ЛЯЎКО́Ў Пётр Маркавіч (1910, в. Аляксандраўка Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 31.3.1968),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941, удзельнік баёў пад Масквой, вызвалення Беларусі, баёў у Польшчы, Германіі. Камандзір гарматы сяржант Л. вызначыўся: у чэрв. 1944 у час бою на шашы Орша—Магілёў; на тэр. Польшчы; у крас. 1945 на беразе р. Эльба. Пасля вайны на гасп. рабоце.
т. 9, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСЯСЛА́Ў РАГВАЛО́ДАВІЧ,
мяркуемы князь у Полацкай зямлі ў 2-й пал. 12 ст. Пад 1160 Іпацьеўскі летапіс паведамляе, што ў паходзе князёў на чале са Святаславам Ольгавічам на Вшчыж прымаў удзел «Всеслав ис Полотьска». Позні Густынскі летапіс называе яго Рагвалодавічам (полацкім князем у той час быў Рагвалод Барысавіч, відаць, яго бацька). Некат. навукоўцы атаясамліваюць У.Р. з Глебам Рагвалодавічам або Усяславам Васількавічам.
В.С.Пазднякоў.
т. 16, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕМЯНІ́ Яўген Сяргеевіч (12.3.1898, С.-Пецярбург — 23.1.1969),
расійскі акцёр і рэжысёр; адзін з заснавальнікаў сав. т-ра лялек. Засл. арт. Расіі (1934). У 1918 пачаў сцэн. дзейнасць як акцёр-аматар. У 1924 арганізаваў і ўзначаліў тэатр лялек-пятрушак у Ленінградзе, у 1930 аб’яднаны з Т-рам марыянетак Л.Шапорынай-Якаўлевай пад назвай Ленінградскі лялечны т-р пад кіраўніцтвам Я.Дземяні, дзе ён выступаў як акцёр і рэжысёр. Ставіў спектаклі для дзяцей і дарослых: «Казёл» (1925) і «Кошчын дом» (1926) С.Маршака, «Вяселле» А.Чэхава (1928), «Канёк-Гарбунок» паводле П.Яршова, «Казка пра згублены час» (1940) Я.Шварца, «Лекар паняволі» Мальера. Аўтар кніг і артыкулаў пра т-р лялек. З 1929 выступаў з лялькамі на эстрадзе.
т. 6, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ГЛАС (Douglass) Фрэдэрык [сапр. Бейлі
(Bailey) Фрэдэрык Агастэс Вашынгтон; люты 1817, Такаха, каля г. Істан, штат Мэрыленд, ЗША — 20.2.1895], грамадскі дзеяч, публіцыст, адзін з лідэраў абаліцыянізму ў ЗША. Мулат, да ўцёкаў у паўн. штаты ЗША (1838) быў рабом. З 1847 выдаваў антырабаўладальніцкую газ. «The North Star» («Паўночная зорка»),
Пад уплывам Дж.Браўна выступіў за ўзбр. барацьбу супраць негрыцянскага рабства. Адзін са стваральнікаў першых негрыцянскіх палкоў у грамадз. вайну ў ЗША 1861—65 і кіраўнікоў руху неграў за раўнапраўе ў час Рэканструкцыі Поўдня 1865—77. Выступаў за дэмакратызацыю грамадска-паліт. жыцця краіны, за правы жанчын. Аўтар антырабаўладальніцкага аўтабіягр. твора «Аповесць пра жыццё Фрэдэрыка Дугласа, амерыканскага раба» (1845, перапрацавана ў 1855 і 1881 пад інш. назвамі).
т. 6, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЁНАК Лявон (Леанід Вікенцьевіч; 26.6.1897, в. Вялец Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 21.2.1974),
бел. пісьменнік і журналіст. Бацька З.Кіпель. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1914). Настаўнічаў. У 1921—29 працаваў у рэдакцыі газ. «Савецкая Беларусь». Друкаваўся з 1927 пад псеўд. Леанід Свэн, Л.Крывічанін. Аўтар зб. фельетонаў «Чароўная іголка» (1929). У 1933 рэпрэсіраваны, высланы ў Сібір, пазней — у Комі АССР. Пасля адбыцця высылкі вярнуўся на Беларусь, настаўнічаў. У Вял. Айч. вайну супрацоўнічаў у «Беларускай газэце» (апубл. «Дзённік Чужанінава»). З 1944 у Германіі, з 1950 у ЗША. Друкаваўся ў газ. «Бацькаўшчына», «Беларус», час. «Сакавік» і інш. выданнях. Рэабілітаваны ў 1956.
