ням. захопнікам дэпартаваны на У цэлыя народы: крымскія татары, калмыкі, немцы Паволжа, чэчэнцы, інгушы і інш. У пасляваен. перыяд былі рэпрэсіраваны многія ўдзельнікі антысав. руху ў Прыбалтыцы, Зах. Украіне і Зах. Беларусі. Буйнамаштабнай праявай Р.п. канца 1940—пач. 50-х г. была т.зв. Ленінградская справа. Паводле дакладной запіскі Ген. пракуратуры, мін-ваў юстыцыі і ўнутр. спраў СССР ад 1.2.1954, у 1921—53 па абвінавачанні ў контррэв. злачынствах было асуджана 3 777 380 чал., з якіх 642 980 чал. прыгавораны да расстрэлу. Большасць з іх была асуджана ў 1934—38. Масавыя Р.п. 1930 — пач. 50-х г. афіцыйна асуджаны на XX (1956) і XXII (1961) з’ездах КПСС. У 1954—61 рэабілітавана больш як 700 тыс. чал. Аднак з сярэдзіны 1960-х г. работа па рэабілітацыі была згорнута. З пач. перабудовы ў 1987 утворана Камісія Палітбюро ЦК КПСС па дадатковым вывучэнні матэрыялаў, звязаных з рэпрэсіямі, што мелі месца ў 1930—40-х і пач. 1950-х г. У наступныя гады выдадзены Пастанова Палітбюро ЦК КПСС «Аб дадатковых захадах па аднаўленні справядлівасці ў адносінах да ахвяр рэпрэсій, што мелі месца ў перыяд 30—40-х і пачатку 50-х гадоў» (5.1.1989), Указ Прэзідэнта СССР «Аб аднаўленні правоў усіх ахвяр палітычных рэпрэсій 20—50-х гадоў» (13.8.1990), Законы РСФСР «Аб рэабілітацыі рэпрэсіраваных народаў» (26.4.1991) і «Аб рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій» (18.10.1991). У снеж. 1992 утворана Камісія пры Прэзідэнце Рас. Федэрацыі па рэабілітацыі ахвяр паліт. рэпрэсій. Усяго ў канцы 1980 — пач. 90-х г. рэабілітавана каля 1 млн. чал.

Р.п. на Беларусі адбываліся ў тых жа ўмовах і на тых жа падставах, што і ў інш. рэспубліках СССР. У 1920—30-я г. на іх адбілася становішча БССР як нац. саюзнай рэспублікі, якая непасрэдна межавала з капіталіст. Захадам. У 1920-х г. тут, як і паўсюдна ў СССР, сфарміраваўся своеасаблівы рэпрэсіўны механізм, які ўключыў заканад. базу, а таксама сістэму суд., пазасуд. органаў і папраўча-працоўных лагераў (гл. ГУЛАГ). Непасрэднымі выканаўцамі палітыкі Р.п. на Беларусі былі рэсп. ўстановы і мін-вы сістэмы ВЧК, АДПУ, НКУС, НКДБ, МДБ, МУС і КДБ. Усяго ў перыяд масавых Р.п. (1917—53) пацярпелі каля 600 тыс. жыхароў Беларусі. З іх 250 449 чал. асуджаны судамі ці пакараны рашэннямі пазасуд. органаў («двоек», «троек», асобых нарад, калегій АДПУ, НКУС, МДБ і інш.). У гэтую лічбу ўваходзяць і асуджаныя за калабарацыянізм (гл. Калабарацыяністы) у гады Вял. Айч. вайны 1941—45. Астатнія былі рэпрэсіраваны (пераважна дэпартаваны, высланы, сасланы) у адм. парадку. Найб. размах Р.п. прыпаў на 1937—38. У 1935—40 куды ўваходзіць і гэты перыяд, ад Р.п. пацярпелі 86 168 жыхароў Беларусі, з іх 28 425 расстраляны. Усяго ў ліст. 1917 — крас. 1953 за контррэвалюцыйныя злачынствы да смяротнай кары прыгаворана 35 868 чал. У сувязі з калектывізацыяй і раскулачваннем у 1920—30-я г. рэпрэсіравана і выслана за межы рэспублікі больш за 250 тыс. сялян і членаў іх сямей. Рэпрэсіі па абвінавачанні ў нацыянал-дэмакратызме (з канца 1920-х г.) выліліся ў расправу над прадстаўнікамі навукі, л-ры, мастацтва, работнікамі шэрагу наркаматаў рэспублікі. З 826 чал., якія праходзілі па спісе ўдзельнікаў бел. нац. руху 1917—24, былі рэпрэсіраваны ўсе, хто застаўся пражываць у СССР. У 1930-я г. больш за палавіну свайго асабістага складу страціў у выніку рэпрэсій Саюз пісьменнікаў Беларусі, практычна поўнасцю была разгромлена Бел. АН, у т. л. рэпрэсіраваны 26 акадэмікаў і 6 чл.-карэспандэнтаў. Кульмінацыяй расправы над нац. інтэлігенцыяй у 1930—31 стала справа «нацдэмаўскай контррэвалюцыйнай арганізацыі» «Саюз вызвалення Беларусі», па якой арыштавана 108 чал. Р.п. закранулі ўсе без выключэння пласты насельніцтва Беларусі. Іх ахвярамі сталі таксама сав., парт., камсамольскія, ваен. кадры, супрацоўнікі праваахоўных органаў. У 1931—38 органамі АДПУ—НКУС БССР былі праведзены паліт. працэсы над удзельнікамі «Аб’яднанага антысавецкага падполля», «Беларускай аўтакефальнай царквы», «Беларускай народнай грамады», «Беларускага нацыянальнага цэнтра», «Беларускага філіяла меншавікоў», «Беларускага філіяла Прампартыі», «Беларускага філіяла Працоўнай сялянскай партыі», Польскай арганізацыі вайсковай, «Саюзнага бюро РСДРП (меншавікоў)», «Партыі вызвалення сялян» і інш. Былі «выкрыты» таксама «контррэвалюцыйныя, шкодніцкія» арг-цыі амаль ва ўсіх сферах нар. гаспадаркі, у т. л. ў наркаматах земляробства, аховы здароўя, асветы, трактарацэнтры, у галіне нарыхтоўкі сельгаспрадуктаў, папяровай прам-сці. Грамадзяне Беларусі ў значнай сваёй частцы неабгрунтавана прыцягваліся да адказнасці як удзельнікі антысав., контррэв. арг-цый і інш. З вер. 1939 рэпрэсіўная палітыка ўлад з У перамясцілася ў Зах. Беларусь, адкуль у 1939—41 дэпартавана больш за 100 тыс. чал. У выніку 2 пасляваен. аперацый па перасяленні (жн. 1951, крас. 1952) з Зах. Беларусі ў Сібір дэпартаваны 2079 сем’яў (каля 9000 чал.) Першая значная рэабілітацыя ахвяр Р.п. праведзена ў 1939—41 у адносінах да рэпрэсіраваных парт., дзярж. і ваен. дзеячаў. Усяго за 1930—40-я г. (і да пач. 1954) рэабілітавана больш за 35 тыс. жыхароў Беларусі. Распачатая з сярэдзіны 1950-х г. у сувязі з хрушчоўскай «адлігай» масавая рэабілітацыя ахвяр Р.п. у 2-й пал. 1960-х г. была згорнута. Новы імпульс гэты працэс набыў у час перабудовы. З 1990 у БССР, потым у суверэннай Рэспубліцы Беларусь пачала фарміравацца ўласная заканад. база па пытаннях рэабілітацыі і забеспячэння ахвяр Р.п. 21.12.1990 Вярх. Савет Беларусі зацвердзіў «Палажэнне аб парадку аднаўлення правоў грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсій у 20—50-х гадах». Яно прадугледжвала парадак аднаўлення працоўных, пенсіённых, жыллёвых і інш. правоў грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсій, а таксама кампенсацыю прычыненых ім маёмасных і інш. страт. У адпаведнасці з гэтым дакументам Савет Міністраў рэспублікі 29.12.1990 прыняў пастанову «Аб прадастаўленні льгот асобам, неабгрунтавана прыцягнутым да крымінальнай адказнасці ў перыяд рэпрэсій 20—50-х гадоў і ў далейшым рэабілітаваным». Пастанова Вярх. Савета БССР ад 6.6.1991 «Аб парадку рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій 20—50-х гадоў у Беларускай ССР» значна спрасціла працэдуру рэабілітацыі рэпрэсіраваных. У наступныя гады заканад. органамі і ўрадамі Рэспублікі Беларусь прыняты яшчэ некалькі дапаўненняў да пастаноў і падзаконных актаў па рэабілітацыі. Імі прадугледжаны разам з рэабілітацыяй грамадзян аднаўленне страчаных імі ў сувязі з рэпрэсіямі сац.-паліт. і маёмасных правоў. Усяго з 1954 да цяперашняга часу на Беларусі рэабілітавана больш як 200 тыс. рэпрэсіраваных. Рэабілітацыя працягваецца.

Літ.:

Реабилитация: Полит. процессы 30—50-х гг. М., 1991;

Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20—50-х гг. на Беларусі. 1994;

Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў XX ст.: Матэрыялы навук.-практыч. канф. Мн., 1998;

Земсков В. Политические репрессии в СССР (1917—1990 гг.) // Россия, XXI. 1994. № 1/2.

У.​І.​Адамушка.

т. 14, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАНЯТАСЦЬ НАСЕЛЬНІЦТВА.

Ва ўмовах планавай эканомікі гал. кірункам дзярж. палітыкі СССР, у т. л. Беларускай ССР, было максімальнае далучэнне працаздольнага насельніцтва да працоўнай дзейнасці. Рэфармаванне эканомікі Рэспублікі Беларусь і абвяшчэнне добраахвотна выбранай занятасці стварылі перадумовы для функцыянавання рынку працы, які рэгулюе прапановы і попыт на рабочую сілу, ацэньвае яе лішак або недахоп, размяркоўвае працаўнікоў паміж галінамі эканомікі і рэгіёнамі.

У першыя гады рэформ (1-я пал. 1990-х г.) разам з эканам. спадам адбылося зніжэнне ўзроўню эканам. актыўнасці насельніцтва, абумоўленае адменай абавязковай занятасці і добраахвотным выхадам часткі насельніцтва з эканам. сферы. У выніку знізілася рэальная заработная плата і павялічылася дыферэнцыяцыя ў аплаце працы. Адзначаны змены структуры занятага насельніцтва ў бок прыватнага сектара і галін сферы паслуг, развіццё новых відаў прац. дзейнасці (на самаст. аснове, з выкарыстаннем наёмнай рабочай сілы, на сямейных прадпрыемствах), пашырэнне часовай занятасці і розных форм сумяшчальніцтва. У 2-й пал. 1990-х г. у выніку росту аб’ёмаў вытворчасці павялічыўся попыт на рабочую сілу, адток кадраў змяніўся на прыток (за выключэннем сельскай гаспадаркі і навукі). За 1996—2000 колькасць працоўных у эканоміцы павялічылася з 4410 тыс. да 4441 тыс. чал. (на 0,7%), але не дасягнула ўзроўню 1990 (5151 тыс. чал.; гл. табл. 17). У 2001—03 адбылося скарачэнне колькасці занятага насельніцтва да 4305 тыс. чал., але вызваленне рабочай сілы суправаджалася ростам прадукцыйнасці працы, ліквідацыяй устарэлых і неэфектыўных працоўных месц. Вядучай вытворчай галіной у эканоміцы Беларусі застаецца прамысловасць, дзе сканцэнтравана 26,7% усіх занятых (гл. табл. 18).

Хутка скарачаецца доля занятых у сельскай гаспадарцы (з 19,1% у 1995 да 11,1% у 2003), што суправаджаецца нізкай прадукцыйнасцю працы, вострым дэфіцытам кадраў; скарачаецца колькасць занятых таксама ў фермерскіх і прыватных дапаможных гаспадарках. Устойлівая тэндэнцыя попыту на рабочую сілу назіралася ў сферах кіравання, фінансаў, гандлю, грамадскага харчавання, аховы здароўя, адукацыі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Неспрыяльная сітуацыя склалася ў навуцы і навук. абслугоўванні, дзе за гады рэформ колькасць работнікаў скарацілася больш чым удвая і іх доля сярод усіх працоўных склала 0,9% (супраць 2% у 1990). Пашыраецца занятасць у сферы паслуг (доля работнікаў тут дасягае 52,4% у 2003). Але, калі ў развітых краінах суадносіны занятых у сферы паслуг і вытворчым сектары эканомікі захоўваюцца, як мінімум, на ўзроўні 60:40, то на Беларусі яны складаюць 52:48.

Дынаміка суадносін занятых па формах уласнасці мае ўстойлівую тэндэнцыю да скарачэння долі працуючых у дзярж. сектары эканомікі (з 59,8% у 1995 да 55,1% у 2002). Да канца 1990-х г. тэмпы прыватызацыі знізіліся і доля дзярж. уласнасці застаецца адной з самых высокіх у параўнанні з іншымі краінамі. Дзярж. манаполія ўласнасці выразна праяўляецца і ў сац.-культурнай сферы, дзе яе доля дасягае 87—95%. У прыватным сектары эканомікі ў 2002 было занята каля 1,9 млн. чал. (44% працоўнага насельніцтва). Каля ​1/3 работнікаў прыватнага сектара працуюць у суб’ектаў гаспадарання са змешанай формай уласнасці. Ад агульнай колькасці працуючых у эканоміцы іх доля складае 12,4% — без замежнага ўдзелу і 1,9% — з замежным удзелам (гл. табл. 18). У апошнія гады азначылася тэндэнцыя павелічэння колькасці індывідуальных прадпрымальнікаў, але тут па-ранейшаму пераважае гандлёва-пасрэдніцкая дзейнасць.

У апошні час на рынку працы заўважаецца ўстойлівая тэндэнцыя росту прапаноў рабочай сілы і зніжэння попыту на яе ў сувязі са скарачэннямі на прадпрыемствах «лішняга» кадравага персаналу. Зарэгістраванае беспрацоўе ў 2002 дасягнула 3% эканамічна актыўнага насельніцтва. На канец 2002 на ўліку ў службе занятасці стаяла 130,5 тыс. беспрацоўных. Сярэдні памер дапамогі ім складае каля 8% сярэдняй заработнай платы, што намнога ніжэй за пражытачны мінімум, таму насельніцтва не рэгіструецца на біржах працы. Паводле звестак штогадовага выбарачнага абследавання дамашніх гаспадарак узровень беспрацоўя дасягае 7,4%, што амаль у 2,5 раза перавышае афіцыйна зарэгістраваны. Істотным элементам рынку працы з’яўляецца вымушаная няпоўная занятасць. Скрытае беспрацоўе на вытворчасці намнажалася ў 1 -й пал. 1990-х г., яго ўзровень у канцы 1995 дасягаў 26,4%; у канцы 2002 знізіўся да 13,4% суадносна з сярэдняспісачнай колькасцю работнікаў. Агульныя страты працоўнага часу ў 2002 склалі 22,5 млн. чалавека-гадз, што адпавядае нявыхаду на працу 89 тыс. чал. Сярод беспрацоўных на Беларусі пераважаюць жанчыны (63,4% ад усіх беспрацоўных у 2002). Сярэдні перыяд пошуку працы для жанчын складае 7,1 мес, для мужчын — 5,9 мес. Беспрацоўная моладзь складае каля 50%. Гарантаванае рабочае месца мае толькі кожны 15-ы выпускнік ВНУ. У апошнія гады напружанне на рынку працы памяншаецца (у 1995 на 1 працоўнае месца прэтэндавала 12 беспрацоўных, у 2002—5; гл. табл. 19).


Табліца 17
Занятасць насельніцтва па галінах эканомікі, тыс. чал. (%)
Год 1990 1995 1998 1999 2000 2001 2002
Усяго занята ў эканоміцы 5150,8 (100) 4409,6 (100) 4416,6 (100) 4442,0(100) 4441,0(100) 4417,4 (100) 4380,8 (100)
у тым ліку:
прамысловасць 1592,9 (30,9) 1216,2 (27,6) 1221,0 (27,6) 1231,0 (27,7) 1226,7 (27,6) 1212,0 (27,4) 1170,3 (26,7)
сельская гаспадарка 985,4 (19,1) 843,5 (19,1) 695,3 (15,8) 659,5 (14,8) 625,1 (14,1) 585,5 (13,3) 532,0 (12,1)
лясная гаспадарка 21,8 (0,4) 26,0 (0,6) 28,7 (0,6) 29,7 (0,7) 32,5 (0,7) 33,9 (0,8) 33,8 (0,8)
будаўніцтва 570,4(11,1) 302,4 (6,9) 329,5 (7,5) 330,5 (7,4) 312,3 (7,0) 317,5 (7,2) 310,2 (7,1)
транспарт 306,6 (6,0) 250,0 (5,7) 261,1 (5,9) 262,0 (5,9) 255,8 (5,8) 258,2 (5,9) 287,3 (6,5)
сувязь 58,5 (1,1) 59,8 (1,3) 60,3 (1,4) 61,5 (1,4) 62,5 (1,4) 63,5 (1,4) 63,9 (1,5)
гандаль, грамадскае харчаванне, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, збыт, нарыхтоўкі 381,9(7,4) 472,1 (10,7) 483,2 (10,9) 493,3 (11,1) 532,3 (12,0) 538,1 (12,2) 564,2 (12,9)
жыллёва-камунальная гаспадарка і невытворчыя віды бытавога абслугоўвання насельніцтва 151,5 (3,0) 175,6 (4,0) 193,4 (4,4) 202,5 (4,6) 208,1 (4,7) 211,3(4,8) 221,8 (5,1)
ахова здароўя, фізічная культура і сацыяльнае забеспячэнне 268.3 (5,2) 287,1 (6,5) 313,6(7,1) 322,4 (7,3) 326,1 (7,3) 327,4 (7,4) 327,2 (7,5)
адукацыя 433,9 (8,4) 417,5 (9,5) 454,5 (10,3) 460,6(10,4) 463,7 (10,4) 472,1 (10,7) 471,6 (10,8)
культура і мастацтва 74,2 (1,4) 70,2 (1,6) 73,9 (1,7) 77,0 (1,7) 80,2 (1,8) 80,1 (1,8) 78,6(1,8)
навука і навуковае абслугоўванне 102,6 (2,0) 45,7 (1,0) 43,7(1,0) 43,9(1,0) 42,2 (1,0) 41,9(0,9) 41,0(0,9)
фінансы, крэдыты і страхаванне 28,7 (0,6) 46,4 (1,1) 53,2 (1,2) 55,7 (1,2) 58,4 (1,3) 59,5 (1,4) 58,2 (1,3)
кіраванне 73,9 (1,4) 100,4 (2,3) 107,3 (2,4) 118,2(2,7) 136,6 (3,1) 137,6 (3,1) 136,5 (3,1)
грамадскія аб’яднанні 14,7 (0,3) 11,0 (0,2) 12,4 (0,3) 12,9 (0,3) 12,6 (0,3) 12,1 (0,3) 11,1 (0,2)

Табліца 18
Занятасць насельніцтва па формах уласнасці, у %
Год 1990 1995 1997 1998 1999 2000 2001 2002
Усяго занята ў эканоміцы, тыс. чал. 5150,8 4409,6 4369,9 4416,6 4442,0 4441,0 4417,4 4380,8
у тым ліку па формах уласнасці:
у дзяржаўнай 3805,9 2636,9 2536,3 2529,3 2545,3 2540,5 2527,1 2412,3
у прыватнай 1344,9 1768,9 1824,6 1876,6 1884,3 1882,1 1864,9 1928,4
у змешанай з замежнай 3,4 22,8 42,6 55,1 52,1 63,0 72,1 79,2
у замежнай 3,8 9,0 10,7 12,4 18,4 25,4 40,1
Усяго занята ў эканоміцы, у % 100 100 100 100 100 100 100 100
у тым ліку па формах уласнасці:
у дзяржаўнай 73,9 59,8 58,0 57,3 57,3 57,2 57,2 55,1
у прыватнай 26,1 40,1 41,8 42,5 42,2 42,4 42,2 44,0
у змешанай з замежнай 0,1 0,5 1,0 1,3 1,1 1,4 1,6 1,8
у замежнай — 0,1 0,2 0,2 0,3 0,4 0,6 0,9

Табліца 19
Колькасць беспрацоўных і патрэбнасць у работніках, заяўленая прадпрыемствамі і арганізацыямі ў органы дзяржаўнай службы занятасці (на канец года)
Год 1991 1995 1998 1999 2000 2001 2002
Колькасць беспрацоўных, чал. 2268 131043 105931 95421 95768 102859 130542
у іх ліку: жанчыны, чал. (%) 1815 (80,0) 84291 (64,3) 70620 (66,7) 61256 (64,2) 58147 (60,7) 62043 (60,3) 82674 (63,3)
асобы, якія жывуць у сельскай мясцовасці, чал. (%) — 21126 (16,1) 14789 (14,0) 12782 (13,4) 13223 (13,8) 14662 (14,3) 20681 (15,8)
Узровень беспрацоўя (у працэнтах да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва) 0,05 2,9 2,3 2,1 2,1 2,3 3,0
Патрэбнасць у работніках, заяўленая прадпрыемствамі і арганізацыямі ў органы дзяржаўнай службы занятасці, чал. 64836 11297 30295 37845 32739 32290 24420
Колькасць беспрацоўных на 1 заяўленую вакансію, чал. 0,03 11,6 3,5 2,5 2,9 3,2 5,3

т. 18, кн. 2, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯ́СПАРА БЕЛАРУ́СКАЯ,

частка бел. народа, якая жыве па-за межамі Беларусі. У канцы 19 ст. — 1980-я г. ахоплівала ад ​1/6 да амаль ​1/3 часткі бел. нацыі. У пач. 1990-х г. за межамі Рэспублікі Беларусь пражывала 3—3,5 млн. беларусаў.

У розных гіст. умовах перасяленне насельніцтва з бел. зямель у інш. рэгіёны было выклікана эканам., паліт., ваен., рэліг. і інш. прычынамі. Ранняя эміграцыя найчасцей праяўлялася ў форме ўцёкаў з ВКЛ пакрыўджаных ці незадаволеных яго палітыкай прадстаўнікоў пануючага саслоўя. Для натуральнай эміграцыі з бел. зямель былі і прававыя падставы. Так, паводле прывілея 1447 Казіміра IV (пазней замацаваны ў Статуце ВКЛ 1529) князі, рыцары, шляхта і баяры маглі пакідаць дзяржаву «для лепшого щастья набытья», навучання ваен. майстэрству. Статуты ВКЛ 1566 і 1588 пацвердзілі права вольных людзей розных саслоўяў на лячэнне, набыццё адукацыі, навучанне рамяству за мяжой. Многія з вольных людзей, якія выязджалі ў замежныя краіны, пакідалі там добрую спадчыну, садзейнічалі пашырэнню кнігадрукавання і асветы (Ф.​Скарына, П.​Мсціславец, Сімяон Полацкі, І.​Капіевіч і інш.). У 15—16 ст. дзесяткі маладых людзей з бел. зямель ВКЛ вучыліся ў еўрап. ун-тах. Значны рост перасяленняў на У у канцы 16—17 ст. быў выкліканы больш раннім узмацненнем прыгоннай эксплуатацыі сялян у ВКЛ, нац.-рэліг. ўціску ў Рэчы Паспалітай. У 17—18 ст. у ходзе войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай і інш. дзяржавамі ў глыб імперыі перасяляліся ваеннапалонныя і нямала цывільных жыхароў з бел. зямель. Выхадцы з Беларусі і прымусова пераселеныя сяляне, рамеснікі, гандляры, шляхта садзейнічалі гасп. асваенню Паволжа і Сібіры, некаторыя з іх займалі высокія дзярж. і ваен. пасады, сталі заснавальнікамі купецкіх родаў, узбагачалі культ. жыццё ў месцах свайго пражывання. Перасяленцы з бел. зямель і іх нашчадкі былі пачынальнікамі геагр. і этнагр. вывучэння новых каланізаваных Расіяй тэрыторый, карэнных народаў Прыуралля, Сібіры, Чукоткі, Камчаткі (А.​Каменскі, Л.​Сеніцкі і інш.). У 2-й пал. 17 ст. дзесяткі майстроў-рамеснікаў з Полацка, Віцебска, Оршы, Шклова, Магілёва і інш. гарадоў працавалі ў Аружэйнай палаце, аздаблялі церамы Крамля, Каломенскі палац, Новадзявочы, Данскі і Нова-Іерусалімскі (на Істры) манастыры. Яны прынеслі ў Рус. дзяржаву новыя рамёствы, свой адметны стыль, матывы і тэхніку скульпт. разьбы па дрэве («беларуская рэзь»), вырабу шматколернай кафлі. Падзелы Рэчы Паспалітай 1772, 1793, 1795 і развіццё ў канцы 18—19 ст. нац.-вызв. руху на Беларусі вызначылі паліт. прычыны эміграцыі, асабліва пасля паўстанняў 1794, 1830—31, 1863—64. Некаторыя з іх уключыліся ў рэв. і вызв. рух у Еўропе і Амерыцы (Т.​Касцюшка, В.​Урублеўскі, М.​Судзілоўскі, З.​Мінейка і інш.), садзейнічалі развіццю культуры і навукі краін свайго пражывання, узбагачалі тым самым і бел. спадчыну (І.​Дамейка, Г.​Дмахоўскі, Н.​Орда, А.​Рыпінскі, К.​Ельскі і інш.). Паводле перапісу 1897, у Рас. імперыі за межамі губерняў пераважна з бел. насельніцтвам (Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) пражывала каля 500 тыс. беларусаў. Даследчыкамі прыроды, побыту, традыцый народаў Сібіры, Д. Усходу, Казахстана сталі сасланыя І.​Чэрскі, Э.​Пякарскі, А.​Янушкевіч, Б.​Дыбоўскі, В.​Кавалеўскі. Узбагачэнню рус. прыродазнаўчай навукі спрыяла творчая спадчына вучоных — выхадцаў з Беларусі В.​Ермакова, У.​Брайцава, А.​Садоўскага, Ж.​Урублеўскага, У.​Урублеўскага, У.​Кавалеўскага, А.​Кавалеўскага.

Першая хваля масавай працоўнай міграцыі бел. насельніцтва ў іншаэтнічныя рэгіёны Рас. імперыі (усходняя) і за яе межы (заходняя) пракацілася на рубяжы 19—20 ст. Да 1-й сусв. вайны па эканам. прычынах толькі ў Сібір з Беларусі перасялілася (пераважна сяляне) больш за 700 тыс., за межы Расіі — 500—800 тыс. чал. (пераважна ў ЗША, Канаду, Бразілію, Аргенціну, краіны Зах. Еўропы). Па-за этн. межамі ўзніклі першая асв. арг-цыя «Крывіцкі вязок» (1868), першая самастойная паліт. арг-цыя бел. інтэлігенцыі «Гоман» (1884, абедзве ў Пецярбургу), «Беларускае студэнцкае зямляцтва» ў Варшаве (1908—1914), Беларускі навук.-літ. гурток у Санкт-Пецярбургу (1912—14). У 1914 зарэгістравана першае супольнае Т-ва беларусаў і маларосаў (ЗША, штат Мічыган). У многіх рус. асяродках ЗША і Канады беларусы складалі значную ці нават большую частку, былі заснавальнікамі многіх правасл. цэркваў, прыходаў, удзельнікамі грамадска-культ. жыцця.

