ІМУНІТЭ́Т у праве,

1) І. дзяржаўны — прынцып міжнар. права, паводле якога дзяржава не падлягае замежнай юрысдыкцыі: ні дзяржаве, ні яе органам не можа быць прад’яўлены іск у судзе замежнай дзяржавы.

2) І. консульскі — сукупнасць ільгот і прывілеяў, якія даюцца консульскай установе і яе супрацоўнікам. Аб’ём І. ўстанаўліваецца ўнур. заканадаўствам дзяржаў, а таксама міжнар. дагаворамі шматбаковымі (Венская канвенцыя 1963 аб консульскіх зносінах) або двухбаковымі консульскімі канвенцыямі і міжнар. звычаямі.

3) І. дыпламатычны — сукупнасць правоў і прывілеяў, якія даюцца дыпламат. прадстаўніцтвам замежных дзяржаў і іх супрацоўнікам: недатыкальнасць асобы, службовых памяшканняў, жылля і ўласнасці і інш. Аб’ём І. ўстаноўлены Венскай канвенцыяй 1961, інш. міжнар. дагаворамі і звычаямі і ўнутр. заканадаўствам дзяржаў.

4) І. службовых асоб дзяржавы заключаецца ў недатыкальнасці некат. іх катэгорый. Адрозніваюць І. парламенцкі, прэзідэнцкі і судзейскі. Недатыкальнасць гэтых асоб азначае забарону іх арышту і прыцягнення да суд. адказнасці пры пэўных абставінах без згоды на тое адпаведных кампетэнтных органаў. Дэпутат можа быць пазбаўлены недатыкальнасці палатай парламента, членам якой ён з’яўляецца; недатыкальнасць з прэзідэнта. як правіла, здымаецца толькі разам з адхіленнем яго ад пасады ў парадку асобай працэдуры, прадугледжанай канстытуцыяй.

т. 7, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУМЕ́СНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА,

прадпрыемства, у рабоце якога ўдзельнічаюць фірмы або фізічныя асобы іншых краін, арганізацыйна аформленае як адзінае. Ствараюцца для аб’яднання намаганняў у больш эфектыўнай вытв-сці і збыце прадукцыі, прыцягнення ў эканоміку замежнага капіталу, абмену вопытам арганізацыі працы і вытв-сці, асваення рыначных адносін і знешняга рынку. Статутны фонд С.п. ствараецца за кошт укладаў партнёраў, можа папаўняцца з прыбыткаў ад гасп. дзейнасці, або пазыковых сродкаў. Кіраўніком С.п. можа быць і грамадзянін дзяржавы-заснавальніцы, і замежны. Пытанні найму, звальнення, аплаты працы вырашаюцца С.п. Пры ліквідацыі С.п. або выхадзе з яго замежны ўдзельнік мае права пасля пагашэння наяўных абавязацельстваў на вяртанне свайго ўкладу ў грашовай або таварнай форме.

т. 15, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАРО́ДНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,

ураўненне, якое не змяняе свайго выгляду пры адначасовым множанні ўсіх (або толькі некаторых) пераменных на адзін і той жа адвольны лік. Ураўненне можа быць аднародным і ў адносінах да адпаведных пераменных, напр., xy + yz + zx = 0 — аднароднае ўраўненне ў адносінах да ўсіх пераменных, ураўненне y + ln(x/z) + 5 = 0 — да х і z. Левая частка аднароднага ўраўнення з’яўляецца аднароднай функцыяй.

т. 1, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАВЫ РАСТВО́Р,

вільгаць глебы з растворанымі ў ёй арган. і мінер. рэчывамі і газамі. Пераносіць рэчывы ўнутры і паміж гарызонтамі глебы, забяспечвае расліны вадой і пажыўнымі элементамі, рухаецца пад уздзеяннем сілы цяжару, капілярных, сарбцыйных і асматычных сіл. У залежнасці ад складу раствораных рэчываў і характару ўзаемадзеяння глебавы раствор з цвёрдай фазай глеб, рэакцыя яго можа быць кіслай, шчолачнай або нейтральнай.