Тв.:
Беларусізацыя пад № ... Нью-Ёрк, 1998.
Літ.:
Успамінае Антон Шукелойць // Спадчына. 1997. № 5.
Л.С.Савік.
т. 14, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЦЁПЛЫ ВЕ́ЦЕР»
(«Föhn»),
кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў абапал чыгункі Лунінец—Баранавічы (Лунінецкі, Ганцавіцкі, Ляхавіцкі, Клецкі р-ны) 2—23.3.1943 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася баявымі групамі Бінца (23, 57, 271-ы паліцэйскія батальёны, батальён «Рускай нацыянальнай народнай арміі», батальён СС Дырлевангера), Грыпа (2-і паліцэйскі полк), Нікеля (13-ы паліцэйскі полк) пад камандаваннем обергрупенфюрэра СС Готберга. Гал. мэты — знішчыць партыз. фарміраванні, што вырваліся з блакады ў час аперацыі «Русалка», — гітлераўцам дасягнуць не ўдалося. За час аперацыі карнікі загубілі больш за 540 сав. грамадзян, захапілі 1226 чал. для вывазу на -катаржныя работы ў Германію, разрабавалі і спалілі дзесяткі вёсак, у т. л. Пясчанікі (загубілі 38 чал.) Лунінецкага, Залужжа (60 чал.), Свяціца (106 чал.) Ляхавіцкага р-наў; забралі ў насельніцтва 2890 галоў жывёлы, больш за 7 т ільновалакна, 5 т ільнасемя, 563 т збожжа. На кароткі час гітлераўцам удалося аднавіць рух па чыг. Лунінец—Баранавічы і Пінск—Мікашэвічы.
У.С.Пасэ.
т. 17, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБО́ЎСКІ Стафан (24.6.1767, в. Асташына Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.6.1847),
военачальнік, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794. Пасля заканчэння Рыцарскай школы ў Варшаве харунжы ў войску ВКЛ. У час ваенных дзеянняў Рэчы Паспалітай з Расіяй 1792 вызначыўся ў баях пад Мірам і Брэстам. Атрад Грабоўскага адыграў вырашальную ролю пры выгнанні з Вільні рас. гарнізона (крас. 1794), удзельнічаў у баях пад в. Солы, Паляны, у абароне Вільні. У жн. 1794 Грабоўскі ўзначаліў рэйд 2-тысячнага атрада паўстанцаў на Міншчыну і Магілёўшчыну. Пасля няўдалага бою пад Любанню (4.9.1794) капітуляваў. Высланы ў Кастрамскую губ., пазней амнісціраваны. У вайну 1812 ваяваў на баку Напалеона, ген.-маёр, трапіў у палон. Пры падтрымцы А.Чартарыйскага вызвалены, увайшоў у склад вышэйшай адміністрацыі Варшаўскага княства. З 1816 дырэктар Вайсковай камісіі, з 1825 міністр-сакратар Каралеўства Польскага, ген. дывізіі (1826). Удзельнік руска-турэцкай вайны 1826—29. У 1832—39 чл. Дзярж. савета Рас. імперыі.
У.П.Емяльянчык.
т. 5, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАВА АБЛО́ГА 1654—55.
Праводзілася рас. войскам і ўкр. казакамі пад камандаваннем І.Н.Залатарэнкі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Пачалася ў жн. 1654 і працягвалася з перапынкамі 11 месяцаў. Горад абаранялі мясц. шляхта, 18 харугваў мяшчан, сяляне Быхаўскага графства, 1000 чал. наёмнай пяхоты, асобнае фарміраванне з 1000 яўрэяў.