1-я сусв. вайна 1914—18, Лют. і Кастр. рэвалюцыі 1917, герм. і польская акупацыі Беларусі выклікалі значны адток бел. насельніцтва на У Расіі (246 тыс. бежанцаў і эвакуіраваных пасля не вярнуліся на радзіму), вываз ваеннапалонных у Германію, выезд больш за 120 тыс. чал. у Літву, Латвію, Эстонію, Чэхаславакію, Турцыю і інш. краіны. За мяжой з’явілася першая арганізаваная паліт. эміграцыя (урад і вайск. фарміраванні БНР, кіраўніцтва партыі бел. эсэраў і інш.). Працоўная (сялянская) эміграцыя звязана з выездам у Амерыку і Еўропу (каля 180—250 тыс. жыхароў Зах. Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Польшчы). Найбольшай актыўнасцю і нац.-культ. дзейнасцю ў міжваенны перыяд. вызначалася Д.б. ў Літве, Латвіі, Чэхаславакіі, ЗША, Францыі, Аргенціне (існавалі т-вы, нац. друк, асвета). З БССР у 1926—38 у інш. рэгіёны СССР перасялілася больш за 600 тыс. чал. (планавы набор рабочай сілы, дэпартацыі, паліт. рэпрэсіі і інш.). Рассеяныя па абшарах дзяржавы беларусы стварылі дзесяткі грамадскіх, культурна-асветных арг-цый, якія ў 1930-я г. спынілі сваю дзейнасць. У выніку 2-й сусв. вайны амаль 1,5 млн. беларусаў эвакуіравалася на У і толькі трэцяя частка з іх вярнулася ў БССР; у ліку сав. ваеннапалонных за мяжой апынулася шмат беларусаў, каля 400 тыс. вывезена ў Германію (240 тыс. з іх не вярнуліся). Да сак. 1946 у СССР рэпатрыіравана 520 тыс. беларусаў. Аснову Д.б. склалі таксама члены бел. арг-цый, устаноў, вайск. фарміраванняў на акупіраванай тэр., якія выехалі на Захад. Пасля вайны Д.б. за межамі СССР папаўнялася нязначна. Рэгулярны прыток беларусаў і выхадцаў з Беларусі ў зах. краіны пачаўся ў 1980-х г. У 1988—90 з БССР эмігрыравала больш за 52 тыс. чал. У 1991—95 за межы Рэспублікі Беларусь выехала каля 55 тыс. чал.: у Ізраіль (50%), ЗША (32%), Германію, Аўстралію, Польшчу, Канаду. Па неафіц. звестках у 1995 каля 500 тыс. беларусаў пражывала ў ЗША, каля 100 тыс. у Канадзе, дзесяткі тысяч у Аргенціне, Бразіліі, Францыі, Бельгіі, Германіі, Вялікабрытаніі і Аўстраліі Прыкладна 250—400 тыс. беларусаў Беласточчыны апынуліся ў Польшчы пасля вызначэння пасляваен. дзярж. граніц. Пасля распаду СССР на абшарах новых незалежных дзяржаў апынулася больш за 2 млн. беларусаў. У 1992—95 Беларусь прыняла з новых незалежных дзяржаў 287 тыс. асоб, з якіх амаль 150 тыс. беларусаў. На постсавецкай прасторы цяпер сканцэнтравана пераважная большасць усіх замежных беларусаў. На 1996 у Расіі іх больш за 1 млн. 100 тыс. чал., на Украіне больш за 400 тыс., у Казахстане — 170 тыс., Латвіі — амаль 100 тыс., Літве — 50 тыс., Эстоніі — 25 тыс. За межамі Рэспублікі Беларусь частка беларусаў пражывае на этнічных землях, якія ў 1920—40 адышлі да інш. дзяржаў. Духоўнай асновай нац. самавызначэння, праявай самабытнасці, адметнасці сталі створаныя беларусамі ў замежжы грамадскія, паліт., асв.-культ., навук., рэліг. арг-цыі, суполкі мастакоў, нац. друк і асвета, культ. цэнтры, музеі і архівы, маст. калектывы, пабудаваныя храмы. За мяжой дзейнічаюць Бел. аўтакефальная правасл. царква, Бел. правасл. царква ў юрысдыкцыі канстанцінопальскага патрыярха, Бел. каталіцкія (уніяцкія) місіі ў Чыкага, Лондане, Парыжы. Царк.-рэліг. жыццё на нац. аснове складваецца і на постсавецкім абшары (Масква, Санкт-Пецярбург, Рыга). Захаванню нац. свядомасці, пашырэнню звестак пра беларусаў спрыяюць Бел.-амер. задзіночанне, Бел. нац. аб’яднанне, Бел. кангрэсовы камітэт, Бел.-амер. рада ў Чыкага (усе ў ЗША), Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі, Згуртаванне беларусаў Канады, Федэрацыя бел. арг-цый у Аўстраліі, Бел. хаўрус у Францыі, жаночыя, маладзёжныя і інш. арг-цыі; правядзенне традыц. сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі (з 1952 адбыліся 22 сустрэчы), Аўстраліі (з 1976—12 сустрэч); перыяд. друк, у т. л. штомесячная газета «Беларус» (у ЗША ў 1980-я г. выходзіла 15 выданняў на бел. мове). Нац.-культ., сац.-паліт. інтарэсы беларусаў Польшчы выражаюць паліт. партыя Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне, Бел. аб’яднанне студэнтаў і інш. т-вы, згуртаваныя ў Раду бел. арг-цый і Бел. Саюз, Бел. грамадска-культ. т-ва, газета «Ніва» і інш. З канца 1980-х г. пачаўся працэс нац.-культ. гуртавання беларусаў СССР. Пра дынаміку іх арганізац. аб’яднання на постсавецкай прасторы сведчыць грамадская культ.-асв. дзейнасць у 1997 больш за 80 бел. суполак, т-ваў, згуртаванняў, цэнтраў у Расіі, на Украіне, у Малдове, Латвіі, Літве, Эстоніі, Казахстане, Кыргызстане, Узбекістане. Цэнтры навук.-культ. жыцця Д.б.: Беларускі ін-т навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, Англа-бел. т-ва, Б-ка і музей імя Ф.​Скарыны ў Лондане, філіял Бел. ін-та навукі і мастацтва ў Таронта (Канада), Бел. гіст. т-ва ў Беластоку (Польшча), Вялікалітоўскі фонд імя Л.​Сапегі, фундацыя імя П.​Крачэўскага (ЗША) і інш. Асяроддзе замежных беларусаў вылучыла вядомых людзей у розных галінах навукі, літаратуры і мастацтва. Парт.-дзярж. колы БССР і СССР у адносінах да Д.б. вялі палітыку яе непрызнання, ізаляцыі паліт. эміграцыі ад Бацькаўшчыны, расколу яе па ідэалаг. адзнаках. Створанае Бел. т-ва па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом (1964, з 1976 — Бел. т-ва «Радзіма») трымала сувязь толькі з арг-цыямі, якія лаяльна ставіліся да сацыяліст. ладу. Недаацэньваліся нац.-культ. патрэбы суродзічаў у іншаэтнічных раёнах СССР. З пачаткам працэсаў дэмакратызацыі, нац. адраджэння, паліт. і эканам. рэформ узніклі ўмовы для пераасэнсавання ролі Д.б. З канца 1980-х г. новыя грамадскія рухі на Беларусі сталі ініцыятарамі ўсталявання з ёй сталых зносін. Істотныя змены ў адносінах Д.б., у т. л. і на дзярж. узроўні, пачаліся, калі Беларусь атрымала незалежнасць. Дзейнічае згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» (з 1990), падтрымку ўрада атрымалі яго ініцыятывы агульнанац. маштабу — Першы сход беларусаў блізкага замежжа (снеж. 1992), Першы з’езд беларусаў свету (ліп. 1993). У ліп. 1997 адбыўся Другі з’езд беларусаў свету. Вырашэнню праблем Д.б. спрыялі прыняцце Закона аб грамадзянстве (1991), Закона аб парадку выезду і ўезду (1993), уключэнне ў шэраг падпісаных Рэспублікай Беларусь міжнар. дагавораў (з Расіяй, Польшчай, Украінай, Кыргызстанам, Казахстанам і інш.) артыкулаў аб магчымасці свабоднага выяўлення, захавання і развіцця суайчыннікамі этнічнай, культ., моўнай, рэліг. самабытнасці, прыняцце дзярж. праграмы «Беларусы ў свеце». Гл. таксама Эміграцыя.

Літ.:

Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в. Мн., 1957;

Верещагин П.Д. Крестьянские переселения из Белоруссии (Вторая половина XIX в.). Мн., 1978;

Грыцкевіч В.П. Нашы славутыя землякі. Мн., 1984;

Яго ж. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986;

Сачанка Б.І. Беларуская эміграцыя. 2 выд. Мн., 1991;

Скарыніч. Вып. 1—3. Мн., 1991—97;

Антонава Т. У землякоў за акіянам. Мн., 1992;

Кіпель В. Беларусы ў ЗША Мн., 1993;

Сяргеева Г. Беларуская дыяспара // Крыжовы шлях. Мн., 1993;

Культура беларускага замежжа Кн. 1—3. Мн., 1993—94;

Туга па Радзіме. Мн., 1992;

Пранчак Л.І. Беларуская Амерыка. Мн., 1994.

Г.​Г.​Сяргеева.

т. 6, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ БЕЛАРУ́СЬ,

частка тэр. Беларусі, якая ў выніку савецка-польскай вайны 1920 захоплена Польшчай і паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 знаходзілася ў яе складзе да вер. 1939. Паводле адм.-тэр. падзелу тэр. З.Б. была падзелена на 29 паветаў, што ўваходзілі ў Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяводствы. Агульная пл. 113 тыс. км², нас. 4,6 млн. чал. (1931). Гал. культ. і навук. цэнтрам З.Б. была Вільня. У прамысл. адносінах найб. развіты Беластоцкі прамысл. раён. Найб. гарады: Вільня, Гродна, Брэст, Беласток, Слонім, Ліда, Навагрудак, Пінск, Лунінец, Кобрын, Пружаны, Ваўкавыск, Баранавічы, Маладзечна, Вілейка. З.Б. была адносна адсталай агр. ускраінай Польшчы і выкарыстоўвалася ёй пераважна як крыніца сыравіны, таннай рабочай сілы і рынак збыту яе прам-сці. У эканоміцы назіраўся застой. Працоўныя пакутавалі і ад эксплуатацыі, і ад нац. ўціску. Разбураная войнамі прам-сць аднаўлялася марудна, новыя прадпрыемствы амаль не будаваліся, прыродныя багацці краю (асабліва лясы) выкарыстоўваліся няшчадна. У 1928 у З.Б. дзейнічала каля 2 тыс. прадпрыемстваў, але на 80% з іх працавала па 5—20 чал. У гады эканам. крызісу (1929—33) тут часова спынілі работу каля 230 прадпрыемстваў. Складаючы 24% тэрыторыі і 13% насельніцтва Польшчы, удзельная вага прам-сці З.Б. ледзь перавышала 3%. У прам-сці, на транспарце і лесараспрацоўках было занята каля 100 тыс. чал.; амаль 50 тыс. рамеснікаў. Беспрацоўе тут было хранічнае (больш за 25 тыс. беспрацоўных у 1936), рабочы дзень дасягаў 10—12 гадз., зарплата была больш нізкая, чым у карэннай Польшчы. Больш за 80% насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай. Сяляне пакутавалі ад малазямелля, перажыткаў прыгонніцтва (адработкі, шарваркі), цяжкіх падаткаў, высокіх цэн на прамысл. тавары і нізкіх цэн на с.-г. прадукты, запазычанасці банкам, самаўпраўства чыноўнікаў і паліцыі. У 1920-я г. на памешчыцкі маёнтак у сярэднім прыпадала каля 500 га зямлі, на сял. двор — каля 7 га; амаль 55 тыс. гаспадарак мелі надзел меншы за 1 га, каля 90 тыс. парабкаў былі зусім беззямельныя. У выніку зямельных рэформ 1920—30-х г. (парцэляцыя, ліквідацыя сервітутаў, камасацыя, пасяленне асаднікаў) зямельныя ўладанні памешчыкаў значна паменшалі, хоць зусім не ліквідаваны. Рэформы садзейнічалі ўмацаванню сял. гаспадарак, рассяленню сялян на хутары (да 1939 на хутары расселена каля 70% сял. гаспадарак). У 1930-я г. прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі значна вырасла: ураджайнасць збожжавых дасягнула ўзроўню Францыі, а па многіх культурах пераўзышла фермераў ЗША. Адсутнасць радыкальных пераўтварэнняў у агр. сектары спрыяла захаванню ў сял. сем’ях традыц. ўкладу, працоўнай маралі, нац. культуры і бел. мовы. Перанаселеная вёска не мела адтоку ў прам-сць, таму ў пошуках работы сяляне часта эмігрыравалі ў краіны Зах. Еўропы і Амерыкі. Польскія ўлады праводзілі палітыку прымусовай паланізацыі і асіміляцыі беларусаў, забаранялі бел. школы, абмяжоўвалі прыёмы з бел. школ у ВНУ, не дазвалялі карыстацца роднай мовай у дзярж. установах, не прызнавалі тэрміна «З.Б.», а называлі яе «крэсы ўсходне» («усх. ўскраіны») або Белапольшчай. З 400 бел. школ, што існавалі на тэр. З.Б. да 1921, у 1928 засталося 29 бел. і 49 польска-бел. школ, у 1934—16. Былі закрыты 2 настаўніцкія семінарыі (у Барунах і Свіслачы), 8 бел. гімназій (у Будславе, Гродне, Грудку, Клецку, Маладзечне, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах). Каля 35% насельніцтва З.Б. заставалася непісьменным (1939). Жорстка праследавалася бел. прэса, асабліва рэв. кірунку. Калі ў 1927 легальна выдаваліся 23 бел. газеты і часопісы, то ў 1930 іх стала 12; да 1939 асталіся толькі прапольскія і клерыкальныя выданні. Улады вышуквалі розныя прычыны, каб закрываць бел. выдавецтвы. бібліятэкі, клубы, хаты-чытальні. Гал. метадам кіравання ў З.Б. быў прымус, а часам і тэрор. Турмы і Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер былі перапоўнены паліт. вязнямі. Часта праводзіліся судовыя паліт. працэсы, масавыя рэпрэсіі. Бяспраўе, малазямелле, нац. прыгнёт, урадавая дыктатура абвастралі супярэчнасці, стваралі ўмовы для ўзмацнення нац.-вызв. руху, які ў розныя часы прымаў розныя формы, але ніколі не спыняўся. Эканам. выступленні рабочых часта суправаджаліся антыўрадавымі дэманстрацыямі, мітынгамі, сутычкамі з паліцыяй. Найб. вострыя формы гэты рух набыў у перыяды эканам. крызісу (1929—33) і стварэння антыфашысцкага народнага фронту (1935). Адбываліся і антыўрадавыя выступленні сялян (гл. Косаўскі расстрэл 1927, Асташынскае выступленне сялян 1932, Кобрынскае выступленне сялян 1933, нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935). Дэпутаты сейма ад З.Б. вялі парламенцкую барацьбу ў складзе Беларускага пасольскага клуба. У 1925—27 разгарнулася дзейнасць магутных нац.вызв. арг-цый Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ, больш за 2 тыс. яе гурткоў аб’ядноўвалі каля 120 тыс. членаў), у 1927—30 — «Змаганне». Да 1930 левае крыло вызв. руху ў З.Б. было разгромлена. Легальную дзейнасць працягвалі толькі цэнтрысцкія і кансерватыўныя нац.-дэмакр. партыі і культ.-асв. арг-цыі. На працягу 1921—37 у ліку вядучых культ.-асв. арг-цый было Таварыства беларускай школы (ТБШ). Прыкметнай была дзейнасць Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (1926—37), Таварыства беларускай асветы. Радыкальны рэв. рух у З.Б. ў 1921—23 узначальвала Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА), у 1923—38 — Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ, у 1933 аб’ядноўвала каля 4 тыс. членаў). Спалучэннем легальных і нелегальных форм барацьбы КПЗБ часам удавалася скіроўваць нац.-вызв. рух у рэчышча класавай барацьбы. З гэтай мэтай яна выкарыстоўвала папулярныя ў народзе заклікі да самавызначэння З.Б., падтрымлівала надзённыя патрэбы працоўных, папулярызавала ў прыхарошаным выглядзе дасягненні ў БССР. Але нац. нігілізм КПЗБ у 1930-я г. абумовіў яе дэструктыўную ролю ў нац.-вызв. руху. Пад кіраўніцтвам КПЗБ дзейнічалі Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ), Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі (МОПР Зах. Беларусі), чырв. прафсаюзы, студэнцкая лявіца «Фронт». КПЗБ выдавала газ. «Чырвоны сцяг». час. «Бальшавік» і інш. Свае газеты і часопісы выдавалі БРА, БСРГ, «Змаганне», ТБШ, «Фронт», КСМЗБ, МОПР Зах. Беларусі і інш. грамадскія арг-цыі; выдаваліся прагрэсіўныя сатыр. час. «Маланка», «Асва». Сялянскія і хрысціянска-дэмакр. бел. партыі адхілялі рэв. рух як крайнюю і экстрэмісцкую форму барацьбы, найчасцей вялі памяркоўную палітыку. Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД, вядучая партыя З.Б. ў 1930-я г.), Беларускі сялянскі саюз (БСС), Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюз), Беларуская санацыя і інш. партыі і арг-цыі часам дамагаліся дробных уступак у галіне бел. нац. культуры праз згоду з польскімі ўладамі. Значны ўплыў на развіццё нац.вызв. руху ў З.Б. мела творчасць бел. пісьменнікаў М.​Танка (Я.​І.​Скурко), П.​Пестрака, В.​Таўлая, Л.​Родзевіча, М.​Васілька, А.​Салагуба, М.​Засіма, Н.​Арсенневай, Х.​Ільяшэвіча, П.​Карузы, М.​Краўцова, С.​Крыўца, А.​Стаповіча, М.​Машары, У.​Самойлы, публіцыстаў А.​Альшэўскага, І.​Канчэўскага, А.​Луцкевіча, Я.​Міско, А.​Станкевіча, В.​Харужай, навукоўцаў Б.​Тарашкевіча, С.​Рак-Міхайлоўскага, І.​Дварчаніна. З л-рай З.Б. звязана творчасць У.​Жылкі, К.​Сваяка, Г.​Леўчыка, М.​Гарэцкага, А́.Гаўрылюка і інш. Намаганнямі паэтаў «Беларускай газеты» ў снеж. 1933 праведзены нелегальны з’езд пісьменнікаў З.Б., прынята дэкларацыя з заклікам стварыць арг-цыю пісьменнікаў дзеля творчай работы «для народа і разам з ім». У 1934 улады забаранілі «Беларускую газету» і арыштавалі актыўных яе супрацоўнікаў. Значны ўклад у выяўл. мастацтва З.Б. зрабілі мастакі Я.​Горыд, Я.​Драздовіч, П.​Сергіевіч, М.​Сеўрук, у муз. культуру — К.​Галкоўскі, Л.​Рагоўскі, М.​Забэйда-Суміцкі. Плённую дзейнасць па стварэнні нар. хораў і збору бел. нар. песень праводзілі А.​Грыневіч, Р.​Шырма, Г.​Цітовіч і інш. Большасць грамадска-паліт. і культ.-асв. арг-цый З.Б. размяшчалася ў Вільні, у т. л. выд-вы (Беларускае выдавецкае таварыства, Выдавецтва Таварыства беларускай школы, Выд-ва Бел. ін-та гаспадаркі і культуры, Выд-ва Бел. сялянска-работніцкага клуба, Знамяроўскага У. выдавецтва, Клецкіна Б.А. выдавецтва), Беларускае навуковае таварыства, Беларускі музей, Беларуская драматычная майстроўня, Беларускае дабрачыннае таварыства, Віленская беларуская гімназія, школы, кнігарні і інш. Тут выдадзены многія творы Гарэцкага, Дварчаніна, Родзевіча, М.​Танка, Машары; выдаваліся многія газеты і часопісы, падручнікі для бел. школ, шматлікія календары, прамовы дэпутатаў у сейме. ТБШ, БСРГ і «Змаганне» праз свае клубы, гурткі і бібліятэкі-чытальні вялі шырокую культ.-асв. работу сярод насельніцтва, стваралі маст. гурткі, рыхтавалі канцэрты, якія былі своеасаблівым пратэстам супраць намераў польскіх улад задушыць роднае бел. слова і нар. культуру. Паліцыя часта арыштоўвала дзеячаў культуры і кіраўнікоў маст. самадзейнасці. Сярод найб. выдатных дзеячаў рэв. нац.-вызв. руху ў З.Б. былі кіраўнікі БСРГ, «Змагання», ТБШ, БРА і КПЗБ: Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Дварчанін, А.​Луцкевіч, А.​Станкевіч, А.​Уласаў, П.​Валошын, П.​Мятла, М.​Бурсевіч, Альшэўскі, М.​Арэхва, Я.​Бабровіч, І.​Дабрыян, А.Данялюк, М.​Дворнікаў, Ф.​Валынец, Я.​Гаўрылік, І.​Грэцкі, П.​Крынчык, Г.​Муха-Мухноўскі, А.​Лябецкая, Ф.​Стацкевіч, М.​Пяткевіч, Паўловіч, М.​Кепель, П.​Кізевіч, А.​Канчэўскі, І.​Лагіновіч (П.​Корчык), І.​Малец, С.​Панкова, С.​Прытыцкі, Родзевіч, І.​Сяменікаў, А.​Федасюк, Харужая, У.​Царук і інш.

Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва З.Б. і Зах. Украіны. Жыхары З.Б. шчыра сустракалі армію як вызваліцельніцу. Народны сход Заходняй Беларусі 1939 (Беласток, 28—30.10.1939) прыняў Дэкларацыю пра абвяшчэнне Сав. улады і ўз’яднанне З.Б. з БССР. 12.11.1939 сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла законы пра ўз’яднанне З.Б. з БССР. Гэтым было адноўлена нац. адзінства бел. народа (гл. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР). Паводле дамоўленасці ўрадаў СССР і Літвы ў кастр. 1939 Віленскі край з г. Вільня перададзены ў склад Літвы, а паводле сав.-польскай дамоўленасці ў вер. 1944 Беластоцкая вобл. і некалькі раёнаў Брэсцкай вобл. перададзены Польшчы. У выніку новага адм.-тэр. падзелу (4.12.1939) на тэр. З.Б. былі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая (26 раёнаў), Беластоцкая (24 раёны, з 20.9.1944 Гродзенская вобл., 15 раёнаў), Брэсцкая (18 раёнаў), Вілейская (22 раёны, з 20.9.1944 Маладзечанская вобл.), Пінская (11 раёнаў).

Літ.:

Народное (национальное) собрание Западной Белоруссии 28—30 октября 1939 г.: Стеногр. отчет. Мн., 1946;

Stankievič A. Biełaruski chryścijanski ruch. Vilnia. 1939;

Горбунов Т.С. Воссоединение белорусского народа в едином советском социалистическом государстве. М., 1948;

Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1962—72;

Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966;

Ліс А. Браніслаў Тарашкевіч. Мн., 1966;

Полуян В.А. Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927—1939 гг.). Мн., 1978;

Муха-Мухновский Г.М. Пути-дороги. Мн., 1973;

Калеснік У. Усё чалавечае: Літ. партрэты, артыкулы, нарысы. Мн., 1993;

Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988;

Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ. Мн., 1983;

Рагуля В. Успаміны. Мн., 1993.

І.​П.​Хаўратовіч.

Да арт. Заходняя Беларусь. Першамайская дэманстрацыя працоўных Гродна. 1937.
Да арт. Заходняя Беларусь. Брукаванне вуліцы ў вёсцы Зубелевічы (Ляхавіцкі раён). 1928.

т. 7, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ САВЕ́ЦКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

БССР, Беларусь, саюзная дзяржава ў складзе СССР. Існавала з 1.1.1919 да вер. 1991, у складзе СССР афіцыйна са снеж. 1922. Тэр. 207,6 тыс. км², нас. 10 254 тыс. чал. (на 1.1.1990). Сталіца — г. Мінск. Паводле рашэння VI Паўн.-Зах. абл. канферэнцыі РКП(б) [30—31.12.1918, Смаленск; гл. Першы з’езд КП(б)Б] БССР абвяшчалася ў межах Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай губ., бел. паветаў Віленскай і Ковенскай губ., зах. паветаў Смаленскай губ. Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі ў ноч з 1 на 2.1.1919 абнародаваў Маніфест аб абвяшчэнні БССР. 8.1.1919 Часовы рабоча-сял. сав. ўрад Беларусі і Цэнтр. Бюро КП(б)Б пераехалі са Смаленска ў Мінск. Першы Усебеларускі з’езд Саветаў (2—3.2.1919, Мінск) адобрыў утварэнне БССР, зацвердзіў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919, выбраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР (ЦВК БССР), прыняў пастанову аб аб’яднанні Беларусі і Літвы (гл. Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка). У складаных умовах грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 урад БССР праводзіў работу па ўмацаванні сав. улады, мабілізацыі сіл на барацьбу з яе праціўнікамі і іншаземнымі захопнікамі, ажыццяўленні першых сацыяліст. пераўтварэнняў. БССР у гэты перыяд знаходзілася ў цяжкім эканам. і ваенна-паліт. становішчы, большая частка яе тэрыторыі была акупіравана ням., потым польск. інтэрвентамі. Летам 1920 на вызваленай Чырв. Арміяй тэр. Беларусі адноўлена сав. ўлада. 31.7.1920 на сходзе прадстаўнікоў Кампартыі Літвы і Беларусі, сав. і прафс. арг-цый Мінска і Мінскай губ. прынята Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Сав. Сацыяліст. Рэспублікі Беларусь (гл. Другое абвяшчэнне БССР). Захопленая польск. войскамі ў выніку савецка-польскай вайны 1920 зах. частка Беларусі паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 адышла да Польшчы (гл. Заходняя Беларусь). Тэр. ўзноўленай БССР складалася з 6 паветаў Мінскай губ. з нас. 1544 тыс. чал. Другі Усебеларускі з’езд Саветаў (13—17.12.1920) прыняў дадаткі да Канстытуцыі 1919, дзе абвясціў вышэйшым органам улады рэспублікі з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВК БССР, выканаўчым органам — Савет Народных Камісараў БССР (СНК БССР). Пасля заканчэння вайны Беларусь перажывала глыбокі сац.-эканам. крызіс. Большая частка прадпрыемстваў была знішчана, астатнія з-за адсутнасці паліва і сыравіны працавалі з перабоямі. Былі разбураны сельская гаспадарка, транспарт. Усё гэта цяжка адбівалася на становішчы працоўных, выклікала іх незадаволенасць палітыкай «ваеннага камунізму». Пераход да ажыццяўлення ў БССР новай эканамічнай палітыкі (нэпа) прынёс станоўчыя вынікі. Харчразвёрстка была заменена харчпадаткам, дапускалася дзейнасць прыватнага капіталу, праводзілася рэарганізацыя сістэмы кіравання прам-сцю, вырашаліся пытанні аплаты працы, фін. палітыкі. Пераломным у развіцці прам-сці стаў 1923—24 гасп. год, калі пачалі хутка расці вытворчасць, колькасць адноўленых і ўведзеных у эксплуатацыю прадпрыемстваў. У 1924—28 аб’ём прамысл. прадукцыі вырас у 2,3 раза. Адначасова павялічылася колькасць прыватных прадпрыемстваў. Расла зарплата рабочых і служачых. У сельскай гаспадарцы праводзілася работа па землеўпарадкаванні, развіцці хутарызацыі, арэнды, кааператыўнага руху і інш. Каля ⅓ беднякоў і батракоў, якія атрымалі зямлю, сталі сераднякамі. На пач. кастр. 1925 у БССР было 1084 кааператыўныя т-вы (аб’ядноўвалі 161 тыс. членаў). Важнае значэнне для ўмацавання эканам. патэнцыялу рэспублікі мела вяртанне ёй са складу РСФСР у 1924 і 1926 этнаграфічна роднасных усх. тэрыторый (гл. Узбуйненне БССР). Рабіліся захады па ажыўленні Саветаў, умацаванні іх сувязяў з масамі працоўных, павелічэнні колькасці членаў Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ). У 1920-я г. праводзілася палітыка беларусізацыі грамадска-паліт. і культ. жыцця рэспублікі. Значныя поспехі былі дасягнуты на ніве нац.-культ. адраджэння. Ліквідоўвалася непісьменнасць, была праведзена рэформа школьнай сістэмы, большасць школ пераводзілася на бел. мову навучання, яны забяспечваліся неабходнымі кадрамі і падручнікамі. Развіваліся л-ра і мастацтва, навука. У 1920—22 адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт, Інстытут беларускай культуры (у 1928 пераўтвораны ў Акадэмію навук Беларусі) і інш. У ходзе сацыяліст. індустрыялізацыі (курс на яе абвешчаны ў СССР у снеж. 1925) на Беларусі за гады даваен. пяцігодак увайшло ў строй больш за 1 тыс. прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. каля 400 буйных. У 1940 прадукцыя прам-сці ўсіх абласцей БССР перавысіла ўзровень 1913 у 23 разы. Паводле перапісу 1939, удзельная вага рабочага класа ў складзе насельніцтва рэспублікі дасягнула 21,9%, інтэлігенцыі — 14,5%. З восені 1929 гал. кірункам агр. палітыкі ў БССР стала масавая калектывізацыя. Выконваючы дырэктывы вышэйшага кіраўніцтва СССР, парт. і сав. органы БССР праводзілі сярод сялянства актыўную арганізац. і масава-паліт. работу, імкнуліся фарсіравана забяспечыць перабудову вёскі на сацыяліст. аснове. Да пач. Вял. Айч. вайны ва ўсх. абласцях БССР было абагулена 93,4% сял. гаспадарак і 96,2% пасяўных плошчаў. Аднак калектывізацыя праводзілася паспешліва, пры адсутнасці належных сац.-эканам. умоў, з шырокім выкарыстаннем прымусовых, адм.-камандных метадаў. Заможныя (кулацкія) і шмат серадняцкіх гаспадарак падпалі пад раскулачванне, іх маёмасць была канфіскавана. Восьмы Усебеларускі з’езд Саветаў (5—12.4.1927) прыняў новую Канстытуцыю Беларускай ССР 1927. У 1930-я г. на сац.-паліт. і культ. развіццё Беларусі, як і ўсяго СССР, негатыўны ўплыў зрабілі культ асобы, бюракратызацыя дзярж. структур і адміністрацыйна-камандныя метады кіравання, якія абмяжоўвалі творчую актыўнасць працоўных. Цяжкім злачынствам з’явіліся рэпрэсіі палітычныя, што дасягнулі свайго апагея ў 1937. Супрацоўнікамі НКУС рэспублікі быў сфабрыкаваны шэраг спраў т.зв. «контррэвалюцыйных шпіёнскіх арганізацый» (гл. «Аб’яднанае антысавецкае падполле», «Беларуская народная грамада», «Беларускі нацыянальны цэнтр», «Беларускі філіял меншавікоў», «Беларускі філіял прампартыі», «Беларускі філіял працоўнай сялянскай партыі», «Саюз вызвалення Беларусі» і інш.). На надзвычайным Дванаццатым Усебеларускім з’ездзе Саветаў (20—23.11.1936 і 15—19.2.1937) прынята Канстытуцыя Беларускай ССР 1937, вышэйшым органам дзярж. улады вызначаны Вярх. Савет БССР (гл. ў арт. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь), у перыяд паміж сесіямі — Прэзідыум Вярх. Савета БССР. Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія паводле рашэння ўрада СССР 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва Зах. Беларусі. Народны сход Заходняй Беларусі 1939 (28—30.10.1939, Беласток) прыняў Дэкларацыю аб абвяшчэнні сав. улады і ўз’яднанні Зах. Беларусі з БССР. 12.11.1939 сесія Вярх. Савета БССР прыняла закон аб Уз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР. Гэтым была адноўлена тэрытарыяльная цэласнасць Беларусі, створаны ўмовы для кансалідацыі бел. нацыі. Насельніцтва БССР пасля ўз’яднання склала 11 млн. чал. На пач. Вялікай Айчыннай вайны (22.6.1941) часці Чырв. Арміі аказалі на тэр. Беларусі ўпартае супраціўленне гітлераўцам (гл. Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Магілёва абарона 1941, Гомеля абарона 1941 і інш.). На франтах з ворагам змагаліся больш за 1,3 млн. беларусаў і ўраджэнцаў рэспублікі. На захопленай гітлераўцамі тэрыторыі ва ўмовах жорсткага акупац. рэжыму разгарнулася партыз. і падп. барацьба (гл. Партызанскі рух на Беларусі, Патрыятычнае падполле на Беларусі, Антыфашысцкія арганізацыі на Беларусі). 374 тыс. патрыётаў змагаліся ў партыз. атрадах і брыгадах, больш за 70 тыс. — у глыбокім падполлі. У канцы 1943 нар. мсціўцы ўтрымлівалі і кантралявалі каля 60% акупіраванай тэр. рэспублікі (гл. Партызанская зона). Ваен. кіраўніцтва партыз. барацьбой ажыццяўлялі Цэнтр. і Бел. штабы партыз. руху (гл. адпаведныя арт.). У чэрв.—ліп. 1944 у ходзе Беларускай аперацыі 1944 БССР была поўнасцю вызвалена ад ням.-фаш. захопнікаў. Вайна нанесла рэспубліцы велізарныя страты. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі, былі спалены і зруйнаваны 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак. Рэспубліка страціла больш як палову нац. багацця. Паводле сав.-польск. дамоўленасці са складу БССР Польшчы перададзены ў вер. 1944 Беластоцкая вобласць і некалькі раёнаў Брэсцкай вобласці. У 1945 БССР стала адной з краін-заснавальніц ААН (гл. ў арт. Крымская канферэнцыя 1945, Сан-Францыская канферэнцыя 1945). У 1946 СНК БССР пераўтвораны ў Савет Міністраў (гл. ў арт. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь). Паводле Канстытуцыі БССР у 1955—56 былі зацверджаны дзярж. герб, гімн і сцяг рэспублікі. Дзякуючы самаадданай працы бел. народа, а таксама дапамозе інш. рэспублік СССР адраджалася разбураная вайной гаспадарка. Матэрыяльная база аднаўлялася праз цэнтралізаваныя пастаўкі, рээвакуацыю абсталявання бел. прадпрыемстваў з сав. тылу, шэфскую і інш. дапамогаў працоўных калектываў усёй краіны. У 1944—45 у БССР было накіравана 38,2 тыс. адзінак тэхнал. абсталявання, 420 трактароў, 4 тыс. т паліва, шмат сельгастэхнікі, буд. Матэрыялаў, тысячы кваліфікаваных спецыялістаў і інш. У кароткі тэрмін узведзены аўтамаб., трактарны, інструментальны з-ды ў Мінску і дывановы камбінат у Віцебску, адноўлены Гомсельмаш, станкабудаўнічыя з-ды ў Мінску, Гомелі, Віцебску, льнокамбінат у Оршы, БелДРЭС і інш. Валавая прадукцыя прам-сці ў 1950 перавысіла ўзровень 1940 на 15%. З сярэдзіны 1950-х г. асн. умовай далейшага развіцця бел. эканомікі з’яўлялася шматбаковае супрацоўніцтва БССР з інш. рэспублікамі краіны. З уводам у эксплуатацыю новых і рэканструкцыяй дзеючых прадпрыемстваў, укараненнем у вытв-сць дасягненняў навукі і тэхнікі штогод нарошчваўся эканам. патэнцыял. У 1956—85 былі пабудаваны і ўвайшлі ў строй 511 буйных прадпрыемстваў, сфарміраваўся магутны прамысл. комплекс рэспублікі. Аб’ём прадукцыі ў 1985 у параўнанні з 1960 вырас амаль у 9 разоў і перавысіў даваен. ўзровень у 38 разоў. Хутка нарошчвалі вытворчасць машынабудаванне, хім. і нафтахім. прам-сць, прадпрыемствы паліўна-энергетычнага комплексу. З будаўніцтвам Лукомскай, Бярозаўскай і Васілевіцкай ДРЭС, Мінскай і Наваполацкай ЦЭЦ сфарміравалася адзіная Бел. энергет. сістэма. У той жа час не надавалася належнага значэння праблемам экалогіі, захавання чысціні навакольнага асяроддзя. Драматычныя для Беларусі вынікі Чарнобыльскай катастрофы 1986. У сельскай гаспадарцы першачарговай задачай было ўмацаванне матэрыяльна-тэхн. базы, павышэнне культуры земляробства. У 1960—85 колькасць трактароў у калгасах і саўгасах рэспублікі павялічылася амаль у 4 разы, збожжаўборачных камбайнаў — у 3,3 раза, грузавых аўтамабіляў — у 2,9 раза. Пастаўкі мінеральных угнаенняў сельскай гаспадарцы выраслі ў 7,7 раза. У 1986—90 сярэднегадавая ўраджайнасць збожжавых ва ўсіх катэгорыях гаспадарак дасягнула 25,2 ц з га супраць 7,1 ц у 2-й пал. 1950-х г. Вытворчасць мяса (у забойнай вазе) у 1990 склала 1181 тыс. т супраць 402 тыс. т у 1960 і 275 тыс. т у 1940, вытворчасць малака ў параўнанні з 1960 вырасла больш як у 2 разы. Разам з тым у развіцці аграпрамысл. комплексу мелася шмат нявырашаных задач, у многіх гаспадарках калгасна-саўгасная вытворчасць была стратная. Няпоўнай была аддача асушаных зямель (іх плошча складала 2,5 млн. га), жывёлагадоўля ў большасці гаспадарак развівалася экстэнсіўна. Не мела належнага ўзроўню развіццё перапрацоўчых галін, асабістых гаспадарак сельскіх жыхароў. Важным звяном нар.-гасп. комплексу БССР быў транспарт, грузаабарот якога ў 1960—90 павялічыўся ў цэлым больш як у 3 разы. Рост эканомікі забяспечыў паляпшэнне дабрабыту насельніцтва. Яго рэальныя даходы выраслі ў 1985 супраць 1970 у 1,7 раза. На пач. 1990/91 навуч. года ўсімі формамі навучання ў БССР было ахоплена 3671 тыс. чал. Працавала 5429 агульнаадук. школ, 147 сярэдніх спец. і 33 вышэйшыя навуч. ўстановы. У 1946—90 ВНУ падрыхтавалі 2062 тыс. спецыялістаў. Значных поспехаў дасягнула навука. У 1987 у БССР існавала 167 навук. устаноў, працавалі 44,5 тыс. навук. супрацоўнікаў, у т. л. 1085 дактароў і 14,1 тыс. канд. навук, займаліся ў аспірантуры каля 3 тыс. чал. Шэраг навук. адкрыццяў вучоных БССР атрымалі сусв. прызнанне. Пашыралі і ўдасканальвалі работу культ.-асв. ўстановы. У 1960 у рэспубліцы было выдадзена 1,6 тыс. назваў кніг і брашур, у 1985 — больш за 3,4 тыс. Адмоўным у развіцці культуры і грамадскіх навук было зніжэнне ўвагі да выкарыстання бел. мовы, слаба аналізаваліся негатыўныя з’явы ў жыцці грамадства. Эканам. і культ. развіццё БССР стварала аснову для пашырэння замежных сувязяў. У канцы 1980-х г. прадукцыя рэспублікі пастаўлялася амаль у 100 краін, асартымент экспарту ўключаў больш за 1 тыс. найменняў. Канстытуцыя Беларускай ССР 1978 вызначыла паліт. сістэму сав. грамадства, элементамі якой з’яўляліся дзяржава, КПСС, грамадскія арг-цыі і прац. калектывы. Кіраўнічай і накіравальнай сілай сав. грамадства, ядром яго паліт. сістэмы, дзярж. і грамадскіх арганізацый абвяшчалася Кампартыя Сав. Саюза.