т. 5, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНІ́ЧНА ДАПУШЧА́ЛЬНЫЯ ВЫ́КІДЫ ў атмасферу,

колькасць шкодных рэчываў, якая можа быць выкінута за адзінку часу ў атмасферу без перавышэння ў прыглебавым слоі іх гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі. Распрацаваны і ўведзены дзярж. стандарты ГДВ, якія ўлічваюць сучасныя гігіенічныя, эканам., экалагічныя патрабаванні і вызначаюць адзіны тэр.-ведамасны падыход да нарміравання і макс. зніжэння шкодных выкідаў. Кантроль крыніц выкідаў і ГДВ ажыццяўляецца на прадпрыемствах.

т. 5, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЁРНАЯ РУДА́,

карысныя выкапні ў расолах і донных адкладах азёраў і балот. Можа быць вадкая і цвёрдая. Вадкая — растворы калій-натрыевых соляў бяссцёкавых азёраў сухіх і гарачых абласцей, воды азёраў з павышанай канцэнтрацыяй літыю. Цвёрдая азёрная руда — донныя асадкі гідравокіслаў жалеза, якія залягаюць у выглядзе пластоў, праслоек, жаўлакоў, лінзаў, магутнасцю ад некалькіх сантыметраў да 2—3 м. Прамысл. значэння не мае.

т. 1, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАТРО́ПІЯ (ад ала... + грэч. tropos паварот, уласцівасць),

існаванне аднаго і таго хім. элемента ў выглядзе двух або некалькіх простых рэчываў (алатропных мадыфікацый), якія адрозніваюцца па сваіх фіз. і хім. уласцівасцях. Можа быць вынікам утварэння малекул з рознай колькасцю атамаў, напр., азон (O3) і кісларод (O2) або крышталёў розных мадыфікацый, напр., алмаз і графіт. Прыватны выпадак полімарфізму. Вядома каля 400 алатропных мадыфікацый хім. элементаў.

т. 1, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАФІЛАКСІ́Я (ад ана... + грэч. phylaxis ахова),

від алергічнай рэакцыі неадкладнага тыпу, якая развіваецца адразу пры паўторным парэнтэральным (не праз страўнікава-кішачны тракт) пападанні ў арганізм некаторых алергенаў. Найб. выразнае агульнае праяўленне — анафілактычны шок, мясцовыя — запаленне, ацёк, часам некроз тканкі. Анафілаксія можа быць і пры ўжыванні некаторых лек. прэпаратаў, укусах пчол, восаў, чмялёў, ад расліннага пылку. Гл. таксама Алергічныя хваробы, Алергія.

т. 1, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАСРО́ДКАВАННЕ,

вызначэнне рэчы (паняцця) праз яе адносіны да інш. рэчы (паняцця); адна з асн. катэгорый у філасофіі Гегеля. Уласцівасці рэчаў раскрываюцца ў іх узаемадзеяннях з інш. рэчамі; толькі праз гэтыя рэальныя ўзаемадзеянні рэч можа быць вызначана як дадзеная канкрэтная рэч. Катэгорыя апасродкавання ў адзінстве з катэгорыяй непасрэднага адлюстроўвае факт усеагульнай узаемасувязі з’яў, універсальнасці развіцця розных рэчаў і паняццяў, што іх адлюстроўваюць.

т. 1, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫВІЗІЁН (франц. division ад лац. divisio дзяленне, раздзяленне),

асноўнае тактычнае і агнявое падраздзяленне ў ракетных войсках і артылерыі сучасных армій, а таксама ў ВМФ. Уваходзіць у склад часці (злучэння), можа быць асобным. Звычайны склад Д. ракетных войск і артылерыі — 2—4 агнявыя батарэі і падраздзяленні кіравання і забеспячэння. У ВМФ — злучэнне аднатыпных караблёў ніжэйшых рангаў (мінаносцаў, тарпедных катэраў і да т.п.).

т. 6, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)