У сярэдзіне снеж. 1654 войска гетманаў ВКЛ Я.Радзівіла і В.Гасеўскага дэблакіравала Стары Быхаў і заняло яго, адцясніўшы казакоў да Новага Быхава. У маі 1655 войска Залатарэнкі аднавіла аблогу. Паводле загаду Б.Хмяльніцкага Залатарэнка пакінуў каля горада заслон з пяхоты, а казакоў перавёў у цэнтр. Беларусь. Месца казакоў заняла армія кн. А.Н.Трубяцкога (11 палкоў). У пач. жніўня частка войскаў з-пад Старога Быхава была перакінута да Слуцка і на Панямонне, аднак у пач. кастр. сюды вярнуліся казакі і аблога горада аднавілася. 8 кастр. быхаўчане зрабілі вылазку, у выніку якой загінуў Залатарэнка. У гэты час адбылося паўстанне супраць казацкай старшыны, запарожскае войска страціла баяздольнасць і пайшло на Украіну. У канцы 1655 рас. войска вымушана было паступова здымаць аблогу горада. Канчаткова яна спынена ў сувязі з Віленскім перамір’ем 1656.
т. 3, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙЧЫ́ННЫ ФРОНТ,
форма аб’яднання масавых грамадка-паліт. арг-цый для вырашэння праблем нацый на пэўных этапах іх гіст. развіцця. Дзейнічалі ў Балгарыі (1942—89), Венгрыі (1944—89) і В’етнаме (з 1955). У Айчынны фронт уваходзілі грамадзяне, паліт. партыі, рухі. У час 2-й сусв. вайны меў антыфаш. накіраванасць. У пасляваен. час дамінуючую ролю ў Айчынным фронце набылі камуніст. партыі, прыкрываючы такім чынам сваю манаполію на ўладу.
Айчынны фронт Балгарыі пасля рэарганізацыі (1948) аб’ядноўваў Балг. Кампартыю Балг. земляробчы нар. саюз, Дзімітраўскі камуніст. саюз моладзі, прафсаюзы; выдаваў газ. «Отечествен фронт». У Венгрыі айчынны фронт дзейнічаў пад кіраўніцтвам Венг. сацыяліст. рабочай партыі пад назвамі: Венг. фронт (з мая 1944), Венг. нац. фронт незалежнасці (са снеж. 1944), Венг. нар. фронт незалежнасці (з лют. 1949) і Айчынны нар. фронт (з 1954); выдаваў газ. «Maguar Nemzet» («Венгерская нацыя»), «Szabad Föld» («Свабодная зямля»), Айчынны фронт В’етнама ў 1977 аб’яднаў Нац. фронт вызвалення Паўд. В’етнама (дзейнічаў з 1960), Саюз нац. дэмакр. і міралюбівых сіл Паўд. В’етнама (з 1968), асн. мэтай якіх было аб’яднанне краіны, а таксама камуніст., дэмакр., сацыяліст. партыі, прафсаюзы, жаночыя і маладзёжныя арг-цыі.
А.А.Чалядзінскі.
т. 1, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІПЕЛА́ГСКІЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫІ РУ́СКАГА ФЛО́ТУ,
тры паходы рас. Балт. флоту ў Міжземнае мора і яго баявыя дзеянні ў раёне Грэчаскага архіпелага ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. 1-я экспедыцыя (1769—74) праведзена ў час рус.-тур. вайны 1768—74 для нанясення ўдару па прыморскіх пунктах і адцягнення часткі тур. сіл з дунайскага і крымскага напрамкаў. 2 рас. эскадры на чале з адм. Р.А.Спірыдавым і контр-адм. Эльфінстонам прыбылі ў Эгейскае м., у баях у Хіяскім праліве (24.6.1770) і Чэсменскай бухце (26.6.1770) разграмілі тур. флот адм. Хасан-бея і блакіравалі праліў Дарданелы (да 1773). 2-я экспедыцыя (1806—07) адбылася ў час рус.-тур. вайны 1806—12. Рас. эскадра і грэч. флатылія пад агульным камандаваннем віцэ-адм. Дз.М.Сянявіна блакіравалі Дарданелы і ў бітвах каля іх, в-ва Лемнас і Афонскага п-ва (1807) разграмілі тур. флот. У ходзе 3-й экспедыцыі (1827) аб’яднаныя брыт., рас. і франц. эскадры пад агульным камандаваннем брытанскага віцэ-адм. Кодрынгтана перамаглі тур.-егіп. флот у Наварынскай бухце (8.10.1827). Экспедыцыі паскорылі заканчэнне рус.-тур. войнаў, садзейнічалі нац.-вызв. барацьбе грэч. народа супраць тур. панавання.
т. 1, с. 526
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)