З сярэдзіны 1980-х г. у БССР, як і ва ўсёй краіне, пачаўся працэс радыкальных пераўтварэнняў усіх бакоў грамадскага жыцця. Ключавое значэнне набылі праблемы рэфармавання паліт. сістэмы, дэмакратызацыі грамадства, дзярж. будаўніцтва, пачала складвацца шматпартыйнасць. Адбыўся ўстаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту «Адраджэнне» (24—25.6.1989, Вільнюс), узніклі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада (1991), Партыя народнай згоды (1992) і інш. Паводле закону Вярх. Савета БССР ад 26.1.1990 «Аб мовах у Беларускай ССР» былі зроблены захады на больш шырокае выкарыстанне бел. мовы, у т. л. ў школах, установах, сродках масавай інфармацыі. 4.3.1990 на пашыранай дэмакр. аснове прайшлі выбары нар. дэпутатаў БССР і мясц. Саветаў. 27.7.1990 Вярх. Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, 25.8.1991 — Закон аб наданні статуса канстытуцыйнага закону гэтай Дэкларацыі. Пасля падзей у Маскве 19—21.8.1991 Вярх. Савет БССР 25.8.1991 прыпыніў дзейнасць КПБ—КПСС на тэр. Беларусі. 19.9.1991 6-я нечарговая сесія Вярх. Савета рэспублікі перайменавала БССР у Рэспубліку Беларусь. Гл. таксама Беларусь.

Літ.:

гл. пры арт. Беларусь.

І.​Я.​Марчанка.

Да арт. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Газета «Савецкая Беларусь» з тэкстам Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР. 1920.
Да арт. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Камунары вёскі Камуна Любанскага раёна капаюць асушальны канал. 1928.
Да арт. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Першамайская дэманстрацыя ў Мінску. 1950-я гады.
Да арт. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Антыкамуністычная маніфестацыя і мітынг каля Дома ўрада. Мінск. 7.11.1990.

т. 2, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУЛЬНААДУКАЦЫЙНАЯ ШКОЛА.

З 10 ст. на тэр. Беларусі пачала распаўсюджвацца слав. пісьменнасць. У 11—12 ст. у Полацку, Віцебску, Тураве, Мазыры, Мінску, Пінску, Слуцку і інш. гарадах перапісваліся кнігі і пачалося навучанне дзяцей грамаце. Дзяцей навучалі як для царк., так і для грамадскіх і гасп. спраў. У Полацку ў 992 і ў Тураве каля 1000 г. заснаваны епіскапскія кафедры. Адметную ролю ў развіцці асветы на Полацкай зямлі адыграла Ефрасіння Полацкая. У Тураўскім княстве вырас талент вядомага пісьменніка і прапаведніка Кірылы Тураўскага, які ў сваіх «Словах» і «Павучаннях» выступаў супраць гультайства, зла, насілля, ілжывасці. Развіццё рукапіснай кніжнай справы садзейнічала ўзнікненню царк.-манастырскіх і свецкіх бібліятэк. У 13 ст. пісьменства пранікла ў асяроддзе гараджан, рамеснікаў, купцоў. У 14—15 ст. сталі адкрывацца школы пры манастырах, цэрквах, феад. маёнтках; навучаннем дзяцей займаліся і настаўнікі-самавучкі. У 16—1-й пал. 17 ст. на Беларусі ўзніклі канфесіянальныя пратэстанцкія школы, друкарні, з’явіліся першыя падручнікі на бел. мове. У пратэстанцкіх школах вывучалі Свяшчэннае пісанне, царк. песнапенне, стараж. мовы (лац., грэч., стараж.-рус.), родную мову, рыторыку, паэзію, дыялектыку, матэматыку. Вял. ролю ў развіцці асветы на Беларусі адыгралі брацкія школы. Эканам. і культ. развіццё бел. зямель у канцы 15 — пач. 16 ст. абумовілі станаўленне і развіццё бел. кнігадрукавання. Яго ўзнікненне звязана з дзейнасцю бел. першадрукара і асветніка Францыска Скарыны, які пачаў друкарскую дзейнасць у 1517 у Празе. У 1520-я г. ў Вільні ім надрукаваны 22 кнігі пад агульнай назвай «Біблія руская», у 1522 — «Малая падарожная кніжка» і інш. У 2-й пал. 17 ст. многія брацкія школы разам з друкарнямі закрыты. З 16 да пач. 19 ст. існавалі езуіцкія навуч. ўстановы — калегіумы. У канцы 17—18 ст. распаўсюджваліся каталіцкія і уніяцкія школы. У 1773—94 агульная адукацыя ў Рэчы Паспалітай развівалася пад кіраўніцтвам Адукацыйнай камісіі, якая правяла рэформу школ і ун-таў, зацвердзіла статут і адкрыла больш за 20 свецкіх школ, у якіх больш увагі стала аддавацца прыродазнаўчым і фізіка-матэм. навукам.

У канцы 18 ст. пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі было адкрыта 20 рускіх школ, 6 малых і 2 гал. нар. вучылішчы (у Магілёве і Полацку). Да адмены ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 пераважалі каталіцкія (ордэнскія) і уніяцкія школы, навучанне вялося пераважна на польскай мове. Пасля паўстання 1863—64 кіраўніцтва адукацыяй ажыццяўлялася на аснове «Часовых правіл для народных школ Віленскай, Ковенскай, Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў» і выдадзенай папячыцелем Віленскай навуч. акругі А.​П.​Шырынскім-Шыхматавым спец. інструкцыі (1864) нагляд за нар. адукацыяй і свецкімі школамі быў даручаны правасл. духавенству. Пачатковыя школы будаваліся і ўтрымліваліся на сродкі бацькоў. Сярэдняя школа з-за высокай платы была амаль недаступная для дзяцей працоўных. Паводле перапісу 1897 сярод насельніцтва ва ўзросце 9—49 гадоў пісьменныя складалі 32%. Пад уплывам рэвалюцыі 1905—07 актывізавалася барацьба за стварэнне бел. нац. школы. У 1906 у в. Мікалаеўшчына (Стаўбцоўскі р-н) адбываўся 1-ы на Беларусі нелегальны з’езд настаўнікаў, на якім былі сфармуляваны патрабаванні ўсеаг. абавязковага навучання і выкладання на бел. мове. У 1906 выдадзены першы бел. буквар «Беларускі лемантар» К.​Каганца, «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі, у 1909 — «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.​Коласа. У 1914/15 навуч. г. на Беларусі працавалі 7682 агульнаадук. школы ўсіх тыпаў, у т. л. 7492 пач., 119 няпоўных сярэдніх, 71 сярэдняя. Ва ўсіх тыпах школ вучылася 489 тыс. вучняў (20% усіх дзяцей школьнага ўзросту).

У 1919 Наркамат БССР увёў у дзеянне «Палажэнне аб адзінай працоўнай школе РСФСР». Навучанне ў школах вялося на роднай мове. Па ініцыятыве братоў П.М. і М.​М.​Лепяшынскіх быў створаны новы тып прац. школы — школа-камуна. Асн. тыпам школы стала 7-гадовая працоўная агульнаадук. і політэхнічная школа для дзяцей ва ўзросце 8—15 гадоў. У 1919 адкрыліся першыя вячэрнія школы для дарослых, а з канца 1920 арганізавана сетка школ для непісьменных. У 1926 ЦВК і СНК БССР прынялі пастанову аб увядзенні ўсеаг. абавязковага пач. навучання (завершана да 1932). У 1926 заснаваны школы 2-й ступені з 9-гадовым тэрмінам навучання (з 1932 — з 10-гадовым). Да канца 1930-х г. дзейнічалі таксама школы з выкладаннем на польскай, яўр. (ідыш) і інш. мовах. З 1932/33 навуч. г. ўведзена абавязковае 7-гадовае навучанне (завершана да 1939/40 навуч. г.). У 1939 пісьменнасць насельніцтва дасягнула 78,9%.

На тэр. Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы, з 400 бел. школ да 1937 не засталося ніводнай. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР на ўсёй тэр. Беларусі стала дзейнічаць адзіная школьная сістэма. З 1940 у зах. абласцях уведзена ўсеагульная 7-гадовая адукацыя дзяцей ва ўзросце ад 8 да 15 гадоў. Усяго на тэр. Беларусі ў 1940/41 навуч. г. было 12 тыс. школ, у т. л. 3,5 тыс. сямігадовых і сярэдніх, у якіх навучалася 1,7 млн. вучняў.

У Вял. Айч. вайну было знішчана каля 60% усіх школьных будынкаў (9 тыс. школ), усё школьнае абсталяванне і 20 млн. экз. кніжнага фонду школ. У час вайны школы, пераважна пачатковыя, працавалі ў партыз. зонах. Пасля вызвалення Беларусі ад фашыстаў ужо з 1944/45 навуч. г. заняткі ў школах аднавіліся на ўсёй тэр. краіны У 1945/46 навуч. г. ў 10 982 школах навучалася 1,3 млн. чал. У 1949 прынята рашэнне аб ажыццяўленні ў Беларусі ўсеагульнай абавязковай 7-гадовай адукацыі дзяцей 7—15 гадоў. За дзесяцігоддзе (1946—56) колькасць вучняў сярэдніх школ павялічылася на 511 тыс. чал.

У 1961 Вярх. Савет прыняў пастанову «Аб выкананні Закона «Аб умацаванні сувязі школы з жыццём і аб далейшым развіцці сістэмы народнай адукацыі ў Беларускай ССР», у якім гал. ўвага была звернута на далейшае развіццё сярэдніх 11-гадовых школ з вытворчым навучаннем. У 1962/63 навуч. г. працавала каля 13 тыс. агульнаадук. школ, у т. л. 4,6 тыс. васьмігадовых і сярэдніх з вытворчым навучаннем, 1331 школа рабочай і сельскай моладзі, 18 завочных школ. Колькасць вучняў дасягнула 1577,3 тыс. чал., з іх 103,3 тыс. ў сістэме вячэрніх (зменных) і завочных школ і 127,2 тыс. ў старшых класах агульнаадук. школ з вытворчым навучаннем. Працавала 121 школа-інтэрнат (34 тыс. дзяцей), 38 спец. школ (5,3 тыс. вучняў) для дзяцей з асаблівасцямі псіхафіз. развіцця. Вялікі клопат праяўляўся аб дзецях-сіротах: у 1963 у 116 дзіцячых дамах навучалася і выхоўвалася 11,5 тыс. дзяцей. Да 1962/63 навуч. г. закончыўся пераход да ўсеагульнага 8-гадовага навучання, у 1975/76 навуч. г. — да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі.

З 1995 пачалася планамерная і паступовая рэформа агульнаадук. школы Беларусі. Яе асн. мэты: стварэнне ўмоў для гарманічнага развіцця асобы, павышэнне якасці адукацыі, павелічэнне эфектыўнасці сістэмы адукацыі і яе адпаведнасці патрэбам грамадства і дзяржавы. Канцэпцыя і праграма рэформы агульнаадук. сярэдняй школы ў Рэспубліцы Беларусь (1996) прадугледжваюць стварэнне мадэлі будучай агульнаадук. сярэдняй школы. Асн. задачы гэтай школы: падрыхтоўка маладога пакалення да паўнацэннага жыцця і дзейнасці ў грамадстве, засваенне фундаментальных асноў нац. і сусв. культуры, садзейнічанне гарманічнаму развіццю асобы. Для іх вырашэння неабходны: аптымальнае спалучэнне фундаментальных ведаў з практыка-арыентаванымі; практычная накіраванасць прыродазнаўчых і прыродазнаўчанавуковых дысцыплін у базавай школе; ліквідацыя вучэбнай перагрузкі праз вызначэнне базавага кампанента ў межах зацверджаных дзяржавай стандартаў, стварэнне інтэграваных курсаў, аптымізацыі пед. тэхналогій; прыярытэт індывід. падыходу да навучання, асобасна арыентаванай парадыгмы, якая дазваляе гібка рэагаваць на адукац. запатрабаванні вучня; мадэрнізацыя сістэмы ацэнкі ведаў вучняў у кірунку яе гуманізацыі; пабудова выхаваўчай работы на культуралагічнай аснове, стаўленне да нац. і сусв. культуры як да зместу выхавання; грамадзянскі, патрыятычны, экалагічны характар выхавання. Структура 12-гадовай агульнай адукацыі:

Пачатковая школа (1—4-ы класы, з 6 да 10 гадоў) ставіць перад сабой 2 задачы: заахвочванне і развіццё ўстойлівай цікавасці да навучання, да ведаў, засваенне дзіцем базавых навыкаў працэсу вучэння — умення вучыцца; фарміраванне асноў агульнай пісьменнасці, якая дазваляе працягваць далейшае навучанне. Навучанне па праграме 1-га класа можа праходзіць як у школе, так і ў дзіцячым садзе.

Базавая (асноўная) сярэдняя школа (5—10-ы класы, з 10 да 16 гадоў) нясе на сабе асн. нагрузку па рэалізацыі задач агульнаадук. школы, падрыхтоўцы дзяцей да жыцця ў грамадстве. Праграма базавай школы характарызуецца лагічнай завершанасцю і паўнатой кола ведаў у межах дзярж. стандарту. Выпускнік павінен атрымаць веды, якімі ён будзе карыстацца ў жыцці, незалежна ад абранай прафесіі і далейшай адукацыі ці прафес. падрыхтоўкі. Школа павінна сфарміраваць уяўленні аб шляхах магчымага выбару, даць вучню сродкі для яго ажыццяўлення, дапамагчы яму раскрыць і развіць здольнасць, паказаць магчымасці іх аптымальнага выкарыстання. Асаблівай задачай з’яўляецца грамадз. выхаванне, фарміраванне ведаў аб дзяржаве, грамадстве, падрыхтоўка да выканання грамадз. функцый. Рэалізацыя гэтых задач дасягаецца на аснове засваення вучнямі базавага кампанента сярэдняй адукацыі. З 7—8-га класаў магчыма ўвядзенне розных узроўняў падрыхтоўкі (паглыбленага вывучэння асобных прадметаў), у 9—10-м класах — прафіляванне падрыхтоўкі (прыродазнаўчанавуковы, гуманітарны, політэхнічны профілі, сферы мастацтва і спорту). Паспяховае заканчэнне 10-гадовай школы і праходжанне дзярж. атэстацыі дае права на працяг адукацыі па наступных кірунках: атрыманне прафес. і агульнаадук. падрыхтоўкі ў ПТВ ці сярэдняй спец. навуч. установе, агульнаадук. падрыхтоўкі ў ліцэйскіх ці гімназічных класах.

Ліцэйскія і гімназічныя класы (тэрмін навучання 2 гады) ставяць перад сабой задачу — працяг агульнай сярэдняй адукацыі і падрыхтоўкі да вышэйшай адукацыі. Ствараюцца наступныя арганізацыйныя формы навучання: ліцэйскія і гімназічныя класы ў рамках сярэдніх агульнаадук. школ; ліцэі з прыродазнаўчанавуковымі, політэхнічнымі і гуманітарнымі класамі як самаст. навуч. ўстановы; ліцэі пры ВНУ, падрыхтоўка ў якіх адпавядае профілю гэтай навуч. ўстановы, выконваюць і функцыю сац. падтрымкі сельскай і прац. моладзі, аналагічную функцыю падрыхтоўчых аддзяленняў. Прызначэнне, падобнае на ліцэйскае, маюць і гімназіі з 12-гадовым тэрмінам навучання. Паспяховае завяршэнне ліцэйскага ці гімназічнага цыкла навучання (у адпаведных класах) дае права на паступленне ў ВНУ.

У 2003/04 навуч. г. атрыманне базавай і агульнай сярэдняй адукацыі забяспечвалі 4317 дзярж. дзённых агульнаадук. школ (1347 тыс. вучняў), у т. л. 447 пачатковых, 934 базавыя, 2700 сярэдніх, 115 гімназій, 26 ліцэяў, 7 навуч.-пед. комплексаў: школа (гімназія) — каледж і 88 школ і школ-інтэрнатаў для дзяцей з асаблівасцямі псіхафіз. развіцця. Адначасова функцыянавалі 12 недзярж. дзённых агульнаадук. школ (900 вучняў) і 79 дзярж. вячэрніх (зменных) школ (20,7 тыс. вучняў). Ва ўсіх тыпах устаноў працавала 146,7 тыс. настаўнікаў (гл. табл. 1). У першую змену ў дзярж. дзённых агульнаадук. школах навучалася 1153,5 тыс. вучняў (83,1%), у другую — 234,5 тыс. (16,9%). Сярэдняя напаўняльнасць школ усіх тыпаў Мін-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь зменшылася на 0,1%. У 2441 дзярж. дзённай агульнаадук. школе працуюць групы падоўжанага дня, у якіх 150,6 тыс. дзяцей. У 2621 дзярж. дзённай агульнаадук. школе (60,2% ад агульнай колькасці школ) навучанне ажыццяўляецца на бел. мове, у 1313 (30,1%) — на рускай, у 418 (9,6%) — на дзвюх і больш мовах, у 2 — на польскай, у 1 — на літоўскай. Захоўваецца тэндэнцыя змяншэння колькасці школ з бел. мовай навучання. На пач. 2004 на бел. мове навучалася 360 тыс. вучняў (26% ад агульнай колькасці вучняў дзённых агульнаадук. школ), на рускай 1023 тыс. (73,7%), на польскай 800 вучняў (0,1%), на літоўскай 75 вучняў. Уведзена 10-бальная сістэма ацэнкі ведаў, уменняў і навыкаў. У 1-м класе адзнакі не выстаўляюцца.

Удасканаленне адукац. працэсу ажыццяўляецца за кошт пашырэння культуралагічнай, эканам., экалагічнай падрыхтоўкі, укаранення сучасных тэхналогій навучання, надання зместу адукацыі на ўзроўні базавай (асноўнай) школы адносна завершанага характару і ажыццяўлення профільнай дыферэнцыяцыі на апошнім этапе агульнай сярэдняй адукацыі. Пераход на 5-дзённы навуч. тыдзень дазваляе ўстанаўліваць навукова абгрунтаваную навуч. нагрузку. Паэтапнае зніжэнне напаўняльнасці класаў стварае аптымальныя ўмовы для навучання і аховы здароўя вучняў. Забяспечваецца адзінства навуч.-выхаваўчага працэсу ў сістэмах школьнай і пазашкольнай адукацыі. Працягваецца работа па стварэнні комплекснай сістэмы выхаваўчай работы, арыентаванай на фарміраванне духоўна-маральнай асобы. З 2001 праводзіцца работа па пашырэнні сеткі ўстаноў пазашкольнай адукацыі (комплексы пазашкольнай работы, цэнтры творчасці школьнікаў, турыстычныя клубы, дзіцячыя паркі і інш.) і аказваемых імі паслуг з улікам павелічэння патрэбнасцей і запатрабаванняў навучэнскай моладзі. Развіваецца дзейнасць дзіцячых і маладзёжных арганізацый. Фарміруецца сістэма псіхолага-пед. і сац.-пед. падтрымкі, завершана стварэнне сеткі спец. устаноў для аказання дапамогі дзецям і сем’ям, якія апынуліся ў экстрэмальных сітуацыях, пашырана аказанне карэкцыйна-адукац. паслуг асобам з асаблівасцямі псіхафіз. развіцця. З 2002 прымаюцца дадатковыя меры па арганізацыі профільных аздараўленчых летнікаў з улікам інтарэсаў, запатрабаванняў і неабходнасці ў аздараўленні розных катэгорый вучняў. Пашыраецца практыка аздараўлення дзяцей, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС; з асаблівасцямі псіхафіз. развіцця; дзяцей, якія стаяць на прафілактычным уліку ў інспекцыях па справах непаўналетніх.


Табліца 1
Установы, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі (на пачатак навуч. года)
1995/96 2000/01 2003/04 Колькасць вучняў, тыс. чал. Колькасць настаўнікаў
1995/96 2000/01 2003/04 1995/9 512000/01 2003/04
Колькасць навучальных устаноў — усяго 5007 4772 4408 1582,2 1547,6 1369,0 137,9 151,5 146,7
дзённых 4925 4686 4329 1581,3 1524,3 1348,3 137,0 150,5 145,7
з іх: дзяржаўных 4921 4671 4317 1561,0 1523,2 1347,4 136,9 150,1 145,4
прыватных 4 15 12 0,3 1,1 0,9 0,1 0,4 0,3
дзяржаўных вячэрніх (заняткаў) 82 86 79 20,9 23,3 20,7 0,9 1,0 1,0
Агульнаадукацыйная школа №14 г. Маладзечна.

т. 18, кн. 2, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БССР У МІЖВАЕННЫ ПЕРЫЯД

Утварэнне СССР. Ваенна-палітычны саюз БССР і РСФСР, заключаны ў час грамадзянскай вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20, не адпавядаў новым умовам. Пытанне пра заключэнне новага саюзнага дагавора неаднойчы абмяркоўвалася ў ЦК ВКП(б) і ЦБ КП(б)Б. 16.1.1921 паміж РСФСР і БССР падпісаны новы дагавор, паводле якога: прызнаваліся суверэнітэт і незалежнасць Беларусі; ствараліся аб’яднаныя наркаматы ваенных і марскіх спраў, ВСНГ, знешняга гандлю, фінансаў, працы, шляхоў зносін, пошты і тэлеграфа; для каардынацыі дзейнасці ў галіне гасп. і культ. будаўніцтва створана прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе РСФСР. Аднак канчаткова адносіны паміж дзяржавамі не былі вызначаны. Толькі пасля кастр. (1922) пленума ЦК РКП(б), які падтрымаў план Леніна (у яго аснове ляжаў прынцып федэрацыі), кіраўніцтва КП(б)Б атрымала больш ясныя паліт. арыенціры. IV Усебел. з’езд Саветаў (14—18.12.1922) прыняў рашэнне пра неабходнасць утварэння Саюза ССР і выбраў дэлегацыю на X Усерас. з’езд Саветаў у складзе 33 чал. Сярод дэлегатаў былі А.​Р.​Чарвякоў (старшыня ЦВК і СНК БССР), В.​А.​Багуцкі, Ш.​Ш.​Ходаш, А.​С.​Славінскі, Я.​А.​Адамовіч, У.​М.​Ігнатоўскі і інш.

I Усесаюзны з’езд Саветаў 30.12.1922 прыняў Дэкларацыю і Дагавор аб утварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у складзе РСФСР, УССР, БССР і ЗСФСР. У выбраны з’ездам ЦВК СССР ад БССР увайшло 7 чалавек. Да кампетэнцыі вышэйшых органаў улады СССР адышлі знешняя палітыка, граніцы, узбр. сілы, транспарт, сувязь, планаванне нар. гаспадаркі, фінансы, аб’яўленне вайны і заключэнне міру. Асн. палажэнні Дагавора зацвердзіла Канстытуцыя СССР, прынятая на II з’ездзе Саветаў СССР у 1924.

У склад БССР, абвешчанай 31.7.1920, уваходзіла 6 няпоўных паветаў Мінскай губ. Бел. дзеячы культуры, сав. і парт. кіраўніцтва БССР, найперш А.​Р.​Чарвякоў, У.​М.​Ігнатоўскі і інш., неаднаразова ставілі ў ЦК РКП(б) пытанне пра вяртанне ў склад БССР усх.-бел. зямель. Вяртанне гэтых тэрыторый у склад БССР адбывалася ў складаных унутр. і знешнепаліт. абставінах. На фоне актыўнага супраціўлення губернскіх улад і адсутнасці масавай падтрымкі з боку мясц. насельніцтва пры вызначэнні межаў рэспублікі найбольшая роля адводзілася знешнепаліт. фактару. Далучэнне да БССР раёнаў з большасцю бел. насельніцтва супрацьпастаўлялася палітыцы нац. ўціску і прыгнёту, якая праводзілася Польшчай у Заходняй Беларусі. Пашыраная Сав. Беларусь павінна была стаць адзіным цэнтрам прыцягнення бел. нац.-вызв. і рэв. руху за мяжой. Пры пастаноўцы тэр. пытання кіраўніцтва БССР прытрымлівалася тактыкі паслядоўных зваротаў і пошуку прыхільнікаў у цэнтр. парт., сав. і гасп. органах. І ў 1924, і ў 1926 праблема граніц БССР напачатку разглядалася ў ЦК РКП(б), і толькі пасля вырашэння пытання ў парт. парадку прынятая пастанова праводзілася праз саюзныя, рэсп. і губ. Саветы.

