кветкавая расліна сям. мальвавых. Агародніна. Радзіма — Усх. Афрыка. Вырошчваюць у трапічных і субтрапічных краінах Паўн. Амерыкі і Паўд. Еўропе, у Закаўказзі. Святло- і цеплалюбівая культура.
Аднагадовая травяністая расліна выш. да 2 м, падобная на бавоўнік. Лісце пальчаталопасцевае, на доўгіх чаранках. Кветкі жоўтыя, адзіночныя, у пазухах лісця. Плод — каробачка даўж. да 25 см. Тэхн. (з сцяблоў вырабляюць грубыя валокны), лек., кармавыя і харч. (няспелыя струкападобныя плады і лісце спажываюць у ежу, з насення гатуюць сурагат кавы і какавы) расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫПЛАДЫЁЗЫ,
хваробы раслін, якія выклікаюцца недасканалымі грыбамі з роду Diplodia. Пашкоджваюць каля 40 відаў раслін, у т. л. кукурузу, рыс, бавоўнік, вінаград, бахчавыя, цытрусавыя і інш. трапічныя і субтрапічныя культуры, развіваюцца таксама на плодаагародніннай прадукцыі пасля ўборкі.
Напр., пры Д. кукурузы на пачатках утвараецца белы налёт, хворыя зярняўкі робяцца цёмна-карычневыя; на сцёблах каля ніжніх вузлоў — пераломы міжвузелляў, белы налёт і чорныя пладовыя целы. Лісце і ліставыя похвы пакрываюцца цёмна-карычневымі плямамі. Ураджайнасць значна зніжаецца, пагаршаюцца харч. якасці зерня і ўсходжасць насення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБАЧКІ́ (Cucurbita pepo var. giraumontia),
аднагадовая травяністая расліна роду гарбузсям. гарбузовых; разнавіднасць гарбуза звычайнага. Агароднінная, кармавая, алейная (алей з насення) культура на ўсіх кантынентах. Радзіма К. — Мексіка.
Аднадомная расліна куставой формы. Сцябло даўж. 60—90 см. Лісце буйное, 5-лопасцевае. Кветкі аднаполыя, адзіночныя, жоўтыя. Плод — падоўжаная, цыліндрычная, белая ці зялёная гарбузіна; у маладым узросце — каштоўны дыетычны прадукт. Мае цукар (да 2,8%), сухое рэчыва (4—8%), вітаміны (35—40 мг%) і інш. Сарты: Грыбаўскія 37, Італьянскія, Даўгаплодныя, Белыя 13.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБІ́МІЦА КЛА́ПА,
амерыканскі сорт грушы, атрыманы з насення сорту Лясная прыгажуня свабоднага апылення. На Беларусі пашырана ў Брэсцкай, Гомельскай і Гродзенскай абл. Адзін з лепшых скараспелых сартоў.
Дрэва сярэднярослае, крона шырокапірамідальная, рэдкая. Пладаносіць на 7-ы год. Сорт малазімаўстойлівы, сярэднеўстойлівы да бактэрыяльнага раку і паршы. Ураджайнасць добрая. Плады 110—130 г яйцападобна выцягнутай формы, жаўтавата-зялёныя з яркім румянцам на сонечным баку. Мякаць белая. сакавітая, мяккая, масляністая, салодкая, выдатнага смаку. Спажывецкая спеласць у канцы жніўня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРМЕКАХАРЫ́Я [ад грэч. myrmēx (myrmēkos) мурашка + ...харыя],
адзін з тыпаў зоахарыі, распаўсюджванне мурашкамі насення і інш. зачаткаў раслін. Назіраецца ва ўмераных і трапічных паясах (пераважна ў Бразіліі). Звязана з паяданнем мурашкамі прыдаткаў (вырастаў) на насенні, якое пры гэтым не пашкоджваецца. Да раслін, якім уласціва М., належаць многія аднадольныя (напр., гусіная цыбуля, цыбуля, перлаўка і інш.) і двухдольныя расліны (напр., калматка, крынічнік, фіялка, чабор, чубатка і інш.). Сярод іх ёсць аблігатныя мірмекахоры (распаўсюджваюцца толькі з дапамогай мурашак) і факультатыўныя (распаўсюджваюцца і інш. спосабамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХРАФІ́ТЫ [ад грэч. psychros халодны + ...фіт(ы)],