У выніку ўзбуйнення ў 1924 тэр. Сав. Беларусі павялічылася больш чым у 2 разы і склала 110 584 км², колькасць насельніцтва дасягнула 4,2 млн. чал. У выніку 2-га ўзбуйнення ў 1926 тэр. рэспублікі павялічылася яшчэ на 15 727 км², а насельніцтва — на 649 тыс. чал. У пач. 1927 тэр. БССР склала 125 950 км², а насельніцтва каля 5 млн. чал., 80% з якіх складалі беларусы.

Сацыяльна-эканамічнае становішча БССР у 1920-я г. Новая эканамічная палітыка. Прамысловасць і сельская гаспадарка знаходзіліся ў запушчаным стане. У выніку войнаў і інтэрвенцый плошча пад пасевамі збожжавых у параўнанні з 1913 скарацілася на 40%, пад бульбай — на 55%. З 815 буйных прамысл. прадпрыемстваў не працавала 470. Прамысл. вытворчасць скарацілася ў 5 разоў, валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі складала крыху больш за палавіну даваеннай. Гаспадарчую разруху дапаўнялі паліўны крызіс, катастрафічнае становішча сувязі і транспарту, гіперінфляцыя.

Цяжкія матэрыяльныя ўмовы побач з паспешлівымі мерамі, якія прымаліся ўладамі для выпраўлення становішча, выклікалі незадаволенасць усіх сац. пластоў грамадства. Тавараабарот паміж горадам і вёскай амаль поўнасцю спыніўся. У гарадах адбываліся забастоўкі рабочых, сяляне супраціўляліся канфіскацыі збожжа. Цяжкае становішча рэспублікі ўзмацнялася паліт. і крымінальным бандытызмам. Сяляне да мерапрыемстваў сав. улады ставіліся насцярожана, праяўлялі актыўнасць антысав. фарміраванні, колькасць якіх на тэр. БССР хутка расла (у маі 1921 яны налічвалі, 2 тыс. чалавек, а ў чэрвені — 3,5 тыс., за 1921—22 учынена больш за 2,1 тыс. бандыцкіх нападаў). У вёсках ставіліся ваен. пасты, у чэрв. 1921 уведзена ваен. становішча ў Мінску.

Паварот да новай эканамічнай палітыкі [нэп; абвешчана на X з’ездзе РКП(б), люты—сак. 1921] быў зроблены па прычыне незадаволенасці насельніцтва і напачатку меў на мэце рэфармаванне толькі эканам. адносін. Адным з гал. стрыжняў нэпа стала замена харчразвёрсткі натуральным падаткам (ад 13 да 18 відаў прадуктаў), які ўскладаўся не на ўсю вёску, а на кожную асобную гаспадарку дыферэнцыравана (у залежнасці ад колькасці ворнай зямлі і едакоў у сям’і, ураджайнасці). Збор харчпадатку лічыўся адказным заданнем, у распараджэнне харчовых органаў вылучаліся падраздзяленні чырвонаармейцаў.

Дэкрэтам ВЦВК РСФСР ад 17.3.1922 з 1 жніўня ўводзіўся адзіны натуральны падатак, які павінен быў здавацца шасцю відамі прадукцыі. Сем’ям чырвонаармейцаў, інвалідам, беднаце даваліся льготы. У 1923 усе віды натуральнага падаткаабкладання на вёсцы заменены адзіным с.-г. падаткам, які выплачваўся часткова прадуктамі, часткова грашыма, што дазваляла сялянам вызначаць кірунак развіцця сваёй гаспадаркі з пазіцый эканам. мэтазгоднасці.

Прынцып падатковай палітыкі быў класавы. Калі першапачаткова плацілі ўсе, то ў 1923 амаль 26 тыс. бядняцкіх гаспадарак у розным памеры вызваляліся ад падатку, а сума скідак раскладвалася на заможных. Гэта дрэнна адбівалася на развіцці прадукцыйнасці сял. гаспадарак і падрывала веру значнай часткі сялян у справядлівасць сав. улады. Да таго ж падатковая палітыка ўключала ў сябе як адзін з элементаў сваёй сістэмы празмерна нізкія цэны на хлеб, што пазней прывяло да дысбалансу ў эканам. адносінах паміж горадам і вёскай.

Прадугледжаны Дэкрэтам аб зямлі падзел памешчыцкіх і інш. зямель паміж сялянамі ў сувязі з ням. і польскай акупацыямі на большай частцы тэр. БССР пачаўся толькі ў 1920. У першую чаргу зямлёй забяспечваліся беззямельныя і малазямельныя сяляне. Тым не менш каля 40% гаспадарак не былі забяспечаны мінімальнай спажывецкай нормай. У сувязі са спыненнем перасялення і слабым паглынаннем яго прамысловасцю лішак вясковага насельніцтва з года ў год павялічваўся.

У 1925 Наркамат земляробства БССР распрацаваў план аднаўлення сельскай гаспадаркі (пазней гэта палітыка атрымала назву «прышчэпаўшчына» ад прозвішча наркома земляробства Дз.​Ф.​Прышчэпава). План прадугледжваў: вырашэнне праблемы аграрнай перанаселенасці, скарачэнне скрытага беспрацоўя ў вёсцы праз ліквідацыю групы беззямельных і малазямельных сялян; развіццё прадукцыйных сіл сял. гаспадаркі, ліквідацыю яе спажывецкага характару і перавод на рэйкі таварна-грашовых адносін; каапераванне сельскай гаспадаркі. Землеўпарадчымі работамі планавалася ахапіць да 60% тэрыторыі. З мэтай інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі прадугледжвалася: развіццё жывёлагадоўлі; ліквідацыя 3-польнай сістэмы паляводства; пашырэнне вырошчвання тэхн. і кармавых культур, травасеяння; развіццё садаводства і пчалярства; наладжванне агранамічнай і ветэрынарнай работы. Меры па развіцці прадукц. сіл уключалі зніжэнне на 40% агульнай сумы с.-г. падатку, прадастаўленне дадатковых дзярж. сродкаў сістэме с.-г. крэдыту, палягчэнне найму працоўнай сілы, пашырэнне права здачы зямлі ў арэнду, на якой дазвалялася выкарыстоўваць наёмную рабочую сілу, ліквідацыю адм. перашкод дробнаму сял. гандлю, зніжэнне цэн на с.-г. машыны і павелічэнне працягласці крэдыту на іх куплю, прадастаўленне ўсім сялянам права ўдзелу ў кааперацыі. Аднолькава законнымі прызнаваліся сял. арцель, абшчына, індывідуальнае карыстанне зямлёй у выглядзе хутароў і адрубоў.

Дробная арэнда і наём рабочай сілы дазвалялі больш поўна выкарыстоўваць працоўныя рэсурсы і сродкі вытворчасці. Аднак арэнда ў сял. гаспадарцы БССР не набыла вял. пашырэння: у 1925 ёй карысталася каля 7,7%, у 1927—11% сялян, што тлумачылася адсутнасцю буйных прыватнаўласніцкіх гаспадарак, падатковай і сац. палітыкай у адносінах да заможных сялян.

У 1929 у сельскай і лясной гаспадарцы БССР працавала 81,1 тыс. наёмных работнікаў, большасць з іх складалі малазямельныя сяляне-беднякі, якія не маглі пражыць са сваёй зямлі.

Да 1928 агульная колькасць сялян, якія выйшлі на хутары і адрубы, перасягнула 25% усіх гаспадарак (прыкладна палова з іх перасялілася яшчэ ў час правядзення Сталыпінскай рэформы), ім належала каля 20% зямлі. Усяго ў 1921—29 землеўпарадкавана да 44% агульнай плошчы сял. землекарыстання; у 1925—28 у раёны Сібіры і Д. Усходу выехала 74,8 тыс. бел. сялян. Аднак у цэлым перасяленне сялян не змяніла забяспечанасці зямлёй бел. вёскі, тым больш што частка іх вярнулася назад.

Ажыўленне ў сельскай гаспадарцы абумовіла рост зацікаўленасці сялян у сродках вытворчасці і крэдытах, прымусіла іх шукаць рынкі збыту сваёй прадукцыі. Пачаўся рост крэдытных кааператываў, ствараліся малочна-жывёлагадоўчая, садова-агародніцкая, насенняводчая, меліярацыйная і інш. віды кааперацыі. На пач. 1928 у БССР дзейнічала 1869 с.-г. кааператыўных т-ваў, якія аб’ядноўвалі 331,4 тыс. членаў. Колькасць кааператыўных аб’яднанняў вытворчага тыпу [камуны, таварыствы апрацоўкі зямлі (ТАЗы), арцелі] знізілася з 710 у 1921 да 611 у 1928, яны аб’ядноўвалі каля 5,2 тыс. сял. двароў. Нерэнтабельныя гаспадаркі, у т. л. слабыя саўгасы, ліквідоўваліся.

У сярэдзіне 1920-х г. колькасць бяднейшых сялян скарачалася, адбывалася ўраўноўванне вёскі, скарачэнне колькасці крайніх груп (прадпрымальнікаў і батракоў). У 1927 беднякі складалі 46,5%, сераднякі — амаль 51%, заможныя сяляне, т.зв. кулакі, — 2,5% агульнай колькасці сялян. Аднак ураўноўванне ішло па ўзроўні ніжэй сярэдняга. Частка батракоў хоць і атрымала зямельныя надзелы, але наймацца не перастала з-за недахопу зямлі або сродкаў вытворчасці, частка з іх вымывалася з вёскі. Заможнае сялянства ўяўляла сабой сац. праслойку дробнай сельскай буржуазіі. Забарона ў 1929 найму рабочай сілы і арэнды наогул зрабіла немагчымым яго далейшае існаванне.

У выніку праведзеных мерапрыемстваў спачатку даволі хутка павышаўся дабрабыт сялян, аднаўляліся памеры пасяўных плошчаў, павялічыўся прыток прадукцыі сельскай гаспадаркі ў гарады. Хоць зямля і заставалася нацыяналізаванай, дзяржава ў пэўнай ступені гарантавала правы сялян на яе ўладанне. У 1925 сельская гаспадарка ў асноўным дасягнула даваеннага ўзроўню. У 1926 кошт усёй валавой прадукцыі перасягнуў сярэднегадавыя паказчыкі 1911—13 амаль на 10%.

Нягледзячы на землеўпарадкаванне, на большай частцы захоўвалася цераспалосіца, культура земляробства была нізкая. Не ўдалося спыніць драбленне сял. гаспадарак і памяншэнне іх надзелаў. У 1928 памер сярэдняга сял. надзелу зноў знізіўся да ўзроўню 1917. Зусім нязначнай была забяспечанасць сельскай гаспадаркі трактарамі і іншай тэхнікай (у 1929 у БССР мелася 237 трактароў).

Вызваленне сельскай гаспадаркі ад палітыкі «ваеннага камунізму» дало штуршок рэформам у галіне прамысловасці, гандлю, фінансаў. Палітыка сав. улады была скіравана на падтрымку дробнай вытворчасці, здольнай у кароткі перыяд ліквідаваць таварны голад, пашырыць тавараабарот паміж горадам і вёскай. Дазвалялася дзярж. арэнда і арганізацыя прыватных дробнапрамысловых прадпрыемстваў, уводзілася права ўласнасці на жыллёвыя пабудовы, фабрычна-заводскія прадпрыемствы, с.-г. і прамысл. прадукты і інш. У руках дзяржавы засталіся буйная прамысловасць, чыг. і рачны транспарт, банкаўская сістэма, амаль увесь оптавы гандаль, вял. частка жыллёвага фонду, зямля, лясы, нетры. Рынак прымусіў перавесці прамысл. прадпрыемствы на гасп. разлік і здзейсніць т.зв. трэстафікацыю. Аднак звычайным стала ўмяшанне парт. органаў у работу прамысловасці, а гасп. разлік падрываўся сістэмай дзярж. фінансавання для больш буйных прадпрыемстваў і трэстаў. Каля 80% несельскагаспадарчых сектараў эканомікі заставаліся нацыяналізаванымі. Дзяржбанк меў манаполію крэдыту, стаўкі па ім ён павышаў ці паніжаў паводле загадаў парт. кіраўніцтва. Пасля 1923 «кантрольныя лічбы» і прагнозы развіцця вытворчасці вызначаў Дзяржплан. Усё гэта стварала тэндэнцыю дзярж. цэнтралізацыі. Адзінай формай дзярж. капіталізму ў БССР была арэнда ў прамысловасці, бо канцэсіі і акцыянерныя т-вы развіцця не атрымалі.

У 1921—22 пачаў працаваць 1-ы дзярж. машынабудаўнічы і чыгуналіцейны з-д «Энергія», з-д «Метал» у Мінску, аднавілі дзейнасць шклозавод «Стрэва», хрусталёвая ф-ка «Барысаў», лесазавод у Бабруйску, фанерны з-д і запалкавая ф-ка «Дняпро» (Рэчыцкі пав.) і інш. У 1923—27 адноўлены і пабудаваны дзесяткі фабрык і з-даў, у т. л. ў Мінску кафельна-керамічны і гарбарны з-ды, шпалерная ф-ка. Выключна важнае значэнне для развіцця прамысл. патэнцыялу БССР мела павелічэнне яе тэрыторыі ў 1924 і 1926. Колькасць цэнзавых прадпрыемстваў у 1926/27 гасп. г. дасягнула 410, а занятых на іх рабочых — 32 137 чал. На працягу 1924—28 аб’ём валавой прамысл. прадукцыі вырас у БССР у 2,3 раза. Аснову прамысловасці рэспублікі, як і ў дарэвалюцыйны час, складалі харчовая, дрэваапрацоўчая і гарбарная галіны, на долю якіх прыпадала асн. частка агульнага аб’ёму валавой прадукцыі. Сярод галін, што развіваліся найб. дынамічна, былі тарфяная, металаапрацоўчая, электраэнергетыка.

Нэп спрыяў хуткаму росту лёгкай прамысловасці. Яна спажывала большую таварную частку прадукцыі сял. гаспадаркі і забірала залішнюю рабочую сілу. Стаўка рабілася на стымуляванне развіцця дробных і сярэдніх прадпрыемстваў, якія гістарычна пераважалі на Беларусі, што ў хуткім часе дазволіла забяспечваць шырокія слаі насельніцтва харч. і прамысл. таварамі. Паводле перапісу 1923 у гарадах і гар. пасёлках рэспублікі дзейнічала 10 367 прадпрыемстваў, у т. л. 35% дзяржаўных. У 1926 у БССР было 60 178 дробных прамысл. прадпрыемстваў, на якіх працавала 100 725 чал. (з іх прыватных 58 034 з 10 295 наёмнымі работнікамі). Пераважная большасць прадпрыемстваў працавала без наёмных рабочых. У 1926 дробнасаматужная вытворчасць складала 42,1% усёй прамысл. прадукцыі рэспублікі, на яе прадпрыемствах было занята каля 70% рабочых.

Прыватныя прадпрыемствы з самага пачатку былі пастаўлены ў няроўныя ўмовы з дзяржаўнымі, якія мелі цэнтралізаванае забеспячэнне, гарантаваныя дзярж. заказы і закупкі. У горшых умовах знаходзіліся арэндныя прадпрыемствы. Тэрміны арэнды (ад 1 да 6 гадоў), адсутнасць упэўненасці ў заўтрашнім дні не спрыялі распрацоўцы доўгатэрміновай стратэгіі і значным капіталаўкладанням з боку прадпрымальнікаў. Праводзіліся пераважна арэндныя здзелкі, разлічаныя на хуткае ўзбагачэнне без вялікіх затрат, каля ​3/4 арэндных дагавораў заключалася толькі на 1 год. Нэпман 1920-х г. аддаваў перавагу рознічнаму, паўаптоваму гандлю, пасрэдніцкай дзейнасці.

Рэалізацыя нэпа накладвала адбітак і на жыццё рабочых: адмянялася абавязковая працоўная павіннасць часоў грамадз. вайны, скасоўваліся абмежаванні па перамене месца працы, у 1923—24 адбыўся пераход на здзельную аплату і выплату заробку грашыма. Тым не менш сярэдняя заработная плата не задавальняла нават самыя сціплыя запатрабаванні. Складанымі былі і жыллёвыя ўмовы рабочых. Павелічэнне кватэрнай платы і камунальных плацяжоў абумовілі фактычную ліквідацыю вынікаў «жыллёвага перадзелу» перыяду «ваеннага камунізму».

Да аграрнай перанаселенасці вёскі, адсутнасці пастаянных заняткаў у значнай часткі гар. і местачковага насельніцтва дадаліся частковы перавод прамысловасці на капіталіст. прынцыпы гаспадарання, закрыццё шэрагу прадпрыемстваў, што выклікала рост беспрацоўя. У 1921 у БССР афіцыйна зарэгістравана 7,8 тыс., у 1924—25,9 тыс. беспрацоўных. З далучэннем Гомельскага і Рэчыцкага пав. (1926) іх колькасць, нягледзячы на аднаўленне прамысловасці, у 1928 дасягнула 64,4 тыс. чал.

Цэнтр. звяном нэпа стала свабода гандлю, дзе і дасягнуты найб. адчувальныя вынікі, звязаныя з паляпшэннем матэрыяльнага становішча людзей. Вял. сетка біржаў і кірмашоў, гандл. прадпрыемстваў звязвалі прамысловасць з рынкам і сялянамі. Існавалі розныя віды гандлю: прыватны, кааператыўны, дзяржаўны. У 1922/23 г. на долю прыватніка прыпадала 90% усіх гандлёвых прадпрыемстваў і 85% тавараабароту. Умацаванне грашовай сістэмы (рэформа 1922—24), стварэнне камерцыйных банкаў, т-ваў узаемнага крэдыту, ашчадных кас спрыялі эканам. росту прыватніка. Адным з паказчыкаў фін. стабілізацыі, даверу да дзяржавы стала хуткае павелічэнне колькасці ўкладчыкаў і памераў укладаў. Аднак становішча прыватніка ўскладнялася высокімі падаткамі і трансп. расходамі, фактычнай немагчымасцю атрымання крэдытаў.

У перыяд станаўлення нэпа краіна перажыла некалькі дысбалансаў прамысл. і с.-г. цэн. Так, у 1922 рынак быў выбіты з раўнавагі дарагоўляй с.-г. прадуктаў і лішкам прамысл. тавараў, у выніку чаго рэзка знізіўся дзярж. прыбытак. У 1923 у сялян была перавытворчасць, а фабрыкі зменшылі выпуск прадукцыі, што пазбавіла сялян прыбытку («нажніцы цэн»), Дзярж. маніпуліраванне крэдытамі дазволіла ліквідаваць крызіс і стабілізаваць сітуацыю. Крызіс збыту ў 1923—24 стаў прычынай наступлення ўлад на нэпманаў. На прыватны гандаль распаўсюджвалася нарміраванне рознічных цэн, за парушэнне якіх гандляроў прыцягвалі да адказнасці.

Лінія на выцясненне прыватнага гандлю запаволіла продаж прамысл. тавараў, што вяло да фін. цяжкасцей у прамысловасці. Кіраўніцтва краіны даволі хутка адрэагавала на крызіс 1925 і прыняло рашэнне аб пераглядзе гасп. планаў. Курс у адносінах да прыватніка быў крыху падкарэкціраваны: лягчэй было атрымаць гандлярам крэдыты ад дзяржавы і тавары ад дзярж. прамысловасці; палепшана забеспячэнне сыравінай; саматужнікам і рамеснікам даваліся льготы.

У 1926 пачалося новае наступленне на нэпманаў. Пастанова ад 26.8.1926 «Аб дзяржаўным рознічным гандлі» прапаноўвала павялічыць долю каап. і дзярж. гандлю за кошт прыватнага. Скарачаўся водпуск тавараў і сыравіны, зніжаліся крэдыты, ліквідоўваліся таварныя біржы, расло падаткаабкладанне, павышалася квартплата для ўладальнікаў гандлёвых і прамысл. прадпрыемстваў. Доля прыватніка ў валавой прамысл. прадукцыі з 1925/26 па 1927/28 гасп. г. зменшылася з 49,2 да 28,6%, а на 1.10.1928 у БССР засталіся толькі 4 прыватныя цэнзавыя прадпрыемствы. У дробнай вытворчасці прыватныя прадпрыемствы яшчэ выпрацоўвалі больш за ​3/4 прадукцыі, але аб’ём яе хутка скарачаўся. Толькі за 1927/28 гасп. г. закрыта каля 5 тыс. гандлёвых прадпрыемстваў, крыніцы існавання былі пазбаўлены каля 20 тыс. чал. Меры супраць гандлю адразу ж адбіліся на саматужна-рамеснай прамысловасці, узніклі цяжкасці з набыццём сыравіны і збытам прадукцыі. У 2-й пал. 1920-х г. зноў ствараліся глаўкі па галінах, якія паўтаралі арганізацыю кіравання пры «ваенным камунізме», павялічылася ўмяшанне дзяржавы ў тавараабарот. На 1926/27 гасп. г. прынята новае палажэнне абс.-г. падатку — ён павялічваўся амаль у 2 разы для заможных гаспадарак, ім абмяжоўвалася выдача крэдытаў.

З аднаго боку, нэп садзейнічаў уздыму эканомікі, а з другога — вёў да росту сац. дыферэнцыяцыі. Вострай праблемай гарадоў стала беспрацоўе. Цяжкія матэрыяльныя і жыллёвыя ўмовы, рост бюракратызму, новы віток сац. расслаення грамадства ўзмацнялі негатыўныя настроі. Рабочыя выказвалі незадавальненне высокімі, на іх погляд, акладамі спецыялістаў. Сярод работнікаў парт. і дзярж. апарату, дзе заставалася нямала прыхільнікаў ідэалогіі і метадаў часоў «ваеннага камунізму», зноў стала пераважаць думка пра несумяшчальнасць выкарыстання прыватнага капіталу з задачамі сац. будаўніцтва.

Крызіс 1927—28 у адрозненне ад папярэдняга быў не толькі эканам., але і сац.-палітычным. Нягледзячы на нядрэнны ўраджай, збожжа было нарыхтавана амаль удвая менш, чым у 1926. Для збожжанарыхтовак прыцягнуты органы АДПУ і міліцыі, на вёску камандзіравана вял. колькасць парт. і сав. працаўнікоў з гарадоў. Комплекс надзвычайных мер дазволіў значна павялічыць нарыхтоўкі, аднак рэзка пагоршыліся адносіны часткі сялян да сав. улады. Пастановай Палітбюро ЦК ВКП(б) ад 14.2.1929 уведзена картачная сістэма на хлеб, а пазней і на інш. тавары. Карткі выдаваліся толькі працуючым у дзярж. сектары эканомікі і іх утрыманцам. Насельніцтва прамысл. гарадоў і пасёлкаў атрымала перавагу ў параўнанні з жыхарамі неіндустрыяльных гарадоў; працуючыя на індустрыяльных аб’ектах — перад тымі, хто працаваў на другарадных вытворчасцях. Па-за дзярж. сістэмай забеспячэння апынуліся сяляне (каля 80% насельніцтва краіны) і пазбаўленыя паліт. правоў («лішэнцы»). Прамысл. тавары ў вёску завозілі ў значна меншых памерах і ў асноўным у канцы года. Аднак дзярж. забеспячэнне не гарантавала пражытачнага мінімуму нават гар. насельніцтву.

Індустрыялізацыя. У сярэдзіне 1920-х г. Беларусь мела 3,4% насельніцтва СССР, а выпускала ўсяго 1,6% прамысл. прадукцыі. У рэспубліцы пераважалі дрэваапрацоўчая, харчовая і лёгкая галіны прам-сці. Рабочыя, занятыя ў саматужна-рамеснай прам-сці, складалі амаль ​3/4 рабочых рэспублікі. Удзельная вага інжынераў і тэхнікаў складала менш за 2% агульнай колькасці занятых. Умовы, у якіх знаходзілася рэспубліка, дыктавалі неабходнасць больш інтэнсіўнага прамысл. развіцця.

Курс на індустрыялізацыю ўзяты на XIV з’ездзе ВКП(б) і X з’ездзе КП(б)Б (снеж. 1925). У сав. мадэлі індустрыялізацыі акцэнт рабіўся на развіццё перадавых на той перыяд галін, матэрыяльнай асновы ваен.-прамысл. комплексу. Аднак з сярэдзіны 1920-х г. і да канца 1-й пяцігодкі ў БССР асн. ўвага аддавалася развіццю лёгкай і харч. прамысловасці, што было абумоўлена дастатковымі запасамі мясц. сыравіны, кадрамі, традыцыямі. Асн. сродкі накіроўваліся ў паліўную, дрэваапрацоўчую, папяровую, гарбарную і харч. галіны, бо развіццё іх патрабавала менш выдаткаў і часу. Частка капіталаўкладанняў накіравана на развіццё энергетыкі, машынабудаўнічай прам-сці і на вытворчасць буд. матэрыялаў.

Курс на індустрыялізацыю патрабаваў велізарных капіталаўкладанняў, пераразмеркавання сродкаў на карысць прамысловасці, тым больш, што грашовая эмісія звяла да нуля станоўчыя вынікі грашовай рэформы. З паскарэннем індустрыялізацыі ў канцы 1920-х г. адбывалася перапампоўванне сродкаў з агр. сектара ў прамысловы. Былі зведзены да мінімуму невытворчыя расходы, выкарыстоўваліся працоўны энтузіязм народа, «добраахвотна-прымусовыя» пазыкі ў працоўных.

З 1928 эканоміка і культура БССР развіваліся ў адпаведнасці з 5-гадовымі перспектыўнымі планамі. За гады 1-й пяцігодкі ў рэспубліцы пабудавана 78 буйных, 480 дробных і сярэдніх прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. швейныя ф-кі «Сцяг індустрыялізацыі» (Віцебск), імя Камінтэрна (Гомель), імя Валадарскага (Магілёў), імя Дзяржынскага (Бабруйск), панчошна-трыкатажная ф-ка імя КІМ (Віцебск), Магілёўская ф-ка штучнага валакна, «Гомсельмаш», найбуйнейшая ў рэспубліцы электрастанцыя БелДРЭС і інш. Прадукцыя металаапрацоўчай галіны вырасла ў 3,8, харчовай — у 4,7, гарбарна-абутковай — у 6, швейнай — амаль у 13 разоў. На Беларусі былі створаны паліўная, машынабудаўнічая, хімічная галіны прам-сці, наладжана вытв-сць штучнага валакна, трыкатажу. У 1932 у рэспубліцы выпушчана 1500 металарэзных станкоў і больш за 13 тыс. розных с.-г. машын. Аднак планавыя паказчыкі пяцігодкі не былі выкананы. Аб’ём прамысл. вытворчасці БССР за пяцігодку павялічыўся ў 2,7 раза замест планавых 3,7 раза, план капітальнага буд-ва выкананы на 68,1%.

Да пач. 1930 ліквідавана беспрацоўе ў гарадах, аднак у выніку перазаключэння калектыўных дагавораў, тарыфнай рэформы, перагляду норм выпрацоўкі павялічылася ўраўнілаўка, што выклікала незадавальненне рабочых, якое парт.-дзярж. кіраўніцтва накіроўвала супраць «буржуазных» кадраў.

Каб стрымаць падзенне жыццёвага ўзроўню рабочых, яшчэ з пач. 1920-х г. пры фабрыках і заводах ствараліся сельскія дапаможныя гаспадаркі, сетка рабочых кааператываў і аддзелаў рабочага забеспячэння, якія ў пач. 1934 ахоплівалі больш за 100 тыс. рабочых і служачых. У 1934 дапаможныя гаспадаркі прадпрыемстваў рэспублікі мелі 27 тыс. га зямлі, пад калектыўнымі агародамі — каля 8 тыс. га; з агульнай колькасці рабочых сем’яў прамысл. гарадоў 22% мелі індывідуальныя ўчасткі, плошча якіх складала 6,9 тыс. га.

У 1931 — сярэдзіне 1932 эканам. палітыка была ўдасканалена. Пачала выкараняцца ўраўнілаўка на вытворчасці, уводзіўся гасп. разлік, разгортваўся калгасны гандаль. У канцы 1932 уведзены кантроль за фондам заработнай платы і дысцыплінай на прадпрыемствах, пашпартная сістэма ў гарадах прыгранічных раёнах.

Лістападаўскі пленум (1934) ВКП(б) прыняў рашэнне аб адмене ў СССР з 1.1.1935 картачнай сістэмы на хлеб. Неўзабаве былі адменены карткі на мясныя і рыбныя прадукты, тлушч, цукар і бульбу, на прамысл. тавары. Аднак праблема не была вырашана. З-за недахопу харчовых і спажывецкіх тавараў у гарадах выстройваліся вял. чэргі.

Пастановай ЦК ВКП(б) і СНК СССР з 25.7.1936 устаноўлены нормы водпуску тавараў у адны рукі. Сітуацыя з таварным дэфіцытам асабліва абвастрылася ў канцы 1930-х г. У Гомелі, Віцебску, Барысаве і інш. месцах хлеб прадавалі па спісах.

У гады 2-й і 3-й пяцігодак прамысловасць рэспублікі развівалася дастаткова высокімі тэмпамі. Аб’ём валавой прадукцыі за 1932—37 вырас амаль у 1,9 раза. Пабудаваны такія буйныя прадпрыемствы, як Аршанскі льнокамбінат, Крычаўскі цэментны, Гомельскі шкляны, Магілёўскі аўтарамонтны з-ды, 2-я чарга БелДРЭС і інш. Аднак другі 5-гадовы план быў выкананы на 77%.

Значную ролю ў вытворчасці прадметаў спажывання ў 1930-я г. працягвалі адыгрываць саматужнікі, хаця колькасць іх хутка скарачалася: у 1926 іх налічвалася 89 066, у 193 5 — толькі 6385.

У сувязі з пагаршэннем міжнар. становішча ў канцы 1930 — пач. 1940-х г. былі прыняты новыя законы ў прам-сці і сельскай гаспадарцы, якія прадугледжвалі больш цяжкія меры пакарання за парушэнне прац. дысцыпліны. Адноўлены 8-гадзінны прац. дзень і 7-дзённы прац. тыдзень.

Да канца 1930-х г. БССР ператварылася з аграрнай краіны ў аграрна-індустрыяльную. У 1929—40 у рэспубліцы ўведзены ў дзеянне і рэканструяваны 1863 прадпрыемствы, якія выпускалі 90% прадукцыі. Беларусь вывозіла ў значных памерах прамысл. прадукцыю ў інш. раёны СССР. Змянілася і сац. структура насельніцтва. У адпаведнасці з перапісам насельніцтва 1939 доля рабочых у складзе насельніцтва дасягнула 21,9%, доля інтэлігенцыі — 14,5%. На аснове індустрыялізацыі фактычна быў ліквідаваны сац. пласт дробных прадпрымальнікаў, гандляроў, рамеснікаў і інш. прадстаўнікоў прыватнай сферы.

Калектывізацыя. У канцы 1920-х г. рост с.-г. вытворчасці стаў запавольвацца. Узнікла ідэя вырашыць збожжавую праблему на базе калгасаў і саўгасаў, тым больш, што ў 1928 паказчыкі іх вытв-сці былі больш высокія, чым у аднаасобным сектары.

Першыя калектыўныя гаспадаркі ва ўсх. Беларусі з’явіліся ў канцы 1917 — пач. 1918. Аднак у гады нэпа цікавасць да калектыўных форм гаспадарання знізілася. У 1927 на тэр. БССР існавала 416 калгасаў, створаных у асноўным на памешчыцкіх і царкоўных землях. Сярод іх членаў пераважалі беззямельныя сяляне і батракі, колькасць сялян, што ўступалі ў калгасы са сваімі зямельнымі надзеламі, не перавышала ​1/5. Адначасова ствараліся саўгасы, у 1925 у БССР іх было 154.

Пытанне аб калектывізацыі сельскай гаспадаркі як асноўнай задачы на вёсцы пастаўлена на XV з’ездзе ВКП(б) (снеж. 1927). Нягледзячы на шырокую агітацыю за стварэнне калгасаў, адм. меры да неплацельшчыкаў падаткаў і ўкрывальнікаў збожжа, рост падаткаў у адносінах да заможных сялян, матэрыяльную і фін. дапамогу калектыўным гаспадаркам, стварэнне новых калгасаў і ўступленне ў іх аднаасобнікаў у 1928—1-й пал. 1929 не набыло шырокіх памераў. Колькасць калгасаў за гэты час у БССР павялічылася з 611 да 1543, а сялян у іх — з 8 да 12,9 тыс. чал. (удзельная вага калектывізаваных гаспадарак — каля 1,5%). Сярод членаў калгасаў бяднейшыя сяляне складалі каля 69%, сераднякі — 31%.

У ліст. 1929 узяты курс на фарсіраваную калектывізацыю. Наркамзем БССР быў падвергнуты крытыцы за адсутнасць дакладнай лініі ў правядзенні калектывізацыі, забаронены хутарская і дробнапасялковая формы землекарыстання. У абставінах гонкі тэмпаў калектывізацыі, нарастаючага націску зверху, разгарнулася «спаборніцтва» мясц. арг-цый за хутчэйшае правядзенне калектывізацыі. Да пач. 1930 працэнт калектывізацыі ў БССР узняўся да 20,9% (165,3 тыс. сял. гаспадарак). Да 1.3.1930 у БССР у калгасах лічылася 58% сял. гаспадарак. 10.2.1930 ЦК КП(б)Б накіраваў у ЦК ВКП(б) дакладную запіску з прапановаю прызнаць БССР рэспублікай суцэльнай калектывізацыі. Празмерна хуткае стварэнне велізарнай колькасці калгасаў пры адсутнасці вопыту іх вядзення, недахопе кадраў сельскіх кіраўнікоў, спецыялістаў і тэхнікі выклікалі дэзарганізацыю ў сельскай гаспадарцы. Рэакцыяй сялян на фарсіраванне тэмпаў калектывізацыі і прымусовае абагульненне сродкаў вытворчасці стаў масавы забой жывёлы (да мая 1930 пагалоўе коней і буйн. раг. жывёлы скарацілася больш чым на чвэрць).

У студз. 1930 усім акругкомам і райкомам КП(б)Б разасланы цыркуляр «Аб ліквідацыі кулацтва як класа», паводле якога «прыём кулакоў у члены ўсіх відаў кааперацыі» забараняўся. Дырэктывамі цэнтр. органаў кіравання, прынятымі ў студз.—лют. 1930, колькасць раскулачаных па раёнах вызначалася ў 3—5‰ усіх сял. двароў, а па рэспубліцы ў цэлым — 4,2% (34 тыс.), што было значна больш за рэальную колькасць заможных гаспадарак (каля 2%). У раскулачаныя траплялі сераднякі і беднякі, якія не жадалі ўступаць у калгасы. Паводле афіц. звестак да канца мая 1930 у БССР раскулачана 15 629 кулацкіх гаспадарак. Выяўленне і высяленне кулакоў праводзілі органы дзярж. бяспекі, мясц. органы ўлады і іх актыў. Раскулачванне нярэдка мела характар не толькі экспрапрыяцыі іх асн. сродкаў вытворчасці, але і канфіскацыі ўсёй маёмасці, уключаючы прадметы асабістага ўжытку.

Задачам стымулявання суцэльнай калектывізацыі была падпарадкавана і падатковая палітыка краіны. Пастановай ЦВК і СНК СССР аб адзіным с.-г. падатку ад 23.2.1930 устанаўліваліся 3 сістэмы абкладання: калгасаў і калгаснікаў, аднаасобных гаспадарак, кулацкіх гаспадарак. Для першых быў вызначаны прынцып прапарцыянальнага абкладання даходаў, аднаасобныя і кулацкія гаспадаркі абкладаліся падаткам у індывідуальным парадку па спец. прагрэсіўнай шкале. Акрамя с.-г. падатку апошнія павінны былі плаціць яшчэ самаабкладанне і т.зв. культзбор. Кулацкія гаспадаркі, якія не выконвалі ўстаноўленыя для іх сельсаветам нормы цвёрдага задання ў належны тэрмін, падлягалі адказнасці ў крымінальным парадку. Калектывізацыя і раскулачванне выклікалі незадавальненне і супраціўленне сял. мас. Толькі за 3 першыя месяцы 1930 у рэспубліцы зарэгістравана каля 520, за 1-ю пал. 1931 — не менш як 1169 выступленняў супраць калектывізацыі.

Усю віну за «перагібы» ў правядзенні калектывізацыі І.​В.​Сталін усклаў на мясц. работнікаў (арт. «Галавакружэнне ад поспехаў», газ. «Правда» ад 2.3.1930). Рэзалюцыя Бюро ЦК КП(б)Б ад 17.4.1930 «Аб барацьбе з перагібамі ў калгасным руху» адзначала небальшавіцкі падыход да серадняка, указвала, што асобныя члены партыі даходзілі да грубага прымусу, дапускалі арышты тых, хто не жадаў уступаць у калгас, а раскулачванне ў шэрагу выпадкаў закранала серадняка. Сяляне ўспрынялі гэта як змену курсу і пачалі выходзіць з калгасаў. Да мая 1930 працэнт калектывізацыі знізіўся да 11%.

Студзеньскі (1931) пленум ЦК КП(б)Б зноў адзначыў неабходнасць павышэння тэмпаў калектывізацыі. Да 1.1.1932 яе працэнт падняўся да 50,4% агульнай колькасці сял. гаспадарак. Вясной 1932 была зроблена спроба стварыць матэр. стымулы для працаўнікоў сельскай гаспадаркі шляхам увядзення здзельнай аплаты працы. У пастанове ЦК ВКП(б) ад 14.3.1932 асуджалася прымусовае абагульненне жывёлы калгасамі, больш таго, паводле яе калгасы павінны былі памагаць бескароўным калгаснікам у набыцці кароў.

Паводле пастановы СНК СССР і ЦК ВКП(б) ад 6 і 10.5.1932 дазваляўся гандаль па цэнах, што складваліся на рынку, даходы калгасаў і калгаснікаў ад продажу на рынку прадукцыі ўласнай вытворчасці не абкладаліся падаткам, а з аднаасобніка бралася не больш за 30%. Аднак гандаль дазваляўся толькі пасля выканання дзярж. плана, стварэння насеннага і інш. фондаў. Статут с.-г. арцелі 1930 дазваляў калгасніку мець невял. асабістую дапаможную гаспадарку, хоць не вызначаў яе памеры і ўмовы функцыянавання. У выніку сяляне самавольна пашыралі ўчасткі і вялі на іх дробнатаварную гаспадарку. У сак. 1933 ЦК ВКП(б) указаў кіраўнічым органам Беларусі на недапушчальнасць такога становішча, і СНК БССР прыняў пастанову, паводле якой участак не павінен быў перавышаць 0,5 га і мог засявацца толькі агароднымі культурамі ці ранняй бульбай.

Паводле закону ад 7.8.1932 «Аб ахове маёмасці дзяржаўных прадпрыемстваў, калгасаў і кааперацыі і ўмацаванні грамадскай (сацыялістычнай) уласнасці» (празваны ў народзе закон «Аб пяці каласках») за крадзеж калгаснай і кааператыўнай маёмасці прызначаўся расстрэл, а пры змякчальных абставінах — зняволенне не менш як на 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці, без права на амністыю. Паводле гэтага закона ў БССР на працягу 1933—34 асуджана больш за 10 тыс. чал. У канцы 1932 органам ДПУ і судовым органам загадвалася ўзмацніць работу па спагнанні цвёрдых заданняў з заможных і кулакоў. Камуністы, якія не забяспечылі выкананне норм збожжанарыхтовак, аб’яўляліся памагатымі кулакоў і падлягалі дэпартацыі разам з імі або турэмнаму зняволенню на 5—10 гадоў, нават расстрэлу. Калгасы, прызнаныя сабатажнікамі, заносіліся на «чорную дошку». У такія калгасы спыняўся завоз тавараў, забараняліся кааператыўны і калгасны гандаль, крэдытаванне, датэрмінова спаганяліся крэдыты, зачыняліся ўсе млынавыя прадпрыемствы.

Вынікам калектывізацыі і неабгрунтаванай эканам. палітыкі стаў масавы голад у СССР у 1932—33. У БССР ад голаду загінула некалькі тысяч чалавек (найбольш на Палессі).

Адной з мэт законаў аб абавязковых пастаўках дзяржаве збожжа, сланечніку, бульбы і жывёлы калгасамі і аднаасобнікамі (1933), аб закупках збожжа спажывецкай кааперацыяй (1934) было павышэнне зацікаўленасці калгаснікаў і аднаасобнікаў у вытворчасці с.-г. прадукцыі, стварэнне больш спрыяльных умоў для росту ўраджайнасці і развіцця калгаснага гандлю. Збожжа, якое заставалася пасля выканання абавязковых паставак (а для калгасаў — і натуральнай платы МТС) пакідалася ў распараджэнні вытворцаў. Паводле пастановы СНК СССР і ЦК ВКП(б) ад 19.1.1934 закупкі збожжа ў насельніцтва праводзіліся толькі на аснове добраахвотнасці. Аднак дырэктывай ад 31.8.1934 калгасы, якія выканалі планы збожжанарыхтовак і натураплаты, абавязваліся да размеркавання даходаў па працаднях ствараць фонды для выканання плана дзярж. закупак.

У калгасах былі створаны паліт. аддзелы пры МТС, якія былі арыентаваны на правядзенне ў вёсцы надзвычайных мер. Сельсаветам і нават райкомам партыі было прадпісана выконваць задачы, пастаўленыя перад імі палітаддзеламі. У 1933—34 у БССР створаны 72 палітаддзелы. Паводле дырэктывы пленума ЦК і ЦКК ВКП(б) (студз. 1933) яны кантралявалі кадры калгасаў і МТС.

З мая 1932 да мая 1933 з рэспублікі выслана 35 тыс. сялянскіх сем’яў, на працягу 1933 у калгасах «выкрыта» і выключана 2700 «кулакоў-шкоднікаў», за «варожую» дзейнасць зняты 1544 работнікі. З агульнай колькасці рэпрэсіраваных і высланых за гэты час каля 10 тыс. складалі т.зв. сацыяльна чужыя і контррэвалюцыйныя элементы, каля 2,5 тыс. былыя калгаснікі. У такіх умовах з 1.1.1933 па 10.9.1934 зарэгістравана 1163 тэрарыстычныя акты на вёсцы, у т. л. 117 забойстваў актывістаў і 861 падпал калгасных двароў. З 2-й пал. 1934 узмацніліся тэмпы калектывізацыі: у студз. 1935 яе працэнт склаў 72,6%, у канцы года — 85,6%. Збожжапастаўкі 1934 былі выкананы, што дазволіла ўладам паставіць пытанне пра адмену картачнай сістэмы забеспячэння гараджан.

У сярэдзіне 1930-х г. частка аднаасобных сялян стала на шлях прадпрымальніцтва, павысіла прадукцыйнасць сваіх зямельных надзелаў, мела дапаможны заробак (праца на лесараспрацоўках, саматужны промысел, рамізніцтва і г.д.) і выконвала ўсе дзярж. павіннасці. У 1934—35 стаўкі падатку для аднаасобных гаспадарак зноў перагледжаны. З 1935 дадатковаму абкладанню падлягалі і калгаснікі, якія мелі пастаянныя даходы ад саматужных промыслаў.

У адпаведнасці з прыкладным статутам с.-г. арцелі, прынятым на 2-м Усесаюзным з’ездзе калгаснікаў-ударнікаў (люты 1935), калгаснікі атрымалі пэўную юрыдычную гарантыю ад дзяржавы на вядзенне прысядзібнай гаспадаркі. У залежнасці ад рэгіёна калгасніку дазвалялася мець ад 0,25 да 0,5 га прысядзібнай зямлі і 1—3 каровы, неабмежаваную колькасць дробнай жывёлы і птушкі. Надзелы адыгрывалі важную ролю ў валавой вытворчасці жывёлагадоўлі і гародніны, а да канца 2-й пяцігодкі значна апярэдзілі калгасы і па колькасных і па якасных паказчыках. У 1938 яны займалі 3,8% усіх плошчаў, а давалі 45% усёй с.-г. прадукцыі. Статут замацаваў прынцып размеркавання калгаснай прадукцыі па працаднях, былі палегчаны ўмовы прыёму ў калектыўныя гаспадаркі.

У 1939 у калгасах уведзены пэўны мінімум працадзён (для БССР 80), што фактычна рабіла дысцыпліну ў калгасах больш жорсткай. Рэкамендавалася скараціць прысядзібныя надзелы калгаснікаў, уводзіўся дадатковы падатак на сял. сады; калгаснікам забаранілі касіць для сваіх кароў сена на калгасных лугах; павялічаны нормы паставак збожжа і мяса. У выніку натуральная аплата працадзён была зніжана без грашовай кампенсацыі.

Завяршэнню калектывізацыі на Беларусі перашкаджала хутарская сістэма землекарыстання, таму быў узяты курс на ліквідацыю апошніх хутарскіх гаспадарак. За 2 даваенныя гады пераселена або зусім ліквідавана 192 тыс. хутароў. У 1920—30-я г. ў БССР рэпрэсіравана і выслана за межы рэспублікі больш за 250 тыс. сялян.

З далучэннем да БССР у вер. 1939 Зах. Беларусі парт.-сав. ўлады прынялі меры па правядзенні там калектывізацыі. Да чэрв. 1941 на тэр. зах. абласцей Беларусі арганізавана 1115 калгасаў, якія аб’ядноўвалі 49 тыс. сял. двароў (6,7% агульнай іх колькасці). У той час калгасам належала 7,8% усёй зямлі. На землях памешчыцкіх маёнткаў ствараліся саўгасы (у 1-й пал. 1940 іх арганізавана 28). Адначасова з калектывізацыяй праводзілася абрэзка зямель т.зв. кулацкіх гаспадарак, высылка асаднікаў і інш.

Да пачатку Вял. Айч. вайны ступень абагуленасці гаспадарак ва ўсх. Беларусі дасягнула 93,4%, а па пасяўной плошчы — 96,2%. У 1932—40 сярэдні памер с.-г. арцелі павялічыўся з 36 двароў да 75, пасяўная плошча — з 215 да 367 га. Прыкладна такімі ж былі і саўгасы. Да 1941 у БССР іх было 132 і яны валодалі 0,9% усёй плошчы с.-г. угоддзяў. У 1940 ва ўсх. абласцях БССР было 236 МТС, трактарны парк складаў 9,7 тыс. машын. Калектывізацыя прывяла да карэнных змен у арганізацыі с.-г. працы, сацыяльна-бытавых і грамадска-культурных адносін на вёсцы.

Грамадска-палітычнае жыццё Беларусі. Паводле рашэння II Усебеларускага з’езда Саветаў (1920) вышэйшым органам дзярж. улады ў БССР з’яўляўся з’езд Саветаў Беларусі, а ў перыяд паміж з’ездамі — ЦВК і яго Прэзідыум. Старшыня ЦВК адначасова прызначаўся і старшынёй Савета Народных Камісараў (да 1924). 2-я сесія ЦВК БССР (5.2.1921) зацвердзіла палажэнне аб Савеце Народных Камісараў, паводле якога яму належала права выдаваць «дэкрэты, распараджэнні, інструкцыі і ўвогуле прымаць усе меры, неабходныя для правільнага і хуткага цячэння дзяржаўнага жыцця». Для кіраўніцтва рознымі галінамі нар. гаспадаркі і культуры прадугледжвалася ўтварэнне 15 нар. камісарыятаў. Утварэнне СССР і прыняцце Канстытуцыі СССР 1924 выклікала неабходнасць змен і ў канстытуцыйным заканадаўстве БССР, што вырашыў VI Усебел. (Надзвычайны) з’езд Саветаў (сак. 1924). VIII Усебел. з’езд Саветаў (11.4.1927) зацвердзіў Канстытуцыю БССР 1927, у якой пацвярджалася, што БССР «ёсць сацыялістычная дзяржава дыктатуры пралетарыяту», а носьбіт вярхоўнай улады — Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Фактычна ж адбывалася зліццё парт. і савецкага дзярж. апаратаў (дзярж. кіраўнікі ўваходзілі ў склад парт. органаў, а парт. кіраўнікі ў склад дзярж. савецкіх устаноў). Паводле Канстытуцыі БССР 1937 замест з’езда Саветаў і выбранага ім ЦВК і яго Прэзідыума вышэйшым органам улады з’яўляўся Вярхоўны Савет БССР і Прэзідыум Вярхоўнага Савета. БССР абвяшчалася сацыяліст. дзяржавай рабочых і сялян, паліт. аснову якой складаюць Саветы дэпутатаў працоўных, а эканам. аснову — сацыяліст. сістэма гаспадаркі і сацыяліст. ўласнасць на прылады і сродкі вытворчасці. Усе найважнейшыя пытанні дзярж. жыцця адносіліся да кампетэнцыі саюзных органаў.

Адзінай кіруючай і накіроўваючай сілай была Камуністычная партыя. X з’езд РКП(б) (8—16.3.1921) прыняў спец. рэзалюцыю «Аб адзінстве партыі», паводле якой фракцыі ў РКП(б) былі забаронены. Пачаліся ліквідацыі апазіцыйных партый, увядзенне цэнзуры і інш. У 1921 арыштавана 860 актыўных членаў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), у чэрв. 1924 адбыўся яе самароспуск. У 1921 самаліквідаваўся Бунд, распалася Яўрэйская камуніст. партыя. Напачатку ўдзельнікі небальшавіцкіх партый і рухаў маглі адмовіцца ад сваіх паліт. поглядаў, уступіць у кампартыю і працаваць у розных установах і ведамствах. Да сярэдзіны 1920-х г. у СССР сфарміравалася аднапартыйная сістэма. Крайні цэнтралізм улады і кіравання прывёў да разрастання апарата. Камуніст. партыя таксама падвяргалася перыядычным праверкам наяўнага складу членаў і «чысткам», вялася барацьба з апазіцыямі ўнутры партыі. У 1921 колькасць выключаных з КП(б)Б дасягнула амаль 20%, у 1924—4,2%, у 1929—3717 чалавек.

У 1920-я г. з’явіліся законы па забеспячэнні свабод і правоў грамадзян, ствараліся кодэксы, у т. л. грамадзянскі, працоўны і крымінальны; пашыраліся выбарчыя правы, праводзілася судовая рэформа, фарміравалася адвакатура і пракуратура. ВЧК была рэарганізавана ў АДПУ з ранейшымі функцыямі. У кастр. 1922 ДПУ зноў дазволена выкарыстанне пазасудовых рэпрэсій.

Большасць новых палажэнняў і законаў адлюстроўвалі класавы і парт. прынцыпы. Прадстаўнікі рабочага класа прыцягваліся ў выбарныя дзярж. і парт. органы, прафесійныя, камсамольскія і інш. грамадскія арг-цыі, карысталіся прывілеямі пры ўступленні ў бальшавіцкую партыю. Сяляне выбіралі ў Саветы ўсіх узроўняў сваіх прадстаўнікоў у параўнанні з рабочымі па квоце 1:5. Усеагульнае, роўнае і прамое выбарчае права пры тайным галасаванні ўпершыню абвешчана ў Канстытуцыі БССР 1937.

У 1920-я г. пэўная частка асоб была выключана з паліт. і грамадскага жыцця — т.зв. «лішэнцы» (выхадцы з былых прывілеяваных саслоўяў, гандляры, святары, царскія супрацоўнікі праваахоўных органаў, дзеці прадстаўнікоў гэтых пластоў грамадства і г.д.). Яны не мелі права не толькі выбіраць і быць выбранымі, але займаць дзярж. ці грамадскія выбарныя пасады, быць членамі прафсаюза, атрымліваць дапамогу па беспрацоўі і г.д.

Рэчаіснасцю сав. жыцця была вял. колькасць урачыстасцей, састаўной часткай якіх былі шматтысячныя дэманстрацыі, парады, мітынгі і інш. Да ранейшых 12 рэлігійных (выключаны з календара ў 1930) дадаліся шматлікія новыя святы і памятныя даты: 1 мая, гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, Парыжскай камуны, Міжнар. юнацкі дзень, Міжнар. дзень жанчын, дэманстрацыі ў падтрымку сав. улады, бягучых рэв. падзей у Еўропе і г.д. Вуліцам, прадпрыемствам, навуч. установам даваліся новыя назвы. Гербы і старыя эмблемы саступалі месца сав. сімволіцы, здымаліся манархічныя помнікі, адкрываліся новыя ў памяць рэвалюцыянераў.

У пач. 1920-х г. у БССР сталі з яўляцца розныя культ.-асв. т-вы і суполкі, грамадскія аб’яднанні навук., творчага і прафес. кірунку: эканамічныя, гісторыі і старажытнасцей, бібліяфілаў, мед., пед. т-вы, літ. арг-цыі; прафес. аб’яднанні мелі юрысты, музычныя працаўнікі, мастакі, зубныя ўрачы і інш. Акрамя таго, працавалі рэліг. абшчыны, дзейнічалі мусульманскае дабрачыннае т-ва, яўр. гар. к-т і інш.

У пачатку нэпа была дазволена свабода друку (дзейнічалі прыватныя выдавецтвы і выданні), аднак паводле парт. і ўрадавых пастаноў 1922—23 уводзілася цэнзура практычна ўсіх друкаваных выданняў, пад кантроль дзяржавы пастаўлены грамадскія аб’яднанні. Дазвол на існаванне атрымлівалі аб’яднанні, якія ставілі за мэту ўдзел у сацыяліст. будаўніцтве, найб. буйныя з іх узначальвалі вядомыя парт. і дзярж. дзеячы. Членства ў іх паступова з добраахвотнага станавілася абавязковым.

З 1924 афіц. палітыкай нац.-дзярж. і культ. будаўніцтва ў БССР стала беларусізацыя. Першыя крокі ў яе ажыццяўленні зроблены ў 1919—20 (дзяржаўнасць бел. мовы, стварэнне бел. школ). У КП(б)Б улілося шмат дзеячаў нац.-вызв. руху, многія з якіх пазней увайшлі ў склад вышэйшых парт. і дзярж. органаў БССР і сталі ініцыятарамі беларусізацыі (А.​Р.​Чарвякоў, З.​Х.​Жылуновіч, У.​М.​Ігнатоўскі, А.​Л.​Бурбіс, А.​В.​Баліцкі). Яе правядзенню спрыялі і рашэнні ВКП(б) па нац. палітыцы пач. 1920-х г. Наркаматы БССР пераводзілі справаводства на бел. мову, для падрыхтоўкі кадраў стваралася шырокая сетка курсаў беларусазнаўства. У 1921 пацверджаны дэкрэт урада Літ.-Бел. ССР (1919) пра раўнапраўе ў якасці дзяржаўных бел., рус., яўр. (ідыш) і польскай моў. У 1921 адкрыты БДУ, у 1922 — Ін-т бел. культуры, на базе якога ў 1929 створана Бел. акадэмія навук. Аб’яўленая ў ліп. 1923 ЦВК СССР і ЦВК БССР амністыя ўдзельнікам антысавецкіх нац. арг-цый і фарміраванняў, бел. паліт. і культ. дзеячам, членам бел. нац. урадаў і бел. партый, якія не прымалі актыўнага ўдзелу ва ўзбр. барацьбе супраць сав. улады і заявілі аб лаяльных да яе адносінах, дала ім магчымасць далучыцца да нац.-культ. будаўніцтва. 2-я сесія ЦВК БССР (15.7.1924) спец. пастановай «Аб практычных мерапрыемствах па правядзенні нацыянальнай палітыкі» ўзняла беларусізацыю на дзярж. ўзровень. Побач з вывучэннем гісторыі, культуры, нац. і эканам. асаблівасцей Беларусі ажыццяўляўся перавод працы навучальна-выхаваўчых, навуковых і адм. устаноў на бел. мову. Калі ў 1925 у рэсп. установах бел. мовай валодала толькі 22% супрацоўнікаў, а ў акруговых і раённых — 36%, то ў 1926 — адпаведна 54% і 42%, а ў 1927—80% і 70%. Адным з кірункаў нац. палітыкі была т.зв. каранізацыя, згодна з якой на партыйную, сав. і грамадскую работу вылучаліся кадры з карэннага насельніцтва. З сярэдзіны 1920-х г. пачаўся даволі паспяховы перавод навучання ва ўсіх тыпах устаноў на родныя мовы навучэнцаў. Бел. мова стала абавязковым прадметам выкладання ў рус., яўр., польскіх і інш. нац. школах рэспублікі. На ўсіх дзярж. мовах выдаваліся газеты, часопісы, л-ра.

У святле гэтых падзей Берлінская канферэнцыя Рады БНР (кастр. 1925) аб’явіла аб роспуску сваіх паліт. цэнтраў і спыненні барацьбы з сав. уладай і прызнала БССР месцам кансалідацыі бел. народа. Важнай паліт. падзеяй у жыцці БССР стала Акадэмічная канферэнцыя па рэформе бел. правапісу ў Мінску (ліст. 1926) — першае міжнар. навук. мерапрыемства па беларусазнаўстве. У ёй удзельнічалі супрацоўнікі навук. і навуч. устаноў БССР, грамадскія дзеячы, вядомыя вучоныя Літвы, Латвіі, Германіі, Польшчы, Украіны і Расіі, прадстаўнікі бел. культуры, якія знаходзіліся за межамі БССР (В.​Ластоўскі, К.​Езавітаў, А.​Галавінскі, У.​Жылка, У.​Пігулеўскі). Некаторыя з іх таксама прызналі Мінск адзіным цэнтрам нац.-культ. развіцця Беларусі і засталіся тут працаваць.

Згортванне нэпа суправаджалася адступленнямі ад праведзеных рэформ і ў паліт. сістэме. Ліберальная інструкцыя 1925 па выбарах у Саветы ў ліп. 1926 адменена, новыя інструкцыі зноў значна пашыралі катэгорыі асоб, пазбаўленых выбарчых правоў. У 2-й пал. 1920-х г. узмоцнены кантроль Саветаў над сходамі сялян, у якіх маглі ўдзельнічаць толькі тыя, хто меў выбарчыя правы. Узмацняўся кантроль партыі за дзейнасцю Саветаў. Спісы кандыдатаў у Саветы складаліся парт. арг-цыямі і ўзгадняліся ў райкомах партыі. Скліканню кожнага з’езда Саветаў БССР ці сесіі ЦВК папярэднічалі пленумы ЦК КП(б)Б, якія вызначалі парадак дня і прымалі на ім праекты рашэнняў. Такі ж парадак устанаўліваўся і ў адносінах мясц. Саветаў. Функцыі Саветаў абмяжоўваліся гасп. і культ.-арганізац. пытаннямі. Камсамол і прафсаюзы таксама дзейнічалі пад парт. кантролем, узмацнілася цэнзура. У канцы 1920-х г. адмаўленне ад удзелу ў выбарах ужо разглядалася як негатыўныя адносіны да партыі і сав. улады.

З сярэдзіны 1920-х г. узмацніўся кантроль за паліт. паводзінамі грамадзян. Да паліт. злачынства прыраўноўвалася не толькі антысав. дзеянне, але і яго тэарэт. магчымасць. У пач. 1930-х г. значна павялічыўся рэпрэсіўны апарат, утвораны пазасудовы орган — асобая нарада замест судовай калегіі АДПУ.

З канца 1920-х г. пачалася барацьба з т.зв. бел. нацыянал-дэмакратызмам, які разглядаўся як антысавецкая плынь. Рэпрэсіраваны ўдзельнікі бел. нац. руху 1917—24, якія засталіся жыць на тэр. СССР. Пачатак гэтаму пакладзены дзейнасцю ў БССР у маі—чэрв. 1929 камісіі ЦК ВКП(б) на чале з У.​П.​Затонскім па абследаванні практыкі правядзення нац. палітыкі. Вынікам дзейнасці камісіі стала т.зв. справа «Саюз вызвалення Беларусі» (СВБ): арыштаваны 108 прадстаўнікоў бел. інтэлігенцыі, у т. л. акадэмікі Бел. АН В.​Ю.​Ластоўскі, Я.​Ю.​Лёсік, С.​М.​Некрашэвіч, прафесары А.​А.​Смоліч і У.​І.​Пічэта, наркомы земляробства (Дз.​Ф.​Прышчэпаў) і асветы (А.​В.​Баліцкі), пісьменнікі М.​Гарэцкі, У.​Дубоўка, Я.​Пушча. Пасля закрытага кастр. (1930) пленума ЦК КП(б)Б, які ўхваліў дзеянні АДПУ і прапановы бюро ЦК, арыштаваныя па абвінавачванні ў прыналежнасці да «СВБ» былі засуджаны на розныя тэрміны зняволення або высланы за межы БССР. Адначасова паводле рашэнняў пленума пачалася чыстка партыі ад т.зв. нацыянал-ухілістаў, найперш у яе кіруючых звёнах. Усё гэта прывяло да згортвання палітыкі беларусізацыі.