расліны, што растуць на вільготных і халодных глебах (высокія шыроты, высакагор’і). Прыстасаваныя да працяглай зімы, нізкай т-ры паветра і глебы, кароткага вегетац. перыяду, паніжанага забеспячэння раслін пажыўнымі рэчывамі, невял. колькасці ападкаў, адносна высокай вільготнасці паветра, моцных вятроў, якія высушваюць глебу летам і ўшчыльняюць снежнае покрыва зімой, і інш. Да П. адносяцца некат. водарасці і лішайнікі, з вышэйшых раслін — дрыяда, кедравы сланік, рададэндран камчацкі і інш. Размнажаюцца пераважна вегетатыўна (для выспявання насеннявегетац. перыяд вельмі кароткі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШРОТ (ад ням. Schrot дробныя кавалкі, абрэзкі),
канцэнтраваны бялковы корм, пабочны прадукт алейнай вытв-сці. Атрымліваюць пасля экстракцыі алею са здробненага насення алейных культур. Адрозніваюць Ш. сланечнікавы, рапсавы, соевы, бавоўнікавы, канапляны, гарчычны, клешчавінны і інш. Мае ў сабе пратэінаў 19—43%, тлушчаў 1—3%, вітаміны Е і групы B, шмат фосфару. Выкарыстоўваюць у складзе камбікармоў для адкорму буйн. раг. жывёлы, авечак, свіней, сажалкавых рыб. Некат. віды Ш. маюць ядавітыя ці наркатычныя рэчывы (рыцын у клешчавінным Ш., гасіпол у бавоўнікавым і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЎКО́МІЯ (Eucommia),
род кветкавых раслін сям. эўкоміевых. 1 від — Э. вязалістая, або кітайскае гутаперчавае дрэва (E. ulmoides). Пашырана пераважна ў горных субтрапічных лясах Кітая. Культывуецца ў краінах з умерана цёплым кліматам (у Кітаі з ранняга сярэдневякоўя).
Лістападнае двухдомнае дрэва выш. да 20 м. Лісце чаргаванае, зубчастае, падобнае да лісця вяза. Кветкі ў суквеццях. Плод аднанасенны, крылаты. Усе ч. Э., акрамя драўніны і насення, пранізаныя млечнікамі, якія напоўнены гугай — асн. кампанентам гутаперчы. Цвёрдая, жаўтаватая драўніна выкарыстоўваецца для вырабаў. Тэхн., лек., дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЗГО́ТКІ, бразгуны, бразгаўкі,
агульная назва многіх нар. інструментаў класа ідыяфонаў: шархуноў, званкоў, талерачак (састаўных частак бубна), трашчотак і ўласна бразготак. Уласна бразготкі напачатку служылі дзіцячай цацкай, выкарыстоўваліся як сігнальны інструмент у начным старажоўстве. Маюць выгляд драўлянага корпуса з ручкай. Унутры корпуса на прымацаванай да яго адным канцом нітцы нанізана жменя высушанага насення бабовых. На Беларусі пашыраны таксама ў выглядзе звычайнай скрыначкі з некалькімі каменьчыкамі або невял. шарыкамі ўнутры, замацаванымі пасярэдзіне свабодна нацягнутай ніткай. У наш час вядомы як ансамблевы рытмічна-каларыстычны інструмент.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РМАЛА (Peganum),
род кветкавых раслін сям. парналіснікавых. 6 відаў. Пашыраны на поўдні Еўропы, у Зах., Сярэдняй і Цэнтр. Азіі, Паўн. Афрыцы і Амерыцы (Мексіка). На Беларусі ў Цэнтр. батанічным садзе АН Беларусі вырошчваюць гармалу звычайную, або магільнік (P. harmala).
Шматгадовыя травяністыя расліны са стрыжнёвым коранем. Лісце рассечанае на ланцэтна-лінейныя сегменты Кветкі двухполыя, буйныя, адзіночныя, белыя. Плод — трохгнездавая каробачка. Фарбавальныя (з насення атрымліваюць трывалыя фарбы для шарсцяных і шаўковых тканін), лек.дэкар. і ядавітыя расліны. Маюць алкалоіды (гармалін, гармін і інш.), якія выкарыстоўваюць у медыцыне і ветэрынарыі.