У 1931 супрацоўнікі АДПУ правялі аперацыю супраць «контррэвалюцыйных шкодніцкіх арганізацый»: «Беларускі філіял працоўнай сялянскай партыі» (БФПСП), «Беларускі філіял меншавікоў», «Беларускі філіял прампартыі». Іх ячэйкі «выяўлены» ў Дзяржплане БССР, ВСНГ БССР, ЦСУ, Наркамземе, Наркамаце забеспячэння, Белсельсаюзе, Белкалгасцэнтры, Белсельтрэсце, Белсельбанку, НДІ сельскай і лясной гаспадаркі, Белбудаб’яднанні, Белметалаб’яднанні, Белскураб’яднанні, спажывецкай кааперацыі і інш.

У 1933 супраць бел. інтэлігенцыі спецорганамі праведзены справы «Беларуская народная грамада» (з’яўлялася працягам «СВБ», праходзіла 68 чалавек пераважна бел. пісьменнікаў, настаўнікаў, студэнтаў) і «Беларускі нацыянальны цэнтр» (праходзіў 161 чал., пераважна дзеячы нац.-вызв. руху Зах. Беларусі, якія перабраліся ў БССР). Ячэйкі арганізацый былі «выяўлены» спецорганамі ў Дзяржплане, наркаматах асветы, аховы здароўя, сувязі, Акадэміі навук, БДУ, Бел. с.-г. акадэміі, Саюзе пісьменнікаў, Бел. ваеннай акрузе, у шэрагу гарадоў і раёнаў БССР.

Паводле пастановы Прэзідыума ЦВК СССР ад 1.12.1934 справы па паліт. абвінавачаннях разбіраліся ў пазасудовым парадку з выкарыстаннем вышэйшай меры пакарання. У 1929—30, 1933 праведзены парт. чысткі. Калі на 1.1.1933 кампартыя Беларусі налічвала 65 040 чал., то ў 1934—37 909. У выніку праверкі партдакументаў за 1935—36 выключана з партыі і знята з работы 17% старшынь райкомаў і 14% іх намеснікаў, 22% сакратароў райвыканкомаў і інш.; у партыі засталося 31 937 членаў. Вынікам «вялікага тэрору» 1937 стала наступнае скарачэнне колькасці партыйцаў да 31 603 чал., нягледзячы на новыя прыёмы, якія ішлі паралельна. Аднаўленне складу КП(б)Б пачалося з 1938, на 1.1.1941 яна налічвала ўжо 72 177 членаў. Выбары 1937 і 1938 у Вярхоўны Савет СССР і Вярхоўны Савет БССР мелі адпаведна працэнт удзелу 97,4% і 99,65%, практычна ўсе з тых, хто галасаваў, аддалі свае галасы за «кандыдатаў блока камуністаў і беспартыйных».

У 1937—38 ва ўсіх сферах нар. гаспадаркі выкрыты т.зв. «контррэвалюцыйныя, шкодніцкія» арг-цыі. Праведзены паліт. працэсы над удзельнікамі «Аб’яднанага антысавецкага падполля», «Беларускай аўтакефальнай царквы», «Беларускай народнай грамады», «Беларускага нацыянальнага цэнтра», «Беларускай філіі меншавікоў», «Беларускага філіяла Прампартыі», «Беларускага філіяла Працоўнай сялянскай партыі», Польскай арганізацыі вайсковай, «Саюзнага бюро РСДРП (меншавікоў)», «Партыі вызвалення сялян» і інш.; арыштаваны і расстраляны старшыні ЦВК і СНК БССР, іх намеснікі, члены ЦВК і СНК, сакратары ЦК КП(б)Б, былі рэпрэсіраваны амаль усе наркомы, прафсаюзныя і камсамольскія дзеячы, кіраўнікі нар. гаспадаркі, 26 акадэмікаў і 6 членаў-карэспандэнтаў Бел. АН, больш за 100 бел. пісьменнікаў, супрацоўнікі праваахоўных органаў і інш. Большасць з іх была прыгаворана пазасудовымі органамі да вышэйшай меры пакарання.

У 1937 была звернута ўвага на факты дэспатызму і здзекаў над калгаснікамі і аднаасобнікамі з боку мясц. органаў улады. У БССР для разбору «шкодніцкай» дзейнасці прыбылі нам. старшыні Камісіі парт. кантролю пры ЦК ВКП(б) і адначасова заг. с-г. аддзела ЦК Я.​А.​Якаўлеў і заг. аддзела кіруючых парт. органаў ЦК ВКП(б) Г.​М.​Малянкоў. Пры іх удзеле адбыўся ліпеньскі (1937) пленум ЦК КП(б)Б. Недахопы ў развіцці сельскай гаспадаркі, масавыя незадавальненні і пратэсты сялян супраць падатковай палітыкі, невыкананне планаў шэрагам прадпрыемстваў тлумачыліся контррэв. дзеяннямі антысавецкага падполля. З 24 прамоўцаў на пленуме ў далейшым рэпрэсіраваны 20 чалавек.

У выкананне пастановы СНК СССР і ЦК ВКП(б)Б ад 2.8.1937 «Аб аказанні дапамогі калгаснаму сялянству Беларускай ССР і ліквідацыі шкодніцтва ў справе калгаснага ўладкавання», дырэктыў партыі і ўрада аб ліквідацыі наступстваў шкодніцтва ў галіне судовай працы Вярхоўным судом БССР былі перагледжаны больш за 50 тыс. спраў адносна каля 70 тыс. асуджаных у 1934—37 калгаснікаў, аднаасобнікаў і сельскага актыву за невыкананне дзяржабавязкаў. З 50% асуджаных адразу была знята судзімасць. У шэрагу раёнаў БССР восенню 1937 праведзены адкрытыя працэсы над раённымі кіраўнікамі, прыцягнуты да адказнасці работнікі органаў пракуратуры і суда.

Пастанова СНК і ЦК ВКП(б) «Аб арыштах, пракурорскім наглядзе і вядзенні следства» ад 17.11.1938 азначала адыход ад масавых рэпрэсій. Органам НКУС і Пракуратуры забаранялася праводзіць масавыя аперацыі па арыштах і высяленні, а самі арышты прадпісвалася здзяйсняць у адпаведнасці з Канстытуцыяй толькі паводле пастановы суда ці з санкцыі пракурора. Ліквідаваліся «тройкі», справы неабходна было перадаваць на разгляд судоў ці Асобай нарады пры НКУС.

Адмова ад масавых рэпрэсій праходзіла без шырокага асвятлення ў друку, рэабілітацыя арыштаваных была частковай і непаслядоўнай. У дакладной у ЦК ВКП(б) ад 7.7.1939 П.К Панамарэнка асудзіў адкрытыя працэсы 2-й пал. 1937 — пач. 1938 над раённымі кіраўнікамі. У выніку быў спынены шэраг спраў (Бялыніцкая, Кармянская, Бярэзінская, Пухавіцкая, Клічаўская, Чавуская, Мазырская, Аршанская і інш.).

Паводле афіц. звестак у 1935—40 ад паліт. рэпрэсій у БССР пацярпелі 86 168 чал., з іх 28 425 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання і расстраляны. У агульную лічбу каля 600 тыс. ахвяр паліт. рэпрэсій уваходзіць таксама больш за 100 тыс. жыхароў рэспублікі, рэпрэсіраваных у адм. парадку на тэр. Зах. Беларусі ў 1939—41, 1944—53.

У выніку масавых чыстак адбылася практычна поўная змена кіруючых кадраў усіх узроўняў. Да ўлады прыйшло новае пакаленне ўпраўленцаў, падрыхтаванае савецкай сістэмай адукацыі. На 1.1.1941 у БССР працавалі 27,7 тыс. спецыялістаў з вышэйшай і каля 60 тыс. з сярэдняй адукацыяй. Аднак забяспечанасць спецыялістамі гаспадаркі і культуры заставалася недастатковай, узровень падрыхтоўкі кадраў быў мінімальны. У дзярж. і гасп. органы, установы культуры і школы пасля невялікай падрыхтоўкі і нават без яе, прыцягваліся работнікі з агульнай сярэдняй і 7-гадовай адукацыяй. Яны складалі больш як ​1/3 працаўнікоў разумовай працы.

Адукацыя, навука, культура. Першыя дэкрэты сав. улады па пытаннях адукацыі былі накіраваны на ліквідацыю царскай школьнай сістэмы і распрацоўку асноўных прынцыпаў сав. школы. «Палажэнне аб адзінай працоўнай школе» і пастанова 1-й Парт. нарады (1921) дэкларавалі сувязь школы з палітыкай Камуніст. партыі, бясплатную абавязковую агульную і політэхн. адукацыю, адзіную для ўсіх грамадзян свецкую школу, дэмакр. арганізацыю навучання працоўнага характару. Навучанне павінна было складаць 9 гадоў. З 1922 асн. школай БССР стала 7-гадовая школа, аднак масавай у 1920-я г. была пачатковая 4-гадовая. У адпаведнасці з задачай політэхнізацыі 7-гадовыя школы набылі вытворчы ўхіл. На вёсцы ствараліся школы сялянскай моладзі, у горадзе пры фабрыках і заводах — фабрычна-заводскія сямігодкі. Да сярэдзіны 1920-х г. сярэдняя школа на Беларусі адсутнічала, праграму сярэдняй адукацыі выконвалі рабочыя факультэты, агульнаадук. курсы, з 1926—9-гадовыя школы і школы 2-й ступені (8—9-ы класы). У 1930-я г. вялася уніфікацыя школы ў межах усяго СССР. Пастановай СНК СССР і ЦК ВКП(б) «Аб структуры пачатковай і сярэдняй школы ў СССР» (15.5.1934) усталёўвалася адзіная сістэма агульнаадук. школы: пачатковая (1—4-ы класы), няпоўная сярэдняя (1—7-ы класы), сярэдняя (1—10-ы класы).

У час беларусізацыі выкладанне ў школах праводзілася на роднай мове навучэнцаў, у праграмы ўведзены прадметы краязнаўчага цыкла, бел. мова стала абавязковым прадметам выкладання ва ўсіх нац. школах, пры паступленні ў тэхнікумы і ВНУ патрабавалася веданне бел. мовы. Пастановай СНК і Прэзідыума ЦВК БССР ад 7.4.1926 у рэспубліцы ўводзілася ўсеагульнае пачатковае навучанне, з 1932/33 навуч. г. — няпоўнае сярэдняе. Адначасова з сістэмы адукацыі пачалі знікаць школы нац. меншасцей.

У 1920-я г. побач з агульнаадукацыйнай існавала прафес.-тэхн. школа, асн. тыпамі якой былі школа фабрычна-заводскага вучнёўства, прафшкола, прафклас, с.-г. школа, вучэбна-практычныя майстэрні, школы с.-г., саўгаснага і трактарнага вучнёўства. У 1940 пачалася перабудова сістэмы прафес.-тэхн. адукацыі, стваралася сістэма працоўных рэзерваў.

У 1920—30-я г. ў БССР разгорнута сетка школ і пунктаў па ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці сярод дарослых (у 1928/29 навуч. г. 309 ліквідацыйных пунктаў і 319 школ малапісьменных). Працавалі вячэрнія школы для дарослых. Паводле перапісу насельніцтва ў снеж. 1926 пісьменных у рэспубліцы ва ўзросце ад 9 да 49 гадоў было 53,1%, у 1940/41 навуч. г. — каля 85% насельніцтва.

З уз’яднаннем Зах. Беларусі з БССР у 1939 там пачалося ўвядзенне сав. школьнай сістэмы, усеагульнага бясплатнага навучання ў аб’ёме сямігодкі, ствараліся нац. школы. У 1940/41 навуч. г. на тэр. Беларусі працавалі 12 294 школы ўсіх відаў, у якіх навучалася 1 737,1 тыс. чалавек і працавала 56,9 тыс. настаўнікаў.

У 1920-я г. актыўна развівалася сетка сярэдніх спец. навучальных устаноў.

Адкрыты тэхнікумы: Віцебскі механіка-будаўнічы, Мінскі арх.-будаўнічы, Полацкі лясны, Мінскія гідратэхнікум і палітэхнікум, Магілёўскі культ.-асветны, Аршанскі чыг. і інш. У 1930 у БССР працавала 58 сярэдніх спец. навуч. устаноў (11,2 тыс. навучэнцаў). Адначасова адбывалася станаўленне вышэйшай школы Беларусі. У пач. 1920-х г. у БССР працавалі Горы-Горацкі земляробчы ін-т, Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археал. ін-та, Віцебскі дзярж. маст.-практычны ін-т (у 1923 рэарганізаваны ў мастацкі тэхнікум), Віцебскі, Магілёўскі і Мінскі пед. ін-ты. У 1920 Мінскі політэхнічны тэхнікум пераўтвораны ў ВНУ, а ў 1922 рэарганізаваны ў інстытут сельскай і лясной гаспадаркі. 30.10.1921 адбылося ўрачыстае адкрыццё БДУ (3 ф-ты, 1250 студэнтаў). У выніку ўзбуйнення Беларусі ў 1924 сетка ВНУ рэспублікі пашырылася, што не адпавядала матэрыяльным магчымасцям краіны. Шэраг навуч. устаноў падлягаў рэарганізацыі і зліццю: Віцебскі, Мінскі і Магілёўскі вышэйшыя пед. ін-ты аб’ядноўваліся з пед. ф-там БДУ; Мінскі і Горацкі с.-г. ін-ты — у Бел. дзярж. акадэмію сельскай гаспадаркі. У 1924 пачаў працу ветэрынарны ін-т у Віцебску. Падрыхтоўкай кадраў парт. і сав. работнікаў займаліся сав. і парт. школы, якія працавалі ў Мінску, Віцебску, Гомелі і Магілёве. У 1925 Мінская вышэйшая парт. школа рэарганізавана ў Камуніст. універсітэт імя У.​І.​Леніна, а ў 1932 пераўтворана ў Вышэйшую камуністычную с.-г. школу Беларусі. З правядзеннем беларусізацыі з мэтай надання краязнаўчага ўхілу ва ўсіх ВНУ засноўваліся спец. кафедры па вывучэнні Беларусі. У 1925/26 навуч. г. для падрыхтоўкі навукова-пед. кадраў пры ВНУ ствараліся аспірантуры. У 1930—31 Мінскі, Віцебскі і Магілёўскі пед. тэхнікумы рэарганізаваны ў педінстытуты; пачалі працу Аршанскі і Гомельскі пед. ін-ты. Да канца 1920-х г. у сістэму адукацыі ўведзена вышэйшае завочнае навучанне, экстэрнат. У 1930 адкрыты 4 новыя ВНУ: электратэхнічны, хіміка-тэхналагічны, будаўнічы ў Мінску і механічны ў Гомелі. У 1930/31 навуч. г. ўстановы рэарганізаваліся па галіновай прыкмеце, на базе асобных ф-таў ствараліся самастойныя ВНУ і перадаваліся ў падпарадкаванне гасп. аб’яднанняў, для якіх яны рыхтавалі спецыялістаў. Сетка ВНУ значна пашырылася, толькі на базе с.-г. акадэміі створана 11 ВНУ. Драбленне матэрыяльнай базы прывяло да стварэння маламоцных ін-таў: у 1925 працавалі 4 ВНУ з 4342 студэнтамі, а ў 1931—32 з 10 547 студэнтамі. У 1933 ВНУ з вузкай спецыялізацыяй зноў аб’яднаны, аднавілі працу с.-г. акадэмія і політэхн. інстытут. У 1932 пачала дзейнічаць Мінская кансерваторыя. У 1935—37 створаны 2-гадовыя настаўніцкія ін-ты ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Оршы і Рагачове, а пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР — у Баранавічах, Гродне, Пінску. У 1937 адкрыты Мінскі ін-т фіз. культуры. У 1939/40 навуч. г. ў БССР дзейнічалі 22 вышэйшыя (15,4 тыс. студэнтаў) і 102 сярэднія спец. навуч. ўстановы (133,6 тыс. навучэнцаў), каля 20 тыс. займалася на завочных аддзяленнях і курсах.

Навука. У 1921 створана Навукова-тэрміналагічная камісія, на базе якой у 1922 арганізаваны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). Старшынямі Інбелкульта былі С.​Некрашэвіч, з 1924 — У.​Ігнатоўскі; у яго дзейнасці ўдзельнічалі Я.​Дыла, З.​Жылуновіч, У.​Пічэта, Я.​Карскі, Я.​Купала, Я.​Колас, Я.​Лёсік і інш. У 1923 у Мінску створана Бел. доследная станцыя па ахове с.-г. культур, у 1924 — Мінская лясная доследная станцыя, Цэнтральнае бюро краязнаўства. У 1926 у БССР дзейнічала 240 краязнаўчых арганізацый з ахопам каля 10 тыс. чалавек. Значную навук. работу праводзілі вучоныя БДУ і Бел. ін-та сельскай і лясной гаспадаркі. 1.1.1929 на аснове Інбелкульта адкрыта Акадэмія навук. У 1932 у яе складзе налічвалася 14 НДІ, працавалі 22 правадзейныя члены Бел. АН, 150 навук. работнікаў. Усяго ў рэспубліцы ў канцы 1930-х г. дзейнічала 40 н.-д. устаноў, у якіх было занята больш за 1,5 тыс. навук. супрацоўнікаў.

У 1920—30-я г. адкрыты шэраг культ.-асветных устаноў — рабочых клубаў, хат-чытальняў, чырвоных куткоў, дамоў культуры, бібліятэк (у 1927 у рэспубліцы налічвалася 271 хата-чытальня і 95 нар. дамоў). У кастр. 1921 пачала працаваць Бел. дзярж. бібліятэка. У 1937 у рэспубліцы было 14 музеяў. У сав. гіст. навуцы пераўтварэнні ў галіне культуры ў міжваенны перыяд атрымалі назву культурнай рэвалюцыі.

Літ.:

Партийная этика: Дискуссии 20-х гг. М., 1989;

История Отечества: люди, идеи, решения: Очерки истории Сов. государства. М., 1991;

Хлевнюк О.В. 1937-й: Сталин, НКВД и советское общество. М., 1992;

Яго ж. Политбюро. Механизм политической власти в 30-е годы. М., 1996;

Зеленин И.Е. Политотделы МТС — продолжение политики «чрезвычайщины» (1933—1934) // Отечеств. история. 1992. №6;

Яго ж. Коллективизация и единоличник (1933 — первая половина 1935 г.) // Там жа. 1993. № 3;

Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 1920—50-х гадоў на Беларусі. Мн., 1994;

Ивницкий Н.А. Коллективизация и раскулачивание (начало 30-х годов). М., 1994;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;

Революция и человек: быт, нравы, поведение, мораль. М., 1997;

Шишкин В.А. Власть. Политика. Экономика: послереволюционная Россия (1917—1928 гг.). СПб., 1997;

Голанд Ю. Кризисы, разрушившие НЭП. Валютное регулирование в период НЭПа. М., 1998;

Бяспалая М.А. Беларуская вёска ў першыя гады нэпа (1921—1923). Мн., 1999;

Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. Мн., 2000;

Платонаў Р.П. Беларусь у міжваенны перыяд. Мн., 2001;

НЭП в контексте исторического развития России XX века. М., 2001;

Перед крутым поворотом: Тенденции в полит. и духов. жизни Беларуси (1925—1928 гг.): Отражение времени в арх. док. Мн., 2001;

Раманава І. «Зона»: Бел. памежжа па сав. бок дзярж. кардону ў 1930-я гг. // Спадчына. 2001. №1—2;

Яе ж. Голад 1932—1934 гг. і Беларусь // Там жа. 2004. №1;

Яе ж. Рэпрэсіі супраць нацыянальных меншасцей Беларусі ў міжваенны перыяд // Беларусь у XX стагоддзі. Мн., 2002. Вып. 1;

Гісторыя Беларусі. Ч. 2. Мн., 2002.

І.​М.​Раманава.

Заворванне былога балота.
Віцебская панчошна-трыкатажная фабрыка ў час будаўніцтва.
Мокрапрадзільны ватэрны цэх Віцебскай ільнопрадзільнай ф-кі «Дзвіна».
Мінскі фармацэўтычны завод.
Віцебскі камбінат па вытворчасці алею.
Галоўны корпус і рабочы пасёлак Асінаўскай электрастанцыі.
Галоўны корпус і сілавая станцыя Магілёўскага гарбарнага завода.
Упаковачны цэх Барысаўскай запалкавай фабрыкі.
Дыскаванне глебы. Сельгаскамуна імя БВА. Любанскі раён.
Фрэзер для глебы. Сельгаскамуна імя БВА. Любанскі раён.
Трактарная калона «Інтэрнацыянал».
Сыраварня. Калгас «Рассвет». 1930-я г.
Мінск. Вуліца Савецкая. 1929.
Чытальныя залы Віцебскага латышскага і Мінскага польскага клубаў.
Універсітэцкі гарадок у Мінску.
Школа фабрычна-заводскага вучнёўства пры Віцебскай ільнопрадзільнай ф-цы «Дзвіна».
Сямігадовая школа ў в. Дукора Пухавіцкага раёна.
Вырабы керамічнага аддзялення Віцебскага мастацкага тэхнікума.
Туберкулёзны санаторый «Сасноўка». Віцебскі раён.
Цэнтральная бульбяная станцыя ў Мінску.
Клуб у калгасе «Рассвет».

т. 18, кн. 2, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУСКАЯ ДЫЯСПАРА

У канцы 19 ст. — 1980-я г. бел. дыяспара складала ад ​1/6 да амаль ​1/3 часткі бел. нацыі. У пач. 1990 па-за межамі Беларусі пражывала 3—3,5 млн. беларусаў.

У розныя часы і ў розных гіст. умовах перасяленне насельніцтва з бел. этнічных зямель у інш. рэгіёны было выклікана паліт., рэліг., эканам., ваен. і інш. прычынамі. Насельніцтва пачало пакідаць бел. землі ўжо ў часы існавання тут найстараж. дзярж. утварэнняў — Полацкага і Тураўскага княстваў. У 11—12 ст. родныя мясціны пакідалі прадстаўнікі кіруючай эліты ў сувязі з паліт. абставінамі (найчасцей ва ўмовах паражэння ў барацьбе за ўладу). Падобны характар эміграцыя мела ў ранні перыяд існавання Вял. княства Літоўскага (ВКЛ) і ў часы яго росквіту (13—1-я пал. 15 ст.). Прававой асновай натуральнай эміграцыі з бел. зямель былі заканадаўчыя акты і зводы законаў, створаныя ў ВКЛ, — прывілей 1447, віцебскі (1503) і полацкі (1547) прывілеі, Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 і інш. На працягу 15—17 ст. ураджэнцы ВКЛ выязджалі ў «Свяшчэнную Рымскую імперыю», італьян. дзяржавы (Геную, Венецыю, Падую, Фларэнцыю і інш.), Польшчу, Чэхію, Францыю, Іспанію, Галандыю, дзе паступалі на вайск. службу ці павышалі свой адукац. ўзровень, садзейнічалі распаўсюджанню навукі, друкарства і інш. (Ф.​Скарына, П.​Мсціславец, Сімяон Полацкі, К.​Семяновіч, І.​Капіевіч і інш.). У канцы 16—17 ст. значны рост перасяленцаў на У быў выкліканы больш раннім узмацненнем прыгоннай эксплуатацыі сялян у ВКЛ, нац.-рэліг. ўціску ў Рэчы Паспалітай. Абвясціўшы сябе спадкаемніцай Кіеўскай Русі і на землі ВКЛ, Маскоўская дзяржава заахвочвала эміграцыю беларусаў як «исконно русских» з мэтай каланізацыі далучаных ёю на У рэгіёнаў, давала прытулак збеглым, прымала іх на службу, аказвала матэрыяльную падтрымку. У 17—18 ст. у ходзе войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай і інш. дзяржавамі бел. землі часта станавіліся арэнай жорсткіх бітваў, а іх жыхароў масава выводзілі ў глыб імперыі. Двойчы толькі на працягу стагоддзя (у час паўстання Б.​Хмяльніцкага, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21) насельніцтва Беларусі скарачалася напалову: кожны 2-і жыхар загінуў або трапіў у палон ці быў выселены ў Расію. На ўкр. землях збеглыя з ВКЛ уліваліся ў шэрагі казацкай вольніцы. На Украіну і ў Расію ўцякала насельніцтва ў галодныя неўрадлівыя гады (1588, 1601—02, 1655, 1690 і інш.), а таксама шукаючы паратунку ад эпідэмій (у 16—48 ст. іх было больш за 80). Выхадцы з Беларусі і прымусова пераселеныя сяляне, рамеснікі, гандляры, шляхта садзейнічалі гасп. асваенню Паволжа і Сібіры, некаторыя з іх займалі высокія ваен. і дзярж. пасады, сталі заснавальнікамі купецкіх родаў, узбагачалі культ. жыццё ў месцах свайго пражывання. Перасяленцы з бел. зямель і іх нашчадкі былі сярод пачынальнікаў геагр. і этнагр. вывучэння новых каланізаваных Расіяй тэрыторый, карэнных народаў Прыуралля, Сібіры, Чукоткі, Камчаткі (А.​Каменскі, Л.​Сеніцкі і інш.).

У 2-й пал. 17 ст. дзесяткі майстроў-рамеснікаў з Полацка, Віцебска, Оршы, Шклова, Магілёва і інш. гарадоў працавалі ў Аружэйнай палаце, аздаблялі церамы Крамля, Каломенскі палац, Новадзявочы, Данскі і Нова-Іерусалімскі (на Істры) манастыры. Далучэнне бел. зямель да Рас. імперыі ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795), развіццё ў сувязі з гэтым у канцы 18—19 ст. нац.-вызв. руху на Беларусі і паўстанняў сталі прычынамі паліт. эміграцыі. Боязь рэпрэсій з боку царскага ўрада выштурхнула з Бацькаўшчыны тысячы ўдзельнікаў паўстанняў 1794, 1830—31, 1863—64, а таксама прыхільнікаў аднаўлення ВКЛ у час паходу ў 1812 Напалеона на Расію. Яны рассеяліся па свеце, некаторыя ўключаліся ў рэв. і вызв. рух у Еўропе і Амерыцы (Т.​Касцюшка, В.​Урублеўскі, М.​Судзілоўскі, З.​Мінейка і інш.), садзейнічалі развіццю культуры і навукі краін свайго пражывання, узбагачалі тым самым і бел. спадчыну (І.​Дамейка, Г.​Дмахоўскі, Н.​Орда, А.​Рыпінскі, К.​Ельскі і інш.). Ураджэнцы Беларусі былі ў ліку заснавальнікаў с.-г. калоній у ЗША. Каталіцкія святары бел. паходжання, якія ў пач. 19 ст. эмігрыравалі ў ЗША, садзейнічалі пашырэнню каталіцкай адукацыі (Б.​Крукоўскі, Н.​Корсак і інш.). Далучэнне бел. зямель да Рас. імперыі абумовіла асаблівасці ўсх. дыяспары: фактычна бел. насельніцтва, якое перасялілася ў цэнтр. і паўд. раёны еўрап. Расіі, Сібір, Казахстан, на Д. Усход, пакідала сваю спрадвечную тэрыторыю і апыналася ў іншаэтнічным асяроддзі, але фармальна перамяшчэнні адбываліся ў межах адной дзяржавы. Паводле рас. перапісу 1897, за межамі губерняў з пераважна бел. насельніцтвам пражывала каля 500 тыс. беларусаў. Усх. дыяспара папаўнялася таксама шляхам гвалтоўнага высялення найперш па паліт. матывах. У сувязі з нелаяльнымі адносінамі шляхты да Рас. імперыі ў яе паўд. губерні пасля паўстання 1830—31 пераселена значная частка дваран, якая не змагла пацвердзіць сваю прыналежнасць да гэтага саслоўя і была пераведзена ў разрад дзярж. сялян-аднадворцаў. Тысячы ўдзельнікаў тайных т-ваў моладзі ў Літве і на Беларусі (філаматы, філарэты, прамяністыя і інш.), нац.-вызв. паўстанняў 1794, 1830—31, 1863—64 былі сасланы на катаржныя работы і пасяленне. Сасланыя ў розныя куткі Расіі зарэкамендавалі сябе таленавітымі даследчыкамі прыроды, побыту традыцый, мовы народаў Сібіры, Крайняй Поўначы, Д. Усходу, Казахстана (І.​Чэрскі, Э.​Пякарскі, А.​Янушкевіч).

Першая хваля масавай працоўнай міграцыі бел. насельніцтва ў іншаэтнічныя рэгіёны Рас. імперыі (усходняя) і за яе межы (заходняя) пракацілася на мяжы 19—20 ст. Яна ўзмацніла працэс фарміравання бел. дыяспары за межамі Бацькаўшчыны. Да 1-й сусв. вайны па эканам. прычынах толькі ў Сібір з Беларусі перасялілася (пераважна сяляне) больш за 700 тыс., за межы Расіі — 500—800 тыс. чал. (пераважна ў ЗША, Канаду, Бразілію, Аргенціну, краіны Зах. Еўропы). Асн. прычыны масавага рассейвання беларусаў па-за сваімі этнічнымі межамі — актыўнае фарміраванне новага гасп. ўкладу і рыначных адносін, расслаенне і абеззямельванне сялянства, адсутнасць развітой прам-сці, якая б паглынула лішак рабочых рук, станаўленне сусв. рынку рабочай сілы і попыт на танных работнікаў у Еўропе і Амерыцы, магчымасць там больш высокага заробку. Палітыка царызму ў адносінах да эміграцыі з этнічных бел. зямель вынікала з афіц. непрызнання беларусаў як асобнага народа і ў сувязі з гэтым мела дваісты характар. З аднаго боку, яна характарызавалася заахвочваннем перасяленняў на У Рас. імперыі; у ходзе сталыпінскай аграрнай рэформы (1906—17) праводзілася палітыка дзярж. падтрымкі перасялення ў Сібір і на ўскраіны імперыі. З другога боку, выезд за мяжу разглядаўся ўладамі як фактар паслаблення «карэннага рускага насельніцтва», павелічэння кошту мясц. рабочай сілы. Таму на дзярж. узроўні эміграцыя на Захад стрымлівалася, адсутнічала адпаведнае заканадаўства, эмігранты не мелі прававой, маральнай і матэрыяльнай падтрымкі сваёй радзімы. За мяжой бел. перасяленцы (найчасцей непісьменныя ці малаадукаваныя) папаўнялі рады некваліфікаваных работнікаў на цяжкіх і небяспечных вытворчасцях, мелі цяжкія сац.-быт. ўмовы і параўнаўча нізкую зарплату, якая, аднак, была значна вышэйшая, чым у Расіі. У сувязі з адмоўным стаўленнем дзяржавы да выезду сялян, складанасцю працэдуры і дарагоўляй атрымання пасведчанняў на выезд мела месца значная нелегальная эміграцыя. Нац. ўціск бел. народа ў Рас. імперыі, незавершанасць станаўлення бел. нацыі вызначылі паскораную асіміляцыю ўнутр. і знешняй міграцыі. Аднак у сем’ях, кампактных асяродках зах. дыяспары захоўвалася пэўная нац. адметнасць. У параўнанні з ёй усх. дыяспара была больш устойлівая ў зберажэнні мовы, звычаяў, традыцый, этнічных прыкмет; у іншаэтнічных асяроддзях Рас. імперыі было больш інтэлігенцыі, якая да таго ж не адарвалася ад сваіх каранёў, здолела стварыць нац. арг-цыі. Па-за этнічнымі межамі ўзніклі першая асв. арг-цыя «Крывіцкі вязок» (1868), першая самастойная паліт. арг-цыя бел. інтэлігенцыі «Гоман» (1884, абедзве ў Пецярбургу), дзейнічалі Бел. студэнцкае зямляцтва ў Варшаве (1908—14), Бел. навукова-літаратурны гурток студэнтаў Пецярбургскага ун-та (1912—14).

Паскарэнне працэсаў нац. адраджэння ў пач. 20 ст. істотна не паўплывала на самаўсведамленне бел. эмігрантаў. Яны не стварылі за мяжой сваіх суполак, арганізацый, а ўваходзілі ў рус. і польскія, часам укр. і літ. асяродкі. Гэта садзейнічала іх русіфікацыі ці паланізацыі, а таксама страце сваіх гіст. каранёў нашчадкамі бел. імігрантаў. 1-я сусв. вайна 1914—18, Лют. і Кастр. рэвалюцыі 1917, герм. і польская акупацыі Беларусі выклікалі значны адток бел. насельніцтва ва ўсх. раёны Расіі (гл. Бежанцы), абумовілі новую хвалю вымушаных выездаў у замежныя краіны. Са жн. 1914 да вясны 1915 каля 318 тыс. жыхароў бел. губерняў трапілі ў палон або пра іх не было звестак. З акупіраванай тэр. Беларусі на работу ў Германію вывозілі рабочых і сялян, а таксама ваеннапалонных. У 1915 пры адступленні рус. арміі праводзілася прымусовая эвакуацыя насельніцтва. Паводле акад. У.​М.​Ігнатоўскага, каля 2 млн. беларусаў добраахвотна ці прымусова перасяліліся ў цэнтр. і ўсх. рэгіёны Расіі. У 1916—20 тут былі створаны арг-цыі падтрымкі бежанцаў, грамадска-культурныя і нац. культ.-асв. арг-цыі. Вялася таксама паліт. дзейнасць. Бел. нац. сілы гуртаваліся таксама вакол Бел. нац. камісарыята (Белнацком) у Петраградзе і Маскве. Паводле даследаванняў бел. дэмографаў, 246 тыс. бежанцаў і эвакуіраваных не вярнуліся ў родныя мясціны, яшчэ 122 тыс. чал. выехалі за мяжу. Яны шукалі паратунку ў Літве, Латвіі, Эстоніі, Чэхаславакіі, Фінляндыі, Турцыі, Германіі. У міжваен. перыяд, асабліва ў перыяд грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 і ў пач. 1920-х г., асаблівасці ўнутр. і знешняй бел. міграцыі, яе характар і памеры, стан нац. свядомасці ў многім вызначалі супярэчнасці сац.-эканам. і паліт. жыцця сав. грамадства. Яны абумовілі першую арганізаваную паліт. эміграцыю, ядро якой склалі ўрад і вайск. фарміраванні Бел. Нар. Рэспублікі (БНР), кіраўніцтва партыі бел. эсэраў і інш. Гэта выклікала новую з’яву ў сац. складзе эміграцыі — пэўную прысутнасць інтэлігенцыі.

Адвольнае вызначэнне і змяненне тэр. БССР без уліку этнічных межаў і жыццёвых інтарэсаў бел. народа (далучэнне да РСФСР у 1919 Магілёўскай, Віцебскай і Смаленскай губ., аднаўленне БССР пасля польскай акупацыі на тэр. толькі 6 паветаў Мінскай губ. з насельніцтвам 1,6 млн. чал., уключэнне Заходняй Беларусі ў склад Польшчы) абумовілі знаходжанне пераважнай часткі нацыі на сваіх спрадвечных землях у складзе суседніх дзяржаў, што аслабіла эканам. базу і духоўныя сувязі бел. этнасу. Другая плынь міжваен. эміграцыі — працоўная, сялянская — звязана з выездам у Амерыку і Еўропу часткі насельніцтва Зах. Беларусі з-за цяжкага сац.-эканам. становішча, нац. і рэліг. ўціску ў складзе Польшчы, яе палітыкі садзеяння эміграцыі. У 1921—39 з Зах. Беларусі выехалі пераважна ў Канаду, ЗША, Францыю, Літву, Латвію, Аргенціну, Бразілію 180—250 тыс. чал. Міграцыя з Сав. Беларусі ў міжваенны перыяд была нязначная. На эміграцыі найб. паліт. актыўнасць і нац.-культ. дзейнасць у міжваенны перыяд была ў Літве, Латвіі, Чэхаславакіі, ЗША, Францыі, Аргенціне. Тут існавалі бел. арг-цыі, аб’яднанні, т-вы, выдаваліся газеты і часопісы. Цэнтрам збірання нац. сіл сталі эміграцыйны ўрад БНР, дыпламат. прадстаўніцтвы і місіі ў прыбалтыйскіх краінах, Фінляндыі, Турцыі, Балгарыі, Германіі, Чэхаславакіі. У 1920—30-я г. бел. нац. сілы ў Літве групаваліся вакол Бел. грамады і Бел. сабрання ў Коўне. Тут дзейнічалі Бел. цэнтр у Літве, Бел. культ.-асв. т-ва і Аб’яднанне студэнтаў-беларусаў Літоўскага ун-та імя Вітаўта Вялікага ў Коўне. У Латвіі былі створаны культ.-асв. т-вы «Бацькаўшчына» ў Дзвінску, «Рунь», «Беларуская хата», Бел. навук. т-ва ў Рызе, Т-ва бел. вучыцялёў у Латвіі, Бел. навук.-краязнаўчае і выдавецкае т-вы. Значны палітычна актыўны асяродак склаўся ў Чэхаславакіі; у Празе працавалі ўрад БНР, група бел. эсэраў, «Сялянскі саюз» («Крывічы»), студэнцкая група «Грамада», дзейнічалі Бел. (крывіцкае) культ. т-ва імя Ф.​Скарыны, Аб’яднанне бел. студэнцкіх арг-цый (БАСА), т-ва «Беларускі сокал». З 1930 актыўную нац. дзейнасць у Францыі праводзіў «Хаўрус беларускай працоўнай эміграцыі» і Бел. жаночая грамада (з 1938). У міжваенны перыяд пачалося стварэнне нац. арг-цый у Амерыцы: у Чыкага ў 1923 заснаваны Бел.-амерыканскі саюз (дзейнічаў да пач. 1940-х г.) у 1928 — першае ў ЗША бел. паліт. аб’яднанне — Бел.-амерыканскі грамадскі клуб, у 1935 — Бел.-амерыканскае задзіночанне. Згуртаванню суродзічаў у Аргенціне садзейнічалі культ.-асв. т-вы «Грамада», «Культура», «Белавежа», б-ка імя І.​Луцкевіча. У 1939 разам са згуртаваннямі «Якуб Колас», «Мінск» і інш. яны аб’ядналіся ў Федэрацыю бел. т-ваў. Менавіта выхадцы з Зах. Беларусі складалі большасць створаных у 1930-я г. рус. клубаў у Канадзе. У канцы 1920 — сярэдзіне 1930-х г. дзейнічаў Саюз укр. і бел. работніцкіх арг-цый у Аргенціне, у канцы 1930-х г. — Бел.-ўкр. саюз у Бразіліі. Культурнае жыццё гэтых і інш. аб’яднанняў мела пэўную бел. нац. адметнасць.

Складаныя міжнар. абставіны напярэдадні 2-й сусв. вайны, пачатак яе і захоп Германіяй Польшчы, уз’яднанне Зах. Беларусі з БССР актывізавалі паліт. жыццё бел. эміграцыі ў зах.-еўрап. краінах. Акрамя таго, яна папоўнілася дзеячамі, якія выехалі з Зах. Беларусі пасля заняцця яе Чырв. Арміяй. У выніку ваен. дзеянняў Германіі ў палон трапіла 70 тыс. беларусаў, што ваявалі ў складзе польскага войска. Гэтыя акалічнасці садзейнічалі росту зацікаўленасці ням. улад да бел. пытання. У ліст. 1939 створана Бел. прадстаўніцтва пры Мін-ве ўнутраных спраў Германіі. З лета 1940 пачаў дзейнічаць Бел. к-т самапомачы.

2-я сусв. вайна паглыбіла паліт. размежаванне эміграцыі, у яе асяроддзі павялічылася колькасць людзей, што былі патрыятычна настроены і спачувалі СССР, які нёс на сабе асн. цяжар змагання з фашызмам. На хвалі антыфаш. ўздыму ў розных краінах пачалі стварацца к-ты ў падтрымку Сав. Саюза. 2-я сусв. вайна, у час якой тэр. Беларусі стала арэнай жорсткіх баёў і працяглай акупацыі, абумовілі 3-ю масавую хвалю ўнутр. і знешняй міграцыі, папаўненне дыяспары. Каля 1,5 млн. чал. былі эвакуіраваны на У СССР, і толькі кожны 3-і потым вярнуўся на Беларусь. У ліку сав. ваеннапалонных за мяжой апынуліся сотні тысяч беларусаў. Паводле афіц. даных, амаль 400 тыс. жыхароў рэспублікі (па інш. звестках каля 700 тыс.) былі вывезены акупантамі на працу ў Германію. Пасля рашэння СНК СССР (кастр. 1944) аб рэпатрыяцыі сав. грамадзян у краіну вярнуліся 520 тыс. беларусаў. Пасля 2-й сусв. вайны на Захадзе склалася самая вял. ў гісторыі бел. эміграцыі паліт. плынь. Туды выехалі створаныя на акупіраванай тэрыторыі бел. калабарацыянісцкія арг-цыі, установы і вайсковыя фарміраванні [Бел. цэнтр. рада (БЦР), Гал. штаб Саюза бел. моладзі, атрады Бел. краёвай абароны і дапаможнай паліцыі], Сабор епіскапаў Бел. аўтакефальнай правасл. царквы, частка інтэлігенцыі, якая працавала ў гады вайны ў цывільнай акупац. адміністрацыі, адукац. сістэме, культ.-асв. арг-цыях. Гэта хваля склала аснову сучаснай нац. зах. дыяспары. Пасля вайны ў ЗША і Канадзе пасяліліся прыкладна па 50 тыс. імігрантаў бел. паходжання. Дзесяткі іх аселі ў Францыі, Бельгіі, Германіі, Вялікабрытаніі, а таксама ў Аўстраліі. Ад 250 да 400 тыс. беларусаў Беласточчыны апынуліся ў складзе Польшчы. У жн. 1945 да Польшчы адышлі 17 раёнаў Беластоцкай і 3 раёны Брэсцкай абл. У ходзе ўзаемнай пасляваен. рэпатрыяцыі невял. частка беларусаў (36 тыс.) пераехала ў БССР, але сярод 274 тыс. чал., якія ў 1945—47 перасяліліся ў Польшчу, было шмат беларусаў-католікаў, што па розных прычынах аднеслі сябе да палякаў. У пасляваен. час назіралася невял. па памерах рээміграцыя. Пад уплывам перамогі СССР і саюзнікаў у 2-й сусв. вайне тысячы эмігрантаў прынялі грамадзянства СССР. Пазней 40—50% тых, хто прыбыў, пакінулі Радзіму з-за нязвыклага ладу жыцця, нізкага жыццёвага ўзроўню. У сац. складзе пасляваен. бел. замежжа пераважалі сельскія працаўнікі. У параўнанні з папярэднімі хвалямі павялічылася колькасць рабочых і асабліва інтэлігенцыі. Паступова сац. статус многіх беларусаў памяняўся: вырасла колькасць інтэлігенцыі, прадстаўнікоў сярэдняга класа. Значная частка пасляваен. эміграцыйнай хвалі інтэгравалася ў рус. і польскія асяродкі, асімілявалася. Але менавіта яе прадстаўнікі далі прыклады грамадска-культ., рэліг. жыцця на нац. аснове, сцвярджэння беларусаў як самастойнай этнічнай супольнасці ў замежжы. Зберажэнню нац. традыцый садзейнічаюць Бел. аўтакефальная правасл. царква, Бел. правасл. царква пад канстанцінопальскай юрысдыкцыяй, Бел. каталіцкая місія. Захавалі жыццяздольнасць створаныя ў канцы 1940 — пач. 1950-х г. згуртаванні беларусаў у Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Францыі, Бельгіі. З’явіліся новыя нац. арг-цыі, навукова-культ. цэнтры, пашырыўся замежны бел. перыядычны друк. Ва ўзгодненасці дзеянняў суайчыннікаў, іх гуртаванні вял. ролю адыгрываюць сустрэчы беларусаў Паўн. Амерыкі і Аўстраліі. Нацыянальна свядомая бел. эміграцыя на Захадзе неаднародная. У ёй назіраецца супрацьстаянне розных груп і плыней, існуюць 2 паліт. цэнтры — Рада БНР і Бел. цэнтр. рада, якія, аднак, у галоўным ніколі не мелі разыходжанняў: аднолькава не прымалі сацыялістычны лад, сав. ўладу.

У сувязі з распадам СССР (1991) і набыццём суверэнітэту былымі сав. рэспублікамі ўнутрыдзярж. міграцыя ператварылася ў міжнар. класічную эміграцыю. У новых незалежных дзяржавах апынуліся 2130 тыс. беларусаў. У 1990-я г. намецілася тэндэнцыя вяртання суайчыннікаў на Бацькаўшчыну. На працягу 1992—2000 Беларусь прыняла на жыхарства з былых рэспублік Сав.

Саюза 432 тыс. чал., у т. л. 200,6 тыс. беларусаў. Эмігрыравалі з Беларусі за гэты перыяд у постсав. дзяржавы 217 тыс. ж., з іх у Расію — 161 тыс. чал., Украіну — 38,6 тыс., краіны Балтыі — 5,3 тыс., Казахстан — 4,4 тыс., Сярэднюю Азію — 3,6 тыс., Закаўказзе — 2,1 тыс., Малдову — 2 тыс. У наш час беларусы ў свеце найб. сканцэнтраваны на пагранічных з Рэспублікай Беларусь тэрыторыях суседніх дзяржаў — спрадвечных, гіст. землях. Кампактна беларусы пражываюць у Польшчы, пераважна на сваіх этнічных землях Беласточчыны. У Рас. Федэрацыі іх асела 1 млн. 200 тыс. (0,8% яе насельніцтва); у Маскве і вобласці — 129 тыс., Санкт-Пецярбургу і вобласці — 127 тыс., Калінінградскай вобл. — 74 тыс., Карэліі — 55 тыс., Цюменскай вобл. — 49 тыс. і ў інш. рэгіёнах. На Украіне жывуць 440 тыс. беларусаў (1,9% яе насельніцтва), у Казахстане — 183 тыс. (1,2%), Латвіі — 120 тыс. (4,5%), Літве — 63 тыс. (1,7%), Эстоніі — 29 тыс. (1,8%), Узбекістане — 29 тыс. (0,2%), Малдове — 20 тыс. (0,5%). Адметнасць бел. эміграцыі 1990-х г. — скарачэнне колькасці яе прадстаўнікоў у новых незалежных дзяржавах і павелічэнне яе зах. часткі, якая ў сав. гады папаўнялася нязначна з-за адсутнасці права на эміграцыю. Прычынамі выезду сталі сац.-эканам. і экалаг. стан на Беларусі, зніжэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва і інш. На працягу 1992—2000 з Беларусі выехалі па-за тэрыторыю постсав. краін 71,4 тыс. чал., а прыбылі адтуль 31,8 тыс. Эмігранты з Беларусі накіроўваліся гал. ч. у Ізраіль, ЗША, Германію, Аўстралію, Канаду, Польшчу, Чэхію. Паводле звестак пасольства Беларусі ў Ізраілі, цяпер там пражывае 120—140 тыс. выхадцаў з Беларусі. Устойлівыя бел. асяродкі існуюць на Амерыканскім і Аўстралійскім кантынентах, у шэрагу еўрап. краін. Найбольшая па колькасці бел. дыяспара склалася ў ЗША. Паводле падлікаў амер. даследчыка-беларуса В.​Кіпеля, тут у выніку трох хваль эміграцыі пасялілася больш за 600 тыс. суродзічаў і іх нашчадкаў. У 1990-я г. сфарміравалася часовая працоўная эміграцыя, у т. л. нелегальная. У 1994—2000 за межамі рэспублікі працавала больш за 20 тыс. яе жыхароў — у Расіі, Украіне, ЗША, Польшчы, Чэхіі, Ізраілі, Германіі, Вялікабрытаніі, Нідэрландах і інш. краінах. З улікам значнай прысутнасці ў замежжы беларусаў і выхадцаў з Беларусі абарона іх законных правоў закладзена ў міжнар. дагаворах аб узаемаадносінах Беларусі з шэрагам краін, міжурадавых пагадненнях аб абароне сваіх грамадзян на тэрыторыі адна адной з Польшчай, Расіяй, Украінай, Літвой, Казахстанам, Славакіяй, Кубай; пагадненнях аб магчымасці ўзаемнага працаўладкавання і сац. абароны сваіх грамадзян з Расіяй, Польшчай, Украінай, Літвой, Малдовай, Казахстанам, Арменіяй; пагадненнях аб узаемным забеспячэнні правоў нац. меншасцей з Малдовай, Украінай, Расіяй, Літвой.

Характэрнай з’явай 1990-х г. стала існаванне на ўсёй прасторы пражывання бел. дыяспары (зах. і ўсх.) нацыянальна арганізаванай дзейнасці. Сучасная эміграцыя назапасіла багаты вопыт уладкавання нац. жыцця, які садзейнічае захаванню значнай часткай эмігрантаў і іх нашчадкаў звычаяў, роднай мовы, культуры, сваёй самабытнасці. Важная роля ў гэтым належыць згуртаванням і суполкам, што дзейнічаюць у ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Францыі, Вялікабрытаніі і інш. Паглыбіўся працэс гуртавання беларусаў і ў новых незалежных дзяржавах на постсав. абшары, актывізавалася іх нац.-культ. жыццё. Шматлікія грамадска-культ. аб’яднанні і т-вы працуюць у Расіі, Украіне, Малдове, Літве, Латвіі, Эстоніі, Казахстане, Кыргызстане, Арменіі, Узбекістане. Узніклі структуры, якія ўзгадняюць нац. грамадска-культ. дзейнасць: Згуртаванне бел. грамадскіх арг-цый у Літве, Федэральная нац.-культ. аўтаномія «Беларусы Расіі», Усеўкр. савет беларусаў, Згуртаванне беларусаў Казахстана, Асацыяцыя беларусаў Эстоніі, Каардынацыйны савет бел. абшчын Малдовы. Гуртаванню суродзічаў садзейнічалі 1-ы сход беларусаў блізкага замежжа (1992), з’езды беларусаў краін Балтыі (1994, 1998, 2002), сустрэчы беларусаў Расіі (1994) і іх з’езды (1999, 2002). Значнымі падзеямі грамадска-культ. жыцця бел. дыяспары сталі чарговыя (22—25-я) сустрэчы беларусаў Паўн. Амерыкі (1996—2002), Аўстраліі. Кансалідуючымі агульнанац. мерапрыемствамі сталі з’езды беларусаў свету (1993, 1997, 2001). Адметнай з’явай нац. адраджэння стала стварэнне міжнар. грамадскай арг-цыі «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» (1990), якая ў 2002 падтрымлівала сувязі больш чым з 200 суполкамі бел. дыяспары. Згуртаванне было ініцыятарам і арганізатарам з’ездаў беларусаў свету, 4 міжнар. навукова-практычных канферэнцый «Культура і адукацыя беларускага замежжа» (1994—2000); пры ім з 2002 працуе інфарм. цэнтр «Беларусь аб’яднаная». Працягвае дзейнасць Бел. т-ва па культ. сувязях з суайчыннікамі за рубяжом (т-ва «Радзіма»). Замежным суайчыннікам высылаецца газ. «Голас Радзімы». Беларусы на постсав. прасторы шмат робяць у справе ўзнаўлення памяці пра найб. вядомых дзеячаў адраджэнскага руху з Беларусі. Сіламі Бел. грамадска-культ. т-ва (Пецярбург) у г.п. Левашова пастаўлены крыж (1992). Пры дапамозе дзярж. і грамадскіх арг-цый Беларусі, беларусаў ЗША устаноўлены помнік М.​Багдановічу ў Яраслаўлі (1994). Тут на базе музея паэта створаны Цэнтр бел. культуры (1995). У г. Шальчынінкай (Літва) устаноўлены помнік К.​Каліноўскаму. Бел. культ. т-ва ў Калінінградзе стала ініцыятарам узвядзення ў бліжэйшы час у горадзе помніка Ф.​Скарыне, беларусы Масквы і Беларусі — помніка Я.​Купалу ў сталіцы Расіі. Ушанаваннем памяці дзеячаў бел. нац. руху сталі мемар. дошкі Ф.​Скарыне, К.​Каліноўскаму, Я.​Купалу, В.​Ластоўскаму, Б.​Тарашкевічу, Р.​Шырме, П.​Сергіевічу ў Вільнюсе.

Замежныя суродзічы шмат зрабілі па прыцягненні ўвагі сусв. грамадскасці да лёсу ахвяр Чарнобыльскай катастрофы 1986, стымулявалі стварэнне чарнобыльскіх фондаў у ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Аўстраліі і інш. Захаванню і пашырэнню бел. прысутнасці ў свеце садзейнічаюць нац. грамадска-культ. цэнтры ў Нью-Йорку, Саўт-Рыверы, Кліўлендзе, Таронта, Лондане і інш. Характэрнай рысай нац.-культ. жыцця бел. дыяспары ў 1990-я г. стала актыўная праца ў галіне беларусістыкі значнай колькасці даследчыкаў. З 1990-х г. актывізавалася праца цэнтраў творчых, інтэлектуальных сіл бел. дыяспары — Бел. ін-та навукі і мастацтва ў Нью-Йорку (выдае «Запісы») і Таронта, Англа-бел. т-ва ў Лондане (выдае на англ. мове «Беларускую хроніку» і «Беларускі бюлетэнь навін»), бел. б-кі і музея Ф.​Скарыны. З 1996 у Парыжы дзейнічае створаная з удзелам нашчадкаў бел. эміграцыі асацыяцыя «Беларускія перспектывы» (выдае аднайменны бюлетэнь на франц. мове). У 2000 заснаваны Бел. ін-т культуры ў Варшаве, які аб’ядноўвае вучоных, прадстаўнікоў бел. інтэлігенцыі; зарэгістравана Бел. гіст. згуртаванне ў Аўстраліі (г. Адэлаіда). Навук. асяродкі склаліся ў Маскве, С.-Пецярбургу, Новасібірску, Вільнюсе. Вучоныя бел. паходжання працуюць у Цэнтры беларуса- і ўкраіназнаўчых даследаванняў (створаны ў 1994 у сістэме Рас. АН), удзельнічаюць у мерапрыемствах суполкі Міжнар. асацыяцыі беларусістаў (Масква). Намаганнямі бел. даследчыкаў з Масквы і Беларусі выдадзены 4 выпускі літ.-навук. гадавіка «Скарыніч» (1991—99). З удзелам бел. даследчыкаў у С.-Пецярбургу рэгулярна праводзяцца беларусазнаўчыя канферэнцыі, частка іх матэрыялаў змешчана ў «Беларускім зборніку». У 2001 у Вільнюсе зарэгістравана грамадская культ.-навук. арг-цыя «Беларускі музей імя Івана Луцкевіча» для адраджэння гэтай установы. Выходзяць газ. «Беларускі дайджэст», «Беларускі агляд» (на англ. мове), «Беларускае слова» (з 2002, Таронта, Канада), час. «Полацак» (ЗША), «Прамень» (Манрэаль, Канада), бюлетэнь Федэральнай рады бел. арг-цый Аўстраліі. Захаванню беларусамі нац. свядомасці спрыяюць газ. «Прамень» (Рыга), «Рунь» (Вільнюс), «Крыніца» і «Наша новая газета» (С.-Пецярбург), «Галіцкая Рунь» (Львоў), бюлетэні «Шляхам Скарыны» (Масква), «Маланка» (Іркуцк) і інш. Дзейнічаюць бел. праграмы на літ., латв. і эстонскім радыё. Першымі крокамі па стварэнні на постсав. прасторы бел. нац. адукацыі сталі нядзельныя школы для дзяцей і дарослых у Маскве, Рызе, Ташкенце, Даўгаўпілсе, Новасібірску, Таліне, Кішынёве, Паўладары, Ерэване, Львове, Цюмені і інш. З 1993 працуе адзіная ў замежжы поўная сярэдняя школа з бел. мовай выкладання ў Вільнюсе, а ў літ. г. Вісагінас з 1994 — класы з навучаннем на бел. мове. У 1994 адкрылася бел. школа ў Рызе, якая ў 1998 атрымала статус асноўнай.

У бел. культуру пачала арганічна ўключацца творчасць замежных бел. вучоных, пісьменнікаў, мастакоў, скульптараў, кампазітараў, музыкантаў, спевакоў, артыстаў. У 1991 заснавана аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар», якое склалі маст. суполкі Латвіі, Літвы, Эстоніі і С.-Пецярбурга. Сучасныя перасяленцы з Беларусі слаба далучаюцца да нац. жыцця пасляваен. эміграцыі, хаця прыток нацыянальна арыентаваных эмігрантаў прывёў да ажыўлення бел. асяродкаў у Нью-Йорку, Таронта, Празе, Берліне. У Празе дзейнічаюць Бел.-чэшскае т-ва «Скарына», Звяз беларусаў замежжа ў Чэхіі, Бел.-іберыйскае згуртаванне (Іспанія), Бел. інфарм. цэнтр фонду ў г. Зіген (Германія). Прадстаўнікі бел. моладзі, што навучаецца ці працуе ў Зах. Еўропе, заснавалі Згуртаванне бел. моладзі замежжа (Германія, 2003). Створана Усеізраільскае аб’яднанне выхадцаў з Беларусі, сярод якіх ёсць і беларусы. Індыферэнтнасць значнай часткі беларусаў у постсав. дзяржавах, іх падзеленасць па паліт. прычынах, недастатковая падтрымка Бацькаўшчынай замежных суродзічаў абумовілі адсутнасць бел. школ, нац. друку ў шматлікіх і багатых на інтэлектуальныя сілы асяродках у Расіі, Казахстане, Украіне.

Працягам бел. рэліг. і культ. традыцый і звычаяў, імкнення бел. дыяспары да нац. самазахавання стала далейшая арганізацыя рэліг.-царк. жыцця на нац. аснове. Гэта выявілася ў будаўніцтве цэркваў, правядзенні набажэнстваў, выданні рэліг. л-ры, часопісаў на роднай мове. У пач. 1990-х г. адбыліся першыя кантакты паміж бел. правасл. цэрквамі на эміграцыі і царк. грамадскасцю Беларусі. Правасл. беларусы на постсав. прасторы пачалі наладжваць рэліг.-царк. жыццё на нац. аснове. У 1996 створана бел. царк. т-ва пры Рыжскім кафедральным саборы Раства Хрыстова, з 2001 дзейнічае правасл. бел. прыход у Вільнюсе. Новасібірскія беларусы пабудавалі правасл. царкву св. Ефрасінні Полацкай (2001). Нягледзячы на неаднаразовыя спробы, бел. рымска-каталіцкая грамада на эміграцыі не змагла арганізаваць свае нац. парафіі. Пэўнае ажыўленне царк.-рэліг. дзейнасці на нац. глебе пачалося сярод бел. католікаў на постсав. прасторы. У 1991 прадстаўнікамі Маскоўскага т-ва бел. культуры арганізавана каталіцкая суполка. У С.-Пецярбургу службы па-беларуску праходзяць у Кафедральным каталіцкім касцёле, вядуцца перадачы па гар. каталіцкім радыё «Марыя». Утворана каталіцкая секта Т-ва бел. мовы Віленскага краю, з 1998 у Вільнюсе ў касцёле св. Барталамея набажэнствы праводзяцца на бел. мове. У бел. асяроддзі на Захадзе існуюць грэка-каталіцкія (уніяцкія) місіі ў Лондане і Парыжы, парафія ў Чыкага. З 1991 дзейнічае уніяцкая суполка ў Маскве. Бел. рэдакцыя «Радыё Ватыкана» з 1990 увяла спец. рубрыку для грэка-католікаў. У Бел. каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі праходзяць навучанне будучыя святары. Развіццё бел. дыяспары арганічна звязана з захаваннем і ўмацаваннем дзяржаўнасці Беларусі, працэсамі нац. адраджэння Бацькаўшчыны, усталяваннем добрасуседскіх адносін з памежнымі краінамі, уваходжаннем у еўрап. і міжнар. супольнасць. Самастойная, дэмакр. і прававая Беларусь зможа забяспечыць існаванне бел. народа на Бацькаўшчыне і бел. дыяспары як адзінага арганізма. Гэта адна з умоў самазахавання і развіцця бел. нацыі ў эпоху глабалізацыі.

Літ.:

Околовіч Я. Рады для эмігрантаў, каторые едуць у Амэрыку, а такжэ размовы беларуско-англіцкіе. Вільня, 1912;

Езавітаў К. Беларусы ў Латвіі. Рыга, 1927;

Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в. Мн., 1957;

Вініцкі А. Матар’ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гг. Ч. 1—3. Лос-Анжэлес, 1968;

Лещенко Г.Ф. Переселения из Белоруссии в Поволжье и Сибирь (конец XVI—XVII в.): Автореф. дис. ... канд. ист. наук. Мн., 1983;

Грыцкевіч В.П. Нашы славутыя землякі, Мн., 1984;

Яго ж. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986;

Сачанка Б.І. Беларуская эміграцыя. 2 выд. Мн., 1991;

Антонава Т. У землякоў за акіянам. Мн., 1992;

Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993;

Сяргеева Г. Беларуская дыяспара // Крыжовы шлях. Мн., 1993;

Яе ж. Беларуская дыяспара ў нацыянальнай гістарыяграфіі XX ст. // Запісы Бел. ін-та навукі й мастацтва. 2001. №25;

Пранчак Л.І. Беларуская Амерыка. Мн., 1994;

Белорусы. М., 1998;

Хто ёсць Хто сярод беларусаў свету: Энцыкл. давед. Ч. 1. Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах. Мн., 2000;

Беларускія мастакі ў замежжы. Б.м., 2001;

Очерки истории белорусов в Сибири в XIX—XX вв. Новосибирск, 2001;

Белорусы в Молдове // Материалы Междунар. научно-практ. конф., г. Кишинев, 6—8 окт. 2001 г. Мн., 2001;

Юрэвіч Л. Літаратурны рух на эміграцыі. Мн., 2002.

Г.​Г.​Сяргеева, Т.​А.​Папоўская.

т. 18, кн. 2, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЫІ

Паліт. партыі ў сучасным разуменні ўзнікалі ў Еўропе ў сярэдзіне — 2-й пал. 19 ст. Адна з першых еўрап. рэв. партый «Саюз камуністаў» (1847), створаны К.​Марксам і Ф.​Энгельсам. Яго праграма («Маніфест Камуністычнай партыі») вызначала форму будучага дзярж. ладу — дыктатуру пралетарыяту, заклікала да падрыхтоўкі і ажыццяўлення рэв. перавароту як асн. сродку барацьбы. Ідэі «Маніфеста» знайшлі шырокае распаўсюджанне, у т. л. на тэр. Рас. імперыі. Першая паліт. партыя парламенцкага тыпу — «Ліберальнае таварыства рэгістрацыі выбараў у Англіі» (1861). У 1863 Ф.​Ласаль арганізаваў першую масавую рабочую партыю — «Усеагульны германскі саюз рабочых».

У Рас. імперыі папярэднікамі паліт. партый былі дзекабрысцкія і народніцкія арг-цыі, на Беларусі — тайныя т-вы філаматаў (прыхільнікаў навук), філарэтаў (прыхільнікаў дабрачыннасці) і «ваенных сяброў», якія існавалі ў 1-й пал. 1820-х г. Іх погляды зводзіліся да аднаўлення незалежнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772; неабходнасці карэнных сац. рэформ, ліквідацыі прыгонніцтва, увядзення канстытуцыйнай формы праўлення, стварэння ўмоў для росквіту сярэдняга класа, які ў Беларусі, на іх думку, складала шляхта. Паліт. рознагалоссі паміж «белымі» і «чырвонымі» ў час паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве не прывялі да стварэння партыі. Пэўны ўплыў у Беларусі мелі арг-цыі рас. народнікаў «Зямля і воля», «Народная воля». З сярэдзіны 1880-х г. члены арг-цыі групы «Вызваленне працы», польскай партыі «Пралетарыят» пачалі прапаганду марксізму ў Беларусі. У канцы 1880 — пач. 1890-х г. створана некалькі нешматлікіх сацыял-дэмакр. гурткоў у Мінску, Вільні, Гродне, Віцебску, Гомелі, Смаргоні, Пінску, Ашмянах, Брэсце. Яны вялі ў асн. эканам. агітацыю.

Як паліт. партыі ў канцы 19 ст. аформіліся Рабочая партыя вызвалення Расіі (1897, з 1901 — Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, ПСР), Усеаг. яўр. рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі (Бунд, 1897), Рас. сацыял-дэмакр. рабочая партыя (РСДРП; абвешчана на I з’ездзе ў Мінску ў сак. 1898). Яны мелі свае арганізац. структуры на Беларусі. У крас. 1896 адбыўся Устаноўчы з’езд Літоўскай сацыял-дэмакр. партыі (ЛСДП), якая арганізавала сацыял-дэмакр. гурткі ў Мінску, Вільні, Смаргоні. Партыя вылучала ідэю стварэння рабочых арг-цый па нац. прыкмеце. У маі 1896 узнік Рабочы саюз Літвы (С.​Трусевіч), які аб’яднаў Віленскую, Мінскую і Смаргонскую інтэрнац. рабочыя арг-цыі (каля 300 чал.). На мяжы 19—20 ст. у Вільні, Смаргоні, Мінску дзейнічалі невял. групы партыі Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ), створанай у 1900 у Мінску. У вер. 1902 з груп Польскай партыі сацыялістычнай (ППС) утварылася ППС у Літве, якая належала да тыпу леванародніцкіх і выступіла пад лозунгамі барацьбы за самастойнасць Літвы—Беларусі і ўстанаўленне сацыяліст. ладу. Найб. значныя яе арг-цыі былі ў Вільні, Гродне і Брэсце. У 1905 пасля выдання Маніфеста 17 кастрычніка ўзніклі агульнарас. ліберальныя партыі — Партыя «народнай свабоды», або Канстытуцыйна-дэмакр. партыя (кадэты), «Саюз 17 кастрычніка» (акцябрысты). Асн. мэтамі яны лічылі ажыццяўленне дэмакр. рэформ у Расіі сродкамі парламенцкай барацьбы. На крайніх кансерватыўных пазіцыях стаялі «Саюз рускага народа», «Руская манархічная партыя» і інш. Яны атрымалі назву «чорная сотня», чарнасоценцы. Буйнейшыя агульнарас. партыі мелі свае арг-цыі на Беларусі.

Першай паліт. партыяй, якая арыентавалася на нац. інтарэсы беларусаў, была Беларуская рэвалюцыйная партыя (БРП), потым Беларуская рэвалюцыйная грамада (БРГ), створаная ў 1902. У снеж. 1903 на I з’ездзе яна прыняла праграму, дзе характарызавала сябе як сац.-паліт. арг-цыю бел. працоўнага народа. Сваёй канчатковай мэтай партыя абвяшчала разбурэнне капіталіст. ладу, а бліжэйшай задачай — звяржэнне самадзяржаўя. Форма будучага дзярж. ладу не вызначалася, увага засяроджвалася на барацьбе за дэмакр. свабоды, на агр., канфесіянальным, нац. пытаннях. На гэтым з’ездзе БРГ перайменавана ў Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ). У 1903—04 БСГ цесна супрацоўнічала з ППС, ПСР, ЛСДП. Заснавальнікі і актыўныя дзеячы БСГ — браты І. і А. Луцкевічы, А.​Бурбіс, К.​Кастравіцкі (Карусь Каганец), Ф.​Умястоўскі, А.​Пашкевіч (Цётка). Стварэнне першай бел. паліт. партыі азначала, што беларускі нацыянальна-вызваленчы рух перастае быць толькі культурна-адраджэнскім, а становіцца палітычным і арганізуецца ў партыю. У 1904 у Гродне заснавана Сацыялістычная партыя Белай Русі (СПБР), блізкая да ППС у Літве. Уласнай праграмы яна не мела, дзейнічала гал. чынам на Гродзеншчыне, выпусціла некалькі пракламацый («Царская гаспадарка», «Братцы мужыкі», «Прызыўныя») з заклікамі да звяржэння самадзяржаўя, аднак у 1906 самаліквідавалася. 7.2.1906 у Вільні па ініцыятыве барона Э.​Ропа адбыўся ўстаноўчы з’езд Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі (ККПЛіБ). Быў абраны ЦК, зацверджана праграма, якая спалучала лібералізм кадэцкага кірунку ў паліт. сферы, кансерватызм у вырашэнні сац.-эканам. праблем і ідэалы хрысціянскай дэмакратыі; восенню 1907 яна распалася. У чэрв. 1907 у Вільні пра стварэнне абвясціла Краявая партыя Літвы і Беларусі (КПЛіБ), аднак у 1908 яна спыніла існаванне. У гады рэакцыі (1907—10) паліт. актыўнасць значна знізілася, у 1-ю сусв. вайну актывізавалася. Карэнныя змены ў грамадска-паліт. жыцці на Беларусі адбыліся пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917. У сак.—кастр. 1917 тут дзейнічала больш за 20 паліт. партый — бел. нацыянальныя, агульнарасійскія, яўр., польскія.

З бел. партый ліберальна-дэмакр. арыентацыі прытрымліваліся Магілёўскі бел. нац. к-т, Гомельскі саюз бел. дэмакратыі, Віцебскі саюз бел. народа, Аршанскі бел. нар. к-т, Хрысціянска-дэмакр. аб’яднанне, Бел. партыя аўтанамістаў, Бел. партыя нар. сацыялістаў. Паліт. праграмы гэтых партый былі блізкія да кадэцкай, адлюстроўвалі інтарэсы буйных і сярэдніх землеўласнікаў, агр. буржуазіі, правасл. духавенства, чыноўнікаў. Большасць партый аб’ядноўвалі ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх соцень чалавек і не мелі паліт. ўплыву па-за межамі свайго рэгіёна. Усе яны, у той ці іншай форме, выказвалі ідэю абласной аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі, але прызнавалі самабытнасць краю і неабходнасць прыняцця спец. законаў мясц. характару. Дэмакр. поглядаў на праблемы дзярж. будаўніцтва, вырашэнне эканам. і сац. праблем прытрымліваліся Бел. хрысціянскае дэмакр. аб’яднанне (БХДА; Ф.​Абрантовіч, А.​Станкевіч, В.​Гадлеўскі і інш.), Бел. нар. партыя сацыялістаў [БНПС; Я.​Ф.​Сушынскі, А.​І.​Лявіцкі (Ядвігін Ш.), С.​Я.​Плаўнік (З.​Бядуля), Ф.​Стульба, П.​П.​Аляксюк], Бел. партыя аўтанамістаў (БПА; Дз.​Сабалеўскі). Гэтыя партыі выступалі за глыбокія дэмакр. пераўтварэнні і шырокую аўтаномію Беларусі ў рамках Рас. федэратыўнай дэмакр. рэспублікі (РФДР). Значна актывізавалі сваю дзейнасць нац. партыі рэв.-дэмакр. арыентацыі — БСГ, якая да 1917 распалася з-за ўнутр. супярэчнасцей і іншых прычын (аднавіла дзейнасць у сак. 1917), і Бел. нар. грамада (БНГ). Іх сац. базай былі сярэднія і дробныя гарадскія слаі, частка сялян, рамеснікі і служачыя, разначынная інтэлігенцыя. У 1917 арганізацыі БСГ дзейнічалі ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Оршы, а таксама ў Петраградзе, Маскве, Саратаве, Казані і інш. гарадах, дзе былі беларусы-бежанцы, у некаторых часцях Зах. і Паўн. франтоў, на Балтыйскім флоце. У сярэдзіне 1917 яна аб’ядноўвала 5 тыс. членаў, восенню — каля 10 тыс. На III з’ездзе БСГ (14—15.10.1917) зацверджана новая рэдакцыя праграмы, якая грунтавалася на ідэях шырокай краявой нац.-тэр. аўтаноміі Беларусі ў складзе РФДР. За аўтаномію выступала і БНГ, якая дзейнічала ў 1917—18 у Расіі ў асн. сярод бежанцаў (Я.​І.​Васілевіч, А.​І.​Цвікевіч, Ф.​Ф.​Турук). Актыўную работу вялі Яўр. сацыял-дэмакр. рабочая партыя (ЯСДРП, Паалей Цыён; Б.​Борахаў, Н.​Сіркін, А.​Гардон), Аб’яднаная яўр. сацыялістычная рабочая партыя (АЯСРП, 1917—20; Ш.​Ківін, Н.​Уфрыхціч, М.​Гутман), а таксама некаторыя польскія і літоўскія партыі.

Яшчэ больш рэзкае размежаванне паміж паліт. партыямі адбылося пасля Кастр. рэвалюцыі 1917. Дзейнасць манархічных партый на тэрыторыі, якую кантралявалі бальшавікі, была забаронена, ліберальных — значна абмежавана. Больш шырокія магчымасці атрымалі партыі сацыяліст. арыентацыі. Створаны Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р, 1918—24; Т.​Т.​Грыб, Л.​І.​Заяц, П.​Бадунова, Я.​А.​Мамонька, С.​М.​Некрашэвіч), Бел. партыя сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф, 1918—21; А.​Аўсянік, І.​Я.​Варонка, К.​Б.​Езавітаў, В.​І.​Захарка, П.​А.​Крачэўскі, І.​М.​Серада, А.​І.​Цвікевіч), Бел. сацыял.-дэмакр. партыя (БСДП, 1918—24; І. і А. Луцкевічы, Я.​Ю.​Лёсік, А.​А.​Смоліч і інш.). У крас. 1918 на аснове Бел. сацыял.-дэмакр. рабочай партыі ўзнікла першая бел. секцыя РКП(б) у Петраградзе. У 1918—19 бел. секцыі дзейнічалі ў Маскве, Казані, Варонежы, Саратаве, Тамбове, Невелі, Казлове і інш. як часткі мясц. парт. арг-цый. Вялі ў асн. работу сярод бежанцаў і рабочых беларусаў. У іх кіруючае ядро ўваходзілі А.​Р.​Чарвякоў, З.​Х.​Жылуновіч (Ц.​Гартны), А.​Х.​Усціловіч, І.​В.​Лагун і інш. Бальшавіцкія арг-цыі Беларусі і Зах. фронту дзейнічалі пад кіраўніцтвам Паўн.-Зах. абласнога к-та РКП(б). Паміж паліт. партыямі розных кірункаў разгарнулася вострая барацьба па пытаннях дзяржаўнасці Беларусі, агр. пытанні, прызнання ўлады бальшавікоў, якія забяспечвалі сабе большасць у Саветах, і інш. VI Паўн.-Зах. абласная канферэнцыя РКП(б) (30—31.12.1918, Смаленск) абвясціла сябе I з’ездам Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі [КП(б)Б] і накіравала ў ЦК РКП(б) тэлеграму з просьбай зацвердзіць гэтае рашэнне. КП(б)Б не мела праграмы, статута, членскіх білетаў, з’яўлялася састаўной часткай РКП(б), потым ВКП(б), КПСС. У пач. 1919 была створана Камуністычная партыя (бальшавікоў) Літвы і Беларусі (В.​С.​Міцкявічус-Капсукас, В.​Г.​Кнорын, З.​І.​Ангарэціс, А.​Ф.​Мяснікоў, Я.​Г.​Далецкі, С.​В.​Іваноў і інш.), якая была рэгіянальнай арг-цыяй РКП(б) у перыяд існавання Сацыялістычнай Сав. Рэспублікі Літвы і Беларусі. На пазіцыях бальшавізму стаяла і Бел. камуністычная арг-цыя [БКА, 1920; У.​М.​Ігнатоўскі, С.​Г.​Булат, І.​П.​Каранеўскі, В.​С.​Гарбацэвіч, М.​С.​Кудзелька (М.​Чарот), А.​Сташэўскі, М.​І.​Мароз і інш.]. Яе лідэры імкнуліся больш улічваць нац. асаблівасці Беларусі (нацыянал-камунізм). БКА самаліквідавалася, яе члены ўступілі ў КП(б)Б. Фактычна малавядомай была Партыя рэв. сацыялістаў-народнікаў Беларусі (ПРС-НБ, 1919—20; А.​Пятроў).

Ярка выражаныя антысав. пазіцыі займалі лідэры Бел. сялянскай партыі «Зялёны дуб» [1919—24; В.​Адамовіч (Дзяркач), П.​Аляксюк, А.​Лявіцкі (Ядвігін Ш.), У.​Ксяневіч]. Арганізаваная ў пач. 1920-х г. «зялёнадубаўцамі» ўзбр. барацьба супраць бальшавікоў пазней набыла характар паліт. і крымінальнага бандытызму. У 1-й пал. 1920-х г. шматпартыйнасць у БССР перастала існаваць. Многія члены БКА, БПС-Р, АЯСРП, ЯСДРП уступілі ў КП(б)Б. З 2-й пал. 1920-х да 2-й пал. 1960-х г. толькі бальшавіцкая партыя аб’яўлялася выразніцай і абаронцай інтарэсаў народа. КП(б)Б зрабіла значны ўклад у аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі, адукацыі, навукі, культуры Беларусі ў міжваен. перыяд. Хуткімі тэмпамі расла колькасць членаў КП(б)Б. Калі ў вер. 1921 у партыі налічвалася 2889 чл. і 1260 канд. у чл., то на 1.1.1932 — адпаведна 37 944 і 21 231. Гэта быў найб. колькасны склад КП(б)Б у даваенны час. На працягу 1920—30-х г. неаднаразова праводзіліся «чысткі» партыі. На 1.5.1940 было 33 869 чл. і 24 084 канд. ў чл. партыі.

Спецыфічная сітуацыя склалася ў зах. рэгіёне Беларусі, які ў адпаведнасці з умовамі Рыжскага мірнага дагавора 1921 увайшоў у склад Польшчы (II Рэчы Паспалітай) і атрымаў у БССР назву Зах. Беларусь, а ў Польшчы — «крэсы ўсходне» («усходнія ўскраіны»). З асуджэннем далучэння Зах. Беларусі да Польшчы ўжо ў вер. 1921 выступілі БПС-Р, БПС-Ф, БСДП, БХД і інш. Польскія ўлады разам з выкарыстаннем рэпрэсій шукалі спосабы вырашэння эканам. і нац. праблем і канфліктаў. На тэр. Зах. Беларусі побач з урадавымі партыямі (ППС і інш.) дзейнічалі Бел. партыя незалежных сацыялістаў (БПНС), Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД, з 1936 — Бел. нац. аб’яднанне, БНА). Многія рысы паліт. партыі мела Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ, 1925—27), якая зрабіла вял. ўклад у барацьбу з паланізацыяй, у абарону бел. культуры і школьнай справы. Яе актыўнымі дзеячамі былі Б.​А.​Тарашкевіч, С.​А.​Рак-Міхайлоўскі, П.​П.​Валошын, П.​В.​Мятла і інш.

Актыўную барацьбу вяла Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ), створаная ў кастр. 1923 паводле рашэнняў 11 з’езда Камуністычнай рабочай партыі Польшчы (КПРП, засн. 16.12.1918; з лют. 1925 — Камуністычная партыя Польшчы, КПП). У КПЗБ увайшлі члены былых арг-цый КП(б)Б і КП Літвы, што перайшлі ў падполле. У снеж. 1923 у яе ўлілася Бел. рэв. арг-цыя (БРА), кіраўнікамі якой з’яўляліся І.​К.​Лагіновіч (П.​Корчык), Л.​І.​Родзевіч (Антось), А.​Р.​Капуцкі (Лёкса) і інш. КПЗБ існавала ў складзе КПП на правах тэрытарыяльнай аўтаномнай арг-цыі; атрымлівала ідэалаг., фін. і матэрыяльную падтрымку ад Камінтэрна, ВКП(б) і КП(б)Б. У Мінску рыхтаваліся парт. кадры, друкавалася літаратура для КПЗБ, для чаго тут былі створаны адпаведныя структуры. Працавала нелегальна. Сярод стратэгічных мэт КПЗБ — барацьба за перамогу сацыяліст. рэвалюцыі, ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і перадачу сялянам зямлі без выкупу, за права самавызначэння Зах. Беларусі і ўз’яднанне з БССР. З пачатку сваёй дзейнасці КПЗБ імкнулася надаць арганізаваны характар узбр. барацьбе бел. сялян і інтэлігенцыі, якая разгарнулася з 1921 пад кіраўніцтвам былых членаў КП(б)Б, КП Літвы і БПС-Р. Найб. ўздым партыз. руху прыпадае на 1921—25. Яго кіраўнікамі былі К.​П.​Арлоўскі, С.​А.​Ваўпшасаў, В.​З.​Корж, А.​М.​Рабцэвіч і інш. III канферэнцыя КПЗБ (студз. 1926) прыняла рашэнне пра спыненне партыз. барацьбы. На час стварэння КПЗБ у яе парт. арг-цыях налічвалася 528 чал., найб. колькасць членаў у 1933—3800—4000 чал. Прыкладна 1200—1300 членаў КПЗБ пастаянна знаходзіліся ў турмах і Бяроза-Картузскім канцлагеры. Пад яе кіраўніцтвам дзейнічалі Камуністычны саюз моладзі Зах. Беларусі (КСМЗБ), Міжнар. арг-цыя дапамогі рэвалюцыянерам Зах. Беларусі. Для правядзення асобных акцый КПЗБ заключала пагадненні з нац.-вызваленчымі арганізацыямі: БСРГ, пасольскім клубам «Змаганне», Таварыствам бел. школы (ТБШ) і Бел. ін-там гаспадаркі і культуры (БІГіК). У 1930—38 многія члены і кіраўнікі КПЗБ, якія знаходзіліся ў СССР, былі абвінавачаны ў здрадніцтве, сувязях з разведкамі бурж. краін, рэпрэсіраваны. У жн. 1938 на аснове беспадстаўных абвінавачанняў паводле рашэння Выканкома Камінтэрна КПП і яе састаўной часткі КПЗБ і КП Зах. Украіны распушчаны. Пасля ўступлення Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь былыя члены КПЗБ удзельнічалі ў арганізацыі рэўкомаў, складалі ядро Рабочай гвардыі, многія былі абраны дэпутатамі Нар. сходу Зах. Беларусі. Але недавер да іх з боку кіраўнікоў ВКП(б) заставаўся, толькі адзінкі з іх былі прыняты ў яе рады. У 1956 абвінавачанні ў адрас членаў КПП, КПЗБ і КПЗУ зняты, роспуск іх прызнаны неабгрунтаваным.

У Вял. Айч. вайну КП(б)Б узначаліла партыз. і падп. барацьбу супраць ням.-фаш. акупантаў. На акупіраванай тэр. Беларусі былі створаны і дзейнічалі 10 абласных, 193 міжраённыя, гар. і раённыя к-ты КП(б)Б, больш за 1200 парт. арг-цый у партыз. фарміраваннях, 184 тэр. парт. арг-цыі, якія аб’ядноўвалі больш за 35 тыс. камуністаў.

Для дзейнасці КП(б)Б пасляваен. гадоў характэрны цэнтралізацыя, імкненне ахапіць усе сферы эканам., грамадска-паліт., культ. жыцця. Колькасны склад партыі павялічваўся. Калі на 1.1.1949 налічвалася 90 976 чл. і 19 134 канд. ў чл. КПБ, то на 1.1.1990 — адпаведна 685 270 і 12 338.

З 2-й пал. 1980-х г. у КПСС, у т. л. і КПБ, пачаўся арганізац. і ідэалаг. крызіс, які асабліва абвастрыўся да пач. 1990-х г. За 1990 з КПБ выйшлі 53 346 чал., у т. л. 31 168 рабочых; 22 218 было выключана з КПБ за парушэнне парт., дзярж. і працоўнай дысцыпліны. 25.8.1991 Вярх. Савет БССР, большасць якога складалі камуністы, прыняў пастанову «Аб часовым прыпыненні дзейнасці КПСС—КПБ на тэрыторыі Беларусі». Фактычна гэта азначала забарону КПБ і заканадаўчае адхіленне яе ад улады. Пастановай Вярх. Савета ад 10.12.1991 «Аб уласнасці КПСС—КПБ» парт. ўласнасць перададзена дзяржаве.

Крызіс КПСС—КПБ паскорыў стварэнне шматпартыйнай паліт. сістэмы. Узніклі многія паліт. партыі. У адпаведнасці з законам СССР «Аб грамадскіх аб’яднаннях» (9.10.1990) і рашэннямі Савета Міністраў БССР паліт. партыяй магло быць паліт. аб’яднанне пры наяўнасці 100 членаў-заснавальнікаў. У 1991 Мін-вам юстыцыі Беларусі зарэгістравана 5 паліт. партый: Аб’яднаная дэмакр. партыя Беларусі (АДПБ, 19 сак.); Бел. сялянская партыя (БСП, 11 крас.), Бел. сацыял-дэмакр. грамада (БСДГ, 21 мая), Нац. дэмакр. партыя Беларусі (НДПБ, 25 чэрв.), Бел. хрысціянска-дэмакр. злучнасць (БХДЗ, 16 снеж.).

Падзеі, звязаныя з набыццём дзярж. суверэнітэту Беларуссю і распадам СССР, далі новы штуршок працэсу стварэння паліт. партый. Да канца 1994 у Рэспубліцы Беларусь афіцыйна зарэгістравана 29 паліт. партый і 7 асн. паліт. рухаў. Аднак большасць партый былі нешматлікія. Актыўныя дзеянні па кансалідацыі сваіх сіл вялі камуністы: 7.12.1991 адбыўся ўстаноўчы з’езд, а 26.5.1992 зарэгістравана Партыя камуністаў беларуская (ПКБ). Яна паставіла сваімі мэтамі аб’яднанне работнікаў наёмнай працы для дасягнення поўнага вызвалення ад эксплуатацыі ва ўсіх яе відах і пабудову бяскласавага грамадства сац. справядлівасці. ПКБ абвясціла сябе пераемніцай КПБ. У лют. 1993 Вярх. Савет адмяніў сваю пастанову ад 25.8.1991. XXXII з’езд КПБ (нечарговы, май 1993) і II з’езд ПКБ прынялі рашэнне аб аб’яднанні. 2.11.1996 адбыўся XXXIII (I аднаўленчы) з’езд КПБ, на якім партыя абвясціла сябе пераемніцай КПСС—КПБ. Стратэгічная мэта партыі — пабудова камунізму, бліжэйшыя задачы — «арыентацыя грамадства на сацыялістычны шлях развіцця, які адзіны вядзе да пабудовы бяскласавага грамадства, да сацыяльнай справядлівасці, аднаўленне на добраахвотнай аснове дзяржаўнага саюза савецкіх народаў».

5.10.1994 прыняты Закон «Аб палітычных партыях», паводле якога для рэгістрацыі партыі неабходна не менш як 500 членаў-заснавальнікаў. У 1998 былі зарэгістраваны 2 партыі: Бел. сацыял-дэмакр. грамада (27 мая) і Бел. экалагічная партыя зялёных «БЭЗ» (28 кастр.), а паводле рашэння Вярх. суда ў адпаведнасці з Законам «Аб палітычных партыях» 9 партый спынілі сваю дзейнасць. У 2-й пал. 1999 праведзена перарэгістрацыя партый. На працягу 1995—99 спынілі дзейнасць Бел. аб’яднаная спартыўная партыя (зарэгістравана 22.2.1995), Бел. нар. партыя (8.12.1994), Бел. нац. партыя (20.9.1994), Бел. партыя «за сац. справядлівасць» (4.12.1996), Бел. рэсп. партыя (17.6.1994), Бел. сацыял-дэмакр. грамада (27.5.1998), Бел. сацыяліст. партыя (19.8.1994), Бел. сялянская партыя (11.4.1991), Бел. хрысціянска-дэмакр. партыя (21.3.1995), Бел. хрысціянска-дэмакр. злучнасць (16.12.1991), Бел. экалагічная партыя (19.4.1994), Нар. партыя «Адраджэнне» (29.3.1995), Нац.-дэмакр. партыя беларусаў (25.6.1991), Партыя аматараў піва (30.12.1994), Партыя «Ачышчэнне» (4.12.1995), Партыя «Беларускі навукова-вытворчы кангрэс» (22.10.1992), Партыя здаровага сэнсу (30.1.1995), Партыя ўсебел. адзінства і згоды (19.8.1994), Партыя «Хрысціянска-дэмакратычны выбар» (21.4.1995), Славянскі сабор «Белая Русь» (4.9.1992). Аб’ядналіся Бел. партыя «Зялёны мір» (3.6.1994) і Бел. партыя «зялёных» (1.2.1993) у Бел. партыю «Зялёныя» (БП «Зялёныя) з захаваннем даты рэгістрацыі партыі «Зялёны мір» (3.6.1994). У 1999 распалася Партыя Бел. нар. фронту і зарэгістраваны Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ (КХП—БНФ, 28.2.2000) і Партыя БНФ (24.4.2000). 2.8.2004 спыніла сваю дзейнасць Бел. партыя працы (24.2.1994). На 1.9.2004 у Рэспубліцы Беларусь налічвалася 17 паліт. партый (гл. табліцу). У наш час партыі паводле паліт. арыентацыі падзяляюцца на левыя (камуністычныя), левацэнтрысцкія, правацэнтрысцкія, правыя, нац.-радыкальныя і інш.


Палітычныя партыі Беларусі (на 1.9.2004)
Назва партыі (абрэвіятура) Дата ўстаноўчага з’езда (канферэнцыі) Дата рэгістрацыі (перарэгістрацыі) Орган кіравання
Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП) 1.1.1995 28.11.1995 (30.1.1999) Нацыянальны камітэт
Аграрная партыя 13.6.1992 13.7.1992 (22.9.1999) Цэнтральны савет
Беларуская партыя жанчын «Надзея» (БПЖ «Надзея») 28.4.1994 3.6.1994 (21 6.1999) Савет партыі
Беларуская партыя «Зялёныя» (БП «Зялёныя») 17.4.1994 3.6.1994 (13.9 1999) Цэнтральны савет
Беларуская патрыятычная партыя (БПП) 8.10.1994 10.11.1994 (25.8.1999) Савет
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная грамада) (БСДПНГ) 29.6.1996 29.1.1997 (9.9.1999) Цэнтральны камітэт
Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя (БССП) 6.11.1994 9.12.1994 (13.9.1999) Савет
Беларуская эканамічная партыя «БЭЗ» (БЭП «БЭЗ») 20.6.1998 20.10.1998 (10.9.1999) Зялёная рада
Камуністычная партыя Беларусі (КПБ) 2.11.1996 21.11.1996 (9.9.1999) Цэнтральны камітэт
Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ (КХП—БНФ) 26.9.1999 28.2.2000 Сойм
Ліберальна-дэмакратычная партыя (ЛДП) 5.2.1994 24.2.1994 (15.6.1999) Вышэйшы савет
Партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада» (Партыя БСДГ) 15.2 1998 27.5.1998 (30.8.1999) Цэнтральная рада
Партыя БНФ 26.12.1999 24.4.2000 Сойм
Партыя камуністаў Беларуская (ПКБ) 7.12.1991 26.5.1992 (5.7.1999) Цэнтральны камітэт
Рэспубліканская партыя (РП) 12.3.1994 25.5.1994 (30 9.1999) Цэнтральнае праўленне
Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (РППіС) 26.6.1993 188.1993 (186.1999) Палітсавет
Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай згоды (СДП НЗ) 15.5.1997 21.5.1997 (13.9.1999) Савет

т. 18, кн. 2, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)